Міжнародная Чырвоная дапамога. Створана ў канцы 1922 паводле рашэння 4-га кангрэса Камуністычнага інтэрнацыянала. Аказвала матэрыяльную, юрыд., маральную падтрымку палітзняволеным, палітэмігрантам і іх сем’ям, сем’ям загінуўшых рэвалюцыянераў, незалежна ад іх парт. прыналежнасці, праводзіла масавыя кампаніі ў абарону ахвяр паліт. рэпрэсій у Польшчы (у т. л. ў Зах. Беларусі), на Балканах, у Кітаі і інш. краінах, супраць фашызму і вайны. Секцыі МОПРа ў 74 краінах налічвалі (1937) 15 млн. членаў, у т. л. ў СССР — 9 млн. Кіруючыя органы — Выканком (да сак. 1923 — Цэнтр. бюро, у сак. 1923 — ліп. 1924 — ЦК), Прэзідыум і Сакратарыят (выбіраліся Выканкомам) — знаходзіліся ў Маскве, у 1937—39 — у Парыжы. Орган Выканкома — час. «МОПР» (1923—38). У БССР секцыя МОПРа была адной з найбуйнейшых грамадскіх арг-цый. У Мінску быў створаны дом паліт. эмігрантаў, у Станькаве — дзіцячы дом. Секцыя МОПРа ў Зах. Беларусі наз.Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі, выдавала газету «Чырвоная дапамога». З пачаткам 2-й сусв. вайны дзейнасць МОПРа як міжнар. арг-цыі спынілася, яго секцыя ў СССР існавала да 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЕ́НЫ (Mykēnai),
старажытнагрэчаскі горад у Аргалідзе (п-аў Пелапанес), буйны цэнтрКрыта-мікенскай культуры ў эпоху бронзы. Заселены ў пач. 3-га тыс. да н.э. З 17 ст. да н.э. сталіца адной з дзяржаў ахейцаў. У 14—12 ст. да н.э. дасягнулі эканам. і паліт. росквіту, пашырылі свой уплыў на ўвесь Пелапанес, авалодалі Кносам, замацавалі сувязі з Егіптам, хецкай дзяржавай, Кіпрам, Сірыяй. У канцы 12 ст. да н.э. разбураны дарыйцамі. У 1-м тыс. да н.э. невял. паселішча, якое ў 468 да н.э. заваявалі і зруйнавалі аргосцы.
У выніку раскопак (пачаты ў 1874—76 Г.Шліманам) адкрыты: шахтавыя грабніцы з багатым пахавальным інвентаром (17—16 ст. да н.э.), цыклапічныя сцены крэпасці з т. зв. Львінымі варотамі, палац з прапілеямі, лесвіцамі, дваром, гасп. і жылымі памяшканням, аздобленымі фрэскамі, статуямі і інш., жылыя дамы (усё 14—13 ст. да н.э.), зернесховішча (12 ст. да н.э.) і інш. У ніжнім горадзе выяўлены жылыя дамы, цыстэрны, толасы (14—13 ст. да н.э.).
Літ.:
Бартонек А. Златообильные Микены: Пер. с чеш. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА ГРО́ДЗЕНСКАЙ ЭКАНО́МІІ»
(«Писцовая книга Гродненской экономии с прибавлениями»),
комплекс гаспадарча-ўліковай і інш. дакументацыі Гродзенскай эканоміі сярэдзіны 16 — сярэдзіны 18 ст., выдадзены ў 1881—82 Віленскай археаграфічнай камісіяй у 2 ч. Дакументы ўзяты з актавых кніг Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў, на польск. мове (1 дакумент на бел. мове). У ч. 1 змешчаны «Рэестр памеры валок, гарадоў і Гродзенскай воласці...» (1558), дзе зафіксавана рэвізія валочнай памеры ў эканоміі, праведзенай на падставе «Уставы на валокі» 1557. У ч. 2 змешчана інвентарнае апісанне гродзенскіх замкаў і велікакняжацкага двара Гарадніцы (сярэдзіна 17 ст.), «Рэестр валочнай памеры горада і мястэчак, воласці і ўсіх двароў, якія належаць да Гродзенскага замка» (1550—60-я г.), «Генеральная ўстава Гродзенскай эканоміі» (1680), «рэвізія» дакументаў г. Гродна, гар. пляцаў і прыбыткаў (1675?), «рэвізія» лясніцтваў эканоміі (1764), вытрымкі з «рэвізіі» эканоміі з пералікам каралеўскіх прывілеяў мястэчкам 16—17 ст. і інш. Выданне забяспечана прадмовай С.В.Шаўковіча, дзе апісаны гродзенскія замкі і сам горад, ахарактарызаваны катэгорыі насельніцтва эканоміі і іх павіннасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМЕ́СЦЕ (польск. przedmiescie),
частка забудовы сярэдневяковага горада, якая знаходзілася па-за яго абарончымі мурамі. У функцыян. і сац. сэнсе блізкае да пасада. Звычайна ўзнікала пры плошчах перад уязнымі брамамі і развівалася ўздоўж дарог, якія вялі ў горад. П. мела жылыя і прамысл. функцыі, часам — абслугоўвання і адпачынку. У залежнасці ад значнасці горада П. магло ўзводзіць уласныя абарончыя збудаванні, якія з часам станавіліся ч агульнагарадской фартыфікацыйнай сістэмы. Падобным чынам узнікалі новыя П. ў Парыжы, Маскве, Ноўгарадзе, Віцебску, Магілёве і інш. Для П. характэрна меншая, чым у цэнтр. раёнах горада, шчыльнасць забудовы, сціпласць і прастата арх. вырашэнняў, наяўнасць садоў і агародаў. На Беларусі вядомы з даўніх часоў. Аснову іх забудовы складалі невял. драўляныя жылыя дамы з гасп. пабудовамі. У бел. гарадах з 16 ст. П. мелі Мінск (Мінскае Траецкае прадмесце, П. Ракаўскае, Ляхаўка, Старажоўка, Грушаўка, Камароўка), Гродна (Каложа), Магілёў (Пелагееўка), Віцебск (Задунаўе), Полацк (Запалоцце), Пінск (Каралін), Гомель (хутар Сеўрукі). У 17—18 ст. П. паявіліся і ў мястэчках (напр., у Волме Смалявіцкага р-на).
С.А.Сергачоў.
Былое Ракаўскае прадмесце ў Мінску (сучасная вуліца Ракаўская).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМА́Я МО́ВА,
спосаб перадачы чужога выказвання, пры якім захоўваюцца ўсе яго лексічныя, граматычныя, стылістычныя і інтанацыйныя асаблівасці. Складаецца са слоў апавядальніка (аўтара) і чужога выказвання, якое перадаецца апавядальнікам ад імя пэўнага персанажа. Абедзве гэтыя часткі на пісьме выдзяляюцца графічна, у маўленні — інтанацыйна. Структурна-аргаганізац. цэнтр П.м. — пераважна дзеясловы і дзеепрыслоўі са значэннем маўлення і думкі або іх эквіваленты (назоўнікі і словазлучэнні з той жа семантыкай), якія знаходзяцца ў мове аўтара. Да іх бяззлучнікавым спосабам (інтанацыйна) далучаецца чужая мова. Аўтарскія словы займаюць свабоднае месца: могуць стаяць перад чужой мовай, за ёю або ў сярэдзіне яе (Яна сказала: «Я абавязкова заўтра да вас прыеду»; — «Я абавязкова заўтра да вас прыеду», — сказала яна; «Я абавязкова, — сказала яна, — заўтра да вас прыеду»), П.м. можна ўзнаўляць і выказванні самога аўтара. Для яе характэрна экспрэсіўнасць. Асн. сфера ўжывання — гутарковая мова.
Літ.:
Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦІ́ЎЛЬ,
горад у Сумскай вобл., на Украіне, на р. Сейм (бас.р. Дняпро), за 24 км ад чыг. станцыі Пуціўль. 19,5 тыс.ж. (1991). Харч. прадпрыемствы. Краязнаўчы музей. Арх. помнікі 16—18 ст.: Малчанскі (16—19 ст.) і Спаскі (17 — пач. 18 ст.) манастыры, царква Міколы Казацкага (18 ст.).
Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146; крэпасць для абароны Кіеўскай Русі ад набегаў полаўцаў. У 2-й пал. 12 ст.цэнтраднайм. княства. Апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». У 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1356 у складзе ВКЛ. У 1500 вял.кн.Іван III Васілевіч далучыў П. да Рус. дзяржавы. У час польскай і шведскай інтэрвенцыі пачатку 17 стагоддзя заняты войскамі Рэчы Паспалітай. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Расіі. У 18 — пач. 20 ст. павятовы горад, з 1769 у Курскай губ. З 1926 у складзе Укр. ССР. З 1932 у Чарнігаўскай, з 1939 у Сумскай абл. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—43). Каля П. быў створаны Пуціўльскі партыз. атрад пад камандаваннем С.А.Каўпака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗДЗЯЛЯ́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць сістэм, прылад і фотаматэрыялаў адрозніваць (узнаўляць) блізкія ў прасторы, часе ці па фіз. уласцівасцях аб’екты ці працэсы; колькасная мера такой здольнасці.
Р.з. аптычных сістэм — здольнасць аптычных сістэм даваць раздзельны відарыс двух блізкіх адзін ад аднаго пунктаў прадмета. З-за дыфракцыі святла аптычная сістэма адлюстроўвае святлівы пункт у выглядзе светлай плямы, абкружанай папераменна цёмнымі і светлымі кольцамі. Паводле крытэрыя У.Рэлея, 2 дыфракцыйныя плямы, адпаведныя відарысам пунктаў аднолькавай яркасці, лічацца раздзельнымі, калі светлы цэнтр адной з іх прыпадае на сярэдзіну першага цёмнага кольца суседняй. Р.з. спектральнай прылады — здольнасць такой прылады ўзнаўляць 2 спектральныя лініі з блізкімі даўжынямі хваль. Паводле крытэрыя Дж.Рэлея такія лініі раздзяляюцца, калі адлегласць паміж максімумамі іх інтэнсіўнасцей не меншая за шырыню ліній. Р.з. фотаматэрыялаў — уласцівасць матэрыялу раздзельна ўзнаўляць у фотаматэрыяле дробныя суседнія дэталі аб’екта. Абумоўлена ступенню дысперснасці святлоадчувальных кампанентаў фотаслоя, залежыць ад кантрасту аптычнага відарыса, спектральнага складу аптычнага выпрамянення, часу асвятлення (экспазіцыі), умоў праяўлення і інш. Вызначаецца найб. колькасцю паралельных ліній на 1 мм фотавідарыса штрыхавой міры, якія бачныя паасобку ў мікраскопе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАШЫ (Rákosi; сапр.Розенберг) Мацьяш
(9.3.1892, г. Ада, Югаславія — 5.2.1971),
венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Усх. акадэмію ў Будапешце (1912). У 1912—14 удзельнічаў у рабочым руху ў Гамбургу (Германія) і Лондане. У 1 -ю сусв. вайну ваяваў на рас. фронце (з лета 1914), дзе трапіў у палон (крас. 1915, вызвалены ў лют. 1918). З 1918 чл.Камуніст. партыі Венгрыі. У 1919 чл. урада Венг.сав. рэспублікі. У 1921—24 сакратар Выканкома Камуніст. Інтэрнацыянала. З 1925 зняволены ў Венгрыі. У 1940—44 у СССР, дзе ўзначальваў цэнтрвенг. камуністаў у эміграцыі. З крас. 1945 ген. сакратар ЦК адноўленай Венг.камуніст. партыі, з чэрв. 1948 ген. сакратар аб’яднанай Венг. партыі працоўных (ВПП), са жн. 1952 адначасова прэм’ер-міністр Венгрыі. З 1949 праводзіў курс на насаджэнне ў краіне сав. мадэлі сацыялізму (у т. л. культ асобы Р., рэпрэсіі супраць Л.Райка, Я.Кадара, І.Надзя і многіх інш. камуністаў), зневажаў нац. асаблівасці Венгрыі, што выклікала рост грамадскай напружанасці. У чэрв. 1953 — ліп. 1956 1-ы сакратар ЦК ВПП. У 1962 выключаны з партыі. У апошнія гады жыў у СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎ,
горад, сталіца Украіны, цэнтр Кіеўскай вобл., на р. Дняпро. 2638,7 тыс.ж. (1995). Буйны вузел чыг., аўтамаб. і паветр. шляхоў зносін. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт у г. Барыспаль (прыгарад К.). Цэнтр машынабудавання (станкабудаванне, трансп. машынабудаванне, дакладнае прыладабудаванне, электратэхніка і радыёэлектроніка). Прамысловасць: лёгкая (шаўковая, трыкат., швейная, абутковая), паліграф., хім., харчасмакавая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1960).
Пасяленні на тэр. К. існавалі са старажытнасці. З канца 5 ст.цэнтр племя палян. Паводле летапіснага падання, засн. ў канцы 6 — пач. 7 ст. палянскімі князямі Кіем, Шчэкам, Харывам. У летапісах упершыню згадваецца пад 860 у сувязі з паходам Русі на Візантыю. Пасля ўтварэння ў канцы 9 ст.Кіеўскай Русі стаў яе паліт. цэнтрам, тут развіваліся рамёствы, пісьменнасць, архітэктура, жывапіс; кантактаваў з Полацкам і інш.бел. гарадамі. Пасля хрышчэння Русі ў К. пабудаваны першыя цэрквы, пры кн. Яраславе Мудрым — Кіеўскі Сафійскі сабор, Пячэрскі манастыр (гл.Кіева-пячэрская лаўра). Тут адбыліся Кіеўскае паўстанне 1068—69 (у час паўстання ў К. кароткі час княжыў Усяслаў Брачыславіч), Кіеўскае паўстанне 1113. У 1169 разрабаваны войскам кн. Андрэя Багалюбскага, у 1203 спустошаны кн. Рурыкам Расціславічам, у 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1362 у складзе ВКЛ. З 1399 вытрымаў аблогу тат. войска, у 1416 захоплены ханам Адыгеем, у 1482 — крымскім ханам Менглі-Гірэем. З 1471 цэнтрКіеўскага ваяводства. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Пасля заключэння Брэсцкай уніі 1596 адзін з антыкаталіцкіх і антыуніяцкіх цэнтраў. Каля 1615 пры Богаяўленскім манастыры створана Кіеўскае правасл. брацтва. У сярэдзіне 17 ст. дзейнічалі 4 касцёлы, дамініканскі манастыр, езуіцкі калегіум (з 1647). З 1654 у складзе Расіі, цэнтр Кіеўскага ваяводства, з 1708 — Кіеўскай губ. (у 1781—97 намесніцтва). У 18 ст. ўзніклі першыя буйныя прамысл. прадпрыемствы: Арсенал (1764), Кіева-Мяжыгарская фаянсавая ф-ка (1801). У 1809 адкрыта 1-я мужчынская гімназія, у 1834 — Кіеўскі нацыянальны універсітэт (у ім вучылася нямала выхадцаў з Беларусі). У 1820-я г. ў К. праходзілі сходы Паўд.т-ва дзекабрыстаў. Дзейнічалі Кірыла-Мяфодзіеўскае таварыства (1845—47), Кіева-Харкаўскае т-ва (1858—60). У канцы 19 — пач. 20 ст. буйны прамысл.цэнтр (у 1897 было 17 вял. прадпрыемстваў). Пасля пракладкі ў 1860-я г. Кіева-Адэскай і Кіева-Курскай чыгунак і з развіццём суднаходства па Дняпры К. — буйны трансп. вузел (у 1868 адкрыты Гал. майстэрні Паўд.Зах. чыгункі, у 1873 суднарамонтныя майстэрні). У 1890 засн. Політэхнічны ін-т, у 1899 Музей старажытнасцей і мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 рас. ўлады расстралялі ў К. 30-тысячную дэманстрацыю (18.10.1905), адбыліся паўстанні сапёраў (1905 і 1907), створаны першыя прафсаюзы У 1913 у К. 595 тыс.ж., больш за 170 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну тут размяшчаўся штаб Кіеўскай ваен. акругі. У сак. 1918 горад акупіраваны войскамі Германіі, у снеж. 1918 захоплены войскамі С.В.Пятлюры, у жн. 1919 — белагвардзейцамі, у маі 1920 — войскамі Польшчы. У чэрв. 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. З 1919 у К. базіравалася частка караблёў і падраздзяленняў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, у 1940—41 — Пінскай ваеннай флатыліі. З 1934 сталіца Украіны. У Вял.Айч. вайну 20.9.1941—6.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, месца жорсткіх баёў (гл.Кіеўская абарончая аперацыя 1941, Кіеўская наступальная аперацыя 1943).
Пачатак буд-ва горада паклалі 3 стараж.
паселішчы 6—7 ст. на Старакіеўскай, Шчокавіцкай і Хоравай гарах. У 10 ст. К. падзяляўся на Верхні горад (Стары К.) з Дзесяціннай царквой (989—96, зруйнавана ў 1240) і Ніжні горад (Падол) з майстэрнямі і дамамі рамеснікаў. У 11 ст. Верхні горад з кампазіцыйнай дамінантай — Кіеўскім Сафійскім саборам — абкружаны крапаснымі сценамі (захаваліся фрагменты мураванай Залатой брамы, 1037, рэканструявана ў 1982); з’явіліся першыя пабудовы Кіева-Пячэрскай лаўры і Выдубіцкага манастыра Ад 12 ст. захаваліся цэрквы Спаса на Бераставе (1113—25, размалёўкі 12 ст.; перабудавана ў 17 ст.) і Кірылаўская (1146, фрэскі 12 ст.; перабудавана ў 18 ст. ў стылі ўкр. барока, арх І.Р.Грыгаровіч-Барскі). Манум. цэрквы Міколы Прыціска (1631) і Ільінская (1692) пабудаваны ў формах, блізкіх укр. драўлянаму дойлідству. Сярод помнікаў укр. барока: званіца (канец 17 ст. — 1853, арх. Г.І.Шэдэль і П.І.Спаро), брама Забароўскага (1746—48, арх. Шэдэль), пабудовы Сафійскага манастыра, Георгіеўская царква, трапезная (абодва 1696—1701) і званіца (1727—33) Выдубіцкага манастыра, цэрквы Ушэсця (1732), Пакроўская (1766, арх. Грыгаровіч-Барскі), Андрэеўская (1748—53, арх. В.В.Растрэлі і інш.; жывапіс іканастаса ў стылі ракако, мастакі А.П.Антропаў і Р.К.Лявіцкі); палацы Марыінскі (1752—55, арх. Растрэлі і І.Ф.Мічурын), Клоўскі (1754—58, арх. С.Дз.Коўнір і П.І.Няелаў). У стылі класіцызму пабудаваны манумент у гонар магдэбургскага права (1802—08; выш. 23,1 м), царква-ратонда на Аскольдавай магіле (1803—10, арх. абодвух А.І.Мяленскі, надбудавана ў 1935—36), Кантрактавы дом на Падоле (1815—17, арх. В.І.Гестэ), ун-т (1837—43, арх. В.І.Берэці). У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. К. забудоўваўся стыхійна ў духу стылізатарства і эклектыкі: Уладзімірскі сабор (1862—96, арх. А.В.Берэці, І.В.Штром, Спаро; размалёўкі В.М.Васняцова, М.В.Несцерава, М.К.Піманенкі і інш.), оперны т-р (1897—1901, арх. В.А.Шротэр), будынкі Музея ўкр.выяўл. мастацтва (1900, арх. Г.П.Байцоў і У.У.Гарадзецкі), дзяржбанка (1902—05, арх. А.В.Кобелеў і А.М.Вярбіцкі), дом з хімерамі (1902—03, арх. Гарадзецкі). Пастаўлены помнікі кн. Уладзіміру (1853, скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі, П.К.Клот, арх. К.А.Тон), Багдану Хмяльніцкаму (1870—88, скульпт. М.В.Мікешын). Жыллёвае і грамадскае буд-ва 1-й пал. 20 ст. мела манум. характар: чыг. вакзал (1927—33, арх. Вярбіцкі), стадыён (1936—46, арх. М.І.Грачына), помнік Т.Р.Шаўчэнку (1938, скульпт. М.Г.Манізер, арх Я.А.Левінсон). У Вял.Айч. вайну К. моцна пашкоджаны. Паводле генплана 1945—47 створаны новы арх. ансамбль гал. вуліцы К. — Крашчацік (1947—54, арх А.В.Уласаў, А.У.Дабравольскі, Б.І.Прыймак і інш.). У 1950—60 інтэнсіўна забудоўваліся новыя жылыя масівы (Першамайскі, Русанаўка, Абалонь, Троешчына), пачата буд-ва метрапалітэна. Найб. значныя пабудовы 2-й пал. 20 ст.: мост Патона (1951, арх. Прыймак і інш), Палац спорту (1958—60, арх. Грачына, А.І.Завараў і інш.), гасцініца «Дняпро» (1964, арх. В.Дз.Елізараў, Н.Б.Чмуціна), Палац культуры «Украіна» (1970, арх. Я.А.Марынчанка, І.Г.Вайнер, П.Н.Жыліцкі), комплекс Укр. музея гісторыі Вял.Айч. вайны (1981, скульпт. Я.В.Вучэціч, В.З.Барадай, Ф.М.Сагаян, арх. Елізараў і інш.), помнікі Лесі Украінцы (1973), М.В.Гогалю (1982), АН Украіны. 18 ВНУ, у т. л.Кіеўскі нацыянальны універсітэт, 15 тэатраў, у т. л.Укр.т-р оперы і балета. Каля 30 музеяў: літ.-маст. Т.Р.Шаўчэнкі, гіст., укр.выяўл. мастацтва, рус. мастацтва, зах. і ўсх. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, гісторыі Кіева, археал.нар. дэкаратыўнага мастацтва, архіў-музей л-ры і мастацтва, гісторыі медыцыны і інш.Рэсп. стадыён.
З часоў Кіеўскай Русі К. быў адным з цэнтраў маст. культуры. У 10 ст. тут зарадзілася Кіеўская маст. школа (фрэскі і мазаікі Дзесяціннай царквы, Сафійскага сабора, мініяцюры Астрамірава евангелля, Ізборніка Святаслава і інш.). Пры лаўры існавала іканапісная майстэрня, настаўнікі і вучні якой у сярэдзіне 18 ст. стварылі «кужбушкі» — альбомы малюнкаў і гравюр высокага маст. ўзроўню. У 13—18 ст. мастакі К. працягвалі стараж. традыцыі (мініяцюры Кіеўскага псалтыра, 1397). У 1901 на базе рысавальнай школы М.І.Мурашкі створана маст. вучылішча.
Літ.:
Логвин Г.Н. Киев 2 изд. М., 1982;
Толочко П.П. Древний Киев. Киев, 1983;
Киев: Энцикл. справ. 2 изд. Киев 1985.
Уладзімірскі сабор у Кіеве. Арх. А.Берэці, І.Штром, П.Спаро. 1862—96.Плошча Незалежнасці ў Кіеве.Кіеў. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Т.Р.Шаўчэнкі.Дом з хімерамі ў Кіеве. Арх. У.Гарадзецкі. 1902—03.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА ДНЯПРО́ 1943,
наступальныя аперацыі сав. войск у жн.—снеж. 1943 з мэтай вызвалення Левабярэжнай Украіны, Данбаса і Кіева ў Вял.Айч. вайну. Мела на мэце таксама выхад да Крыма і Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, фарсіраванне яго і захоп плацдармаў на правым беразе.
Удзельнічалі франты: Цэнтр. (каманд.ген. арміі К.К.Ракасоўскі), Варонежскі (ген. арміі М.Ф.Ватуцін), Сцяпны (ген. арміі І.С.Конеў), Паўд.-Зах. (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) і Паўд. (ген.-палк., з 21 вер.ген. арміі Ф.І.Талбухін); з 20 кастр. адпаведна Бел., 1, 2, 3 і 4-ы Укр. франты. Адначасова Зах. фронт (ген. арміі В.Д.Сакалоўскі) і левае крыло Калінінскага фронту (ген. арміі А.І.Яроменка) павінны былі наступаць на Смаленскім напрамку, каб не даць магчымасці ворагу перакідваць войскі з гэтага ўчастка.
Гітлераўцы стварылі магутны стратэгічны рубеж абароны «Усходні вал» на лініі ад вусця Нарвы да Азоўскага мора, асабліва моцная абарона была на правым беразе Дняпра, у яго сярэднім цячэнні. Тут сав. войскам процістаялі войскі з групы армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Г.Клюге) і асн. сілы групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн). Бітва развівалася ў 2 этапы. На 1-м (жн.—вер. 1943) Чырв. Армія разграміла ням.-фаш. войскі на Левабярэжнай Украіне і ў Данбасе, выйшла да Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, захапіла шэраг плацдармаў на правым беразе ракі і сарвала планы ворага па арганізацыі абароны на гэтым рубяжы. На 2-м этапе (кастр.—снеж. 1943) сав. войскі разграмілі сілы гітлераўцаў у сярэднім і ніжнім цячэнні Дняпра, вызвалілі Кіеў, стварылі плацдармы стратэгічнага значэння і адбілі ўсе спробы ворага аднавіць абарону на Дняпры (гл. таксама Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943).
У ходзе аперацыі вызвалена 38 буйных нас. пунктаў, у т. л. гарады Беларусі Гомель, Ветка, Брагін, Добруш, Лоеў, Нароўля, Рэчыца, Хойнікі і інш. Значную дапамогу наступаючым сав. войскам аказалі партыз. атрады і злучэнні Украіны, Гомельскай і Палескай абл. Беларусі (гл.Рэйкавая вайна). Фарсіраванне Дняпра адначасова сіламі 4 франтоў з’явілася выключнай падзеяй у Вял.Айч. вайне і ўзбагаціла Чырв. Армію вопытам пераадолення буйных водных перашкод з ходу. Сав. войскі страцілі ў гэтай бітве каля 1,7 млн.чал. забітымі, параненымі, прапаўшымі без вестак (з іх забітымі 417 323 чал.). 2438 удзельнікам бітвы прысвоена званне Героя Сав. Саюза, з іх каля 700 чал. вызначыліся на тэр. Беларусі. Бітва стварыла ўмовы для поўнага вызвалення Правабярэжнай Украіны і Беларусі.