ПЕЦЯРБУ́РГСКАЯ АРЦЕ́ЛЬ МАСТАКО́Ў,

расійскае маст. аб’яднанне, якое існавала з 1863 да пач. 1870-х г. Засн. жывапісцамі — выпускнікамі Пецярбургскай АМ, якія выйшлі з яе, адмовіўшыся пісаць конкурсную карціну на зададзеную акад. тэму (т.зв. бунт чатырнаццаці). П.а.м. садзейнічала адыходу ад кансерватызму акад. мастацтва, якое навязвала мастакам нормы класіцызму, стала пачаткам станаўлення прынцыпаў дэмакр. рэалізму, адлюстравання жыцця ва ўсіх яго праявах. У П.а.м., арганізаваную як быт. камуна, уваходзілі І.​Крамской (кіраўнік), Ф.​Жураўлёў, А.​Карзухін, К.​Лемах, К.​Макоўскі, А.​Марозаў і інш. Акрамя ўласна творчай дзейнасці займаліся арганізацыяй выставак, прапагандай рус. мастацтва, выконвалі заказы на афармленчыя і інш. работы, выдавалі ілюстраваны каталог «Мастацкі аўтограф» (вып. 1—2, 1870—71). Пасля распаду арцелі шэраг яе членаў прымкнуў да перасоўнікаў.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРА́ЕЎСКАЕ ЗАБО́ЙСТВА,

забойства наследніка аўстр. прастола эрцгерцага Франца Фердынанда 28.6.1914 у г. Сараева (Боснія). Здзейснена членамі тайнай групы сербскай нац. арг-цыі «Маладая Боснія» на чале з Г.​Прынцыпам і Д.​Ілічам. План забойства распрацавала з ведама сербскага ўрада блізкая да сербскага ген. штаба тайная арг-цыя «Аб’яднанне або смерць» («Чорная рука»), Франц Фердынанд, разам з жонкай, быў застрэлены Прынцыпам у час руху па вуліцах Сараева, куды ён прыбыў для кіраўніцтва манеўрамі аўстра-венг. арміі. Іліч і 2 інш. члены тэрарыст. групы пакараны смерцю, Прынцып (як непаўналетні) асуджаны на 20 гадоў катаргі (памёр у турме). С.з. было выкарыстана Аўстра-Венгрыяй і Германіяй як падстава для ваен. нападу на Сербію, што стала пачаткам 1-й сусв. вайны.

т. 14, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАРЭ́ТЫ (ад грэч. philaretos аматар дабрачыннасці),

канспіратыўнае т-ва студэнцкай моладзі ў Вільні ў 1820—23; найб. буйное маладзёжнае аб’яднанне ў складзе філаматаў (215 чал. у жн. 1822). Прэзідэнт — Т.Зан. Іх мэты: раскрыццё сапраўднага прызначэння навук. дзейнасці, барацьба з адсталымі поглядамі ў розных слаях грамадства, фарміраванне школы паўнацэннага духоўнага выхавання моладзі. Паводле статута Ф. падзяляліся на 4 групы: фіз.-матэматычную, маральную, літ. і медыцынскую. Кожная група аб’ядноўвала каля 20 чал., для астатніх ствараліся гурткі — ружовы, зялёны, малінавы, белы, блакітны, сіні. Навук. дзейнасць Ф. заключалася ў перакладах, напісанні ўласных твораў, перапісцы з сябрамі, якая мела тайны змест. Паводзіны ўдзельнікаў т-ва рэгуляваліся 15 правіламі, напісанымі Ю.Яжоўскім для т-ва «Прамяністыя». У 1823 т-ва Ф. раскрыта ўладамі, яго члены падвергліся ганенням.

М.​Я.​Рыбко.

т. 16, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ШСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1547,

паўстанне ў Чэхіі супраць Габсбургаў. Выклікана падаткавым і рэліг. прыгнётам, ням. засіллем у дзяржаве; спробай Фердынанда I Габсбурга ўцягнуць чэш. саслоўі ў вайну супраць Шмалькальдэнскага саюза (аб’яднанне ням. пратэстантаў). Гал. рухальнай сілай Ч.п. былі каралеўскія гарады на чале з Прагай. Скліканы ў час паўстання чэш. сейм у сак. 1547 зацвердзіў патрабаванні саслоўяў да караля — 57 артыкулаў (рэгулярнае скліканне сейма, права свабодна выбіраць караля і інш.), выбраў з прадстаўнікоў саслоўяў правіцеля каралеўства і вярх. гетмана. У адказ войскі Фердынанда I у ліпені ўзялі ў аблогу Прагу. «Крывавы сейм» (жн. 1547) замацаваў перамогу Габсбургаў. 4 кіраўнікі паўстання пакараны смерцю, каралеўскія гарады заплацілі кантрыбуцыю, страцілі прывілеі; права на скліканне сеймаў і выбранне вышэйшых службовых асоб было замацавана за Габсбургамі.

т. 17, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА (БЛВА),

ваенна-адм. адзінка, агульнавайск. аб’яднанне злучэнняў, часцей, ваен. устаноў на тэр. Смаленскай вобл. (РСФСР), БССР (на тэр. былой Зах. Асобай ваен. акругі) і Літ. ССР. Створана 15.10.1943 як БВА 2-га фарміравання (гл. Беларуская ваенная акруга) на тэр. Смаленскай вобл. з перспектывай уключэння тэр. БССР па меры яе вызвалення ад ням.-фаш. акупантаў. Упраўленне акругі з ліст. 1943 размяшчалася ў г. Смаленск, са жн. 1944 — у г. Мінск. У ліп. 1944 у склад акругі часова была ўключана тэр. Літ. ССР. З 1.1.1945 БВА стала наз. БЛВА. 9.7.1945 падзелена на Баранавіцкую ваенную акругу (гл. Дадатак) і Мінскую ваенную акругу. Камандуючыя: У.Ф.Якаўлеў (кастр. 1943—люты 1945), Т.​І.​Шавалдзін (люты—ліп. 1945).

т. 18, кн. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́РЫ,

саюз качавых мангола- і цюркамоўных плямёнаў. Паходжанне дакладна не вядома. У сярэдзіне 6 ст. авары ўварваліся з Азіі ў стэпы Зах. Прыкаспія, Паўн. Прычарнамор’е, на землі па Дунаі і на Балканы. Пасля разгрому гепідаў і міграцыі лангабардаў у Італію занялі тэр. Паноніі, дзе да 568 утварылі сваё дзярж. аб’яднанне — Аварскі каганат. На чале яго стаяў каган, якому падначальваліся ў ваен. адносінах плямёны. Авары чынілі набегі на Візантыю (581), франкаў (571 і 596), Ламбардыю (610) і інш. Найб. магутнасці каганат дасягнуў у час праўлення хана Баяна (п. 630). У 2-й пал. 8 ст. ў авараў шукалі дапамогі і саюзу саксонцы і баварцы супраць Карла Вялікага. У войнах з франкамі (791—803) Аварскі каганат быў знішчаны, пасля 822 звесткі пра авараў знікаюць з гісторыі. У рус. летапісах авараў называлі обрамі.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУСЬКА́ЛІЙ»,

вытворчае аб’яднанне ў Беларусі, у г. Салігорск. Утворана ў 1970 як Беларускі калійны камбінат на базе 1-га (працуе з 1963), 2-га (з 1965) і 3-га (з 1969) камбінатаў (рудаўпраўленняў). З 1975 ВА «Беларуськалій», у якое ў 1977 увайшоў 4-ы калійны з-д. Працуе на базе Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. Выпускаў каля 20% сусв. вытв-сці калійных угнаенняў, здабываў больш за 40 млн. т калійнай руды, выпрацоўваў каля 5,7 млн. т калійных угнаенняў у пераліку на 100% K2O (1988). У 1994 выпушчана 2,54 млн. т угнаенняў. Асн. прадукцыя (1995): калій хлорысты дробназярністы і грануляваны, натрый хлорысты тэхнічны, соль калійная змешаная, соль кухонная і для жывёлагадоўлі. Супрацоўнічае з прадпрыемствамі і фірмамі Расіі, Германіі, Польшчы і інш. краін.

Да арт. «Беларуськалій». У забоі шахты.

т. 3, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІЛО́ВІЧ Антон Сямёнавіч (24.5.1846, в. Коматава Гродзенскага р-на — 25.12.1908),

гісторык, філолаг і публіцыст. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1882). З сям’і уніяцкага святара. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, Літоўскай духоўнай семінарыі, скончыў Пецярбургскі ун-т (1867). З 1875 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та, з 1892 рэктар Тартускага ун-та, з 1901 чл. савета мін-ва нар. асветы. З 1907 рэдактар «Московских ведомостей». Выступаў за аб’яднанне славян пад эгідай Расіі, за ўмацаванне асноў самадзяржаўя і праваслаўя. Даследаваў стараж. слав. пісьменства, гісторыю, л-ру і мовы слав. народаў. Аўтар гіст. прац «Чэхія і Маравія» (1871, разам з А.​П.​Нарановічам), «Нарысы з сербскай гісторыі» (1877). Гісторыю правасл. царквы на Беларусі разглядаў у даследаваннях «Гістарычная нататка пра царкоўна-маёмасныя запісы ў Заходняй Расіі» (1871), «Парадак утварэння нерухомай уласнасці царкоўнай у Заходняй Расіі» (1882).

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАГО́ДСКІЯ КАРУ́НКІ,

від рус. карункаў, плеценых на каклюшках (драўляных палачках); пашыраны ў Валагодскай вобл. Расіі. Плаўная лінія, якая ўтварае ўзор, не перарываецца, не перакрыжоўваецца і выступае ў выглядзе выплеценай тасьмы на фоне тонкай ажурнай «рашоткі». Карункапляценне тут пачало складвацца ў 16—17 ст., як промысел аформілася на пач. 19 ст. У 1968 створана аб’яднанне «Сняжынка». Да 1940-х г. пераважалі мерныя карункі для аздобы бялізны, пазней асн. прадукцыяй сталі адзінкавыя вырабы — посцілкі, сурвэткі, фіранкі з геаметрычным і раслінным узорамі; святочныя дэталі жан. адзення — каўнерыкі, жабо і інш., а таксама унікальныя выставачныя ўзоры. Валагодскія карункі адзначаны ў Парыжы залатым медалём (1925) і «Гран-пры» (1937), залатым медалём у Бруселі (1958).

Літ.:

Попова О.С., Каплан Н.И. Русские художественные промыслы. М., 1984.

Валагодскія карункі.
Да арт. Валагодскія карункі. Фіранка. 1946.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ АХВЯ́РАЎ ПАЛІТЫ́ЧНЫХ РЭПРЭ́СІЙ (БААПР),

добраахвотнае аб’яднанне грамадзян, якія пацярпелі ад паліт. рэпрэсій. Створана 8.2.1992 у Мінску. Вышэйшы орган — з’езд, кіруючы — рада, выканаўчы — управа. Мэты БААПР: удзел у рабоце па аднаўленні парушаных правоў і інтарэсаў беспадстаўна рэпрэсіраваных грамадзян, садзейнічанне поўнай і публічнай рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій; аказанне прававой, матэрыяльнай, сац.-бытавой і інш. дапамогі пацярпелым ад паліт. рэпрэсій; пошукі месцаў пахавання рэпрэсіраваных, стварэнне Кніг памяці; садзейнічанне дэмакр. пераўтварэнням і барацьба супраць актаў беззаконня і дыскрэдытацыі; развіццё прававой і гуманітарнай свядомасці грамадзян; арганізацыя сумесна з архіўнымі ўстановамі выставак і інш. асв. мерапрыемстваў, прысвечаных памяці ахвяраў рэпрэсій, і інш. У БААПР уваходзяць Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская абласныя, Бабруйская, Брэсцкая, Баранавіцкая, Барысаўская, Маладзечанская гарадскія, Карэліцкая, Пухавіцкая, а таксама Ленінская, Першамайская, Фрунзенская г. Мінска раённыя асацыяцыі ахвяраў паліт. рэпрэсій.

У.​І.​Адамушка.

т. 2, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)