ПРЫГО́ЖАЯ ЯФІ́МАВА,

сорт груш, выведзены У.​А.​Яфімавым ад скрыжавання сартоў Танкаветкі і Любіміцы Клапа. Раянаваны па Мінскай вобл.

Дрэва сярэднярослае, з шырокапірамідальнай кронай. Пладаносіць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Адрозніваецца ўраджайнасцю, зімаўстойлівасцю, сярэдняй устойлівасцю да паршы, адноснай устойлівасцю да бактэрыяльнага раку. Плады сярэдняй велічыні, правільнай грушападобнай формы. Скурка жаўтавата-зялёная з інтэнсіўным ярка-кармінавым румянцам. Падскуркавыя кропкі буйныя, бурага колеру. Мякаць сакавітая, масляністая, крыху аскомістая, кісла-салодкая. Спажывецкая спеласць настае ў пач. верасня. Лёжкасць каля 2 тыдняў.

М.​Р.​Мялік.

Прыгожая Яфімава.

т. 13, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́ТАР (лац. praetor ад praeitor які ідзе наперадзе, стаіць на чале),

урадавая пасада ў Стараж. Рыме і саюзных лац. і італійскіх гарадах. З 367 да н.э. вёў судовыя справы, замяшчаў консула пры яго адсутнасці. Выбіраўся з патрыцыяў, з 337 да н.э. і з плебеяў на 1 год. З 242 да н.э. ўведзены пасады П. па справах паміж рым. грамадзянамі і П. па справах іншаземцаў. З утварэннем рымскіх правінцый П. кіравалі імі пасля заканчэння тэрміну службы. У час імперыі П. — вышэйшыя службовыя асобы ў гарадах.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́КІ,

горад у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, Украіна, на беразе Сакскага воз., за 4 км ад Чорнага м. Чыг. станцыя. Каля 40 тыс.ж. (2000). Хім. з-д, разліў мінеральнай вады, прадпрыемствы харч. прам-сці. Бальнеагразевы і кліматычны курорт, засн. ў 1828. Лета цёплае, зіма мяккая (т-ра ў лютым -1 °C). Асн. лек. фактары: высокаканцэнтраваная глеевая гразь і рапа Сакскага салёнага воз., мінер. крыніца з тэрмальнай (37—45 °C) хларыдна-гідракарбанатна-натрыевай вадой, якую выкарыстоўваюць для ваннаў, пітнога лячэння. Лечаць хваробы суставаў, нерв. сістэмы, гінекалагічныя. Сезон увесь год.

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́РНАВЫЯ КЛЯШЧЫ́,

надсямейства кляшчоў сям. акарыд. Жывуць у глебе, гніючых расл. рэштках, актыўна размнажаюцца ў збожжасховішчах, сырах, скурах і інш., пераносчыкі спор цвёрдай галаўні пшаніцы і бульбяной палачкі. Зрэдку ў цяпліцах пашкоджваюць агуркі і інш. расліны. Пашыраны паўсюдна, найб. мучны клешч, валасаты звычайны, падоўжаны кляшчы.

Цела даўж. 0,2—0,5 мм, паўпразрыстае, шклопадобнае, з мяккім покрывам, доўгімі шчацінкамі. Ротавы апарат грызучы. Пры спрыяльных т-рах размнажаюцца бесперапынна круглы год. Большасць відаў утварае гіпопус — стадыю, неабходную для рассялення і перажывання неспрыяльных умоў асяроддзя.

Свірнавыя кляшчы: 1 — звычайны валасаты; 2 — падоўжаны.

т. 14, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРА́М,

востраў на У Малайскага архіпелага, у складзе Малукскіх а-воў. Тэр. Інданезіі. 17,1 тыс. км² (з прылеглымі астравамі 18,7 тыс. км²). Гарысты, выш. да 3019 м (г. Біная). На вузкай паласе ўзбярэжжа нізіны. Каля берагоў месцамі каралавыя рыфы. Клімат экватарыяльны, вільготны. Т-ра паветра на працягу года 25—27 °C, ападкаў на раўнінах да 2000 мм, у гарах да 4000 мм за год. Густыя вільготныя трапічныя лясы, на Пд участкі мусонных лясоў. На прыбярэжных раўнінах вырошчваюць какосавую пальму, тытунь, каўчуканосы. Трапічнае земляробства, рыбалоўства. На паўн. беразе порт Вахай.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРУЭ́Л,

позназімовы сорт яблыні. Атрыманы ў БелНДІ пладаводства скрыжаваннем сартоў Серынка і Уэлсі. На Беларусі ўключаны ў Дзярж. рэестр для выкарыстання па ўсёй тэрыторыі.

Дрэва сярэднярослае, з круглаватай кронай сярэдняй гушчыні і паніклымі канцамі галін. Сорт скараспелы, высокаўраджайны, сярэдняўстойлівы да грыбных хвароб, Зімаўстойлівасць недастатковая. Пладаносіць на 4—5-ы год. Плады вышэй сярэдняй велічыні (каля 150 г), круглавата-канічнай формы. Скурка светла-зялёная з цёмна-чырв. размытымі палосамі з сонечнага боку. Мякаць зеленаватая, сакавітая, прыемнага кісла-салодкага смаку. Збор пладоў у вер., захоўваюцца да сак.—красавіка.

З.​А.​Казлоўская.

т. 14, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́МПСАН (Simpson),

пустыня ў цэнтр. ч. Аўстраліі. Пл. каля 300 тыс. км². Паверхня пераважна пясчаная з паралельнымі градамі даўж. да 250 км, выш. да 30 м, якія распасціраюцца ў паўн.-зах. кірунку пануючых вятроў; на ПдУ — пясчана-галечнікавая, на З — камяністая, каля берагоў воз. Эйр — гліністая. Сярэдняя т-ра студз. 28—30 °C, ліп. 12—15 °C. Ападкаў да 130 мм за год. Багатая падземнымі водамі. Рэдкая расліннасць з акацый і эўкаліптаў; дзернавінны злак спініфекс. Нац. парк Сімпсан-Дэзерт. Названа імем прэзідэнта геагр. т-ва Аўстраліі.

т. 14, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНО́Д БЕЛАРУ́СКАЙ ПРАВАСЛА́ЎНАЙ ЦАРКВЫ́,

сход вышэйшых духоўных асоб у Беларускай праваслаўнай царкве. Дзейнічае з усталяваннем у 1989 Беларускага экзархата. Яму належыць вышэйшая царк. заканад., выканаўчая і суд. ўлада ў межах экзархата. Складаецца з 5 (4 часовыя і 1 пастаянны экзарх) членаў і з 10 кіруючых архірэяў Бел. правасл. царквы. Часовыя члены па чарзе выклікаюцца на пасяджэнні, якія праводзяцца не радзей як 4 разы за год. Сінод дзейнічае ў межах кампетэнцыі, вызначанай царк. канонамі і Статутам Бел. экзархата. Падсправаздачны Сіноду Рускай правасл. царквы.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛАВЕ́СІ (Sulawesi), Цэлебескае мора,

міжастраўное мора Ціхага ак. Размешчана паміж а-вамі Сулавесі, Калімантан, Мінданао, Сангіхе і архіпелагам Сулу. Абмывае берагі дзяржаў Інданезія, Малайзія і Філіпіны. Пл. 453 тыс. км² Найб. глыб. 5914 м. Т-ра паверхневых вод круглы год 28 °C, салёнасць каля 34,5%. Цячэнне Мінданао наганяе ваду ў С., таму ўзровень вады ў ім больш высокі, чым у інш. морах Малайскага архіпелага. Прылівы няправільныя паўсутачныя (больш за 3 м). Гал. парты: Манада (в-аў Сулавесі) і Таракан (в-аў Таракан) у Інданезіі.

т. 15, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́МБА (Sumba),

востраў у складзе Малых Зондскіх астравоў, тэр. Інданезіі. Пл. 11,2 тыс. км². На Пд і ў цэнтры расчлянёныя нізкагор’і (выш. да 1225 м), складзеныя з вулканічных і крышт. парод, перакрытых неагенавымі мергелямі і вапнякамі; на Пн алювіяльная раўніна. Клімат субэкватарыяльны мусонны, ападкаў ад 1500 мм на раўнінах, да 2500 мм у гарах за год. Сухі сезон з ліп. па кастрычнік. Другасныя саванны і рэдкалессі, у гарах вечназялёныя лясы. На прыбярэжных раўнінах трапічнае земляробства: вырошчванне рысу, какосавай пальмы, тытуню. Вытв-сць копры. Гал. г. — Вайнгапу.

т. 15, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)