ТАЦІ́ШЧАЎ Васіль Мікітавіч (29.4.1686. каля г. Пскоў, Расія — 26.7.1750),
расійскі дзярж. дзеяч, гісторык. Род Т. паходзіў ад смаленскіх князёў. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21, у т. л. баявых аперацый 1705—06 на тэр.ВКЛ і Польшчы, Палтаўскай бітвы 1709. Выконваючы ваен.-дыпламат. даручэнні Пятра I за мяжой, Т. узбагаціў свае веды ў галінах філасофіі і гісторыі, геаграфіі і горнай справы, эканам. і паліт. вучэнняў, што пазней дазваляла яму грунтоўна асвятляць адпаведныя пытанні ў сваіх творах і запісках. У 1720—22 і 1734—37 кіраўнік казённых заводаў на Урале, заснаваў г.Екацярынбург (1721); 1741—45 астраханскі губернатар. Аўтар прац па гісторыі, геаграфіі, філасофіі, эканоміцы (пры яго жыцці амаль не друкаваліся). На падставе шматлікіх летапісаў і інш. крыніц стварыў абагульняльную працу «Гісторыя Расійская з самых старажытнейшых часоў» (кн. 1—5, 1768—1848), дзе ўпершыню ў рас. гістарыяграфіі зрабіў спробу знайсці заканамернасці ў гіст. развіцці Расіі; гіст. прагрэс звязваў з развіццём асветы. Сярод выкарыстаных Т. крыніц былі летапісы, якія не дайшлі да нашага часу, у т. л. адзін са спісаў Полацкага летапісу. Па яго творах удакладняюцца многія падзеі з гісторыі Беларусі: месца бітвы кн. Уладзіміра Святаславіча з Яраполкам (на р. Друць), прычыны нападу Уладзіміра Святаславіча на Полацк у 980 (напад полацкага кн. Рагвалода на ўладанні Ноўгарада), уладкаванне спраў полацкіх князёў з Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам у 1121, час заснавання Навагрудка (1044), Барысава (1102), акалічнасці ўзнікнення ВКЛ (вакол Навагрудскага княства), помсты Войшалка забойцам яго бацькі Міндоўга і інш. Т. упершыню даследаваў паходжанне тэрміна Белая Русь, які лічыў указаннем на прыгажосць і багацце гэтай зямлі і адносіў яго ўзнікненне да 12 ст. Даследаваў узнікненне герба ВКЛ«Пагоня», які лічыў запазычаным у стараж.-рус. княстваў. Т. паклаў пачатак этнаграфіі і крыніцазнаўства ў Расіі, упершыню апублікаваў Рускую праўду, Судзебнік 1550. Аўтар першага рас.энцыкл. слоўніка — «Лексікон расійскі гістарычны, геаграфічны, палітычны і грамадскі» (ч. 1—3, 1793, да літары «К»). Да праблем эканам. развіцця Расіі Т. падыходзіў з пазіцый развітога меркантылізму, адводзячы дзяржаве вырашальную ролю ў кіраўніцтве эканам. жыццём краіны. У працах па эканоміцы абгрунтоўваў тэорыю «гандл. балансу» і значную ролю купецтва ў павелічэнні даходаў дзяржавы. Адным з першых выказаў меркаванні аб неабходнасці банкаў, у т. л. для крэдытавання прам-сці і гандлю.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1994—96;
Записки. Письма, 1717—1750 гг.М., 1990.
Літ.:
Юхт А.И. Государственная деятельность В.Н.Татищева в 20-х — начале 30-х гг. XVIII в. М., 1985;
Шакинко И.М. В.Н.Татищев. М., 1987;
Кузьмин А.Г. Татищев. 2 изд. М., 1987;
Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2000;
Штыхаў Г.В. Дзевяць стагоддзяў Барысава. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМАЦАВА́НЫ РАЁН,
1) мясцовасць (паласа, рубеж), падрыхтаваная да працяглай абароны з мэтай прыкрыцця ўчастка дзярж. граніцы, важнага аператыўна-стратэг. напрамку і інш.
Пасля 1-й сусв. вайны замест устарэлай сістэмы цытадэлей (цытадэльных раёнаў) у шэрагу краін (Францыя, Фінляндыя, Германія, СССР і інш.) у сістэме ўмацаваных ліній ствараліся У.р. У СССР уздоўж зах. граніцы ў 1928—39 былі збудаваны 24 У.р., у т. л. 4 на зах. мяжы БССР (61-ы Полацкі, 63-і Мінскі, 65-ы Мазырскі, 67-ы Слуцкі). Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) старыя У.р. былі ў асн. дэманціраваны. З сярэдзіны 1940 уздоўж зах. граніцы Беларусі пачалося буд-ва 4 новых У.р. (62-і Брэсцкі, 64-ы Замбраўскі, 66-ы Асавецкі, 68-ы Гродзенскі), у склад якіх былі ўключаны і адпаведныя цытадэлі, у т. л.Брэсцкая крэпасць. Усяго ў складзе У.р. на зах. мяжы СССР меркавалася пабудаваць каля 1,2 тыс. жалезабетонных абарончых збудаванняў. Да лета 1941 іх было 505, але поўнасцю ўзбр. і абсталяваных толькі 193 (17%), а таксама 909 збудаванняў палявога тыпу. У.р. займаў па фронце да 180 км, у глыбіню 10—30 км, падзяляўся на 3—4 вузлы абароны (у кожным з іх меліся апорныя пункты, адпаведныя батальённым сектарам абароны, на гал. паласе У.р. — да 12—15 доўгачасовых агнявых пунктаў з жалезабетону і інш. ўмацаванні). З пач.Вял.Айч. вайны найб. упартае супраціўленне ням. войскам аказалі Брэсцкі У.р. (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941) і Мінскі ўмацаваны раён (гл.Мінска абарона 1941). Баі на рубяжы р.Зах. Дзвіна, у т. л. за Полацкі У.р., доўжыліся з 4 па 16.7.1941 (гл.Полацка абарона 1941). Важнай апорай сав. войск, якія з 22.7 па 22.8.1941 утрымлівалі Жыткавічы, Тураў, Мазыр і інш.нас. пункты, стаў таксама Мазырскі У.р.
2) Назва штатных вайск. фарміраванняў, якія спецыяльна падрыхтаваны для вядзення абарончых баявых дзеянняў і выкарыстоўваліся ў складзе агульнавайсковых армій. Пры правядзенні Беларускай аперацыі 1944 У.р. дзейнічалі ў складзе франтоў: 1-га Прыбалт. (155-ы — у 43-й арміі), 3-га Бел. (152-і — у 11-й гвардз. арміі), 2-га Бел. (154-ы — у 33-й арміі), 1-га Бел. (119-ы, 153-і і 161-ы — у 28-й арміі, 115-ы — у 48-й арміі). У Бабруйскай аперацыі 1944 115-ы У.р. сумесна з інш. злучэннямі 48-й арміі 26.6.1944 удзельнічаў у вызваленні Жлобіна, за што ўдастоены ганаровага наймення «Жлобінскі».
Літ.:
Хорьков А.Г. Укрепленные районы на западных границах СССР // Воен.-ист. журн. 1987. № 12;
Сухих А.Н. Некоторые вопросы боевого применения укрепленных районов // Воен. мысль. 1995. № 1;
Ваврентюк И. Героический Брест-Литовский УР: Погибаю, но не сдаюсь! // Армия. 1999. № 2—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ І ВАДАСХОВІШЧЫ
Азёры. На тэр. Беларусі больш за 10 000 азёр. Агульная іх плошча каля 2000 км², агульны аб’ём вады ў іх каля 6 км³. Азёр плошчай 0,1 км² і больш налічваецца 1072, плошчай больш за 10 км² — 20. Самае вял. па плошчы воз. Нарач (79,6 км²), самае глыбокае — Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Да найбольшых належаць азёры Асвейскае (52,8 км²), Чырвонае (43,8 км²). Лукомскае (36,7 км²), Дрывяты (36,1 км²) і інш. Найбольш азёр на Пн краіны — у Беларускім Паазер’і і на Пд — у Беларускім Палессі. У асобных раёнах (Браслаўскі, Ушацкі) пад азёрамі да 10% тэрыторыі; у бас.р.Зах. Дзвіна і Нёман больш за 3,8 тыс. азёр. На Пд Беларусі шмат дробных азёр, у бас. рэк Дняпро і Прыпяць (разам са старыцамі) іх прыкладна 6500. Звесткі пра плошчы і глыбіні найбольшых азёр гл. ў табліцах 1 і 2.
Многія азёры ўтвараюць групы або ланцужкі, звязаныя невял. рэкамі і пратокамі, у іх ліку Ушацкая група, якая ўключае каля 40 азёр і аб’ядноўваецца р. Дзіва (бас.р.Зах. Дзвіна), і сістэма Браслаўскіх азёр (больш за 50), якую звязвае р. Друйка.
Катлавіны азёр найчасцей ледавіковага (пераважна на Пн), рачнога, карставага паходжання. Азёры паўн.ч. краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін на выш.да 160—180 м над узроўнем мора. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы. Тыпы ледавіковых катлавін: падпрудныя, што ўтварыліся ад расталых ледавіковых вод у паніжэннях паміж марэннымі градамі, іх форма круглаватая або лопасцевая, схілы асіметрычныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Дрывяты, Лукомскае і інш.); лагчынныя, што ўтварыліся ад ледавіковага выворвання вузкіх глыбокіх лагчын (глыб.да 80—100 м) і эварзійнай дзейнасці талых вод (Доўгае, Саро, Сянно, Балдук і інш.); эварзійныя, што ўзніклі ад разбуральнай дзейнасці вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка і выбівала невялікія, але глыбокія (25—30 м) чашы са стромкімі схіламі і акруглым малюнкам берагавой лініі (Рудакова, Вісяты, Варанец, Жэнна, Светлае і інш.); тэрмакарставыя, што ўзніклі на месцы раставання лінзаў лёду ў марэнных адкладах у час адступання ледавіка, малыя і неглыбокія, часам акруглыя прасадачнага паходжання (Лісіцкае, Усомля, Канашы). Найб. разнастайныя абрысы берагавой лініі ў складаных катлавінах азёр, утвораных у выніку ўзаемадзеяння некалькіх фактараў; у іх плане спалучэнне буйных мысаў і ўпадзін, высокіх паўастравоў і розных па форме заліваў (Крывое, Атолава, Лепельскае). Па ўсёй краіне, асабліва ў бас. рэк Дняпро і Прыпяць, шмат рачных азёр-старыц. Іх карставыя (Вулькаўскае, Свіцязь, Сомінскае, Лукаўскае і інш.) і суфазійныя катлавіны звязаны з вышчалочваннем вапнякоў, мелу, вымываннем гліністых часцінак і прасадкай грунту. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся мелкаводныя. Гэта азёры-разлівы, якія ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях і акружаныя тарфянымі балотамі (Чырвонае, Арэхаўскае, Олтушскае, Выганашчанскае і інш.). У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы сцёк і атмасферныя ападкі, роля падземных вод малазначная. Узровень вады ў азёрах на працягу года амаль пастаянны, звычайна вагаецца ад 1 да 1,5 м; вясной узровень вады павышаецца, зімой і летам паніжаецца.
Тэмпературны рэжым азёр абумоўлены ўплывам клімату зоны ўмеранага пояса (мяшаных лясоў зона). Вялікую ролю ў жыццядзейнасці жывёльных і раслінных арганізмаў адыгрывае вертыкальны рух вады — перамешванне. Летам мелкаводныя азёры пад уплывам ветру перамешваюцца да дна, т-ра вады 18—20 °C (гоматэрмія). У глыбокіх азёрах узнікае прамая тэмпературная стратыфікацыя: верхні слой вады (эпілімніён) добра награваецца і перамешваецца, у сярэднім (металімніёне — слой тэмпературнага скачка) т-ра паніжаецца на 3—5 °C на 1 м, у ніжнім слоі (гіпалімніёне) на працягу лета вада амаль нерухомая, т-ра каля 5—7 °C, нават пры значнай празрыстасці вады (5—8 м) тут пастаянна цёмна. Увосень у выніку выхалоджвання і вертыкальнага канвекцыйнага перамешвання ўзнікае асенняя гоматэрмія. Зімой азёры 4—5 месяцаў укрыты лёдам таўшчынёй 50—70 см, каля дна т-ра 3,5—4 °C, утвараецца адваротная стратыфікацыя. Вясной вада інтэнсіўна праграваецца і перамешваецца ў ходзе веснавой цыркуляцыі і гоматэрміі.
Газавы рэжым азёр вызначаецца колькасцю ў вадзе кіслароду, вуглякіслага газу, азоту і інш. Кіслародны рэжым звязаны з гадавым цыклам, залежыць ад т-ры і перамешвання вады. Летам кіслародам багаты верхні слой вады (кіслародная насычанасць больш за 100%), ніжні слой збеднены. Іншы раз у канцы лета кісларод каля дна знікае зусім, разам з павелічэннем колькасці вуглякіслага газу нярэдка паяўляецца серавадарод, і ўзнікае мёртвы слой вады. Зімой у некаторых азёрах кіслароду не хапае ва ўсёй воднай масе. У мелкаводных азёрах да канца зімы кісларод часам расходуецца цалкам, жывёлы задыхаюцца, настаюць заморы рыбы. Найбольш у вадзе азёр азоту (64%), які паступае з паветра. Ён захоўваецца амаль поўнасцю ў свабодным стане і толькі часткова спажываецца некаторымі бактэрыямі і мікраскапічнымі водарасцямі.
Гідрахімічныя асаблівасці азёр. Паводле хімічнага саставу азёры Беларусі належаць да прэсных, гідракарбанатна-кальцыевага тыпу. Агульная іх мінералізацыя 200—300 мг/л. Асноўныя складаючыя мінералізацыі — гідракарбанатны іон (HCO3−), іон Ca2+, Mg2+, SO42−, Cl−. Яны паступаюць у азёры з марэнных адкладаў, багатых вапнякамі і даламітамі. Хларыды (Cl−) і сульфаты (SO42−) трапляюцца ў невялікай колькасці і павялічваюцца ў выніку гаспадарчай дзейнасці (унясенне на палі мінеральных угнаенняў, скід неачышчаных сцёкавых вод). Асноўных біягенных рэчываў (злучэнняў азоту, фосфару) у чыстай вадзе вельмі мала. Жалеза ў прыдонных слаях вады да 2—3 мг/л. Асноўны гідрахімічны паказчык — актыўная рэакцыя вады (pH) — у азёрах мяняецца ад слабакіслай (6—6,5) ва ўмовах балотнага жыўлення зімой да шчолачнай (8—8,5); у большасці выпадкаў pH роўная 7,5—8. Знешнімі прыкметамі стану возера, колькасці ў ім арганічных рэчываў і каламуці з’яўляюцца празрыстасць вады і колернасць. Найбольш празрыстыя глыбокія азёры: празрыстасць больш за 4—5 м (у Нарачы да 10 м); колернасць звычайна ніжэй 10—15°; найменш празрыстыя (<1 м) мелкаводныя і забруджаныя азёры з колернасцю вады 50—70°.
Раслінныя і жывёльныя арганізмы азёр. Азёрная расліннасць — мікрафіты і макрафіты. Да мікрафітаў належыць фітапланктон (больш за 500 відаў), прадстаўлены дыятомавымі водарасцямі (у глыбокіх халодных азёрах) і сіне-зялёнымі водарасцямі (у мелкаводных вадаёмах). Макрафіты ўтвараюць палосы расліннасці, найчасцей уздоўж берага. Жывёльны свет азёр прадстаўлены зоапланктонам і іхтыяфаунай. Прадстаўнікі зоапланктону займаюць сярод жывёльных арганізмаў самую нізкую ступень. Найбольш пашыраны галінаставусыя, весланогія рачкі (характэрныя для халодных азёр). Сярод насельнікаў дна (бентас) — малюскі, алігахеты, хіранаміды, ракападобныя. У азёрах Беларусі больш за 20 відаў прамысловых рыб, найбольш каштоўныя з іх лешч, сазан, шчупак, судак. Прамысловае значэнне маюць таксама віды, што ўзнаўляюцца або папаўняюцца штучна (напр., еўрапейскі вугор). У неглыбокіх азёрах акліматызаваны амурскі сазан і чудскі сіг, белы амур, таўсталобік. Паводле саставу іхтыяфауны азёры падзяляюць на рапушкава-сіговыя (найбольш глыбокія, празрыстыя і халодныя азёры), ляшчова-судаковыя і ляшчова-шчупаковыя (неглыбокія, высакакормныя азёры), сазанавыя (неглыбокія і мелкаводныя, высакакормныя), карасёва-лінёвыя (мелкаводныя, зарослыя, з недахопам кіслароду).
Азёрныя адклады. Тэрыгенныя адклады ўтвараюцца ў працэсе разбурэння берагоў. У выніку ў прыбярэжнай зоне намнажаюцца пяскі, гліны, валуны, галька. Хемагенныя — гэта прыбярэжныя адклады вапнякоў (азёрнага мергелю). Пашыраны і разнастайныя арганамінер. адклады (ілы, сапрапелі), якія ўзніклі ў выніку назапашвання адмерлых арганізмаў (пераважна раслінных) і дробных ілістых мінеральных часцінак. У іх састаў уваходзяць таксама злучэнні крэмнію, алюмінію, жалеза, кальцыю, магнію, серы, натрыю, шматлікія мікраэлементы (марганец, тытан, ёд). Адклады, у якіх арганічнага рэчыва больш за 50%, адносяць да арганічных тонка- або грубадэтрытавых сапрапеляў (у мелкаводных зарослых азёрах); у якіх 30—50% арганічнага рэчыва — да крэменязёмістых, карбанатных (вапняковістых), мяшаных сапрапеляў. Гліністыя або апясчаненыя ілы бедныя арганічным рэчывам. Для азёр Беларусі характэрны крэменязёмістыя адклады. На ПнЗ пашыраны азёры з карбанатнымі адкладамі на глыб. 1—7 м. Магутнасць сапрапеляў у азёрах каля 4 м, найб. — да 15—20 м; агульныя запасы — 1387 млн.м³. Самы ніжні пласт адкладаў у азёрах мае ўзрост каля 12—12,5 тыс. гадоў і прадстаўлены грубымі тэрыгеннымі адкладамі. Найбольш старажытныя разрэзы выяўлены ў азёрах Нарач, Глубелька, Вераб’і і інш. Узрост большасці азёр Паўн. Беларусі і Палесся складае 10—12 тыс. гадоў.
Паводле агульназанальных і азанальных фактараў (морфаметрычныя асаблівасці і ўзровень трофнасці), вылучаюць 4 асн. генетычныя тыпы азёр. Мезатрофныя з адзнакамі алігатрафіі, гэта глыбокія, невялікія азёры, яны празрыстыя, з выразнай стратыфікацыяй т-ры вады, магутным гіпалімніёнам; багатыя кіслародам, маюць нейтральную рэакцыю (pH) і сярэднія паказчыкі мінералізацыі. Адклады, мінеральныя і арганамінеральныя, маламагутныя. Іхтыяфауна сігова-снятковая. Да азёр такога тыпу належаць Балдук, Гінькава, Доўгае, Рудакова, Волас, Крывое і інш. За унікальныя прыродныя якасці некаторыя з такіх азёр ахоўваюць як заказнікі. Мезатрофныя, сярэднеглыбокія — гэта азёры са значнай плошчай, яны празрыстыя, багатыя кіслародам. Іх значная плошча спрыяе інтэнсіўнаму ветравому перамешванню вады, слаба развіты гіпалімніён. Рэакцыя вады і мінералізацыя раўнамерныя на працягу года. Адклады арганамінер. і мінеральныя. Іхтыяфауна рапушка-сіговая. Азёры такога тыпу — Нарач, Мядзел, Снуды, Рычы і інш. На Беларусі мезатрофныя азёры набываюць усё большае значэнне як месцы турызму і адпачынку. Эўтрофныя неглыбокія (слабаэўтрофныя) і мелкаводныя (моцнаэўтрофныя), з рознай плошчай — гэта азёры з багатым арганічным жыццём, са значнымі ваганнямі гідрахімічных паказчыкаў на працягу года. Іх водная маса летам інтэнсіўна перамешваецца пад уздзеяннем ветру, высокая насычанасць вады кіслародам, гіпалімніён амаль не выражаны. Зімой кіслароду дастаткова для рыбы. Пры малых глыбінях — кіслародны дэфіцыт, арганамінер. і арганічныя адклады магутныя. Іхтыяфауна ляшчова-судакова-шчупаковая. Да азёр такога тыпу належаць Дрывяты, Лукомскае, Мястра, Выганашчанскае, Арэхаўскае і інш. У дыстрафіруючых мелкаводных азёрах з рознай плошчай інтэнсіўнае ветравое перамешванне вады выклікае гоматэрмію, адсутнасць гіпалімніёну. Пры багатым грунтавым жыўленні яны моцна зарастаюць. Іх мінералізацыя і газавы рэжым вагаюцца. Амаль кожную зіму з-за недахопу кіслароду ўзнікаюць заморы рыбы. Арганічныя адклады магутныя. З прычыны недастатковага грунтавога жыўлення ў азёрах слаба развітыя макрафіты, пастаянна нізкая мінералізацыя і кіслая pH. Іхтыяфауна. карасёва-лінёвая, збедненая. Тыповыя азёры Жэрынскае, Ельня, Дабееўскае, Судабле, Чырвонае, Межужол.
На большасць азёр Беларусі ўплывае працэс антрапагеннага эўтрафіравання як вынік пашырэння прамысловай вытв-сці, інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. тэхнагенных пераўтварэнняў. У краіне ствараюцца асабліва ахоўныя тэрыторыі, якія ўключаюць унікальныя азёры.
В.П.Якушка.
Табліца 1 Азёры Беларусі з максімальнымі глыбінямі больш за 30 м
№ п/п
Возера
Макс. глыбіня, м
Плошча, км
Адміністрацыйны раён
1
Доўгае
53,6
2,6
Глыбоцкі
2
Рычы
51,9
12,84
Браслаўскі
3
Гінькава
43,3
0,51
Глыбоцкі
4
Воласа Паўд.
40,4
1,21
Браслаўскі
5
Балдук
39,7
0,76
Мядзельскі
6
Трошча
38,2
0,51
Ушацкі
7
Саро
36,3
5,31
Бешанковіцкі
8
Вячэлле
35,9
1,36
Ушацкі
9
Лепельскае
33,7
10,18
Лепельскі
10
Какісіна
33,5
0,78
Лепельскі
11
Сомінскае
33
0,41
Івацэвіцкі
12
Воўчын
32,9
0,53
Мядзельскі
13
Пліса
32,9
4,24
Глыбоцкі
14
Бабына
32,3
0,49
Полацкі
15
Полазна
32
0,15
Ушацкі
16
Круглік
31,5
0,4
Шумілінскі
17
Крывое
31,5
4,5
Ушацкі
18
Сянно
31,5
3,13
Сенненскі
19
Чорнае
31,5
0,36
Пастаўскі
20
Дрысвяты
31
44,5
Браслаўскі
21
Доўгае
31
1,87
Браслаўскі
22
Світа
31
0,82
Пастаўскі
23
Лясковічы
30,7
0,72
Шумілінскі
24
Замошша
30,7
0,33
Ушацкі
Табліца 2 Азёры Беларусі з пл. больш за 10 км²
№ п/п
Возера
Плошча, км²
Макс. глыбіня, м
Адміністрацыйны раён
1
Нарач
79,62
24,8
Мядзельскі
2
Асвейскае
52,8 (з в-вам)
7,5
Верхнядзвінскі
3
Дрысвяты
44,5
31
Браслаўскі
4
Чырвонае
43,79
4
Жыткавіцкі
5
Лукомскае
36,7
11,5
Чашніцкі
6
Дрывяты
36,14
12
Браслаўскі
7
Нешчарда
27,4
8,1
Расонскі
8
Выганашчанскае
26
2,5
Івацэвіцкі
9
Свір
22,28
8,7
Мядзельскі
10
Снуды
22
16,5
Браслаўскі
11
Чорнае
17,3
2,5
Бярозаўскі
12
Мядзел
16,2
24,6
Мядзельскі
13
Лісна
15,71
6,1
Верхнядзвінскі
14
Езярышча
15,39
11,5
Гарадоцкі
15
Сялява
15
17,6
Крупскі
16
Богінскае
13,23
15
Браслаўскі
17
Мястра
13,1
11,3
Мядзельскі
18
Струста
13
23
Браслаўскі
19
Рычы
12,84
51,9
Браслаўскі
20
Спораўскае
11,5
2,2
Бярозаўскі
21
Лосвіда
11,42
20,2
Гарадоцкі
22
Лепельскае
10,18
33,7
Лепельскі
Лукомскае возера.Возера Нарач.Браслаўская група азёр. Возера Струста.
Вадасховішчы. На тэр. Беларусі больш за 150 значных і каля 1,5 тыс. невялікіх вадасховішчаў — сажалак. Іх утвараюць шляхам падпруджвання ракі, возера ці групы азёр. Большасць іх размешчана на Пд Беларусі ў бас. рэк Дняпро (каля 50), Прыпяць (больш за 50), дзе мала азёр і адчуваецца недахоп водных рэсурсаў. Найбольшыя з вадасховішчаў Вілейскае (пл. 64,6 км², аб’ём 238 млн.м³) на р. Вілія, Заслаўскае (пл. 25,6 км², аб’ём больш за 100 млн.м³) на р. Свіслач, Чырвонаслабодскае (пл. 23,6 км², аб’ём 69,5 млн.м³) на р. Морач, Салігорскае (пл. 23,1 км², аб’ём 55,9 млн.м³) на р. Случ, Любанскае (пл. 22 км², аб’ём 39,5 млн.м³) на р. Арэса, Чыгірынскае (пл. 21,1 км², аб’ём 60 млн.м³) на р. Друць, Пагост (пл. 16,2 км², аб’ём 54,5 млн.м³) на месцы ч. Пагосцкага возера, Лактышы (пл. 15,9 км², аб’ём 50,2 млн.м³) на р. Лань, Асіповіцкае (пл. 11,9 км², аб’ём 17,5 млн.м³) на р. Свіслач і інш. Паводле характару ўтварэння і запаўнення вадой штучных чашаў вадасховішчы падзяляюць на рачныя (напр., Вілейскае, Асіповіцкае, Заслаўскае, Чыгірынскае), азёрныя (напр., Любанскае, Лукаўскае, Пагост, Гомельскай і Лепельскай ГЭС), кар’ерныя (на месцах б. здабычы нярудных карысных выкапняў; Гайдукоўка, Мароські, Крычаўскі). Паводле велічыні большасць вадаёмаў належыць да катэгорыі малых (76%; аб’ём вады 1—10 млн.м³), невялікіх (10—100) і сярэдніх (больш за 100 млн.м³; Вілейскае, Заслаўскае). Паводле відаў затрымання рачнога сцёку вадасховішчы бываюць дзённага, тыднёвага, гадавога і шматгадовага рэгулявання; пераважаюць вадасховішчы з гадавым рэгуляваннем сцёку. Паводле тыпу напаўнення адрозніваюць сцёкавыя, прыточна-сцёкавыя, прыточна-наліўныя і наліўныя вадасховішчы; наліўныя і прыточна-наліўныя вадасховішчы будуюць пераважна на Палессі. Паводле велічыні падпору (падняцця ўзроўню вады ракі ці возера) вадасховішчы падзяляюць на ўмерана-напорныя, сярэдненапорныя, нізканапорныя і вельмі нізканапорныя. Максімальная велічыня падняцця вады назіраецца на Вілейскім вадасховішчы (12 м). Большасць вадасховішчаў мае напор 2—3 м, што дазваляе пазбегнуць значных затапленняў сумежных зямель і парушэнняў экасістэм азёр. Раўнінны характар тэр. Беларусі не дазваляе будаваць вадасховішчы са значным аб’ёмам і напорам вады. Перспектыўным для краіны з’яўляецца будаўніцтва вадасховішчаў рэчышчавага тыпу, у якіх падняцце ўзроўню вады не перавышае ўзровень ракі ў паўнаводдзе (Гродзенскае, Віцебскае вадасховішчы — у перспектыве). Ад вярхоўяў да плаціны са зменай глыбінь і гідралагічных умоў у вадасховішчах фарміруюцца гідралагічныя зоны: прыплацінная (азёрная), сярэдняя пераходная (азёрна-рачная) і верхняя (рачная), а таксама ўчастак выкліньвання падпору. Вадасховішчы вельмі адрозніваюцца паводле велічыні каэфіцыента водаабмену (інтэнсіўнасці поўнага ўмоўнага абмену вады): да 25 разоў за год (праточныя), 25—75 разоў за год (добра праточныя) і больш за 75 разоў — моцна праточныя ці транзітныя. Паводле велічыні мінералізацыі вадасховішчы Беларусі належаць да сярэдне- і высокамінералізаваных (да 500 мг/л). Гідралагічны рэжым вадасховішчаў залежыць ад іх гасп. прызначэння, рэжыму выкарыстання, суадносін паміж паступленнем і расходам вады на гасп. патрэбы, характару рэгулявання.
Сучасныя вадасховішчы Беларусі фарміраваліся ў некалькі этапаў. Пасля 2-й сусв. вайны стваралі вадасховішчы з энергет. мэтамі. На рэках і азёрах будавалі міжкалгасныя і раённыя гідраэлектрастанцыі (ГЭС «Дружба народаў» на р. Дрысвята; Чыгірынская і Цяцерынская ГЭС на р. Друць; Заслаўская і Асіповіцкая ГЭС на р. Свіслач; Браслаўская ГЭС на р. Друйка; Ключагорская ГЭС на р. Обаль; Рачунская на р. Ашмянка; Лукомская на р. Лукомка; Войкаўская на р. Сэрвач і інш.). У канцы 1960-х г. невял. ГЭС закансерваваны ці дэманціраваны, аднак вадасховішчы пры большасці гідравузлоў захоўваюцца. Колькасць вадасховішчаў павялічылася ў час масавай меліярацыі зямель. Іх выкарыстоўваюць для водазабеспячэння прамысл. цэнтраў (Вілейскае, Салігорскае), для рэалізацыі схем комплекснага выкарыстання водных і зямельных рэсурсаў рэк Палесся.
Гаспадарчае выкарыстанне. Азёры і вадасховішчы выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, арашэння зямель, рэгулявання сцёку, добраўпарадкавання населеных пунктаў і стварэння водна-рэкрэацыйных сістэм, турызму, комплекснага іх выкарыстання галінамі нар. гаспадаркі. Азёры-вадасховішчы з’яўляюцца басейнамі-ахаладжальнікамі вады пры ДРЭС (воз. Лукомскае, Белае), у якіх ёсць спрыяльныя ўмовы для развядзення расліннаедных рыб. У складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы дзейнічаюць Вілейскае, Заслаўскае, Чыжоўскае і інш. вадасховішчы. З канца 1990-х г. у створы гал. плаціны Вілейскага вадасховішча будуюцца 2 гідраэлектрастанцыі. З будаўніцтвам вадасховішчаў Крыніца і Дразды на Беларусі створаны першы каскад вадасховішчаў на р. Свіслач. У перспектыве на Беларусі плануецца аднавіць будаўніцтва вадасховішчаў пры малых ГЭС рэчышчавага тыпу. Прамысл. лоўля рыбы вядзецца больш чым у 600 азёрах. Пры Любанскім, Чырвонаслабодскім, Лактышы і інш. вадасховішчах пабудаваны поўнасістэмныя рыбныя гаспадаркі. Азёрныя сапрапелі выкарыстоўваюць як угнаенне і на падкормку жывёле, у медыцыне, ветэрынарыі, буд. і хім. прамысловасці. Азёрнымі мергелямі вапнуюць кіслыя глебы. Зоны азёр і вадасховішчаў — месцы турызму і адпачынку насельніцтва. Толькі ў межах Беларускага Паазер’я створаны 24 ахоўныя тэрыторыі агульнай плошчай 4222 км², якія ўключаюць больш за 200 азёр. У іх ліку 2 нац. паркі (Нарачанскі і Браслаўскія азёры), Бярэзінскі біясферны запаведнік, 6 ландшафтных, 9 гідралагічных, 3 біялагічныя заказнікі і 3 гідралагічныя помнікі прыроды.
Літ.:
Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье. Мн., 1971;
Якушко О.Ф. Озероведение. Мн. 1981;
Водохранилища Белоруссии: Природн. особенности и взаимодействие с окружающей средой. Мн., 1991;
Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл.Мн., 1994;
Лопух П.С. Закономерности развития природы водоемов замедленного водообмена, их использование и охрана. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1871,
орган улады ў Парыжы ў час нар. рэвалюцыі 18.3—28.5.1871, а таксама пашыраная ў гіст. л-ры назва гэтай рэвалюцыі. Паражэнне Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71, абвастрэнне бедстваў і нястачы рабочых і дробнай буржуазіі, выкліканае цяжкімі ваен. абставінамі, няздольнасць «урада нац. абароны», які прыйшоў да ўлады пасля вераснёўскай рэвалюцыі 1870, і наступнага (з лют. 1871) урада А.Цьера палепшыць становішча, стварылі ў Парыжы і інш. гарадах Францыі ў пач. вясны 1871 перадрэв. сітуацыю. У лют.-сак. члены 215 рабочых і дробнабурж. батальёнаў Нац. гвардыі (нар. апалчэння) Парыжа стварылі масавую паліт. арг-цыю — Рэсп. федэрацыю Нац. гвардыі. 18.3.1871 пры спробе ўрада Цьера раззброіць Нац. гвардыю ў Парыжы пачалося паўстанне, у выніку якога ўлада ў горадзе перайшла даЦК федэрацыі Нац. гвардыі, а ўрад Цьера ўцёк у Версаль, дзе пачаў збіраць сілы для барацьбы з рэвалюцыяй. ЦК федэрацыі Нац. гвардыі правёў выбары ў П.к., якая была ўрачыста абвешчана 28 сакавіка. Пасля дадатковых выбараў 16 крас. агульная колькасць дэпутатаў П.к. склала 81 чал. (33 рабочыя, 11 служачых, 3 прадпрымальнікі, 2 афіцэры, 32 інтэлігенты). З іх 60 належалі да розных не аформленых паліт. груповак: 26 прытрымліваліся ідэй Л.А.Бланкі, 23 — пруданізму, 2 — марксізму, 9 неаякабінцаў падзялялі ідэалы свабоды, роўнасці, братэрства. Сярод дэпутатаў было 30 чл.Інтэрнацыянала 1-га і некалькі масонаў (гл.Масонства). У дэпутатаў П.к. не было адзінства поглядаў па пытаннях улады, кіравання, узбр. сіл, развіцця эканомікі і культуры. Бясконцая палеміка паміж двума асн. блокамі — «большасцю» (бланкісты і неаякабінцы) і «меншасцю» (пруданісты) — аслабляла Камуну. П.к., якая спалучала функцыі заканад. і выканаўчай улады, складалася з 10 камісій: выканаўчай; ваен.; грамадскай бяспекі; юстыцыі; харчавання; фінансаў; працы, прам-сці і абмену; грамадскіх службаў; асветы; знешніх зносін. Эканам. і сац. палітыка Камуны аб’ектыўна ўлічвала, хоць і ў рознай ступені, інтарэсы ўсіх пластоў гар. насельніцтва. Дэкрэтам ад 29 сак. яна замяніла армію і паліцыю Нац. гвардыяй, 1 крас. ўстанавіла максімальны памер акладу служачых, іншымі актамі ўвяла суд прысяжных і выбарнасць суддзяў, вызваліла кватэранаймальнікаў ад аплаты за перыяд з кастр. 1870 дачэрв. 1871, забараніла штрафы і адвольныя вылікі на прадпрыемствах і ва ўстановах, павялічыла ў 2—4 разы аклады настаўнікаў, павысіла жалаванне радавым служачым, загадала ламбардам бязвыплатна вярнуць уладальнікам закладзеную маёмасць коштам да 20 франкаў, адтэрмінавала на 3 гады аплату даўгоў па вэксалях; пакінутыя ўладальнікамі прадпрыемствы перадаваліся ў кіраванне рабочым каап. асацыяцыям. Дэклараванае ёю аддзяленне царквы ад дзяржавы забяспечвала свабоду сумлення, вызваляла дзяржаву ад утрымання царквы, рыхтавала секулярызацыю царк. маёмасці. П.к. дзейнічала ва ўмовах блакады. Ням.акупац. войскі кантралявалі ўсх. і паўн.-ўсх. подступы да Парыжа, астатнія подступы занялі войскі Цьера, т.зв. «версальцы», колькасць якіх дасягала 130 тыс.чал. На баку Камуны змагаліся 40—50 тыс.нац. гвардзейцаў. Ваен. дзеянні пачаліся 2 крас. нападам версальцаў. 3—4 крас.Нац. гвардыя зрабіла няўдалыя вылазкі ў бок Версаля. Потым яна вяла абарончыя баі і да 20 мая на гал. напрамку ваен. дзеянняў адступіла за крапасны вал Парыжа.
1 мая выканаўчая камісія Камуны заменена Камітэтам грамадскага выратавання. Нац. гвардыя была падзелена на 2 арміі пад камандаваннем генералаў Я.Дамброўскага і В.Урублеўскага. Але гэтых захадаў і гераізму камунараў было недастаткова, каб супрацьстаяць арміі Цьера. 21 мая версальцы ўварваліся ў Парыж і пасля тыдня ўпартых барыкадных баёў 28 мая захапілі горад, а 29 мая — апошні апорны пункт камунараў форт Венсен. Задушэнне П.к. суправаджалася крывавым тэрорам: салдаты Цьера забілі ў Парыжы 30 тыс.чал. У выніку суд. працэсаў над камунарамі, што працягваліся са жн. 1871 да 1877, каля 40 тыс.чал. сасланы на катаргу ці кінуты ў турмы. К.Маркс, Ф.Энгельс і У.І.Ленін вызначалі П.к. як дыктатуру пралетарыяту, хоць фактычна яна была ўладай усяго насельніцтва Парыжа, у т. л. пралетарыяту, які ўпершыню быў дапушчаны да кіравання. Да ўлады была дапушчана і буржуазія, але найб. багатая яе частка не прыняла Камуну. Народапраўства ў выглядзе Камуны не прыняла франц. правінцыя, асабліва буйныя землеўласнікі і сяляне. Гар. камуны, абвешчаныя ў Ліёне, Марселі, Сент-Эцьене, Тулузе, Нарбоне, Бардо, Крэзо, былі задушаны на працягу 22—26 сакавіка. Гал. прычынамі паражэння П.к. былі яе ізаляванасць, адсутнасць апоры ўнутры і па-за межамі краіны, а таксама прысутнасць ням.акупац. войск.
Літ.:
История Парижской коммуны 1871 г.М., 1971;
Парижская коммуна 1871 г.: Время, события, люди. 2 изд. М., 1981.
Р.А.Чыкалаў.
Даарт.Парыжская камуна 1871. Абвяшчэнне Парыжскай камуны 28.3.1871. Мастак Э.Ламі.Даарт.Парыжская камуна 1871. Пасяджэнне Парыжскай камуны ў ратушы. Мастак Дэруа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ І ВАЙСКОВЫЯ ФАРМІРАВАННІ НА БЕЛАРУСІ ў 9 — ПАЧ. 20 ст.
Паводле гіст. крыніц і меркаванняў бел. вучоных, ужо ў 6—9 ст. на тэр. Беларусі правадыры славянскіх плямён мелі ўзбр. дружыны для абароны сваіх вотчын ад нападаў суседзяў, а таксама для пашырэння ўласных уладанняў. У эпоху стараж. дзяржаў-княстваў (з 9 ст.) ваенна-дружынная арганізацыя Полацкага, Тураўскага, Навагрудскага і інш. княстваў складалася з княжацкіх дружын (ядро войска), апалчэнцаў-гараджан і сялян. Як сведчаць «Аповесць мінулых гадоў» і інш.гіст. крыніцы, у 9—10 ст. войскі («светлые») полацкіх князёў, у т. л. ў складзе кааліцыйных сіл, хадзілі ў паходы на Візантыю і інш. краіны, падпарадкоўвалі суседнія народы, якія плацілі ім даніну. На ўзбраенні ваяроў былі дзіды (пікі), лукі, баявыя сякеры, коп’і, мячы, скураныя шчыты і інш., з 12 ст. — шаблі, пазней з’явіліся самастрэлы (арбалеты), цяжкія даспехі (шлемы, латы, кальчугі, металічныя шчыты), а таксама сценабітныя, каменекідальныя машыны і інш. аблогавыя прыстасаванні.
У склад дружыны князі набіралі найб. адданых воінаў, часткова сваякоў. На чале войска стаяў сам князь або яго сыны. Дружына звычайна складалася з 2 частак: «старэйшая» дружына або «моцныя мужы» (згадваецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай»), у якую ўваходзілі найб. адданыя і вопытныя воіны, і малодшая дружына («дзецкія»), якая ахоўвала князя ў мірны час і ваен. паходах, выконвала яго асабістыя даручэнні (напр., у адпаведнасці з пастановай Любецкага з’езда 1097 Святаполк Ізяславіч «яко князь Туроўский», атрымаўшы вял. тэрыторыі «аб оне стороне Прыпяти», у т. л. Кіеўскае княства, трымаў у Кіеве тураўскую дружыну «маладую», «новую»), Найважнейшыя цэнтры ўсх. славян Полацк і Тураў мелі моцныя ўмацаванні, вялікую дружыну, а таксама народнае апалчэнне з гараджан і жыхароў навакольных вёсак. Сабранае апалчэнне называлі палком, узначальваць які князь прызначаў ваяводу (военачальніка) з лепшых і вопытных дружыннікаў. Удзел у апалчэнні лічыўся ганаровым абавязкам. Знатныя гараджане ўзбройвалі і аснашчалі апалчэнцаў, за баявыя поспехі адорвалі іх грашыма, каштоўнасцямі, зброяй і даспехамі; рамеснікі пастаўлялі зброю і рыштунак; сяляне выраблялі транспартныя сродкі, у т. л. лодкі для перамяшчэння войск па рэках і азёрах, давалі харчы, коней і фураж. Побач з дружыннікамі і апалчэнцамі ў складзе полацкага войска дзейнічалі наёмнікі (у 10—11 ст. пераважна варагі). Аб’яднанае войска вяло барацьбу часцей за ўсё з суседнімі плямёнамі і княствамі (напр., у Нямігскай бітве 1067), а таксама з іншаземцамі.
З 13 ст. землі Беларусі ўвайшлі ў склад ВКЛ і сталі ядром дзяржавы, узбр. сілы якой лічыліся аднымі з наймагутнейшых у тагачаснай Еўропе. Яны не толькі паспяхова баранілі сваю краіну ад іншаземных захопнікаў, але і значна пашырылі яе межы. Напр., у выніку бітвы каля Сініх Вод 1362 войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам вял. князя Альгерда ўшчэнт разграмілі аб’яднаныя войскі Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў, пасля чаго Вялікае княства пашырыла свае межы да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Гіст. перамогай бел.-літ. і польскага войска завяршылася Грунвальдская бітва 1410. Сярод выдатных палкаводцаў 13—14 ст. — Давыд Гарадзенскі, Андрэй Полацкі, вял. князі Міндоўг, Гедзімін, Альгерд, Вітаўт.
Асновай узбр. сіл ВКЛ у сярэдневякоўі заставалася паспалітае рушэнне, ці абарона земская (ваеннаабавязаная ч. насельніцтва). Кожны абывацель (грамадзянін) княства, які валодаў зямлёй, абавязаны быў адбываць вайск. павіннасць — т.зв. земскую службу, памеры якой вызначаліся велічынёй зямельнага надзелу і колькасцю сялянскіх гаспадарак, што належалі землеўладальніку. Колькасць ратнікаў (драбаў) была прапарцыянальная колькасці ўласных сялянскіх службаў (служба — адзінка абкладання павіннасцямі, якая ўключала звычайна 2 ці 3 «дымы», або гаспадаркі). Свабодныя землеўладальнікі, шляхта павінны былі з’яўляцца на службу з цяжкім узбраеннем, на конях, у суправаджэнні світы; інш. ваеннаабавязаныя (больш бедныя землеўладальнікі) камплектавалі лёгкую конніцу. Усе яны стваралі харугвы паводле ваяводстваў. Больш знатныя і багатыя магнаты, ваяводы, кашталяны і епіскапы рыхтавалі свае ўласныя харугвы. Гарады вылучалі пэўную колькасць апалчэнцаў, ваен. павозак. Паветы і ваяводствы ўтрымлівалі таксама атрады наёмнага войска.
Паводле Прывілея 1387 і інш. статутных актаў у ВКЛваен. паход (пагоня) лічыўся абавязкам кожнага, хто мог трымаць зброю ў руках. Князі са сваімі васаламі таксама выконвалі агульнадзярж. вайск. службу; атрады («почты»), што ім падпарадкоўваліся, выкарыстоўваліся асобна ад павятовых атрадаў баяр-шляхты. Зборам ваяводскіх і павятовых харугваў кіравалі харунжы і кашталян. Пасля рэгістрацыі (палявога попісу) войска пераходзіла пад уладу гетманаў. Звычайна войска ўзначальваў вял. князь, які з’яўляўся галоўнакамандуючым; часам ён даручаў кіраваць арміяй гетману, найб. здольнаму ваяводу ці інш. вышэйшым саноўнікам. Попісы войска 1534, 1565, 1567 і інш. звычайна мелі рэгістрацыйна-ўліковы характар і складаліся гетманам (адсюль назва — гетманскія) непасрэдна на месцы збору войска. У некат. выпадках (напр., попіс 1534, які пачаўся каля Мінска) рэгістрацыя вайскоўцаў праходзіла і ў час маршу, што было абумоўлена загадам вял. князя гетману Ю.Радзівілу спешна рухацца да «ўскраінных» замкаў. У адрозненне ад гетманскіх попісаў перапіс 1528 меў рэгістрацыйна-даведачны характар: яго функцыі заключаліся ў тым, каб паказаць, хто з шляхты і інш. катэгорый насельніцтва абавязаны несці ваен. службу і павінен плаціць падатак на выпадак магчымай вайны. У Статуце Вял. княства Літоўскага 1588 дакладна зафіксаваны абавязкі харунжых, кашталянаў, ваявод і інш. дзяржаўцаў. Кашталяны (а дзе іх не было — маршалкі) збіралі шляхту са сваіх паветаў і рухаліся на злучэнне з харунжым. Часткі харугваў «павінны былі рушыць да ваяводы... А потым ужо ўсе разам... да месца», прызначанага вял. князем або гетманам. Месца збору войска вызначалася залежна ад ваен.-стратэг., паліт. і інш. абставін (напр., у 1534 — Мінск, 1565 — Ракаў, 1567 — Маладзечна і інш.). Мабілізацыйнай дакументацыі і збору ўсяго шляхецкага войска надавалася асаблівае значэнне ў 16 ст., калі вызначаўся лёс ВКЛ у бясконцай і надзвычай цяжкай ваен-паліт. канфрантацыі з Вял. княствам Маскоўскім.
Мабілізацыйныя рэсурсы, паводле попісаў войска Вялікага княства Літоўскага, дазвалялі мець узбр. сілы да 70 тыс.чал. Аднак у 1567 войска налічвала 50 тыс. ратнікаў, у т. л. 28 тыс. коннікаў. Большую ч. паспалітага рушэння складала дробная і сярэдняя шляхта (з 16 ст. службу адбывалі і сельскія войты, з 17 ст. — і мяшчане). З 17 ст. паветы і ваяводствы выстаўлялі і наёмнае войска, значна меншае па колькасці, але больш баяздольнае. Мяшчане забяспечвалі армію зброяй, удзельнічалі ў буд-ве і абароне гар. умацаванняў, замкаў і інш. фартыфікацыйных збудаванняў. Пешыя ратнікі мелі на ўзбраенні ручніцы, сякеры, алебарды, бердышы; конніца, у залежнасці ад прызначэння (драгуны, гусары, рэйтары, казакі), узбройвалася тарчамі, дзідамі, сагайдакамі і інш. Войска ВКЛ мела на ўзбраенні таксама артылерыю (у ВКЛ з’явілася ў канцы 14 ст.). З сярэдзіны 16 ст. ў Вільні, а пазней у інш. гарадах ВКЛ існавалі людвісарні, дае выраблялі гарматы. Да 16 ст. ўсе пагранічныя замкі Беларусі мелі на ўзбраенні пушкі мясц. і замежнай вытв-сці. Артылерыя падзялялася на дзярж., прыватную і гарадскую, паводле прызначэння — на палявую і фартыфікацыйную. Пасля рэформы 1623—38 яна вылучана ў асобны корпус, які ўпершыню ўзначаліў ген. М.Абрамовіч Беларусы таксама служылі ў кароннай артылерыі, напр., ген.-лейт. К.Семяновіч — аўтар ідэі шматступеньчатай ракеты.
З канца 16 ст. ўсё большую ролю адыгрывала рэгулярнае і наёмнае войска, якое мела адпаведную вывучку і лепшую зброю. Гал. ударнай сілай войск ВКЛ 16 ст. была конніца: цяжкаўзброеная (камплектавалася багатай шляхтай і магнатамі), да якой належалі кап’яносцы, гусары і конныя аркебузёры; сярэдняя (камплектавалася пераважна з бел.-літ. татараў), да якой таксама належалі пяцігорцы і казакі, а з 1676 і панцырнікі; лёгкая (камплектавалася воінамі з бяднейшых асяродкаў). У 1-й пал. 17 ст. ў Рэчы Паспалітай з’явілася лёгкая нерэгулярная кавалерыя, арганізаваная А.Ю.Лісоўскім (адсюль назва «лісоўчыкі»). Яе атрады ваявалі на баку Лжэдзмітрыя II у 1608—11, былі на службе ў Жыгімонта III, у складзе войска імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фердынанда III і інш. (пасля 1636 фарміраванні «лісоўчыкаў» распушчаны).
Паводле ваенна-іерархічнай лесвіцы ВКЛ войска ўзначальваў камандуючы — гетман найвышэйшы (з 17 ст. гетман літоўскі), які прызначаўся часова для арганізацыі абароны краю або кіраўніцтва войскам на пэўным напрамку. Пасля заканчэння вайны пасада скасоўвалася, але пазней (з 1581) стала пажыццёвай. Памочнікам вялікага гетмана з 16 ст. быў палявы гетман (гетман польны, палявы правадыр). Звычайна на пасаду гетманаў прызначаліся прадстаўнікі знатных і магутных магнацкіх родаў. Талент палкаводцаў, тактычныя перавагі і стратэг. мысленне былі гал. фактарамі шэрагу буйных перамог войск ВКЛ. Сярод военачальнікаў 16—17 ст. асабліва вызначыліся М.Глінскі ў Клецкай бітве 1506, К.Астрожскі ў Аршанскай бітве 1514, М.Радзівіл у Ульскай бітве 1564, Я.К.Хадкевіч (з войскам у 4 тыс.чал. 27.9.1605 разбіў 11-тысячнае войска шведаў) і інш.
З сярэдзіны 17 ст.ВКЛ была ўцягнута ў паласу разбуральных войнаў, сярод якіх найб. жорсткімі лічацца вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночная вайна 1700—21. У выніку ваен. дзеянняў на тэр. Беларусі былі вычарпаны амаль усе матэрыяльныя рэсурсы. З таго часу ў абставінах сац.-паліт. нестабільнасці баяздольнасць арміі ВКЛ знізілася да таго, што войскі асобных магнатаў колькасна і якасна перавышалі дзярж.ўзбр. сілы. Так, войскі магнатаў Агінскіх у канцы 17 ст. налічвалі 20 тыс.чал. У барацьбе з Сапегамі, якая ў 1697—1702 прыняла формы грамадз. вайны, Агінскія разам з Вішнявецкімі атрымалі перамогу.
У гэты час зыход бітваў на палях Еўропы вызначалі рэгулярная, добра ўзброеная і навучаная пяхота і артылерыя. Наспявалі рэформы, пачатак якім паклала стварэнне ў Гродне Камісіі вайсковай Вялікага княства Літоўскага (10.3.1765) — калегіяльнага органа, які сканцэнтраваў у сваіх руках пытанні арганізацыі і забеспячэння войск. Камісіі ўдалося пераканаць сойм у неабходнасці павелічэння ваен. бюджэту і правесці рашэнні па арганізацыі войска ВКЛ; быў створаны Гродзенскі кадэцкі корпус, які рыхтаваў афіцэраў для арміі ВКЛ.
Аднак развіццё вайск. рэформ запаволіў выбух Барскай канфедэрацыі 1768—72, што паслужыла нагодай для ўвядзення рас. войск на тэр. федэратыўнай дзяржавы і першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Пад націскам ваен. сілы сойм, які ратыфікаваў першы падзел, абвясціў утварэнне новага дзярж. ін-та, т.зв. Рады няспыннай, якая складалася з 5 дэпартаментаў. Адзін з іх (Дэпартамент вайсковы) аддаваўся пад уладу 4 гетманаў (2 каронных і 2 літоўскіх). Сойм 1773—75 ухваліў павелічэнне вайск. бюджэту і колькасці арміі да 30 тыс.чал. У ВКЛ пачалося фарміраванне 2 дывізій, 2 брыгад кавалерыі нарадовай, 5 палкоў пярэдняй стражы і інш. Сойм 1776—78 прызнаў, што колькасці войска ў 30 тыс.чал. немагчыма дасягнуць з-за недахопу грошай. таму было вырашана мець армію ў 24 тыс.чал. У 1788 практычна грошай хапіла толькі на ўтрыманне 4,5 тыс. жаўнераў. Гал. перашкодай для павелічэння колькасці войска, найперш пяхоты, была немагчымасць увядзення рэкруцкай сістэмы, з дапамогай якой набіраліся ўсе войскі моцных суседзяў (шляхта ВКЛ баялася страціць працоўныя сялянскія рукі, дбаючы больш пра ўласны дабрабыт, чым пра бяспеку дзяржавы). Нягледзячы на ўсе складанасці, ішла праца над павышэннем узроўню баявой падрыхтоўкі хоць і нешматлікага войска Пачала адраджацца артылерыя, дзякуючы ініцыятыве камандуючага коннай артылерыяй А.Бруля і генерала артылерыі літоўскай К.Сапегі. У 1776 у Варшаве заснавана Каралеўская школа артылерыі, выпускнікі якой у 1792—94 склалі касцяк спецыялістаў у гэтай галіне. Значная частка выпускнікоў школы ўдзельнічала ў паўстанні 1794.
У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) уся тэр. Беларусі ўвайшла ў склад Рас. імперыі, значная частка ўзбр. сіл ВКЛ — у яе армію. Яшчэ ў 1772 у складзе рас. арміі на тэр. Беларусі былі сфарміраваны некат. падраздзяленні, потым створаны Бел. гусарскі полк (1775—83), Бел. егерскі батальён (1777), Імператарская бел. шляхецкая харугва (1784) і інш. У 1796—99 у склад рас. войска прынята больш за 40 тыс. ураджэнцаў Беларусі, а з 1801 па 1812 — больш за 100 тыс.чал. Толькі ў 1-й арміі ген. Барклая дэ Толі ў 1812 6 дывізій былі ўкамплектаваны выхадцамі з Беларусі. Шмат фарміраванняў рас. арміі мелі бел. найменні: Беларускі егерскі корпус, Віцебскі пяхотны полк, Гродзенскі гусарскі полк, Магілёўскі пяхотны полк, Мінскі пяхотны полк, Полацкі пяхотны полк, Нясвіжскія палкі (карабінеры і 4-ы грэнадзёрскі) і інш.
Паводле распараджэння Напалеона I і рашэння Камісіі Часовага праўлення ВКЛ у 1812 некалькі тыс.чал. былі прызваны ў склад літоўскіх войск, якія павінны былі забяспечыць парадак у тыле франц. арміі. Ні колькасна, ні па ўзроўні баявой падрыхтоўкі армія ВКЛ не адпавядала патрабаванням, каб весці ваен. дзеянні. Рэшткі гэтага войска (большая частка загінула ў баях) уключаны ў армію Царства Польскага (у складзе Рас. імперыі).
У 1817 у рас. арміі на тэр.зах. губерняў сфарміраваны Літоўскі асобны корпус, у склад якога ў розныя часы ўваходзілі Нясвіжскі карабінерны, Гродзенскі гусарскі, Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі, шэраг інш.вайск. фарміраванняў. Корпус налічваў каля 40 тыс.чал.мясц. ураджэнцаў. Многія з іх прымалі ўдзел у паўстанні 1830—31, таму з мая 1831 часці корпуса перайменавалі, некат. з іх расфарміравалі Войскі Рас. імперыі, што знаходзіліся на тэр. Беларусі, складаліся з пяхоты, кавалерыі, артылерыі і інж. часцей. Для падрыхтоўкі ваен. кадраў у губернскіх гарадах былі створаны кадэцкія карпусы. З ліку беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі папаўняліся рас. афіцэрскі і генеральскі карпусы: І.У.Гурка, М.В.Без-Карніловіч, А.І.Вількіцкі, А.А.Непакайчыцкі, У.У.Ходзька, М.Ф.Чарняеў і інш. Афіцэры А.Баранцэвіч, Я.Ваньковіч, П.Высоцкі, А.Гелгуд, Я.Кашыц, А.А.Лянкевіч, Л.Нарбут, А.Парадоўскі, Р.Рагінскі, С.Сангін, Р.Траўгут, В.Урублеўскі, Ю.Эйтмановіч, Ф.Юндзіл і інш. ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64.
Многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі прымалі ўдзел у войнах, якія вяла Рас. імперыя ў 19 ст. У час руска-турэцкай вайны 1877—78 на Балканах асабліва вызначыўся ген. І.У.Гурка, а таксама многія афіцэры і салдаты. У гонар ратнага подзвігу беларусаў у 1898 на Мінскіх ваенных могілках узведзены храм-помнік Аляксандра Неўскага, дзе на мармуровых плітах залатымі літарамі выпісаны імёны 118 пехацінцаў і артылерыстаў, што загінулі ў баях за балгарскі горад Плевен (Плеўна).
У пач. 20 ст.гал. родам войск заставалася пяхота. Вышэйшым такт. аб’яднаннем сухапутных войск быў армейскі корпус (АК), які складаўся з 2 пях. дывізій, кав. дывізіі, 2 брыгад пешай артылерыі і дывізіёна коннай артылерыі. На тэр. Беларусі дыслацыраваліся часці 2-га АК (штаб у Гродне), 4-га АК (штаб у Мінску), 19-га АК (штаб у Брэст-Літоўску). Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў склад АК уваходзілі казацкі полк, корпусная артылерыя (марцірны дывізіён), авіязвяно (авіяатрад з 3—6 самалётаў), сапёрны батальён, падраздзяленні сувязі і тылу, сан. і ваен.-гасп. падраздзяленні і ўстановы пяхотных дывізій. Штабы дывізій размяшчаліся ў Мінску, Бабруйску, Гродне, Брэст-Літоўску і інш. З 1902 у Брэст-Літоўску размяшчаўся асобны артыл. полк, крапасная сапёрная рота (сфарміравана ў 1891) і крапасны ваен. тэлеграф (сфарміраваны ў 1890). У 1901 у Брэст-Літоўску створана крапасное паветраплавальнае аддзяленне, якое ў 1907 перафарміравана ў паветраплавальны крапасны батальён. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння Брэсцкай крэпасці Буд-ва вялося з лета 1913 да восені 1914. У жн. 1915 гарнізон крэпасці разам з узбраеннем і маёмасцю эвакуіраваны (15.8.1915 крэпасць занялі герм. войскі. Тут быў падпісаны Брэсцкі мір 1918). Напярэдадні 1-й сусв. вайны на базе некат. паветраплавальных падраздзяленняў сфарміраваны першыя авіяц. атрады, адзін з якіх (5-ы, што базіраваўся ў Гродне) стаў узорным ва ўсёй рас. арміі.
Першыя баявыя вылеты рас. лётчыкаў у небе Беларусі адбыліся ў 1914. Авіяцыя вяла разведку, карэкціравала агонь артылерыі, дастаўляла розныя данясенні і выконвала задачы сувязі. У пач. 1915 для аховы Стаўкі вярх. галоўнакамандавання (у Баранавічах, потым у Магілёве) створаны другі знішчальны авіяатрад. На тэр. Беларусі прайшоў баявы шлях эскадры баявых паветр. караблёў «Ілья Мурамец», якія базіраваліся ў Лідзе і Станькаве. У небе Беларусі на Зах. фронце дзейнічала 3-я знішчальная авіяц. група і асобны знішчальны авіяатрад з гвардзейскіх афіцэраў, які непасрэдна падпарадкоўваўся вял. князю Аляксандру Міхайлавічу. 29.8.1917 упершыню ў гісторыі авіяцыі ў небе над Беларуссю выпрабаваны авіяц. рэактыўныя снарады. У час 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі знаходзілася 2-я па колькасным складае групоўка знішчальнай і разведвальнай авіяцыі, самы буйны франтавы авіярамонтны парк у Брэсце.
Значная колькасць вайскоўцаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў складзе рас. арміі прымала ўдзел у 1-й сусв. вайне. Сярод іх камандуючы Зах. фронтам В.І.Гурка, каманд. арміяй Я.А.Радкевіч, камандзіры злучэнняў А.В.Станкевіч, А.В.Собалеў і многія інш.
Р.Ч.Лянькевіч, А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Княжацкі дружыннік 12 ст. Малюнак В.Ляхора.Княжацкі дружыннік 13 ст. Малюнак В.Ляхора.Рыцар Вялікага княства Літоўскага 14 ст. Малюнак В.Ляхора.Рыцар Вялікага княства Літоўскага 16 ст. Малюнак В.Ляхора.Гусар Вялікага княства Літоўскага 16 ст. Малюнак В.Ляхора.Маёр палка коннай гвардыі 1792. Малюнак В.Ляхора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕНЬСКІЯ ПЕ́СНІ, восень,
жанрава разнастайны цыкл песень каляндарна-земляробчага круга. Вызначаюцца нац. адметнасцю, якая праяўляецца: ва ўтварэнні асобага цыкла, сцвярджаючы тым самым бел. каляндарны фальклор як 4-цыклавы (у іншых славянскіх і балцкіх народаў восеньскія песні як самаст. цыкл не адзначаны, а паасобныя іх узоры працягваюць летні або папярэджваюць зімовы цыклы); у фарміраванні пазаабрадавай песеннай лірыкі больш позняга гісторыка-стылёвага пласта; у канцэнтраванні характэрных рыс бел. народнапесеннай творчасці як этнакультуры (паглыблены лірызм пры эмацыянальнай стрыманасці). У цэлым восеньскія песні на Беларусі ўтвараюць тры вял. групы: з абагульненымі тыпалагічна акрэсленымі напевамі («ярныя», «ярынныя», «яравое жніво»; «ільняныя», «пры лёне»; «аўсяныя», «авясец»), строга замацаваныя за апошнім этапам палявых работ; з абагульненымі тыпавымі і ў пэўнай меры індывідуалізаванымі напевамі (уласна «восень»); з індывідуалізаванымі напевамі, умоўна прымеркаванымі да восені (могуць спявацца і «абы-калі» — «журавіны беручы», «збіраючы грыбы» і інш.). Першыя 2 групы пашыраны на Паазер’і і Панямонні, апошняя — на ўсёй тэр. Беларусі. Пры агульнасці тэматыкі з усімі каляндарнымі песнямі (працоўнай, шлюбнай і сямейна-бытавой) у восеньскай песні дамінуе шчымлівы матыў развітання (насуперак узнёсламу матыву чакання ў веснавых песнях). Асноўная сфера іх паэтычнай вобразнасці — элегічны роздум з псіхал. паралелямі, якія асацыіруюцца з карцінамі затухаючай прыроды з тыповымі «ярыннымі» вобразамі птушак (перапёлкі, цецерука), сумам іх адлятання. Адпаведны танальны настрой выяўляюць і муз. выразныя сродкі восеньскіх песень. Іх мелодыя разгортваецца плаўна, з частым, як бы сузіральным спыненнем на адным гуку (найчасцей квінтавым тоне гукараду), з характэрнай секундавай пераменнасцю апорных тонаў, што стварае ўражанне незавершанасці, замяшання, нейкай затоенасці пачуццяў. У песнях з тыповымі восеньскімі напевамі тыпалагічна акрэслены і восеньскія сюжэты. Па нар. вызначэнні на Паазер’і восень — гэта мядзведзь: «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць / Мядзведзь рыкаіць, дзевак пужаіць». Далей гэты зачын разгортваецца ў сумна паглыбленых тонах: не мядзведзя баіцца дзяўчына, а восеньскай ночкі — «цёмнай», «доўгай», «страшнай», якая разлучыць яе з «айцом і мамкай» (па традыцыі сватаўство на Паазер’і адбывалася гал. чынам познімі восеньскімі вечарамі). На Палессі восень — гэта галкі: «Ой вы, галкі, вы чарненькія, падніміцесь ўгору / Некруцікі маладзенькія, вярніцесь дадому». Але як галкі не могуць падняцца, ахінутыя восеньскім туманам, так не могуць вярнуцца і рэкруты. Усеабдымны сум развітання (з цеплынёю лета, прыгажосцю дзявоцтва) збліжае восеньскія песні з драматызмам «абраду пераходу» ў вясельных песнях, аж да супадзення сюжэтнай і структурнай тыпізацыі, як у наступных восеньскай і вясельнай песнях: «Чаго ты, лосю, чаго, сівенькі, так к сялу прылягаеш? / Ой ці ты, лосю, ці ты, сівенькі, цяжкую зіму чуеш?», «Ляцяць галачкі ў тры радочкі, зязюлька паперэду / Усе галачкі па лугах селі, зязюлька на каліне / Усе галачкі зашчабяталі, зязюлька закувала». З усіх 4 цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга (як гукавых знакаў-сімвалаў рознай пары года) менавіта восеньскі цыкл прыцягвае самую вял. колькасць неабрадавых лірычных песень, што сведчыць аб яго найбольшай адкрытасці ў макрасістэме бел. песеннай культуры.
Публ.:
Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;
Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981 (Бел.нар. творчасць);
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. Мн., 1983;
Паэзія беларускага земляробчага календара. Мн., 1992 (Бел.нар. творчасць).
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ФРАНЦЫ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,
устаноўчая канферэнцыя 50 дзяржаў па заснаванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Адбылася 25.4—26.6.1945 у г.Сан-Францыска (ЗША). Склікана паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 аб стварэнні ўсеагульнай міжнар. арг-цыі для падтрымання міру і бяспекі. Запрашэнні на С.-Ф.к. накіраваны ад імя ўрадаў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая ўрадам 42 дзяржаў, якія падпісалі Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый ад 1.1.1942 ці далучыліся да яе потым і абвясцілі вайну краінам фаш. блока да 1.3.1945. Адсутнасць сярод запрошаных БССР і УССР стала прадметам рознагалоссяў паміж СССР і яго зах. саюзнікамі (ЗША і Вялікабрытаніяй). Пад націскам нар. камісара замежных спраў СССР В.М.Молатава зах. дзяржавы пагадзіліся з сав. патрабаваннем. 27.4.1945 на 1-м пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый (Кіруючага к-та) па прапанове кіраўніка дэлегацыі СССР Молатава ў парадак дня С.-Ф.к. аднагалосна ўключана пытанне пра запрашэнне БССР і УССР. Пасля падтрымкі сав. прапановы кіраўнікамі дэлегацый ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Францыі, Бразіліі, Чэхаславакіі і Аўстраліі канферэнцыя аднагалосна (47 галасамі) прыняла пастанову пра ўключэнне БССР і УССР у лік першапачатковых членаў арг-цыі. 30.4.1945 пленарнае пасяджэнне С.-Ф.к. зноў аднагалосна прыняло рашэнне пра запрашэнне дэлегацый БССР і УССР. У той жа дзень на канферэнцыю запрошаны ўрад Аргенціны, а 5.6.1945 — Даніі. Па патрабаванні дэлегацыі СССР С.-Ф.к. вырашыла лічыць членам-заснавальнікам ААН і Польшчу (падпісала Статут ААН у канцы 1945). 1.5.1945 ген. сакратар канферэнцыі А.Хіс паслаў з Вашынгтона ў Мінск запрашальную тэлеграму наркому замежных спраў БССР К.В.Кісялёву.
30.4.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР прызначыў бел. дэлегацыю ў складзе Кісялёва (кіраўнік), Г.І.Байдакова, А.Р.Жэбрака, У.М.Перцава, Ф.П.Шмыгава; у тэхн. персанал дэлегацыі ўвайшлі В.І.Фармашаў (кансультант), М.Ц.Лынькоў (карэспандэнт), М.І.Пятрова (перакладчыца), Несцерава (перакладчыца-стэнаграфістка). 8.5.1945 дэлегацыя БССР пачала працу і ўнесла ўклад у распрацоўку Статута ААН. Яго выпрацоўка ажыццяўлялася на падставе прапаноў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944, палажэнняў аб працэдуры галасавання ў Савеце Бяспекі ААН, узгодненых на Крымскай канферэнцыі («ялцінская формула»), дапаўненняў і паправак, прадстаўленых дзяржавамі — удзельніцамі С.-Ф.к. Дэлегацыя БССР выступала за права аднагалосся (вета) пастаянных членаў Савета Бяспекі, уключэнне ў Статут ААН палажэнняў аб самавызначэнні народаў, забеспячэнні інтарэсаў калан. і залежных краін і інш. Па гэтых пытаннях у Статут унесены палажэнні, якія захоўвалі «ялцінскую формулу», уключалі СССР у склад Савета па апецы і закладалі палітыка-прававую аснову для антыкалан. дзейнасці, адкрывалі шлях у ААН толькі міралюбным дзяржавам. Было выпрацавана палажэнне, штоГенеральная Асамблея ААН можа абмяркоўваць усе пытанні ў межах Статута ААН. 23.5.1945 на першай з часу стварэння ў 1919 Наркамата замежных спраў БССР прэс-канферэнцыі нарком замежных спраў Беларусі Кісялёў заявіў, штоБССР будзе праводзіць самаст. знешнюю палітыку, якая ва ўсіх прынцыповых пытаннях супадае з пазіцыяй СССР. 26.6.1945 прадстаўнікі 50 дзяржаў, у т. л.БССР, падпісалі Статут ААН, Статут Міжнароднага суда ААН і Часовае пагадненне аб стварэнні Падрыхтоўчай камісіі. Апошняй належала ажыццявіць мерапрыемствы, звязаныя з пачаткам дзейнасці гал. органаў ААН (Ген. Асамблеі, Савета Бяспекі і інш.). 30.8.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН. 24.10.1945 ён набыў сілу. С.-Ф.к. — першы міжнар. форум 20 ст., у якім дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала на раўнапраўнай і правамоцнай аснове.
Літ.:
Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг.Мн., 1994;
Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РАЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
раннефеадальная дзяржава з цэнтрам у г.Тураў. Называлася таксама Тураўская зямля, Тураўская воласць, Тураўская вобласць. Займала тэр. ад Дняпра на УдаЗах. Буга на З, ад Прыпяцкага Правабярэжжа на Пдда вытокаў Лані і Случы на Пн (тэр. сучаснай Брэсцкай, часткова Гомельскай, Мінскай, Гродзенскай абл., паўн. раёнаў Украіны і ўсх. паветаў Польшчы). Утварылася ў канцы 10 ст. на тэр. рассялення ўсх.-слав. племя дрыгавічоў. Т.к. стала спадкаемцам племяннога княжання дрыгавічоў, што мела свайго племяннога князя (апошні — напаўлегендарны кн.Тур). Пасля распаду першабытнаабшчыннага і ўзнікнення феад. ладу мела больш высокую форму сац.-паліт. арганізацыі грамадства.
Першы гістарычна вядомы князь Т.к. — Святаполк Уладзіміравіч, сын кіеўскага вял.кн.Уладзіміра Святаславіча, пасаджаны на тураўскі прастол у 988. Т.к. было адным з найважнейшых у сістэме княстваў Кіеўскай Русі. Пра гэта сведчыць вылучэнне яго трэцім па старшынстве сынам вял. князёў пры падзеле Кіеўскай Русі: Святаполку ў 988 Уладзімірам Святаславічам, Ізяславу ў 1052 Яраславам Уладзіміравічам, Вячаславу ў 1125 Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам. З тураўскага на кіеўскі велікакняжацкі прастол перайшлі Святаполк Уладзіміравіч (1015), Ізяслаў Яраславіч (1054), Святаполк Ізяславіч (1093), Вячаслаў Уладзіміравіч (1139).
У паліт. гісторыі Т.к. вылучаюцца 4 перыяды. 1-ы перыяд (988—1015) — вылучэнне Т.к. са складу Кіеўскага вял. княства і палітыка Святаполка па адасабленні ад Кіева. 2-і перыяд (1019—1113) — час знаходжання Т.к. пад уладай вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага, яго сына Ізяслава Яраславіча (з 1052) і сыноў апошняга — Яраполка і Святаполка. 3-і перыяд (1113—58) — захоп Т.к. Уладзімірам Манамахам і захаванне княства за яго нашчадкамі. 4-ы перыяд (1158 — пач. 14 ст.) — час існавання адноўленага самастойнага Т.к. У 1158 кн.Юрый Яраславіч заняў Тураў насуперак волі кіеўскага вял. князя і адстаяў яго ў цяжкай 10-тыднёвай аблозе. У 1162 быў заключаны мір, што азначала юрыд. аднаўленне самастойнага Т.к. Пасля княжання Юрыя Яраславіча Т.к. падзелена паміж яго сынамі на ўдзелы. Туравам валодалі Святаполк, Іван, Глеб; Пінскім княствам — Яраслаў, Яраполк; Дубровіцкім — Глеб. Раней вылучылася Клецкае княства (у 1127 вядомы клецкі кн. Вячаслаў Яраславіч). У 2-й пал. 12 ст. адасобілася Слуцкае княства, пазней — Сцепанскае (1292). У 2-й пал. 12 ст.зах. частка Т.к. з г. Бярэсце і Драгічын (Берасцейская зямля) увайшла ў склад Уладзіміра-Валынскага княства.
Тураўскія князі актыўна ўдзельнічалі ў паліт. жыцці Кіеўскай Русі, у барацьбе за кіеўскі прастол сваіх родзічаў і інш. прэтэндэнтаў, у змаганні супраць полаўцаў. На тэр. Т.к. паслядоўна адбываўся працэс гасп.-эканам. і культ. развіцця. Узніклі гарады Тураў (вядомы з 980), Бярэсце (1019), Пінск (1097), Чартарыйск (1100), Слуцк (1116), Клецк (1127), Рагачоў (1142), Драгічын (1142), Мазыр (1155), Небль (1262), Капыль (1274), Сцепань (1292), Давыд-Гарадок, Дубровіца (12 ст.). У канцы 10 — пач. 11 ст. заснавана Тураўская праваслаўная епархія. Тураўскае евангелле 11 ст. — найстаражытнейшы помнік кніжнай культуры Беларусі. У Тураве жыў і дзейнічаў Кірыла Тураўскі.
У пач. 14 ст. Т.к. ўвайшло ў склад ВКЛ. У сярэдзіне 15 ст. ўласнасць вял.кн. Свідрыгайлы. З 16 ст. магнацкая латыфундыя, якая належала М.Л.Глінскаму, Астрожскім, Сапегам і інш.
Літ.:
Довнар-Запольски й М.В. Очерк истории кривичской и дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891;
Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 1—2. Киев, 1901—03;
Лысенко П.Ф. Туровская земля IX—XIII вв. 2 изд. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,
вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд.чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал.капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.
Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал.эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх.ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш.Гал.імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш.с.-д. партыях.
Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл.Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн.чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн.чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн.чал.) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс.чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс.чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс.чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс.чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс.чал.).
Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл.Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.
Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас. арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й арміі ген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл.Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.—вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм.Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б.ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.
У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер.рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.
На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.
На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл.Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл.Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.—снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс.чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мела Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч.Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн.чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.
Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць у Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.
Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс.чал.) выклікала хваляванні ў франц. арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братаннерус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач.вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв. Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.
3.3.1918 быў падпісаны Брэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.
1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн.чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн.чал., паранена больш за 20 млн.чал., каля 10 млн.чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л.бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на 1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр.зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.
28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі даДругой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг.Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;
Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;
Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ.М., 2000;
Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.
П.А.Селіванаў.
Даарт.Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.Даарт.Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.Даарт.Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.Даарт.Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.Даарт.Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.Даарт.Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.Даарт.Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.Даарт.Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.Даарт.Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ (ГЭС),
электрастанцыя, якая выпрацоўвае эл. энергію за кошт ператварэння мех. энергіі патоку вады. Складаецца з гідратэхн. збудаванняў (будынкі ГЭС, напорныя басейны, плаціны, дамбы, вадаводы, вадаскіды, шлюзы і інш., якія забяспечваюць стварэнне напору, канцэнтрацыю вадзянога патоку і яго адвод) і энергет. абсталявання (гідраўлічныя турбіны, што прыводзяцца ў рух патокам вады, і гідрагенератары, якія верцяцца гідратурбінамі і выпрацоўваюць эл. ток напружаннем каля 6—16 кв). Гідраагрэгаты, дапаможнае абсталяванне, прылады кіравання і кантролю размяшчаюцца ў машыннай зале будынка ГЭС. Трансфарматарная падстанцыя, якая з дапамогай сілавых трансфарматараў павышае генератарнае напружанне да 110, 220, 330, 750 кВ і болей, размяшчаецца ў будынку станцыі, у асобным будынку або на адкрытай пляцоўцы; размеркавальнае ўстройства, да якога падключаюцца лініі электраперадачы — звычайна каля будынка ГЭС.
Паводле напору ГЭС падзяляюцца на высоканапорныя (больш за 60 м, абсталёўваюцца каўшовымі і радыяльна-восевымі турбінамі), сярэдненапорныя (ад 60 да 25 м, з паваротна-лопасцевымі і радыяльна-восевымі турбінамі) і нізканапорныя (да 25 м, з паваротна-лопасцевымі, часам гарыз. турбінамі ў капсулах або адкрытых камерах). У залежнасці ад асаблівасцей выканання гідратэхнічных збудаванняў адрозніваюць ГЭС: рэчышчавыя (будуюцца ў асн. у межах рачнога рэчышча, будынак станцыі ўваходзіць у склад водападпорных збудаванняў, напор звычайна да 30 м), прыплацінныя (напор ад 30 да 200 м ствараецца землянымі, бетоннымі, каменнымі плацінамі, будынак станцыі размешчаны за плацінай), дэрывацыйныя (будуюцца пераважна на горных рэках, сярэдняга і высокага напору, які ствараецца з дапамогай абвадных каналаў, тунэляў або трубаправодаў), сумешчаныя (будынак станцыі размяшчаецца ў целе плаціны і адначасова выконвае функцыю вадаскіднага збудавання). Існуюць таксама гідраакумулюючыя электрастанцыі і прыліўныя электрастанцыі. Асобныя ГЭС або іх каскады звычайна працуюць у электраэнергетычнай сістэме сумесна з кандэнсацыйнымі, газатурбіннымі, атамнымі электрастанцыямі, цеплаэлектрацэнтралямі: У залежнасці ад характару ўдзелу ў пакрыцці графіка нагрузак ГЭС бываюць базісныя, паўпікавыя і пікавыя, выкарыстоўваюцца таксама для генерыравання рэактыўнай энергіі. Сабекошт электраэнергіі і эксплуатацыйныя расходы ГЭС меншыя, а працягласць і кошт буд-ва — большыя, чым цеплавых. Першыя ГЭС магутнасцю ў некалькі соцень ват пабудаваны ў 1876—81 у Германіі і Вялікабрытаніі. У Расіі першая прамысл.ГЭС (каля 300 кВт) пабудавана ў 1895—96. Самая буйная ГЭС з пабудаваных у СССР — Саяна-Шушанская (на р. Енісей, 6400 МВт). Найб. агульную магутнасць маюць ГЭС (млн.кВт): ЗША (89), краін СНД (64), Канады (57), Бразіліі (42), Японіі (37).
На Беларусі гідраэнергет. рэсурсы невялікія (гл.Гідраэнергетыка). У 1940—50-я г. пабудавана 179 невял. ГЭС агульнай магутнасцю каля 20 тыс.кВт. Найб. значныя з іх Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт) і Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт). З развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы большасць малых ГЭС была закансервавана. У 1992—94 адноўлены Дабрамысленская, Ганалес, Богіна, Жамыслаўская, Клясціцкая, Вайтаўшчызненская, Лахазвінская ГЭС агульнай магутнасцю каля 2 МВт. Амаль усе ГЭС — прыплацінныя з напорнымі будынкамі.
Літ.:
Цветков Е.В., Алябышева Т.М., Парфенов Л.Г. Оптимальные режимы гидроэлектростанций в энергетических системах. М., 1984;
Гидроэлектрические станции. 3 изд. М., 1987.
Я.П.Забела.
Схема рэчышчавай гідраэлектрычнай станцыі: 1 — гідраўлічная турбіна; 2 — гідрагенератар; 3 — гідрапад’ёмнік; 4, 9 — мінімальны і максімальны ўзроўні верхняга і ніжняга б’ефаў; 5 — засаўкі; 6 — плаціна; 7 — размеркавальнае прыстасаванне; 8 — ЛЭП.Схема дэрывацыйнай гідраэлектрычнай станцыі: 1 — плаціна; 2 — водапад’ёмнік; 3 — адстойнік; 4 — дэрывацыйны канал; 5 — напорны басейн; 6 — басейн сутачнага рэгулявання; 7 — турбінны вадавод; 8 — будынак ГЭС; 9 — вадаскід; 10 — размеркавальнае прыстасаванне; 11 — ЛЭП.Даарт.Гідраэлектрычная станцыя. Асіповіцкая ГЭС на р. Свіслач (Асіповіцкі раён Магілёўскай вобл.).