ГАСПАДА́РЧЫ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС Рэспублікі Беларусь,

адзіны сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе адносіны, звязаныя з парадкам вырашэння гасп. спрэчак на тэр. краіны. Прыняты Вярх. Саветам Беларусі 5.6.1991, уведзены ў дзеянне з 1.7.1991. Складаецца з 12 раздзелаў і 108 артыкулаў. Вызначае падведамнасць і падсуднасць гасп. спрэчак, рэгламентуе правы і абавязкі іх удзельнікаў, працэсуальныя пытанні — суд. разгляду спраў, парадак перагляду рашэнняў гасп. суда і інш.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁМІН (Іван Міхайлавіч) (н. 2.1.1915, в. Хацісіна Калужскай вобл., Расія — 13.1.1992),

гаспадарчы дзеяч, адзін з арганізатараў аўтамаб. прам-сці Беларусі. Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Маскоўскі тэкст. ін-т (1941). З 1944 на Мінскім аўтазаводзе: нам. гал. энергетыка, гал. энергетык, сакратар парткома, у 1959—74 дырэктар з-да. У 1974—82 ген. дырэктар вытв. аб’яднання «Белаўтамаз». Дзярж. прэмія СССР 1968 і 1978.

І.М.Дзёмін.

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́РКА ў фізіцы цвёрдага цела,

квазічасціца ў паўправадніку, дыэлектрыку ці метале, звязаная з незанятым электронам квантавым станам у валентнай зоне. Пад уздзеяннем знешніх эл. і магн. палёў паводзіць сябе як часціца з дадатным зарадам, роўным па абсалютнай велічыні зараду электрона. Эфектыўная маса Дз. большая, а рухомасць меншая, чым у электрона праводнасці. Дз. разам з электронамі вызначаюць дынамічныя ўласцівасці крышталёў. Гл. таксама Паўправаднікі.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ЎНАСЦЬ,

адзін з квантавых лікаў, які характарызуе адроны. Абазначаецца S, прымае цэлалікавыя (нулявыя, дадатныя або адмоўныя) значэнні, прычым |S| < 3. Антычасціцы маюць Дз. процілеглага знака ў параўнанні з Дз. часціц. Адроны з S ≠ 0 (К-мезоны, гіпероны і многія рэзанансы) наз. дзіўнымі. Дз. захоўваецца ў моцных і эл.-магн. узаемадзеяннях, аднак парушаецца (на I) у слабым узаемадзеянні. Гл. таксама Прыгажосць, Чароўнасць.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРЫ БОР,

археалагічная стаянка нёманскай культуры каля в. Добры Бор Баранавіцкага р-на. Выяўлены 12 агнішчаў, 5 ям (3 з іх. магчыма, паўзямлянкі).

Знойдзены абломкі ляпных вастрадонных і пласкадонных гаршкоў, крамянёвыя зброя і прылады працы (лістападобныя наканечнікі коп’яў, нажы з гарбатай спінкай і інш.), шліфаваныя каменныя сякеры з адтулінамі Непадалёку ад вёскі выяўлены сляды мезалітычнага паселішча, стаянкі неаліту і бронзавага веку.

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́САЎСКАЯ МЕДЗЕПЛАВІ́ЛЬНАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1832—84 у в. Досава Быхаўскага пав. (цяпер в. Дасовічы ў Магілёўскім р-не). У 1852 мела горн з 2 мяхамі і кацельную, у 1859—84 дзейнічаў вадзяны рухавік. Выпускала вінакурныя трубы, катлы, ліставую медзь, дыстылятары, самавары і медны посуд. Сыравіну (лом чырвонай медзі) атрымлівалі з Магілёва. У 1847 працавалі 52 рабочыя, з іх 51 — прыгонныя.

т. 6, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ДЫ, гудай,

гудасы (літ. gudai, gudas),

старажытная назва (экзаэтнонім) беларускамоўнага насельніцтва ўсх. Літвы і беларусаў сумежных з Літвой тэрыторый. У гіст. крыніцах назва гуды і вытворныя тапанімічныя формы Гудзелі, Гудзішкі, Гудаўшчына, Гудалаўка, Гудоніс, Гудагай, Гудзенай і інш. вядомы з 15 ст. На думку некат. даследчыкаў, геагр. арэал тапонімаў з коранем «гуд» акрэслівае стараж. кантактную зону бел. і літ. насельніцтва.

І.​У.​Чаквін.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМЕЙКІ́Т (ад прозвішча бел. геолага І.І.Дамейкі),

мінерал, прыродны арсенід медзі, Cu3As. Крышталізуецца ў кубічнай і гексаганальнай сінганіях з т-рай пераходу 225 °C. Агрэгаты шчыльныя, пупышка- і гронкападобныя. Колер серабрыста-белы, шэры, з жаўтавата-бурай пабегласцю. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 7,5 г/см³. Крохкі. Гідратэрмальнага паходжання, асацыіруе з самароднымі меддзю, серабром, сульфідамі медзі і арсенідамі нікелю, кобальту і інш.

т. 6, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНТО́Н ((Danton) Жорж Жак) (28.10.1759, г. Арсі-сюр-Об, Францыя — 5.4.1794),

дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99, адзін з правадыроў якабінцаў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 10.8.1792, якое скінула манархію. Быў дэпутатам Канвента, міністрам юстыцыі ў новым урадзе. З 1793 член Камітэта грамадскага выратавання; выступаў за прымірэнне з жырандыстамі, супраць рэв. тэрору. Асуджаны рэв. трыбуналам, гільяцінаваны.

Літ.:

Левандовский АП. Дантон. Ростов н/Д, 1997.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПУ́РАВАЯ КІСЛАТА́, бензаілгліцын,

C6H5CONH2CH2COOH, адзін з канчатковых прадуктаў абмену рэчываў у большасці пазваночных жывёл. Утвараецца ў печані і нырках з бензойнай к-ты і гліцыну пры ўдзеле каэнзіму A; выдаляецца з мачой (у норме ў чалавека за суткі выдаляецца 0,1—2 г гіпуравай кіслаты). Проба на сінтэз гіпуравай кіслаты выкарыстоўваецца ў клініцы для вызначэння здольнасці печані абясшкоджваць таксічныя рэчывы (Квіка—Пытэля проба).

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)