ГРАБО́ЎСКІ Павел Арсенавіч (11.9.1864, в. Грабоўскае Сумскай вобл., Украіна — 12.12.1902),

украінскі паэт, рэв. дэмакрат. У 1874—82 вучыўся ў Ахтырскім духоўным вучылішчы і Харкаўскай духоўнай семінарыі. Удзельнік харкаўскай групы «Чорнага перадзелу». У 1882 за рэв. агітацыю арыштаваны і сасланы на катаргу. Каля 20 гадоў правёў у сібірскіх турмах і ссылцы. Майстар кароткага верша, насычанага глыбінёй думкі і пачуццяў (зб-кі «Пралеска», 1894; «З Поўначы», 1896; «Кобза», 1898). У творах адлюстроўваў мінулае і сучаснае Украіны, героіку рэв. барацьбы. Як крытык і публіцыст выступаў супраць дэкадэнцтва, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва», апалітычнасці ў маст. творчасці, ліберальнага народніцтва, сцвярджаў прынцыпы рэалізму. Пісаў для дзяцей. Перакладаў з рус., груз., арм., балг., польск., англ., італьян., франц. і інш. моў свету (зб. «З чужога поля», 1895).

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—3. Київ, 1959—60;

Рус. пер. — Избранное. М., 1964.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙНІЧ Міхаіл Леанардавіч (падп. псеўд. Кяльчэўскі Іван Міхайлавіч, Вільфрэд і інш.; 31.10.1865, г. Цяльшай, Літва — 17.3.1930),

дзеяч народніцкага і польскага сацыяліст. руху. Муж Э.Л.Войніч. Вучыўся ў Шаўляйскай і Сувалкаўскай гімназіях, Віленскім рэальным вучылішчы. Вёў рэв. работу ў Расіі, Польшчы, на Беларусі і Украіне. Разам з гродзенскімі нарадавольцамі і дзеячамі польскай рабочай партыі «Пралетарыят» удзельнічаў у падрыхтоўцы плана ўцёку паліт. зняволеных з варшаўскай цытадэлі. У 1885 арыштаваны, высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. З 1890 у Англіі. Удзельнічаў у выданні час. «Free Russia» («Свабодная Расія»), адзін з заснавальнікаў у 1891 Фонду вольнай рускай прэсы. Перапісваўся з Г.​В.​Пляханавым, В.​І.​Засуліч, П.​Л.​Лаўровым. У 1894 разам з жонкай стварыў «Саюз кніганош» з мэтай дастаўкі рэв. л-ры ў Рас. імперыю. У канцы 1890-х г. адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1920 у ЗША.

В.​М.​Чарапіца.

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ УСЕРАСІ́ЙСКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых і салдацкіх дэпутатаў,

адбыўся 7—9.11(25—27.10).1917 у Петраградзе. Прысутнічала 649 дэлегатаў, 390 бальшавікоў, 160 эсэраў, 72 меншавікі, 14 аб’яднаных інтэрнацыяналістаў, у т. л. ад Беларусі і салдат Зах. фронту 51 дэлегат. Парадак дня: 1) аб арганізацыі ўлады; 2) аб вайне і міры; 3) аб зямлі. У 3 гадз 10 мін 8 ліст. (26 кастр.) з’езд атрымаў вестку, што ўзяты Зімні палац і арыштаваны Часовы ўрад. Меншавікі, правыя эсэры і бундаўцы (каля 70 чал.) адмовіліся прызнаць сацыяліст. рэвалюцыю і пакінулі з’езд. З’езд прыняў напісаную У.​І.​Леніным адозву «Рабочым, салдатам і сялянам!», якая абвяшчала пераход улады ў рукі Саветаў. Прыняў Дэкрэты аб міры і аб зямлі, рашэнне аб пераходзе ўлады на месцах да Саветаў і інш. На з’ездзе створаны першы сав. ўрад — Савет Народных Камісараў на чале з Леніным.

т. 6, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́ЛАЎ Лаўр Георгіевіч (30.8.1870, г. Каркаралінск Карагандзінскай вобл., Казахстан — 13.4.1918),

расійскі ваен. дзеяч, адзін з лідэраў белай гвардыі. Ген. ад інфантэрыі (1917). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1892) і Акадэмію Генштаба (1898). Удзельнік pyc.-яп. вайны 1904—05. У 1907—11 ваен. аташэ ў Кітаі. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 48-й пях. дывізіяй (да 1915), стралк. корпусам (1916), войскамі Петраградскай ваен. акругі (сак. — крас. 1917), 8-й арміяй і Паўд.-Зах. фронтам. З 19.7(1.8) да 27.8(9.9).1917 вярх. галоўнакамандуючы. Намагаўся ўстанавіць ваен. дыктатуру (гл. Карнілава мяцеж 1917). 2(15).9.1917 арыштаваны Часовым урадам, зняволены ў г. Быхаў (цяпер Магілёўская вобл.). 19.11(2.12).1917 пры садзеянні ген. М.​М.​Духоніна ўцёк у г. Новачаркаск, дзе разам з ген. М.​В.​Аляксеевым узначаліў белагв. добраахвотніцкую армію. Загінуў у час няўдалага штурму г. Екацярынадар (цяпер Краснадар).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЖЫЖАНО́ЎСКІ Глеб Максімілянавіч (24.1.1872, г. Самара, Расія — 31.3.1959),

дзеяч рэв. руху ў Расіі, сав. дзярж. дзеяч, вучоны-энергетык. Акад. АН СССР (1929). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1894). З 1891 займаўся рэв. дзейнасцю. Адзін з арганізатараў Пецярбургскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» (1895). У снеж. 1895 арыштаваны, сасланы на 3 гады ў Сібір. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1920 старшыня Дзярж. камісіі па электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО). У 1921—30 старшыня Дзяржплана СССР, адначасова (1927—30) старшыня К-та па стандартызацыі пры Савеце працы і абароны. Адзін з пачынальнікаў буд-ва ў СССР вял. электрастанцый — Дняпроўскай, Зуеўскай, Свірскай, Кашырскай, у Беларусі — 1-й Белдрэс. З 1930 старшыня Галоўэнерга Наркамцяжпрама СССР, у 1932—36 нам. наркома асветы РСФСР. У 1929—39 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Аўтар прац па комплекснай энергетыцы, электрыфікацыі, тэорыі і практыцы планавання.

т. 8, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ БО (другое імя Лі Тайбо; 701, вобл. Шу, Кітай —762),

кітайскі паэт. У 742—44 на службе пры імператарскім двары, атрымаў найвыш. вучонае званне — ханьлінь. Як удзельнік антыўрадавага мяцяжу 756 арыштаваны і асуджаны. Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам канфуцыянскага рацыяналізму і даасізму. Збераглося больш за 900 вершаў (у т. л. цыкл «Старажытнае»), насычаных глыбокай філасафічнасцю, ідэямі вальналюбства, багатай фантазіяй. Майстар прыродаапісальнай лірыкі. Яго паэзія паўплывала на развіццё танскай і сунскай кіт. паэзіі 8—13 ст. На бел. мову асобныя вершы Л.Б. пераклаў І.​Бабкоў.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: «Тутэйшыя». Мн., 1989;

Рус. пер. — [Вершы] // Ли Бо, Ду Фу Избр. лирика. М., 1987;

У кн.: Китайская пейзажная лирика III—XIV вв. М.,1984.

Літ.:

Варжапетян В. Путник со свечой: Повести о Ли Бо, Омаре Хайяме, Франсуа Вийоне. М., 1987.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКАСІ́НСКІ (Łukasiński) Валяр’ян (14.4.1786, Варшава — 27.2.1868),

польскі рэвалюцыянер. Афіцэр у войсках Варшаўскага герцагства, маёр. Удзельнік напалеонаўскіх паходаў 1807—13. З 1811 належаў да масонаў, адзін з заснавальнікаў (1819) падп. патрыят. арг-цыі «Нацыянальнае масонства»; пасля яе роспуску адзін з арганізатараў (1821) Патрыятычнага т-ва, мэтай якога былі абарона канстытуцыі 1815 і аб’яднанне б. зямель Рэчы Паспалітай у адзіную незалежную польскую дзяржаву. У 1822 арыштаваны, у 1824 прыгавораны да 7 гадоў зняволення, пасля спробы ўзняць бунт у крэпасці Замосце тэрмін зняволення падвоены. У пач. паўстання 1830—31 вывезены ў Шлісельбургскую крэпасць, дзе заставаўся да канца жыцця ў адзіночнай камеры. Аўтар «Дзённіка» (нап. 1863—64, выд. 1960). Постаць Л. знайшла адлюстраванне ў маст. л-ры (А.​Міцкевіч, С.​Выспянскі, В.​Гансяроўскі, Т.​Голуй).

Тв.:

Parniętnik. Warszawa, 1986.

Літ.:

Askenazy Sz. Łukasiński. T. 1—2. Warszawa, 1929.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІ́Ў (Maniu) Юліў (8.1.1873, г. Шымлеў-Сілваніей, Румынія — 5.2.1953),

румынскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1896 чл. прэзідыума рум. Нац. партыі Трансільваніі (Венгрыя). У 1906—10 дэп. венг. парламента. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (1918) выступаў за далучэнне Трансільваніі да Румыніі. У 1919—38 дэп. рум. парламента. Адзін з заснавальнікаў і старшыня (1926—47) Нацыянал-царанісцкай партыі. У 1928—30 і 1932—33 прэм’ер-міністр Румыніі. Садзейнічаў інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва краіны з суседнімі дзяржавамі ў межах Антанты Малой. У 2-ю сусв. вайну разам з І.​К.​Брэціяну ўзначальваў апазіцыю супраць дыктатуры І.Антанеску, удзельнічаў у тайных перагаворах з краінамі—чл. антыгітлераўскай кааліцыі. Пасля звяржэння Антанеску (23.8.1944) увайшоў ва ўрад К.​Санатэску. З сак. 1945 у апазіцыі да камуніст. ўрада П.​Грозы. У 1947 арыштаваны, абвінавачаны ў падрыхтоўцы звяржэння ўрада Грозы і засуджаны на пажыццёвае зняволенне.

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКЛЕ́ВІЧ Рамуальд Адамавіч (7.12. 1890, г. Супрасль, Польшча — 9.2. 1938),

савецкі ваен. і дзярж. дзеяч. Флагман 1-га рангу. З 1912 на флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Петраградзе. З 1918 у Чырв. Арміі. З 1919 камісар Зах. граніцы, нач. штаба Свянцянскай групы войск, мінскі губ. ваен. камісар (ліп.—жн. 1919), камісар штаба 16-й арміі. З чэрв. 1920 чл. Магілёўскага ВРК. У 1921—22 чл. РВС Заходняга фронту 1919—24. У 1926—31 нач. (з 1931 інспектар) ВМС РСЧА. З 1934 нач. Гал. ўпраўлення суднабуд. прам-сці і адначасова (з 1936) нам. наркома абароннай прам-сці. Чл. ЦВК БССР і ЦВК Літ.-Бел. ССР (1919), ВЦВК (1921—22), ЦВК СССР (1925—31), чл. РВС (1926—34). У маі 1937 беспадстаўна арыштаваны і расстраляны. У 1956 рэабілітаваны.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНЯ́К Янка (Ян Аляксандравіч; 1887, в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля кастр. 1939),

бел. паліт. і культ. дзеяч, публіцыст; адзін з арганізатараў і лідэраў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1910-х г. удзельнік бел. гурткоў хрысц.-дэмакр. асветніцкага кірунку. У 1913—15 з А.​Бычкоўскім, Б.​Пачопкам і інш. выдаваў у Вільні каталіцкую газ. «Беларус». У 1918—20 арганіст у Лаварышкаўскім касцёле каля Вільні. Потым у віленскім касцёле св. Яна. З 1928 сакратар Прэзідыума ЦК Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, са студз. 1936 старшыня Прэзідыума ЦК Бел. нац. аб’яднання. У 1928—36 рэдагаваў газ. «Беларуская крыніца». Зазнаў ганенні польскіх улад, грашовыя штрафы, некалькі разоў зняволены ў турме. З 1938 рэдагаваў час. «Хрысціянская думка», дапамагаў у выданні с.-г. час. «Самапомач». У кастр. 1939 арыштаваны сав. органамі і вывезены з Вільні.

т. 11, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)