ПАДРА́ДЧЫК,
юрыдычная або фіз. асоба, якая выконвае пэўны від работ у сваёй краіне або за мяжой на аснове дагавора падраду, заключанага з заказчыкам. Для вядзення работ (напр., будаўніча-мантажных на аб’ектах капітальнага буд-ва) П. звычайна мае асн. і абаротныя сродкі, кадры і інш. рэсурсы, ажыццяўляе дзейнасць на аснове гасп. (камерцыйнага) разліку, знаходзіцца на самастойным балансе і дзейнічае па зацверджаным статуце (палажэнні). П. розных відаў работ падпарадкоўваюцца генеральнаму П. (генпадрадчыку), які можа перадаваць спец. работы (напр., сан.-тэхн.) субпадрадчыкам (інш. прадпрыемствам, арг-цыям), заключаючы з імі дагаворы субпадраду.
У.Р.Залатагораў.
т. 11, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЎНО́ЧНЫ ПО́ЛЮС»,
«ПП», навуковыя абсерваторыі на дрэйфуючых ільдзінах Паўн. Ледавітага ак. Вынікі назіранняў станцый «ПП» выкарыстоўваюцца для прагназіравання надвор’я і лядовых умоў суднаходства на Паўночным марскім шляху. «ПП-1» арганізавана ў маі 1937 у раёне Паўн. полюса пад кіраўніцтвам І.Дз.Папаніна. Працавалі: «ПП-22» (1973—82), «ПП-23» (1975—78), «ПП-24» (1978—80), «ПП-25» (1981—84), «ПП-26» (1983—86), «ПП-27» (1984—87), «ПП-28» (1986—88), «ПП-29» (1987—88), «ПП-30» (1987—91), «ПП-31» (1988—91). У 1990-х г. дзейнасць такіх абсерваторый часова спынена.
т. 12, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЦІ́НІ (Pertini) Алесандра (Сандра; 25.9.1896, Стэла, Італія — 24.2.1990),
італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, публіцыст. З 1918 чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі (ІСП). У 1927—35 зняволены, у 1935—43 сасланы за антыфаш. дзейнасць. У 1943 разам з П.Нэні і Дж.Сарагатам удзельнічаў у аднаўленні ІСП. У канцы 2-й сусв. вайны адзін з кіраўнікоў італьян. руху Супраціўлення. У 1945—46 і 1950—52 гал. рэдактар органа ІСП газ. «Avanti» («Наперад»). З 1948 сенатар, у 1953—78 дэп. парламента, у 1968—73 прэзідэнт палаты дэпутатаў. У 1978—85 прэзідэнт Італіі. З 1985 пажыццёвы сенатар.
т. 12, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРС (Peare) Пітэр (22.6.1910, г. Фарнем, Вялікабрытанія — 1986),
англ. спявак (лірыка-драм. тэнар). Скончыў Каралеўскі муз. каледж у Лондане (1934). Творчую дзейнасць пачаў у 1933 у Лондане. Саліст т-раў «Сэдлерс-Уэлс» (1943—46) і «Ковент-Гардэн» (1948). Сумесна з Э.Б.Брытэнам заснаваў Англ. оперную трупу (1947). Першы выканаўца гал. партый у операх Брытэна, з якім гастраліраваў як камерны спявак: Пітэр Граймс (1945), Альберт Херынг (1945), Білі Бад (1951; усе аднайм. творы), а таксама твораў інш. сучасных англ. кампазітараў. Адзін з арганізатараў фестывалю сучаснай англ. музыкі ў Олдбара (з 1948).
т. 12, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕНАЛО́ГІЯ медыцынская,
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае выкарыстанне рэнтгенаўскага выпрамянення для даследавання будовы і функцыі органаў і сістэм, дыягностыкі хвароб чалавека і жывёл. Дае магчымасць вывучаць дзейнасць розных органаў, сачыць за дынамікай паталаг. працэсаў, выяўляць раннія формы захворванняў, якія працякаюць скрыта (напр., пухліны) і інш. Узнікла пасля адкрыцця рэнтгенаўскіх прамянёў (1895). Асн. раздзелы — рэнтгенадыягностыка (распрацоўвае пытанні распазнавання пашкоджанняў і захворванняў розных органаў), мед. рэнтгенатэхніка (рэнтгенаўская апаратура); таксама ваенна-палявая Р. (арганізацыя, тэхн. аснашчэнне, методыкі рэнтгеналагічнага даследавання хворых у палявых умовах). У Р. выкарыстоўваецца лічбавая апрацоўка рэнтгенаўскіх відарысаў (гл. Рэнтгенаграмаметрыя).
т. 14, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЭСПУ́БЛІКА»,
грамадска-палітычная газета. Выдаецца з чэрв. 1991 у Мінску на бел. і рус. мовах штодзённа. Заснавальнік — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. жыцця краіны, праблемы эканомікі, культуры, навукі, адукацыі, спорту, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Што людзі пішуць», «Дыялог», «Званы госць», «Падрабязнасці», «Яшчэ не вечар», «Алімпія», «Прамая лінія» і інш. Публікуе пастановы СМ рэспублікі, распараджэнні прэм’ер-міністра, інш. прававыя акты рэсп. органаў. Мае рэгулярныя дадаткі «Рэспубліка дзелавая» і «Усё аб падатках», асобным тыражом выходзяць «Вести потребкооперации».
У.Ф.Нікалайчук.
т. 14, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЕТ», «Сьвет»,
газета Беларускага рабоча-сял. пасольскага клуба «Змаганне». Выдавалася з 22.6 да 29.7.1929 у Вільні на бел. мове штотыднёва. Асвятляла розныя бакі жыцця насельніцтва Зах. Беларусі. Друкавала матэрыялы пра эканам. і паліт. ўціск, звязаны з пачаткам сусв. эканам. крызісу і пашырэннем у Еўропе, у т. л. і ў Польшчы, нацыянал-сацыялізму. Паведамляла пра беспрацоўе, масавыя паліт. кампаніі да Дня барацьбы за мір (1 жніўня), дзейнасць гурткоў ТБШ, кааператываў, прафсаюзаў, разгромленую ўладамі Грамаду, фашызацыю грамадства, пагрозу вайны. Выйшла 8 нумароў, 6, 7, 8-ы нумары канфіскаваны. Закрыта ўладамі.
С.В.Говін.
т. 14, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЯШЧЭ́ННАЯ ДРУЖЫ́НА»,
«добраахвотная ахова», тайная арг-цыя, створаная прыдворнай арыстакратыяй у Расіі ў 1881 для барацьбы з рэв. рухам. Засн. пасля замаху нарадавольцаў на цара Аляксандра II (гл. таксама І.Я.Грынявіцкі). Гал. яе кіраўнікі П.П.Шувалаў, І.І.Варанцоў-Дашкаў і інш.; у склад уваходзілі вял. князі, міністры, генералы. Арг-цыя мела разгалінаваную агентуру ў Расіі і за мяжой, двайную канспірацыю. Удзельнікі «С.д.» грамілі падп. друкарні, наладжвалі паліт. вышук; з правакацыйнымі мэтамі выдавалі ў Жэневе газ. «Вольное слово» і «Правда». У канцы 1882 дзейнасць «Сд.» спынена.
т. 14, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́ПАС (Skopas),
старажытнагрэчаскі скульптар і архітэктар 4 ст. да н.э. Ураджэнец в-ва Парас. Творчая дзейнасць прыпадае на 380—330 да н.э. Працаваў у Атыцы, у гарадах Грэцыі і М.Азіі. Работы: храм Афіны ў Тэгеі са скульпт. кампазіцыямі на франтонах (захаваліся фрагментарна), мармуровы фрыз маўзалея ў Галікарнасе), у рым. копіях — статуі «Менада», «Малады Геракл», «Мелеагр», «Потас». Мастацтва С. прасякнута драм. пафасам, у вобразах раскрываюцца моцныя душэўныя пачуцці, барацьба страсцей. Творчасць С. паўплывала на скульптараў эпохі элінізму (гл. Эліністычнае мастацтва).
Літ.:
Чубова А.П. Скопас. Л.;
М., 1959.
т. 14, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЛО́ВА ПРА́ЦЫ»,
газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку. Выходзіла з 5 да 31.10.1928 у Вільні на бел. мове. Асвятляла паліт. і эканам. становішча зах.-бел. працоўных, паказвала ўзмацненне рэпрэсій польскіх улад супраць народаў нац. ускраін пасля выбараў у польскі сейм і сенат. Шмат увагі аддавала барацьбе вучняў Віленскай бел. гімназіі супраць паланізацыі зах.-бел. народа, бел. школы. Пісала пра сял. забастоўкі, дзейнасць Т-ва бел. школы, пра яго барацьбу за нац. адраджэнне бел. народа. Друкавала маст. творы, вершы М.Васілька. Выйшла 9 нумароў, 5 канфіскаваны. Закрыта польскімі ўладамі.
С.В.Говін.
т. 15, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)