ВЯЛІ́КАЯ КАЛУ́МБІЯ (La Gran Colombia),

Калумбія, федэратыўная рэспубліка на Пн Паўд. Амерыкі ў 1819—30. Утворана ў ходзе Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Уключала Новую Гранаду (сучасная Калумбія) і Венесуэлу (з 1819), Панаму (з 1821), Кіта (цяпер Эквадор; з 1822). Сталіца — г. Багата. Прэзідэнт рэспублікі — С.Балівар, віцэ-прэзідэнт — Ф.​Сантандэр. Пасля распаду федэрацыі (1830) б. яе члены сталі незалежнымі рэспублікамі (акрамя Панамы, якая ўвайшла ў склад Новай Гранады).

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ з адзнакай,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі. За 200 м на ПдЗ ад в. Сякераўцы Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Граніт ружовы біятытавы, лейкакратавы дробназярністы. Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. 4,1 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй зямлі 3,2 м, у абводзе 11,6 м, аб’ём 45 м³, маса каля 118 т. На зах. баку высечаны чатырохканцовы крыж. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. гадоў назад з Балтыйскага шчыта.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗІРАВА́НЫЯ НАПІ́ТКІ,

напіткі, насычаныя вуглякіслым газам да 5—10 г/л. Маюць своеасаблівы прыемны смак, асвяжальныя ўласцівасці і т.зв. пеністасць (інтэнсіўнае і працяглае выдзяленне бурбалачак газу). Вуглякіслы газ за кошт кансервавальных уласцівасцей павышае ўстойлівасць газіраваных напіткаў пры захоўванні. Натуральнае газіраванне напіткаў (шампанскае, сідр, піва, пеністае віно, хлебны квас) адбываецца пры браджэнні. Фруктовыя і мінер. воды, шыпучыя віны і ваду газіруюць у спец. апаратах (сатуратары, акратафоры) мех. увядзеннем і растварэннем у вадкасці вуглякіслага газу.

т. 4, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУА́ЛА (Douala, Duala),

горад на З Камеруна. Знаходзіцца на левым беразе р. Вуры, за 21 км ад яе ўпадзення ў Гвінейскі зал., злучаны мостам з портам Банаберы на правым беразе ракі. Адм. ц. Прыбярэжнай правінцыі. 1200 тыс. ж. (1993). Гал. акіянскі порт, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., швейная, харчасмакавая, хім., лесапільная. Праз Д. праходзіць таксама частка тавараабароту Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі і Чада. Панафрыканскі ін-т развіцця.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВІН (Аляксандр Іванавіч) (1855—1921),

расійскі паліт. дзеяч. Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1879). Д-р медыцыны. З 1905 старшыня гал. савета манархічнай партыі «Саюз рускага народа», выдавец і рэдактар газ. «Русское знамя». У 1910 выступіў супраць агр. рэформы П.А.Сталыпіна, што прывяло да расколу ў партыі і адстаўкі Д. з пасады яе кіраўніка. З 1912 арганізатар і пажыццёвы старшыня «Усерас. дубровінскага саюза рус. народа». У 1920 арыштаваны ВЧК за антысав. дзейнасць і расстраляны.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫДЫ́ШКА (Аляксандр Іванавіч) (1.7.1911, г. Верхнедняпроўск, Украіна — 5.2.1944),

Герой Сав. Саюза (1940). Беларус. Скончыў Адэскае артыл. вучылішча (1933). У Чырв. Арміі з 1929. Вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40: артыл. дывізіён на чале з капітанам Д. у баях на Карэльскім перашыйку нанёс праціўніку значныя страты ў баявой тэхніцы і жывой сіле. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Масквы, вызвалення Калінінскай, Смаленскай і Віцебскай абласцей. Загінуў у баі за г. Гарадок Віцебскай вобл.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСТА́НЦЫЯ (ад лац. distantia адлегласць),

1) адлегласць, прамежак паміж чым-небудзь («захоўваць Д.», «бег на кароткія Д.»).

2) У ваеннай справе — адлегласць па глыбіні паміж вайскоўцамі, гарматамі, машынамі, падраздзяленнямі, караблямі ў страі, баявым парадку.

3) На чыгунцы — адм.-тэхн. адзінка розных галін чыг. гаспадаркі. Адрозніваюць Д.: пуці, сігналізацыі і сувязі, грамадзянскіх збудаванняў і інш. Д. ажыццяўляюць нагляд за станам тэхн. сродкаў і праводзяць адпаведныя іх прызначэнню работы (рамонт чыг. пуцей, пагрузка грузаў і інш.).

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́НБІ (Denbigh),

Крамянёвы комплекс Дэнбі, даэскімоская археал. культура Паўн. Амерыкі. Адкрыта ў 1948 у эскімоскім паселішчы Аятэет на мысе Дэнбі у зал. Нортан (Аляска). Блізкія да Д. культуры выяўлены на мысе ў зал. Кацэбу, на Арктычным узбярэжжы Аляскі, у Канадзе і ПнУ Грэнландыі. Для Д. характэрны дробныя ножападобныя пласцінкі, маленькія абабітыя бакавыя і канцавыя лёзы-ўкладышы, разцы, скрабкі і нажы, вастрыі стараж. амер. тыпаў. Датуецца часам больш за 2500 гадоў да н.э.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЫША, Гольша,

рака ў Горацкім і Дрыбінскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Проня (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 225 км². Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Чапялінка Горацкага р-на. Асн. прыток — р. Дабранка (справа). Вадазбор на паўн. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна скрынкападобная, глыбокаўрэзаная, шыр. 500 м — 1 км. Пойма двухбаковая, месцамі забалочаная. Рэчышча каналізаванае на 10 км ад вытоку, ніжэй свабодна меандруе. Берагі стромкія, абрывістыя, параслі лесам.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДНА́Я,

радовішча тугаплаўкіх глін каля в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Паклад азёрных глін палеаген-неагенавага ўзросту. Гліны шэрыя і чорныя, дысперсныя, высокапластычныя, тугаплаўкія. Разведаныя запасы больш за 9 млн. м³, перспектыўныя 2,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,6 м, ускрышы 0,2—5,7 м. Гліны прыдатныя на выраб сценавых і абліцовачных блокаў, каналізацыйных труб, цэглы, як фармовачны матэрыял. Распрацоўваецца з 1979. Сыравінная база з-да абліцовачнай керамікі «Гарынь».

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)