АРХАЛА́КСІС (ад грэч. archē пачатак + allaxis змена),
адзін са спосабаў эвалюцыі, пры якім змена першапачатковай закладкі органа адбываецца на ранняй стадыі эмбрыягенезу і мяняе ўвесь далейшы ход яго развіцця. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1910) у сваёй тэорыі філэмбрыягенезу. Пры архалаксісе адбываецца адносна буйная скачкападобная змена будовы органаў і ўзнікаюць новыя органы, якіх не было ў продкаў. Па тыпе архалаксісу, напр., развіваецца закладка валасоў у зародкаў млекакормячых (інакш, чым плакоідная луска ў рыб або рагавая ў паўзуноў).
т. 1, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРУКО́Ў (Марат Паўлавіч) (н. 12.3.1938, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэорыі надзейнасці. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1960). З 1972 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі, адначасова з 1994 праф. Бел. тэхнал. ун-та. Навук. працы па імавернасным прагназаванні надзейнасці машын і іх тэхн. дыягностыцы на стадыі паскораных выпрабаванняў і эксплуатацыі.
Тв.:
Теория и расчет механизмов и их деталей. Мн., 1975;
Динамика и прогнозирующий расчет механических систем. Мн., 1980.
т. 3, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЧНАЙ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦІ І КАПІТА́ЛУ ТЭО́РЫЯ,
эканамічная тэорыя, паводле якой новае нарошчванне выдаткаў працы пры пэўным памеры капіталу дае больш нізкую прадукцыйнасць у параўнанні з папярэдняй, а кожнае новае павелічэнне капіталу пры нязменнай колькасці рабочых дае меншыя вынікі, чым папярэдняе. Узнікла ў канцы 19 ст. Яе заснавальнік Дж.Б.Кларк. Паводле гэтай тэорыі ў стварэнні прадукту ўдзельнічаюць 3 асн. фактары — праца, капітал і зямля, кожны з якіх у пэўнай ступені стварае вартасць; размеркаванне грамадскага прадукту ажыццяўляецца прапарцыянальна долі кожнага фактару.
т. 5, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́МЕР (Якаў Пінкусавіч) (10.8.1879 г. Брэст — 11.4.1933),
бел. матэматык. Д-р філасофіі (1912). Вучыўся ў Берлінскім, Марбургскім і Гётынгенскім ун-тах. У 1915—28 асістэнт А.Эйнштэйна ў Берліне. З 1928 праф. БДУ, адначасова з 1931 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі. Навук. працы па матэматыцы, агульнай тэорыі адноснасці і рэлятывісцкай механіцы.
Тв.:
Общая теория относительности и закон движения (разам з А.Эйнштэйнам) // Эйнштейн А. Собрание научных трудов: [Пер. с нем. и англ.]. М., 1966. Т. 2.
т. 5, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫН ((Green) Джордж) (14.7.1793, Снейнтан, цяпер у межах г. Нотынгем, Вялікабрытанія — 31.3.1841),
англійскі матэматык. Самастойна вывучаў матэматыку, потым скончыў Кембрыджскі ун-т (1837). Навук. працы па матэм. фізіцы. Развіў тэорыю электрычнасці і магнетызму, увёў паняцце патэнцыялу, устанавіў сувязь паміж інтэграламі па аб’ёме і па паверхні, што абмяжоўвае гэты аб’ём (гл. Грына формулы), вывеў асн. ўраўненне тэорыі пругкасці. Яго імем названа т.зв. функцыя распаўсюджвання (гл. Грына функцыя).
Літ.:
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. М., 1969.
т. 5, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЦЭ́ВІЧ (Аляксандр Канстанцінавіч) (н. 30.1.1953, Мінск),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1991), праф. (1995). Скончыў Іенскі ун-т імя Ф.Шылера (Германія; 1976). З 1976 у БДУ. Навук. працы па квантавай механіцы і агульнай тэорыі адноснасці. Распрацаваў тэорыю разліку квантава-мех. эфектаў для часціц са спінам 1/2 у неінерцыяльных сістэмах адліку і знешніх гравітацыйных палях.
Тв.:
Квантовая механика в общей теории относительности: Основные принципы и элементарные приложения. Мн., 1985.
А.І.Болсун.
т. 5, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСА́К (Аляксей Адамавіч) (н. 1.11.1927, в. Іванкаўшчына Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. матэматык. Канд. фіз.-матэм. н. (1956), праф. (1976). Скончыў БДУ (1952). З 1955 у БДУ. Навук. працы па тэорыі механізмаў, лікавых метадах, методыцы выкладання вышэйшай матэматыкі, гісторыі матэматыкі. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Вышэйшая матэматыка» (т. 1—2, 1976—78), «Задачы і практыкаванні па вышэйшай матэматыцы» (ч. 1—2, 1972—73) і інш.
Тв.:
Ряды и кратные интегралы. Мн., 1970;
Теория приближения функций: Ист. очерк. Мн., 1972.
т. 5, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖЫНЯ́ СВАБО́ДНАГА ПРАБЕ́ГУ,
сярэдні шлях, які праходзіць часціца (малекула, атам і г.д.) паміж двума паслядоўнымі сутыкненнямі з інш. часціцамі. Для звычайных малекулярных газаў пры нармальных умовах Д.с.п. ~0,1 мкм, што прыкладна ў 100 разоў перавышае сярэднюю адлегласць паміж малекуламі. Паняцце «Д.с.п.» ўзнікла ў кінетычнай тэорыі газаў і абагульнена на выпадак слаба ўзаемадзейных часціц, якія ўтвараюць газападобныя сістэмы (электронны газ у металах і паўправадніках, нейтроны ў слаба паглынальным асяроддзі і інш.). Выкарыстоўваецца пры разліках розных працэсаў пераносу (гл. Пераносу з’явы).
т. 6, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬДБАХА ПРАБЛЕ́МА,
праблема тэорыі лікаў, паводле якой кожны цотны лік, большы за 4, можна запісаць у выглядзе сумы двух простых лікаў (бінарная Гольдбаха праблема), а няцотны лік, большы за 5, — у выглядзе сумы трох простых лікаў (тэрнарная Гольдбаха праблема). Выказана акад. Пецярбургскай АН К.Гольдбахам (1742). У 1930 Л.Г.Шнірэльман даказаў тэарэму, што любы цэлы лік ёсць сума абмежаванай колькасці простых лікаў. Тэрнарную Гольдбаха праблему даказаў у 1937 І.М.Вінаградаў; бінарная Гольдбаха праблема не даказана.
В.І.Бернік.
т. 5, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРАШЭ́НКА (Віктар Іванавіч) (9.3.1921, г. Еўпаторыя, Рэспубліка Крым, Украіна, — 6.12.1980),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Качынскую ваен. авіяц. школу (1938), Ваен.-паветр. акадэмію (1952). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Паўн.-Зах., Волхаўскім і 1-м Укр. франтах. Нам. камандзіра палка, інспектар-лётчык па тэхніцы пілатавання і тэорыі палётаў маёр Е. зрабіў 216 баявых вылетаў, з іх 87 на разведку тылоў праціўніка. Да 1961 у Сав. Арміі, да 1977 у грамадз. авіяцыі.
т. 6, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)