месца ў прыродным наваколлі, дзе ў пэўныя перыяды або пастаянна захоўваюць асобы рэжым гасп. дзейнасці і рэкрэацыі. Вылучаюць З.с., каб забяспечыць спрыяльныя ўмовы для існавання жывых арганізмаў або захаваць асобныя прыродныя ўчасткі ў практычна некранутым стане. Часовыя З.с. вылучаюць у межах паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў, зялёных зон, лесапаркаў і інш., асабліва ў месцах масавага размнажэння дзікіх жывёл. Ахоўны рэжым у іх з сярэдзіны вясны да сярэдзіны лета (т.зв. месяцы цішыні). Знаходжанне людзей, свойскай жывёлы, усе віды дзейнасці, якія могуць парушыць сезонныя рытмы жыцця дзікіх жывёл, забаронены. На тэр. запаведнікаў і нац. паркаў вылучаюцца пастаянныя зоны поўнага спакою (зоны абсалютнай запаведнасці), дзе забараняецца любое ўмяшанне чалавека ў прыродныя працэсы, усе віды гасп. дзейнасці (акрамя прысутнасці навук. супрацоўнікаў, занятых назіраннем за станам і дынамікай асяроддзя). З.с. таксаманаз. тэрыторыя, на якой устаноўлены рэжым найменшага або абсалютна мінім. тэхнагеннага ўздзеяння для стварэння ўмоў адпачынку людзей ці фізіятэрапеўт. лячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫ КАДА́СТР, Дзяржаўны зямельны кадастр,
сістэма дакументаў і неабходных звестак аб прававым рэжыме зямель, іх размеркаванні па ўласніках, землеўладальніках, землекарыстальніках і па катэгорыях зямель, а таксама аб якасных характарыстыках і нар.-гасп. каштоўнасці зямель, якія маюць абавязковае значэнне для ўсіх суб’ектаў зямельных адносін і зацверджаны спец. упаўнаважанымі дзярж. органамі. Гэтыя звесткі фарміруюцца ў выніку тапографа-геад., аэрафотагеад., глебавых, геабат. і інш. абследаванняў, аграметэаралагічных назіранняў, рэгістрацыі землеўладанняў, землекарыстанняў і прыватных зямельных участкаў, уліку і ацэнкі зямель. Парадак вядзення З.к. ўстанаўліваецца ўрадам. У Рэспубліцы Беларусь З.к. вядзецца за кошт сродкаў дзярж. бюджэту з мэтай забеспячэння дзярж. органаў, устаноў і інш. суб’ектаў гаспадарання дакладнымі звесткамі пра канкрэтны зямельны ўчастак, яго рацыянальнага выкарыстання і аховы, абгрунтавання памераў платы за зямлю і інш. У зямельным заканадаўстве вызначаны крыніцы інфармацыі, што ўключаюцца ў кадастр, формы кадастравай дакументацыі, перыядычнасць абнаўлення кадастравых звестак і інш. Службовыя асобы нясуць юрыд. адказнасць за дакладнасць звестак, якія знаходзяцца ў зямельна-кадастравай кнізе раёна (горада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЛЬМЕНЬ (паводле летапісу Ільмер, у старажытных славян — Славянскае мора),
возера на Прыільменскай нізіне, у Наўгародскай вобл. Расіі. Каля 18 м над узр. м. Сярэдняя пл. 982 км² (у залежнасці ад узроўню вады мяняецца ад 733 км² да 2090 км²). Даўж. каля 45 км, шыр. да 35 км, глыб. да 10 м. Берагі нізінныя, забалочаныя, зах. і паўд.-зах. дасягаюць выш. 6 м. Упадае каля 50 рэк, у т. л. Мста, Пала, Ловаць, Шалонь; выцякае р. Волхаў. Ваганні ўзроўню вады ад 2,3 м (у сак.) да 5,8 м (у маі). Пры нізкіх узроўнях знаходзіцца ў падпоры плаціны Волхаўскай ГЭС. Ледастаў з кастр. да красавіка. У возеры шмат арган. рэчываў, вада мае жаўтаватую афарбоўку. Рыбалоўства (лешч, сняток, мянтуз, шчупак). Суднаходства. Цераз р. Мста, Прыільменскі канал і р. Волхаў І. звязана з Вышневалоцкай воднай сістэмай. У 9—12 ст. цераз І. ішоў водны гандл. шлях «з варагаў у грэкі», а таксама на Волгу. За 6 км ад І. на берагах р. Волхаў г. Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНІТЭ́Т РАСЛІ́Н,
неўспрыімлівасць раслін да ўзбуджальнікаў хвароб, шкоднікаў і прадуктаў іх жыццядзейнасці. Заснавальнік вучэння аб І.р. сав. біёлаг М.І.Вавілаў. Адрозніваюць І.р. структурны (мех.; залежыць ад марфал. асаблівасцей расліны-гаспадара, напр., густое апушэнне парасткаў) і хімічны (абумоўлены хім. асаблівасцямі, шкоднымі для паразіта). Вылучаюць 2 формы І.р.: сартавы і відавы (радавы), напр., гібрыд яравой пшаніцы № 21 устойлівы да большасці рас бурай іржы (сартавы), бульба наогул не пашкоджваецца ёй (відавы). Адрозніваюць таксама І.р. прыродны (прыроджаны) і набыты (штучны). Прыродны ўзнікае і замацоўваецца ў працэсе эвалюц. развіцця раслін; бывае пасіўны (існуе незалежна ад таго, трапляе ўзбуджальнік хваробы або паразіт на расліну ці не) і актыўны (уласцівасць расліны процістаяць узбуджальніку або шкодніку, якая выяўляецца і актывізуецца толькі пры пападанні на расліну). Набыты І.р. узнікае пасля перанясення раслінай хваробы ці ў выніку ўвядзення ў расліну аслабленай або знішчанай культуры ўзбуджальніка, пры ўжыванні антыбіётыкаў, інгібітараў росту. На выкарыстанні І.р. заснавана селекцыя раслін, устойлівых да хвароб і шкоднікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКТЫ́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
1) у электратэхніцы — процідзеянне пераменнаму току з боку індуктыўных элементаў ланцуга (напр., індуктыўнасці шпулі). Калі элемент ланцуга характарызуецца толькі індуктыўнасцю L, выражаецца формулай Xl = ωL, дзе ω — цыклічная частата; адзінка І.с. ў СІ — ом.
З-за з’явы электрамагнітнай індукцыіэл. энергія двойчы за перыяд ваганняў перадаецца ад крыніцы магн полю шпулі і двойчы вяртаецца ў крыніцу току. У радыётэхніцы І.с. часта ўзнаўляецца з дапамогай фазавярчальнікаў. Адзін і той жа элемент паводзіць сябе па-рознаму ў розных дыяпазонах частот. Напр., вагальны контур пры частотах, меншых за рэзанансную, паводзіць сябе як І.с., пры большых — як ёмістаснае. Гл.таксамаОма закон, Электрычнае супраціўленне.
2) У аэрадынаміцы — частка аэрадынамічнага супраціўлення (гл.Гідрадынамічнае супраціўленне) крыла лятальнага апарата, абумоўленая завіхрэннямі паветра, восі якіх пачынаюцца на крыле і накіраваны ўніз па патоку. Віхры ўзнікаюць з-за перацякання паветра ў канцах крыла з вобласці пад крылом у вобласць над крылом. У выніку вектар пад’ёмнай сілы крыла адхіляецца ад вертыкалі. У крылаў з бясконцым размахам І.с. адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАСЦЬ,
непаўторная своеасаблівасць якой-н. з’явы, асобнай істоты, чалавека; процілегласць агульнага, тыповага. Узнікненне ідэі І. звязана з распрацоўкай стараж.-грэч. філосафамі Леўкіпам і Дэмакрытам паняцця «атам», што азначала самыя дробныя, непадзельныя адзінкі быцця, якія маюць пэўную «форму» і «становішча», г. зн. выступаюць як І. Разуменне І. як асобнай істоты закладзена Сенекам; у сярэдневяковай схаластыцы яно абмяжоўвалася толькі чалавечай асобай. Культ І., што пераходзіў у індывідуалізм, характэрны для эпохі Адраджэння, калі І. асобнага чалавека супрацьпастаўлялася традыц. грамадскім сувязям. Найб. поўнае развіццё ідэя І. набыла ў вучэнні Г.Лейбніца аб манадах. Паняцце «І.» характэрна таксама для рамантызму і філасофіі жыцця. У псіхалогіі І. характарызуе своеасаблівасць псіхікі і асобы індывіда, яе непаўторнасць. І. рэалізуецца індывідам праз паводзіны ў сітуацыях зносін з інш. людзьмі і праз культываванне ім розных здольнасцей у працэсе дзейнасці.
Літ.:
Голубева Э.А. Способности и индивидуальность. М., 1993;
Коломиец В.П. Становление индивидуальности: Социал. аспект. М., 1993;
Мерлин В.С. Психология индивидуальности. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС КО́ШТУ ЖЫЦЦЯ́,
адносны паказчык, які разлічваецца з улікам змянення кошту фіксаванага «спажывецкага кошыка» або як сярэднеарыфметычная ўзважаная велічыня з індэксаў рознічных цэн на тавары і паслугі і фактычнай структуры расходаў насельніцтва. Адзінкай стат. ўліку з’яўляецца сям’я. У структуру яе расходаў уключаюць прадукты харчавання, адзенне, абутак, тавары працяглага карыстання, паліва, электраэнергію, камунальныя і трансп. паслугі, мед. абслугоўванне, адукацыю і інш. Вага І.к.ж. вызначаецца шляхам бюджэтных абследаванняў структуры спажывецкіх расходаў, якія робяць з дапамогай мэтанакіраваных або выпадковых адбораў. Метады вызначэння складу спажывецкіх набораў у розных краінах адрозніваюцца. У большасці краін пры пабудове І.к.ж. выкарыстоўваюць пастаянныя вагі, якія дзейнічаюць працяглы час. Прымаючы пад увагу іх недахопы, некат. краіны (напр., Вялікабрытанія, Францыя і інш.) перайшлі да неперарыўнага абследавання бюджэтаў сем’яў і злічэнні на гэтай падставе ланцуговых І.к.ж. з бягучымі вагамі. У шэрагу краін акрамя агульнага індэкса разлічваюцца індэксы розных груп насельніцтва (пенсіянераў, з малым, сярэднім даходамі і інш.). Гл.таксамаІндэкс цэн, Індэкс узроўню жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЛЬНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці, спосабы вылічэння і дастасаванні інтэгралаў. Асн. паняцці: нявызначаны інтэграл і вызначаны інтэграл. Разам з дыферэнцыяльным злічэннем складае курс матэм. аналізу (ці аналізу бясконца малых).
І.з. ўзнікла з задач на вызначэнне плошчаў і аб’ёмаў. Найб. блізка да сучаснага разумення інтэгравання падышоў Архімед (3 ст. да н.э.). Стваральнікі І.з. І.Ньютан і Г.Лейбніц незалежна адзін ад аднаго пабудавалі інтэгральнае і дыферэнцыяльнае злічэнні і ўстанавілі іх узаемную абарачальнасць. Далейшае развіццё І.з. звязана з працамі Л.Эйлера, А.Кашы, Б.Рымана, А.Лебега, Т.І.Стылцьеса, А.М.Калмагорава і інш. Вылічэнне інтэгралаў (гл.Інтэграванне) толькі ў рэдкіх выпадках выконваецца непасрэдна па формулах (напр., шляхам абарачэння формул дыферэнцавання) — некат. інтэгралы нават ад параўнальна простых функцый нельга выразіць праз элементарныя, напр., інтэграл імавернасці. І.з. служыць крыніцай узнікнення новых (трансцэндэнтных) функцый (інтэгральнага сінуса, інтэгральнага лагарыфма і інш.). Для такіх функцый створаны табліцы значэнняў. Гл.таксамаГрафічныя вылічэнні, Набліжанае інтэграванне, Лікавыя метады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ СВЯТЛА́,
прасторавае пераразмеркаванне энергіі светлавога выпрамянення пры накладанні дзвюх ці больш дапасаваных па фазе светлавых хваль (гл.Кагерэнтнасць); асобны выпадак інтэрферэнцыі хваль. Выніковыя ваганні ў вобласці перакрыцця аслабляюцца ці ўзмацняюцца. Выкарыстоўваецца ў спектраскапіі, метралогіі, крышталяграфіі і мінералогіі (інтэрферэнцыя палярызаванага святла), на І.с. заснаваны галаграфія, прасвятленне оптыкі і інш.
Некаторыя з’явы І.с. назіраў яшчэ І.Ньютан; тлумачэнне далі А.Фрэнель і Т.ЮнгНайб. часта адбываецца І.с., якая характарызуецца стацыянарнай (устойлівай у часе) інтэрферэнцыйнай карцінай — рэгулярным чаргаваннем абласцей павышанай і паніжанай інтэнсіўнасці святла, напр., вясёлкавая афарбоўка тонкіх масляных плёнак на паверхні вады. Калі зыходныя светлавыя хвалі маюць складаны спектр (напр., сонечнае святло), атрымліваецца каляровая карціна. Размяшчэнне і форма палос залежаць ад геам. формы крыніц святла і ад ступені кагерэнтнасці выпрамененых хваль. Для атрымання інтэрферэнцыйнай карціны ад выпрамянення адной крыніцы яго дзеляць на 2 (ці больш) пучкі, якія павінны да сумяшчэння прайсці розную адлегласць ці распаўсюджвацца ў асяроддзях з рознымі паказчыкамі пераламлення. Гл.таксамаІнтэрферометр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Мацвей Фёдаравіч) (1738, Масква — 7.11.1812),
рускі архітэктар, адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў арх. школе Дз.Ухтамскага (1751—60). Упершыню ў Расіі распрацаваў і ажыццявіў канструкцыі купалоў вял. дыяметра для палацавых і грамадскіх збудаванняў. Сярод работ: Сенат (1776—87), ун-т (1782—93, пасля пажару 1812 перабудаваны Дз.Жылярдзі), Галіцынская бальніца (1796—1801), дамы-сядзібы Дзямідава (1779—91), Губіна (1790-я г.), цэрквы Піліпа Мітрапаліта (1777—88), Ушэсця (1790—93) — усе ў Маскве. У пабудовах рамант. кірунку пакідаў класічную аснову, для аздаблення фасадаў выкарыстоўваў дэкар. элементы стараж.-рус. архітэктуры (Пятроўскі палац у Маскве, 1775—82; цяпер Ваенна-паветр. акадэмія). Выдатны майстар інтэр’ера: зала шляхетнага сходу, Круглая зала ў будынку Сената, «залатыя пакоі» дома Дзямідава. У 1800—04 кіраваў складаннем планаў Масквы, стварыў серыі арх. альбомаў. Працаваў таксама ў графіцы. У 1792 арганізаваў арх. школу пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва.
Літ.:
Власюк А.И., Каплун А.И., Кипарисова А.А.Казаков. М., 1957.