РЭМІТЭ́НТ [ад лац. remittens (remittentis) які адсылае],
уладальнік вэксаля, які мае права на атрыманне пазначанай у ім сумы грошай. Асоба, пазначаная ў якасці атрымальніка грошай на самім вэксалі, наз. першым Р. Пры перадачы вэксаля законным Р. з’яўляецца асоба, якая асноўвае сваё права на неперарыўным шэрагу індасаментаў. Калі Р. набыў вэксаль нядобрасумленна або, набываючы яго, зрабіў грубую неасцярожнасць, ён абавязаны перадаць яго былому ўладальніку. Р. мае права на атрыманне плацяжу па вэксалі ад акцэптанта (вэксалядаўца простага вэксаля). Р. належаць таксама інш. правы, прадугледжаныя вэксальным заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
сукупнасць метадаў даследавання атамнай структуры па рэнтгенаўскіх спектрах выпрамянення і паглынання. Для атрымання рэнтгенаўскіх спектраў доследнае рэчыва бамбардзіруюць электронамі ў рэнтгенаўскай трубцыабо ўзбуджаюць яго флуарэсцэнцыю пад дзеяннем рэнтгенаўскага выпрамянення.
Рэнтгенаўскія спектры выпрамянення даследуюць па залежнасці інтэнсіўнасці выпрамянення ад энергіі фатона, спектры паглынання — па залежнасці масавага каэфіцыента паглынання ад энергіі ўзбуджэння. Метады Р.с. выкарыстоўваюцца для вызначэння зараду іонаў у малекулах газаў, вадкасцей і цвёрдых цел; вывучэння размеркавання валентных электронаў і свабодных дазволеных станаў па энергіях, шырыні размеркавання Фермі ў металах і сплавах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЫПРО́КНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,
сістэма двух скрыжаванняў, якія характарызуюцца ўзаемна процілеглым спалучэннем прыкметы, што аналізуецца, і полу (або тыпу спарвання) у форм, якія прымаюць удзел у скрыжаванні. Напр., калі пры адным скрыжаванні ў жывёл самка мела дамінантную прыкмету, а самец — рэцэсіўную, то ў другім скрыжаванні, рэцыпрокным першаму, самка павінна мець рэцэсіўную прыкмету, а самец — дамінантную. Р.с. выкарыстоўваецца ў генет. аналізе для выяўлення спадчынных фактараў, лакалізаваных у Х-храмасоме (гл.Палавыя храмасомы). Таксама ў выпадку анізагаміі выяўляюцца цытаплазматычныя спадчынныя фактары, калі ў абодвух Р.с. у спадчыну перадаецца толькі мацярынская прыкмета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ДЖАНЕЦ,
маладая расліна, вырашчаная з сеянцаўабочаранкоў для пасадкі на пастаяннае месца. С. пладовых дрэў атрымліваюць у пладовых гадавальніках з прышчэпаў на працягу 1—2 гадоў. С. ягадных культур (агрэст, парэчкі) — аднагадовыя непрышчэпленыя расліны (укаранёныя чаранкі, адводкі). У якасці С. маліны выкарыстоўваюць каранёвыя атожылкі, С. суніцы — ліставыя разеткі на вусах. У лесаводстве С. — маладыя дрэўцы (часцей парод дрэў, якія марудна растуць у раннім узросце — елка, піхта), прызначаныя для закладкі лясных культур і ахоўных лясных насаджэнняў, вырошчваюць 2—8 гадоў у школьным аддзяленні ляснога гадавальніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКРЭ́ЦЫЯў мінералогіі,
мінеральны агрэгат акруглай або ізаметрычнай формы, што запаўняе пустоты ў горных пародах. Паводле мінер. саставу адрозніваецца ад умяшчальных парод. У процілегласць канкрэцыям С. ўтвараюцца шляхам паслядоўнага адкладу мінер. рэчыва (з сапраўдных і калоідных раствораў пры гіпергенных і гідратэрмальных працэсах) канцэнтрычнымі слаямі на сценках пустот ад іх перыферыі да цэнтра. Нярэдка ў сярэдзіне застаецца поласць, акаймаваная друзамі мінералаў. Адрозніваюць С. буйныя — жэоды і дробныя — міндаліны. Выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе, таксама як калекцыйны матэрыял.
Да арт.Сакрэцыя ў мінералогіі. Міндаліна, складзеная з агату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМШЫ́Т (Buxus),
род кветкавых раслін сям. самшытавых. Больш за 50 відаў (паводле інш. звестак да 70). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Еўропе, Афрыцы. У Зах. Еўропе ўведзены ў культуру з ант. часу. На Беларусі інтрадукаваны С. вечназялёны (B. sempervirens).
Вечназялёныя кусты або дрэвы выш. да 20 м. Жывуць да 500 гадоў. Лісце супраціўнае, суцэльнае, скурыстае. Кветкі дробныя, аднаполыя, сабраныя ў галоўчата-коласападобнае пазушнае суквецце. Плод — каробачка. Драўніна С. («пальмавае дрэва») жоўтая, шчыльная, трывалая, ідзе на дробныя вырабы. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНЬГО́, Трохцарства,
перыяд у гісторыі Кітая (220—265 або 220—280), калі пасля распаду імперыі Хань ён быў падзелены на тры царствы (Вэй, У і Шу), якія вялі паміж сабой бясконцыя войны за гегемонію над усёй краінай. Напачатку дамінавала царства Шу, але ў 263 знясіленае ўнутр. барацьбой яно было заваявана царствам Вэй. У 265 уладу ў царстве Вэй захапіў палкаводзец Сыма Янь, які заснаваў дынастыю Цзінь [265—420], а ў 280 канчаткова заваяваў царства У. Перыяд С. адлюстраваны ў гіст. рамане 14 ст. «Апавяданні з гісторыі Трохцарства».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАПЕЛІ́Т (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),
выкапнёвы вугаль пераважна з прадуктаў ператварэння рэшткаў ніжэйшых раслін і жывёльных арганізмаў. Паводле саставу, ступені раскладання і ператварэння зыходнага матэрыялу вылучаюць уласна С. і гуміта-С. (пераходная рознасць паміж уласна С. і сапрагумалітамі). Паводле саставу адрозніваюць С.: кенель-богхеды, касьяніт-богхеды і чарамхіты. Колер цёмна-карычневы, шаравата-чорны. Аднародныя, масіўныя, цвёрдыя, вязкія. Выхад лятучых кампанентаў 55—70%. Складаюць праслоі (лінзы) у пластах гумалітаў, якія зведалі буравугальную абопач. этапы кам.-вуг. стадыі метамарфізму. Каштоўная хім. сыравіна. Трапляецца на многіх буравугальных радовішчах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАВЫ́ ПАТО́К,
магутнасць выпрамянення святла, якая ацэньваецца па зрокавым адчуванні або ўздзеянні на селектыўны прыёмнік святла, што мае стандартызаваную спектральную адчувальнасць. Роўны здабытку сілы святлаI на прасторавы вугал ω, у якім распаўсюджваецца дадзены С.п.: Φ = Iω.
Поўны С.п., што выпраменены кропкавай крыніцай святла з сілай святла I, роўны Φ = 4πI. У адрозненне ад С.п. прамяністы патокP ацэньваецца з дапамогай вымяральных прылад (аб’ектыўна) і звязаны з С.п. суадносінамі Φ = kP, дзе k — светлавы эквівалент магутнасці, залежны ад даўжыні хвалі святла. Адзінка С.п. ў СІ — люмен, прамяністага патоку — ват.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНАКО́СЦЫ (Opiliones, або Phalangida),
атрад жывёл кл. павукападобных. 3 падатр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. адзначаецца С. звычайны (Phalangium opilio). Жывуць у лясным подсціле, пад карой дрэў, на сценах пабудоў, агароджах, паверхні глебы.
Даўж. цела 1—22 мм, авальнай формы, ад шэрага да чорнага колеру. Падобныя да павукоў, адрозніваюцца ад іх сегментаваным брушкам (9—10 сегментаў), якое злучана з галавагрудзямі шырокай асновай. Ногі тонкія, доўгія, лёгка адрываюцца (аўтатамія). Дыхаюць трахеямі. Кормяцца насякомымі, малюскамі, арган. рэшткамі.