вёска ў Жабінкаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 12 км на Пд ад горада і чыг. ст. Жабінка, 20 км ад Брэста. 600 ж., 205 двароў (2001). Брэсцкае абл. ўпраўленне радыё і тэлебачання. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Курган Памяці на ўшанаванне памяці воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЕ́НСКАЯ ПАРО́ДАгусей.
Выведзена на Украіне каля г. Рамны Сумскай вобл. адборам мясц. гусей. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні буйных шэрых гусей.
Жывёлы моцнай канстытуцыі, тулава і грудзі шырокія. Галава сярэдніх памераў, шыя кароткая. тоўстая. Ногі кароткія. Апярэнне часцей шэрае, бывае белае, рабое. Дзюба і ногі аранжава-чырвоныя. Маса гусакоў 6—6,5, гусак 4,5—5 кг. Яйцаноскасць 20—30 яец за год, маса яйца да 150 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПА́,
насычаны саляны раствор (расол) у адкрытых прыродных, штучных вадаёмах, падземных пустотах і порах донных адкладаў саляродных азёр. Канцэнтрацыя солей у Р. больш за 50 г/л (паводле класіфікацыі У.І.Вярнадскага), дасягае 300—370 г/л. Паводле хім. саставу падзяляецца на 4 гал. тыпы: хларыдны кальцыевы, хларыдны магніевы, сульфатны натрыевы і гідракарбанатны натрыевы. Р. падземнай гідрасферы мае павы шаную канцэнтрацыю брому, ёду, бору, літыю. Выкарыстоўваецца ў прамысл. і мед. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАС-ША́МРА, Рас-эш-Шамра,
шматпластавы археал. помнік на ўзгорку за 12 км на Пн ад г. Латакія (Сірыя). Раскопкамі 1929—39 і 1948—63 тут адкрыты рэшткі паселішчаў, якія датаваны ад 7—6-га тыс. да н.э. да 5—3 ст. да н.э., у т. л.стараж.г.Угарыт. Выяўлены палацавы комплекс (каля 9 тыс.м²), храмы клінапісныя архівы і бібліятэкі. шмат вырабаў з каштоўных металаў і слановай косці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ТАМКА,
пасёлак у Ждановіцкім с/с Мінскага р-на, на аўтадарозе Мінск—Заслаўе; чыг. ст. на лініі Мінск—Маладзечна. За 17 км на З ад Мінска. 3965 ж., 1565 двароў (2001). Рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі «Ратамка», база Белтэлекама. Сярэдняя і дапаможная школы, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Мікалаеўская царква (1997). Брацкая магіла сав. воінаў. У 1941—42 у Р. дзейнічала Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНІКІ,
вадасховішча ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., за 2,5 км на ПнЗ ад в. Руднікі. Створана ў 1978. Пл. 0,9 км², даўж. 1,6 км, найб.шыр. 800 м, найб.глыб. 2,5 м, аб’ём вады 1,2 млн.м³. Даўж. агараджальнай дамбы 2,2 км. Напаўняецца вадой з р. Ясельда па адкрытым канале праз сажалку пры дапамозе помпавай станцыі. Забіраецца вада з вадасховішча праз вежавы вадаскід. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНЯ,
вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на р. Уша, на аўтадарозе Чэрвень—Смалявічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на Пн ад г. Чэрвень, 86 км ад Мінска, 22 км ад чыг. ст. Смалявічы. 573 ж., 221 двор (2001). Станцыя №11 ВА «Мінскводаканал». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДСК,
вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Няслуха, на аўтадарозе Іванава—в. Махро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на Пд ад г. Іванава, 147 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 783 ж., 262 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Успенская царква (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,
міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.
Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх.ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн.ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона I, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.
Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.
Літ.:
Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр.Т. 1. Ростов н/Д, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКІ (Ігнат Цярэнцьевіч) (22.8.1861, б. фальварак Палівачы, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 22.9.1917),
бел. акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Стваральнік бел.нац. прафесійнага т-ра. Скончыў Рыжскае землямернае вучылішча, вучыўся ў прыватнай драм. студыі ў Вільні. Працаваў каморнікам на Беларусі. Добра ведаў жыццё народа, глыбока адчуваў і разумеў нар. творчасць. Вывучаў песні і танцы, збіраў узоры нар. адзення, арнаменту, размалёўкі. З 1905 сістэматычна наладжваў вечарынкі ў Палівачах і Празароках. У 1907 арганізаваў у Палівачах аматарскі т-р, удзельнікі якога выступалі перад мясц. жыхарамі. У 1910 т-р стаў прафесійным і атрымаў назву Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. З ім многа ездзіў па Беларусі і за яе межы. Выступаў у Вільні, Пецярбургу і Варшаве. Кіраваў т-рам, падтрымліваў яго эканамічна за кошт даходаў са свайго маёнтка, ставіў п’есы, іграў у іх — Аляксей («У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі), Ігнась («Модны шляхцюк» К.Каганца), Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага), чытаў прозу і вершы, спяваў сола і ў хоры, па-майстэрску танцаваў. Першы на Беларусі звярнуў увагу на прыгажосць і эстэт. магчымасці бел.нар. танца, узняўшы яго да ўзроўню высокага мастацтва. Яго дзейнасць падтрымалі прагрэс. дзеячы бел. культуры — Я.Купала, Ядвігін Ш, Цётка, Ц.Гартны, З.Бядуля, Ч. і Л.Родзевічы і інш. З-за ўціску царскіх улад, іх негатыўных адносін да адраджэння бел. культуры, матэрыяльных цяжкасцей у 1913 т-р спыніў дзейнасць. У маі 1914 Буйніцкі зрабіў спробу стварыць новы т-р, але перашкодзіла 1-я сусв. вайна. У 1917 адзін з ініцыятараў стварэння Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У апошнія месяцы жыцця на вайск. службе ў рус. арміі ў раёне Маладзечна, дзе і памёр. У 1975 перапахаваны на цэнтр. плошчы в. Празарокі Глыбоцкага р-на, на магіле — помнік (скульпт. І.Міско, арх. М.Бурдзін). У Празароцкай сярэдняй шкале музей Буйніцкага.
Літ.:
Няфёд У.І. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991.