дугападобныя горныя збудаванні, якія аддзяляюць катлавіны ўскраінных мораў ад глыбакаводных жалабоў. Асновай астраўным дугам служаць падводныя хрыбты (шыр. 40—400 км, даўж. да 1000 км і больш), пераважна вулканічныя, са шматлікімі вяршынямі, што выступаюць над узр. м. ў выглядзе град або «гірлянды» а-воў (напр., Алеуцкія, Курыльскія, Японскія а-вы). Звычайна арыентаваны паралельна глыбакаводным жалабам. Для астраўных дуг уласцівы рэзка дыферэнцыраваныя гравітацыйныя і магнітныя палі, павышаныя значэнні цеплавога патоку, інтэнсіўны вулканізм і сейсмічнасць. Паміж астраўнымі дугамі і глыбакаводным жолабам размешчана зона канцэнтрацыі землетрасенняў — зона Беньёфа — Заварыцкага, якая сыходзіць пад астраўныя дугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЫК (ад грэч. attikos атычны),
сценка над карнізам, якая завяршае будынак і мае дэкар. значэнне. Часам адпавядае невысокаму паверху (т.зв. атыкавы паверх). Узнік у архітэктуры Стараж. Грэцыі, пашыраны ў Стараж. Рыме ў выглядзе высокай сценкі, якая завяршала трыумфальную арку і афармлялася рэльефамі або надпісамі. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры готыкі, найб. шырока — у архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму. Асн. разнавіднасці атыка: суцэльны, балюстрадны і аркадны, грабеньчаты, шчытавы. На Беларусі вядомы з 16 ст. ў рэнесансавых палацах, грамадскіх будынках, храмах. Пашыраны ў 1950-я г. ў архітэктуры жылых і грамадскіх пабудоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́Н (Gratiola),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах абодвух паўшар’яў, у горных сістэмах тропікаў. На Беларусі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах, па заліўных лугах, забалочаных месцах, берагах рэк і вадаёмаў расце аўран лекавы (Gratiola officinalis). Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Шматгадовая карэнішчавая травяністая расліна. Сцябло прыўзнятае або прамастойнае, выш. 10—40 см. Лісце сядзячае, процілеглае, лінейна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі двухполыя, белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаножках у пазухах лісця. Плод — 2-гнездавая шматнасенная каробачка. Ядавітая і лек. расліна (слабіцельны, ірвотны, мачагонны сродак), мае гліказіды, сапаніны, алкалоіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
сям’я моў, на якіх гаворыць карэннае насельніцтва Аўстраліі (акрамя папуаскай мовы мірыям і тасманскіх моў). Агульная колькасць моў ад 200 да 600 (у сувязі з істотнымі адрозненнямі паміж дыялектамі), значная частка знікла або знікае. Аўстралійскія мовы ўключаюць 12 асобных моў і 16 сем’яў (найбольш моў у сям’і паманюнга — каля 180).
Фанетычная сістэма большасці аўстралійскіх моў мае тры галосныя (i, a, u), сярод зычных няма свісцячых і шыпячых, не адрозніваюцца глухія і звонкія. Націск, як правіла, на першым складзе. Граматычны лад усіх аўстралійскіх моў аглюцінатыўны. Парадак слоў у сказе — свабодны. Усе аўстралійскія мовы — бяспісьменныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАЗОЛЬТЭРАПІ́Я,
метад клімататэрапіі, заснаваны на выкарыстанні прыродных і штучных аэразоляў, у склад якіх уваходзяць рэчывы з лек. ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца пераважна пры лячэнні органаў дыхання, мясцова — пры захворваннях скуры, поласці рота, гінекалагічных і інш. хваробах. Прыродныя аэразолі эфектыўныя на прыморскіх курортах, дзе ў паветры павялічаная колькасць ёду, брому, марскіх соляў; у мясцовасцях, дзе паветра насычана фітанцыдамі, прыроднымі араматычнымі злучэннямі і інш. выдзяленнямі хвойных, эўкаліптавых і інш. раслін, а таксама ў падземных салявых выпрацоўках. У штучных умовах аснову аэразольтэрапіі складае ўдыханне распыленых у паветры настояў (гл.Інгаляцыя) абоінш. спосаб выкарыстання траў, антыбіётыкаў, гармонаў і інш.лек. рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАСА́НІ,
самаходныя сані, што рухаюцца па снезе, лёдзе і вадзе з дапамогай сілы цягі паветранага вінта. Бываюць суцэльнаметалічныя і аэрасані-«амфібіі».
Суцэльнаметалічныя аэрасані маюць 3 або 4 лыжы і кіруюцца пярэднімі паваротнымі лыжамі; рухавік з паветр. вінтом размешчаны на карме. Аэрасані«амфібія» маюць 1 лодку-лыжу, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе, вадзе, забалочанай мясцовасці і інш. Грузападымальнасць аэрасаней да 600 кг, далёкасць ходу да 500 км, скорасць да 100 км/гадз па снезе, да 80 км/гадз па вадзе. Выкарыстоўваюцца ва ўмовах бездарожжа Крайняй Поўначы для перавозкі грузаў, пошты, людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЭ́ТЛЯ (польск. basetla),
басоля, бас, кантрабас, струнны смычковы інструмент нізкага рэгістра, блізкі да віяланчэлі і кантрабаса. Бывае розных памераў, мае 3—4 жыльныя абометал. струны, часам 4 ладавыя адзнакі на грыфе. Смык кароткі, прамы. Вядома ў беларусаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. На Беларусі была пашырана з 18 ст. ў Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абл. пераважна ў гарадах, мястэчках і буйных вёсках. Выкарыстоўвалася ў нар.інстр. ансамблях-«капэлях». У наш час сустракаецца рэдка. У Рэчы Паспалітай і бел. дакументах 18 ст. басэтляй наз. віяланчэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАКВЕ́ТНІК (Leucojum),
род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Сярэдняй Еўропе, на Каўказе і ў Паўн. Афрыцы.
Дэкар. ранаквітучыя расліны. Найб. вядомыя белакветнік летні (Leucojum aestivum) і веснавы (Leucojum vernum). На Беларусі некаторыя віды белакветніка вырошчваюцца на прысядзібных участках, у бат. садах і парках.
Шматгадовыя цыбульныя травяністыя расліны з разеткай шырокалінейнага лісця і бязлістым кветаносам (стрэлкай) выш. да 60 см. Цыбуля яйцападобная з белай перапончатай абалонкай. Кветкі белыя, адзіночныя або ў малакветкавых суквеццях (завітках), на паніклых кветаножках. Плод — каробачка. Ядавітыя расліны (маюць алкалоіды лейкацын і лейкацыцін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ КРАЯЗНА́ЎЧАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БКТ),
добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана 27.12.1989 у Мінску. У аснове дзейнасці — прынцыпы, распрацаваныя Цэнтральным бюро краязнаўства (з 1923) пры Інбелкульце, а таксама камісіяй па краязнаўстве (з 1987) Беларускага фонду культуры. Кіраўнічыя органы — рада і сакратарыят. Асн. задачы: спрыяць нац. адраджэнню Беларусі праз творчую, навук. і асв. ініцыятыву па вывучэнні канкрэтных мясцін або рэгіёнаў Беларусі, ствараць у кожным яе раёне грамадскія структуры па развіцці краязнаўчага руху. Краязнаўчыя аб’яднанні БКТ створаны ва ўсіх абл. цэнтрах, арг-цыі існуюць амаль ва ўсіх раёнах Беларусі. Некаторыя з іх маюць уласны статут, сімволіку, арганізуюць свае выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ТНІК»,
газета. Выдавалася з чэрв. 1943 да ліст. 1944 у Берліне на бел. мове пад кантролем герм. улад. Была разлічана на беларусаў, якія добраахвотна выехалі або прымусова вывезены на работы ў Германію. Газету курыравалі Беларускае прадстаўніцтва, аўтарскі калектыў газ.«Раніца». Распаўсюджвалася пераважна ў тых рэгіёнах, дзе былі значныя кантынгенты выхадцаў з Беларусі. Асноўны змест: агляды міжнар. жыцця, сусветная хроніка, матэрыялы навук.-папулярнага характару, вершы і проза бел. аўтараў, артыкулы і нарысы па гісторыі і культуры Беларусі і інш. Частку матэрыялаў запазычвала з інш.бел.акупац. газет. Выйшаў не менш як 41 нумар.