КУК (Cook) Джэймс (27.10.1728, Мартан, каля г. Мідлсбра, Вялікабрытанія — 14.2.1779),
англійскі мараплавец.
Узначаліў 3 кругасветныя плаванні. У час першай экспедыцыі (1768—71) на караблі «Індэвар» прыбыў на в-аў Таіці, нанёс на карту а-вы Таварыства, даследаваў Новую Зеландыю і праліў паміж Паўночным і Паўднёвым яе а-вамі, адкрыў Вял. Бар’ерны рыф і ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, якое пад назвай Новы Паўд. Уэльс абвясціў брыт. уладаннем. У час другога плавання (1772—75) на караблі «Рэзальюшэн» у пошуках Паўд. мацерыка дасягнуў шыр. 71°10′, адкрыў і даследаваў а-вы Новая Каледонія, Паўд. Сандвічавы, Паўд. Георгія і інш. У час трэцяй экспедыцыі (1776—79) на караблях «Рэзальюшэн» і «Дыскаверы» даследаваў берагі Канады, Аляскі і Камчаткі, адкрыў Гавайскія а-вы, дзе быў забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам. Яго імем названа больш за 20 геагр. аб’ектаў, у т. л. гара на в-ве Паўднёвым у Новай Зеландыі (гл.Кука гара), праліў паміж Паўночным і Паўднёвым а-вамі Новай Зеландыі (гл.Кука праліў), 2 групы астравоў у Ціхім ак. (гл.Кука астравы), заліў каля берагоў Аляскі (гл.Кука заліў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОЙД ДЖОРДЖ (Lloyd George) Дэвід (17.1.1863, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 26.3.1945),
брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф Двайфар (1945). Юрыст. З 1890 дэп. палаты абшчын ад Ліберальнай партыі, выступаў супраць англа-бурскай вайны 1899—1902. З 1905 міністр гандлю, з 1908 міністр фінансаў (на ўзор Германіі правёў у 1908 сац. рэформу — закон аб пенсіі па ўзросце, абавязковае страхаванне ад хвароб і беспрацоўя з 1911), з 1915 міністр ваен. забеспячэння, у 1916—22 прэм’ер-міністр (у 1916 і ваен. міністр) Вялікабрытаніі. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 і аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919. Падтрымліваў Грэцыю ў час грэка-тур. вайны 1919—22, садзейнічаў заключэнню кампраміснага англа-ірландскага дагавора 1921. Кіраўнік брыт. дэлегацыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1926—31 лідэр Ліберальнай партыі. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі А.Гітлера (1933) выступаў у яго падтрымку, аднак хутка зразумеў сваю памылку. У 1945 чл. палаты лордаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЯ СЦЮ́АРТ (Mary Stuart; 7 ці 8.12.1542, г. Лінлітгаў, Вялікабрытанія — 8.2.1587),
каралева Шатландыі [з 1542, фактычна ў 1561—67] і Францыі (1559—60]. Дачка Якава V Шатландскага і Марыі Гіз (рэгентша ў час маленства М.С.). У 1548—61 жыла ў Францыі, з 1558 жонка франц. дафіна (з 1559 кароль Францыск II), пасля смерці якога ў 1561 вярнулася ў Шатландыю. Як праўнучка Генрыха VII (гл.Генрых, англ. каралі) прэтэндавала на англ. прастол. Апіралася на шатл. католікаў, што выклікала ў 1567 паўстанне шатл. кальвінісцкай знаці. Абвінавачаная ў саўдзеле ў забойстве свайго другога мужа лорда Дарнлі ў 1567 адраклася ад прастола на карысць сына (шатл. кароль Якаў VI; з 1603 англ. кароль Якаў I), у 1568 эмігрыравала ў Англію, дзе паводле загаду Лізаветы I была зняволена. Праз 19 гадоў абвінавачана ў падрыхтоўцы шэрагу змоў католікаў супраць Лізаветы, асуджана і пакарана смерцю. Трагічнаму лёсу М.С. прысвечаны літ. творы В.Альф’еры, Ф.Шылера, Ю.Славацкага, С.Цвэйга і інш.
Літ.:
Биркин К. Временщики и фаворитки XVI, XVII и XVIII столетий. М., 1992. Т. 1. С. 331—371;
Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТ (Mott) Невіл Фрэнсіс (30.9.1905, г. Лідс, Вялікабрытанія —8.8.1996),
англійскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў фізікі паўправаднікоў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936), чл.-кар.Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1954). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1927), дзе працаваў у 1930—33 і з 1954 (у 1954—71 дырэктар Кавендышскай лабараторыі). У 1933—54 праф. Брыстольскага ун-та. Навук. працы па квантавай механіцы, ядз. фізіцы, фізіцы цвёрдага цела. Вывеў ф-лу для дыферэнцыяльнага сячэння рассеяння атама (ф-лаМ., 1930). Даў уяўленне аб звязаным стане электрона з зоны праводнасці і дзіркі з валентнай зоны (эксітон Ванье—М., 1937). Пабудаваў тэорыю фатагр. працэсу (мадэль М. — Гёрні; 1938) і тэорыю пераходных металаў і іх сплаваў. Адзін са стваральнікаў тэорыі неўпарадкаваных сістэм. Нобелеўская прэмія 1977 (разам з Ф.Андэрсанам, Дж.Х.Ван Флекам).
Тв.:
Рус.пер. — Теория атомных столкновений. 3 изд. М., 1969 (разам з Г.Месі);
Электронные процессы в некристаллических веществах. Т. 1—2. 2 изд. М., 1982 (разам з Э.А.Дэвісам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́І ТЭАТРА́ЛЬНЫЯ.
Збіраюць і захоўваюць розныя матэрыялы па гісторыі т-ра. Існуюць як самаст. структуры (Цэнтр тэатр. музей імя А.Бахрушына, Музей муз. культуры імя М.Глінкі ў Маскве, Тэатр. музей у С.-Пецярбургу і інш.), пры некат. буйных т-рах («Камеды Франсэз» і «Гранд-апера» ў Парыжы, «Кабукі» ў Токіо, «Ла Скала» ў Мілане, МХАТ, Вял. і Малым т-рах, Т-ры імя Я.Вахтангава ў Маскве, Т-ры оперы і балета, Вял.драм. т-ры ў С.-Пецярбургу і інш.), а таксама мемар. музеі (Мемарыяльны музей У.Шэкспіра ў г. Страдфард-он-Эйван, Вялікабрытанія, К.Станіслаўскага, У.Неміровіча-Данчанкі ў Маскве і інш.), музеі-кватэры і мемар пакоі. Пры С.-Пецярбургскім цырку існуе адзіны ў свеце музей, які збірае матэрыялы па гісторыі і тэхніцы цыркавога мастацтва. На Беларусі дзейнічае Дзярж. музей гісторыі тэатр. і муз. культуры Рэспублікі Беларусь (засн. ў 1990). М.т. існуюць таксама пры Бел.акад. т-ры імя Я.Коласа, Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы, Нац.акад.Вял. т-ры оперы і балета Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУР (Moore) Генры (30.7.1898, г. Каслфард, Вялікабрытанія — 31.8.1986),
англійскі скульптар. Вучыўся ў маст. каледжы ў Лідсе (1919—21), скончыў Каралеўскі каледж мастацтва ў Лондане (1925), у якім выкладаў да 1933. Пазней выкладаў у маст. школах Чэлсі і Слейда. Чл.-заснавальнік маст. групоўкі «Першае падраздзяленне» (1933). Зазнаў уплыў стараж.мекс. пластыкі. З пач. 1920-х г. распрацоўваў нешматлікія сталыя кампазіцыі («Маш і дзіця», «Сямейная група», «Фігура ляжыць» і інш.), у якіх ствараў і жыццёва канкрэтныя, і абстрактныя, дэфармаваныя, фантастычна-мудрагелістыя вобразы. Творы вызначаюцца пластычнай абагульненасцю і манументальнасцю форм, напружанасцю ўнутр. структуры кампазіцыі, рытмічнай выразнасцю сілуэта. Майстар манум.-дэкар. скульптуры: скульпт. групы «Тры фігуры стаяць» у Батэрсі-парку ў Лондане (1947—48), «Кароль і каралева» на плато каля Дамфрыса (1952—53), «Фігура ляжыць» каля будынка ЮНЕСКА у Парыжы (1957—58), «Дзве вялікія формы» ў садзе Бундэсканцылярыі ў Боне (1979) і інш. Аўтар серыі малюнкаў, прысвечаных ваен. будням Лондана (1-я пал. 1940-х г.).
Літ.:
Валериус С. Прогрессивная скульптура XX в. М., 1973.
С.І.Пракоп’ева.
Г.Мур. Дзве вялікія формы. Бон. Сад Бундэсканцылярыі. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭЙ (May) Уолтэр (н. 1912, г. Брайтан, Вялікабрытанія),
англійскі паэт і перакладчык. Працаваў мастаком, настаўнікам, рэдактарам-стылістам газ. «Маскоўскія навіны» (на англ. мове). Друкуецца з 1950-х г. Перакладае з рус. і бел. моў. Першыя пераклады з бел. мовы апублікаваў у 1968. Укладальнік і перакладчык анталогіі сучаснай беларускай паэзіі «Цудоўны край Беларусі» (М., 1976). У яго перакладзе на англ. мову выйшлі творы Я.Купалы «Вершы» (М., 1982) і «Песня сонцу» (Мн., 1982), Я.Коласа «На прасторах жыцця» (М., 1982) і «Голас зямлі» (Мн., 1982), М.Танка «Конь і леў» (Мн., 1975), «Быліна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні» (Мн., 1982) і «Палаючы факел» (Мн., 1986) і інш. Аўтар арт. «Самацветы паэзіі» (1972), дзе разглядае некаторыя асаблівасці творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Р.Барадулін, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, В.Лукша, С.Панізнік, Я.Семяжон, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Позняе жніво. Мн., 1982;
У кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;
У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету. Мн., 1977.
Літ.:
Семяжон Я. Беларуская паэзія ў англійскіх перакладах // Далягляды, 78. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЛЬСАН (Nelson) Гарацыо (29.9.1758, Бёрнем-Торп, Вялікабрытанія — 21.10.1805),
англійскі флатаводзец, нац. герой Вялікабрытаніі. Барон Нільскі (1798), герцаг Бронтэ (1800), віцэ-адмірал (1801). На флоце з 1771. З 1779 камандаваў брыгам, потым фрэгатам, з 1793 лінейным караблём, у 1798—1800 і 1803—05 эскадрай у Міжземным м. вызначаўся храбрасцю, у баі каля Кальві (Корсіка) страціў правае вока (1794), у баі пры Санта-Крус (в-аў Тэнерыфе) — правую руку (1797). Выкарыстоўваў манеўраную тактыку марскога бою. У бітве 1—2.8.1798 разграміў флот франц.Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801 каля Абукіра, прымусіў французаў пакінуць Неапаль (1799) і аднавіў тут на прастоле караля Каралеўства абедзвюх Сіцылій Фердынанда IV, у вер. 1805 заблакіраваў франка-ісп. флот каля Кадыса, потым знішчыў яго ў Трафальгарскай бітве 1805, у час якой смяротна паранены. Пахаваны ў Лондане 9.1.1806, дзе пазней у яго гонар устаноўлена калона на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.Рэйлтан). Дзейнасць Н. спрыяла павелічэнню марской магутнасці Вялікабрытаніі і яе барацьбе за калан. панаванне.
Літ.:
Эджингтон Г. Адмирал Нельсон: История жизни и любви: Пер. с англ.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛДЫНГТАН (Aldington) Рычард (8.7.1892, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 27.7.1962),
англійскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік л-ры т.зв. страчанага пакалення. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. З 1939 жыў у эміграцыі (ЗША, Францыя). Літ. дзейнасць пачаў як паэт у рэчышчы імажызму (зб-кі «Імажысты», 1914; «Вобразы старыя і новыя», 1916, і інш.). Сусв. вядомасць прынёс першы раман «Смерць героя» (1929) пра злачыннасці вайны і лёс «страчанага пакалення». Раманы «Дачка палкоўніка» (1931), «Усе людзі — ворагі» (1933), «Жанчыны павінны працаваць» (1934), «Сапраўдны рай» (1937), «Сямёра супраць Рыўза» (1938), «Непрыняты госць» (1939) пра трагічныя наступствы 1-й сусв. вайны, лёс пасляваен. пакалення, становішча жанчыны ў тагачасным грамадстве, узаемаадносіны «бацькоў і дзяцей». Аўтар зб.апавяд. «Шляхі да славы» (1930), паэмы «Крыштальны свет» (1937), раманізаваных біяграфій Д.Г.Лорэнса, Р.Л.Стывенсана і інш. Яго творчасць адметная спалучэннем лірычна-спавядальнага з натуралістычным і сатырычна-гратэскавым. Перакладаў з франц. і італьян. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЎЭН (Owen) Роберт (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),
англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.Мор і Т.Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).