ПАРО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,

тып тлумачальнага слоўніка, які змяшчае аднакарэнныя словы, што маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці (паронімы; гл. Паранімія). Напр., «Слоўнік паронімаў сучаснай рускай мовы» Ю.​А.​Бельчыкава і М.​С.​Панюшавай (1994). Паранімічны рад звычайна складаецца з 2 слоў, часам у яго ўваходзяць і 3—4 словы («давераны—даверлівы—даверны», «дублет—дуплет—дублікат—дубальт»). У бел. лексікаграфіі першая спроба стварэння П.с. — слоўнік «Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанні слоў; (Слоўнік паронімаў беларускай мовы)» С.​М.​Грабчыкава (1977; уключае больш за 1600 слоў). На аснове гэтага слоўніка ім жа складзены «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» (1994; уключае больш за 3300 слоў). Міжмоўнае ўзаемапранікненне ў галіне аманіміі, параніміі і полісеміі адлюстравана ў слоўніку «Міжмоўныя амонімы і паронімы» Грабчыкава (1980; 550 рус.-бел. аманімічных і паранімічных пар).

Літ.:

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994.

Л.​П.​Кунцэвіч.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСПАЛІ́ТАЕ РУШЭ́ННЕ,

шляхецкае апалчэнне ў феад. Польшчы і ВКЛ (Рэчы Паспалітай); асн. форма арганізацыі ўзбр. сіл дзяржавы, заснаваная на прынцыпе, што кожны шляхціц незалежна ад велічыні маёнтка ў час вайны абавязаны адпраўляцца ў ваенны паход. У ВКЛ з пач. 16 ст. землеўладальнікі ад кожных 8, а з 1566—10 службаў (у службе 2 дымы) выстаўлялі ў войска ўзбр. конніка, а калі зямлі было менш, землеўладальнікі ішлі служыць самі. У П.р. ўваходзілі таксама прывілеяваныя сяляне (асочнікі, стральцы, выбранцы), панцырныя баяры, путныя баяры, мяшчане, якія валодалі зямлёй, казакі, татары і інш. Час ад часу праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага. Колькасць П.р. ВКЛ дасягала 30 тыс. чал. П.р. склікалася соймам, узначальвалася вял. гетманамі Польшчы і ВКЛ, часам каралём. Ужо ў 15 ст. немагчымасць караць шляхту і няздольнасць арганізаваць новыя спосабы вядзення вайны рабілі П.р. малапрыгодным. Існавала да канца 18 ст.

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ АПЕРАТЫ́ЎНАЯ ГРУ́ПА ЦК КП(б)Б.

Створана паводле пастановы ЦК КЛ(б)Б ад 20.3.1942 для кіраўніцтва патрыят. падполлем і партыз. рухам на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Складалася з парт., сав. і камсам. работнікаў на чале з сакратаром ЦК КП(б)Б Р.​Б.​Эйдзінавым. Размяшчалася ў в. Шэйна Таропецкага р-на Калінінскай вобл. (Расія) і абапіралася на дапамогу ваен. саветаў 3-й і 4-й ударных армій, узаемадзейнічала са штабамі гэтых армій і Калінінскага фронту. Асн. задачы групы: наладжванне сувязей з падполлем і партыз. фарміраваннямі, што дзейнічалі ў Віцебскай і паўн. раёнах Мінскай і Магілёўскай абл., аказанне ім дапамогі, збор і апрацоўка разведвальнай інфармацыі аб варожым тыле. Расфарміравана ў вер. 1942 у сувязі са стварэннем Беларускага штаба партызанскага руху.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

т. 12, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ПАЎСТА́НЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ 1863,

арганізацыя па падрыхтоўцы і кіраўніцтву паўстаннем 1863—64 у Мінску і Мінскай губ. На першым этапе гал. ролю ў ёй адыгрывалі «чырвоныя»: А.​Трусаў, І.Козел, К.Марцінкевіч і інш.; у Навагрудскім пав. — У.Борзабагаты і В.Клімовіч, у Барысаўскім — М.​Цюндзявіцкі. Арг-цыя паступова набыла характар сістэмы губ., гар. і пав. органаў з падзелам на цывільныя і ваенныя. Вясной 1863, з далучэннем да паўстання партыі «белых», многія важныя пасады апынуліся ў руках памяркоўных элементаў, звязаных з памешчыкамі. Асн. ваен. сілу ў арг-цыі складалі «чырвоныя», што дазволіла паўстанцкім атрадам у крас. 1863 арганізавана выступіць супраць царызму. З лета 1863 паўстанцкім губ. камісарам стаў доктар М.Аскерка. Увосень 1863 К.​Каліноўскі паслаў у Мінск свайго памочніка І.Яманта, які разам з Аскеркам і К.Пялікшам (губ. цывільны начальнік) рэарганізаваў арг-цыю. Разгромлена царскімі ўладамі ў пач. 1864.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДАЎСКІ ПАЛА́Ц.

Існаваў з канца 18 ст. да 1940-х г. у в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1798 паводле праекта арх. Ван-Гроса; меў рысы стылю ампір. Належаў Скірмунтам. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане на высокім цокалі будынак з 3 рызалітамі, накрыты вальмавым дахам. Сцены, аздобленыя рустам, завяршаліся антаблементам і карнізам на сухарыках. Цэнтр. рызаліт на гал. фасадзе вылучаны дарычным порцікам з 2 парамі калон і трохвугольным франтонам, на фасадзе, што выходзіў у парк, — 3-граннай галерэйкай з вальмавым пакрыццём. Бакавыя рызаліты на гал. і паркавым фасадах вылучаны 4-калоннымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы з франтончыкамі ў завяршэнні і скульпт. ўстаўкамі пад карнізамі. Каля палаца стаяў прамавугольны ў плане флігель з порцікамі на гал. фасадзе. Недалёка ад палаца размешчана Моладаўская капліца.

Ю.​А.​Якімовіч.

Моладаўскі палац. Фота 1920-х г.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РЫЦ САКСО́НСКІ (Maurice de Saxe; 28.10.1696, г. Гослар, Германія — 30.11.1750),

французскі палкаводзец і ваен. тэарэтык. Маршал Францыі (1744). Граф (1711). Пабочны сын курфюрста Саксонскага Аўгуста II (кароль Рэчы Паспалітай у 1697—1706 і 1709—33). Служыў у саксонскіх, польск., аўстр., з 1720 франц. войсках. Удзельнік войнаў за польск. (1733—35) і аўстр. (1740—48) спадчыну (вызначыўся ў час штурму Прагі ў 1741 і Эгера ў 1742). З 1745 галоўнакаманд. франц. арміяй, атрымаў шэраг перамог над англа-галандскімі войскамі ў Фландрыі, што значна ўзняло ваен. прэстыж Францыі і садзейнічала заключэнню Ахенскага мірнага дагавора (1748). У трактаце «Мае летуценні» (1731) выказаў новыя для таго часу ідэі пра перавагі вайсковай павіннасці перад сістэмай вярбоўкі, неабходнасць мець пастаянныя ваен. кадры, пра атаку пяхоты, ролю інж. умацаванняў на полі бою і інш. Вял. значэнне ў вайне надаваў маральнаму фактару.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЭРСА—ПА́ЎЛІ ТЭАРЭ́МА, тэарэма CPT («цэ-пэ-тэ»),

адна з асн. тэарэм квантавай тэорыі паля. Паводле Л.—П.т. ўраўненні захоўваюць свой від, калі адначасова правесці пераўтварэнне зарадавага спалучэння, прасторавай інверсіі і абарачэння часу (замена часу t на -t). Сфармулявана і даказана ням. фізікам Г.​Людэрсам і швейц. фізікам В.Паўлі (1955).

Сцвярджае, што калі ў прыродзе адбываецца які-н. працэс, то з той жа імавернасцю можа адбывацца працэс, у якім часціцы заменены на антычасціцы, праекцыі іх спінаў набылі процілеглы знак, а пачатковыя і канцавыя станы працэсу памяняліся месцамі. Устанаўлівае пэўную сувязь паміж характарыстыкамі часціцы і адпаведнай антычасціцы, якія маюць аднолькавыя масы спакою, час жыцця, энергетычныя спектры, а таксама вуглавыя размеркаванні прадуктаў распаду (калі ўзаемадзеянне часціц у канцавым стане слабае), а праекцыі спінаў на зададзеную вось процілеглыя. У доследах адхіленняў ад Л.—П.т. не выяўлена.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 9, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць якасных і колькасных метадаў аналізу, заснаваных на назіранні люмінесцэнцыі. Пры гэтым рэгіструюць уласнае свячэнне атамаў або малекул, якія ўваходзяць у аб’ект, што даследуецца, або свячэнне спецыяльна ўведзенага люмінафору. Рэчыва ўзбуджаюць найчасцей ультрафіялетавым святлом і наглядаюць люмінесцэнцыю візуальна ці з дапамогай фатометраў.

Хімічны Л.а. заснаваны на характарыстычнасці свячэння кожнага рэчыва. Ім карыстаюцца для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння структуры малекул, кантролю чыстаты хім. прадукцыі, вызначэння канцэнтрацыі рэчываў і інш. Сартавы Л.а. дае магчымасць сартаваць шкло. насенне, раздзяляць разнародныя часцінкі, вызначаць шляхі перамяшчэння вадкасці (падземнае цячэнне, кровазварот), нябачныя надпісы, сляды бясколерных рэчываў (пры экспертызе). Люмінесцэнтныя мікраскапія і дэфектаскапія заснаваны на люмінесцэнцыі мікрачасцінак (пераважна біялагічных) у спец. мікраскопах і свячэнні люмінафораў у мікрарасколінах дэталей ці люмінафораў, якія прасачыліся праз парушэнні герметычнасці.

Літ.:

Люминесцентный анализ. М., 1961;

Божевольнов Е.А. Люминесцентный анализ неорганических веществ. М., 1966.

Г.​П.​Гурыновіч, Б.​М.​Джагараў.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ АРХІЕПА́РХІЯ, Магілёўская арцыдыяцэзія,

царкоўна-адм. адзінка каталіцкай царквы ў 18—20 ст. Створана паводле ўказа рас. імператрыцы Кацярыны II у 1773 як Беларуская рымска-каталіцкая епархія (дыяцэзія, біскупства) з цэнтрам у Магілёве, уключала тэрыторыі, далучаныя да Рас. імперыі пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай; першы епіскап — С.Богуш-Сестранцэвіч. Указам ад 17.1.1782 пераўтворана ў Магілёўскую архіепархію, што пацверджана найвысачэйшай граматай ад 11.11.1783. У канцы 1797 Яе архіепіскап пераехаў у Пецярбург, узначальваў сталічную рымска-каталіцкую духоўную калегію (засн. ў 1801) і з’яўляўся мітрапалітам усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў Рас. імперыі. У 1883 Магілёўскай архіепархіі падпарадкаваны касцёлы б. Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 1920-я г. ў сувязі з антырэлігійнай палітыкай сав. улад дзейнасць архіепархіі фактычна спынілася. У 1991 утворана Мінска-Магілёўская архіепархія з кафедрамі ў Мінску і Магілёве.

В.​В.​Грыгор’ева, А.​М.​Філатава.

т. 9, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. modus мера, спосаб),

функцыянальна-семантычная катэгорыя мовы, якая паказвае на спосаб перадачы адносін гаворачай асобы да выказвання і самога выказвання да рэчаіснасці. Той, хто гаворыць, ацэньвае факты і падзеі, пра якія ён гаворыць, рэальныя яны або нерэальныя, пажаданыя ці непажаданыя, магчымыя ці немагчымыя і г.д. Адрозніваюць М. аб’ектыўную (выражае адносіны выказвання да рэчаіснасці) і суб’ектыўную (выражае адносіны гаворачай асобы да зместу выказвання). У бел. мове выражаецца формамі дзеяслоўнага ладу (абвеснага, умоўнага, загаднага), асобнымі словамі («відаць», «магчыма», «напэўна» і інш.), інтанацыяй («Што за ноч!»), парадкам слоў у сказе («Так ён цябе і паслухае!» — са значэннем «наўрад ці паслухае») і інш. моўнымі сродкамі.

Літ.:

Виноградов В.В. О категории модальности и модальных словах в русском языке // Тр. Ин-та рус. яз. АН СССР. М.; Л., 1950. Т. 2;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86.

П.​П.​Шуба.

т. 9, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)