слоўнік, у якім лексіка падаецца з улікам выяўленых семантычных (логіка-паняційных, прадметна-тэматычных, сінанімічных, антанімічных, асацыятыўных і інш.) сувязей паміж словамі. Бярэ пачатак ад «Тэзаўруса англійскіх слоў і выразаў» П.М.Ражэ (1852). У залежнасці ад характару семантычных сувязей паміж словамі, што кладуцца ў аснову ўпарадкавання лексікі, вылучаюць некалькі тыпаў І.с. Уласна І.с. (ідэалагічныя слоўнікі), у якіх агульнаўжывальная лексіка падаецца не па алфавіце, а па іерархічна пабудаванай класіфікацыйнай схеме логіка-паняційнага характару («Ідэаграфічны слоўнік рускай мовы» А.С.Баранава, 1990; «Англа-рускі ідэаграфічны слоўнік» Т.І.Шаталавай 2-е выд. 1994; «Тлумачальны ідэаграфічны слоўнік рускіх дзеясловаў», 1997, і інш.).
Сярод уласна І.с. вылучаюць: інфармацыйна-пошукавыя тэзаўрусы, што паскараюць пошук спец. лексікі пры яе аўтаматычнай апрацоўцы («Інфармацыйна-пошукавы тэзаўрус па інфарматыцы», 1974, 1987); паняційныя і прадметна-паняційныя слоўнікі, у якіх універсальная паняційная сістэма класіфікацыі лексікі Галіга-Вартбурга выкарыстоўваецца для паслядоўнага апісання слоў пэўнай гіст.эпохі («Прадметна-паняційны слоўнік грэчаскай мовы: Крытамікенскі перыяд», 1986); тэматычныя і прадметна-тэматычныя слоўнікі, што групуюць лексіку паводле найб. шырокіх тэм (час, прастора) ці ўзаемазвязаных у навакольнай рэчаіснасці прадметаў (віды мэблі, птушак і інш.), напр., «Руска-ўзбекскі тэматычны слоўнік», 2-е выд. 1979).
Змешаныя ці групавыя І.с. групы семантычна звязаных слоў падаюць у алфавітным парадку загаловачных слоў такіх слоўных груп. Сярод гэтых слоўнікаў вылучаюць: анамасіялагічныя даведнікі, у якіх да вызначанага кола паняццяў падаюцца ўсе блізкія да іх па значэнні словы («Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», т. 1—4, 1993—97, выд. працягваецца); аналагічныя слоўнікі; асацыятыўныя слоўнікі (т.зв. асацыятыўныя тэзаўрусы); малюнкавыя слоўнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НА (франц. colonne ад лац. columna),
архітэктурна апрацаваная верт. апора, звычайна круглая ў папярочным сячэнні; стрыжнёвы элемент будынка (збудавання), нясучай канструкцыі і інш. Служыць пераважна для ўспрымання верт. нагрузкі. Бывае каменная, мураваная (з цэглы, каменю, бетону), жалезабетонная, металічная, драўляная.
Вядома са старажытнасці як элемент стоечна-бэлечнай канструкцыі. У архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма распрацаваны своеасаблівыя маст. формы К., якія ўвайшлі ў сістэму арх.ордэраў. У класічнай архітэктуры гал. элемент К. — ствол, звычайна патанчаўся ўверсе, меў энтазіс (патаўшчэнне ў сярэдняй ч.), апрацоўваўся канелюрамі, завяршаўся капітэллю. Маст. выразнасць К. вызначаецца яе прапорцыямі, чляненнямі, пластычнай апрацоўкай, адносінамі вышыні і дыяметра К. да інтэркалумнія (пралёт паміж 2 калонамі) і да абсалютных памераў збудавання. К. выкарыстоўвалі ў кампазіцыі фасадаў і інтэр’ераў як элемент порціка, партала, галерэі, каланады, а таксама для арх. апрацоўкі сцен (трохчвэртныя К., паўкалоны, прыстаўныя К.). У выглядзе свабодна стаячай К., звычайна завершанай скульптурай, рабілі мемар. збудаванні (калона Траяна ў Рыме, Александрыйская К. ў Санкт-Пецярбургу).
На Беларусі К. пашыраны ў архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму (палацы ў Паставах, Гомелі, касцёлы ў Мядзелі, Валожыне). У 18 ст. іх ставілі як помнікі (вёскі Дзярэчын Зэльвенскага, Лявонпаль Міёрскага р-наў). З 1950-х г. К. выкарыстоўваюць як найб. выразныя элементы фасада (будынкі драмтэатра ў Віцебску, БПА, цырка ў Мінску). У сучаснай архітэктуры К. — адзін з асн. элементаў каркаса. Маст. вырашэнне звычайна сціплае, вызначаецца прапорцыямі, колерам, фактурай.
С.А.Сергачоў, Ю.А.Якімовіч.
Калоны: 1, 2 — папірусападобныя (Старажытны Егіпет); 3 — калоны з Кноса (крыта-мікенская культура); 4 — калона з Персепаля (Старажытная Персія); 5 — дарычная; 6 — іанічная; 7 — карынфская; 8, 9 — раманскія; 10 — гатычная; 11, 12 — эпохі Адраджэння; 13 — спіралепадобныя ў стылі барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СНАЕ,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., каля р. Уша, на аўтадарозе Мінск—Маладзечна; чыг. ст. (Уша) на лініі Мінск—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдУ ад г. Маладзечна, 57 км ад Мінска. 3273 ж., 1216 двароў (1998).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 2-й пал. 15 ст. як велікакняжацкі двор пад назвай Краснае Сяло. У 1486 мястэчка, дзе да 1500 засн. касцёл. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. цэнтр павета, да 1793 цэнтр староства Менскага ваяв. У 1765 у мястэчку 58 двароў, касцёл, карчма. З 1793 у Рас імперыі, у 19 ст. мястэчка Вілейскага пав. Мінскай губ. У 1897 у мястэчку 1019 ж., 152 двары, царква, 2 школы, нар. вучылішча, пошта, фельч. пункт, 22 крамы, 8 корчмаў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Маладзечанскага пав. З 1939 у БССР, у Радашковіцкім р-не Вілейскай вобл., у 1940—54 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну 5.3.1943 ням.-фаш. захопнікі расстралялі тут 2000 сав. грамадзян, загубілі 800 сав. ваеннапалонных. З 1954 вёска, цэнтр сельсавета Радашковіцкага, з 1960 Маладзечанскага р-наў. У 1972—2989 ж., 611 двароў.
Кансервавы з-д, ільнозавод, цэх плёначных вырабаў Мінскага з-да «Белпласт», вытв. ўчасткі Маладзечанскага камбіната хлебапрадуктаў і лясгаса, прамысл. і хім. базы. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, царква хрысціян веры евангельскай. Помнікі воінам-вызваліцелям, сав. танкістам, землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Магіла ахвяр фашызму, сав. ваеннапалонных, брацкія магілы сав. воінаў, партызан. Помнікі архітэктуры: Свята-Пакроўская царква (1889), Красненскі касцёл Ушэсця Дзевы Марыі. На Пд ад вёскі гарадзішча ранняга жал. веку, на ПдЗ — гарадзішча эпохі феадалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЧА,
гарадскі пасёлак у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. За 26 км ад Навагрудка, 49 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Баранавічы—Ліда. 1498 ж. (1999).
Упершыню згадваецца ў 1401 у ням. хроніках як аб’ект ваен. паходаў крыжакоў. У 1428 вял.кн.ВКЛ Вітаўт перадаў сяло Л. сваёй жонцы Ульяне. У 1499 вял.кн.ВКЛ Аляксандр падараваў «двор Л.» свайму пісару Фёдару Рыгоравічу. 3 пач. 16 ст. мястэчка. У 1590 кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III даў Л. магдэбургскае права і герб (у 1644 атрыманы новы). У канцы 16 — пач. 17 ст. пабудаваны Любчанскі замак. У 17 ст. дзейнічала Любчанская друкарня. У 1606—1832 Л. належала кн. Радзівілам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка Навагрудскага пав. Гродзенскай губ., з 1842 — Мінскай губ. У 1897 — цэнтр воласці, 3239 ж., 444 двары, жаночая царк.-прыходская школа, аптэка, царква, сінагога, мясц. прамысловасць, 70 крам, корчмы, штогадовы кірмаш. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав. і ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Любчанскага раёна Баранавіцкай вобл., гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 8.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 1825 чал. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1956 — у Навагрудскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа мастацтваў, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, спецыялізаваны дом дзіцяці, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Ільінская царква (1910), рэшткі Любчанскага замка. Любчанскі парк. За 1,5 км на ПнУ ад Л. стаянка эпохі мезаліту і больш позняга часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭРархітэктурны,
пэўнае спалучэнне нясучых і нясёных частак стоечна-бэлечнай канструкцыі, іх структура і маст. апрацоўка. Як маст выразная форма выкарыстоўваўся ў манум. архітэктуры ў старажытнасці (Стараж. Егіпет, асіра-вавілонскае дойлідства). Класічная сістэма О. склалася ў Стараж. Грэцыі; асн. О. атрымалі найменні ад назваў плямён і абласцей: дарычны ордэр, іанічны ордэр, карынфскі ордэр. Разнавіднасць дарычнага О. — тасканскі ордэр, карынфскага і іанічнага — кампазітны ордэр. Абавязковыя састаўныя часткі О.: нясучыя — калона (аздобленая канелюрамі) з капітэллю і базай (у дарычным О. без базы), часам з п’едэсталам; нясёныя — антаблемент, які складаецца з архітрава, фрыза і карніза. Дэталі О. ўпрыгожваюць разнымі ці цягавымі профілямі — абломамі архітэктурнымі. Асаблівасці кожнага О. — у прапорцыях, прарысоўцы абломаў і формах капітэлі. Змена суадносін паміж нясучымі і нясёнымі часткамі О. надае яму і збудаванню ў цэлым разнастайныя маштабнасць і характар (напр., лаканічнасць і мужнасць — дарычны О., лёгкасць і вытанчанасць — іанічны і карынфскі О.). О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў розныя гіст.эпохі (у архітэктуры Стараж. Рыма, рэнесансу, барока, класіцызму). У эпоху Стараж. Рыма і пазней ужываліся шмат’ярусныя ордэрныя кампазіцыі, ордэрныя чляненні сцяны з выкарыстаннем паўкалон і пілястраў, пашыраны О. або яго асобныя элементы ў спалучэнні са скляпеністымі або арачнымі канструкцыямі (Калізей, базілікі і ратонды Стараж. Рыма, арачныя каланады ў эпоху Адраджэння). З 15 ст. О. стаў адным з гал. кампанентаў у зах.-еўрап. архітэктуры. У рус. дойлідстве пашыраны з канца 17 ст. На Беларусі О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў культавай, палацавай, грамадз. архітэктуры стыляў барока, класіцызму, эклектыкі, мадэрну, неакласіцыстычных кірункаў, у архітэктуры 1940—50-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Т ДАНА́ТАРСКІ,
выява данатара — заказчыка твора выяўл. мастацтва або заснавальніка храма. Трапляецца ў розных відах мастацтва, часцей у жывапісе. Заснавальніка храма часта малявалі з мадэллю будынка ў руках на абразе ці манум. размалёўцы (перад Ісусам Хрыстом, Маці Божай, святым заступнікам) або асобна, але ў кантэксце агульнай сістэмы размалёвак і дэкору храма або кнігі ў спалучэнні з інш. выявамі. Адметныя рысы П.д.: адлюстраванне данатара звычайна ўкленчаным у малітоўнай позе са складзенымі рукамі, арыентаванасць кампазіцыйнага цэнтра на святога-заступніка, самапаглыбленасць і сузіральнасць стану партрэтаванага, адсутнасць знешніх калізій і падкрэсленых сувязей са знешнім светам.
Вядомы з эпохі ранняга сярэднявечча ў мастацтве многіх еўрап. краін, росквіту дасягнуў у 14—15 ст. (размалёўка «Энрыка Скравеньі прыносіць у дар капэлу» работы Джота ды Бандоне ў Капэле дэль Арэна ў г. Падуя, Італія, 1305; алтарныя карціны «Мадонна з канцлерам Раленам» Я. ван Эйка, 1435; «Св. Кацярына і св. Магдаліна з данатарамі» Х. ван дэр Гуса, 1476—78).
На Беларусі першыя П.д. вядомы з 11 ст. (выявы тураўскага кн. Яраполка Ізяславіча, яго маці Гертруды і яго жонкі Ірыны ў «Кодэксе Гертруды», паміж 1078 і 1087). Найб. пашыраны ў 16—18 ст. у іканапісе: абразы «Пакланенне вешчуноў» (каля 1514) з выявай данатара Я.Сегеня (выява данатара — 2-я пал. 17 ст.), «Маці Божая са святымі Ігнаціем Лаёлам і Францыскам Ксаверыем» (1-я пал. 17 ст.), дзе святым нададзены партрэтныя рысы кн. М.К. і Ю. Радзівілаў, і інш. Вядомы і познія ўзоры П.д. (фрэска «Спас з данатарамі» М.Кошалева ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, 1902—11).
Б.А.Лазука, А.Ю.Хадыка.
Партрэт данатарскі. Фрагмент абраза «Пакланенне вешчуноў» з партрэтам данатара Я.Сегеня. 2-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Кёнігсбергскі летапіс,
помнік старажытнарускага летапісання, летапісны звод пач. 13 ст.; зместам блізкі да Лаўрэнцьеўскага летапісу. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» і летапісу за 1112—1206, прысвечанага пераважна гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Вядомы адзіны ілюстраваны спіс канца 15 ст., зроблены, напэўна, у Смаленску, у канцы яго змешчана «Хаджэнне Данііла ігумена...». У 16—1-й пал. 17 ст. рукапіс зберагаўся на Беларусі. Апошні ўладальнік Р.л. Багуслаў Радзівіл завяшчаў Кёнігсбергскай б-цы, куды рукапіс трапіў у 1671. З 1758 знаходзіцца ў Расіі. У летапісе шмат каштоўных звестак з гісторыі ўсх. славян эпохі ранняга сярэднявечча, якія за 9—11 ст. пададзены паводле летапісу Нестара, за 12 ст. — уладзімірскага летапіснага зводу пач. 13 ст. Пад 1128 змешчана аповесць пра Рагнеду Рагвалодаўну поўнай рэдакцыі, якая складзена, найб. верагодна, у Кіеве ў 2-й пал. 11 ст. паводле вуснага апавядання Яна Вышаты, прапраўнука Дабрыні (дзядзькі кн.Уладзіміра Святаславіча). Вялікую культ.-гіст. каштоўнасць маюць 617 каляровых мініяцюр, якія адлюстроўваюць розныя бакі жыцця (ваен. паходы і бітвы, паўстанні, нар. святы і абрады, паліт. дзейнасць князёў, розныя сцэны з выявамі помнікаў архітэктуры), матэрыяльную культуру (прадметы побыту, мэблю, адзенне, зброю і інш.) усх. славян, з’яўляюцца своеасаблівым маст. летапісам сярэднявечча. Шэраг мініяцюр звязаны з гісторыяй бел. зямель: «Рагнеда і Рагвалод», «Бітва на Нямізе», пра паланенне і вызваленне Усяслава Полацкага і інш. У некат. мініяцюрах адчуваецца ўплыў зах.-еўрап. традыцый. Рукапіс зберагаецца ў б-цы Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу.
Літ.:
Полное собрание русских летописей. Т. 38. Радзивилловская летопись. Л., 1989;
Радзивилловская летопись: Факс. воспр. рукописи: Текст. Исслед. Описание миниатюр. СПб.;
М., 1994.
В.А.Чамярыцкі.
Вольга і Святаслаў. Малітва Вольгі. Мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМО́ВАЯ І ФІЗІ́ЧНАЯ ПРА́ЦА,
узаемазвязаныя і ўзаемазалежныя віды мэтанакіраванай дзейнасці людзей у выглядзе затрат інтэлектуальнай, разумовай або фіз. энергіі чалавека ў працэсе стварэння матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Падзел працы на разумовую і фіз. адбыўся ў старажытнасці і абумоўлены развіццём прадукц. сіл грамадства, якія дазвалялі невялікаму слою людзей (жрацам, правадырам і інш.) не займацца непасрэдна здабываннем сродкаў для свайго існавання — фіз. працай. У выніку разумовая праца стала прывілеяй асобных сац. слаёў — брахманаў у Стараж. Індыі, свабодных грамадзян у Стараж. Грэцыі і інш. Паводле утапічнай мадэлі ідэальнай дзяржавы Платона, разумовай працай мелі права займацца толькі яе кіраўнікі — філосафы. Супярэчнасць паміж гэтымі відамі працы са старажытнасці мела сац. карані, набыла антрапалагічныя і сац.-псіхал. аспекты і праходзіць праз усю гісторыю чалавецтва, своеасабліва праяўляецца ў розныя гіст.эпохі. Аднак такі падзел працы адыграў і пазітыўную ролю ў развіцці грамадства: вызвалены ад неабходнасці займацца паўсядзённай фіз. працай, пэўны сац. слой людзей атрымаў матэрыяльныя сродкі і магчымасць сканцэнтраваць энергію менавіта на разумовай працы, што дазволіла развіць інтэлект і стварыць складаны і важны прадукт мысліцельнай дзейнасці, які знайшоў увасабленне ў архітэктуры, мастацтве, музыцы, паэзіі і г.д. Самым значным дасягненнем работнікаў разумовай працы сталі навук.веды. У перыяд усталявання рыначных адносін сфарміравалася інтэлігенцыя — сац. слой людзей, разумовая праца для якіх стала прафес. родам заняткаў. Станоўчы ўплыў на развіццё разумовай працы зрабіла прамысл. рэвалюцыя, якая ахапіла прам-сць, сельскую гаспадарку і значна паўплывала на фіз. працу. Найб. дынамічнае развіццё разумовая праца атрымала ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якая запатрабавала ад чалавека развітога мыслення, глыбокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі — інтэлектуальнай працы. Праблема суадносін Р. і ф.п. захоўваецца і ў постіндустрыяльным грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮСТ (франц. buste),
пагрудная выява чалавека, адзін з найб. пашыраных відаў скульпт.партрэта.
Узнік у Стараж. Егіпце і Стараж. Грэцыі. Канчаткова склаўся ў партрэтным мастацтве Стараж. Рыма. Быў пашыраны ў мастацтве эпохі Адраджэння і новага часу (Данатэла, Л.Берніні, Ж.А.Гудон, А.Радэн і інш.). У Расіі бюсты стваралі Б.Растрэлі, Ф.Шубін, Н.Андрэеў, В.Мухіна, С.Лебедзева і інш.
На Беларусі помнікі-бюсты вядомыя з 17 ст. (М.К.Радзівілу ў фарным касцёле ў Нясвіжы). Значнае месца займаў бюст у творчасці бел. скульптараў 19 — пач. 20 ст. (К.Ельскі, Р.Слізень, А.Краснапольскі, В.Бубноўскі, Я.Астроўскі і інш.). У 1930-я — пач. 1940-х г.бел. скульптары стварылі бюсты дзеячаў рэв. руху і культуры: М.В.Фрунзе (А.Глебаў), Я.Купалы і Я.Коласа (абодва З.Азгур), Г.Грыгоніса (М.Керзін); у гады Вял.Айч. вайны — воінаў і партызан Л.М.Даватара (А.Грубэ), Ф.А.Смалячкова і М.Ф.Сільніцкага (абодва Азгур); у пасляваенны перыяд — П.Багрыма, К.Крапівы, М.Танка, Цёткі (А.Пашкевіч; усе Азгур), У.Уладамірскага (А.Глебаў), Я.Коласа (С.Селіханаў), М.Багдановіча (Г.Мурамцаў; Л.Гумілеўскі), Я.Купалы і Я.Коласа (абодва В.Занковіч), Л.І.Бяды, Ю.А.Гагарына, У.В.Кавалёнка, П.І.Клімука, Г.Ц.Берагавога (усе І.Міско), помнік-бюст Я.Купалу ў Араў-парку (г. Нью-Йорк, ЗША; скульпт. А.Анікейчык) і інш. У 1990-я г. ў Нясвіжскім парку ўстаноўлены бюст кн. Юрыю Нясвіжскаму, архітэктару Дж.Бернардоні (усе С.Гумілеўскі), кн. М.К.Радзівілу Сіротку, У.Сыракомлю, Т.Макоўскаму, Я.Коласу (усе М.Канцавы).
А.К.Лявонава, Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Бюст. Б.Растрэлі. Партрэт А.Д.Меншыкава. 1716—17.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ ШКО́ЛА,
у мастацтвазнаўстве ўмоўная назва маст. кафедраў (малюнка і жывапісу з 1797, скульптуры ў 1803—26, гравюры з 1805), якія дзейнічалі пры Віленскім ун-це ў 1797—1832. З 1803 кафедры наз. факультэтам жывапісу, скульптуры і гравюры, давалі маст. падрыхтоўку для паступлення ў акадэмію мастацтваў. Школа была цэнтрам маст. ведаў, адыграла вял. ролю ў развіцці літоўскай, бел. і польск. культур канца 18 — 1-й пал. 19 ст.
У Віленскай мастацкай школе выкладалі: малюнак і жывапіс Ф.Смуглевіч (1797—1807) і Я.Рустэм (1798—1831), скульптуру К.Ельскі (1811—26), гравюру Дж.Сандэрс (1810—19). Першая праграма школы, складзеная Смуглевічам, уключала 3 этапы навучання: капіраванне ўзораў класічнага мастацтва, заснаванага на «ідэальнай» прапорцыі мадэлі; маляванне з гіпсавых фігур; маляванне з жывой мадэлі (уведзена Рустэмам у 1815). У праграме ўвасобіліся прагрэсіўныя на той час прынцыпы, якія грунтаваліся на рэаліст. адлюстраванні рэчаіснасці. У 1820/22 навуч.г. ў Віленскай мастацкай школе вучыліся 45 жывапісцаў і 16 скульптараў, сярод якіх шмат выхадцаў з Беларусі. У 1820 у Вільні на выстаўцы твораў навучэнцаў школы было паказана 136 работ. У Віленскай мастацкай школе вучыліся мастакі І.Аляшкевіч, К.Бахматовіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель, В.Дмахоўскі, Г.Жукоўскі, К.Карсалін, Ю.Карчэўскі, К.Кукевіч, М.Кулеша, Н.Орда, К.Русецкі, К.Рыпінскі, В.Сляндзінскі, І.Хруцкі, А.Шэмеш, П.Ютэйка і інш. Светапогляд мастакоў — выхаванцаў Віленскай мастацкай школы фарміраваўся пад уплывам перадавых дэмакр. ідэй 1830-х г., іх творы былі сугучныя прагрэс. тэндэнцыям эпохі, адлюстроўвалі нац. асаблівасці, культ. традыцыі, побыт бел., літ., польск. народаў. Традыцыі школы развівалі і паглыблялі мастакі 2-й пал. 19 ст.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974. С. 14—26;
Яго ж. Роля Віленскай школы жывапісу ў развіцці выяўленчага мастацтва Беларусі першай палавіны 19 ст. // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1961. № 3.