НІ́ЗКАЕ ў мастацтве,

эстэтычная катэгорыя, якая служыць для ацэнкі мізэрных з’яў быцця і маст. выяўлення бездухоўнасці ў грамадскім жыцці. У дачыненні да чалавечых учынкаў з’яўляецца крайняй ступенню агіднага і мае выразны маральна-этычны змест. Суадносіцца з камічным, процілеглае ўзнёсламу.

Для стараж., у т. л. антычнай, маст. свядомасці ўзнёслае і Н., як прыгожае і агіднае, мелі абс. характар, які пазбаўляў іх дынамікі і ўзаемапераходнасці. Сярэдневяковая хрысц. эстэтыка выпрацавала іерархію эстэт. каштоўнасцей: на яе вяршыні змяшчаўся боскі свет, а каля яе падножжа — нізкае матэрыяльнае быццё. Чалавек у гэтай іерархіі займаў прамежкавы стан, і ў яго душы адбывалася барацьба паміж узнёсла-духоўным і матэрыяльна-нізкім. Рэнесансавае мастацтва праўдзіва адлюстравала складанасць жыцця, у якім узнёслае і Н. нярэдка суіснуюць або мяняюцца месцамі. Тэарэтыкі класіцызму абгрунтоўвалі паняцце высокага і нізкага стыляў, якія былі маст. адпаведнікамі «высокага» (арыстакратычнага) і «нізкага» (простанароднага) ладаў жыцця. У л-ры крытычнага рэалізму значнае месца заняло праўдзівае выяўленне пачварных, нізкіх з’яў грамадскага быцця.

У гісторыі бел. маст. культуры катэгорыя Н. разам з камічным і агідным выявілася ў фальклоры, у чарадзейных казках. Фальклорны прыём травестацыі (зніжэнне афіц. высокага, перавод яго ў «матэрыяльна-цялесны план» па-майстэрску выявілі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». В.​Дунін-Марцінкевіч, пісьменнікі рэв.-дэмакр. кірунку (Ф.​Багушэвіч, Я.​Купала, Я.​Колас і інш.) напоўнілі паняцце Н. глыбокім сац. гучаннем, выкарыстоўвалі яго для крытыкі негатыўных з’яў у жыцці грамадства.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КЕЛЬ (лац. Niccolum),

Ni, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 28, ат. м. 58,69. Прыродны Н. складаецца з 5 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 58, 60—64; найб. пашыраны ​58Ni (67,88%) і ​60Ni (26,23%). У зямной кары 8∙10​−3% па масе (гл. Нікелевыя руды). Мікраэлемент неабходны млекакормячым (у арганізме чалавека 5—13,5 мг Н.) і раслінам. Адкрыты швед. вучоным А.​Кронстэтам у 1751 пры даследаванні мінералу купфернікелю (знешне падобнага на медзь). Назва ад ням. Nickel — злы горны дух, які быццам бы ўводзіў у зман гарнякоў, што здабывалі медзь.

Серабрыста-белы коўкі метал, tпл 1455 °C, tкіп 2900 °C, шчыльн. 8900 кг/м³; ферамагнетык (пункт Кюры 631 К). Хімічна малаактыўны; паводле ўласцівасцей падобны да жалеза і кобальту. Кампактны ў паветры, пакрываецца тонкай ахоўнай плёнкай монааксіду NiO. Бязводныя солі мінер. кіслот звычайна жоўтага колеру, гідраты — зялёнага (гл. Нікелю сульфат). Атрымліваюць электролізам раствораў солей і інш. метадамі; чысты парашкападобны — тэрмічным раскладаннем карбанілу Ni(CO)4 (гл. Карбанілы металаў). Выкарыстоўваюць пераважна ў металургіі (гл. Нікелевыя сплавы), а таксама для вырабу акумулятарных электродаў, спец. хім. апаратуры, як матэрыял для антыкаразійных пакрыццяў (гл. Нікеліраванне) і каталізатар многіх хім. працэсаў. Аказвае агульнатаксічнае ўздзеянне; выклікае захворванні насаглоткі, лёгкіх, дэрматыты, экзэмы, злаякасныя новаўтварэнні. ГДК у паветры (сярэднясутачная) для метал. Н., яго аксідаў і сульфату 0,001 мг/м³.

У.​С.​Камароў.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖА АБАРО́НА 1706.

Адбылася ў сак.—маі ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21. У пач. 1706 ваен. дзеянні з Польшчы перакінуліся на тэр. ВКЛ. Шведскі кароль Карл XII, стаўшы лагерам пад Гродна, пасылаў войскі нішчыць гарады і замкі прыхільнікаў караля польскага і вял. князя ВКЛ Аўгуста II Моцнага. У сак. 1706 атрад падпалк. Траўтветэра быў накіраваны ў Нясвіж, які належаў канцлеру ВКЛ К.​С.​Радзівілу. У горадзе акрамя радзівілаўскага гарнізона стаяла 2 тыс. ўкр. казакоў палк. Міхаловіча. 14.3.1706 Траўтветэр трыма батальёнамі драгун атакаваў горад. У вулічных сутычках быў забіты Міхаловіч і каля 300 казакоў. 500 казакоў зачыніліся ў езуіцкім калегіуме, авалодаць якім Траўтветэр не здолеў. Рэшта казакоў вяла агонь па шведах з гар. дамоў. Шведы падпалілі горад, у агні і сутычках загінула некалькі соцень казакоў, каля 180 здаліся. Добра ўмацаваны Нясвіжскі замак Траўтветэр не стаў штурмаваць і рушыў на Ляхавічы. 10.5.1706 у Нясвіж увайшлі войскі на чале з Карлам XII. У замку знаходзіўся гарнізон пад камандаваннем Балімана, з 200 чал. якога 90 былі прафесійнымі вайскоўцамі, астатнія — мяшчане і сяляне. Да Балімана былі пасланы Траўтветэр і ген.-ад’ютант Расенштэрн з патрабаваннем здаць замак. Не маючы надзеі на падтрымку, камендант выканаў патрабаванне. Шведы спалілі ваенны рыштунак з арсенала, патапілі захопленыя гарматы, каменданта і ўвесь гарнізон адпусцілі на волю. Замкавыя ўмацаванні былі разбураны, горад спалены, за выключэннем касцёлаў і кляштараў.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

навучальная ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Створана ў 1875 у Нясвіжы замест закрытага дамініканскага кляштара па ініцыятыве міністра асветы Расіі графа Дз.​А.​Талстога і папячыцеля Віленскай навуч. акругі М.​А.​Сергіеўскага як «асветны і адукацыйны фарпост, які будзе служыць адпорам польскаму каталіцызму». У розны час у Н.н.с. выкладалі К.​Ф.​Шчансновіч, С.​А.​Кулагін, І.​Ф.​Нікалаеўскі, П.Р.Бывалькевіч, Л.​К.​Лычкоўскі, Ф.​В.​Лукашэвіч, С.​А.​Гурыновіч, Ф.А.Кудрынскі, ксёндз В.Гадлеўскі і інш. Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Фінансавалася з дзярж. бюджэту. Мела фіз. і прыродазнаўчы кабінеты, хім. лабараторыю, актавую залу, клас для заняткаў ручной працай, інтэрнат для навучэнцаў. Пры семінарыі дзейнічала ўзорнае пач. вучылішча, метэаралаг. станцыя (з 1900), музей (з 1910). У 1914 у фундаментальнай б-цы 3630 тамоў, у вучнёўскай — 1710. У жн. 1915 семінарыя эвакуіравана ў г. Вязьма Смаленскай губ. У час бежанства на вучобу прымаліся пераважна выхадцы з Беларусі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Н.н.с. дазвалялася прымаць асоб неправасл. веравызнання і жан. полу; створаны бел. вучнёўскі культ.-асв. гурток «Прасвета». Летам 1917 семінарыя рээвакуіравана ў Нясвіж. У час польскай акупацыі 1919 падпарадкоўвалася Беларускай школьнай радзе Меншчыны. У розны час у семінарыі вучыліся А.Галіна, А.Багдановіч, П.Дземідовіч, К.​Міцкевіч (Я.Колас), В.​Камлюк, А.​Сташэўскі, В.​Сташэўскі, М.​Раманоўскі (К.Чорны) і інш. Закрыта ў снеж. 1919.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́НАЎ (Васіль Дзмітрыевіч) (1.6.1844, С.-Пецярбург — 18.7.1927),

расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1926). Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў П.​Чысцякова і І.​Крамскога, скончыў Пецярбургскую АМ (1871), у 1882—95 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1872—76 пенсіянер АМ у Італіі, Францыі, Германіі; працаваў у духу салоннага акадэмізму на тэмы зах.-еўрап. гісторыі («Права пана», 1874, і інш.). У 1876 мастак-карэспандэнт на серба-чарнагорска-тур. вайне, у 1877—78 — на руска-тур. З 1878 чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Зазнаў уплывы А.​Саўрасава і Ф.​Васільева. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа, у які прыўносіў жанравы і лірыка-асацыятыўны пачатак. У творах, якія вызначаліся кампазіцыйнай завершанасцю, дакладнасцю малюнка і свабоднай манерай пісьма, адзін з першых у рус. жывапісе перадаў пленэрную свежасць каларыту, увасобіў натуральнасць матыву рас. прыроды, непарыўна звязанай са штодзённым жыццём чалавека: «Маскоўскі дворык», «Бабулін сад» (абодва 1878), «Зарослая сажалка» (1879), «Залатая восень» (1893) і інш. Звяргаўся і да евангельскіх сюжэтаў, якім часта надаваў жанравую ці пейзажную афарбоўку («Хрыстос і грэшніца», 1886—87), да гуманіст. («Хворая», 1886) і рэв. («Барыкады на Садовай», 1905) тэматыкі. З 1873 афармляў спектаклі Маскоўскай прыватнай рус. оперы С.​І.​Мамантава. У 1910—18 вёў у Маскве асветную дзейнасць па арганізацыі нар. тэатра. З 1917 жыў у сядзібе Барок (цяпер Паленава Тульскай вобл.), дзе стварыў маст. музей.

В.​Паленаў Бабулін сад. 1878.

т. 11, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЭІ́ЗМ (ад пан... + theos Бог),

рэлігійнае і філас. вучэнне, якое збліжае або атаясамлівае Бога з навакольным светам. Паняцце «П.» уведзена нідэрландскім тэолагам І.​Фаем (1709). Пантэістычныя тэндэнцыі праяўляюцца ў ератычнай містыцы сярэдніх вякоў, характэрны для натурфіласофіі эпохі Адраджэння. У розных вучэннях П. выражае натуралістычныя, матэрыяліст. або ідэаліст. тэндэнцыі. Прыхільнікі адной плыні імкнуліся да ўзмацнення рэліг.-містычнага зместу тэалогіі шляхам растварэння прыроды ў Богу, сцвярджаючы, што Бог існуе ва ўсіх рэчах, з’явах, працэсах як звышнатуральны пачатак (Іаан Скот Эрыўгена, Н.​Мальбранш, сучасныя філосафы-персаналісты). Прадстаўнікі другой лічылі, што менавіта Бог раствараецца ў прыродзе, што Сусвет нікім не створаны і кіруецца асабістымі законамі, што сама прырода і ёсць сапраўдны Бог (Дж.​Бруна, Б.​Спіноза, І.​Гердэр). Гэта тэндэнцыя грунтуецца на гілазаістычных (гл. Гілазаізм) ідэях старажытнасці, на прынцыпах натуралізму сярэднявечча і з’яўляецца падставай для атэістычных поглядаў. Вядомы выпадкі і эклектычнага змяшэння элементаў гэтых плыняў. Аднак усе тыпы П. аб’ядноўвае прынцып адмаўлення асабістай персаніфікацыі Бога, які недасягальна ўзвышаецца над Сусветам і чалавекам паводле тэалагічных сістэм т.зв. аўраамічных рэлігій (хрысціянства, ісламу і іудаізму). На практыцы канцэптуальныя высновы П. прыводзяць да змены тэацэнтрычнай мадэлі Сусвету інш. парадыгмамі — космацэнтрычнай або антрапацэнтрычнай. На падставе ідэі П. аб стварэнні свету бесцялесным сусв. духам ці розумам, што знаходзіцца ў самой прыродзе, ням. філосафы Ф.​Шэлінг і Г.​Гегель спрабавалі прымірыць супярэчнасці паміж духоўным і матэрыяльным пачаткамі быцця.

А.​А.​Цітавец.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКА́ЛЬ ((Pascal) Блез) (19.6.1623, г. Клермон-Феран, Францыя — 19.8.1662),

французскі матэматык, фізік і філосаф, адзін з заснавальнікаў гідрастатыкі. Атрымаў дамашнюю адукацыю, з дзяцінства выявіў выдатныя матэм. здольнасці. Навук. працы па арыфметыцы, тэорыі лікаў, алгебры, тэорыі імавернасцей, механіцы, філасофіі. Сфармуляваў метад поўнай матэм. індукцыі, знайшоў агульную прыкмету падзельнасці цэлых лікаў. Прапанаваў спосаб вылічэння бінаміяльных каэфіцыентаў (трохвугольнік П.), сфармуляваў адну з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі (гл. Паскаля тэарэма). Сканструяваў першую лічыльную машыну (1641 або 1642). Адкрыў адзін з асн. законаў гідрастатыкі (гл. Паскаля закон), эксперыментальна пацвердзіў існаванне атм. ціску (1648) і даказаў, што ён памяншаецца з вышынёй, выявіў гідрастатычны парадокс. З 1655 жыў у манастыры янсеністаў у Пор-Раялі. Аўтар філас. трактатаў і сатырычных твораў. Ў філас. творах развіваў думкі аб трагічнасці і кволасці чалавека, які знаходзіцца паміж двума бяздоннямі — бясконцасцю і мізэрнасцю (чалавек — «чарацінка, якая мысліць»). Шлях спасціжэння таямніц быцця і выратавання чалавека ад адчаю бачыў у хрысціянстве. Адыграў значную ролю ў фарміраванні франц. класічнай прозы. Яго імем названа мова праграмавання — паскаль і адзінка ціску — паскаль.

Тв.:

Рус. пер. — Трактат о равновесии жидкостей // Начала гидростатики. 2 изд. М.; Л., 1933;

Из мыслей // Ларошфуко Фр. де, Паскаль Б., Лабрюйер Ж. де. Суждения и афоризмы. М., 1990.

Літ.:

Стрельцова Г.Я. Блез Паскаль. М., 1979;

Тарасов Б.Н. Паскаль. 2 изд. М., 1982;

Щитцова Т.В. К истокам экзистенциальной онтологии: Паскаль, Киркегор, Бахтин. Мн., 1999.

А.​І.​Болсун.

Б.Паскаль.

т. 12, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ ПРЫ ААН,

замежны дыпламат. орган знешніх зносін бел. дзяржавы, які прадстаўляе інтарэсы Рэспублікі Беларусь у Арг-цыі Аб’яднаных Нацый, падтрымлівае з ёй пастаянныя сувязі ад імя ўрада Беларусі. Знаходзіцца ў г. Нью-Йорк (ЗША). Узначальваецца пастаянным прадстаўніком. Утворана паводле пастановы СМ БССР ад 28.3.1958. Мае задачы: сачыць за выкананнем палажэнняў Статута ААН, быць у курсе ўсіх міжнар. падзей, асабліва звязаных з парушэннямі міру і міжнар. бяспекі, рыхтаваць адпаведныя прапановы для свайго ўрада, падтрымліваць пастаянныя сувязі з Сакратарыятам ААН, прадстаўніцтвамі інш. краін — членаў ААН, выступаць у органах ААН з прапановамі і акцыямі, прадстаўляць Беларусь у органах ААН. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (27.7.1990) працуе над рэалізацыяй мэт і задач шматбаковай дыпламатыі Рэспублікі Беларусь у ААН. Цесна супрацоўнічае з пастаяннымі прадстаўніцтвамі Рас. Федэрацыі і інш. краін СНД пры ААН. Дзейнічае ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй 1975 аб прадстаўніцтве дзяржаў у іх зносінах з міжнар. арг-цыямі універсальнага характару і інш. міжнар. пагадненнямі. Кіраўнік пастаяннага прадстаўніцтва звычайна ўпаўнаважваецца ўрадам сваёй дзяржавы і да яго прымяняюцца працэдуры запыту агрэману, акрэдытавання ў краіне знаходжання, аб’яўлення персонай нон грата. Кіраўнік і члены дыпламат. персаналу пастаяннага прадстаўніцтва маюць тыя ж прывілеі і імунітэт, што і супрацоўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў.

Літ.:

Постоянное представительство Республики Беларусь при Организации Объединенных Наций // Вестн. Мин-ва иностранных дел. 1998. № 2.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РАЦ (Piper),

род кветкавых раслін сям. перцавых. Каля 700 (паводле інш. звестак каля 2000) відаў. Пашыраны ў тропіках абодвух паўшар’яў, пераважна ў Амерыцы і мусонных абласцях Усх. Азіі. У культуры 9 відаў. Найб. значэнне мае П. чорны (P. nigrum) — лазячая расліна, расце ў Індыі. Яго няспелыя высушаныя плады — прыправа (чорны перац). Лісце П. бетэль (P. betle) выкарыстоўваюць для жавання. Некат. інш. віды П. ўжываюць як лекі, араматычныя прыправы, гатуюць рытуальныя (наркатычныя) напоі.

П. струкавы, або агароднінны, ці капсікум (Capsicum), — род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 20 (паводле інш. звестак каля 50) відаў. Пашыраны ў Цэнтр., Паўд. Амерыцы і на а-вах Галапагас. Плады П. агародніннага, ці папрыкі (C. annuum), выкарыстоўвалі ў Амерыцы аптэкі; у Еўропу іх прывёз Х.​Калумб; у Расіі з 19 ст. Культывуюць у краінах з трапічным, субтрапічным і ўмераным кліматам (у т. л. на Беларусі).

Шматгадовыя (у культуры — аднагадовыя) травы, кусты і паўкусты. П. агароднінны — аднагаловая самаапыляльная расліна. Лісце авальнае, ланцэтнае. Кветкі белыя, зеленаватыя. Плод — канічная несапраўдная ягада ад жоўтага да цёмна-чырв. колеру. Мае вітамін C і алкалоід капсаіцын (выкарыстоўваецца ў медыцыне), які абумоўлівае горкі смак некат. разнавіднасцей. 15 разнавіднасцей П. агародніннага падзяляюць на салодкія і вострыя (горкія). Найб. вядомыя сарты салодкага П.: Новачаркаскі 35, Ратонда, розныя варыянты сорту Балгарскі, горкага — Украінскі горкі, Астраханскі 147. Культывуюць таксама найб. востры П. каенскі (C. sinense). Харч., лек., тэхн. расліны.

Перац: 1 — чорны, 2 — струкавы.

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства ў вярхоўях р. Прыпяць і нізоўях яе прытокаў Ясельда, Піна, Стыр, Гарынь. Цэнтр — г. Пінск. Вылучылася з Тураўскага княства паміж 1167 і 1174. 1-ы пінскі князь — Яраслаў Юр’евіч, сын тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. У 12—13 ст. знаходзілася пад уплывам Уладзіміра-Валынскага княства і Кіеўскага княства. У 13 ст. праз землі П.к. адбываліся напады літоўцаў на Валынь. Пасля ўтварэння ВКЛ Міндоўгам і яго забойства ў 1263 у Пінск уцёк яго сын Войшалк. У пач. 14 ст. П.к. ўвайшло ў ВКЛ. Паводле завяшчання вял. кн. Гедзіміна княства атрымаў яго сын Нарымонт. П.к. заставалася за яго нашчадкамі да 1-й пал. 15 ст. Пасля смерці кн. Юрыя Сямёнавіча з роду Нарымонтавічаў П.к. ўвайшло ў склад велікакняжацкіх уладанняў Жыгімонта Кейстутавіча. У 1471 П.к. аддадзена Марыі Гаштольд, удаве кіеўскага кн. Сямёна Алелькавіча, потым мужу яе дачкі кн. Ф.​І.​Яраславічу, які ў пач. 16 ст. завяшчаў П.к. вял. кн. ВКЛ Жыгімонту I Старому, той у 1519 перадаў яго сваёй жонцы Боне. Як дзярж. ўладанне П.к. пачало называцца Пінскім староствам, паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 увайшло ў склад Пінскага павета.

Літ.:

Довнар-Запольский М. Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891;

Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 1—2. Киев, 1901—03;

Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997.

П.​Ф.​Лысенка.

т. 12, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)