ДО́СТАЛАВА ((Dostálová) Леапольда) (23.1.1879, Велеславін, каля Прагі — ?),

чэшская актрыса. Нар. арт. ЧССР (1947). У 1901—20 і з 1924 у пражскім Нац. т-ры. У 1920—24 у пражскім Гар. т-ры на Вінаградах. Актрыса вял. тэмпераменту, стварала вобразы моцных духам, апанаваных страсцямі жанчын: лэдзі Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра), Антыгона («Антыгона» Сафокла), Медэя («Медэя» Эўрыпіда), Баладзіна («Баладзіна» Ю.​Славацкага), Эмілія Марці («Сродак Макропуласа» К.​Чапека), Бабуля («Ліхтар» А.​Ірасека), Людміла («Драгаміры» І.​Тыла) і інш. Дзярж. прэмія ЧССР 1946.

т. 6, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,26 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 4 км². Схілы катлавіны выш. 5 м, пад лесам. Берагавая лінія звілістая, утварае некалькі заліваў. У цэнтры возера востраў пл. 0,4 га. Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Уклеенка.

т. 6, с. 188

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЙСКІ ПАРК,

помнік сядзібна-паркавага мастацтва. Закладзены ў пач. 19 ст. ў г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. каля 4 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны 1-павярховы палац на левым беразе Зах. Дзвіны (будынак неаднаразова перабудоўваўся і страціў пачатковы выгляд). Парк выцягнуты з У на З, у паўд. ч. зберагліся алеі, у заходняй — старыя ліпы. Растуць мясц. пароды дрэў, у т. л. конскі каштан звычайны, вяз шурпаты ніцы і інш.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў 14—17 ст. ў сярэдневяковым г. Друцк (каля сучаснай в. Друцк Талачынскага р-на Віцебскай вобл.). Быў абнесены высокім валам і глыбокім ровам. Звесткі пра замак ёсць у дакументах за 1544, 1545 і 1549, у «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» (1578, 1581) А.​Гваньіні. Д.з. пастаянна пазначаўся на картах Еўропы за 1562, 1589, 1595 і 1613. Заняпаў, верагодна, у сярэдзіне 17 ст. У дакументах перыяду вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пра Д.з. не ўпамінаецца.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,

у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 25 км на З ад г. Рэчыца. Адкрыта ў 1979, распрацоўваецца з 1980. Паклады нафты пл. каля 6 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2900—3900 м. Пароды калектары — трэшчынавата-кавернозна-порыстыя даламіты і вапнякі. Нафта высокапарафінавая, маласмалістая, маласярністая, лёгкая, малавязкая з удзельнай вагой 0,87 г/см³.

А.​П.​Шчураў.

т. 6, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДЗІЦКІ МУЗЕ́Й МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ Заснаваны выдавецкай фірмай «Паліфакт». Адкрыты ў 1994 на тэр. б. маёнтка Ельскіх каля в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Складаецца з комплексу стылізаваных пабудоў 19 — пач. 20 ст.; дзеючага цэха рамёстваў

(хлебапякарня, масласыраварня, кузня, ганчарная і дрэваапр. майстэрні),

сял. хутара, ветрака, карчмы з заезным домам, экспазіц. залы з прадметамі гасп. абсталявання і прылад працы 18—19 ст., выстаўкі стараж. аўтамаб. тэхнікі, механізмаў па перапрацоўцы збожжа, лёну, прадуктаў жывёлагадоўлі, трансп. сродкаў.

А.​М.​Карлюкевіч.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЫНА́МА»,

стадыён у Мінску. Адкрыты ў 1934, рэканструяваны ў 1939. Асн. збудаванні ў час Вял. Айч. вайны разбураны. Новы стадыён пабудаваны ў 1947—54 (арх. М.​Колі, М.​Паруснікаў і інш.). Рэканструяваны ў 1978—80 (арх. С.​Баткоўскі, М.​Гаўхфельд, Л.​Гельфанд, Ю.​Спясіўцаў) да Алімпійскіх гульняў 1980 для папярэдніх спаборніцтваў па футболе. На трыбунах больш за 50 тыс. месцаў. Каля аднаго з уваходаў на тэр. стадыёна размешчана дэкар. скульптура «Бег» (1980, скульптар В.​Занковіч).

Стадыён «Дынама» ў Мінску.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЯШ, Дыяш ды Наваіш [Dias (Diaz) de Novaes] Барталамеу (каля 1450—29.5.1500), партугальскі мараплавец. У 1487 узначаліў экспедыцыю, якая шукала марскі шлях у Індыю. Даследаваў паўд.-зах. ўзбярэжжа Афрыкі паміж 22° і 33° паўд. ш. Першы з еўрапейцаў абагнуў Афрыку з Пд. Прайшоў уздоўж паўд. берага Афрыкі да бухты Алгоа, але быў вымушаны па патрабаванні каманды павярнуць у Партугалію; на зваротным шляху адкрыў мыс Добрай Надзеі (1488). У 1500 прымаў удзел у экспедыцыі П.​А.​Кабрала, загінуў недалёка ад мыса Добрай Надзеі.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛФТ (Delft),

горад на З Нідэрландаў, на канале Рэйн—Схі. Засн. ў 1075. Каля 100 тыс. ж. (1994). Старадаўні цэнтр вытв-сці керамічных вырабаў, т.зв. дэлфцкі фаянс. Прам-сць: металаапр. і маш.-буд. (кабель, металаканструкцыі, харч., хім., трансп. абсталяванне), аптычная, хім., харчовая. Маст. музеі, у т. л. гар. музей «Прынсенгоф» з карцінамі мастакоў дэлфцкай школы 17 ст. Шматлікія арх. помнікі 13—18 ст. Д. захаваў сярэдневяковы выгляд «воднага горада» з каналамі і цаглянымі дамамі 16—18 ст.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЮ́ВІЙ (ад лац. deluo змываю),

адклады, якія ўзніклі на схілах у выніку намнажэння змытых дажджавымі патокамі, расталымі снегавымі водамі рыхлых прадуктаў выветрывання. Вельмі пашыраны ў горных раёнах. Механічны склад Д. мяняецца ўніз па схіле ад друзу да глін. Утварае шлейф каля падножжа схілаў. Магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў. У Д. трапляюцца россыпы золата, волава, вальфраму і інш. металаў. Ва ўмовах Беларусі Д. прадстаўлены адкладамі, якія ўтварыліся ў выніку разбурэння глебы, пераносу і пераадкладу глебавых часцінак уніз па схіле.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)