МЕТРАПАЛІТЭ́Н (франц. métropolilain ад грэч. metropolis галоўны горад, сталіца),
метро, від рэйкавага электрычнага пасаж. транспарту. У вял. гарадах з насычаным вулічным рухам пракладваецца пад зямлёй (у тунэлях), часам на паверхні і на эстакадах. Вызначаецца вял. правознай здольнасцю (да 60 тыс. пасажыраў за гадзіну ў адным напрамку), высокай эксплуатацыйнай скорасцю (да 100 км/гадз, з улікам прыпынкаў да 45—48 км/гадз), рэгулярнасцю руху.
Асн. збудаванні і абсталяванне М.: станцыі (калоннага або пілоннага тыпаў, а таксама аднаскляпеністыя), якія ўключаюць пасаж. платформы, падземныя або надземныя вестыбюлі, пераходы, перасадачныя вузлы, эскалатары (часам пад’ёмнікі ліфтавага тыпу ўмяшчальнасцю да 130 чал.); перагонныя тунэлі неглыбокага (да 15 м ад паверхні зямлі) і глыбокага (да 30—35 м) залажэння з рэйкавымі пуцямі (у М. краін СНД шырынёй 1520 мм); рухомы састаў (поезд з 3—8 вагонаў умяшчальнасцю да 270 пасажыраў кожны); кабельная і кантактная сетка з цягавымі і паніжальнымі трансфарматарнымі падстанцыямі; вентыляцыйныя, дрэнажныя і асвятляльныя прыстасаванні; дэпо і інш. Паязды прыводзяцца ў рух электрарухавікамі пастаяннага току, якія сілкуюцца праз слізгальныя токапрыёмнікі з кантактных рэек (напружанне ў кантактнай сетцы ад 600 да 1500 В, у М. краін СНД — 825 В). Будуюць М. закрытым і адкрытым спосабамі. Пры закрытым спосабе праходка тунэляў робіцца горным або шчытавым метадам; пры адкрытым распрацоўваецца катлаван, у якім робяць тунэль са зборных жалезабетонных або метал. элементаў (цюбінгаў), маналітнага бетону і жалезабетону. Выкарыстоўваюць спец. спосабы вядзення работ: штучнае замарожванне грунтоў, водапаніжэнне, метад «сцяна ў грунце» і інш. Каб у М. не трапляла вада, робяцца неабходная гідраізаляцыя і водаадвод.
У замежнай практыцы буд-ваМ., за рэдкім выключэннем (напр., афармленне ўваходаў у парыжскі М. у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар), пераважае утылітарны падыход да арх. вырашэння. З 2-й пал. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць новыя канструкцыі, буд. і аддзелачныя матэрыялы, сродкі рэкламы і візуальнай інфармацыі, станцыі набылі маст. афармленне. У б.сав. гарадах М. ствараўся як прасторава працяглы арх. комплекс манум. збудаванняў вял. грамадскай значнасці. Архітэктары імкнуліся стварыць камфартабельныя ўмовы для пасажыраў, надаць кожнай станцыі індывід. аблічча. У афармленні станцый і наземных вестыбюляў М. (часта тэматычным) выкарыстоўвалі мазаіку, жывапіс, скульптуру, дэкар.-прыкладное мастацтва. У 1950—60-я г. ў буд-ве М. ўкаранялася уніфікацыя аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў і канструкцый; індывідуалізацыя дасягалася разнастайнасцю матэрыялаў, іх колеру і фактуры, розных сістэм асвятлення. У 1970—90-я г. на новай канструктыўнай аснове працягваюцца лепшыя традыцыі тэматычнага і маст. афармлення станцый М., пашыраны сінтэз мастацтваў.
Першы М. (3,6 км) пабудаваны ў Лондане (1863), потым у Нью-Йорку (1868), Будапешце (1896), Вене (1898), Парыжы (1900), Берліне (1902), Буэнас-Айрэсе (1913), Мадрыдзе (1919), Токіо (1927) і інш. Першая лінія Маскоўскага М. пачала дзейнічаць у 1935. Пабудаваны і дзейнічаюць М. у Санкт-Пецярбургу (з 1955), Кіеве (з 1960), Тбілісі (з 1966), Баку (з 1967), Харкаве (з 1972), Ташкенце (з 1977), Ерэване (з 1981), Мінску (з 1984; гл.Мінскі метрапалітэн), Ніжнім Ноўгарадзе (з 1985), Новасібірску (з 1985), Самары (з 1987) і інш.Найб. працяглы (больш за 400 км) М. у Нью-Йорку (40 ліній; 490 станцый), самы заглыблены (больш за 100 м) — у Пхеньяне. М. маюць каля 50 гарадоў у больш чым 30 краінах.
Літ.:
Лиманов Ю.А. Метрополитены. 2 изд. М., 1971;
Тоннели и метрополитены. М., 1989.
С.Л.Сергачоў (архітэктура), В.А.Ярмоленка.
Метрапалітэн: а — станцыя пілоннага тыпу з абліцоўкай жалезабетоннымі цюбінгамі; б — станцыя калоннага тыпу з павялічаным пралётам сярэдняй залы; в — схема электрасілкавання кантактавай рэйкі (1 — кабелі сілкавання трэцяй рэйкі, 2 — цягавая падстанцыя, 3 — зваротны кабель ад хадавых рэек, 4 — сілавыя кабелі, 5 — трэцяя рэйка, 6 — хадавая рэйка).Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Камсамольская-кальцавая» ў Маскве. 1952. Арх. А.Шчусеў і інш.Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску. 1984. Арх. М.Пірагоў, А.Зензін, маст. В.Чурыла, С.Сакалоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУГ,
прылада для асноўнай апрацоўкі глебы — ворыва. Бываюць: агульнага прызначэння — для ўзворвання глебы на глыб. 20—35 смз абаротам пласта (адвальныя П.) і без абароту (безадвальныя); спецыяльныя — для спец. апрацоўкі глебы ці звычайнай у асаблівых умовах (плантажныя, балотныя, балотна-хмызняковыя, ярусныя, садовыя, вінаградныя, лясныя, П. для пескавання тарфянікаў і інш.).
Паводле віду цягі П. падзяляюцца на трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), канатныя (выкарыстоўваюцца ў цяпліцах, на горных схілах) і конныя; паводле тыпу рабочых органаў — на лямешныя (з суцэльнаадвальнымі, пласціністымі і выразнымі карпусамі) і дыскавыя. Асн. вузлы найб. пашыраных лямешных трактарных П. — рабочыя органы (карпусы, перадплужнікі, глебапаглыбляльнікі, дыскавыя і тронкавыя нажы), механізмы рэгулявання глыбіні ўзворвання, навясное, аўтасчэпнае або прычэпнае прыстасаванні. Карпусы маюць рабочую паверхню культурнага, паўвінтавога ці вінтавога тыпу; складаюцца з лемяша, адвала, палявой дошкі, стойкі. Перад кожным корпусам ставіцца перадплужнік, перад заднім — дыскавы нож. Перадплужнік зразае верхні слой глебавага пласта і скідвае яго на дно баразны; нож падразае бок пласта перад корпусам; глебапаглыбляльнік разрыхляе падворыўны слой (ніжэй лемяша) без вынасу яго на паверхню; лямеш падразае глебавы пласт, а адвал крышыць яго і пераварочвае ў суседнюю баразну; дыскавы нож каля задняга корпуса адразае пласт, пакідаючы неабрушаную сценку і чыстую баразну. Для апрацоўкі глебы на глыб. да 18 см выкарыстоўваюць П.-лушчыльнікі (гл.Лушчыльнік), на глыб. 40—80 см (плантаж глебы пад садовыя і лясныя насаджэнні, вінаграднікі) — плантажныя (звычайна аднакорпусныя). Для звальна-развальнага ворыва выкарыстоўваюць П. з праваабарачальнымі карпусамі, для гладкага ворыва (без грабянёў і барознаў) — абаротныя (маюць права- і леваабарачальныя карпусы на агульнай раме), клавішныя (абсталяваны секцыямі права- і леваабарачальных карпусоў, якія працуюць папераменна) і чаўночныя (секцыі права- і леваабарачальных карпусоў навешваюцца спераду і ззаду трактара; агрэгат працуе ўпоперак схілу чаўночным спосабам, секцыі ўключаюцца папераменна). Лямешныя П. агульнага прызначэння выпускаюцца з 1—9 карпусамі для агрэгатавання з колавымі і гусенічнымі трактарамі. Ярусныя П. маюць 3 ці 4 секцыі карпусоў у верхнім і ніжнім ярусе (або ў 3 ярусах); прызначаны для паслойнага ворыва глебы на глыб. да 45 смз перамяшчэннем глебавых слаёў (для карэннага паляпшэння падзолістых і саланцовых глеб; гл.Глебапаглыбленне). Дыскавыя П. замест карпусоў з лемяшамі маюць пастаўленыя пад вуглом сферычныя дыскі, выкарыстоўваюцца пераважна для першаснай апрацоўкі глебы з драўніннымі рэшткамі, пераўвільготненых цяжкіх камяністых глеб (гл.Дыскаванне). Для паляпшэння якасці апрацоўкі глебы выпускаюцца П. з ротарнымі адваламі (добра пераварочваюць і рыхляць пласт на павышаных скарасцях) і ратацыйныя.
П. — найб.стараж. глебаапрацоўчая прылада, вядома з 2-га тыс. да н.э. (Вавілонія, Стараж. Егіпет і інш.). Вырабляўся з дрэва, меў дышаль для запрагання жывёл. Рабочы орган — лямеш, замацоўваўся нахілена (саха) ці гарызантальна (уласна П). У 1-м тыс. да н.э. з’явіліся П. з жалезным лемяшом; у Стараж. Рыме вынайдзены перадок на колах, які дазваляў рэгуляваць глыбіню ворыва; выкарыстаны нож, размешчаны перад лемяшом для разразання глебы, і дошкі-адвалы. З 17 ст. пачалося развіццё сучаснага тыпу П. Першыя метал. конныя П. з’явіліся ў канцы 18 ст. Заводская вытв-сць у Расіі пачалася ў 1802, П. змех. цягай — пасля 1917, серыйных трактарных у СССР — у 1925 (у Адэсе).
На тэр. Беларусі для ворыва з часоў жал. веку выкарыстоўвалася драўлянае рала (з 8—9 ст. мела метал. наральнікі), з 10—11 ст. драўляная сахазметал. сашнікамі, з канца 19 ст. — метал. П. Сучасныя 2- і 3-карпусныя трактарныя, а таксама конныя П. выпускае з-д «Лідсельмаш».
В.М.Кандрацьеў.
Плугі — тыпы карпусоў; а — скарасны (1 — лямеш, 2 — адвал); б — паўвінтавы (1 — пятка, 2 — палявая дошка, 3 — пяро); в — безадвальны (1 — палявая дошка, 2 — пашыральнік); г — выразны (1—2 — ніжні і верхні лемяшы); д — ратацыйны (1 — ратацыйны рыхліцель, 2 — корпус, 3 — пад’ёмныя лапаткі); е — культурны (1 — глебапаглыбляльнік, 2 — стойка).Плугі: а — конны 19 ст. (1 — рэгулятар глыбіні ворыва, 2 — нож, 3 — лямеш, 4 — адвал); б — трактарны прычапны (1 — вінтавы механізм палявога кола, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); в — навясны (1 — аўтасчэпка, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); г — дыскавы (1 — чысцік, 2 — дыск, 3 — перадплужнік); д — навясны абаротны (1, 2 — права- і леваабарачальныя карпусы, 3 — леваабарачальны перадплужнік, 4 — навеска); е — трох’ярусны (1—3 — задні, сярэдні і пярэдні карпусы, 4 — чаранковы нож); ж — лясны завода «Лідсельмаш» (1 — корпус, 2 — шчокі для падвескі, 3 — дыск); з — для пескавання тарфянікаў канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — перадплужнік, 2 — корпус).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́ННІК,
прылада для вымярэння часу. Бываюць: сонечныя, вадзяныя, пясочныя, агнявыя, механічныя, электрычныя (гл.Электрычны гадзіннік), камертонныя, электронныя (гл.Кварцавы гадзіннік), атамныя (гл.Квантавы гадзіннік), наручныя, кішэнныя, настольныя, насценныя, вежавыя (напр., куранты), спецыяльныя (секундамеры, хранометры, шахматныя, праграмныя, радыёмаячныя, падводныя і інш.). Да «прылад часу» адносяць таксама таймер, рэле часу, хранограф і інш. У астр. даследаваннях выкарыстоўваюцца гадзіннікі астранамічныя.
Сонечныя гадзіннікі вядомы з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Вавілон), наз.гноман. Мелі стрыжань ці пласціну, цень ад якіх падала на канічны або плоскі цыферблат. У Вавілоне выкарыстоўвалі і вадзяны гадзіннік — пасудзіну са шкалой, у якую раўнамерна паступала (або з якой выцякала) пэўная колькасць вады за пэўныя адрэзкі часу. Такія гадзіннікі былі пашыраны ў стараж. Егіпце, Іудзеі, Грэцыі, Кітаі і інш. Каля 150 да н.э.грэч. механік Ктэсібій стварыў вадзяны паплаўковы гадзіннік — прататып гадзінніка, што выкарыстоўваўся да 18 ст. Сонечныя гадзіннікі (у т. л. ў выглядзе вял. збудаванняў) выкарыстоўвалі ў абсерваторыях Усходу і Індыі амаль да 17 ст. Пераносныя сонечныя гадзіннікі былі пашыраны ў Еўропе ў 16 ст. У 1736 у Нясвіжы (Беларусь) напісаны на лац. мове курс пра выраб сонечных гадзіннікаў розных канструкцый. Пясочны гадзіннік рабілі з дзвюх (часам цэлай сістэмы) лейкападобных пасудзін, праз звужэнне паміж якімі высыпаўся пясок. Яго шырока выкарыстоўвалі ў мараплаўстве (т.зв. «карабельныя склянкі»), у медыцыне (ім карыстаюцца і цяпер). Для адліку больш працяглых прамежкаў часу служылі (асабліва ў Кітаі) агнявыя гадзіннікі. Гэта былі лямпы з пэўнай колькасцю алею (маглі гарэць суткамі), канструкцыі (напр., спіралі) з пруткоў спец. саставу (маглі раўнамерна гарэць месяцамі), спец. свечкі з меткамі. Звесткі пра механічныя гадзіннікі вядомы з візантыйскіх рукапісаў 578. Першы мех. вежавы гадзіннік пабудаваны ў Мілане ў 1335, у Расіі — у 1404 (на Спаскай вежы Крамля). У 14 ст. створаны мех. гадзіннік са шпіндэльным спускам (меў дакладнасць ходу 0,5 гадз за суткі). Такія гадзіннікі былі надзейныя і праіснавалі да канца 19 ст. Каля 1510 замест гір упершыню ўжыта спружына і створаны кішэнны мех. гадзіннік (Германія). У 1675 у Англіі вынайдзены кручковы механізм — разнавіднасць анкернага спускавога механізма (гл.Анкер), які выкарыстоўваюць і ў цяперашніх ходзіках. Вынаходнік Х.Гюйгенс стварыў мех. гадзіннік з маятнікавым (1657, гл.Маятнік) і балансірным (1675, гл.Балансір) рэгулятарам, з анкерна-якарным спускам (1659). Гадзіннік з біметал. балансірам сканструяваў І.П.Кулібін (1767). З 2-й пал. 19 ст. стаў пашыраны свабодны анкерны ход, які выкарыстоўваецца і ў сучасных наручных і кішэнных гадзінніках. З канца 17 ст. ў кішэнных гадзінніках устанаўліваюць мінутныя стрэлкі, з 1760 — і секундныя. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Швейцарыі створаны матэрыялы (інвар — для маятнікаў, элінвар — для спіралей), якія практычна ліквідавалі тэмпературныя ўздзеянні на ход мех. гадзіннікаў. У пач. 20 ст. з’явіліся электрагадзіннікавыя сістэмы. У 1920—60-я г. распрацаваны асабліва дакладныя гадзіннікі: камертонныя (у іх выкарыстоўваецца эфект ваганняў камертона), кварцавыя (ваганне кварцавай пласціны), атамны (ваганне атамаў); іх дакладнасць адпаведна 10−1, 10−4, 10−8 с/сут. Сучасныя мех. гадзіннікі маюць: рухавік (спружына, гіра), сістэму колаў, ход або спускавы механізм, рэгулятар, механізмы заводкі і стрэлачны; могуць мець прыстасаванні, якія паказваюць даты месяца і дні тыдня, проціўдарныя, аўтам. падзавод і інш.
На Беларусі унікальным помнікам сярэдневяковай тэхнікі з’яўляецца вежавы гадзіннік касцёла езуітаў у Гродне, створаны ў 2-й пал. 17 ст. Гэта найстарэйшы маятнікавы гадзіннік з вядомых на тэр. СНД. У яго механізме выкарыстаны анкерны ход, які ажыццяўляецца пад дзеяннем грузу (60 кг), што апускаецца з вышыні 15 м за 36 гадз. Першая ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка пабудавана ў 1789 у в. Беражань Горацкага павета (гл.Беражанская гадзіннікавая мануфактура). Масавая вытв-сць наручных гадзіннікаў у СССР пачалася ў 1930, на Беларусі — у 1956 (гл.Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень»). З 1975 мінскі з-д «Электроніка» выпускае электронныя наручныя гадзіннікі з лічбавай індыкацыяй на вадкіх крышталях; СКБ «Няміга» распрацоўвае гэтыя гадзіннікі і ажыццяўляе іх серыйнае асваенне; электронныя гадзіннікі выпускае таксама пінскі з-д «Камертон» (з-ды і бюро ўваходзяць у НВА«Інтэграл»). Дэталі да гадзіннікаў пастаўляе Віцебскі з-д гадзіннікавых дэталей.
Літ.:
Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;
Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;
Шполянский В.А., Чернягин Б.М. Электрические приборы времени. М., 1964;
Мясников Л.Л., Булыгин А.С. Атомные часы и система времени. Л., 1972.
У.М.Сацута.
Узоры сучасных (2-я пал. 1990-х г.) наручных гадзіннікаў.Старажытныя гадзіннікі: а — экватарыяльны сонечны; б — гарызантальны сонечны; в — агнявы, з гаручай спіраллю; г — агнявы масляны (час вызначаўся па ўзроўні масла); д — вадзяны, або клепсідра (1 — паплавок, 2 — лейка з вадой, 3 — стопар для рэгулявання патоку вады); е — камплект з чатырох пясочных гадзіннікаў.Схема сучаснага наручнага механічнага гадзінніка: 1 — завадны вал; 2 — завадны рычаг; 3 — спружына заваднога рычага; 4, 6, 7, 8, 9 — колы (барабаннае, псеўдацэнтральнае, прамежкавае, секунднае, анкернае); 5 — барабан са спружынай; 10 — анкерная вілка; 11 — балансір; 12, 13, 14, 15 — колы (фрыкцыйнае, гадзіннае, вэксальнае, пераводнае); 16 — муфта; 17 — завадны трыб; 18 — пераводны рычаг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАТАКСА́ЦЫЯ (ад аэра... + лац. taxatio ацэнка),
колькасная або якасная ацэнка раслінных рэсурсаў (пераважна лясных) з лятальных апаратаў. Робіцца вакамерным іх вызначэннем або аэрафотаздымкай з наступнай апрацоўкай і аналізам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎКІ,
тып азяродаз вертыкальна ці нахілена пастаўленых адна да адной жэрдак з абрубкамі сукоў. Пашыраны ў цэнтр. раёнах Беларусі. Служаць для дасушвання збажыны, сена, бульбоўніку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКАНІ́ДЫ,
метэорны патокз радыянтам у сузор’і Дракона, звязаны з каметай Джакабіні-Цынера. Назіраецца штогод 9—10 кастрычніка. У 1933 і 1946 Д. далі асабліва вял. метэорныя дажджы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́НІК,
у беларусаў пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім пры мыцці перылі (пралі) бялізну, палотны пры адбельванні; ім таксама абівалі лён, проса. Вядомы з 11—12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭКТУСА́Н,
кіт.Байтаўшань, вулкан на Пн КНДР, каля мяжы з Кітаем, найвыш. пункт Маньчжура-Карэйскіх гор (2750 м). Складзены з трахітаў і белай пемзы. Апошняе вывяржэнне ў 1898.