ВАЛЮ́ТНАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ,

умяшанне цэнтральнага (нац.) банка ў аперацыі на валютным рынку з мэтай уздзеяння на курс нац. валюты праз куплю-продаж замежнай валюты; састаўная частка валютнай палітыкі. Для павышэння курсу нац. валюты цэнтр. (нац.) банк прадае замежную валюту, а для зніжэння — купляе яе ў абмен на нацыянальную. У буйных маштабах валютная інтэрвенцыя ажыццяўляецца за кошт валютных рэзерваў ці кароткатэрміновых узаемных крэдытаў цэнтр. банкаў некалькіх краін у нац. валютах па міжбанкаўскіх пагадненнях «своп».

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́НТАВЫ МОСТ,

мост, асноўнымі канструкцыйнымі элементамі якога з’яўляюцца ванты — гнуткія расцягнутыя стрыжні (стальныя тросы, канаты, круглы пракат). Вантавы мост звычайна мае пілон (апору), ванты, бэльку жорсткасці і праезную частку. Ванты робяць пераважна з высокатрывалай сталі, бэлькі жорсткасці і пілоны — са сталі і жалезабетону. Пралёт вантавага моста больш за 300 м (у Індыі пабудаваны вантавы мост з пралётам 457 м).

Схема вантавага моста: 1 — анкерная апора; 2 — пілон; 3 — ванты; 4 — бэлька жорсткасці.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 10.1.1942, в. Люшнева Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, балетмайстар. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Нар. арт. Беларусі (1987). Працаваў у розных творчых калектывах. З 1967 кіраўнік Брэсцкага нар. ансамбля танца «Радасць». Ажыццявіў шэраг харэаграфічных пастановак з выкарыстаннем бел. танц. фальклору («Палескае вяселле», «Радасць працы», «Свята на Палессі», «Дажынкі», «Валёнкі», «Сувенір» і інш.), падрыхтаваў больш за 20 канцэртных праграм. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.

П.​А.​Жмайлік.

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РБАЛА,

гарадзішча 12—14 ст. у Эстоніі, у Рапласкім р-не, за 60 км на Пд ад Таліна. Пл. каля 2 га, умацавана валам выш. да 10 м. Даследавана ў 1938—41 і 1953.

У 1212 Варбала было абложана наўгародцамі і пскавічамі і прымушана плаціць даніну. У пач. 13 ст. апорны пункт эстаў у барацьбе з ням. і дацкімі захопнікамі. Разбурана, верагодна, у сярэдзіне 14 ст. пасля паўстання Юр’евай ночы 1343—45.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫ́НСКІ ((Warýnski) Людвік Тадэвуш) (24.9.1856, в. Мартынаўка Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 13.2.1889),

дзеяч польск. і рас. рэв. руху. За ўдзел у выступленнях студэнтаў выключаны з Пецярбургскага тэхнал. ін-та (ліст. 1875). З восені 1876 вёў рэв. прапаганду ў Варшаве. Адзін з аўтараў першага праграмнага дакумента польск. сацыяліст. руху «Брусельская праграма» (1878). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў польск. партыі «Пралетарыят» (1882). У 1883 арыштаваны, засуджаны на 16 гадоў катаргі. Памёр у Шлісельбургскай крэпасці.

т. 4, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БІ-ШЭБЕ́ЛІ, Уабі-Шэбэле ў Эфіопіі, Уэбі-Шабеле ў Самалі, рака ва Усх. Афрыцы. Даўж. 2490 км, пл. бас. 200 тыс. км². Пачынаецца на паўн.-зах. ускраіне плато Самалі, перасякае яго; каля г. Магадыша паварочвае на ПдЗ і цячэ паралельна берагу Індыйскага ак.; за 40 км ад узбярэжжа губляецца ў балотах. Сярэдні расход вады каля 320 м³/с. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Вебі-Шэбелі гарады Беледуэйне, Булабардэ, Джоўхар. Парты Магадыша і Марка (Самалі).

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДРЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка (працякае праз возера), за 36 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,22 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,5 м, даўж. берагавой лініі 2,25 км. Пл. вадазбору 432 км².

Схілы катлавіны выш. 2—3 м, пад лесам, на Пн і ПдЗ разараныя. Берагі сплавінныя, пад хмызняком. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Вада празрыстая амаль да дна. Зарастае.

т. 4, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЛЕ,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вельніца (выцякае з возера), за 7 км на З ад г.п. Расоны. Пл. 0,55 км², даўж. 0,93 км, найб. шыр. 840 м, найб. глыб. 4,6 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 1,7 км².

Схілы катлавіны нізкія, на Пд выш. да 3 м, разараныя, месцамі пад лесам. Берагі на Пн і У нізкія, пясчаныя, на Пд і З затарфаваныя, парослыя хмызняком.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЕРН (Vänern),

возера на Пд Швецыі. Размешчана на выш. 44 м. Пл. 5,5 тыс. км². Даўж. каля 140 км, шыр. да 80 км, глыб. да 100 м. Шмат астравоў. Берагі пераважна нізкія, моцна расчлянёныя. У Венерн упадае больш за 30 рэк (найб. Кларэльвен). Выцякае р. Гёта-Эльв (сцёк у праліў Катэгат). Замярзае са снеж.студз. да канца красавіка, Венерн — частка ўнутр. суднаходнага воднага шляху Стакгольм—Гётэбарг. На Венерне гарады Карлстад, Марыестад, Венерсбарг.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫ ЖЫД, Агасфер,

персанаж сярэдневяковай зах.-еўрап. легенды, паводле якой Агасфер не дазволіў адпачыць Ісусу Хрысту ў час яго пакутніцкага шляху на Галгофу (паводле інш. версій, біў яго) і загадаў ісці далей. За гэта ён асуджаны на безупыннае жыццё-блуканне, чакаючы другога прышэсця Хрыста, які адзін можа даць спакой магілы. Да легенды пра вечнага жыда звярталіся ў л-ры Х.​К.​Андэрсен, І.​В.​Гётэ, Э.​Сю, П.​Б.​Шэлі, В.​А.​Жукоўскі і інш.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)