Гэта адзін з асноўных паказчыкаў якаснага развіцця насельніцтва. У 1897 на Беларусі 63% насельніцтва было непісьменным. Карэнны пералом у культурным развіцці і адукацыі бел. народа пачаўся ў 1920-я г., калі савецкая ўлада паставіла гал. задачай ліквідацыю непісьменнасці. У 1920 у БССР ва ўзроставай групе насельніцтва 9—49 гадоў 52,6% былі непісьменныя, у 1939 гэты паказчык складаў 19,2%, а ў 1970—0,8%. Паводле перапісаў насельніцтва 1989 і 1999 паказчык непісьменнасці стабільна трымаецца на ўзроўні 0,2% (пераважна асобы, якія не мелі магчымасці наведваць школу з-за фізічных недахопаў ці хранічных хвароб). Апошнія перапісы насельніцтва дазваляюць лічыць Беларусь краінай усеагульнай пісьменнасці. Высокі паказчык пісьменнасці — вынік мэтанакіраванай палітыкі ў краіне ў перадваенныя і пасляваенныя гады.
Важны паказчык росту адукацыйнага і культурнага ўзроўню — пастаяннае павелічэнне колькасці асоб, якія маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Да 1970 вялікая ўвага ў краіне надавалася ахопу моладзі 7-гадовай і 8-гадовай адукацыяй, што садзейнічала росту долі насельніцтва з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй (гл.табл. 20, рыс. 3). У 1973 прыняты закон, які прадугледжваў пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі.
Найбольш высокі ўзровень адукацыі адзначаны ў моладзі ва ўзросце 20—29 гадоў. Хутчэй расце доля насельніцтва, якая мае сярэднепрафесійную і сярэднюю адукацыю. Паводле перапісаў 1989 і 1999 доля насельніцтва краіны ў 15-гадовым і старэйшым узросце, якое мела вышэйшую, сярэднюю і базавую адукацыю, павялічылася з 77% да 85%; у т. л. доля асоб з вышэйшай адукацыяй вырасла з 11% да 14%, сярэдняй — з 49,5% да 57,7%, у т. л. з сярэднепрафесійнай — з 17% да 22%.
Узровень адукацыі насельніцтва, занятага ў эканоміцы, значна вышэйшы, чым у насельніцтва узроставай групы 15 гадоў і старэй (гл.табл. 21). Паводле перапісу 1999 сярод занятых закончаную вышэйшую, сярэднюю і базавую адукацыю маюць 98% супраць 90% у 1989.
Звесткі першых пасляваенных перапісаў паказвалі істотныя адрозненні ў адукацыі мужчын і жанчын, гарадскога і сельскага насельніцтва. Адзначанае адставанне ўзроўню адукацыі жанчын да 1989 амаль знікла, а сярод занятага насельніцтва ўзровень адукацыі жанчын нават перавысіў узровень адукацыі мужчын. Паводле перапісу 1999 у цэлым па насельніцтве (у групе 15 гадоў і старэй) узровень адукацыі мужчын некалькі вышэйшы, чым жанчын. Так, у разліку на 1000 мужчын адзначанай групы прыпадае 141 асоба з вышэйшай адукацыяй, сярод жанчын у гэтым узросце на 1000—139 асоб. Розніца ў асноўным узнікае за кошт асоб, старэйшых за 50 гадоў. Сярод асоб больш маладых узростаў узровень адукацыі вышэйшы ў жанчын.
Узровень адукацыі насельніцтва ў гарадской і сельскай мясцовасці неаднолькавы. Доля асоб з вышэйшай адукацыяй сярод гарадскога насельніцтва вышэйшая, чым сярод сельскага. У цэлым узровень адукацыі насельніцтва сельскай мясцовасці павялічваецца ад перапісу да перапісу больш хутка, чым у гарадах. У 1989 сярод сельскіх жыхароў ва ўзросце 15 гадоў і старэй доля асоб з закончанай вышэйшай, сярэдняй і базавай адукацыяй складала 56%, у 1999—68% (рост 12%). Сярод гарадскіх жыхароў гэты паказчык павялічыўся з 89% да 93% (рост 4%). У выніку доля асоб з вышэйшай і сярэдняй (поўнай і няпоўнай) адукацыяй у сельскай і гарадской мясцовасці паступова выраўноўваецца, але доля асоб з вышэйшай адукацыяй (паводле перапісу 1999) у сельскай мясцовасці застаецца больш нізкай. На 1000 чал. насельніцтва ва ўзросце 15 гадоў і старэй у гарадах маюць вышэйшую адукацыю 176 чал., у сельскай мясцовасці — 61. Значнае адставанне назіраецца не толькі сярод асоб старэйшых узростаў, але і сярод працаздольных. На 1000 мужчын пенсіённага ўзросту ў гарадах прыпадае 146 асоб з вышэйшай адукацыяй, у сельскай мясцовасці — 28. На павелічэнне ўзроўню адукацыі сельскага насельніцтва ў ліку іншых фактараў паўплывала скарачэнне аб’ёмаў міграцыі моладзі з вёскі ў горад і прыток у вёску імігрантаў з іншых краін СНД.
У цэлым па краіне ў працаздольным узросце ў 1999 з 1000 мужчын 151 мужчына і з 1000 жанчын 177 жанчын мелі вышэйшую адукацыю. У групе, старэйшай за працаздольны ўзрост, той жа паказчык адпаведна складае 119 і 75; у 70-гадовым і старэйшым узросце — 97 і 41. Сярод занятага насельніцтва з 1000 жанчын мелі вышэйшую адукацыю 215, з 1000 мужчын — 182. Найб. высокім узроўнем адукацыі вызначаюцца буйныя гарады краіны, а таксама яе паўн.-ўсх. раёны.
Крызісныя з’явы ў эканоміцы краіны неадназначна паўплывалі на дынаміку ўзроўню адукацыі. Парушаная залежнасць матэрыяльнага дабрабыту ад узроўню адукацыі прывяла да таго, што ў пач. 1990-х г. каштоўнасць адукацыі ў іерархіі каштоўнасцей моладзі некалькі адышла на задні план і саступіла месца матэрыяльным каштоўнасцям. Але з сярэдзіны 1990-х г. зноў акрэслілася тэндэнцыя росту каштоўнасці вышэйшай і сярэдняй прафес. адукацыі сярод моладзі. У цэлым даступнасць такога ўзроўню адукацыі для насельніцтва рэспублікі ў 1990-я г. павялічылася.
Табліца 20 Рост узроўню адукацыі насельніцтва Беларусі
Паказчыкі ўзроўню адукацыі
Даты перапісаў насельніцтва
1959
1970
1979
1989
1999
Усё насельніцтва ў 15-гадовым і старэйшым узросце, тыс.чал.
5632
6396
7324
7815
8085
Маюць вышэйшую і сярэднюю (поўную і няпоўную) адукацыю
1863
3225
4773
6023
6892
у т. л. вышэйшую
96
261
512
843
1134
сярэднюю
637
1386
2612
3865
4663
няпоўную сярэднюю
1130
1578
1649
1315
1095
На 1000 чал. у 15-гадовым і старэйшым узросце маюць вышэйшую і сярэднюю (поўную і няпоўную) адукацыю
331
505
652
770
852
у т. л. вышэйшую
17
41
70
108
140
сярэднюю
113
217
357
495
577
няпоўную сярэднюю
200
247
225
168
135
Табліца 21 Размеркаванне насельніцтва паводле ўзроўню адукацыі, 1999
Узровень адукацыі
Колькасць насельніцтва, тыс.чал.
На 1000 чал. насельніцтва
усяго ў 15-гадовым і старэйшым узросце
занятага ў эканоміцы
усяго ў 15-гадовым і старэйшым узросце
занятага ў эканоміцы
Усяго асоб з закончанай адукацыяй
7995
4446
989
999
у т. л. вышэйшай прафесійнай
1134
881
140
198
сярэдняй прафесійнай
1804
1329
223
299
пачатковай прафесійнай
745
571
92
128
сярэдняй агульнай
2116
1314
262
295
базавай агульнай
1093
274
135
62
пачатковай агульнай
1103
77
137
17
Рост узроўню адукацыі насельніцтва Беларусі (на 1000 чал. у 15-гадовым і старэйшым узросце).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТРА́Ж (франц. vitrage ад лац. vitrum шкло),
арнаментальная або сюжэтная дэкар. кампазіцыя са шкла ці інш. матэрыялаў, якія прапускаюць святло (у акне, дзвярах, у выглядзе самаст. пано).
Вядомы з 2-га тыс.дан.э. ў Стараж. Егіпце. З 1 ст.дан.э. ў Стараж. Рыме. У 10—12 ст. у раманскіх храмах Францыі (сабор Нотр-Дам у Шартры, да 1260) і Германіі з’явіліся сюжэтныя вітражы з кавалачкаў каляровага (чырвонага і сіняга) шкла, выразаных па контуры выяў і змацаваных свінцовымі палоскамі. Былі пашыраны кампазіцыі, дзе выявы святых займалі амаль увесь аконны праём, і кампазіцыі ў форме медальёнаў (уся плошча акна запаўнялася закампанаванымі невял. дэталямі). У 12—14 ст. узбагаціўся колеравы набор шкла, разам з рэліг. сцэнамі ствараліся бытавыя. У 14—15 ст. мастацтва вітража актыўна развівалася ў Англіі (Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане), Італіі (сабор у Мілане), Польшчы, Швейцарыі. Паступова ў вітражы ўсё большую ролю адыгрывала размалёўка, ён траціў спецыфічную плоскаснасць, формы драбнелі. У эпоху Адраджэння вітражом называлі і жывапіс па шкле. У 16 ст. для аздаблення інтэр’ераў выкарыстоўвалі аднатонныя вітражы са свецкімі сюжэтамі. У эпоху барока і класіцызму вітраж амаль знікае. З 2-й пал. 19 ст. цікавасць да вітража павышаецца. Імкненне да падкрэсленай эмацыянальнай выразнасці інтэр’ера спарадзіла вітраж мадэрну. Мастакі 20 ст. ўключаюць свае кампазіцыі ў адзіную сістэму дэкору інтэр’ера, надаючы ім ролю асн. кампанента маст. выразнасці. З 1950-х г. развіваюцца вітражы-перагародкі, вітражы-пано. Вітраж складаюць з кавалачкаў каляровага і бясколернага шкла, з маналітнага шкла з размалёўкай запечанымі фарбамі, трохслаёвыя з арган. шкла, з тоўстага колатага шкла і каляровых люстэркаў, якія манціруюць на цэменце або жалезабетоне, арміруюць свінцовай, стальной або пластмасавай стужкай. Дэкар. апрацоўку шкла для вітража робяць пескаструменным спосабам, каляровым траўленнем, адліўкай і прасаваннем, што дае магчымасць больш поўна выяўляць магчымасці шкла (празрыстасць, шурпатасць, зіхатлівасць). Тэматыка вітража часта адпавядае прызначэнню будынка.
На Беларусі вітражы вядомы з 15—16 ст. (у капліцах фарнага касцёла ў Навагрудку, касцёле бернардзінцаў у Гродне). Вітражы пашыраны і ў сучасным манум.-дэкар. мастацтве: паяны вітраж у інтэр’еры касцёла Сымона і Алены (1974, Г.Вашчанка), Доме літаратара (1976, У.Стальмашонак), у адм. будынку ВА «Гарызонт» (1982, Н.Шчасная), кінатэатры «Масква» (1980, Г. і М.Вашчанкі); з выкарыстаннем размалёўкі эпаксіднымі смоламі — у Т-ры юнага гледача (1978, У.Ткачоў, В.Нямцоў), з алюмініевай працяжкай у Рус.драм. т-ры (1976), на паштамце (1980; абодва В.Позняк; усе ў Мінску). У камбінаванай тэхніцы (ліццё, размалёўка, паяны з алюмініевай працяжкай) выкананы вітражы ў кінатэатры «Радзіма» ў г. Маладзечна (1982, В.Ціханаў, В.Барабанцаў), вітраж «Прырода» ў Ін-це батанікі АН Беларусі (1984, Барабанцаў), у Палацы піянераў у Брэсце (1989) і санаторыі «Радон» у в. Дзятлава Гродзенскай вобл. (1993, абодва Позняк і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Вітраж «Прырода» ў Інстытуце батанікі АН Беларусі. Мастак В.Барабанцаў. 1984.Вітраж Міланскага сабора.Вітраж сабора Нотр-Дам у Шартры (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕ́ТРЫЯ (ад геа... + ...метрыя),
раздзел матэматыкі, які вывучае прасторавыя дачыненні і формы цел, а таксама інш. дачыненні і формы, падобныя да прасторавых паводле сваёй структуры. Узнікла з практычных патрэб чалавека для вызначэння адлегласці, вуглоў, плошчаў, аб’ёмаў і інш. Без геаметрыі немагчыма развіццё астраноміі, геадэзіі, картаграфіі, крышталяграфіі, адноснасці тэорыі і ўсіх графічных метадаў. Геам. тэорыі выкарыстоўваюцца ў механіцы і фізіцы: магчымыя канфігурацыі (узаемнае размяшчэнне элементаў) мех. сістэмы ўтвараюць «канфігурацыйную прастору» (рух сістэмы адлюстроўваецца рухам пункта ў гэтай прасторы); сукупнасць станаў фіз. сістэмы разглядаецца як «фазавая прастора» сістэмы і інш.
Асн. паняцці геаметрыі (лінія, паверхня, пункт, цела геаметрычнае) узніклі ў выніку абстрагавання ад інш. уласцівасцей цел (напр., масы, колеру). Параўнанне цел абумовіла ўзнікненне паняццяў даўжыні, плошчы, аб’ёму, меры вугла. Самыя простыя геам. звесткі і паняцці былі вядомы ў стараж. Егіпце, Вавілоне, Кітаі, Індыі; геам. палажэнні фармуляваліся ў выглядзе правіл з элементарнымі доказамі або без доказаў. Самастойнай навукай геаметрыя стала ў Стараж. Грэцыі (5 ст.дан.э.); геаметрыя ў аб’ёме, які прыкладна адпавядае сучаснаму курсу элементарнай геаметрыі, выкладзена ў «Пачатках» Эўкліда (3 ст.дан.э.). Развіццё астраноміі і геадэзіі прывяло да стварэння плоскай (гл.Трыганаметрыя) і сферычнай трыганаметрыі (1—2 ст.дан.э.). Інтэнсіўнае развіццё геаметрыі пачынаецца з 17 ст.: Р.Дэкарт прапанаваў метад каардынат; І.Ньютан і Г.Лейбніц стварылі дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнне, што дало магчымасць вывучаць геам. аб’екты метадамі алгебры і аналізу бясконца малых (гл.Алгебраічная геаметрыя, Аналітычная геаметрыя, Дыферэнцыяльная геаметрыя); Ж.Дэзарг і Б.Паскаль заклалі асновы праектыўнай геаметрыі. У працах Г.Монжа (18 ст.) сучасны выгляд набыла нарысоўная геаметрыя. У 1826 М.А.Лабачэўскі пабудаваў геаметрыю на аснове сістэмы аксіём, якія адрозніваюцца ад эўклідавай толькі аксіёмай аб паралельных прамых (гл.Лабачэўскага геаметрыя). Стала магчымым будаванне разнастайных прастораў з рознымі геаметрыямі (гл., напр., Неэўклідавы геаметрыі), сістэматызацыя якіх магчыма з дапамогай груп тэорыі. Пасля гэтага павялічылася роля і пашырылася выкарыстанне аксіяматычнага метаду. У 1872 Ф.Клейн сфармуляваў новае тлумачэнне геаметрыі як навукі аб уласцівасцях, інварыянтных адносна зададзенай групы пераўтварэнняў. Паралельна развіваўся логікавы аналіз асноў геаметрыі, высвятляліся пытанні несупярэчлівасці, мінімальнасці і паўнаты сістэмы аксіём. Вынікі гэтых работ падвёў Д.Гільберт у кн. «Асновы геаметрыі» (1899). У працах сав. матэматыкаў П.С.Аляксандрава, Л.С.Пантрагіна, П.С.Урысона развіваліся асн. кірункі тапалогіі. Кірунак «Геаметрыя ў цэлым» заснавалі сав. матэматыкі А.Д.Аляксандраў, М.У.Яфімаў, А.Б.Пагарэлаў.
На Беларусі станаўленне геаметрыі пачалося ў 1930-я г. Атрыманы важныя вынікі ў праблеме ўкладання рыманавых прастораў у эўтслідавы і рыманавы прасторы (Ц.Л.Бурстын); метадамі вонкавых форм даследаваны лініі і паверхні Картана ў неэўклідавых прасторах (Л.К.Тутаеў); адкрыты клас аднародных прастораў і распрацавана іх тэорыя (В.І.Вядзернікаў, А.С.Фядзенка, Б.П.Камракоў).
Літ.:
Александров А.Д., Нецветаев Н.Ю. Геометрия. М., 1990;
Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 1. Мн., 1984;
Дифференциальная геометрия. Мн., 1982;
Феденко А.С. Пространства с симметриями. Мн., 1977.
песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.
Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).
Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд.Мн., 1975;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.Ліс, Г.Таўлай. Мн., 1985.
Літ.:
Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭРНІ́ЗМ (франц. modernisme ад лац. modernus новы, сучасны),
агульная ўмоўная назва нерэаліст., авангардысцкіх літ., арх. і маст. кірункаў, творчасці асобных майстроў 20 ст. Да М. адносяць абстрактнае мастацтва, дадаізм, канструктывізм, кубізм, сімвалізм, сюррэалізм, ташызм, фавізм, футурызм, экспрэсіянізм, псіхалагічную школу, школу «плыні свядомасці» і інш. Проціпастаўляецца акадэмізму і рэалізму. Прадстаўнікі М. адмаўлялі класічныя традыц. формы мастацтва, лічылі фармальны эксперымент асновай свайго творчага метаду, прапагандавалі суб’ектывізм, разбурэнне міметычнай вобразнасці і логікі формы, міфа- і фарматворчасць, зварот да падсвядомасці, тэндэнцыі абсурдызму, каштоўнасць выпадковасці. Мэтай творчасці стала стварэнне прынцыпова арыгінальных твораў, якія нясуць унутр. свабоду і навізну сродкаў выяўл. мовы, з’яўляюцца ўвасабленнем асаблівага бачання і разумення свету аўтарам. У 1960-я г. як проціпастаўленне М. ўзнік постмадэрнізм. У літаратуры М. вызначаецца ўпэўненасцю ў глыбокім, непераадольным разыходжанні духоўнага вопыту чалавека і асн. тэндэнцый развіцця грамадства, адчуваннем адзіноты, адчужанасці чалавека, абсурднасці яго існавання ў свеце, стратай ідэалаў (творчасць С.Бекета, В.Вулф, Г.Гесэ, Дж.Джойса, Э.Іанеска, А.Камю, Ф.Кафкі, Д.Г.Лорэнса, М.Пруста, Ж.П.Сартра, Т.С.Эліята і інш.). У выяўленчым мастацтве выявіўся праз фармальна-пластычныя, кампазіцыйныя і каларыстычныя пошукі новых форм выразу, спробы адлюстравання падсвядомасці чалавека ў маст. творчасці (С.Далі, О.Дзікс, Р.Дэланэ, В.Кандзінскі, Дж. Дэ Кірыка, Ф.Купка, М.Ларыёнаў, А.Матыс, П.Пікасо, Дж.Полак і інш.). У некат. кірунках архітэктуры (канструктывізм, тэхн. эстэтызм) атаясамліваў эстэт. каштоўнасць з сац. функцыянальнасцю. У музыцы на пач. 20 ст. тэрмін «М.» абазначаў позні муз. рамантызм (М.Рэгер, Г.Малер, Р.Штраус) і імпрэсіянізм з тыповай для іх дэструкцыяй танальнай гармоніі, класічных форм, традыц. метрыкі і рытму, тэматызму і інш. Гэта выяўлялася ў форме прадаўжэння рамант. традыцый адначасова з выпрацоўкай уласнай стылявой сістэмы. Пазней стаў сінонімам паняццяў «новая музыка» (тэрмін П.Бекера, 1919) і муз. авангардызм, якія прадугледжвалі прынцыповае адмаўленне традыцый. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» вызначае паслядоўнасць навацый авангарду. У канцы 1970-х г. характэрная для М. паскораная змена фармальных метадаў і прыёмаў кампазіцыі прывяла да плыняў т.зв. «новай прастаты», якія парадаксальным чынам імкнуцца да аднаўлення рамантызму. Музыка ў эстэтыцы М. ацэньваецца як бы з пазіцыі будучага развіцця. Нягледзячы на тое, што М. ігнаруе традыц. каштоўнасці, буйныя кампазітары, якія знаходзяцца пад яго ўплывам, ствараюць значныя муз. творы, дзе адлюстроўваюць складанасць і супярэчлівасць чалавечай свядомасці ва ўмовах сучаснай рэчаіснасці.
На Беларусі ў л-ры М. выявіўся ў адлюстраванні нац. адраджэнскіх ідэй, паўплываў на творчасць Я.Купалы, Ядвігіна Ш., В.Ластоўскага, А.Луцкевіча, Ф.Аляхновіча і інш. У архітэктуры да М. адносяцца пабудовы канструктывістаў (комплекс БДУ, 1928—31, арх. І.Запарожац, Г.Лаўроў, часткова перабудаваны; Нац.б-ка Беларусі, 1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.Весніна, і інш.), у выяўл. мастацтве — творчасць М.Шагала, К.Малевіча і аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва».
Літ.:
Модернизм: Анализ и критика осн. направлений. 4 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СЯЦ,
адзіны натуральны спадарожнік Зямлі, астр. знак . Другое па яркасці пасля Сонца свяціла (поўны М. свеціць у 465 тыс. разоў слабей за Сонца). Дыяметр 3476 км, маса 7,35∙1022кг (у 81 раз меншая за зямную); сярэдняя шчыльнасць 3343 кг/м³ (0,607 сярэдняй шчыльнасці Зямлі). Арбіта з эксцэнтрысітэтам 0,045 нахілена пад вуглом 5°9′да экліптыкі. Сярэдняя адлегласць ад Зямлі 384,4 тыс.км. Перыяды абарачэння М. вакол сваёй восі і вакол Зямлі (сідэрычны месяц — 27,3217 сут) супадаюць, таму М. павернуты да Зямлі адным бокам. Але ў выніку лібрацыі Месяца з Зямлі назіраецца каля 60% яго паверхні. Адваротны бок М. ўпершыню сфатаграфаваны ў 1959 сав.аўтам. станцыяй «Месяц-3». Змена фаз Месяца, якія вызначаюцца ўзаемным становішчам М., Зямлі і Сонца, адбываецца з перыядам у 29,5306 сут (сінадычны месяц). Сіла цяжару на М. ў 6 разоў меншая, чым на Зямлі.
Паверхня М. падзяляецца на «моры» і «мацерыкі». Светлыя ўчасткі паверхні наз. «мацерыкамі», займаюць 60% плошчы. Гэта няроўныя, гарыстыя раёны з вял. канцэнтрацыяй кратэраў розных памераў (у большасці метэарытнага паходжання, ёсць і вулканічныя). 40% паверхні — «моры»: упадзіны, запоўненыя цёмнай лавай і пылам; напластаванні асобных лававых патокаў утвараюць валы і грады, у многіх месцах праяўляюцца разломы і расколіны. «Мацерыкі» перасечаны горнымі хрыбтамі, размешчанымі ўздоўж узбярэжжа «мораў». Найб. вышыня месяцавых гор дасягае 9 км. Паверхневы слой М. складаецца з раздробленых парод — рэгаліту (таўшчынёй да дзесяткаў метраў). Месяцавы грунт шэра-бурага колеру, адбівальная здольнасць 5—20%, складаецца з часцінак сярэдняга памеру 0,08—0,10 мм Аналіз месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, паказаў, што яны не падвяргаліся ўздзеянню вады. Атмасфера М. вельмі разрэджаная: канцэнтрацыя атамаў і малекул прыблізна ў 109 разоў меншая, чым у зямной атмасферы на ўзроўні мора. Яна фарміруецца ў выніку ўздзеяння на месяцавы грунт светлавых і цеплавых фатонаў сонечнага выпрамянення. Асн. газы ў атмасферы — неон, вадарод, гелій, аргон. Сутачныя перапады т-р ад 101 °Cда -153 °C. Ва ўзорах месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, адсутнічаюць якія-н. мікраарганізмы ці сляды іх жыццядзейнасці. Відаць, стэрылізаваны радыяцыяй і вял. перападамі т-р паверхневы грунт пазбаўлены жыцця. Існуюць розныя гіпотэзы паходжання М., канчаткова гэта праблема не вырашана. М. даследуецца аптычнымі і радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. З 1959 (першая сав.аўтам. станцыя «Месяц-1») пачаліся даследаванні М. сав.аўтам. станцыямі серыі «Зонд», «Месяц», амер.аўтам. станцыямі і пілатуемымі караблямі серый «Сервеер», «Лунар Орбітэр», «Апалон», «Лунар Праспектар». Першы чалавек ступіў на паверхню М. 21.7.1969 (Н.Армстранг).
Літ.:
Фрондел Д.У. Минералогия Луны: Пер. с англ.М., 1978;
Черкасов И.И., Шварев В.В. Грунтоведение Луны. М., 1979;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Маров В.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд Месяца.Даарт.Месяц. Кратэр Капернік («Апалон-17», 1972, ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКАСО́, Пікаса [Picasso; сапр.Руіс-і-Пікаса (Ruiz y Picasso)] Пабла (25.10.1881, г. Малага, Іспанія — 8.4.1973), французскі мастак іспанскага паходжання; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў авангардызму, заснавальнік (з Ж.Бракам) кубізму. Вучыўся ў школе прыгожых мастацтваў у Барселоне (з 1895) у свайго бацькі Х.Руіса Бласка, акадэміі Сан-Фернанда ў Мадрыдзе (зіма 1897—98). З 1904 жыў у Францыі, пераважна ў Парыжы. Раннія жывапісныя творы [т.зв. «блакітны» (1901—04) і «ружовы» (1905—06) перыяды; назвы ад тонаў, якія дамінавалі ў каларыстычнай гаме] прысвечаны тэме трагічнай адзіноты, абяздоленасці і духоўнага ўбоства ніжэйшых слаёў грамадства, рамант. жыццю вандроўных камедыянтаў: «Стары жабрак з хлопчыкам», «Прасавальшчыца», «Бедная трапеза», «Дзяўчынка на шары», «Сям’я камедыянтаў з малпай» і інш. У той жа час працаваў пад уплывам П.Пюві да Шавана, набідаў («Арлекін абапёрся»), А.Тулуз-Латрэка, П.Гагена («Жыццё»), Э.Кар’ера («Маці і дзіця»), ісп. («Стары гітарыст») і грэч. («Вадапой») мастацтва. У 1906—07 пад уздзеяннем афр. пластыкі і П.Сезана імкнуўся да выяўлення значнасці твора праз спрашчэнне форм («Авіньёнскія дзяўчаты» і інш.), што абумовіла ўзнікненне ў яго творчасці кубізму: «Фабрыка ў Хорта дэ Эбра», «Партрэт Фернанда Аліўе» (абодва 1909), «Партрэт Амбруаза Валара» (1909—10), «Партрэт Канвейлера» (1910), «Скрыпка і вінаград» (1912), «Гітара і скрыпка» (1913), «Партрэт дзяўчыны» (1914), «Тры музыканты» (1921), «Мандаліна і гітара» (1924) і інш. З 1917 зноў вярнуўся і да фігуратыўнага жывапісу, у якім пераасэнсоўваў гіст.маст. стылі ў тагачаснай манеры: «Тры жанчыны каля крыніцы» (1921), «Дзве жанчыны на пляжы» (1922), «Флейта Пана», «Партрэт Вольгі», «Жанчына ў белым» (усе 1923), «Поль у касцюме П’еро» (каля 1923) і інш. У 1925 — пач. 1930-х г. працаваў у рэчышчы сюррэалізму: карціны «Купальшчыца сядзіць», «Жанчына ў крэсле» (абедзве 1929), «Постаці на беразе мора» (1931), «Люстэрка» (1932), скульптура «Мужчына з букетам» (1934) і інш. У графіцы пераважалі ант. матывы (ілюстрацыі да «Лісістраты» Арыстафана, 1934; серыя гравюр «Мінатаўрамахія», 1935, і інш.). У творах 1937—45 выявіў варварства фаш. рэжыму, трагізм і безвыходнасць эпохі: «Герніка», «Жанчына плача» (абодва 1937), «Кот і птушка» (1939), «Нацюрморт з бычыным чэрапам» (1942), «Бойня» (1944—45) і інш. З канца 1940-х г. пераважна інтэрпрэціраваў інтэрпрэтаваў* у сучасным стылі карціны старых майстроў («Партрэт мастака. У наследаванне Эль Грэка», «Дзяўчаты на беразе Сены. Паводле Курбэ», абедзве 1950; «Алжырскія жанчыны. Паводле Дэлакруа», 1955; «Меніны. Паводле Веласкеса», 1957; «Сняданак на траве. Паводле Манэ», 1960, і інш.), ствараў творы антываен. тэматыкі (малюнак «Голуб міру», 1947; карціна «Разня ў Карэі», 1951; пано «Мір» і «Вайна», 1952, і інш.), працаваў у скульптуры («Цяжарная жанчына», «Каза», абедзве 1950; «Малпа з малышом», 1952, і інш.), дэкар.-прыкладным мастацтве, графіцы. У 1970 адкрыты музей П. ў Барселоне, у 1985 — у Парыжы. Міжнар. прэмія Міру 1950, Міжнар. Ленінская прэмія 1962. Іл.гл. таксама даарт.Іспанія, Кубізм.
Літ.:
Голомшток И.Н., Синявский А.Д. Пикассо. М., 1960;
Графика Пикассо: [Альбом]. М., 1967;
Дмитриева Н.А. Пикассо. М., 1971;
Зубова М.В. П.Пикассо. Актеры и клоуны: [Альбом]. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАІЦЫ́ЗМ,
школа ў антычнай філасофіі, прадстаўнікі якой імкнуліся абгрунтаваць унутр. незалежнасць, непахіснасць, нязломнасць асобы. Засн. каля 300 дан.э.Зянонам з Кітыёна ў Афінах; першапачаткова школа размяшчалася ў афінскім порціку Стоя (адсюль назва). У развіцці С. вылучаюць 3 перыяды: стараж. Стоя (3—2 ст.дан.э.; Зянон, Клеанф з Аса, Хрысіп Солскі і іх вучні Арыстон з Кеаса, Герыл Карфагенскі, Эратасфен Кірэнскі і інш.); сярэдняя Стоя (2—1 ст.дан.э.; Баэт, Панетый, Пасідоній) і позняя Стоя (рымскі С.; 1—2 ст.н.э.; Сенека, Эпіктэт, Марк Аўрэлій, Мусоній Руф і інш.). Некат. даследчыкі вылучаюць 4-ы перыяд у развіцці С., да якога адносяць эклектычных платонікаў і піфагарэйцаў 1—2 ст. н э., а таксама Філона Александрыйскага. Стараж. Стоя характарызуецца жорсткасцю, рыгарызмам этычнага вучэння, сярэдняя — памякчэннем вучэння С. і выкарыстаннем метадаў Платона і Арыстоцеля, позняя — тэндэнцыяй да сакралізацыі. Філас. сістэма С. складаецца з 3 частак: фізікі (натурфіласофіі), этыкі і логікі. У аснове натурфіласофіі С. — вучэнне Арыстоцеля пра матэрыю і форму, адноўлены і значна перагледжаны касмалагізм Геракліта. Натурфілас. погляды стоікаў адрозніваюцца тэалагічнай, правідэнцыяльнай, фаталістычнай арыентаванасцю і эклектычнасцю. На іх думку, сусвет уяўляе сабой адушаўлёнае сферычнае цела, а першаасновай усяго існага з’яўляецца агонь («пнеўма», «дух», «дыханне»), іманентная ўласцівасць якога Логас. Паводле С., сусвет стварае і кіруе ім Першаагонь (Бог-Логас). Стоікі прызнавалі існаванне сусв. плана і ўсеагульнай мэтазгоднасці; лічылі, што свет развіваецца цыклічна. С. прызнае ўсеагульную цялеснасць, у т. л. Бога і душы. Душа чалавека разглядалася стоікамі як частка сусв. душы, якая са смерцю пакідае цела. У цэнтры С. — этычнае вучэнне. Дабрадзейнасць, паводле С., — гэта жыццё ў адпаведнасці з законамі прыроды, Логасу, але толькі мудрацы бяруць прыклад з прыроды з яе «бясстраснасцю». Гал. задачу філасофіі стоікі бачылі ў выпрацоўцы ў людзях «бясстраснасці» (стану, калі адсутнічаюць афекты) і маральнага абавязку. Лёс у С. разглядаецца як дадзенасць, непахісны факт, які пашыраецца і на чалавека, і на ўвесь космас, а свабода — як добраахвотнае падпарадкаванне чалавека знешнім абставінам. Стоікі ўпершыню ўвялі тэрмін логіка, пад якім разумелі навуку аб славесным выказванні. Логіка ў С. падзяляецца на рыторыку і дыялектыку, якая складаецца з вучэнняў пра гукі мовы (паэтыка, тэорыя музыкі і граматыка) і пра значэнне, сэнсавы бок мовы. Вучэнне С. паўплывала на неаплатанізм і хрысц. філасофію; этычныя погляды стоікаў развіваліся ў 17—18 ст.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики: Ранний эллинизм. М., 1979;
Яго ж. Эллинистически-римская эстетика 1—11 вв. н.э.М., 1979;
Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов: Пер. с др.-греч. М., 1995;
Ренан Э.Ж. Марк Аврелий и конец античного мира: Пер. с фр.М., 1991;
Этика стоицизма: традиции и современность: [Сб. ст.]. М., 1991;
Аврелий Марк. Размышления: Пер. с греч. Магнитогорск, 1994;
Степанова А.С. Философия Древней Стои. СПб., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТМ (грэч. rhythmos ад rheō цяку),
чараванне якіх-н. элементаў (гукавых, моўных і інш.), якое адбываецца ў пэўнай паслядоўнасці, частаце; хуткасць працякання, здзяйснення чаго-небудзь.
Р. у літаратуры — раўнамернае чаргаванне аднародных моўных з’яў. Вершаваны Р. засн. на чаргаванні пэўных адзінак, што характарызуюць працягласць (ант. верш, сілабічнае вершаскладанне) або пэўную сістэму размеркавання націскных і ненаціскных складоў у стапе (сілаба-танічны верш, танічны верш, белы верш). У вершы рытмічная заканамернасць выступае як адзіны зыходны прынцып разгортвання мовы, што зададзены ў пачатку і вяртаецца пастаянна ў кожнай наступнай варыяцыі, калі прыраўнаваны адзін да аднаго асобныя адрэзкі мовы, сегменты фразы. Р. у прозе — вынік моўнага разгортвання, суаднесены са шматбаковасцю і зменлівасцю натуральнага Р. мовы ў яе разнастайных функцыянальных стылях. Маст. Р. прозы можна ахарактарызаваць як своеасаблівую арганізацыю Р. паўсядзённай мовы, які адрозніваецца большай упарадкаванасцю націскаў, аднак гэтая ўпарадкаванасць не павінна дасягаць ступені яўнай ізахроннасці, як у вершах. Агульнае ўражанне правільнасці і перыядычнасці звычайна ўзмацняецца пры дапамозе фанет. і сінтакс. прыёмаў: гукавога малюнка, сінтакс. паралелізму, ураўнаважанасці сэнсавых супрацьлегласцей. Р. непарыўна звязаны з інтанацыяй, паслядоўнасцю тонаў. Мова літ. твора больш, чым інш. тыпы выказвання, арганізаваная і выразная. У лепшых сваіх узорах яна максімальна насычана сэнсам і таму не дапускае пераафармлення, перабудавання, змянення.
Р. у музыцы — арганізаванасць муз. гукаў у іх часавай паслядоўнасці; адзін з гал. выразных і формаўтваральных сродкаў музыкі. На рытмічных заканамернасцях будуюцца суадносіны рознапрацяглых гукаў у непасрэднай блізкасці (у межах матыву, фразы і інш.) і прапорцыі частак муз. формы. У аснове Р. — суразмернасць часавых рытмічных доляў (рытмічныя адзінкі — цэлая, палавіна, чвэрць, восьмая і інш.). Нормай адліку рытм. руху, сродкам яго ўпарадкавання служыць метр (адзінства Р. і метра адлюстравана ў тэорыі музыкі паняццем метрарытму). У адпаведнасці з ім гукі звычайна аб’ядноўваюцца ў рытмічныя групы. Магчыма несупадзенне метрычных і рытмічных акцэнтаў (гл.Сінкопа). Па-за Р. не існуе музыкі. Нават самы маленькі меладычны зварот уключае і рытмічны элемент. Яго выразнасць раскрываецца ва ўзаемадзеянні з інш. элементамі, найперш ладам, тэмпам. Часам Р. выступае і адасоблена ад іх (розныя сігналы на ўдарных інструментах). Музыка кожнага народа мас характэрныя рытм. рысы. Тыповыя рытмаформулы ўласцівы некат. муз. жанрам, асабліва тым, што непасрэдна звязаны з увасабленнем руху (марш, танцы).
Р. у архітэктуры — чаргаванне акцэнтных элементаў (праёмаў, прасценкаў, верт. стоек каркаса, балконаў, эркераў і інш.) пры вырашэнні кампазіцыі будынка або паўтарэнне саміх будынкаў пры стварэнні арх. ансамбля; адзін са сродкаў кампазіцыі, з дапамогай якога дасягаецца сувымернасць і эмац. выразнасць твора архітэктуры. У аснове Р. — адзінства функцыян., канстр. і аб’ёмна-планіровачнага вырашэння. Р. у архітэктуры вядомы са старажытнасці (памяншэнне аб’ёмаў па вертыкалі ў пірамідах і зікуратах краін Стараж. Усходу). Рытмічнасць сістэмы ант. дойлідства па-мастацку асэнсавана сродкамі ордэрнай сістэмы (манум. пабудовы Стараж. Грэцыі і Рыма). Р. можа быць простым (паўтарэнне арх. элемента з захаваннем яго памераў і інтэрвалаў паміж імі), нарастаючым ці ўбываючым (паступовае змяненне інтэрвалаў паміж арх. элементамі). Заканамернасці нарастання і ўбывання выкарыстоўваюцца гал. чынам для стварэння выразнага арх. аблічча збудавання, пазбаўлення яго манатоннасці (касцёлы бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, палац у Гомелі, ратуша ў г. Чачэрск Гомельскай вобл., Дом урада ў Мінску). Рытмічныя акцэнты падкрэсліваюць колерам, фактурай аддзелачных матэрыялаў і інш.
Літ.:
Елатов В.И. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;
Холопова В.Н. Вопросы ритма в творчестве композиторов первой половины XX в. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЁ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ БЕЛАРУСІ ПАСЛЯ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ (2-я палова 1940-х—1950-я г.)
Народная гаспадарка. З пачатку вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў неабходна было за кароткі тэрмін ліквідаваць вынікі спусташальнай вайны, аднавіць і забяспечыць развіццё нар. гаспадаркі, знайсці рэсурсы для паляпшэння жыцця людзей. Людскія страты Беларусі за гады Вял.Айч. вайны (1941—44) склалі каля 3 млн.чал., што было больш за 11% ад агульных страт СССР. На катаржныя работы акупанты вывезлі каля 380 тыс.чал. У выніку ў 1945 у гаспадарцы рэспублікі рабочых і служачых было на 474 тыс. (на 53,3%) менш, чым у 1940. Толькі прамыя нар.-гасп. страты дасягалі 75 млрд.руб. (у цэнах 1941). Знішчана больш за палавіну нац. багацця Беларусі (страты па СССР складалі каля 30% нац. багацця). Па некаторых важных галінах (прамысловасць, энергетыка) эканоміка Беларусі была адкінута да ўзроўню 1913, а па агульным узроўні развіцця — да 1928. За гады вайны на Беларусі знішчана 209 (з 270) гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 сёл і вёсак, разбурана больш за 10 тыс. прадпрыемстваў (85% даваен. фабрык і заводаў).
Пасля вызвалення дзейнічалі толькі 2% даваен. энергетычных магутнасцей. Асабліва вял. страты панёс транспарт. У сельскай гаспадарцы захопнікі разрабавалі і спустошылі 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС. У параўнанні з 1940 на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйн. раг. жывёлы — прыблізна на 2/3, коней — на 61%, свіней — на 89%, авечак і коз — на 78%.
З вызваленнем усх. раёнаў Беларусі ў вер. 1943 пачаліся аднаўленчыя работы. Аднак гэты працэс ускладняўся тым, што яшчэ больш як 1,5 года ішла вайна Сав. Саюза супраць фаш. Германіі і значная частка сродкаў накіроўвалася на патрэбы фронту. У гэтай сувязі гал. ўвага аддавалася аднаўленню цяжкай прамысловасці і транспарту, якія забяспечвалі наступленне сав. войск. У пач. 1944 адраджэнне эканомікі пачалося ў 36 вызваленых раёнах Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абл. У маі 1944 уведзены ў дзеянне гомельскія паравозарамонтны і цагельны з-ды, у жніўні — з-д «Гомсельмаш». У вызваленым 3.7.1944 Мінску ў пач. жніўня далі прадукцыю 13 фабрык і заводаў. Хутка аднаўляўся транспарт. Першы цягнік у Мінск прыйшоў на сёмы дзень пасля вызвалення — 10 ліпеня, у Маладзечна — 11, у Ліду — 19 ліпеня. За 1944 адноўлена і здадзена ў эксплуатацыю 196 маш.-буд. прадпрыемстваў, у т. л. 18 буйных, якія выраблялі ваен. матэрыялы, рамантавалі і збіралі самалёты, танкі, аўтамашыны і інш. тэхніку для патрэб фронту. Да мая 1945 пачалі працаваць каля 12 тыс.прамысл. аб’ектаў, у т. л. 8 тыс. прадпрыемстваў, 4 тыс. арцелей і майстэрань. З поўным вызваленнем рэспублік ад акупацыі пачаўся наступны этап адраджэння эканомікі Беларусі. У 1945 выраблена прамысл. прадукцыі ў 3,7 раза больш, чым у 1944; але яе аб’ём за гэты перыяд складаў каля 20% (па СССР — 92%), выпрацоўка электраэнергіі — 16, металарэзных станкоў — 3, фанеры і абутку — па 5%. Да канца 1945 адноўлена 2574 кмгал. чыгуначных пуцей. Больш марудна адраджалася харч. прамысловасць. Да канца 1945 на Беларусі працавала 118 прадпрыемстваў гэтай галіны, якія давалі 18% валавой прадукцыі даваен. ўзроўню. У сельскай гаспадарцы вясной 1945 пасяўныя плошчы дасягнулі 73,8% даваенных. Валавы збор збожжа ў 1945 складаў каля 50% ад даваеннага, слаба развівалася грамадская жывёлагадоўля. Цяжкія вынікі вайны, захаванне пазаэканам. прымусу, адсутнасць матэрыяльнага заахвочвання абумовілі нізкія тэмпы аднаўлення агр. вытворчасці.
Пасля завяршэння вайны аднаўленчыя работы ў рэспубліцы яшчэ больш актывізаваліся. Матэрыяльная база аднаўлення фарміравалася за кошт цэнтралізаваных фін. асігнаванняў, паставак саюзнага ўрада, рээвакуацыі абсталявання бел. прадпрыемстваў і мат.-тэхн. каштоўнасцей з сав. тылу, дапамогі сав. рэспублік. Некаторай кампенсацыяй страт гаспадаркі Беларусі былі рэпарацыйныя пастаўкі з былых краін гітлераўскага блока. Падтрымку бел. народу аказвала міжнар. грамадства. На працягу 1945—47 Беларусь атрымала пэўную колькасць прадуктаў харчавання, адзення, абутку, мед. абсталявання, лекаў і інш. аб’ёмам каля 142 тыс.т на суму амаль 61 млн. долараў ЗША па лініі Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА).
Закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі БССР на 1946—50 гал. задачай ставіў аднаўленне нар. гаспадаркі ў межах даваен. ўзроўню і яе далейшае развіццё. Значную ролю ў яго выкананні адыгрывалі энтузіязм насельніцтва, парт. прапаганда ў спалучэнні з цвёрдым вытв. рэжымам, што захаваўся ад ваен. часу, сацыяліст. спаборніцтва. Найб. ўвага аддавалася цяжкай прамысловасці, найперш машынабудаванню. Ужо ў 1946 у параўнанні з папярэднім годам аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 1,5 раза, павысілася прадукцыйнасць працы. Паступова аднаўлялася паліўна-энергетычная база. У 1948 здабыча торфу складала 116,6% ад узроўню 1940. Дапач. 1949 агульная магутнасць электрастанцый рэспублікі дасягнула 116,3% даваен. ўзроўню. Змянялася структура прамысл. вытворчасці, зніжалася ўдзельная вага лёгкай, харч., лясной, дрэваапрацоўчай галін, затое расла доля электраэнергетыкі, машынабудавання, металаапрацоўкі. Пры агульным росце аб’ёму вытворчасці ўсёй прамысловасці на 115% у параўнанні з 1940 аб’ём машынабудавання і металаапрацоўкі вырас амаль у 2,4 раза, у т. л. машынабудавання ў 3/4 раза. З мэтай удасканалення тэрытарыяльнай структуры прамысл. вытворчасці больш хуткімі тэмпамі ішло эканам. развіццё зах. абласцей БССР, дзе аб’ём валавой прадукцыі ў 1950 павялічыўся ў параўнанні з 1940 амаль удвая. Доля зах. абласцей у агульным аб’ёме прамысл. вытворчасці рэспублікі вырасла амаль да 15%. Марудна аднаўлялася вытворчасць тавараў нар. ўжытку. Лёгкая прамысловасць у 1950 у параўнанні з даваен. узроўнем выпусціла баваўняных тканін толькі 17,7%, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 33, бялізнавага трыкатажу 31,6%. Адставала і вытворчасць харч. прадукцыі. У канцы 4-й пяцігодкі мясаперапрацоўчая прамысловасць дала толькі 65% прадукцыі ў параўнанні з 1940, вытворчасць макаронных вырабаў склала 73, хлебабулачных — 57,3%.
На аднаўленні сельскай гаспадаркі неспрыяльна адбілася засуха 1946 (не выкананы планы сяўбы збожжавых і развіцця жывёлагадоўлі). Нізкія тэмпы развіцця с.-г. вытворчасці былі абумоўлены адсутнасцю матэрыяльнага стымулявання працы ў калгасах, непрадуманай падатковай палітыкай і планаваннем. Асаблівасці аднаўлення зах.-бел. вёскі выяўляліся ў пераводзе прыватнаўласніцкіх гаспадарак на «калектыўны шлях развіцця». Да канца 1946 там арганізаваны 133 калгасы (0,6% усіх сял. гаспадарак). Пасля некаторых падрыхтоўчых мерапрыемстваў у 1949 пачалася прымусовая масавая калектывізацыя, без уліку вопыту 1930-х г.Да канца 1950 пераважная частка сялян зах. абласцей Беларусі ўцягнута ў калгасы, якія аб’ядналі каля 84% гаспадарак. Разбурэнне традыцыйнага сялянскага ўкладу прывяло там да істотнага скарачэння пагалоўя жывёлы: буйн. раг. жывёлы прыкладна ў 8 разоў (у т. л. кароў — больш чым у 9), свіней — у 8 разоў. У цэлым за 4-ю пяцігодку ў агр. сектары Беларусі адбыліся пазітыўныя змены. Вытворчасць збожжа павялічылася на 12%, бульбы — на 15, ільновалакна — на 36%, цукр. буракоў — у 2,5 раза. Аднак па шэрагу важных галін сельская гаспадарка не выканала заданняў. У параўнанні з даваенным перыядам у 1950 пасяўныя плошчы складалі 94,3%, валавы збор збожжа — 98,4, бульбы — 80,3, пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 96,6, коней — 62, свіней — 64,4, авечак — 54,7%.
У 5-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі БССР на 1951—55 пастаўлены задачы павышэння матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця насельніцтва, актыўнага ўключэння ў навукова-тэхн. рэвалюцыю. Ажыццяўленню іх садзейнічаў перагляд эканам. палітыкі ў бок змяшчэння акцэнтаў у нар.-гасп. развіцці на карысць вытв-сці тавараў нар. ўжытку, павелічэння капіталаўкладанняў у лёгкую і харч. прамысловасць, сельскую гаспадарку. У 1-й пал. 1950-х г. уведзены ў дзеянне заводы падшыпнікавы, гадзіннікавы і буд. матэрыялаў у Мінску, цукровы ў Скідзелі, швейных машын у Оршы, шаўкаткацкая ф-ка ў Віцебску і інш. За 1951—55 пабудавана 1010 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных, аб’ём прамысловасці Беларусі павялічыўся больш чым у 2 разы, а колькасць прадпрыемстваў — толькі на 9%. Павялічыўся асартымент прамысл. вырабаў, наладжаны серыйны выпуск трактароў, грузавых аўтамабіляў, металарэзных станкоў. Пераадолена адставанне лёгкай і харч. прамысловасці, што дазволіла павялічыць амаль удвая вытворчасць тавараў нар. ўжытку. У гэты перыяд праведзены шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на аднаўленне матэрыяльнага стымулявання, удасканаленне планавання с.-г. вытворчасці, павышэнне яе самастойнасці: павышаны нарыхтоўча-закупачныя цэны, адменены абавязковыя пастаўкі з уласнай дапаможнай гаспадаркі і інш. У агр. сектары ўпершыню за пасляваен. гады адбыліся пэўныя зрухі, больш стала буйн.-раг. жывёлы, пабольшаў валавы збор с.-г. культур, пашырыліся механізацыя і электрыфікацыя. У параўнанні з 1950 вытворчасць мяса ў калгасах павялічылася на 41%, малака — на 28%, пасяўныя плошчы расшыраны на 540 тыс.га, магутнасць трактарнага парка вырасла ў 2 разы, колькасць збожжавых камбайнаў — у 4,8, грузавых аўтамабіляў — у 2,6 раза. Аднак карэнных змен у развіцці сельскай гаспадаркі не адбылося. Заданні 5-га пяцігадовага плана не былі выкананы па ўсіх асн. паказчыках, а па вытворчасці збожжа, бульбы, пагалоўі кароў, свіней, авечак не быў дасягнуты даваен. ўзровень. У 1958 для павышэння эфектыўнасці агр. вытворчасці былі ліквідаваны МТС, на іх базе створаны станцыі па рамонце с.-г. тэхнікі, а тэхніка перададзена калгасам за выкуп. Але неадкладны выкуп зношанага парка МТС паставіў шматлікія эканамічна слабыя калгасы ў цяжкае фін. становішча.
Грамадска-палітычнае жыццё. Гал. асаблівасцю сав.паліт. сістэмы, якая складалася з Камуніст. партыі, сав. дзяржавы, прафсаюзаў, камсамола, каап. аб’яднанняў, грамадскіх арг-цый, быў яе замкнуты характар. Ядром з’яўлялася Камуніст. партыя. Усе грамадска-паліт. арг-цыі дзейнічалі пад яе непасрэдным кіраўніцтвам.
ВКП(б) (потым КПСС).была не столькі палітычнай, колькі дзярж. арг-цыяй, мела ўсе функцыі заканадаўчай і выканаўчай улады. КП(б)Б з’яўлялася яе састаўной часткай. У 1945—46 пярвічныя парт. арг-цыі створаны на большасці прадпрыемстваў, у шэрагу калгасаў і саўгасаў. На 1.1.1946 у БССР было 48,2 тыс. членаў партыі, а ў пач. 1958—172,7, тыс.Парт. к-ты займаліся падборам і расстаноўкай кадраў. Пад гэты прынцып падпадала выбарчая сістэма ў саміх парт. органах, Саветах, усіх грамадскіх арг-цыях. Выбары павінны былі дэманстраваць поўную згоду мас з парт. ўстаноўкамі. Усе кандыдаты ў дэпутаты вылучаліся са згоды і па рэкамендацыі парт. органаў.
Паводле Канстытуцыі СССРгал. функцыі дзярж. кіраўніцтва і арганізацыі грамадскага жыцця належалі Саветам. У 1947 адбыліся выбары ў Вярх. СаветБССР (абраны 371 дэпутат), у 1948 — у мясц. Саветы (абрана 65 тыс. дэпутатаў). У задачы Саветаў уваходзіла аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне гарадоў і вёсак, развіццё культуры і адукацыі, паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва. Але яны не з’яўляліся сапраўднымі органамі народаўладдзя, а знаходзіліся на службе парт. апарату, які праз камуністаў праводзіў у жыццё свае рашэнні і дырэктывы. Колькасць членаў партыі ў мясц. Саветах пастаянна павялічвалася. Так, у 1948 пасля выбараў у мясц. Саветах Беларусі камуністы складалі 26,68%, у 1950—30,4, у 1953—35,6, у 1955—40,79%. З сярэдзіны 1950-х г. рабіліся спробы павысіць ролю Саветаў у кіраўніцтве краінай і грамадствам. У выніку роля рэсп. і мясц. Саветаў у кіраўніцтве эканомікай і грамадска-паліт. жыццём вырасла, актывізавалася заканадаўчая дзейнасць Вярх. Савета БССР. Ствараліся новыя камісіі па кіраўніцтве гасп. дзейнасцю ў мясц. Саветах.
Прафесійныя саюзы ў пасляваен. гады займаліся ў асн. арганізацыяй працоўных на выкананне вытв. планаў, сац. абарона рабочых і служачых ажыццяўлялася недастаткова. У 1946 у БССР налічвалася больш за 350 тыс. членаў прафсаюзаў (каля 70% агульнай колькасці працаўнікоў). Была адроджана ўся структура прафес. органаў (фабрычна-заводскія і мясц. к-ты, якія арганізоўвалі спаборніцтва працоўных, наладжвалі работу клубаў, дамоў культуры, садзейнічалі тэхн. творчасці, клапаціліся пра жыллёва-быт. ўмовы і інш.). У 1948 створаны Бел.рэсп. савет прафсаюзаў, абласныя саветы і к-ты, гар. і раённыя к-ты прафсаюзаў, адначасова дзейнічалі і галіновыя к-ты. Такім чынам, у будове прафсаюзаў спалучаліся галіновы і вытв.-тэр. прынцыпы, што адпавядала структуры парт. арг-цый. У адпаведнасці з рашэннямі снежаньскага (1957) пленума ЦККПСС прадугледжваліся меры па павышэнні ролі прафсаюзаў у жыцці сав. грамадства, кіраўніцтве вытворчасцю, абароне правоў і інтарэсаў працоўных. Пад кіраўніцтвам прафсаюзаў на прадпрыемствах сталі дзейнічаць вытв. нарады. Але ўдасканаленне структуры, форм і метадаў іх дзейнасці адбывалася ў рамках адм.-каманднай сістэмы кіравання, якая выключала самастойнасць прафсаюзаў.
У жыцці моладзі вызначальную ролю адыгрываў камсамол (у СССР — ВЛКСМ, у БССР — ЛКСМБ), які займаўся пытаннямі патрыят. выхавання моладзі, яе шэфствам над новабудоўлямі і інш. Спробы перабудовы работы камсамола ў 2-й пал. 1950-х г. не выходзілі за межы структурных змен і ўмацавання ўлады бюракратычнага апарату над моладдзю. У Беларусі існавалі і інш. грамадскія арг-цыі тыпу ДТСААФ, ДНД, дваровыя і вулічныя к-ты, культ., навук.-спарт. і інш. аб’яднанні. Такім чынам, у першыя пасляваен. гады ў СССР і Беларусі захоўвалася паліт. сістэма, якая склалася ў 1920—30-я г. Прыкметай таго, што яна стала менш жорсткай, быў і ўказ Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 26.3.1947 аб скасаванні ў краіне смяротнага пакарання. На працягу 1948—49 у СССР не было вынесена ніводнага смяротнага прысуду. Аднак у студз. 1950 выйшаў новы ўказ, паводле якога смяротнае пакаранне зноў аднаўлялася. Відаць, гэта было звязана з пачаткам працэсаў па т.зв. «ленінградскай справе», па якой больш за 200 парт. і сав. работнікаў асудзілі, а некаторых прыгаварылі да расстрэлу. Актывізаваліся рэпрэсіі і ў Беларусі. Як і ў перадваен. час, даліст. 1951 іх арганізатарам быў міністр дзярж. бяспекі БССР Л.Ф.Цанава. У канцы 1940-х г. ён паспрабаваў расправіцца з С.В.Прытыцкім, які ўзначальваў Гродзенскі абком партыі. I толькі дзякуючы прынцыповай пазіцыі ЦККП(б)Б, найперш яго 1-га сакратара М.С.Патолічава, Прытыцкага здолелі абараніць. Шырокую агалоску ў 1951 атрымала т.зв. «справа Саевіча». Міністр асветы БССР П.В.Саевіч быў абвінавачаны ў змове з «югаслаўскімі рэвізіяністамі», трацкізме, нацыяналізме, «валютных махінацыях». Ваен. трыбунал БВА прыгаварыў яго да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У пасляваен. гады былі зноў рэпрэсіраваны бел. пісьменнікі А.Александровіч, У.Дубоўка, А.Звонак, П.Пруднікаў. Усяго ў студз. 1953 у лагерах СССР знаходзіліся 2 468 524 вязні. Пры гэтым асуджаныя па паліт. матывах складалі 21%.
Адукацыя, навука, культура. За гады вайны на Беларусі было знішчана каля 7 тыс. будынкаў навучальных устаноў, што значна ўскладніла працэс аднаўлення сістэмы адукацыі. Аднак ужо ў 1945/46 навуч.г. ў рэспубліцы працавала амаль 11 тыс.навуч. устаноў (1,3 млн. вучняў), з якіх 82% былі пачатковымі, 15% — сямігадовымі і толькі 3% — сярэднімі. На бел. мове заняткі вяліся ў 96,5% школ (у Мінску ў 50%). Больш за 40% навуч. устаноў размяшчаліся ў часовых і прыстасаваных памяшканнях. Адраджалася сістэма вячэрняй адукацыі (у 1951 дзейнічала 230 школ рабочай і 714 сельскай моладзі). На працягу 1949—52 уведзена абавязковае сямігадовае навучанне з пераводам выкладання на двухмоўную аснову. Значныя сродкі выдзяляліся на развіццё сярэдняй спец. адукацыі (у сярэдзіне 1950-х г. на Беларусі былі 123 тэхнікумы і вучылішчы). У 1950-я г. істотна скарацілася колькасць пачатковых школ пры адначасовым пашырэнні сярэдніх і сямігадовых навуч. устаноў. У 1955/56 навуч.г. ў рэспубліцы было 11,4 тыс. школ з 1,2 млн. вучняў, але ў гарадах практычна не засталося беларускамоўных школ.
Да канца вайны працу аднавілі 12 ВНУ (з 25), у іх было 600 выкладчыкаў, 5 тыс. студэнтаў. Цэнтрам вышэйшай адукацыі БССР быў Мінск, дзе акрамя 8 даваен. ВНУ (БДУ, ін-ты — пед., мед., політэхн., юрыд., нар. гаспадаркі, фіз. культуры, кансерваторыя) у 1945 адкрыты лесатэхн. (з 1961 тэхналагічны) і тэатральны (з 1953 тэатральна-мастацкі) ін-ты. Асаблівая ўвага звярталася на стварэнне пед. ін-таў, якіх у 1953 у БССР налічвалася 11 — у Гродне (1944), Брэсце (1950), Полацку (1953) і інш. Пры заснаванні новых ВНУ у 1-е пасляваен. дзесяцігоддзе перавага аддавалася спецыяльнасцям, неабходным для развіцця нар. гаспадаркі. Былі адкрыты Гродзенскі с.-г.ін-т (1951), Гомельскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1953), Мінскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1954). Недахоп выкладчыкаў вымушаў запрашаць на працу ў айч.ВНУ спецыялістаў з інш. рэспублік, што паскорыла русіфікацыю бел. вышэйшай школы, вяло да заняпаду вывучэнне нац. гісторыі і культуры (у БДУ нават часова была скасавана кафедра гісторыі Беларусі). Пры гэтым у 1950-я г. 1 студэнт у БССР прыпадаў на 550 чал. (у Украіне на 300).
Нягледзячы на амаль поўнасцю разбураную за час акупацыі доследна-эксперыментальную базу айч.навук. устаноў, ужо ў 1944 у Мінску аднавілі дзейнасць ін-ты гісторыі, эканомікі і сельскай гаспадаркі АН Беларусі. У 1946 працавала 38 навук. устаноў, у т. л. 21 НДІ. Запрашэнне на працу ў АН Беларусі спецыялістаў з вядучых навук. цэнтраў СССР дазволіла істотна павялічыць колькасны склад навук. супрацоўнікаў. У 1955 у 76 навук. установах рэспублікі працавала 4,1 тыс.чал. (125 дактароў і 1354 канд. навук). Былі адкрыты ін-ты філасофіі і права (1947), энергетыкі (1952), фізіялогіі (1953), фізікі і матэматыкі (1955), мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957). Паводле новага (1957) статута АН Беларусі падзялялася на 5 аддзяленняў: грамадскіх, фізіка-тэхн., фізіка-матэматычных, біял., хім. і геал. навук; было 38 акадэмікаў і 28 член-карэспандэнтаў, пад кіраўніцтвам якіх распрацоўвалася 258 навук. тэм (60 мелі агульнасаюзнае значэнне). Навук. праца шэрагу бел. вучоных была высока ацэнена: Дзярж. прэмію СССР атрымалі Г.В.Багамолаў (1947, 1952) і П.І.Альсмік (1951). За крытыку «лысенкаўскага» кірунку ў развіцці сав. біялогіі і абарону генетыкі ў кастр. 1947 зняты з пасады прэзідэнт АН Беларусі А.Р.Жэбрак; член-карэспандэнт А.М.Жырмунскі падвергся праследаванню за выступленне на Міжнар. кангрэсе геолагаў.
Актывізацыя знешнепалітычнай дзейнасці БССР. Новы этап знешнепаліт. дзейнасці Беларускай ССР пачаўся ў 1944, калі Вярх. СаветСССР прыняў 1 лютага Закон «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны камісарыят». У выніку саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Адначасова прыняты законы аб стварэнні вайсковых фарміраванняў саюзных рэспублік, аб скасаванні ўпраўленняў упаўнаважаных НКЗС СССР пры СНК саюзных рэспублік. На Беларусі такое ўпраўленне, створанае ў 1923 замест ліквідаванага тады рэсп. НКЗС, фактычна спыніла сваю дзейнасць у пач. 1930-х г. У сак. 1944 6-я сесія Вярх. Савета БССР, якая сабралася ў нядаўна вызваленым ад акупантаў Гомелі, абмеркавала пытанне аб стварэнні саюзна-рэсп. наркаматаў замежных спраў і абароны. У дакладзе Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР Н.Я.Наталевіча падкрэслівалася, што пашырэнне правоў саюзных рэспублік у галіне абароны і знешніх зносін з’яўляецца важным крокам у развіцці бел. дзяржаўнасці, адзначалася вялікае практычнае значэнне выхаду Беларусі на міжнар. арэну. Ён вылучыў 3 асноватворныя прынцыпы будучай знешнепаліт. дзейнасці рэспублікі: БССР выходзіць на міжнар. арэну як самастойная дзяржава ў складзе Саюза ССР; у сваёй знешняй палітыцы яна будзе абапірацца на ўзрастаючую гасп., паліт. і культурную моц усяго СССР; на міжнар. арэне Беларусь зойме належнае ёй месца, бо па ўзроўні прамысловай і с.-г. вытворчасці, культурнага развіцця, багатай гіст. мінуўшчыны, колькасці насельніцтва і тэрыторыі яна з поспехам вытрымлівае параўнанні з многімі дзяржавамі Еўропы і інш. кантынентаў. Наталевіч сфармуляваў бліжэйшыя мэты і задачы знешняй палітыкі Беларусі: рабіць усё магчымае для хутчэйшай перамогі над фашызмам і рыхтаваць рахунак Германіі за страты, якія Беларусь панесла ў гады вайны; умацоўваць палітыку міру, наладжваць і пашыраць сувязі з усімі свабодалюбівымі краінамі, найперш з дзяржавамі, саюзнымі па антыгітлераўскай кааліцыі; усталяваць дружалюбныя і добрасуседскія адносіны з Польшчай. У дакладзе былі вызначаны прынцыпы, мэты і задачы знешнепаліт. дзейнасці, якімі рэспубліка збіралася кіравацца ў перыяд заканчэння вайны і пасляваен. гады. 24.3.1944 Вярх. СаветБССР прыняў Закон «Аб стварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР». У адпаведнасці з ім Канстытуцыя БССР 1937 дапоўнена арт. 16а, паводле якога рэспубліка атрымала права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Змены, што тычыліся знешнепаліт. паўнамоцтваў вышэйшых органаў дзярж. улады, былі ўнесены і ў інш. артыкулы Канстытуцыі БССР. 30.3.1944 нам. Старшыні СНКБССР К.В.Кісялёў прызначаны наркомам замежных спраў Беларусі. У 1946 НКЗС перайменаваны ў Мін-ва замежных спраў БССР. Гал. прычынай прадастаўлення, а дакладней вяртання, саюзным рэспублікам знешнепаліт. правоў былі разлікі тагачаснага сав. кіраўніцтва атрымаць у асобе 16 саюзных рэспублік СССР дадатковыя галасы ў Арг-цыі Аб’яднаных Нацый (ААН) і на пасляваен. міжнар. канферэнцыях.
Першы этап знешнепаліт. дзейнасці БССР пасля аднаўлення НКЗС ахоплівае 1944—53. Гэта час другога (пасля 1918—22) выхаду Беларусі на міжнар. арэну, фарміравання асн. кірункаў дыпламат. актыўнасці Беларусі, станаўлення яе дыпламат. школы. У апошнія ваен. і першыя пасляваен. гады знешнепаліт. дзейнасць БССР была асабліва актыўная і прыкметная. Дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала ў працы Падрыхтоўчай камісіі ААН у Лондане (ліст.—снеж. 1945), 1-й і наступных сесій Ген. Асамблеі ААН, была абрана ў 1946 у члены Эканам. і Сац. Савета. Па ініцыятыве бел. дэлегацыі ў лют. 1946 прынята адна з першых рэзалюцый Ген. Асамблеі — аб выдачы і пакаранні ваен. злачынцаў. На працягу 1946—48 Беларусь прынята ў 4 спецыялізаваныя ўстановы ААН: Міжнар. саюз электрасувязі, Сусв. паштовы саюз, Сусв. метэаралагічную арг-цыю, Сусв. арг-цыю аховы здароўя (СААЗ). Аднак актыўнага ўдзелу ў іх працы не прымала, а з пачаткам «халоднай вайны» засяродзілася на канфрантацыі з зах. дзяржавамі. У 1949 дэлегацыі СССР, УССР, БССР і інш. краін Усх. Еўропы па распараджэнні саюзнага кіраўніцтва пакінулі СААЗ і працягвалі ўдзельнічаць толькі ў 3 з 11 спецыялізаваных устаноў ААН. У 1948 бел. дэлегацыя ўстрымалася ў ліку 8 дэлегацый у час прыняцця Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека, у 1950 байкатавала працу Ген. Асамблеі і астатніх органаў і камітэтаў ААН. Пазіцыя БССР па ўсіх пытаннях парадку дня Ген. Асамблеі і інш. органаў ААН дыктавалася неабходнасцю строгага выканання дырэктыў Палітбюро ЦКВКП(б)—КПСС і асабіста І.В.Сталіна.
У 1946—53 дэлегацыя БССР унесла ў розныя органы ААН 21 прапанову, з якіх, аднак, былі прыняты толькі 3. У прыватнасці адхілены неаднаразовыя бел. прапановы па праблемах бежанцаў, перамешчаных асоб, апатрыдаў (асоб без грамадзянства) і беспадданых, якія прадугледжвалі прымусовую рэпатрыяцыю грамадзян Беларусі і асоб бел. нацыянальнасці. СССР, УССР і БССР галасавалі супраць стварэння Міжнар. арг-цыі па справах бежанцаў і Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў, адмовіліся ўдзельнічаць у іх працы і падпісаць Канвенцыю аб статусе бежанцаў ад 25.7.1951. Да канца 1950-х г.БССР падпісала 54 міжнар. дагаворы, канвенцыі і пагадненні, у т. л. Канвенцыю аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго (1948), Жэнеўскія канвенцыі аб абароне ахвяр вайны (1949). Амаль усе яны былі шматбаковымі і заключаліся ў рамках ААН і яе спецыялізаваных устаноў.
8.2.1947 Кісялёў выступіў з заявай урада БССР па германскім пытанні на нарадзе намеснікаў Савета Міністраў замежных спраў (СМЗС) у Лондане. У заяве патрабавалася ад Германіі выплаціць рэпарацыю на карысць Беларусі ў суме 1,5 млрд. долараў, што складала не больш за 10% ад агульнай сумы яе страт у гады вайны. Бел. ўрад выступаў за дэмілітарызацыю, дэмакратызацыю і дэнацыфікацыю Германіі, супраць яе расчлянення, але за ўстанаўленне кантролю над яе паліт. і эканам. жыццём з боку 4 дзяржаў-пераможцаў. У парадку разлікаў па рэпарацыях з Германіі на Беларусь вывезены 182 прадпрыемствы (больш за 30 тыс. адзінак абсталявання). 16.4.1948 Кісялёў выступіў на нарадзе намеснікаў СМЗС з заявай урада БССР па пытанні аб былых італьянскіх калоніях.
Статус паўнапраўнага члена ААН дазволіў Беларусі прыняць удзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі (29.7—15.10.1946), прысвечанай распрацоўцы мірных дагавораў дзяржаў-пераможцаў з былымі саюзнікамі фаш. Германіі (Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй). У рабоце канферэнцыі ўдзельнічалі дэлегацыі 21 дзяржавы, якія зрабілі найб. ўклад у перамогу над фаш. кааліцыяй, у т. л.СССР, УССР і БССР. У склад дэлегацыі БССР уваходзілі 7 паўнамоцных дэлегатаў (Кісялёў — кіраўнік, А.Г.Бондар, П.В.Лютаровіч, А.А.Чыжоў, Ф.П.Шмыгаў, Г.Г.Навіцкі, В.І.Фясько) і 2 прадстаўнікі (Н.П.Новак і У.М.Яшумаў). Бел. дэлегацыя, якая дзейнічала ў адпаведнасці з агульнасаюзнай лініяй і падзелам працы паміж 3 сав. дэлегацыямі, падтрымлівала праекты мірных дагавораў і выступала са сваімі прапановамі і заўвагамі. Члены дэлегацыі ўдзельнічалі ў рабоце 10 камісій, зрабілі 50 выступленняў у камісіях і на пленарных пасяджэннях канферэнцыі. Беларусь была абрана ў склад мандатнай камісіі, а Кісялёў узначальваў камісію па паліт. і тэр. пытаннях для Балгарыі і выступаў у абарону яе інтарэсаў. У італьянскай камісіі бел. дэлегацыя прапанавала свой варыянт італа-югаслаўскай граніцы, які прадугледжваў адыход да Югаславіі спрэчных тэрыторый са слав. насельніцтвам, аднак большасцю галасоў «беларуская лінія» была адхілена. Не прайшла і бел. папраўка аб удакладненні мяжы паміж Югаславіяй і Трыестам. Бел. дэлегацыя выказалася ў падтрымку ’рэпарацыйных патрабаванняў сав. ўрада да былых саюзнікаў фаш. Германіі, аднак не ставіла пытанне пра задавальненне рэпарацый непасрэдна на карысць Беларусі. У атмасферы вострай паліт. і дыпламат. барацьбы паміж сав. і зах. блокамі прадстаўнікі БССР часам праяўлялі спрошчаны, прапанаваны з Масквы, падыход да вырашэння канкрэтных пытанняў мірнага ўрэгулявання, выступалі супраць выкарыстання Міжнар. суда для вырашэння спрэчак адносна тлумачэння ці выканання мірных дагавораў з былымі саюзнікамі Германіі. У час канферэнцыі і пасля яе завяршэння кіраўніцтва Балгарыі і Югаславіі выказвала падзяку дэлегацыі Беларусі за адстойванне інтарэсаў гэтых дзяржаў. Тэксты гэтых мірных дагавораў канчаткова ўзгоднены ў ліст.—снеж. 1946 на сесіі СМЗС — СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі ў Нью-Йорку. 10.2.1947 міністр замежных спраў БССР Кісялёў падпісаў у Парыжы мірныя дагаворы з Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Італіяй і Фінляндыяй. 13.9.1947 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў іх.
Членства БССР у ААН дазволіла рэспубліцы атрымаць міжнар. дапамогу з боку Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА), якая ў 1943—47 дзейнічала з мэтай аказання дапамогі ў аднаўленні эканомікі краінам, што пацярпелі ад дзяржаў фаш. «восі» ў выніку 2-й сусв. вайны. 18.12.1945 у Вашынгтоне падпісана пагадненне паміж урадам БССР і ЮНРРА аб пастаўках тавараў, абсталявання і харчавання ў Беларусь на суму 61 млн.дол.да 30.6.1946 (пазней яго тэрмін прадоўжаны да 31 снежня). Праграма паставак ЮНРРА для Беларусі выконвалася з канца 1945 да 31.3.1947 (некаторыя тавары паступалі і пасля яе заканчэння). Беларусь атрымала тавараў на суму 60 820 000 дол. агульнай вагой каля 142 тыс.т. На падставе пагаднення ў Мінску дзейнічала місія ЮНРРА, якая назірала за размеркаваннем паставак. Асн. катэгорыямі паставак былі харч. тавары, прамысл. і с.-г. абсталяванне, адзенне і абутак, мед. абсталяванне і лекі. Большую частку складалі тавары з ЗША. Памер атрыманай Беларуссю дапамогі складаў 2,6% паставак ЮНРРА для Еўропы ў доларах і 0,9% у вазе. Дапамога ЮНРРА, нягледзячы на ўсю яе эканам. і маральна-паліт. значнасць, задавальняла толькі самыя неабходныя патрэбы рэспублікі.
Яскравай праявай знешнепаліт. дзейнасці Беларусі было пагадненне паміж урадам БССР і Польскім к-там нац. вызвалення (ПКНВ) ад 9.9.1944 аб эвакуацыі бел. насельніцтва з тэр. Польшчы і польскіх грамадзян з тэр. Беларусі. Яго падпісалі старшыні СНКБССР П.К.Панамарэнка і ПКНВ Э.Асубка-Мараўскі. Пагадненне датычылася рэпатрыяцыі бел. і польскага насельніцтва ў сувязі са зменай савецка-польскай граніцы ў выніку падпісання адпаведнага дагавора 16.8.1945. У адпаведнасці з пагадненнем рэпатрыяцыі падлягалі ўсе грамадзяне бел., укр., рус. і русінскай нацыянальнасцей, што пражывалі на тэр. Польшчы (на З ад «Керзана лініі») і жадалі перасяліцца на Беларусь, а таксама ўсе палякі і яўрэі, якія былі ў польскім грамадзянстве да 17.9.1939, пражывалі ў Зах. Беларусі і жадалі перасяліцца ў Польшчу. Асн. хваля рэпатрыяцыі адбылася ў 1944—46. У 1944—48 у Польшчу з СССР перасяліліся 1 417 583 чал., у т. л. з Украіны амаль 788 тыс. (каля 52%), Беларусі 274 163 (18%). Пераважная частка перасяленцаў накіроўвалася на зах. землі Польшчы, якія яна атрымала за кошт тэр. Германіі паводле Патсдамскіх пагадненняў 1945. Паміж урадамі СССР і Польшчы 6.7.1945 падпісана пагадненне аб праве на выхад з сав. грамадзянства асоб польскай і яўр. нацыянальнасцей, што пражывалі ў СССР, аб іх эвакуацыі ў Польшчу і аб праве на выхад з польскага грамадзянства асоб рус., укр., бел., русінскай і літоўскай нацыянальнасцей, якія пражывалі на тэр. Польшчы, і аб іх выездзе ў СССР. Гэта пагадненне датычыла гал. чынам палякаў і яўрэяў, дэпартаваных у аддаленыя раёны СССР у 1939—41. Усяго ў Польшчу, паводле падліку бел. эмігранцкага гісторыка М.Волаціча, у 1944—49 пераселена 674 тыс. выхадцаў з бел. этнічнай тэрыторыі (з улікам Віленшчыны і тых, хто пераехаў з інш. краін), у т. л. 120 тыс. палякаў, 469 тыс. беларусаў (пераважна католікаў, якія падалі сваю нацыянальнасць як польскую), 85 тыс. яўрэяў. З Польшчы ў СССР за перыяд з вер. 1944 даснеж. 1946 перасялілася 518 219 чал., у т. л. ў БССР 35 961 чал. Кіраўніцтва БССР аддавала значную ўвагу пытанням перасялення. У 1944—46 на пасяджэннях бюро ЦККП(б)Б яны разглядаліся 16 разоў, прынята 5 сумесных пастаноў СНКБССР і ЦККП(б)Б. Парт.-дзярж. кіраўніцтва БССР неаднаразова звяртала ўвагу парт. і сав. органаў на сур’ёзныя недахопы ў правядзенні перасяленчай кампаніі, у т. л. на рэгістрацыю беларусаў-католікаў на выезд у Польшчу, факты безгаспадарнасці і бяздушныя адносіны да беларусаў, якія прыбывалі з Польшчы. Пасля заканчэння рэпатрыяцыі ў СССР засталося каля 680 тыс.т.зв. «забужанскіх» палякаў, у т. л. 250 тыс. жыхароў Беларусі. 25.3.1957 у Маскве падпісана пагадненне аб тэрмінах і парадку далейшай рэпатрыяцыі з СССР асоб польскай нацыянальнасці.
Сав. ўрад выказаў гатоўнасць садзейнічаць добраахвотнай рэпатрыяцыі палякаў, якія мелі сем’і ў Польшчы, а таксама тых, хто раней не змог скарыстацца правам на рэпатрыяцыю, сваякам рэпатрыянтаў у СССР.
Паводле дагавора паміж СССР і Польшчай аб сав.-польскай дзярж. граніцы ад 16.8.1945 сав. ўрад перадаў Польшчы са складу БССР Беластоцкую вобл. і частку Белавежскай пушчы. Ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобл. з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. Польскі бок перадаваў БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. Ад Беларусі была адрэзана тэрыторыя плошчай 14,3 тыс.км² з насельніцтвам каля 638 тыс.чал. (паводле польскага перапісу 1946). Дэмаркацыя граніцы завяршылася ў крас. 1947. Да 1955 бел.-польская граніца, паводле рашэнняў сав. ўрада, перасоўвалася на У 4 разы. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора былі зроблены без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў Беларусі, чые інтарэсы ён непасрэдна закранаў. Беларусь і Украіна не мелі дыпламат. адносін з замежнымі дзяржавамі. У 1945 сав. ўрад не падтрымаў прапанову польскага боку пра адкрыццё консульстваў Польшчы ў Кіеве, Мінску і Вільнюсе.
Пасля смерці Сталіна і прыходу да ўлады новага кіраўніцтва, асабліва пасля XX з’езда КПСС (1956) знешнепаліт. дыктат цэнтра ў адносінах да саюзных рэспублік аслабеў, пашырыліся магчымасці ўдзелу Беларусі ў міжнар. жыцці. У 1958 адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН у Нью-Йорку, у 1962 — пры Еўрап. аддзяленні ААН у Жэневе, пры ЮНЕСКА у Парыжы; пашырылася і кола спецыялізаваных устаноў ААН, у якія разам з СССР і Украінай уступіла Беларусь. У 1954 яна стала членам Міжнар. арг-цыі працы і ЮНЕСКА, у 1957 — МАГАТЭ, пачала ўдзельнічаць у праграмах тэхн. дапамогі ААН слабаразвітым краінам. Аднак для знешнепаліт. дзейнасці БССР было ўласціва прамаруджванне ў далучэнні да асобных міжнар. пактаў ці іх ратыфікацыі, неадпаведнасць рэсп. заканадаўства пэўным палажэнням міжнар. пактаў (асабліва па правах чалавека). У 1953 пры Савеце Міністраў БССР створана Упраўленне па замежным турызме. У 1955 Беларусь наведалі першыя групы іншаземных турыстаў, больш за 100 яе пасланцоў пабывалі за мяжой. Пачало функцыянаваць Бел. аддзяленне Усесаюзнай гандл. палаты. Аднак гандл. сувязі былі невялікія па памерах і асартыменце. Экспартныя пастаўкі з Беларусі ў гэты час уключалі 15—18 таварных пазіцый, большасць якіх прыпадала на сыравіну. Толькі з сярэдзіны 1950-х г. у экспарце павялічылася доля машын і абсталявання. Напр., Фінляндыя ў 1955 набыла 25 трактароў Мінскага з-да; у 1956 больш за 100 прадпрыемстваў рэспублікі пастаўлялі сваю прадукцыю ў 47 краін. Асн. частка прадукцыі бел. прадпрыемстваў накіроўвалася краінам — членам Савета Эканам. Узаемадапамогі (СЭУ), прыкладна 1/3 яе — усім астатнім дзяржавам.
З сярэдзіны 1950-х г. развіваліся сувязі прыгранічных, а пазней — і ўнутраных абласцей, краёў, гарадоў, раёнаў на аснове дагавораў аб супрацоўніцтве з аналагічнымі адм.-тэр. адзінкамі краін — членаў СЭУ. У 1956 Гродзенская і Брэсцкая вобл. першыя заключылі пагадненні з прыгранічнымі Беластоцкім і Люблінскім ваяв. Польшчы. Па лініі мясц. органаў улады новы імпульс набылі сувязі параднёных гарадоў СССР, у т. л. і БССР, і замежных дзяржаў. Першымі былі Мінск і Нотынгем (Вялікабрытанія), якія сталі пабрацімамі ў 1957. Актывізацыі міжнар. кантактаў насельніцтва садзейнічала стварэнне новых грамадскіх арг-цый. К-т маладзёжных арг-цый БССР, засн. ў 1958, наладзіў сувязі з саюзамі і аб’яднаннямі моладзі больш як 20 краін свету. Падтрымліваючы міжнар. рух прыхільнікаў міру, Бел.к-т абароны міру (засн. ў 1951) і працоўныя рэспублікі сталі ўдзельнікамі многіх акцый, што праводзіліся на тэр. рэспублікі: мітынгаў, міжнар. сустрэч, кангрэсаў. Пашырыліся функцыі і сац. база Бел.т-ва культурных сувязей з заграніцай (засн. ў 1952, у 1958 рэарганізавана ў Бел.т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі). Хоць сфера знешнепаліт. дзейнасці БССР (як і УССР) была шырэйшая, чым інш. саюзных рэспублік, але практычна ўсе пытанні адносін з замежнымі дзяржавамі, міжнар. арг-цыямі вырашаліся сав. урадам і саюзнымі органамі.
Расшырэнне правоў БССР. У першыя пасляваен. гады дзейнасць заканадаўчых органаў засяроджвалася найперш на адраджэнні нар. гаспадаркі рэспублікі. У гэтых умовах грамадзянскае права было скіравана на ўмацаванне дзярж. уласнасці, планавага пачатку ў нар. гаспадарцы, удасканаленне прававых форм эканам. сувязей паміж гасп. арг-цыямі. Напр., пытанні, звязаныя з устанаўленнем дагаворных адносін, урэгуляваны пастановай Савета Міністраў СССР ад 21.4.1949 «Аб заключэнні гаспадарчых дагавораў», дзе падкрэслівалася неабходнасць заключэння дагавораў, па якіх прадпрыемствы абавязваліся афармляць гасп. сувязі па пастаўках прадукцыі. З 1950 гэтыя дагаворы заключаліся ў нарматыўна ўстаноўленыя тэрміны.
Было некалькі пашырана права асабістай уласнасці. У адпаведнасці з указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Аб праве грамадзян на куплю і будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў» ад 26.8.1948, грамадзяне маглі купіць або пабудаваць 1 - ці 2-павярховы дом з 1—5 пакоямі. У сувязі з тым, што гэты дакумент устанаўліваў адзіную норму для ўсяго СССР, Прэзідыум Вярх. Савета БССР указам ад 4.3.1949 прыняў нормы Грамадзянскага кодэкса БССР аб праве грамадзян на куплю і будаўніцтва жылога дома. У вер. 1953 забаронена адм. высяленне грамадзян з ведамасных дамоў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам.
Адбыліся змены і ў грамадзянска-працэсуальным заканадаўстве. Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 24.7.1946 удакладнены правамоцтвы нар. судоў. З гэтага часу разгляду нар. суда падлягалі ўсе справы па спрэчках, што ўзнікалі з грамадзянскіх адносін: калі адным ці абодвума бакамі былі прыватныя асобы; дзярж. і грамадскіх арг-цый паміж сабой па камунальных паслугах; калгасаў паміж сабой і з дзярж. і грамадскімі арг-цыямі (акрамя зямельных спрэчак калгасаў), аб працоўных канфліктах рабочых і служачых. Адпаведныя змены ў 1955 унесены ў Грамадзянска-працэсуальны кодэкс. Цяпер па спрэчках паміж дзярж., каап. (акрамя калгасаў) і інш. грамадскімі арг-цыямі нар. суды разглядалі толькі справы, што вынікалі з дагавораў аб карыстанні камунальнымі паслугамі на суму больш за 100 руб., а з дагавораў перавозак — на суму ад 100 да 1000 руб.
На аснове пастановы Савета Міністраў БССР ад 8.4.1946 Дзярж. арбітраж рэспублікі праводзіў абследаванне і інструктаж мясц. органаў, інструктаваў ведамасныя арбітражы. Органы арбітражу ўзмацнілі барацьбу з парушэннямі фін., планавай і дагаворнай дысцыпліны ў дзейнасці гасп. арг-цый, паведамлялі Савету Міністраў, аблвыканкомам, мін-вам і ведамствам пра выяўленыя недахопы ў рабоце дзярж. органаў і прадпрыемстваў, уносілі прапановы па іх устараненні, у неабходных выпадках даводзілі да ведама органаў пракуратуры аб парушэннях закона для прыцягнення вінаватых да адказнасці.
Зямельнае права рэгулявалася рэсп. заканадаўствам і тычылася гал. чынам сферы с.-г. землекарыстання. З пач. узбуйнення дробных калгасаў у 1950 устаноўлена, што зямельныя ўгоддзі аб’яднаных с.-г. арцелей злучаюцца ў адзіны зямельны масіў. У сувязі з масавай калектывізацыяй сельскай гаспадаркі ў зах. абласцях Беларусі ўдакладнялася прававое рэгуляванне прысядзібнага землекарыстання калгаснікаў і сялян-аднаасобнікаў. У 1955 уведзены абавязковы дзярж. ўлік наяўнасці і размеркавання зямлі па ўгоддзях і землекарыстальніках, дзярж. рэгістрацыя ўсіх землекарыстанняў па адзінай агульнасаюзнай сістэме. Уліку падлягалі ўсе землі, якія знаходзіліся ў карыстанні калгасаў, саўгасаў, гарадоў і вёсак, дзярж., каап. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый, аднаасобных сял. гаспадарак і асобных грамадзян, а таксама землі дзярж. зямельнага запасу і дзярж. ляснога фонду.
Крымінальнае заканадаўства Беларусі значна ўзмацняла барацьбу з цяжкімі злачынствамі і павышала крымінальную адказнасць за іх учыненне, адначасова звужала сферу крымінальных рэпрэсій за дробныя правіннасці. Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 26.5.1947 адменена смяротная кара, а ў якасці вышэйшай меры пакарання прадугледжвалася зняволенне на 25 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Аднак 12.1.1950 смяротнае пакаранне адноўлена ў адносінах да здраднікаў радзімы, шпіёнаў і дыверсантаў, а ў 1954 пашырана і на асоб, што ўчынілі наўмысныя забойствы пры абцяжваючых абставінах. У 1950-я г. пачалося звужэнне сферы крымінальнай адказнасці. Так, у 1955 адменена крымінальная адказнасць за самавольны праезд у таварных цягніках, за продаж, абмен і водпуск на бок кіраўнікамі прадпрыемстваў і арг-цый абсталявання і матэрыялаў; у 1956 — у адносінах да рабочых і служачых за самавольнае пакіданне прадпрыемстваў і ўстаноў, прагул без уважлівай прычыны. 25.12.1958 Вярх. СаветСССР прыняў Асновы крымінальнага заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублік, у якім рэгламентаваліся найб. важныя пытанні сав. крымінальнага заканадаўства. Такім чынам, у пасляваенны перыяд заканадаўства развівалася ў рэчышчы ўмацавання пазіцый дзяржавы ва ўсіх сферах праваадносін. Галоўным у тагачаснай заканадаўчай палітыцы было аднаўленне нар. гаспадаркі і скасаванне шэрагу законаў ваен. часу.
У вер. 1946 Вярх. СаветБССР зацвердзіў 1-ы пасляваен. пяцігадовы план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі рэспублікі на 1946—50, а таксама ўказы Прэзідыума Вярх. Савета «Аб пераўтварэнні Савета Народных Камісараў БССР у Савет Міністраў БССР», «Аб утварэнні новых саюзна-рэспубліканскіх міністэрстваў» і інш. 9.2.1947 адбыліся выбары ў Вярх. СаветБССР, які адпаведна выбраў новы Прэзідыум Вярх. Савета, стварыў урад і Вярх. суд рэспублікі, рэдакцыйную камісію па ўнясенні змен і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларускай ССР, прыняў 55 розных актаў, у т. л. 15 законаў, 27 пастаноў па пытаннях фарміравання цэнтр. органаў дзярж. улады. У ліп. 1947 Вярх. Савет прыняў Закон «Аб змяненні і дапаўненні тэксту Канстытуцыі БССР», у адпаведнасці з якім за вышэйшымі органамі дзярж. улады замацавана права на прыняцце заканадаўства аб шлюбе і сям’і, зацвярджэнне справаздачы аб выкананні дзяржбюджэту БССР, унясенне ўдакладненняў у гарантыі правоў грамадзян на адпачынак, адукацыю і інш. Актыўную работу праводзіў Прэзідыум Вярх. Савета БССР, у складзе якога дзейнічалі канцылярыя Прэзідыума, прыёмная Старшыні Прэзідыума, а таксама аддзелы: інфармац.-статыстычны, юрыд., па ўліку і рэгістрацыі ўзнагароджаных, па падрыхтоўцы да разгляду хадайніцтваў аб памілаванні, фін.-гаспадарчы. На працягу 1946—55 ён кіраваў арганізац.-масавай работай мясц. Саветаў, зацвярджаў палажэнні аб выбарах, прымаў указы аб парадку іх правядзення, вырашаў пытанні адм.-тэр. падзелу ў рэспубліцы, ратыфікаваў міжнар. дагаворы, вырашаў міжнар.-прававыя пытанні і інш.
Пасля XX з’езда КПСС (лют. 1956) праца вышэйшых органаў дзярж. улады Беларусі актывізавалася. Прэзідыум Вярх. Савета стаў склікаць сесіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі — не радзей як 2 разы на год. У яго заканадаўчай дзейнасці пачала выяўляцца агульнасаюзная тэндэнцыя пашырэння правоў саюзных рэспублік у вырашэнні пытанняў гасп. і сац.-культ. будаўніцтва. Пашырыліся кантрольна-наглядная і гасп. функцыі Вярх. Савета БССР, створаны новыя камісіі: заканадаўчых прапаноў, па замежных справах, мандатная; у 1957 — па нар. адукацыі і культ.-асв. рабоце, ахове здароўя і сац. забеспячэнні, жыллёвым будаўніцтве, сельскай гаспадарцы. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР на кожнай сесіі Вярх. Савета новага склікання фарміраваўся склад урада — Савета Міністраў БССР. Гал. звёнамі яго апарату былі групы па галінах нар. гаспадаркі і сац.-культ. будаўніцтве (13 у 1949), 5 аддзелаў (арганізац.-інструктарскі, ваенны, прававы, кадраў, агульны) і сакратарыяты; у крас. 1949 арганізаваны групы па штатах і кантролі, у 1950 — па ўзнагароджанні перадавікоў сельскай гаспадаркі. У студз. 1955 у апараце Савета Міністраў БССР замест груп створаны 15 галіновых аддзелаў. 18.7.1955 апарат Савета Міністраў рэарганізаваны: галіновыя аддзелы скасаваны, замест іх створана рэферантура па мін-вах і ведамствах. У 1957 у краіне ажыццёўлена перабудова кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам. У адпаведнасці з Законам СССР ад 10.5.1957 «Аб далейшым удасканаленні арганізацыі кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам» з мэтай больш аператыўнага кіравання нар. гаспадаркай на Беларусі створаны эканам.-адм. раён, кіраўніцтва нар. гаспадаркай рэспублікі ад саюзна-рэсп. мін-ваў і ведамстваў перайшло да Савета нар. гаспадаркі БССР.
Асновай судовай сістэмы з’яўляліся нар. суды, на якія былі ўскладзены задачы па ахове сацыяліст. уласнасці, правоў і законных інтарэсаў грамадзян, умацаванні законнасці і правапарадку. На Беларусі нар. суды дзейнічалі ў кожным адм. раёне (горадзе), у буйных раёнах і гарадах стваралася некалькі ўчасткаў нар. судоў. У ліп. 1947 Савет Міністраў БССР зацвердзіў 262 участкі нар. судоў; да 1.11.1948 дадаткова створана 11 участкаў. Нар. суды разглядалі большасць крымінальных і грамадзянскіх спраў. Значна пашыраны паўнамоцтвы абласных судоў і Вярх. суда рэспублікі. У 1948 пры Вярх. судзе БССР створана калегія, якая разглядала справы аб дысцыплінарных парушэннях старшынь і членаў абласных судоў. У 1954 у Вярх. судзе ўтвораны прэзідыум, які ў парадку нагляду разглядаў крымінальныя і грамадзянскія справы па пратэстах Ген. пракурора СССР, Старшыні Вярх. Савета СССР, пракурора і старшыні Вярх. суда БССР на прыгаворы судовых калегій Вярх. суда БССР. 12.2.1957 Вярх. СаветСССР прыняў палажэнне аб Вярх. судзе СССР, паводле якога павышалася роля Вярх. судоў саюзных рэспублік у ажыццяўленні нагляду за разглядам спраў судамі рэспублік. У адпаведнасці з Палажэннем аб пракурорскім наглядзе ў кастр.—ліст. 1955 на Беларусі створаны міжраённыя пракуратуры, якія дзейнічалі на тэр. 2—3 адм. раёнаў. У канцы 1958 на Беларусі дзейнічалі раённыя, міжраённыя, гар. пракуратуры, пракуратура Мінска, абл. пракуратуры, пракуратура рэспублікі. Такім чынам, у пасляваен. перыяд заканадаўчая дзейнасць Вярх. Савета БССР і распарадчыя функцыі Савета Міністраў рэспублікі актывізаваліся. Але яны будаваліся на аснове заканатворчасці Саюза ССР. Суд і пракуратура выконвалі тыя пастановы, якія зыходзілі ад вышэйшых агульнасаюзных органаў: ЦККПСС, Вярх. Савета СССР, Вярх. суда СССР, Ген. пракуратуры СССР.
Літ.:
Купрэвіч В.Ф. Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1958;
Белорусская ССР в международных отношениях: Междунар. договоры, конвенции и соглашения Бел. ССР с иностр государствами (1944—1959). Мн., 1960;
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Белязо А.П. Беларуская вёска ў пасляваенныя гады. Мн., 1974;
Киселев К.В. Записки советского дипломата. М., 1974;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;
История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. Мн., 1976;
Снапковский В.Е. Белорусская ССР в ООН (1945—1985 гг.). Мн., 1985;
Яго ж. Путь Беларуси в ООН, 1944—45 гг.Мн., 1994;
Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі ў 1944—1953 гг.Мн., 1997;
Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1988;
На пороге кризиса: нарастание застойных явлений в партии и обществе. Мн., 1990;
Осипов А.Г. Крах административно-командной системы, М., 1990;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Яго ж. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000;
Нарысы гісторыі Беларусі, Ч. 2. Мн., 1995;
Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000;
Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 4—5. Мн., 2001—02;
История Беларуси. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.
Ю.Л.Грузіцкі (народная гаспадарка), І.І.Гвардзееў (грамадска-палітычнае жыццё, расшырэнне правоў БССР), А.Ф.Самусік (адукацыя, навука, культура), У.Е.Снапкоўскі (актывізацыя знешнепалітычнай дзейнасці БССР).
Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага завода: МАЗ-200 (уверсе) і 1-ы 40-тонны самазвал 1950.Сустрэча генеральнага сакратара ААН Д.Хамаршэльда ў Мінскім аэрапорце. Чэрвень 1956.