АЛА́РЫХ I (Alaricus, Alarich; каля 370—410),

кароль вестготаў [395—410]. У 395 пранік у Фракію, захапіў Афіны, разбурыў Карынф, Аргас, Спарту, Рым. Імператар Аркадзій заключыў з ім мір і прызначыў намеснікам Ілірыі, дзе ў якасці федэратаў былі паселены вестготы. У 401 Аларых I узняў паўстанне, уварваўся ў Італію, але, разбіты Стыліхонам, адступіў. У 408 тройчы асаджаў Рым, 24.8.410 захапіў яго і разрабаваў. Памёр у Паўд. Італіі, рыхтуючыся да паходу ў Сіцылію і Афрыку.

Аларых I. Выява на пячатцы.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ЎСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся паміж партызанамі атрада М.​М.​Нікіціна (з ліп. партыз. брыгада М.​М.​Нікіціна) і ням.-фаш. карнікамі ў ліп. 1942 у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. 14.6.1942 атрад карнікаў з 9 бронемашынамі і 6 танкамі ва ўрочышчы Доўгі Востраў (каля в. Александрова Дабрынёўскага с/с) акружыў партызан (120 чал.), якія на працягу 8 гадзін адбілі 21 атаку гітлераўцаў і прарвалі акружэнне. Гітлераўцы спалілі в. Александрова і расстралялі яе мужчынскае насельніцтва.

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́Т,

мінерал, рэдкая празрыстая разнавіднасць хрызаберылу. Састаў берыліева-алюмініевага вокіслу (BeAl2O4), з прымессю вокіслу хрома (Cr2O3). Крышталі тоўстатаблітасныя, псеўдагексаганальныя. Колер ізумрудна-зялёны, пры штучным асвятленні — вішнёва- ці фіялетава-чырвоны, ружовы. Бляск шкляны. Цв. 8,5. Шчыльн. каля 3,7 г/см³. Трапляецца ў пегматытавых жылах. Радовішчы на Урале, у Бразіліі, на Пд Афрыкі, Мадагаскары і Цэйлоне. Александрыт масай больш за 2—3 караты і густа афарбаваныя лічаць каштоўнымі камянямі. Александрытам называюць таксама светла-зялёную разнавіднасць штучнага карунду.

Александрыт.

т. 1, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЦІ, гарбатыя зайцы (Dasyprocta),

род млекакормячых атр. грызуноў. 20 відаў. Жывуць каля рэк у трапічных лясах і сухіх саваннах Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, в-ва Трынідад і М.​Антыльскіх а-воў на выш. да 2 км.

Даўж. цела 41—62 см, хваста 1—3,5 см, маса 1,3—4 кг. Афарбоўка ад ярка-залацістай (D. aguti) да цёмна-шэрай (D. fuliginosa). На доўгіх задніх нагах 3 пальцы. Добра плаваюць. Кормяцца лісцем, пладамі, арэхамі. Шкодзяць плантацыі цукр. трыснягу. Аб’ект палявання.

Агуці.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ І АДНАЎЛЕ́ННЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ (United Nations Relief and Rehabilitation Administration, ЮНРРА),

міжнародная арганізацыя ў 1943—47. Створана ў Вашынгтоне 44 дзяржавамі — удзельніцамі антыгітлераўскай кааліцыі з мэтай аказання дапамогі насельніцтву краін, якія вызваліліся ад ням.-фаш. і яп. акупацыі. Беларусь далучылася да ЮНРРА у жн. 1945. Дапамога ажыццяўлялася прадуктамі, медыкаментамі і інш. рэчамі ў памеры каля 2% ад нац. даходу краін-удзельніц, якія не былі акупіраваны. Іх агульны ўзнос у 1943—47 склаў 3728 млн. долараў.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДО́НІС,

грэчаская назва фінікійска-сірыйскага бога расліннасці і ўрадлівасці. У міфалогіі Грэцыі Адоніс — каханы Афрадыты. Паводле міфаў, памёр ад раны, але ўваскрэс і ўзнёсся на неба. Культ Адоніса вядомы з 2-га тыс. да н.э., паўплываў на ўзнікненне міфа пра ўваскрэсенне і ўзнясенне Ісуса Хрыста. Да міфа аб Адонісе звярталіся ў л-ры Авідзій, Лопэ дэ Вэга, У.​Шэкспір, у жывапісе — Тыцыян, Рубенс, Пусэн і інш.

Да арт. Адоніс. Венера і Адоніс. Маст. П.​П.​Рубенс. Каля 1614.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРАЦКО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (1750, с. Азерацкае Загорскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.3.1827),

рускі натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1782). У 1768—72 удзельнічаў у акад. экспедыцыі па вывучэнні прадукц. сіл. Расіі. У 1773 працаваў на Беларусі, сабраў матэрыял пра стан гаспадаркі, побыт насельніцтва, прыроду, склаў гербарыі раслін Віцебскай губ. (400 відаў) і заал. калекцыі. Падарожнічаў па Анежскім і Ладажскім азёрах, воз. Ільмень, вярхоўях Волгі, воз. Селігер. Аўтар каля 100 навук. прац па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі і археалогіі.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́-ЛЬ-ФА́РАДЖ АЛЬ-ІСФАХА́НІ (сапр. Алі Ібн Хусейн ібн Мухамед ібн Ахмед аль Курашы; 897, г. Ісфахан, Іран — 21.11.967),

арабскі паэт, вучоны. Сакратар і прыдворны паэт буідскіх правіцеляў. Вывучаў стараж. гісторыю, генеалогію, фізіялогію, паэзію. Асн. твор (працаваў над ім каля 50 гадоў) «Кніга песень» — анталогія арабскай і арабамоўнай паэзіі 7—10 ст., кашт. крыніца звестак па гісторыі л-ры і культуры Араб. халіфата. У «Кнізе падарожжаў» сабраў вершы і анекдоты за перыяд з 786 да 902.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́-СІМБЕ́Л,

мясцовасць на зах. беразе Ніла, каля г. Асуан у Егіпце. У 1-й пал. 13 ст. да н.э. тут высечаны 2 скальныя храмы фараона Рамсеса II і гал. стараж.-егіпецкіх багоў са статуямі і рэльефамі на фасадах і ў інтэр’ерах. На фасадзе гал. храма 4 велічныя (20-метровыя) сядзячыя калосы Рамсеса II. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны ў 1967 яны перанесены на плато над старым рэчышчам Ніла.

Калосы Рамсеса II у Абу-Сімбеле.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АВАНГА́РД»

(Vanguard),

серыя амерыканскіх штучных спадарожнікаў Зямлі (ШСЗ) для вывучэння каляземнай прасторы і іх ракет-носьбітаў. Першы амер. ШСЗ належаў да тыпу «Авангард» (снеж. 1957). З 11 запушчаных «Авангардаў» на арбіту выйшлі 3(1959).

Маса ШСЗ 1,5 — 23 кг. 1-я і 2-я ступені ракеты-носьбіта «Авангард» вадкасныя, 3-я — цвердапаліўная; макс. карысны груз каля 11 кг пры вывадзе на арбіту выш. да 500 км; стартавая маса 10,2 т, даўжыня 22,4 м, дыяметр корпуса 1,14 м.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)