ВАРЫЯЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫ́НЦЫПЫ МЕХА́НІКІ,

матэматычныя суадносіны, якія вылучаюць сапраўдны рух ці стан мех. сістэмы з усіх кінематычна магчымых (не забароненых накладзенымі на сістэму сувязі). Выражаюцца роўнасцямі, куды ўваходзяць варыяцыі каардынат, скарасцей і паскарэнняў пунктаў сістэмы (гл. Варыяцыйнае злічэнне). Даюць магчымасць атрымаць ураўненні і заканамернасці руху (або стану раўнавагі) сістэмы з аднаго агульнага палажэння і вызначыць пэўныя фіз. ўласцівасці, што характарызуюць сапраўдны рух (або ўмовы раўнавагі) сістэмы. Выкарыстоўваюцца ў механіцы суцэльных асяроддзяў, тэрмадынаміцы, эл.-дынаміцы, квантавай механіцы, тэорыі адноснасці і інш.

Варыяцыйныя прынцыпы механікі падзяляюцца на дыферэнцыяльныя і інтэгральныя. Дыферэнцыяльныя характарызуюць уласцівасці сапраўднага руху сістэмы ў кожны момант часу. Прыдатныя да сістэм з любымі галаномнымі і негаланомнымі сувязямі (гл. Сувязі механічныя). Найб. агульны прынцып статыкі несвабодных мех. сістэм — прынцып віртуальных (магчымых) перамяшчэнняў: для раўнавагі мех. сістэмы з ідэальнымі сувязямі сума элементарных работ усіх актыўных сіл пры розных магчымых перамяшчэннях роўная нулю ( ∑ k = 1 n F→ ∙ δ rk = 0 ) . Інтэгральныя варыяцыйныя прынцыпы механікі характарызуюць уласцівасці руху сістэмы за канечны прамежак часу і сцвярджаюць, што на сапраўдных траекторыях руху (у параўнанні з магчымымі) пэўныя фіз. велічыні (напр., энергія) дасягаюць экстрэмальных значэнняў (гл. Найменшага дзеяння прынцып). Матэматычна запісваюцца як роўнасць нулю варыяцыі функцыянала ад некаторай функцыі, якая характарызуе энергію сістэмы. Складаюць метадалагічную аснову для пабудовы матэм. мадэлей сістэм у эл.-дынаміцы, робататэхніцы, механіцы машын.

Літ.:

Маркеев А.П. Теоретическая механика. М., 1990;

Полак Л.С. Вариационные принципы механики. М., 1960.

А.​У.​Чыгараў.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАВЫЗНА́ННЕ,

1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэліг. вучэння якой-н. царквы. У краінах, дзе ажыццёўлена свабода сумлення, усім грамадзянам дадзена права свабодна выбіраць любое з веравызнанняў, арганізоўвацца ў рэліг. суполкі, выяўляць у набажэнствах і пропаведзях свае рэліг. перакананні. Рэліг. свабода, упершыню абвешчаная ў час Франц. рэвалюцыі 1789—99, з цягам часу пашырылася на інш. краіны. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае «права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў».

2) Рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізац. структуру. Падрабязна распрацаванае з дагматычнымі ўстанаўленнямі, выкладзенае ў спец. палажэннях веравучэнне наз. канфесіяй. У сучасным разуменні веравызнанне — прыналежнасць да пэўнай царквы ў веравучэнні і абраднасці. Звычайна тэрмін «веравызнанне» ўжываецца ў дачыненні да рэліг. кірункаў, якія маюць развітую багаслоўскую школу — хрысціянства, іудаізм, іслам, будызм. На Беларусі дзейнічаюць арг-цыі і абшчыны, вернікі якіх належаць да праваслаўнай, рымска-каталіцкай, грэка-каталіцкай, стараверскай, новаапостальскай цэркваў, евангельскіх хрысціян-баптыстаў, адвентыстаў сёмага дня, сведкаў Іеговы, іудзейскай, мусульманскай рэлігій і інш. Веравызнанні і іх дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (1992).

Ю.​В.​Бажэнаў, Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́Д (Vitis),

род раслін сям. вінаградавых. Вядома каля 70 відаў, пашыраных у Еўразіі і Амерыцы; на Беларусі 5 відаў. Вінаград культурны, або еўрапейскі (Vitis vinifera), вырошчваюць ва ўсім свеце паміж 20—40° паўн. ш. і 35—45° паўд. ш., ад 20 да 3000 м над узр. мора. Найб. плошчы ў Іспаніі, Італіі, Францыі, Азербайджане, Малдове, Украіне, Расіі. Культурны вінаград узнік ад дзікага ў працэсе працяглай эвалюцыі, натуральнага і штучнага адбору, існуе больш за 20 тыс. сартоў. Вырошчваюць таксама паўн.-амер. віды: вінаград Ізабела (Vitis labrusca), вінаград скальны (Vitis rupestris) і інш., якія часта выкарыстоўваюць у якасці філаксераўстойлівага прышчэпа; вінаград амурскі (Vitis amurensis), вінаград лісіны (Vitis vulpina) і інш. — для азелянення.

Шматгадовыя дрэвавыя ліяны з доўгімі (3—5 м) тонкімі аднагадовымі парасткамі і магутнай каранёвай сістэмай. Кветкі двухполыя або функцыянальна жаночыя, дробныя, зялёныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Апыленне перакрыжаванае і самаапыленне. Цепла- і святлолюбівая расліна, якая не выносіць пераўвільгатнення, расце на лёгкіх урадлівых глебах, адчувальная да позніх веснавых і ранніх асенніх замаразкаў. Ва ўмовах Беларусі цвіце ў чэрв.—ліпені, ягады паспяваюць у канцы жніўня — пач. верасня. Ягады багатыя цукрамі, арган, кіслотамі, вітамінамі групы B, C, D. Выкарыстоўваюцца свежыя і на перапрацоўку (разынкі, сокі, віно і інш.), у лек. мэтах (гл. Ампелатэрапія). Найб. пашыраныя ў Беларусі сарты — Касманаўт, Паўночны ранні, Краса Поўначы, Мічурынскі. Гл. таксама Вінаградарства.

Вінаград культурны.

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Cephalopoda),

клас найб. высокаарганізаваных марскіх малюскаў. 7 падкласаў, з іх 6 пераважна выкапнёвыя віды (у т. л. вымерлыя аманіты і белемніты) і 1 сучасны з 7 атрадамі. Каля 650 сучасных і 10 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах і акіянах, трапляюцца таксама ва ўмераных і палярных водах. Жывуць паблізу берагоў і на вял. глыбінях каля дна, сярод камянёў, скал і водарасцей, у тоўшчы вады. Найб. вядомыя васьміногі, кальмары, каракаціцы.

Даўж. цела ад 1 см да 18 м (разам са шчупальцамі). Галава і вочы вялікія. Вакол рота 8 або 10 шчупальцаў («рук»), якія з’яўляюцца часткай змененай і перамешчанай на галаву нагі (адсюль назва). Канечнасці з прысоскамі. Тулава ўкрыта мантыяй. Каля шчылінападобнага ўваходу ў мантыйную поласць ёсць мускульны орган — канічная лейка — відазмененая частка нагі. Вада з мантыйнай поласці з сілай выкідваецца праз лейку, і галаваногія малюскі рухаюцца па прынцыпе ракеты заднім канцом цела наперад. Ракавіна рэдукаваная або адсутнічае (за выключэннем караблікаў). Драпежнікі, бента- і планктафагі. Раздзельнаполыя. З дапамогай своеасабліва змененай рукі (гектакатыля) самец пераносіць капсулы (сперматафоры) з палавымі прадуктамі ў мантыйную поласць самкі. Звычайна размнажаюцца раз у жыцці, потым гінуць. Яйцы вялікія, самка прымацоўвае іх да падводных прадметаў. Ёсць чарнільны мяшок, здольны хутка мяняць афарбоўку цела (ахоўная рэакцыя). Часта маюць органы свячэння. Аб’екты промыслу, фармацэўтычная сыравіна.

Галаваногія малюскі: 1 — росія; 2 — сепія; 3 — арганаўт (а — самка, б — самец).

т. 4, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНЫ КОД,

адзіная сістэма «запісу» спадчыннай інфармацыі ў малекулах нуклеінавых кіслот у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў, што ўваходзяць у склад генаў. Уласцівы ўсім жывым арганізмам (у т. л. вірусам) і заснаваны на індывід. адрозненні ў наборах і ўзаемаразмяшчэнні чатырох азоцістых асноў (адэніну, гуаніну, цытазіну, урацылу) у малекулах ДНК або РНК. Адзінкай генетычнага кода служыць кадон, або трыплет (трынуклеатыд). Генетычны код, запісаны ў малекуле ДНК, вызначае парадак размяшчэння амінакіслот у бялковай малекуле, ад якога залежыць уласцівасць самога бялку. Зыходзячы з таго, што малекула ДНК складаецца з дзесяткаў тысяч нуклеатыдаў, практычна дапускаецца неабмежаваная колькасць спалучэнняў азоцістых асноў і магчымасць кадзіравання ўсіх бялкоў у арганізме.

Сутнасць генетычнага кода, прынцыпы будовы і асн. ўласцівасці (універсальнасць, здольнасць да выраджэння, трыплетнасць) эксперыментальна выявілі ў 1961—65 амер. вучоныя Ф.​Крык і С.​Брэнер, М.​Нірэнберг, С.​Ачоа, Х.​Карана і інш. Рэалізацыя генетычнага кода ў жывых клетках ажыццяўляецца ў працэсе сінтэзу матрычнай РНК на ДНК гена (транскрыпцыя) і сінтэзу бялку (трансляцыя), пры якім паслядоўнасць нуклеатыдаў гэтай РНК пераводзіцца ў адпаведную паслядоўнасць амінакіслот бялковай малекулы. 61 кадон з 64 кадзіруюць пэўныя амінакіслоты, 3 адказваюць за заканчэнне сінтэзу бялку. Некалькі кадонаў могуць кадзіраваць адну і тую ж амінакіслату (выраджальнасць генетычнага кода), але адзін і той жа кадон адпавядае толькі адной амінакіслаце. За рэдкім выключэннем генетычны код універсальны — аднолькавы для ўсіх арганізмаў.

Э.​В.​Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́НЬ, журавельнік (Geranium),

род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (у тропіках — толькі ў гарах). На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца 17 відаў, з іх 7 мясцовых — герань балотная (G. palustre), крывава-чырвоная (G. sanguineum), лугавая (G. pratense), лясная (G. sylvaticum), маленькая (G. pusillum), Роберта (G. robertianum) і цёмная (G. phaeum), занесеная ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, і 10 занесеных — герань багемская (G. bohemicum), бліскучая (G. lucidum), галубковая (G. columbinum), круглалістая (G. rotundifolium), мяккая (G. molle), пірэнейская (G. pyrenaicum), раскідзістая (G. divaricatum), рассечаная (G. dissectum), сібірская (G. sibiricum) і ўзгоркавая (G. collinum). Растуць у лясах, на лугах і балотах, каля рэк, азёр, дарог і інш. У Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукавана герань прамая (G. rectum).

Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным ці ўзыходным сцяблом выш. да 1,5 м. Лісце супраціўнае або чаргаванае, з прылісткамі, амаль сядзячае або на доўгіх чаранках, лопасцевае, пальчата-раздзельнае ці, зрэдку, перыстае, ніжняе часта ў разетцы. Кветкі правільныя, па 1—2 на пазушных кветаносах, утвараюць парасонікі: вяночак з 5 свабодных пялёсткаў рознага колеру (ад белаватых, ружовых і бэзавых да чырвона-бурых, амаль чорных), звычайна буйны. Плод — стэрыгма, якая распадаецца на 5 плодзікаў (мерыкарпіяў). Лек., меданосныя, дубільныя і пахучыя дэкар. расліны. Геранню называюць таксама віды роду пеларгонія.

Г.​У.​Вынаеў.

Герань: 1 — крывава-чырвоная; 2 — лясная.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЁЗДЫ жывёл,

пабудовы, створаныя жывёламі для вывядзення патомства, радзей і для ўкрыцця. Гнёзды для размнажэння ёсць у розных груп жывёл. У беспазваночных: у васьміногаў ямка ў грунце, абложаная валам з камянёў, ракавінак; у павукоў коканы з павуціны; у жукоў-трубкакрутаў трубачкі з лісця; у адзіночных восаў, мядзведак ячэйкі з глебы; у яблыневай молі, вусеняў баярышніцы, залатагузкі — з лісця і павуціны і інш. Гнёзды пазваночных: у ласося ямка ў галечным грунце, у бычкоў-падкаменшчыкаў з каменьчыкаў; у колюшкі трохіголкавай шарападобнае з водарасцей; у весланогай жабы скручанае трубачкай лісце. Асабліва разнастайныя гнёзды ў птушак: у курыных і кулікоў простыя ямкі з бедным подсцілам; у дразда, сарокі, берасцянкі чашападобныя з моцнымі краямі; у крапіўніка, пеначак, сініцы-рэмеза, ткачыкаў закрытыя, шарападобныя, авальныя або колбападобныя з лятком пасярэдзіне або збоку. Гнёзды птушак размяшчаюцца ў самых розных месцах, будаўнічы матэрыял вельмі разнастайны. У млекакормячых гнёзды робяць пераважна грызуны і насякомаедныя (мыш-малютка, соні, вавёркі, бабры, андатры і інш.). Большасць жывёл размяшчае гнёзды адзіночна. Каланіяльныя, складаныя, шматкамерныя гнёзды ў восаў, пчол, мурашак, тэрмітаў і інш. У многіх відаў гнёзды служаць і для ўкрыцця (вераб’і, крапіўнікі, соні, вавёркі, андатры, палёўкі і інш.). Гл. таксама Гнездаванне.

Гнёзды: 1 — асы амафілы; 2 — павука-серабранкі; 3 — пчалы-лістарэза; 4 — шэршня звычайнага; 5 — колюшкі трохіголкавай; 6 — чарацянкі дроздападобнай; 7 — сініцы-рэмеза; 8 — ткачыка-бая; 9 — паганкі малой; 10 — мышы-малюткі; 11 — івалгі; 12 — бабра.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМЕ́НЫ,

вобласці хімічна аднароднага асяроддзя, якія адрозніваюцца эл., магн., пругкімі ўласцівасцямі або ўпарадкаванасцю размеркавання часціц. Утварэнне Д. звязана з фазавым пераходам крышталёў у стан з больш нізкай сіметрыяй; аналіз з дапамогай тэорыі груп дазваляе выявіць усе магчымыя віды Д. пры любым фазавым пераходзе. Д. бываюць: ферамагн., сегнетаэл., пругкія, Гана, у вадкіх крышталях і інш.

Вобласць, у якой адбываецца паступовы пераход ад аднаго Д. да другога, наз. мяжой Д. (даменнай сценкай); яе характэрная таўшчыня залежыць ад тыпу фазавага пераходу — ад некалькіх міжатамных адлегласцей для Д., якія адрозніваюцца атамна-крышталічнай структурай, да соцень і тысяч міжатамных адлегласцей у ферамагн. Д. Ферамагнітныя Д. — вобласці самаадвольнай (спантаннай) намагнічанасці; намагнічаныя да насычэння часткі аб’ёму ферамагнетыка, на якія ён распадаецца пры т-рах, меншых за кюры пункт; звычайна маюць памеры да 0,1 мм. Сегнетаэлектрычныя Д. — вобласці аднароднай спантаннай палярызацыі ў сегнетаэлектрыках; маюць памеры да 0,01 мм. Пругкія Д. — вобласці з рознай спантаннай дэфармацыяй, што ўзнікаюць у цвёрдай фазе пры яе ўтварэнні ўнутры або на паверхні інш. цвёрдай фазы; выяўляюцца пры ўпарадкаванні цвёрдых раствораў, мех. двайнікаванні і інш. Д. Гана — вобласці паўправаднікоў з розным удзельным эл. супраціўленнем і рознай напружанасцю эл. поля; утвараюцца ў паўправадніках з N-падобнай вольтампернай характарыстыкай (гл. Гана эфект).

П.​С.​Габец, П.​А.​Пупкевіч.

Дамены: а — сегнетаэлектрычныя; б — ферамагнітныя (парашковыя фігуры на паверхні крышталя крамяністага жалеза). Стрэлкамі паказаны напрамак вектара палярызацыі (намагнічанасці).

т. 6, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВЕНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Падзвінні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Віцебскай вобл., часткова на Смаленшчыне. У строі пераважалі блакітныя фарбы (паўплывала набіванка) і дробнаклятчастыя ўзоры на паясных адзежынах. Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарак, саматканка), ільнянога фартуха і курты, больш позні — з кашулі, фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян — накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, гесткай, будзённую і споднюю — тунікападобнай, з разрэзам па цэнтры грудзей; стаячы каўнер зашпіляўся шпонкай ці гузікам або сцягваўся чырв. стужкай. Узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з разнаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геам. формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным. чорным, зрэдку паскамі медна-чырв. бліскавак. Спадніцу кроілі ў 4—6 полак з пярэстатканага сіне-белага, чырвона-бурачковага палатна. Спадніцу з ліфам шылі з 2, часам розных па якасці і колеру тканін, дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер. Суконную світу ў выглядзе безрукаўкі пацягвалі белым каленкорам, аздаблялі нашыўкамі чырв. сукна, лапікамі чорна-белай аўчыны ўздоўж зрэзаў. Галаўныя ўборы жанчын — хусткі, чапцы. У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля, нагавіцы, пояс. Жаночай і мужчынскай вопраткай былі армяк, світа, бурка, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Дубровенскі строй. Жанчына ў летнім адзенні. Вёска Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобл.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВІ́ЗІЯ,

асноўнае тактычнае злучэнне ў розных відах узбр. сіл многіх дзяржаў. Па прыналежнасці да відаў узбр. сіл, родаў войск, прызначэнні, арг-цыі і ўзбраенні ў гісторыі будаўніцтва ўзбр. сіл вядомы Д.: пяхотныя, стралк., мотастралк., матарызаваныя, механізаваныя, кав., танк. (бранятанкавыя), артыл., авіяц., паветрана-дэсантныя, дэсантна-штурмавыя, ППА, марской пяхоты і інш. Прызначаны для вядзення бою ў складзе больш буйных фарміраванняў (армія, корпус і інш.), а ў некат. выпадках і самастойна. Д. сухапутных узбр. сіл складаюцца з палкоў, брыгад, батальёнаў і інш. вайск. падраздзяленняў. Стралк. Д. ўзбр. сіл СССР часоў 2-й сусв. вайны мела ў сваім складзе 3 стралк. палкі, артыл. брыгаду, самаходна-артыл. і зенітна-артыл. дывізіёны, сапёрны і вучэбны батальёны, батальён сувязі і інш. падраздзяленні. У пасляваен. перыяд у стралк. Д. ўведзены танкасамаходны полк, павялічылася яе рухомасць і агнявая магутнасць; стралк. Д. перафарміраваны ў мотастралковыя.

У ВПС многіх дзяржаў ёсць авіяц. Д. для падтрымкі сухап. войск з паветра, паветр. разведкі і выканання інш. задач. Звычайна авіяц. Д. маюць некалькі авіяц. палкоў або эскадраў аднаго роду авіяцыі ад 45 да 200 і больш самалётаў. У ВМФ Д. караблёў прызначана для вядзення самаст. баявых дзеянняў на марскіх прасторах або пры ўзаемадзеянні з інш. злучэннямі караблёў. Могуць складацца з некалькіх караблёў 1-га рангу і інш. меншых баявых адзінак. Падзяляюцца на Д. надводных і падводных караблёў.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)