горад, сталіца Францыі. Знаходзіцца на р. Сена, пры ўпадзенні ў яе рэк Марна і Уаза. 2152 тыс.ж. (1997). Разам з прыгарадамі (Версаль, Сен-Дэні, Іўры, Аржанцёй, Дрансі, Булонь-Біянкур, Мантрой і інш.) утварае самастойны дэпартамент Вял. П. (нас. каля 10 млн.чал.). Гал. горад гіст. вобласці Іль-дэ-Франс. Гал.трансп. вузел краіны (16 чыгунак і больш за 20 аўтадарог). Міжнар. аэрапорты: Шарль дэ Голь, Буржэ, Арлі. Сена звязвае П. з морам (аванпорт Гаўр). Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Галіны прам-сці — разнастайнае машынабудаванне (асабліва станка-, аўта- і авіябудаванне), вырабы дакладнай механікі і оптыкі, электронная, эл.-тэхн., ваенная, хім. (гумавая, фармацэўтычная, выраб фотаматэрыялаў, пластмас і інш.), харч., паліграф., папяровая, мэблевая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў і інш. П. — міжнар. заканадаўца мод, выпускаецца больш за 30% гатовага адзення ў краіне. Сусветную вядомасць мае выраб прадметаў туалету, галантарэйных і ювелірных вырабаў, сувеніраў. У П. больш за 50% банкаў краіны, гораду належыць вядучая роля ва ўнутр. і знешнім гандлі Францыі. Рэгулярна праводзяцца міжнар. кірмашы. Горад наведваюць штогод больш за 15 млн. турыстаў. Метрапалітэн. Месцазнаходжанне ЮНЕСКА і інш.міжнар. арг-цый.
Засн. на месцы паселішча гальскага племя парызіяў (адсюль назва). Пад назвай Лютэцыя згадваецца Юліем Цэзарам (53 да н.э.). У 355—363 н.э. рэзідэнцыя рым. імператара Юліяна Адступніка. З 497 пад уладай франкаў, рэзідэнцыя (з 508) караля Хлодвіга I. Пры Каралінгах цэнтр графства. У 855—886 вытрымаў аблогу нарманаў. З 987 сталіца франц. дзяржавы. У гады праўлення караля Філіпа II Аўгуста горад абнесены сценамі, забрукаваны вуліцы, будаваўся Луўр. У 1215 засн.ун-т. У 13—14 ст. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр, найбольшы горад у Еўропе (у пач. 14 ст. 100 тыс.чал.). У 1348 эпідэмія чумы знішчыла 1/3 яго жыхароў. Парыжане ўдзельнічалі ў парыжскім паўстанні 1357—58, паўстаннях 1382 і 1413. У Стогадовую вайну 1337—1453 горад заняты (1420—36) англ. войскамі. У 1420-я г. — сярэдзіне 16 ст. П. страціў ролю паліт. цэнтра, які перамясціўся ў луарскія замкі (рэзідэнцыя франц. каралёў). У час рэлігійных войнаў 16 ст. П. — апора каталіцызму. У 1572 тут адбылося масавае знішчэнне гугенотаў (гл.Варфаламееўская ноч). У П. разгортваліся гал. падзеі Фронды (1648—53). У 1682 каралеўская рэзідэнцыя з П. перанесена ў Версаль (да 1789). З 2-й пал. 17 ст. П. — сусветны цэнтр навукі, л-ры і мастацтва. 14.7.1789 у П. адбыўся штурм Бастыліі, падзенне якой стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99 (у гады рэвалюцыі П. атрымаў правы муніцыпальнага самакіравання; у час праўлення Напалеона I (1804—1814] пазбаўлены гэтых правоў). У сак. 1814 і ліп. 1815 П. акупіраваны войскамі антыфранц. кааліцыі. Адыгрываў важнейшую ролю ў Франц. рэвалюцыях 1830 і 1848. У 1847 у горадзе 1 млн. жыхароў. У 1853 пракладзены праспекты і бульвары, удасканалена сістэма водазабеспячэння і асвятлення (32 тыс. газавых ліхтароў). Месца правядзення сусв. выставак (1855, 1867, 1889, 1900, 1937). У франка-прускую вайну 1870—71 вытрымаў аблогу ням. войск; у горадзе ўсталявалася Парыжская камуна 1871. У 1896 у П. 2,5 млн.чал. У 1-ю сусв. вайну горад пацярпеў ад ням. бамбардзіровак. У П. праводзіліся II (1900) і VIII (1924) Алімпійскія гульні. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1940) ням. войскамі, цэнтр руху Супраціўлення. Вызвалены ў выніку Парыжскага паўстання 1944. У 1949—67 у П. знаходзілася штаб-кватэра НАТО. П. — месца правядзення шматлікіх міжнар. сустрэч, падпісання шэрагу міжнар. пагадненняў і дагавораў.
Захаваліся руіны амфітэатра 1 ст. і тэрм 2—3 ст. У 6—11 ст. П. быў абкружаны кальцом кляштараў: Сен-Жэрмен-л’Аксеруа, Сен-Жэрве, Сен-Мартэн-дэ-Шан, бенедыкцінцаў на Манмартры, Сен-Віктор, Сен-Марсель, Нотр-Дам-дэ-Шан. У 12—13 ст.гар. раёны па абодвух берагах р. Сена абнесены каменнай сцяной. У забудове сучаснага П. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка. Радыяльныя магістралі перасякаюцца кольцамі бульвараў, пракладзеных на месцы б. крапасных сцен. Гіст. ядро П. складаюць 3 цэнтры: дзярж. і рэліг. на в-ве Сітэ, універсітэцкі на левым беразе і гандл.-рамесны на правым беразе р. Сена. У 16—17 ст. у хаатычную сярэдневяковую забудову ўнесены элементы рацыянальнай планіроўкі, склаліся гал. рэнесансавыя і класіцыстычныя ансамблі, плошчы Вагезаў (б. Каралеўская; 1606—12), Вандомская (1685—1701), Перамог (1685—86, абедзве арх. Ж.Ардуэн-Мансар). У 18 — пач. 19 ст. рэканструяваны цэнтр, створаны плошчы Людовіка XV (цяпер Згоды; 1755—63, арх. Ж.А.Габрыэль) і Карузель з трыумфальнай аркай (1806, арх. Ш.Персье, П.Фантэн), пабудавана больш за 50 застаў, т.зв. прапілеяў П. (захаваліся 4, 1784—89, арх. К.Н.Леду). У 1853—96 упарадкавана сетка гал. магістралей, створаны новыя плошчы (Рэспублікі, 1854—62), скверы і лесапаркі, у т. л. Булонскі і Венсенскі лясы, бульвары, азялененыя вуліцы з добраўпарадкаванымі рэспектабельнымі будынкамі. Берагі Сены ў раёне «Вялікага П.» злучаюць 60 мастоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. інтэнсіўна раслі жылыя раёны ўскраін, пракладзены метрапалітэн (1-я чарга ў 1897—1904, афармленне ўваходаў у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар). У 1920—30-я г. забудаваны прыгарады (комплексы ў Ле-Прэ-Сен-Жэрве, Пантэне, Дрансі), у 1950-я г. створаны буйныя жылыя масівы Бабіньі, Баньё, Масі-Антані, Баньёле і інш. У 1960—90-я г. забудоўваюцца жылыя раёны на перыферыі П. (Крэтэй, Нантэр), рэканструюецца цэнтр.Гал.арх. ансамблі: на в-ве Сітэ — Парыжскай Божай Маці сабор, Палац правасуддзя (1783—86, арх. П.Дэмезон, Ж.Д.Антуан) з гатычнай капліцай Сент-Шапель (1243—48); на левым беразе Сены — Дом інвалідаў (з 1671, арх. Л.Бруан і інш.) з саборам (1671—1708; паводле інш. звестак, 1680—1706; у інтэр’еры грабніца Напалеона 1, 1843—60), адкрыты на Эспланаду (плошчу) інвалідаў (1704—20) з мостам Аляксандра III (1896—1900); Марсава поле (сучасная планіроўка 1908—28, арх. К.Фарміге) з Эйфелевай вежай, Пантэон (б. касцёл Сент-Жэнеўеў, 1755—89, арх. Ж.Ж.Суфло), б-ка Сент-Жэнеўеў (1843—50, арх. А.Лабруст); на правым беразе Сены — пл. Згоды, на якой перасякаюцца гал.гар. восі, Луўр, Елісейскія палі (17 ст., арх. А.Ленотр, забудавана пераважна ў канцы 19 ст.), пл. дэ Голя з трыумфальнай аркай (1806—37, рэльефы), якія ўтвараюць анфіладу плошчаў цэнтра П. Сярод арх. помнікаў гатычныя касцёлы Сен-Жэрмен-дэ-Прэ (11—17 ст.) і Сен-П’ер-дэ-Манмартр (1147), атэлі Клюні (1498) і Карнавале (1544, арх. П.Леско, скульпт. Ж.Гужон, абодва цяпер музеі); палацы Люксембургскі (Сенат; 1615—20, арх. С. дэ Брос), Каралеўскі (Пале-Руаяль; 1629—36, арх. Ж.Лемерсье) і Бурбонскі (цяпер Палата дэпутатаў; 1722); комплексы будынкаў Сарбоны (з 1635, арх. Лемерсье і інш.), кляштара Валь-дэ-Грас (1645—1710, арх. Ф.Мансар, Лемерсье, П.Лемюэ і інш.), Калеж чатырох нацый (цяпер Ін-т Францыі; 1661, арх. Л.Лево), касцёл Сен-Сюльпіс (1646—1749), базіліка Сакрэ-Кёр на ўзгорку ў раёне Манмартра (1875, арх. П.Абадзі), т-р «Гранд-апера» (1861—75, арх. Ш.Гарнье; размалёўка плафона глядзельнай залы М.Шагала, 1964), палац Шаё (1936—37, арх. Л.Азема і інш.). Найб. значны горадабудаўнічы ансамбль 20 ст. — грамадска-дзелавы цэнтр квартала Дэфанс, які ўключае Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, арх. Б.Зерфюс і інш.), вышынны дзелавы цэнтр Мен-Манпарнас (1964—73, арх. Э.Бадуэн і інш.), комплекс «Фронт Сены» (з 1965), Вял. арку (1982, арх. І.О. фон Шпрэкельсен), шматлікія небаскробы і інш. Сярод жылых і грамадскіх пабудоў: т-р Елісейскіх палёў (1911—13, арх. А. і Г. Перэ, рэльефы А.Бурдэля, размалёўкі М.Дэні), вілы Ла-Рош (1923), Стайн (1927), у Пуасі (1929—31, усе арх. Ле Карбюзье), будынкі ЮНЕСКА (1953—57, арх. М.Броер, Зерфюс і інш., інж. П.Л.Нерві), цэнтр «Італі» (з 1968), амёбападобныя жылыя дамы ў парку Дэфанс (1976—90, арх. Э.Аё), Нац. цэнтр мастацтва і культуры імя Ж.Пампіду (1977, арх. Р.Піяно, Р.Роджэрс і інш.), разбудова Луўра (1981—93). Каля П. ў Марне-ла-Вале пабудаваны вял. лунапарк «Еўрадыснейленд» (1992). У П. фантаны «Нявінных» (1547—49, арх. Леско, скульпт. Гужон), «4 пары года» (1739—45, скульпт. Э.Бушардон) і інш. Набярэжная Сены з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Найважнейшыя помнікі П.: Калона Напалеона I на Вандомскай пл. (1806—10, арх. Ж.Б.Лепер, Ж.Гандуэн), А. дэ Бальзаку (1893—97) і В.Гюго (1866—1900, абодва скульпт. А.Радэн), маршалу М.Нею (1852—53), рэльеф «Марсельеза» на трыумфальнай арцы (1833—36, абодва Ф.Руд), Сцяна камунараў на могілках Пер-Лашэз (1909, П.Маро-Вацье), магіла Невядомага салдата пад аркай Зоркі (1921), мемарыялы Пакутнікаў Супраціўлення на ўзгорку Мон-Валер’ен (1960—61) і тым, што загінулі ў фаш. канцлагерах (на в-ве Сітэ, 1961).
У П. 13 ун-таў (створаны ў 1972 у выніку рэформы Парыжскага ун-та), Калеж дэ Франс, Вышэйшая практычная школа, Нац.політэхн.ін-т, Вышэйшая нармальная школа, Каталіцкі ін-т П., 2 кансерваторыі, Нац. вышэйшая школа выяўл. мастацтваў і інш.; Ін-т Францыі ў складзе 5 акадэмій, у т. л.Франц.акадэмія (з 1635), Акадэмія л-ры (з 1664), Акадэмія навук (з 1666); шматлікія НДІ і навук. т-вы, у т. л. Пастэраўскі ін-т, Ін-т арабскага свету, Ін-т радыю. Нац.б-ка і Нац. архівы. Буйнейшыя выд-вы, у т. л. Ашэт (з 1826), Ларус (з 1865). Каля 100 музеяў, у т. л. Луўр, Нац. музей сучаснага мастацтва, Музей чалавека, музеі Бальзака, Гюго, П.Пікасо, А.Радэна; шматлікія маст. галерэі. Каля 90 тэатраў, у т. л.«Камеды Франсэз», Парыжская опера; больш за 300 кінатэатраў. Бат. сад (з 1635; адзін з найстарэйшых у Еўропе).
Беларусы ў Парыжы. З часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай тут вучыліся некат. ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Т.Касцюшка. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у П. з’явіліся і паліт. эмігранты з бел. зямель: удзельнікі паўстанняў 1794 (у т. л. М.К.Агінскі), 1830—31 (І.Дамейка і інш.), 1863—64 (В.Урублеўскі, К.Далеўскі, Г.Корвін-Крукоўская і інш. рэвалюцыянеры, якія сталі ўдзельнікамі Парыжскай камуны 1871). Тут вучыліся мастацтву Н.Орда і інш. ўраджэнцы Беларусі, жылі мастакі В.Ваньковіч, М.Шагал і інш. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў П. пачалася з узнікненнем у 1930 «Беларускага хаўрусу». У 1938 у П. створана «Бел. жаночая грамада імя А.Пашкевіч (Цёткі)», стала выдавацца бел. газета «Рэха». Пасля 2-й сусв. вайны ў П. выдавалася першая з пасляваен. беларускамоўных газет у замежжы — «Беларускія навіны» (1945—47). З 1947 выходзілі бел.рэліг.час.«Божым шляхам» і штомесячнік «Моладзь», тут дзейнічаў старшыня Рады БНР М.Абрамчык. У канцы 1940 — пач. 1950-х г. у П. знаходзілася штаб-кватэра Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі. З 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з пераездам у інш. краіны ч. беларусаў іх грамадскае і нац.-культ. жыццё ў П. паступова згортвалася. У 1970 зноў актывізаваўся «Бел. хаўрус» (з 1991 яго старшыня — мастак М.Навумовіч). У 1980—90-я г. ў П. пераехалі В.Забораў, В.Дзёмкіна, мастак М.Паўлоўскі і інш. Цяпер у П. жыве каля 1,3 тыс. беларусаў (асн. частка беларусаў Францыі). Дзейнічае бел. каталіцкая місія.
Літ.:
Париж.: Пер. с фр.М., 1976;
Favier J. Paris: Deux mille ans d’histoire. Paris, 1997;
Rouleau B. Paris: histoire d’un espace. Paris, 1997;
Лялькоў І. Gallia Albaruthensie, або Пяць стагодзьдзяў беларускае прысутнасьці ў Францыі // Спадчына. 1999. № 2.
Дз.М.Чаркасаў (гісторыя), Т.А.Папоўская (беларусы ў Парыжы).
Набярэжная Сены ў Парыжы.Да арт.Парыж. Від на востраў Сітэ. Фрагмент мініяцюры з «Раскошнага часаслова герцага Берыйскага». Браты Лімбург. 1409—16.Парыж. Калона Напалеона I на Вандомскай плошчы.Парыж. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя.Парыж. Вялікая арка ў квартале Дэфанс. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НА (Wien),
горад, сталіца Аўстрыі. Адм. ц. зямлі Ніжняя Аўстрыя; самастойная адм. адзінка. Размешчана на р. Дунай, каля падножжа адгор’я Усх. Альпаў — горнага масіву Венскага Лесу. 1540 тыс.ж. (1991). Адзін з найб.трансп. вузлоў Еўропы. Рачны порт на Дунаі. Міжнар. аэрапорт Швехат. Гал.прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. У Вене — больш за ⅓ прамысл. вытв-сці Аўстрыі. Вядучыя галіны: машынабудаванне (эл.-тэхн. і трансп., вытв-сцьпрамысл. абсталявання і с.-г. машын), радыёэлектроніка, дакладная механіка і оптыка, прылада- і станкабудаванне, хім., швейная, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Развіта таксама нафтахімія, якая з’яўляецца базай для вытв-сці фотахім., фармацэўтычных і інш. тонкахім. вырабаў. Вытв-сць на экспарт моднага адзення, трыкатажу, капелюшоў, мадэльнага абутку, элегантнай мэблі, муз. інструментаў, цацак і інш. Метрапалітэн. Міжнар. цэнтр ААН (ЮНІДА, МАГАТЭ і інш.). Цэнтр міжнар. турызму.
У 1 ст.н.э. на месцы Вены размяшчаўся лагер рым. легіянераў Віндабон. У 11—12 ст. узнік горад (назва Вена ўпершыню згадваецца ў 881). З 12 ст. рэзідэнцыя аўстр. герцагаў Бабенбергаў. У 1221 атрымала гар. самакіраванне. З 1282 рэзідэнцыя Габсбургаў. У 1365 засн.Венскі універсітэт. З 1469 рэзідэнцыя біскупаў (з 1722 архібіскупаў). У 1529 і 1683 горад вытрымаў аблогі туркаў. Месца заключэння міжнар. дагавораў і трактатаў (1515, 1738, 1809, 1864, 1866). З 2-й пал. 18 ст. адзін з гал.еўрап. цэнтраў культуры і мастацтва. У 1-й пал. 19 ст. значнае развіццё атрымала прам-сць (асабліва выраб фарфору). У 1805—06 і 1809 захоплена войскамі Напалеона I. Месца правядзення Венскага кангрэса 1814—15. У рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі Вена — цэнтр рэв. барацьбы. У 1867—1918 сталіца Аўстра-Венгрыі, з 1918 — Аўстр. рэспублікі. У 1938 у Вену
ўведзены ням. войскі (гл.Аншлюс). Вызвалена ў ходзе Венскай аперацыі 1945, падзелена на сав., амер., англ. і франц.акупац. сектары. У Вене падпісаны дзярж. дагавор 1955 паміж Аўстрыяй і СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй аб суверэннасці Аўстрыі; месца заключэння міжнар. канвенцый (Венскія канвенцыі 1961, 1963, 1969). У Вене размешчаны Аддзяленне і спецыялізаваныя ўстановы ААН.
Адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Большая ч. горада размешчана на правым беразе Дуная, паміж ім і адгор’ямі Усх. Альпаў (Венскі Лес). Гіст. ядро Вены — Стары, або Унутраны, горад, абкружаны 2 паўкольцамі бульвараў (Рынгштрасэ, 1856—88, на месцы гар. сцен 13—16 ст., і Гюртэль, 1894), захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку, вузкія крывыя вулачкі. Гатычныя сабор св. Стэфана (1304—1454) з паўд. вежай (выш. 136 м) і царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ (1330—1414); б. рэзідэнцыя Габсбургаў — Гофбург («Швейцарскія вароты», 1552; «Стары Гофбург», цяпер Нац.б-ка, 1723—25, арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах; «Новы Гофбург», 1881—1913, арх. Г.Земпер, К.Газенаўэр); барочныя палацы, нярэдка з тэраснымі паркамі, — Яўгена Савойскага (1695—1724, арх. Фішэр фон Эрлах, І.Л.Гільдэбрант), Даўн-Кінскі (1713—16), Ніжні (1714—16) і Верхні (1721—22) Бельведэр (арх. Гільдэбрант), барочная царква св. Карла Барамея (1716—39, арх. Фішэр фон Эрлах) і інш. За Гюртэлем палац і парк Шонбрун (1695—1749, арх. Фішэр фон Эрлах, Н.Пакасі). Парадная забудова Рынгштрасэ ў духу эклектызму і гіст. стыляў — Опера (1861—69), парламент (1873—83, неакласіцызм), ратуша (1872—83, неаготыка); «Бургтэатр» (1874—88, арх. Земпер, Газенаўэр), «Венскі Сецэсіён» (1897—98, арх. І.Ольбрых) і бальніца Штайнгоф (1904—07, арх. О.Вагнер) — у духу «югендстылю», дом на Міхаэлерплац (1910, арх. А.Лоз), Зах. Вакзал (1950—54), вышынны будынак Рынгтурм (1953—55), універсальная зала Штатгале (1955—58), пабудовы Садовай выстаўкі 1964 і інш.
У Вене універсітэт, АН, Вышэйшая тэхн. школа, Ін-тсусв. гандлю, Акадэміявыяўл. мастацтваў і інш.Нац.б-ка. Музеі: прыродазнаўча-гіст., мастацка-гіст., графічны збор Альберціна, Аўстрыйская галерэя, збор Акадэміі выяўл. мастацтваў, Этнагр. музей, Гіст. музей г. Вена, Музей 20 ст., дамы-музеі Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, І.Штрауса. Тэатры: Венская дзяржаўная опера, «Фольксопер», «Бургтэатр» і інш.
Вена. Ратуша.Да арт.Вена. Царква св. Карла Барамея. Арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах. 1716—39.Да арт.Вена. Помнік прынцу Яўгену Савойскаму перад будынкам «Новага Гофбурга».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫРЫЖЫ́РАВАННЕ (ад франц. diriger напраўляць, кіраваць),
кіраванне калектывам музыкантаў (аркестрам, хорам, ансамблем, опернай ці балетнай трупай і інш.) у працэсе падрыхтоўкі і ў час публічнага выканання ім муз. твора; адзін з відаў музычна-выканальніцкага мастацтва. Здзяйсняецца дырыжорам, які імкнецца перадаць калектыву сваю інтэрпрэтацыю задумы кампазітара, забяспечвае ансамблевую стройнасць і тэхн. дасканаласць выканання пры ўзнаўленні тэксту партытуры. Мастацтва Д. заснавана на спец. сістэме жэстаў рук; вял. ролю ў ім адыгрываюць таксама твар дырыжора, яго позірк, міміка. Значнае месца займае ў Д. тактаванне — абазначэнне (пераважна правай рукой) метрарытмічнай структуры музыкі; левай рукой звычайна даюцца ўказанні ў сферы дынамікі, фразіроўкі (у практыцы, аднак, пашырана свабоднае ўзаемапранікненне функцый абедзвюх рук). Д. патрабуе ад дырыжора шырокай адукаванасці, грунтоўнай муз.-тэарэт. падрыхтоўкі, тонкага слыху, добрай муз. памяці, актыўнай мэтанакіраванай волі.
Д. вядома з глыбокай старажытнасці. Напачатку ў нар.-хар. практыцы функцыі дырыжора выконваў адзін са спевакоў — запявала. У старажытнасці ў Егіпце, Грэцыі, пазней у краінах сярэдневяковай Еўропы хорам кіравалі з дапамогай хейраноміі — умоўных рухаў рук і пальцаў. З 15 ст. для адбівання такта выкарыстоўвалі палачку-батуту. У капэлах звычайна капельмайстры спалучалі Д. з выкананнем партыі генерал-баса (на клавесіне ці аргане) ці 1-й скрыпкі. З 2-й пал. 18 ст. па меры адмірання генерал-баса, скрыпач-канцэртмайстар становіцца адзіным кіраўніком ансамбля (у 20 ст. — пры выкананні музыкі 17—18 ст.). Як самаст. від мастацтва Д. склалася ў 2-й чвэрці 19 ст. Сярод першых дырыжораў, што карысталіся дырыжорскай палачкай, І.Мозель, К.М.Вебер, Л.Шпор. Адзін з заснавальнікаў сучаснага Д. (побач з Л.Бетховенам, Г.Берліёзам, Ф.Лістам, Ф.Мендэльсонам) — Р.Вагнер. Паступова склаўся тып дырыжора-выканаўцы, які не з’яўляецца адначасова і кампазітарам (першы — Г.Бюлаў). Сярод буйнейшых замежных дырыжораў 19—20 ст. Г.Рыхтэр, Г.Малер, Г. фон Караян (Аўстрыя), А.Нікіш, Я.Ферэнчык (Венгрыя), Ф.Мотль, Ф.Вейнгартнер, К.Мук, Р.Штраус, Б.Вальтэр, В.Фуртвенглер, О.Клемперэр, Г.Абендрот, К.Мазур, К.Зандэрлінг (Германія), А.Тасканіні, К.Абада (Італія), П.Манцё, Ш.Мюнш, А.Клюітэнс, І.Маркевіч (Францыя), Т.Бічэм, А.Боўлт, А.Коўтс (Вялікабрытанія), В.Бярдзяеў, Г.Фітэльберг (Польшча), В.Менгельберг (Нідэрланды), Л.Стакоўскі, Дж.Сел, Л.Бернстайн (ЗША), Э.Ансермэ (Швейцарыя), Д.Мітропулас (Грэцыя), В.Таліх (Чэхія, Славакія), Л.Матачыч (Югаславія), Дж.Джарджэску (Румынія). У Расіі найб. вядомыя дырыжоры 18—2-й пал. 19 ст. — В.Пашкевіч, І.Хандошкін, М.Балакіраў, Э.Напраўнік, А. і М.Рубінштэйны, 20 ст. — М.Галаванаў, С.Кусявіцкі, А.Пазоўскі, С.Рахманінаў, С.Самасуд, В.Сафонаў, В.Сук, пазней А.Гаўк, В.Гергіеў, В.Дударава, І.Зак, К.Іваноў, К.Кандрашын, Д.Кахідзе, Дз.Кітаенка, М.Малько, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, І.Мусін, Н.Ніязі, Г.Раждзественскі, Н.Рахлін, Я.Свягланаў, Ю.Сіманаў, К.Сімяонаў, У.Співакоў, Ю.Фаер, У.Федасееў, Б.Хайкін, Ю.Цемірканаў, А.Янсанс і інш. На Беларусі ў 19 ст. вылучыліся І.Дабравольскі, Ю.Дашчынскі, браты В. і Д.Стафановічы, у 20 ст. — хар. дырыжоры М.Дрынеўскі, А.Кагадзееў, Н.Ламановіч, І.Мацюхоў, Г.Пятроў, В.Роўда, Г.Цітовіч, Р.Шырма, Л.Яфімава, нар. аркестра — І.Жыновіч, Дз.Захар, М.Казінец, оперна-сімф. — І.Абраміс, А.Анісімаў, Б.Афанасьеў, Я.Вашчак, І.Гітгарц, Н.Грубін, В.Дуброўскі, Т.Каламійцава, М.Калядка, Л.Любімаў, Л.Лях, У.Машэнскі, Г.Праватораў, Ю.Цырук, А.Энгельбрэхт, Ю.Яфімаў, эстр. аркестра — Ю.Бяльзацкі, Б.Райскі, Э.Рознер, М.Фінберг і інш. Харавых і оперна-сімф. дырыжораў рыхтуе Бел.акадэмія музыкі, Бел.ун-т культуры.
Літ.:
Вагнер Р. О дирижировании: Пер. с нем. СПб., 1900;
Ольхов К.А. Теоретические основы дирижерской техники. 2 изд. Л., 1984;
Хайкин Б. Беседы о дирижерском ремесле. М., 1984;
Когадеев А.П. Техника хорового дирижирования. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЧНАЯ КУЛЬТУРА І СПОРТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
З 1991 пачаўся пошук новых шляхоў і форм кіравання фіз. культурай і спортам. Створаны і дзейнічаюць Нац. алімпійскі камітэт, Саюз спартсменаў, Алімпійская акадэмія, асацыяцыі спарт. прэсы і студэнцкага спорту, Федэрацыя фіз. культуры і спорту інвалідаў, больш за 70 федэрацый па асобных відах спорту. Фіз. культура, спорт і турызм з’яўляюцца самаст. галіной нар.-гасп. комплексу краіны са сфарміраванай сістэмай кіравання, матэрыяльна-тэхн. і кадравым патэнцыялам, сістэмай спецыялізаваных фізкультурна-аздараўленчых, спарт., навуч. устаноў і арганізацый. Завершана распрацоўка асн. нарматыўных прававых актаў для паспяховага функцыянавання галіны. Прыняты законы Рэспублікі Беларусь «Аб фізічнай культуры і спорце» (1993), «Аб турызме» (1999), «Дзяржаўная праграма развіцця фізічнай культуры, спорту і турызму на перыяд 1997—2002 гг.» і інш. Павышэнне ролі і адказнасці дзяржавы за стан і развіццё фізкультуры і спорту ў краіне пацвярджаюць указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі фізічнай культуры і спорту», пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мерах павышэння эфектыўнасці фізічнага выхавання дашкольнікаў, навучэнцаў і студэнтаў», «Аб удасканаленні фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам па месцы жыхарства ў гарадах і гарадскіх пасёлках рэспублікі», «Аб першачарговых мерах па будаўніцтве і рэканструкцыі спартыўных збудаванняў» і інш. Для іх рэалізацыі прынята канцэпцыя фіз. выхавання дашкольнікаў, вучняў і студэнтаў, распрацаваны і ўкараняюцца Дзяржаўны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, Праграма маладзёжнага фізкультурна-спарт. руху «Алімпійскія надзеі Беларусі», прыкладны фізкультурна-спарт. комплекс «Абаронца Айчыны»; у гарадах і раёнах вядзецца работа па стварэнні клубаў і цэнтраў фізкультурна-аздараўленчай работы. Мін-ва спорту і турызму распрацавала Дзярж. праграму па фарміраванні здаровага ладу жыцця на 2002—06, ухваленую Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Каб заняткі фіз. культурай, масавым спортам і турызмам сталі даступнымі для ўсіх катэгорый насельніцтва, функцыянуюць 226 стадыёнаў, 26 спарт. манежаў, 231 плавальны басейн, 4778 спарт. залаў, 715 міні-басейнаў у дзіцячых дашкольных установах, базы алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі», «Раўбічы», «Ратамка», палацы спорту, тэніса, лядовыя палацы шматфункцыянальнага прызначэння, больш за 9,6 тыс. адкрытых спарт. пляцовак. У краіне працуюць больш за 23 тыс. спецыялістаў фіз. культуры і спорту, у іх ліку каля 7,5 тыс. настаўнікаў фіз. культуры, больш за 5,5 тыс. трэнераў-выкладчыкаў, 1,4 тыс. выкладчыкаў вышэйшых і 500 — сярэдніх спец.навуч. устаноў, каля 2,3 тыс. інструктараў-метадыстаў на прамысл. і с.-г. прадпрыемствах; больш за 1,4 тыс. спецыялістаў працуюць у пазашкольных установах.
На 1.1.2004 па-за дзярж. праграмамі займаюцца фіз. культурай па месцы вучобы, працы і жыхарства ў спарт. секцыях, аздараўленчых групах, клубах, фізкультурна-аздараўленчых цэнтрах каля 1 млн. чалавек (амаль 10% насельніцтва краіны). Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджана праграма «Дзеці Беларусі». У адпаведнасці з ёй праводзяцца рэсп. фестывалі «Спорт і мастацтва», «Алімпійцы сярод нас», злёты «Калядныя старты» дзяцей са школ-інтэрнатаў, дзяцей-сірот і дзяцей з раёнаў, што пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Папулярнасць сярод дзяцей і падлеткаў набылі спаборніцтвы па футболе «Скураны мяч», па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рэсп. зімовая і летняя спартакіяды па месцы жыхарства. У зімовай і летняй спартакіядах дапрызыўнай моладзі па мнагаборствах комплексу «Абаронца Айчыны» штогод удзельнічаюць каля 10 тыс. чалавек. На прамысл. і с.-г. прадпрыемствах, у арганізацыях створана каля 3,5 тыс. калектываў і клубаў фіз. культуры, дзе займаецца 237 тыс. чалавек. Сумеснай пастановай Мін-ва спорту і турызму і Федэрацыі прафсаюзаў распрацаваны і зацверджаны Дзярж. фізкультурна-аздараўленчы комплекс для дарослага насельніцтва. Вядзецца работа па стварэнні галіновых і рэгіянальных фізкультурна-спарт. клубаў; працуюць 11 рэспубліканскіх, 31 абласны і 38 раённых клубаў. Распрацавана Палажэнне па фіз. падрыхтоўцы і спорце ваеннаслужачых Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь, якое вызначае змест, формы і метады арганізацыі фіз. падрыхтоўкі ў вайск. часцях.
Набылі пашырэнне рэсп. мерапрыемствы для пажылых людзей: фізкультурна-аздараўленчыя злёты «Здароўе — чалавеку», святы «Здароўю ўзрост не перашкода», «Захаваем здароўе». Права грамадзян на заняткі фіз. культурай і спортам рэалізуецца шляхам пашырэння спарт. баз, павелічэння колькасці спецыялістаў, практычнай работай Мін-ва спорту і турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭНДАКРЫНАЛОГІЯ
Найбольш раннія звесткі ў гэтай галіне медыцыны вядомы з рукапісных «Медыцынскіх навін» 1600 з Нясвіжскай бібліятэкі, дзе змешчаны рэцэпт «парашку ад дыябету». Першае паведамленне аб хірургічным лячэнні валляка (Л.К.Навумовіч, г. Магілёў) датавана 1812. Аперацыі на наднырачніках упершыню на Беларусі праводзіліся ў 1920-я г. (Орша, Гомель). Вядомыя рас. эндакрынолагі 1-й пал. 20 ст. С.М.Лейцес, І.Б.Хавін, М.А.Шарашэўскі, С.М.Эскін родам з Беларусі.
Развіццё эндакрыналогіі як навукі на Беларусі пачалося ў 1920-я г. з вывучэння эпідэміялогіі эндэмічнага валляка ў асобных рэгіёнах пад кіраўніцтвам Я.В.Корыца, С.М.Рубашова. Сістэматызавана яна развівалася пасля стварэння ў 1934 Рэсп. процівалляковай станцыі. Вывучэнне пашыранасці эндэмічнага валляка дазволіла вылучыць рэгіёны з рознай ступенню ёднай недастатковасці і распрацаваць метады процівалляковай прафілактыкі (А.А.Грэйман). Гэты кірунак эндакрыналогіі больш актыўна развіваўся ў пасляваенны перыяд (Л.В.Лапцёнак, Л.П.Фёдарава). Вялося хірургічнае лячэнне валляка з выкарыстаннем арыгінальных методык, прапанаваных В.Р.Астапенкам, М.С.Гапановічам, І.М.Грышыным, Я.П.Дзямідчыкам. З 1958 спецыялістаў па эндакрыналогіі рыхтавалі пры ін-це ўдасканалення ўрачоў (зараз Бел.мед.акадэмія паслядыпломнай адукацыі), дзе ў 1960 створана кафедра эндакрыналогіі (першы загадчык Н.М.Дразнін, у 1973—85 — М.С.Гапановіч, у 1985—98 — А.А.Холадава, з 1998 — Л.І.Данілава). Кафедра з’яўляецца рэсп. навукова-метадычным цэнтрам не толькі для эндакрынолагаў, а і тэрапеўтаў, педыятраў, рэаніматолагаў, урачоў хуткай і неадкладнай дапамогі (вядучыя спецыялісты Данілава, В.М.Дрозд, Г.В.Казюк, Холадава, В.І.Шутава і інш.). З пачатку 1980-х г. падрыхтоўку эндакрынолагаў вядуць у Бел.мед. ун-це (З.В.Забароўская), у Віцебскім (А.М.Окаракаў, У.Р.Цішкоўскі) і Гомельскім (М.П.Капліева) мед. ун-тах. Асноўны навукова-практычны кірунак эндакрыналогіі — праблема цукровага дыябету. Дасягнуты поспехі ў гэтай праблеме ў ранняй дыягностыцы, скрынінгу сасудзістых ускладненняў, распрацоўцы асноў прафілактыкі, мед. і працоўнай рэабілітацыі. У выніку ўкаранення дзярж. праграмы «Цукровы дыябет» на 1/3 зменшылася колькасць выпадкаў каматозных станаў, слепаты і ампутацый ног, абумоўленых ускладненнямі цукровага дыябету, палепшыліся зыходы цяжарнасці ў жанчын, хворых на цукровы дыябет. Дзярж. праграма «Цукровы дыябет» прызнана Еўрапейскім бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў якасці мадэлі для краін Усх. Еўропы (за стварэнне навукова-практычнай школы эндакрынолагаў Беларусі ў 1999 Холадавай прысуджана званне заслужанага дзеяча навукі). Уклад у развіццё эндакрыналогіі дзіцячага ўзросту зрабілі С.М.Астапенка, Л.М.Астахава, К.А.Радзюк. Структура эндакрыналагічнай дапамогі насельніцтву ўключае кабінеты і спецыялізаваныя ложкі ў раённых і гар.мед. установах, дыспансеры і спецыялізаваныя аддзяленні ў абласных цэнтрах, Рэсп. кансультацыйны эндакрыналагічны цэнтр (гал. ўрач Т.В.Мохарт) і гал. ўпраўленне лячэбна-прафілактычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (А.К.Цыбін). Вывучэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і рэабілітацыю насельніцтва ажыццяўляе Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі ў Гомелі (дырэктар Э.К.Капітонава). Рэсп. навуковае таварыства эндакрынолагаў, створанае ў 1962, у 1997 пераўтворана ў Бел. асацыяцыю эндакрынолагаў, якая супрацоўнічае з адпаведнымі асацыяцыямі Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Вялікабрытаніі, Германіі, Японіі і з’яўляецца членам Еўрап. федэрацыі эндакрыналагічных таварыстваў і Міжнар. федэрацыі дыябету. У адпаведнасці з палітыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Здароўе для ўсіх у 21-м стагоддзі» перспектывы развіцця эндакрыналогіі на Беларусі — у распрацоўцы стратэгіі для забеспячэння паўнацэннага жыцця пры эндакрынных расстройствах на аснове тэхналогій даказальнай медыцыны.
Літ.:
Вопросы истории медицины и здравоохранения: Материалы 3 науч. историко-мед. конф. Белорусской ССР. Мн., 1968;
Холодова Е.А., Данилова Л.И. Болезни щитовидной железы. Мн., 1991;
Холодова Е.А., Мохорт Т.В., Билодид И.К. Сахарный диабет и беременность // Современные проблемы эндокринологии в акушерстве, гинекологии и неонатологии: Тез. докл. науч. конф. Мн., 1994;
Матвейчик Т.В. Становление и развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Медицина Беларуси XX в. Тез. докл. 8 респ. науч. конф. по истории медицины. Мн., 1998;
Холодова Е.А. Развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Мед. новости. 1999. №8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ГА (Praha),
горад, сталіца Чэхіі. Знаходзіцца на Палабскай раўніне, на р. Влтава, паблізу ад яе ўпадзення ў р. Лаба (Эльба). Адм. ц. Сярэднячэшскай вобл., самастойная адм. адзінка. 1226 тыс.ж. (2000). Вузел 10 чыгунак і 15 аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт Рузіне. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. П. і наваколле даюць каля 20% прамысл. прадукцыі Чэхіі. Найб. развіта машынабудаванне: трансп. (аўтамаб., авіяц. і інш.), матора- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Развіты таксама паліграф., хім. і гумавая, буд. матэрыялаў, швейная, тэкст., фармацэўтычная, касметычная, гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр харч., асабліва піваварнай, прам-сці. Метрапалітэн.
Тэр. П. заселена з 4-га тыс. да н.э., у 2 ст. да н.э. — германцамі, у 5—6 ст.н.э. — славянамі. З 2-й пал. 9 ст. пад уладай Пржэмыславічаў. З 10 ст. сталіца Чэш. дзяржавы. У 973 у П. засн. біскупства (з 1344 архібіскупства). У 1257 атрымала гар. права. Росквіт П. пачаўся пры каралю Каралу I Чэшскім (гл.Карл IV), які адбудаваў і ўпрыгожыў горад, заснаваў ун-т (1348). З 12 ст. адзін з буйных эканам., паліт. і культ. цэнтраў Еўропы. Паўстаннем у П. (1419) пачаліся гусіцкія войны У 1420 каля П. разбіта войска крыжаносцаў. У 1526 П. трапіла пад уладу Габсбургаў, за ўдзел у паўстанні супраць якіх пазбаўлена гар. права (1547). Пацярпела ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. Пасля паражэння чэш. войск каля Белай Гары (1620) значэнне П. паменшала; з сярэдзіны 17 ст. правінцыяльны горад. У 1880-я г. пачаўся новы эканам. ўздым П. — адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў Габсбургскай манархіі. У 18—1-й пал. 19 ст. цэнтр чэш.нац. руху. З 1918 сталіца Чэхаславацкай рэспублікі. У 1939 акупіравана ням. фашыстамі. Вызвалена ў выніку Пражскага паўстання 1945 і Пражскай аперацыі 1945. У канцы 1960-х г. цэнтр дэмакр. выступленняў (гл.«Пражская вясна»). З 1993 сталіца Чэхіі.
Старыя раёны П. захавалі пераважна шчыльную сярэдневяковую забудову і ірэгулярную планіроўку. На левым беразе Влтавы ўзвышаецца крэпасць Пражскі Град: рэшткі ўмацаванняў 12—15 ст., раманская базіліка св. Іржы 12—18 ст., гатычны сабор св. Віта 1344—1929 (на месцы храма-ратонды 935, пачаты арх. Мацвеем з Араса і П.Парлерам; у інтэр’еры гатычныя капэлы, у т. л.св. Вацлава са статуяй св. Вацлава, 1373, і фрэскамі, 1506—08, багатая маст. калекцыя); каралеўскі палац 12—18 ст. з познагатычнай троннай «Уладзіслаўскай» залай (1486—1502, арх. Б.Рыд). Каля Града, у раёнах Градчаны і Мала-Страна знаходзяцца Страгаўскі кляштар (12—18 ст.); палацы — летні каралеўскі Бельведэр (1538—63, арх. Дж. да Спацыо і інш.) з «пяючым» фантанам (1564—73), Штэрнбергскі (1698—1720) з тэраснымі паркамі; касцёл св. Мікулаша на Мала-Стране (1673; 1703—55, арх. К. і К.І. Дынцэнгоферы, А.Лурага); дамы 17—19 ст. (усё барока). На правым беразе Влтавы — крэпасць Вышаград (з 9 ст.), раёны Старога горада (з 11 ст.) і Новага горада (засн. ў 1348) з цэнтр. плошчамі. У Старым горадзе размешчаны: гатычныя кляштар св. Анежкі (канец 13 ст.), ратуша (1338, 15—16 ст., 19 ст.) з гадзіннікам на фасадзе (1410; 1490, майстар Гануш; размалёўка цыферблата 1865—66, маст. І.Манес, захоўваецца ў музеі, на месцы арыгінала — копія), касцёлы Марыі Снежнай (1349, 1370—97), Тынскай Маці Божай (1370—1510, часткова перабудаваны ў 1679 у стылі барока), Карлаў ун-т (14 ст.), рэнесансныя дамы 14—17 ст. з фрэскамі і сграфіта на фасадах, Парахавая вежа (1475—77, арх. М.Рэйсек), барочныя — калегіум езуітаў, т.зв. Клеменцінум (1653—1-я пал. 18 ст., арх. Ф.Караці, К.Лурага, Д.Галі) з Вял. і Матэм. заламі (1722—24, арх. Ф.М.Канька), палацы Клам-Галасаў (1713—25, праект І.Б.Фішэра фон Эрлаха) і Кінскіх (1755—65, арх. К.І.Дынцэнгофер, А.Лурага), касцёл св. Мікулаша (1732—37, арх. Дынцэнгофер). У Новым горадзе — Эмаўскі кляштар («На Слованех»; 1347—72, готыка, фрэскі 14 ст.), ратуша (1348, перабудавана ў 15—19 ст.), барочныя калегія езуітаў і касцёл св. Ігнація (1665—87, арх. К.Лурага), храм св. Яна Непамука «На Схальцы» (1729—39) і т.зв. віла «Амерыка» (1715—20, абодва арх. Дынцэнгофер). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр П. — Вацлаўская пл. Узведзены парадныя грамадскія пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока: Нац.т-р (1868—81, арх. І.Зітак), музей (1884—90, арх. І.Шульц) і інш.Найб. значныя пабудовы 20 ст. — выставачны павільён т-ва мастакоў «Манес» (1902) і дом Урбанека, т.зв Моцартэўм (1912—13, усе арх. Я.Коцера, мадэрн), дом «У Чорнай Маці Божай» (1911—12, арх. І.Гачар, кубізм), Дом кірмашоў (1924—26, арх. О.Тыл і І.Фукс). У пасляваен. гады ажыццёўлена рэканструкцыя П.; на ўскраінах узведзены жылыя раёны Панкрац, Петршын, Паўд. горад 2 і інш., Ін-т макрамалекулярнай хіміі (1960—65, арх. К.Прагер), аэрапорт у раёне Рузіне (1963—69), водны стадыён у раёне Падолі (1964—65), Палац культуры (1981). З канца 1960-х г. вядзецца буд-ва метрапалітэна. Масты: Карлаў (1357, арх. Парлер, скульптура канца 17—20 ст.), Ф.Палацкага (1876—78, скульптура І.В.Мысльбека) і інш. Помнікі: св. Вацлаву (1888), Яну Гусу (1903—15), Нац. помнік Вызвалення (1929—32) з помнікам Я.Жыжку (1950). Альшанскія могілкі (1680). Гіст. цэнтр П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У П. 11 ВНУ, у т. л. Карлаў ун-т (гл.Пражскі універсітэт), кансерваторыя (з 1811), Акадэміявыяўл. мастацтваў, Акадэміямуз. мастацтваў. Чэшская АН. Буйнейшыя б-кі: АН, Нац. музея, Гарадская, Дзярж.тэхн., Дзярж. медыцынская. Буйнейшыя музеі: Нац. галерэя, Нац. музей, музеі П., зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў. Больш за 25 тэатраў, у т. л.Нац., імя Б.Сметаны, імя І.К.Тыла, Т-р на Вінаградах, «На Забрадлі», «Латэрна Магіка». Філармонія (з 1894). Штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Пражская вясна» (з 1946).
Беларусы ў Празе. Прысутнасць беларусаў у П. вядома з 14 ст. У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў П. літоўскай калегіі для моладзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) ун-це вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў П. жыў і працаваў бел. і ўсх.-слав. першадрукар і асветнік Ф.Скарына. З часоў 1-й сусв. вайны П. — буйны цэнтр грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця бел. эміграцыі. У 1918—25 тут быў консулам БНР М.Вяршынін. У вер. 1921 у П. адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя, а ўрад Чэхаславакіі выдзеліў больш за 100 стыпендый для бел. моладзі з Зах. Беларусі і Латгаліі. У 1922—26 у П. вучылася каля 350 беларусаў, у т. л. В.Жук-Грышкевіч, У.Жылка, Т.Грыб, У.Тамашчык. 1.11.1923 сюды пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (у т. л. П.Крачэўскі і В.Захарка), якія дзейнічалі да сак. 1943 (як эмігранцкі ўрад — да 1925). У міжваен. перыяд у П. існаваў шэраг бел. арг-цый і ўстаноў, у т. л.Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны, Беларускі навуковы кабінет; у 1928 засн.Беларускі загранічны архіў. Друкаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы «Беларускі студэнт», «Перавясла», «Прамень», «Іскры Скарыны» і інш., у 1926 выдадзены зб. «Замежная Беларусь». У П. абаранілі доктарскія дысертацыі І.Дварчанін, М.Ільяшэвіч, Я.Станкевіч, А.Орса, Грыб, выкладаў Я.Ляцкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў П. асталяваліся каля 300 бел. сем’яў. Тут жылі і працавалі пісьменніца Л.Геніюш, спявак М.Забэйда-Суміцкі. Нац.-культ. дзейнасць беларусаў у П. актывізавалася ў 1990-я г. Гэтаму спрыяла культ. праграма «Беларусы ў П.», у час якой працавалі аднайм. выстаўка (12—16.2.1996), Скарынаўскі семінар, засн. Згуртаванне беларусаў у Чэхіі імя Ф.Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Скарыну. У сак. 1998 у П. адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Канады, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР. 25.3.1998 пры чэш. арг-цыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Бел. цэнтр (каардынатар У.Яндзюк), а ў сак. 1999 — інфарм. прадстаўніцтва бел.грамадз. ініцыятывы «Хартыя-97». 2—5.6.1998 у П. адбыўся VII Усеслав. з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чал. на чале з дэлегатам Нац. сходу С.І.Касцянам. У 1999 тут зарэгістравана бел. галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н.Валавай. У адпаведнасці з рашэннем Мін-ва адукацыі Чэхіі ў пражскіх ВНУ у 2000 працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі.
Літ.:
Георгиевская Е.Б. Прага. М., 1967;
Буриан И., Свобода И. Пражский Град: Путеводитель. Прага, 1974.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура), А.С.Ляднёва (беларусы ў Празе).
Прага. Фасад сабора святога Віта.Панарама г.Прага.Панарама Старой Прагі.Прага. Гадзіннік на ратушы ў Старым горадзе.Масты Прагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВОЎ, Львів,
горад на Украіне, цэнтр Львоўскай вобл. 797 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (аўтобусы, с.-г. машыны, аўтапагрузчыкі, абсталяванне для канвеерных піній), станкаінструментальная (фрэзерныя станкі, алмазныя інструменты), радыёэлектронная і эл.-тэхн. (тэлевізары, кінескопы, радыёэлектронная мед. апаратура), прыладабудаванне, лёгкая, харчасмакавая, паліграф., нафтаперапр., хім., хіміка-фармацэўтычная, лакафарбавая; вытв-сцьмуз. інструментаў, мэблі, кардону, буд. матэрыялаў, у т. л. керамічны і шкляны з-ды. 10 ВНУ, у т. л.Львоўскі універсітэт, кансерваторыя. Зах.навук. цэнтр АН Украіны. 4 т-ры, у т. л. оперы і балета.
Паводле летапісу вядомы з 1256. Засн. галіцка-валынскім кн.Данілам Раманавічам, які назваў горад імем свайго сына Льва. З 1272 цэнтр княства. З 1349 у складзе Польшчы (у 1370—87 у Венгрыі). У 1356 атрымаў магдэбургскае права. Адм. цэнтр 3 веравызнанняў: рымска-каталіцкага (з 1412 біскупства), правасл. (з 1539 епіскапства, у 1700 ператворана ва уніяцкае) і армянскага. Важны цэнтр кнігадрукавання (у 1572 засн. руская І.Фёдаравым, у 2-й пал. 1580-х г. польская друкарні); у 1661 засн.акадэмія (гл.Львоўскі універсітэт). У 1704 Л. захоплены шведамі. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі (з 1867 — Аўстра-Венгрыі, афіц. назва Лемберг), буйнейшы цэнтр укр. культуры ў Галіцыі. У 1-ю сусв. вайну заняты (1914—15) рус. войскамі. У канцы 1918 цэнтр абвешчанай у Л. Зах.-Укр.Нар. Рэспублікі. З 1919 у складзе Польшчы, цэнтр ваяводства. 3 вер. 1939 у складзе Укр. ССР, цэнтр вобласці. Са снеж. 1939 пачалася першая хваля арыштаў і дэпартацыі жыхароў Л. (пераважна інтэлігенцыі) у глыб СССР. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі; вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944. У пасляваен. перыяд да пач. 1950-х г. Л. — цэнтр антысавецкай барацьбы і ўкр нац.-вызв. руху. Месцазнаходжанне адноўленых у 1991 рым.-каталіцкай і ўкр.-візант. арцыдыяцэзій. З Л. звязаны жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў Беларусі Б.І.Дыбоўскага, Цёткі, І.І.Якубоўскага і інш.
Найб. раннія помнікі архітэктуры: руіны Высокага замка (канец 13 — пач. 14 ст.), фрагменты Мікалаеўскай царквы (канец 13 ст., перабудаваны), Пятніцкая царква (канец 14 ст., перабудавана). У аснове сярэдневяковага плана Л. — прамавугольная сетка вуліц з квадратнай у плане пл. Рынак (14—19 ст.) у цэнтры Вакол плошчы гатычныя кафедральны сабор (1360—1493; арх. П.Штэхер, М.Гром, А.Рабіш; рэстаўрыраваны ў 18 і 19 ст.; скульпт. дэкор і размалёўкі — рэнесанс і барока, надмагіллі і разныя алтары 16—17 ст.) з рэнесансавымі капліцамі Боймаў (1609—17) і Кампіянаў (1609—29, арх. П.Рымлянін), Арм. сабор (першапачатковае ядро 1363—70, майстар Дорк ці Дорынг, у духу арм. архітэктуры 12—13 ст.; перабудоўваўся ў 16—19 ст.; фрагменты фрэсак канца 15 — пач. 16 ст., надмагільныя пліты з рэльефамі 14—18 ст.); рэнесансавыя комплекс збудаванняў Львоўскага брацтва — Успенская царква (1591—1631, арх. Рымлянін, В.Капінас, А.Прыхільны, абразы 17—18 ст., іканастас канца 18 ст.), званіца (т.зв. вежа Карнякта; 1572—78, арх. П.Барбон), капліца Трох свяціцеляў (1578—91). Комплекс жылых будынкаў на пл. Рынак: дом Карнякта (1580, арх. Барбон), «Чорная камяніца» (1592). У стылях барока пабудаваны касцёлы бернардзінцаў (1600—30, арх. Рымлянін, Прыхільны) і дамініканцаў (1749—64, арх. М.Урбанік, інж. Я. дэ Віт), каралеўскі арсенал (1630-я г., арх. П.Градзіцкі), сабор св. Юра (1744—70, арх. Б.Мерэцін, С.К.Фесінгер, разны дэкор 1768—70, скульпт. Пінзель); класіцызму — ратуша на пл. Рынак (1827—35, перабудавана), будынак драм.т-ра імя М.Занькавецкай (1836—42, арх. Л.Піхаль, І.Зальцман). З 2-й пал. 19 ст. Л. забудоўваўся ў духу эклектыкі: будынкі політэхн. ін-та (1872—77, арх. Ю.А.Захарэвіч, пано ў інтэр’еры — група жывапісцаў пад кіраўніцтвам Я.Матэйкі), акад.т-ра оперы і балета імя І.Франко (1897—1900 арх. З.Гаргалеўскі, скульпт. А.Л.Попель, П.Вайтовіч; «венскае барока»). З 2-й пал. 20 ст. вядзецца вял. жыллёвае буд-ва, узводзяцца грамадскія будынкі, музеі. У Л. помнікі А.Міцкевічу (1905, скульпт. Попель, М.І.Парашчук), І.Франко (1964, скульпт. В.Н.Барысенка і інш., арх. А.М.Шуляр), Я.Галану (1972, скульпт. А.П.Пылеў, арх. В.І.Блюсюк). Стараж. могілкі. у т. л. Лычакоўскія (з 1787). 12 музеяў, у т. л. этнаграфіі і маст. промыслаў, укр. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, карцінная галерэя, літ.-мемарыяльны І.Франко.
Літ.:
Островский Г. Львов. 3 изд. Л., 1982;
Деркач И.С. Львов: Пер. с укр. [Львов], 1969.
Р.Ч.Лянькевіч (гісторыя).
Плошча А.Міцкевіча ў Львове.Сабор святога Юра ў Львове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕ́ВЫ, вакальнае мастацтва,
мастацтва перадаваць сродкамі пеўчага голасу і выканальніцкага інтанавання ідэйна-вобразны змест муз. твора; адзін са стараж. відаў выканальніцтва. С. бываюць аднагалосыя (сола), ансамблевыя (дуэт, трыо, квартэт) і харавыя; са словамі і без іх (на галосных гуках — вакалізацыя), з інстр. акампанементам і без яго (а капэла). Асн. жанры С. у класічнай музыцы: С. оперныя, звязаныя з тэатр.-драм. дзеяннем, і камерныя — выкананне рамансаў, песень і інш. Адрозніваюць 4 асн. тыпы вакальных мелодый і, адпаведна, 4 стылі С.: пявучы (кантыленныя плаўныя мелодыі шырокага дыхання),
каларатурны (адметны тэхн. складанасцю. віртуознасцю выканання), дэкламацыйны (разнастайныя інтанацыі мовы, структура слоўнага тэксту), рэчытатыўны (гл.Рэчытатыў). Для прафес. С. неабходны пеўчы голас (выразны, яркага тэмбру, шырокага дыяпазону), валоданне вак. тэхнікай (пастаноўка голасу і дыхання), выразная дыкцыя, агульная муз.-прафес. адукацыя. Розныя нац. школы С. вылучаюцца стылем выканальніцтва, манерай гукавядзення і характарам пеўчага голасу.
Прафес. вак. мастацтва існавала ўжо ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, краінах Усходу, пераважна ў форме нар. і культавых С. З узнікненнем хрысціянства С. ўвайшлі ў царк. богаслужэнні, пры манастырах і цэрквах існавалі школы С. Першая еўрап. школа С. — італьян. (склалася ў пач. 17 ст., вызначалася дасканалай тэхнікай бельканта і выдатнымі галасамі). У Расіі пеўчая культура вядома з 10 ст.Асн. від стараж.царк. С. — знаменны спеў — быў пашыраны ў Расіі, Украіне і Беларусі. У 17 ст. зацвердзіліся партэсныя спевы. У 18 ст. росту прафесіяналізму рус. кампазітараў і спевакоў садзейнічала італьян. опера. Асновы рус.нац. школы С. зацвердзіў М.Глінка, вучнямі якога былі спевакі С.Гулак-Арцямоўскі, В.Пятроў, Г.Вараб’ёва-Пятрова, Д.Лявонава. Далейшае развіццё рус.вак. мастацтва звязана з дзейнасцю спевакоў І.Рупіна, А.Варламава (аўтар «Поўнай школы спеваў», 1840), кампазітараў А.Даргамыжскага, М.Балакірава, М.Мусаргскага, П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава і інш.Рус.вак. школе характэрны высокі прафесіяналізм, шчырасць і прастата выканання, уменне арганічна спалучаць вак. майстэрства з тонкай псіхал. ігрой драм. акцёра (Ф.Шаляпін, І.Яршоў, А.Няжданава, Л.Собінаў, Р.Пірагоў і інш.). У сав. час спевакі развівалі лепшыя традыцыі рус. класічнай школы (А.Абразцова, Н.Абухава, І.Архіпава, У.Атлантаў, В.Барсава, М.Біешу, Б.Гмыра, Н.Дарліяк, З.Далуханава, С.Лемешаў, І.Казлоўскі, В.Нарэйка. У.Несцярэнка, Г.Нэлеп, М.Рэйзен, Т.Сіняўская, Б.Штокалаў і інш.).
На Беларусі нац. рысы выканальніцтва замацаваны ва ўсіх відах і жанрах нар.-песеннай культуры. Характар бел. напеваў, што ўвасобілі агульныя традыцыі, абумоўлены асаблівасцямі мовы, тэмпераментам, духоўным складам, характарам народа, што спрыяла развіццю спецыфічных і разнастайных прыёмаў выканання і гукаўтварэння — галасны спеў, С. з падводкай, прыёмы гетэрафоніі і бурданіравання (гл.Бурдон). У 16—18 ст. на Беларусі развівалася свецкая кантавая культура, асн. жанры якой — канты і псальмы. Уклад у станаўленне пеўчага мастацтва зрабілі бел. брацтвы, пры якіх існавалі школы хар. С. Развіццё прафес. С. у 18 ст. звязана з дзейнасцю прыватных т-раў і капэл. У 20 ст. на Беларусі сфарміравалася нац. школа С., якая вылучыла шэраг вядомых майстроў, у іх ліку нар.арт.СССР Л.Александроўская, М.Ворвулеў, С.Данілюк, Т.Ніжнікава, А.Саўчанка, нар.арт. Беларусі І.Балоцін, З.Бабій, Л.Бражнік, В.Валчанецкая, Н.Гайда, Л.Галушкіна, А.Генералаў, В.Глушакоў, М.Дзянісаў, С.Друкер, Л.Златава, М.Зюванаў, Р.Млодак, Я.Пятроў, І.Сайкоў, І.Сарокін, М.Сярдобаў, В.Чарнабаеў, І.Шыкунова, Т.Шымко, засл. арт. Беларусі Т.Глаголева, М.Грыгорчык, В.Кавальчук, А.Мельнікаў, А.Пятроў, В.Скорабагатаў і інш.Вял. роля ў развіцці нац.вак. мастацтва належыць Беларускай акадэміі музыкі, Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру оперы Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнаму акадэмічнаму народнаму хору Рэспублікі Беларусь, Хору акадэмічнаму беларускага тэлебачання і радыё. Дзярж. сістэма муз. адукацыі і выхавання створана ў 1930-х г.: спевакоў рыхтуюць Бел.акадэмія музыкі (кафедра спеваў і оперная студыя), муз. вучылішчы, выкладчыкаў спеваў агульнаадук. школ — Бел.пед.ун-т (муз.-пед.ф-т). Гл. таксама Вакальная музыка.
Літ.:
Иванов А.П. Об искусстве пения. М., 1963;
Морозов В.П. Вокальный слух и голос. М.; Л., 1965;
Яго ж. Тайны вокальной речи. Л., 1967;
Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993;
Пікарда Г. дэ. Царкоўная музыка на Беларусі. 989—1995. Мн., 1995;
Музычны тэатр Беларусі. [Т. 1—4]. Мн., 1990—97;
Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫРК (ад лац. circus круг),
1) від сцэнічнага мастацтва, адным з асн. сродкаў выразнасці якога з’яўляецца трук.
2) Спецыяльны будынак з манежам (арэнай), у якім даюцца цыркавыя прадстаўленні.
Цыркавое мастацтва ўключае акрабатыку (гл.Акрабатычнае мастацтва), эквілібрыстыку, жангліраванне, ілюзіянізм клаунаду, дрэсіроўку жывёл, муз.эксцэнтрыку і інш. Яго вытокі ў нар. абрадах і гульнях, у творчасці скамарохаў, балаганных і кірмашовых т-рах. Элементы сучаснага цыркавога мастацтва сустракаліся ў Стараж. Кітаі, Грэцыі, Рыме, Візантыі. Паказы адбываліся ў спец. будынках — амфітэатрах і складаліся са спарт. гульняў, баёў гладыятараў, выступленняў жанглёраў, канатаходцаў. Вялікую ролю ў развіцці цыркавога мастацтва адыгралі жанглёры (у Францыі), шпільманы (у Германіі), франты (у Польшчы), дарвозы і масхарабозы (у Сярэдняй Азіі). У 1772 Ф.Астлей адкрыў у Лондане школу верхавой язды, у 1782 пабудаваў першы ў свеце стацыянарны Ц. У Расіі першы стацыянарны будынак з’явіўся ў Пецярбургу (1827). У 1880 адкрыты Маскоўскі цырк (з 1997 імя Ю.Нікуліна). Для падрыхтоўкі артыстаў Ц. пры імператарскім тэатр. вучылішчы існавала цыркавое аддзяленне. У 1926 у Маскве арганізавана майстэрня цыркавога мастацтва (з 1961 Дзярж. вучылішча цыркавога і эстр. мастацтва). Рэжысёраў Ц. рыхтуюць у Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. Найб. вядомыя рас. цыркавыя артысты: клоуны Л.Енгібараў, Карандаш (М.Румянцаў), В.Лазарэнка, Нікулін, А.Папоў, дрэсіроўшчыкі жывёл І.Бугрымава, Ю.Куклачоў, В.Філатаў, П.Круцікаў, П.Крылоў, Я.Панкратаў, дынастыі Валжанскіх, Дуравых, Запашных, Канціміравых, ілюзіяністы Кіо, гімнасты Каўрыгіны, наезнік П.Федасееўскі, акрабаты Вінкіны, Сосіны, канатаходзец Ф.Маладцоў, барцы І.Заікін, П.Крылоў, І.Паддубны і інш.
На Беларусі элементы цыркавога мастацтва былі ў творчасці скамарохаў (вядомы з пропаведзі Кірылы Тураўскага супраць скамароства, 12 ст.). З 17 ст. ствараліся спец. школы дрэсіроўкі мядзведзяў (гл.«Смаргонская акадэмія»), вяровачных скакуноў і штукароў (у в. Семежава Капыльскага р-на Мінскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. існаваў Ц. памешчыка Л.Оштарпа ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., дзе выступалі замежныя і прыгонныя штукары і блазны (вядомы бел. фокуснік Даўгяла). У 19 ст. ў часовых памяшканнях, балаганах і манежах мясц. знаці адбываліся гастролі замежных труп. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў Мінску гастраліравалі перасоўныя летнія Ц. К.Гіне, Годфруа, Чынізелі, Труцы, Фероні, у Гомелі — трупы К.Муміно, А.Дэвінье, Далай-Ламы, А.Лапіяда, Ц. «Рускі калізей» Ф.Дурава. У 1884 у Мінску адкрыўся першы зімовы стацыянарны «Рускі цырк братоў Нікіціных», у 1890-я г. — Ц. у Гомелі (існаваў да 1917). У 1926 адкрыўся новы Гомельскі Ц. (у 1932 будынак перададзены БДТ-3). У 1930-я г. ў мінскім гар. парку працаваў летні Ц., з 1947 — шапіто. У 1959 прэм’ерай праграмы Беларускага цыркавога калектыву (існаваў да 1974) адкрыўся зімовы стацыянарны будынак Мінскага цырка. Сярод паказаў у Мінскім Ц. — нумары «Паветранае адажыо» (1985), «Паветраная гімнастка» (1998), «Акрабатычны дуэт» (1999), «Дрэсіраваныя мядзведзі» (2003), спектаклі «Збройнік Праспера» (1985), «Заўсёды свята» (1992), «Вясёлы Рымша» (1994), «Карлсан у цырку» (1999), «Планета радасці» (2000), «Айбаліт-2001» (2001), «Маскарад» (2002), «Зімовая казка» (2003), атракцыён «Ілюзія» (2003). У 1950—60-я г. ў Гомелі працавала шапіто. У 1972 адкрыўся другі на Беларусі стацыянарны Гомельскі цырк. Сярод пастановак у ім: нумары «Дрэсіраваныя кошкі» (1986), «Лялька» (1987), «Акрабаты на шастах», «Танцы на дроце» (абодва 1992), «Конь-матэматык», «Вышэйшая школа верхавой язды» (абодва 1993), «Акрабатычная пара», «Ёга» (абодва 1994), «Гульня з хула-хупамі» (1996), атракцыён «Мядзведзі на конях» (1993). Значны ўклад у развіццё цыркавога мастацтва на Беларусі зрабілі артысты і дзеячы культуры К. і Ю. Аўерыно, Т. і Г. Бандарчукі, А.Варанецкі, А.Ваўчок, А.Вязаў, Ф.Гулевіч, К.Дароці, М.Запашная, Б.Кабішчар, В.Колабаў, Я.Лабовіч, У.Макараў, М.Марусалаў, П.Мар’янкоў, Я.Мілаеў, Л. і А. Пасечнікі, В.Пацехін, В.Радзянка, Б.Райскі, М.Фінберг, Я.Чахаўскі, А.Шаг-Наважылаў, акрабаты Сунгуравы, турністы пад кіраўніцтвам В.Кашубы і інш. З 1998 пры Мінскім муз. вучылішчы імя М.Глінкі працуе аддз. па падрыхтоўцы артыстаў Ц. З 1950-х г. працуюць аматарскія цыркавыя калектывы, некаторыя з іх маюць званне народных.
Літ.:
Весь вечер на манеже. М., 1965;
Кузнецов Е. Цирк. 2 изд. М., 1971;
Шляпин Л.Ф. Цирк любителей. М., 1976;
Фальковский А.П. Художник в цирке. М., 1978;
Вадимов А.А., Тривас М.А. От магов древности до иллюзионистов наших дней. 2 изд. М., 1979;
Лабада А. Цырк на беларускай арэне: Фотаальбом. Мн., 1989.
Т.М.Бандарчук, Я.М.Лабовіч.
Да арт.Цырк. Арэна цырка Ф.Астлея. Лондан.Да арт.Цырк. Акрабаты пад кіраўніцтвам А.Ампадзістава.Да арт.Цырк. Эквілібрыст С.Загорскі. 2003.Да арт.Цырк. Дрэсіроўшчыца А. Выгарніцкая з ламамі. 2003.Да арт.Цырк. Клоун А.Родзін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНОМІКА АГРАПРАМЫСЛОВАГА КОМПЛЕКСУ
Эканоміка аграпрамысловага комплексу (АПК) як навука на Беларусі пачала развівацца ў пач. 1920-х г. Першыя даследаванні праводзіліся на эканам. аддзяленні БДУ. Вывучаліся пытанні спецыялізацыі і аплаты працы, работы саўгасаў і МТС, узаемаадносін МТС з калгасамі і інш. У пасляваенны перыяд эканамісты-аграрнікі распрацоўвалі пытанні арганізац-гасп. ўмацавання калгасаў, удасканалення планавання, спалучэння грамадскіх і асабістых інтарэсаў калгаснікаў. У 1950-я г. ў Ін-це эканомікі АН Беларусі даследаваліся праблемы развіцця грамадскай гаспадаркі і асваення рэсурсаў Палесся (Г.Ц.Кавалеўскі, Г.М.Лыч, Ф.С.Марцінкевіч, С.Г.Скарапанаў, І.П.Чарняўскі). У 1960—70-я г. распрацоўваліся праблемы ўнутрыгасп. разліку, зніжэння сабекошту і павышэння рэнтабельнасці с.-г. прадукцыі, эфектыўнасці капіталаўкладанняў і асн. фондаў (І.Ш.Гарфінкель, І.М.Качура, В.Р.Крастоўскі і інш.). Праблемы АПК даследаваліся ў НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР, у н.-д. установах Мін-ва сельскай гаспадаркі Беларусі (І.В.Барысевіч, Ф.С.Марцінкевіч, У.В.Міласердаў і інш.). У 1971 у Мінску арганізавана Зах. аддзяленне УАСГНІЛ, на базе якога пазней створана Акадэміяагр. навук.
У наш час даследаванні праблем АПК ажыццяўляюцца ў Інстытуце аграрнай эканомікі Нац.АН Беларусі, які з’яўляецца галаўной арганізацыяй па распрацоўцы рэсп. праграм павышэння эфектыўнасці АПК на перыяд 2000—05 і ўдасканалення АПК на 2001—05. У праграмах абгрунтаваны крытэрыі пераходу суб’ектаў гаспадарання на самаакупнасць, аб’ёмаў вытворчасці і збыту прадукцыі, фарміравання каап.-інтэграцыйных аб’яднанняў, фінансавання і крэдытавання, матэрыяльна-тэхн. і кадравага забеспячэння аграпрамысл. вытворчасці (В.А.Папкоў, Г.І.Гануш, У.Р.Гусакоў, Ю.Д.Мароз, А.С.Сайганаў, А.П.Шпак, С.Б.Шапіра, і інш.).У 2003 супрацоўнікі Ін-та агр. эканомікі Нац.АН Беларусі з удзелам вучоных Н.-д.эканам. ін-та Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь, спецыялістаў з інш. мін-ваў і ведамстваў, абл. камітэтаў і шэрагу раённых упраўленняў сельскай гаспадаркі распрацавалі Праграму сац.-эканам. развіцця і адраджэння вёскі на 2004—10-я г. (Г.І.Гануш, У.Р.Гусакоў, З.М.Ільіна, П.В.Лешчылоўскі, С.С.Палонік, С.Б.Шапіра, А.П.Шпак, У.М.Шылаў і інш.). Праблемы эканомікі АПК уключаюцца ў праграмы навук. даследаванняў спец. кафедраў БСГА, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Бел.эканам. ун-та, Бел.агр.тэхн. ун-та і інш.ВНУ, НДІ сістэмы Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, 8 абл. і спецыялізаваных доследных станцый, 10 эксперым. гаспадарак. Вывучаюцца праблемы тэорыі і метадалогіі эканам. развіцця сельскай гаспадаркі, стратэгіі агр. рэформ (В.А.Дадалка, А.І.Ківейша, Г.М.Лыч, М.Ф.Пракапенка, А.С.Скакун, М.І.Ціценка), міжгасп. кааперацыі і аграпрамысл. інтэграцыі (Г.І.Гануш, М.Е.Заяц, П.В.Лешчылоўскі), навук.тэхн. прагрэсу, стварэння арганізац.-эканам. сістэмы кіравання і інфарм.-вылічальнага забеспячэння АПК (М.П.Краўцоў, В.М.Ліхачоў, П.Г.Нікіценка, Я.А.Пятровіч), удасканалення гасп. механізму ва ўмовах трансфармацыйнай эканомікі (У.Л.Клюня, К.П.Рыхатка, А.П.Шпак), развіцця лізінгавых адносін і фін. устойлівасці прадпрыемстваў АПК (Л.П.Догіль, А.С.Сайчанкаў), павышэння ўстойлівасці развіцця с.-г. вытворчасці, стымулявання інвестыцыйнай дзейнасці (М.М.Антоненка, А.М.Новак, А.П.Шпак), арганізац. асноў фарміравання рынкаў вытворча-тэхн. паслуг у раённым звяне АПК (У.І.Бельскі, Р.К.Лянькова). Выдадзены навуч. дапаможнікі: «Рынкі сельскагаспадарчай сыравіны і харчавання» З.М.Ільіной (2-е выд., 2001), «Эканоміка прадпрыемстваў і галін АПК» пад рэд. П.В.Лешчылоўскага і І.С.Танковіча (2-е выд., 2001), «Антыкрызіснае кіраванне аграпрамысловым комплексам Беларусі» П.І.Іванцова (2002); калект. працы «Аграрная навука Беларусі: дасягненні, праблемы, рашэнні» (2001), «Навуковыя асновы перспектыўнага развіцця АПК Рэспублікі Беларусь» (2001), «Актуальныя праблемы развіцця аграпрамысловага комплексу Беларусі» (2003) і інш.
Літ.:
Прокопенко Н.Ф. Агропром: научно-технический прогресс и качество. Мн., 1988;
Лещиловский П.В. Трудовые ресурсы села: проблемы и пути решения. М., 1998;
Шапиро С.Б. Основы управления аграрным сектором в условиях рынка: (Теория, методология и практ. рекомендации). Мн., 1999;
Ильина З.М. Научные основы продовольственной безопасности. Мн., 2001;
Научные принципы эффективного функционирования АПК Беларуси. Мн., 2002;
Формирование рыночных отношений в АПК и перспективные направления аграрной политики Республики Беларусь. Мн., 2002;
Скакун А.С. Социально-экономические преобразования в АПК Республики Беларусь (вопросы теории и практики). Мн., 2003.