АПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. oppositio проціпастаўленне, пярэчанне),
1 супраціўленне, нязгода, процідзеянне, проціпастаўленне адных поглядаў, палітыкі інш. поглядам, палітыцы.
2) Агульная назва партый, арг-цый, грамадскіх рухаў і аб’яднанняў, дзейнасць і погляды якіх проціпастаўлены поглядам большасці або пануючай думцы. Існуе ў парламентах, партыях. Парламенцкая апазіцыя складаецца з партый і паліт. груп, якія не маюць большасці месцаў у парламенце і не ўдзельнічаюць у фарміраванні ўрада. Па шэрагу пытанняў выступае супраць палітыкі ўрада, з крытыкай яго дзеянняў. Можа фарміраваць ценявы кабінет міністраў на выпадак прыходу да ўлады. Унутрыпартыйная апазіцыя — парт. групоўкі, якія па некаторых прынцыповых пытаннях палітыкі партыі выступаюць са сваім пунктам гледжання і праграмай дзеяння, супрацьстаяць прынятаму большасцю курсу партыі, яе кіраўніцтву. Можа разглядацца як аснова для ўтварэння новай партыі. Апазіцыя — неабходная ўмова мірнага, здаровага развіцця грамадства. У бел. парламенце ўпершыню пра стварэнне апазіцыі абвешчана ў 1990 на 1-й сесіі Вярх. Савета Беларусі, дзе ў апазіцыі да палітыкі ўрада выступілі Бел.нар. фронт «Адраджэньне», Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Бел.сац.-дэмакр. грамада і інш. Прадстаўнікі апазіцыі прымаюць удзел у заканатворчым працэсе, прапануюць шляхі ўмацавання суверэнітэту, незалежнасці дзяржавы, паглыблення рыначных адносін, духоўнага адраджэння і кансалідацыі нацыі і інш.
хімічныя рэакцыі, пры якіх адбываецца пераход электронаў ад атамаў, малекул ці іонаў аднаго злучэння да атамаў, малекул і іонаў другога. Паводле электроннай тэорыі акісленне вызначаецца як страта (напр., Zn−2e = Zn2+), а аднаўленне як далучэнне (напр., Cl2 + 2e = 2Cl–) электронаў. Рэчыва, якое далучае электроны, наз. акісляльнікам, а якое іх страчвае — аднавіцелем. Акісленне-аднаўленне ўзаемазвязаныя працэсы, якія адбываюцца адначасова: Zn + Cl2 = Zn Cl2 (Zn аднавіцель, акісляецца да Zn2+, а Cl2 акісляльнік, аднаўляецца да 2Cl–). Важнейшыя акісляльнікі: кісларод, хлор, пераксід вадароду, марганцавакіслы калій і інш. Аднаўляльнікі: вугаль, вадарод, ёдзісты калій, аксід вугляроду і інш. Пры складанні ўраўненняў акіслення-аднаўлення ўлічваецца электраадмоўнасць атамаў (здольнасць атама ў малекуле прыцягваць і ўтрымліваць электроны) і акіслення ступень. Перамяшчэнне электронаў у акісленні-аднаўленні адбываецца за кошт розніцы энергій сувязі, у аднаўляльніку электроны звязаны слабей. Рэакцыямі акіслення-аднаўлення карыстаюцца пры атрыманні металаў і неметалаў, розных хім. прадуктаў (аміяку, азотнай і сернай кіслот і інш.), яны ляжаць у аснове гарэння ўсіх відаў паліва, карозіі металаў, электролізу раствораў і расплаваў, дзеянняхім. крыніц току. Уласціва біял. сістэмам (гл. ў арт.Акісленне біялагічнае, Фотасінтэз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНАТАМЁТ,
пераважна пераносная агнястрэльная зброя, прызначаная для паражэння браніраваных цэляў, жывой сілы і тэхнікі праціўніка гранатай.
Гранатамёты бываюць: дынамарэактыўныя (пач. скорасць гранаце надае энергія газаў, якія ўтвараюцца пры згаранні стартавага зарада ў ствале), рэактыўныя (скорасць гранаты забяспечваецца сваім рэактыўным рухавіком), актыўныя і актыўна-рэактыўныя (скорасць забяспечваецца зарадам, які згарае ў ствале, закрытым з казённай часткі); ручныя, вінтовачныя (ружэйныя), станковыя і інш.; процітанкавыя і проціпяхотныя; гладкаствольныя і наразныя, з раздымнымі і складанымі стваламі. Ручныя прыстасаваны для стральбы з рук або сошак; вінтовачныя — для стральбы з вінтоўкі або аўтамата пераважна проціпяхотнымі вінтовачнымі гранатамі за кошт энергіі халастога або баявога патрона. Эфектыўная і прыцэльная далёкасць стральбы вінтовачных гранатамётаў адпаведна да 100 і 400 м, ручных да 500 і 1000 м, станковых да 1 і 2 км; калібр ручных гранатамётаў 30—112 мм, маса звычайна 8 кг; баявая скарастрэльнасць станковых да 100 стрэлаў за мінуту (такія гранатамёты могуць устанаўлівацца на танках, бронетранспарцёрах, баявых машынах пяхоты, верталётах, катэрах і інш.). Ручныя гранатамёты з’явіліся ў гады 2-й сусв. вайны: «Базука» (ЗША), фаустпатрон (аднаразовага дзеяння, Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЯЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для выдалення камянёў пры ачыстцы с.-г. угоддзяў, буд-ве дарог, гідратэхн. збудаванняў і інш. Бываюць прычапныя і паўпрычапныя. навясныя і паўнавясныя, цыклічнага і бесперапыннага дзеяння.
Буйныя і сярэдняга памеру камяні выдаляюць карчавальнікамі, карчавальнікамі-збіральнікамі, машынамі са сківічным захопам, бульдозерамі, валуны — ланцуговымі або тросавымі прыстасаваннямі. Камяні сярэдніх памераў і часткова дробныя ўбіраюць паўпрычапной аднавосевай машынай з грабеньчатым рабочым органам (агрэгатуецца з трактарам «Беларусь»), Збіранне камянёў робяць прачэсваннем верхняга слоя глебы. Паднятыя грэбенем камяні скідваюцца ў бункер, а потым у прычэп ці на пляцоўку складзіравання. Дробныя камяні (дыям. да 30 см) выбіраюць машынамі з грабеньчатымі, ротарнымі, барабаннымі, элеватарнымі, грохатнымі, дыскавымі і камбінаванымі рабочымі органамі. Ёсць таксама К.м. для адначасовай уборкі і драблення камянёў. Камяні ў трансп. сродкі грузяць каўшовымі, грэйфернымі і інш. пагрузчыкамі, з поля вывозяць рознымі прычэпамі-самазваламі, лыжамі-самазваламі і інш.
І.І.Леановіч.
(Каменяўборачныя машыны: а — навясная з пярэднім сківічным захопам (1 — трактар, 2 — зубы, 3 — верхнія захопы, 4 — гідрацыліндры, 5 — заднія зубы); 6 — прычапная (1 — гідрасістэма павароту бункера, 2, 3 — хадавыя колы, 4 — грэбень; I — збіранне камянёў, II — пагрузка іх у бункер, III — выгрузка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́ЦКІ (Фёдар Мікалаевіч) (н. 10.1.1930, в. Селівонаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. хімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1994; чл.-кар. 1989), д-рхім.н. (1984), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1954), дзе і працаваў з 1956 (у 1964—65 у Дзярж. к-це СМБССР па каардынацыі н.-д. работы). З 1973 нам., з 1977 першы нам. міністра вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі БССР. З 1989 прарэктар, з 1990 рэктар БДУ. З 1996 у НДІ фіз.хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па структурнай і хім. мадыфікацыі цэлюлозы і яе вытворных. Распрацаваў фіз.-хім. асновы атрымання матэрыялаў тэхн. прызначэння на аснове вытворных цэлюлозы (аксіды металаў, высокатэмпературныя звышправаднікі); тэхналогію вытв-сці лек. прэпаратаў пралангаванага дзеяння, лакафарбавых матэрыялаў з адходаў нафтаперапрацоўкі; метады атрымання сумесных раствораў цэлюлозы з сінт. палімерамі і ўмовы іх перапрацоўкі ў валокны і плёнкі.
Тв.:
Лекарственные препараты на основе производных целлюлозы. Мн., 1989 (разам з Т.Л.Юркштовіч);
Катионный олигомер пиперилена: синтез, свойства и применение. Мн., 1997 (разам з В.П.Мардыкіным).
Літ.:
Ф.Н.Капуцкий // Вестн. БГУ. Сер. 2. Химия. Биология. География. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАСТРО́ФА (ад грэч. katastrophē пераварот, паварот, канец, гібель),
раптоўнае вялікае бедства; падзея, якая цягне за сабой трагічныя вынікі: разбурэнні, знішчэнні, гібель людзей. Вылучаюць К.: прыродныя (землетрасенне, вывяржэнне вулкана і інш.), экалагічныя (гл.Катастрофа экалагічная), тэхналагічныя (аварыі, крушэнні чыгуначныя, авіякатастрофы), сацыяльныя (напр., гібель Рымскай імперыі, распад СССР), асобасныя (смерць блізкага чалавека, забойствы, самазабойствы і інш.). Па маштабах дзеяння К. падзяляюць на лакальныя, рэгіянальныя, краінныя, глабальныя. Некаторыя з іх з’яўляюцца унікальнымі, напр.Чарнобыльская катастрофа 1986, па прычынах яна тэхналагічная, па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе — экалагічная, па наступствах для здароўя і жыцця людзей, разбурэнні іх ладу жыцця — сацыяльная, па маштабах уздзеяння на ўсе сферы жыцця і мыслення людзей — глабальная. Такога роду К. могуць адбывацца ў выніку прымянення ядзернай і інш. зброі масавага паражэння, ракетна-ядзернай вайны і інш. У сучасных умовах вялікае значэнне мае навук. прадказанне К. (землетрасенняў, вывяржэнняў вулканаў, сутыкненняў Зямлі з вялікімі касмічнымі целамі і інш.). Розныя тыпы К. з’яўляюцца аб’ектам даследавання катастроф тэорыі. У Рэспубліцы Беларусь папярэджваннем і пераадольваннем наступстваў К. займаецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
крыніца эл.-магн. хваль, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні з’явы вымушанага выпрамянення. К.г., што працуюць у радыёдыяпазоне спектра, наз.мазерамі, у аптычным дыяпазоне (інфрачырвоным, бачным, ультрафіялетавым) — лазерамі. Выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, тэхнікі, медыцыны.
Асн элементы К.г.: актыўнае рэчыва, крыніца ўзбуджэння (пампоўка) і аб’ёмны рэзанатар. Пампоўка, якая ажыццяўляецца аптычнымі, эл. і хім. метадамі, пераводзіць актыўнае рэчыва ў інверсны стан (гл.Інверсія ў фізіцы), і яно набывае ўласцівасць узмацняць эл.-магн. выпрамяненне. Рэзанатар служыць для ўтварэння дадатнай адваротнай сувязі: частка выпрамянення з дапамогай люстэркаў вяртаецца ў актыўнае рэчыва і там зноў узмацняецца. Калі сярэдні каэфіцыент узмацнення перавышае сярэдні каэфіцыент страт рэзанатара, то ў сістэме ўзнікае генерацыя выпрамянення (напр., лазерны прамень), для якога характэрны высокая накіраванасць, кагерэнтнасць і ў большасці выпадкаў высокая монахраматычнасць. Радыяцыя К.г. можа быць неперарыўнай або ў выглядзе імпульсаў кароткай і звышкароткай (да некалькіх фемтасекунд) і адпаведна звышвялікай магутнасці (да некалькіх гігават і больш). У многіх выпадках рэжым генерацыі стацыянарны. У якасці актыўных асяроддзяў К.г. выкарыстоўваюць цвёрдыя целы (рубін, паўправаднікі), вадкасці (растворы арган. злучэнняў), газы (гл.Газавы лазер). Гл. таксама Малекулярны генератар.
Літ.:
Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 1—2. Мн., 1966—68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС ЗАКО́НАЎ АБ ПРАЦЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КЗаП),
адзіны заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы працоўнага права, што дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь. Рэгулюе адносіны, заснаваныя на працоўным дагаворы і звязаныя з удзелам работнікаў і іх прадстаўнікоў у кіраванні прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі; у арганізацыі працы, у дзейнасці прафсаюзаў і вядзенні калект. перагавораў, у прафес. падрыхтоўцы работнікаў на вытв-сці, забеспячэнні занятасці насельніцтва; кантроль і нагляд за выкананнем прац. заканадаўства. Зацверджаны законам 23.6.1972 і дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі ў рэдакцыі законаў ад 15.12.1992, 16.7.1993, 2.2.1994, 6.9.1995. Складаецца з 19 глаў і 257 артыкулаў. У Кодэксе выкладзены агульныя палажэнні, вызначана сфера дзейнасці заканадаўства аб працы, замацаваны асн. правы работнікаў; рэгламентуюцца пытанні заключэння і дзеяннякалект. і прац. дагавораў, адпачынку, рабочага часу, зарплаты, яе форм, сістэм і памераў; вызначаюцца ўмовы прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці за прычыненую імі матэрыяльную шкоду наймальніку, прац. дысцыпліны, аховы працы; вызначаюцца абавязкі работнікаў і наймальніка, устанаўліваюцца віды ўзнагароджанняў і спагнанняў. Спец. главы прысвечаны працы жанчын і моладзі, працы асобных катэгорый работнікаў, у т. л. на сумесных і замежных прадпрыемствах, працы на кантрактнай аснове, правам прафес. саюзаў, дзярж.сац. страхаванню і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОВАСПЫНЯ́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,
антыгемарагічныя, гемастатычныя сродкі, лекавыя, фармакалагічныя рэчывы, якія ўжываюцца для спынення крывацёкаў. Бываюць мясц. (непасрэдны кантакт з кроватачывай тканкай) і агульнага, рэзарбцыйнага (увядзенне ў арганізм унутрывенна, падскурна і інш.) дзеяння. Да К.с. мясцовага ўздзеяння належаць трамбін, гемастатычная губка і рэчывы, якія каагулююць бялкі (танін, танальбін, тромбапласцін, оксіцэладэкс і інш.), солі цяжкіх металаў у невял. колькасцях (жалеза хларыд, медзі сульфат, прэпараты вісмуту, серабра нітрат, цынку хларыд), часта ўжываюць калію перманганат, галын, перакіс вадароду, фармальдэгід, ёд і інш. Да К.с. агульнага ўздзеяння належаць вітамін K (вікасол), 10 %-ны раствор хларыду кальцыю, лек. сродкі, якія звужаюць перыферыйныя сасуды (адрэналін, глюкакортыкастэроіды, эфедрын, метазон і інш.). Кроваспыняльны эфект дае пераліванне крыві (або плазмы), эрытрацытнай і трамбацытарнай масы крыві. Пры крывацёках, звязаных з парушэннем пранікальнасці капіляраў, ужываюць аскарбінавую к-ту, руцін, жэлацін, дыцынон і інш. Як гемастатыкі выкарыстоўваюць эпсілонамінакапронавую к-ту, авамін, кантрыкал і інш. Пры дрэннай згусальнасці крыві ўжываюць фібрынаген, антыгемафільныя глабуліны, крыяпрэцыпітат і інш. У якасці К.с. карыстаюцца прэпаратамі з розных раслін: арнікі, вадзянога перцу, каліны, кары дубу, крапівы, крываўніку, купальніку горнага, ліста шалфею. Да К.с. належаць таксама матачныя сродкі для спынення матачных крывацёкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЗІ́НІ ((Mazzini) Джузепе) (22.6.1805, г. Генуя, Італія — 10.3.1872),
дзеяч італьян.рэв. і нац.-вызв. руху, правадыр рэсп. крыла Рысарджымента. Юрыст. Скончыў ун-т у Генуі. З 1827 чл.т-вакарбанарыяў. У 1830 арыштаваны і высланы, знаходзіўся ў эміграцыі. Засн. тайную арг-цыю «Маладая Італія» (1831), мэтай якой было аб’яднанне Італіі на рэсп. пачатках, міжнар.рэв. арг-цыю «Маладая Еўропа» (1834) і «Інтэрнацыянальны саюз народаў» (1846). У час рэвалюцыі 1848—49 выдаваў у г. Мілан рэсп.газ. «L’Italia del Popolo» («Італія Народа»), змагаўся ў атрадзе Дж.Гарыбальдзі, узначальваў (сак.—ліп. 1849) рэв. ўрад Рым. рэспублікі. У 1853 заснаваў рэсп. «Партыю дзеяння». Садзейнічаў вызв. паходу Гарыбальдзі на Пд Італіі (1860). У 1860-я г. М. і яго прыхільнікі імкнуліся ўцягнуць італьян. рабочых у патрыят. рух за далучэнне Венецыі да Італіі, прапагандавалі мірны шлях дасягнення сац. роўнасці (праз стварэнне рабочымі спажывецка-вытв. арг-цый), з 1867 узмацнілі агітацыю за ўстанаўленне рэсп. ладу. У 1870 пры спробе аказаць дапамогу рэсп. паўстанню на в-ве Сіцылія М. арыштаваны ўладамі і высланы з краіны. У 1872 вярнуўся ў Італію.
Літ.:
Кирова К.Э. Жизнь Джузеппе Мадзини (1805—1872). М., 1981.