МІЖНАРО́ДНЫ ЗВЫ́ЧАЙ,

правіла, якое склалася ў выніку працяглага выкарыстання ў адносінах паміж многімі або некаторымі дзяржавамі, але не замацаванае ў міжнар. дагаворах. З’яўляецца крыніцай права ў тых выпадках, калі адносіны не адрэгуляваны дагаворам міжнародным. Неабходнай умовай прызнання М.з. крыніцай права з’яўляецца прызнанне яго ўсімі або некаторымі дзяржавамі. Звычаі, у аснову якіх пакладзены прынцыпы суверэнітэту і роўнасці, абавязковыя для ўсіх краін; іншыя М.з. дзейнічаюць для дзяржаў, якія іх прызналі.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНЧУ́К (Рыгор Сяргеевіч) (24.1.1912, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. — 14.5.1944),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Варашылаўградскую ваен. авіяшколу пілотаў (1936), Ваен.-марскую акадэмію (1942). У Чырв. Арміі з 1934. Камандзір самалёта лейт. П. вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40, калі ў час бамбардзіроўкі свой ахоплены полымем самалёт пасадзіў у тыле ворага і вывеў экіпаж за лінію фронту. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Загінуў пры выкананні баявога задання.

Р.С.Пінчук.

т. 12, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ ЗМА́ЗКІ, кансістэнтныя змазкі,

высакавязкія мазі, якія атрымліваюцца ўвядзеннем у вадкія нафтавыя ці сінт. маслы цвёрдага загушчальніка (мыла, парафіну, сілікагелю, сажы і інш.). Вызначаюцца высокай т-рай кроплепадзення, добрым прыліпаннем да паверхняў трэння, стабільнасцю ўласцівасцей. Найб. пашыраны: графітная і чыгуначная П.з., кансталін, літол, салідол і інш. Выкарыстоўваюць для змазвання вузлоў механізмаў (калі падача вадкай змазкі немагчыма), для кансервацыі розных дэталей і механізмаў пры іх працяглым захоўванні і транспартаванні.

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА ПРЫТУ́ЛКУ,

права на ўезд і пражыванне, якое даецца дзяржавай замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія на нявызначаны час застаюцца на тэрыторыі дадзенай дзяржавы, калі на радзіме яны церпяць праследаванне за паліт., рэліг. і інш. перакананні або нац. прыналежнасць. Дазвол на прытулак не цягне за сабой аўтаматычнага набыцця грамадзянства краіны. П.п. ў Рэспубліцы Беларусь замацавана ў арт. 12 Канстытуцыі. Асобам, абвінавачаным у крымінальных ці інш. злачынствах, П.п. не прадастаўляецца.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРЭ́ЧЫШЧАВЫ ВАЛ,

спадзісты вал, які ўтвараецца ў выніку акумуляцыі рачных наносаў (пераважна пяску і гліны) у поймах рэк. Большая ч. матэрыялу адкладваецца ў час разводдзя, калі рака выходзіць з рэчышча на пойму і губляе на мелкаводдзі скорасць цячэння. Выш. П.в. 1—2 м (у вял. раўнінных рэк да 5—6 м і больш), часам яны ўтвараюць прыродныя дамбы шыр. да некалькіх дзесяткаў метраў. Найб. уласцівы сярэдняму і ніжняму цячэнню рэк.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШЫ́ДАЎ (Рашыд Меджыдавіч) (н. 1.5.1928, Ванашы-Махі, Дагестан),

даргінскі паэт. Нар. паэт Дагестана (1978). Скончыў Дагестанскі пед. ін-т (1949). Друкуецца з 1945. Аўтар зб-каў вершаў для дзяцей «Маё шчасце» (1948), «Кураняты» (1956), «Водар сонца» (1963), «Калі заснулі пчолы» (1968), «Суседзі смяюцца» (1969), «Ранняй восені колеры» (1972), «Свой лёс» (1975), «Яснее дзень» (1980), «Іней» (1985). Перакладае А.​Пушкіна, М.​Лермантава, М.​Горкага і інш. Дзярж. прэмія Дагестана 1970.

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МАН (Сяргей Дзям’янавіч) (24.9.1917, г. Ейск Краснадарскага краю, Расія — 24.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1943. Стралок радавы Р. 1-га Бел. фронту вызначыўся ў Бел. аперацыі 1944 у баі каля в. Пружынішчы Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., калі першы ўзняўся ў атаку, натхняючы байцоў асабістым прыкладам; паранены, у рашаючы момант атакі закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота.

С.​Дз.Роман.

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКЛАМА́ЦЫЯ (ад лац. reclamatio пярэчанне, неадабрэнне),

абгрунтаваная прэтэнзія спажыўца (заказчыка) на выяўленыя недахопы ў атрыманай ад даўжніка (вытворцы, пастаўшчыка, падрадчыка) прадукцыі ці ў выкананай рабоце. Прад’яўляецца даўжніку, калі якасць ці колькасць тавару, выкананая работа не адпавядаюць умовам дагавора, парушаюцца тэрміны пастаўкі тавару або парадак плацяжоў. Паслядоўнасць афармлення і прад’яўлення Р. ўстанаўліваецца пры заключэнні дагавора. Р. можа патрабаваць ліквідаваць выяўленыя недахопы, знізіць цану, замяніць дэфектны выраб ці кампенсаваць прычыненыя спажыўцу (заказчыку) страты.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЗЛУ́ЧАНЫЯ САСУ́ДЫ, спалучальныя сасуды,

сасуды, якія ў ніжняй частцы злучаны паміж сабой. У С.с. аднародная вадкасць устанаўліваецца на аднолькавым узроўні незалежна ад формы сасудаў. На гэтым заснавана дзеянне вадкаснага манометра, вадамернага шкла паравых катлоў і інш. Калі ў С.с. наліты вадкасці розных шчыльнасцей (ρ1 і ρ2), то яны ўстанаўліваюцца на розных узроўнях у адпаведнасці з суадносінамі ρ1h1 = ρ2h2.

Да арт. Сазлучаныя сасуды: ρ1, ρ2 — шчыльнасці вадкасцей; h1, h2 — вышыні ўзроўняў вадкасцей.

т. 14, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАЎПРА́ЎСТВА,

злачынства супраць парадку кіравання. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь заключаецца ў самавольным ажыццяўленні асобай свайго сапраўднага або мяркуемага права, якое ўчынена з парушэннем устаноўленага прававым актам парадку і прычыніла шкоду ў буйным памеры, істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, ці дзярж. грамадскім інтарэсам. С. таксама лічыцца адм. правапарушэнне, якое ўяўляе сабой самавольнае ажыццяўленне свайго сапраўднага або мяркуемага права, калі дзеянні парушальніка не пацягнулі пазначаных вышэй вынікаў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 14, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)