СА́ЛІВЕН (Sullivan) Луіс Генры (3.9.1856, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 14.4.1924),
амерыканскі архітэктар; адзін з пачынальнікаў рацыяналізму, лідэр т.зв. чыкагскай школы. Вучыўся ў Масачусецкім тэхнал. ін-це ў Кеймбрыджы (1872), наведваў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1874). Зазнаў уплыў Г.Х.Рычардсана. У 1875—95 працаваў у Чыкага з інж. Д.Адлерам: будынак Аўдыторыума (1886—89) — самая вял. ў ЗША тэатр. зала, заключаная ў абалонку з 10-павярховых карпусоў гасцініцы і офісных памяшканняў, і інш. Распрацаваў новы тып вышыннага будынка, дзе раскрыў спецыфічныя маст.-вобразныя якасці небаскроба з метал. каркаса і ячэйкавай структурай. Выкарыстоўваў верт. цягі, спалучаў строгія плоскасці са складаным крывалінейным арнаментам з чыгуну ў духу стылю мадэрн: Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе (1890—91), Гаранты-білдынг у Буфала (1894—95), будынак фірмы «Карсан-Піры-Скот» у Чыкага (1899—1900). Уласную тэорыю рацыяналізму найб. поўна выклаў у арт. «Вышынны канторскі будынак з мастацкага пункту гледжання» (1896). Стварыў канцэпцыю арган. архітэктуры, пазней развітой яго вучнем Ф.Л.Райтам. Творчасць С. паўплывала на развіццё еўрап. функцыяналізму 1920-х г. Аўтар шэрагу літ. прац, у т. л.кн. «Гутаркі ў дзіцячым садзе» (1901—02).
Тв.:
Рус.пер. — [Избр. отрывки] // Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972.
І.М.Скварцова.
Л.Салівен. Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе. 1890—91.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́РЫЧАЎ Юрый Аляксеевіч (28.4.1953, Мінск — 20.9.1997),
бел. акцёр і рэжысёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). У 1975—86, 1989—92 і 1996—97 акцёр, у 1987—89 рэжысёр Бел.дзярж.т-ра лялек, у 1992—93 рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага абл.т-ра лялек, у 1994—96 гал. рэжысёр Мінскага абл.т-ра лялек «Батлейка» (г. Маладзечна). Для акцёрскага мастацтва С. характэрны псіхал. дакладнасць і яркая характарнасць. Найб. поўна талент праявіўся ў спектаклях для дарослых. Сярод роляў: Гефест («Хачу быць богам» А.Вярцінскага), Мядзведзь, Ілья Мурамец («Да трэціх пеўняў» В.Шукшына), Калібан («Бура» У.Шэкспіра), Паэт («Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.Неруды), Анёл А («Боская камедыя» І.Штока) і інш. Паставіў спектаклі: «Церам-Церамок» С.Маршака (1985), «Казка пра Хлапчыша-Кібальчыша» А.Гайдара (1987), «Пра Фядота-Стральца, удалога малайца» Л.Філатава (1988), «Васіліса Прыгожая» С.Пракоф’евай і Г.Сапгіра (1990) у дзярж. т-ры лялек; «Доктар-Айбаліт» В.Карастылёва (1992), «Янка-ўдалец і нячыстая сіла» І.Сідарука (1993) і інш. ў Брэсцкім т-ры лялек; «Меч анёла» Сідарука (1994), «Незвычайныя спаборніцтвы» Я.Спяранскага (1995), «Снежная каралева» Х.К.Андэрсена (1995), «Доктар-Айбаліт» Карастылёва (1996) у т-ры лялек «Батлейка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЎДЗЕ́ЛЬНІЦТВА,
наўмысны сумесны ўдзел дзвюх ці больш асоб ва ўчыненні наўмыснага злачынства. Саўдзельнікамі злачынства побач з выканаўцамі прызнаюцца арганізатары, падбухторшчыкі і памагатыя. Выканаўцам прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая непасрэдна ўчыняе злачынства або непасрэдна ўдзельнічае ў ім сумесна з інш. асобамі, або ўчыняе злачынства праз выкарыстанне інш. асоб, якія не падлягаюць паводле закону крымін. адказнасці або ўчынілі злачынства па неасцярожнасці. Арганізатарам (кіраўніком) прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая стварыла арганізаваную групу (злачынную арг-цыю) ці кіравала імі. Падбухторшчыкам прызнаецца асоба, што схіляла інш. асобу да ўчынення злачынства. Памагатым прызнаецца асоба, якая садзейнічала ўчыненню злачынства парадамі, указаннямі, прадстаўленнем інфармацыі або прылад і сродкаў учынення злачынства, устараненнем перашкод або аказаннем інш. дапамогі, або асоба, якая загадзя абяцала схаваць злачынцу, сляды злачынства або прадметы, набытыя злачынным шляхам, або асоба, якая загадзя абяцала набыць ці збыць такія прадметы. Адказнасць арганізатара, падбухторшчыка і памагатага настае па тым жа арт. Асаблівай часткі Крымін. кодэкса Рэспублікі Беларусь, што і выканаўцы. За дзеянні, што ўчынены выканаўцам і не ахопліваюцца намерам саўдзельнікаў, інш. саўдзельнікі крымін. адказнасці не нясуць. Саўдзельнікі нясуць павышаную адказнасць, калі злачынства ўчынена групай асоб, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў яго ўчыненні, або арганізаванай групай, або злачыннай арг-цыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦ Наталля Ільінічна (27.8.1903, г. Іркуцк, Расія — 18.12.1993),
расійскі рэжысёр, тэатральны дзеяч. Дачка кампазітара І.Саца. Нар.арт.СССР (1975). Герой Сац. Працы (1983). Скончыла муз. тэхнікум імя А.Скрабіна (1917), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1953), з 1984 праф. у ім. У 1918 заг. дзіцячага сектара тэамузсекцыі Массавета. Ініцыятар стварэння першага пастаяннага т-ра для дзяцей (Дзіцячы т-р Массавета, 1918). У 1920—36 дырэктар і маст. кіраўнік Маскоўскага т-ра для дзяцей (у 1936 Цэнтр. дзіцячы т-р). У 1937—42 рэпрэсіравана. З 1943 у Алма-Аце, дзе стварыла Першы казахскі т-р для дзяцей і юнацтва. З 1958 у Маскве, гал. рэжысёр Усерас. гастрольнага т-ра, заг. дзіцячага аддзела Масэстрады. З 1964 узначальвала першы ў свеце Дзярж. дзіцячы муз.т-р у Маскве (адкрыты ў 1965; цяпер імя С.). Зрабіла вял. ўклад у развіццё дзіцячага т-ра і маст. выхавання дзяцей. Аўтар п’ес, лібрэта дзіцячых опер і балетаў, кніг і артыкулаў па пытаннях муз. выхавання. Дзярж. прэмія СССР 1972. Ленінская прэмія 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛА́НАЎ Яўген Фёдаравіч (н. 6.9.1928, Масква),
расійскі дырыжор, кампазітар, піяніст. Нар.арт.СССР (1968). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1951), Маскоўскую кансерваторыю (1955). З 1955 дырыжор, у 1963—65 гал. дырыжор Вял.т-ра ў Маскве (сярод пастановак: «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава, «Чарадзейка» П.Чайкоўскага, «Не толькі каханне» Р.Шчадрына, балеты «Сцежкаю грому» К.Караева, «Начны горад» на муз. Б.Бартака і інш.). У 1965—2000 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж.сімф. аркестра Расіі (з 1992 — Дзярж.сімф. аркестр пад кіраўніцтвам С.). Першы выканаўца многіх твораў сав. і замежных кампазітараў («Жанна д’Арк на вогнішчы» А.Анегера, 7-я сімфонія Г.Малера, шэраг твораў І.Стравінскага, Бартака, А.Веберна і інш.). Стварыў унікальную «Анталогію рускай сімфанічнай музыкі ў грамзапісе». Аўтар сімфоній, сімф. паэм «Даўгава», «Святочная», «Каліна чырвоная» (памяці В.Шукшына), «Рамантычныя балады», тв. для фп., для скр. з арк., камерна-інстр. ансамбляў, хароў, рамансаў і інш. Ленінская прэмія 1972, Дзярж. прэмія Расіі 1975, Дзярж. прэмія СССР 1983.
Літ. тв.: Музыка сегодня. 3 изд. М., 1985.
Літ.:
Крылова Л.Л. Е.Светланов. М., 1986;
Евгений Светланов: Дирижер, композитор, пианист. М., 1987;
Чумакова И.С. Евгений Светланов: Кто он прежде всего? М., 1997.
тэхнічны спосаб манум.-дэкар. жывапісу, засн. на выдрапванні верхняга слоя тынкоўкі да ніжніх кантрастных па колеры слаёў. Вызначаецца трываласцю і ўстойлівасцю да атм. змен. Выкарыстоўваецца пераважна для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Вядома з эпохі Адраджэння ў Італіі, пазней у Чэхіі, Польшчы і інш.еўрап. краінах. На Беларусі рэшткі С. захаваліся на сценах Гродзенскага Старога замка (16 ст., цяпер затынкаваны) і фрызе Гродзенскага касцёла кляштара брыгітак (сярэдзіна 17 ст., рэстаўрыраваны ў 1978). Цікавасць да С. ў пэўнай ступені адрадзілася ў творах стылю класіцызму (фрагменты сграфітавага дэкору ў палацы Ружанскага палацавага комплексу). З 2-й пал. 20 ст. выкарыстоўвалася ў манум. мастацтве: дэкар. кампазіцыі ў фае кінатэатра «Кіеў» у Мінску (маст. Г.Гаркуноў, А.Кішчанка), у кінатэатры «Беларусь» у Брэсце (маст. І.Крупскі) і інш. У тэхніцы С. працавалі бел. мастакі Г.Вашчанка, С.Дамарад, Г.Жарын, А.Жгун, Л.Каленік, Кішчанка, У.Крываблоцкі, З.Літвінава, С.Рабашчук, С.Сакалоў, У.Стальмашонак, В.Чайка.
Э.І.Вецер.
Сграфіта на фасадзе дома «Каля хвіліны» ў Старым горадзе Прагі.Фрагмент сграфіта на фрызе касцёла кляштара брыгітак у Гродне.Да арт.Сграфіта. Г.Гаркуноў, А.Кішчанка. Фрагмент дэкаратыўнай кампазіцыі ў фае кінатэатра «Кіеў» у Мінску. 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ПАЧА́ТКУ 19 СТАГО́ДДЗЯ,
нацыянальна-вызваленчыя нар. паўстанні сербаў у 1-й чвэрці 19 ст. супраць тур. прыгнёту. 1-е сербскае паўстанне 1804—13 пачалося ў лют. 1804 у Бялградскім пашалыку (губерні) пасля забойства янычарамі (студз. 1804) каля 70 найб. папулярных у народзе сербаў. Паўстанне ўзначаліў Карагеоргій. Паўстанцы атрымалі некалькі перамог і на пач. 1807 кантралявалі ўсю тэр. Сербіі. Значную дапамогу паўстанцам аказала Расія ў час.рус.-тур. вайны 1806—12. Па патрабаванні галоўнакаманд. Малдаўскай арміяй М.І.Кутузава ў Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 быў уключаны спец.арт. аб дазволе Сербіі мець унутр. самакіраванне. Выкарыстаўшы тое, што Расія вяла вайну з Францыяй, тры тур. арміі ў 1813 разграмілі паўстанцкае войска і аднавілі ўладу султана. 2-е сербскае паўстанне 1815 фактычна стала працягам першага. Яно пачалося ў крас. ў Бялградскім пашалыку. Кіраўніком паўстання быў абраны ваявода Мілаш Абрэнавіч, войскі якога атрымалі шэраг перамог над туркамі. Аднак колькасная перавага тур. войск прымусіла сербаў пайсці на перагаворы з Турцыяй, і пры дыпламат. падтрымцы Расіі было заключана перамір’е. Тур. ўрад прызнаў Мілаша вярх. кнезам (князем) Сербіі, рэгламентаваў памеры падаткаў сербскіх сялян тур. памешчыкам, а права збору падаткаў султану перадаў сербам. Паўстанне стварыла ўмовы для далейшай барацьбы сербаў за ўнутр. аўтаномію, якая завяршылася ў 1830-х г. стварэннем Сербскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1440,
выступленне жыхароў Смаленска супраць улады ВКЛ і за аднаўленне самастойнага Смаленскага княства. Пачалося вясной 1440, калі смаленскі ваявода А.Саковіч пачаў прыводзіць смалян да прысягі на вернасць новаму вял.кн.ВКЛ Казіміру IV Ягелончыку. У горадзе актывізавалася групоўка баяр і «чорных людзей», якая абапіралася на падтрымку ўшчэмленых у паліт. правах правасл. феадалаў усх. рэгіёнаў ВКЛ Карыстаючыся тым, што значная частка па-пралітоўску настроеных баяр выехала ў Вільню на выбранне новага вял. князя, частка жыхароў горада ўзняла паўстанне. Пасля перамогі над паўстанцамі Саковіч выехаў з горада, але смаляне не скарыліся і запрасілі да сябе ваяводам дарагабужскага кн. Андрэя Дзмітрыевіча, а потым «к собе оспадарем» мсціслаўскага кн. Юрыя Лугвенавіча (гл. ў арт.Мсціслаўскія). Ен вырашыў не падначальвацца Казіміру, арыштаваў у Смаленску баяр, што ездзілі да Казіміра, канфіскаваў іх маёмасць і раздаў яе сваім прыхільнікам. Як і ў 1432 (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), ВКЛ зноў апынулася на мяжы расколу на 2 дзяржавы. Казімір вырашыў задушыць мяцеж. Але пасланыя ім войскі прастаялі пад Смаленскам 3 тыдні, не наважыліся на штурм і вярнуліся назад. У ліст. 1440 сам Казімір з войскам пайшоў на Смаленск. Юрый, не маючы дастаткова сіл, уцёк у Маскву, а адтуль у Вял. Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА школа стараж.-рус. культавага дойлідства 12—13 ст. ў г.Смаленск. Да 1180-х г. развівалася ў рэчышчы кіеўскай арх.буд. традыцыі. З канца 12 ст. пад уплывам Полацкай школы дойлідства набыла новыя рысы і кампазіцыйныя схемы. У адрозненне ад полацкіх смаленскія храмы мелі звонку 2-ступеньчатыя пілястры з тонкімі паўкалонкамі, сцены паміж прытворам і малельнай залай адсутнічалі, што ўзмацняла стоўпападобнасць і верт. ўзнёсласць. Яскравы яе ўзор — 1-купальная 1-апсідная царква Міхаіла Архангела (Свірская; 1191—94, выш. ўнутры 35 м); яе высокі цэнтр. аб’ём мае 3-лопасцевае завяршэнне, барабан размешчаны на адмысловым п’едэстале. У ніжняй ч. храма пабудаваны нізкія прытворы. У выніку археал. даследаванняў (1970-я г., арх. П.А.Рапапорт) выяўлены рэшткі кампазіцыйна аналагічных храмаў царкве Архангела Міхаіла (сабор Троіцкага манастыра на Клоўцы, цэрквы Пятніцкая, Спаская і інш.). Некат. храмы мелі галерэі (цэрквы на Малой Рачаўцы, 6-слуповая на Уваскрэсенскай гары). Па інтэнсіўнасці буд. дзейнасці ў пач. 13 ст. Смаленск займаў гал. месца сярод арх.-буд. цэнтраў Русі. Смаленскія майстры пабудавалі цэрквы Спаскую ў Старой Разані, Пятніцы на Таргу ў Ноўгарадзе (1207), на Узнясенскім спуску ў Кіеве. Эпідэмія 1230, ваен. падзеі спынілі развіццё С.ш.д.
Літ.:
Смоленск: [Фотоальбом]. М., 1988.
Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Смаленская школа дойлідства. Царква Міхаіла Архангела (Свірская). 1191—94.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКІ КРЭМЛЬ,
помнік абарончага дойлідства 16—17 ст. у г. Смаленск (Расія). Размешчаны ў старой ч. горада на Саборнай гары. Меў стратэг. значэнне на зах. рубяжах Расіі. Крапасныя сцены С.к. (1596—1602, дойлід Ф.Конь) — адно з найбуйнейшых рас.ваен.-абарончых збудаванняў (даўж. каля 6,5 км, выш. каля 10—12 м, таўшч. да 6 м), завершаны каменнымі баявымі і глухімі зубцамі, мелі 38 прамавугольных, шматгранных і круглых вежаў (захаваліся часткова). Крэпасць была абсталявана байніцамі для шмат’яруснай сістэмы агню; у спалучэнні з рэльефам мясцовасці з’яўлялася магутным заслонам для непрыяцеля. У яе афармленні выкарыстаны разнастайныя прыёмы, якія ствараюць непаўторны арх. ансамбль. Звонку сцены былі пабелены, на асобных участках пафарбаваны пад цэглу, з тыльнага боку — вял. арачныя нішы. У сярэдзіне паўн. і паўд. сцен Дняпроўская (Фролаўская) і Молахаўская гал. брамы. На тэр. крамля ўзведзены барочны 5-купальны Успенскі сабор (1677—79, арх. А.Каралькоў, перабудаваны ў 1732—40 арх. А.Шэдэлем; драўляны іканастас 1730—40, маст. С.Трусіцкі і інш.) са званіцай (1767—72), белакаменнай саборнай лесвіцай (1766—67, перабудавана ў 1784 арх. М.Сляпнёвым) і агароджай (1767), надбрамны Богаяўленскі сабор (1784, арх. Сляпнёў), будынак кансісторыі (1790, класіцызм). Абарончыя збудаванні С.к. ў стане рэстаўрацыі. Іл.гл. таксама да арт.Смаленск.