буйныя комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Азіі. Праводзяцца з 1951 раз у 4 гады (праз 2 гады пасля Алімпійскіх гульняў). Іх арганізацыю і правядзенне ажыццяўляе федэрацыя Азіяцкіх гульняў (засн. ў 1949), у якую ўваходзяць нац.алімп. к-ты азіяцкіх краін. У праграме Азіяцкіх гульняў абавязковыя віды спорту (лёгкая атлетыка, плаванне) і не менш як 8 інш. відаў, якія ўключаюцца Аргкамітэтам Азіяцкіх гульняў пры ўмове, што яны існуюць не меней, як у 6 краінах, 4 з якіх — удзельнікі чарговых гульняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВАЛАВА́ННЕ,
сістэма загараджальных земляных валоў і дамбаў уздоўж берагоў рэк, вадасховішчаў, марскіх узбярэжжаў і інш. Ахоўвае тэр. ад затаплення ў час разводдзя, паводкі, ветравых нагонаў вады, прыліваў. Робяць і для забеспячэння ўстойлівага земляробства на поймавых землях, пры буд-ве польдэраў. На Бел. Палессі маштабныя работы па абвалаванні праведзены ў пойме Прыпяці.
Абвалаванне зямель для аховы ад паводак: 1 — дамба, што затапляецца; 2 — дамба, што не затапляецца; УВП — узровень веснавой паводкі; УЛ-АП — узровень летне-асенняй паводкі; УМВ — узровень межанных водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БЕЛЬ ((Abel) Нільс Генрык) (5.8.1802, каля г. Ставангер, Нарвегія — 6.4.1829),
нарвежскі матэматык. Скончыў ун-т у Осла (1825), працаваў у ім і ў Інж. школе. Даказаў невырашальнасць у радыкалах агульных алг. ураўненняў вышэй за 4-ю ступень (1824). Адначасова з К.Якобі заклаў асновы тэорыі эліптычных функцый; даследаваў інтэгралы ад алг. функцый (абелевы інтэгралы). Аўтар даследавання па тэорыі лікаў і радоў. Працы пры жыцці не атрымалі прызнання.
Літ.:
Оре О. Замечательный математик Н.Х.Абель: Пер. с англ.М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБТУРА́ТАР (франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),
1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.
2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
тэхнічная сістэма, якая часткова або поўнасцю выконвае функцыі выкладчыка ў працэсе праграмаванага навучання. Выдае порцыі матэрыялу, кантрольныя заданні ў паслядоўнасці, адпаведнай абучальнай праграме, у тэмпе, зручным для навучэнца; вызначае правільнасць выканання кантрольных заданняў, характар памылак, далейшую паслядоўнасць праходжання курса. Мадэлявальныя абучальныя машыны (трэнажоры) прызначаны для набыцця практычных навыкаў і трэніроўкі, калі ва ўмовах рэчаіснасці гэта звязана з вял. цяжкасцямі, эканамічна немэтазгодна або немагчыма, напр.пры навучанні касманаўтаў, вадзіцеляў трансп. сродкаў, аператараў складаных машын і агрэгатаў. Як абучальная машына можа выкарыстоўвацца ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГАДЫСМЕНАРЭ́Я (ад грэч. algos боль + дысменарэя),
альгаменарэя, менструацыя з болямі ў нізе жывата, галавы, ірвотай, слабасцю, стратай прытомнасці, сэрцабіццем, паніжэннем або стратай працаздольнасці. Назіраецца ў 10—20% жанчын. Першасная альгадысменарэя абумоўлена эндакрыннымі парушэннямі, захворваннямі цэнтр. звёнаў рэгуляцыі менструальнага цыкла (гіпофіза, гіпаталамуса), паталогіяй палавой спеласці. Пры балючых менструацыях у жанчын часта назіраецца адставанне не толькі ў палавым, але і ў фіз. развіцці. Выяўляюцца гарманальныя і абменныя парушэнні, паталогія працэсаў простагландзінагенезу. Другасная альгадысменарэя развіваецца пасля перанесеных захворванняў палавых органаў і агульнасаматычных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧ (Мікалай Міхайлавіч) (н. 2.5.1935, в. Варонічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. фізік. Чл.-кар.АН Беларусі (1989), д-р фізіка-матэм. н. (1987), праф. (1991). Скончыў БДУ (1957). З 1968 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1994 яго дырэктар. Навук. працы па хім. сувязі ў цвёрдых целах, рэнтгенаўскім аналізе рэальных крышталёў, фазавых пераходах пры высокіх цісках і т-рах, высокатэмпературнай звышправоднасці.
Тв.:
Интегральные характеристики дифракции рентгеновских лучей в монокристаллах с хаотическим распределением дислокаций // Металлофизика. 1986. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІДАСТО́МЫ (Amidostomum),
род нематодаў. Больш за 10 відаў. Паразітуюць у падслізістай абалонцы страўніка гусей, радзей качак, куранят і галубоў. Выклікаюць амідастамоз. Найб. пашырана Amidostoma anseris.
Даўж. самцоў да 14,5 мм, шыр. да 0,26 мм, самак адпаведна 20,3 і 0,39 мм. Яйцы выдзяляюцца ў вонкавае асяроддзе. Развіццё без прамежкавага гаспадара. Інвазійная лічынка пасля двухразовай лінькі пры т-ры паветра 16—26 °C праз 3—5 сутак выходзіць з яйца. У страўнік гаспадара трапляе з травой ці вадой, праз 17—22 сут дасягае палавой спеласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФАТЭ́РНАСЦЬ (ад грэч. amphoteros і той і гэты),
здольнасць некаторых хім. злучэнняў праяўляць у залежнасці ад умоў кіслотныя або асн. ўласцівасці. Уласцівая вадзе, аксідам і гідраксідам алюмінію, цынку, хрому і інш., некаторым амінам, амінакіслотам, іанітам.
Пры дысацыяцыі ў водных растворах амфатэрныя злучэнні (амфаліты) утвараюць H+ і OH− іоны (напр., Cr3++3OH− ⇄ Cr(OH)3 ⇄ H++CrO−2+H2O). Перавага тыпу ўласцівасцяў амфатэрных гідраксідаў залежыць ад месца элемента ў перыяд. сістэме. Амфатэрнасць злучэнняў карыстаюцца ў хім. аналізе для раздзялення элементаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Васіль Васілевіч) (3.1.1861, г. Бежацк Цвярской вобл. — 26.12.1918),
рускі музыкант, балалаечнік-віртуоз. У 1838 1888 заснаваў у Пецярбургу першы аркестр рус.нар. інструментаў (з 1923 імя Андрэева), канцэртаваў з ім па Расіі, краінах Зах. Еўропы, ЗША. Пры яго ўдзеле ўдасканалена нар. балалайка, створаны яе аркестравыя разнавіднасці; арганізаваны многія аркестры рус.нар. інструментаў. Зацвердзіў балалайку як канцэртны інструмент. Аўтар каля 40 п’ес для балалайкі і аркестра, школы ігры на балалайцы (1894).