КРАЎЦО́Ў (Альгерд Ціханавіч) (19.7.1912, в. Забалоцце Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 12.12.1993),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскае ваенна-інж. вучылішча (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1950). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Варонежскім і 1-м Укр. франтах. Камандзір матарызаванага пантонна-маставога батальёна маёр К. вызначыўся 2—4.8.1944 пры фарсіраванні Віслы каляг. Баранаў-Сандамерскі і ў баях за плацдарм. Да 1961 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУПІ́ЦА,
вёска ў Мінскім р-не, на правым беразе р. Пціч, каля аўтадарогі Мінск—Слуцк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на Пд ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Міханавічы. 897 ж., 322 двары (1998). Закрытае акц.т-ва «Рапс», т-ва абмежаванай адказнасці «Радуга». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Гл. таксама «Крупіцкія музыкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЯНДЗО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Мядзелка, за 4 км на З ад г. Паставы. Пл. 0,18 км², даўж. 800 м, найб.шыр. 290 м, найб.глыб. 4,6 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 3,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя, на Пд і З невыразныя. Берагі сплавінныя, месцамі пад хмызняком. На З, Пд і ПдУ забалочаная пойма шыр да 250 м, парослая хмызняком. Дно глеістае. Зарастае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧКУНО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1988). За 1 км на Пн ад в. Кучкуны Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі кіроўнага тыпу з авоідамі палявога шпату ад 8 да 12 см у папярочніку. Даўж. 2,8 м, шыр. 2,5 м, выш. 0,95 м, у абводзе 7,7 м, аб’ём 3,5 м³, маса каля 9,4 т. Прынесены ледавіком больш за 150 тыс.г. назад з тэр. Ленінградскай вобл. Расіі (Выбаргскі масіў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМЕ́ (Lomé),
горад, сталіца Тога. Адм. ц. Прыморскай вобласці. Каля 500 тыс.ж. (1995). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог у глыб краіны. Гал. порт краіны ў Гвінейскім заліве. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., металургічная, цэм., бавоўнаачышчальная, тэкст., харч., абутковая. Апрацоўка мармуру. Ун-т. Нац. музей. Манумент незалежнасці (1960). Турыстычны цэнтр.Засн. ў 1904 на месцы паселішча народа эве. Да 1-й сусв. вайны адм. ц. германскага ўладання Тога, пазней — адм. ц.Франц. Тога, з 1960 сталіца незалежнай рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНАЛІ́Н (ад лац. lana шэрсць + oleum масла),
ачышчаны шарсцяны воск; жывёльны воск (гл. ў арт.Воскі). Вязкая белая ці светла-жоўтая мазепадобная маса, tпл 35—37 °C, шчыльн. 940—970 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе і этаноле; раствараецца ў бензоле, хлараформе, дыэтылавым эфіры. Мае значную колькасць (каля 10%) стэрынаў, у т. л. халестэрыну. Атрымліваюць ачысткай шарсцянога воску, які экстрагуюць арган. растваральнікамі з воўны. Выкарыстоўваюць як аснову мазей і касметычных крэмаў (добра ўсмоктваецца і змякчае скуру).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВО́, Ле Во (Leveau, Le Vau) Луі (каля 1612, Парыж — 11.10.1670), французскі архітэктар, адзін з вядучых майстроў франц. класіцызму. З 1654 «першы архітэктар караля». Пабудовам Л. ўласцівы строгая элегантнасць, складанасць планіроўкі, дэкар. багацце ўнутр. аддзелкі: атэль Ламбер (з 1640), Калеж чатырох нацый (з 1661) — абодва ў Парыжы. У супрацоўніцтве з Ш.Лебрэнам і А.Ленотрам садзейнічаў стварэнню новага тыпу палацава-паркавага ансамбля (палац у Версалі, 1661—68; замак-палац Во-ле-Віконт у Іль-дэ-Франс, 1656—61).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЛЬ (Lille),
горад на Пн Францыі. Адм. ц. дэпартамента Нор. Вядомы з 11 ст. 178 тыс.ж., з прыгарадамі каля 1 млн.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Дзёль (бас. Шэльды). Міжнар. аэрапорт. Цэнтр Паўн.індустр. раёна Францыі. Прам-сць: тэкст., цяжкае машынабудаванне, хім., харчовая. Метрапалітэн. 3 ун-ты. Музеі: выяўл. мастацтваў, рэліг. мастацтва, фальклору і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Арх. помнікі 13—18 ст.: гатычныя капэлы і капліцы, цэрквы, ваенны шпіталь, жылыя дамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́ННІК (Schizandra),
род кветкавых раслін сям. лімоннікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. і Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны Л. кітайскі (S. chinensis).
Лістападныя ліяны даўж. да 15 м. Лісце простае, эліпсоіднае, пры расціранні мае пах лімона (адсюль назва). Кветкі звычайна аднаполыя, духмяныя. Плод — сакаўная шматлістоўка ў выглядзе гронкі з ягадападобных 1—2-насенных плодзікаў, ядомы. Мае ў сабе арган. к-ты, вітаміны, цукар, эфірны алей. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСАХВО́СТ, батлачык (Alopecurus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 5 відаў Л.: лугавы (A. pratensis), каленчаты (A. geniculatus), роўны (A. aequalis), мышахвоснікападобны (A. myosuroides), трысняговы (A. arundinaceus). Трапляюцца пераважна на лугах.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы выш. 20—120 см з прамастойнымі ці каленчата-прыўзнятымі сцёбламі. Лісце плоскае, вузкае, шурпатае. Суквецце — мяцёлка. Каласкі сціснутыя з бакоў, аднакветныя. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.