РАДЫЕХІРУРГІ́Я (ад радые... + хірургія),

метад лячэння злаякасных пухлін чалавека, заснаваны на выкарыстанні прамянёвай тэрапіі ў час аперацыі з выкарыстаннем дыстанцыйнага або ўнутрытканкавага апрамянення пухліны (ці яе ложа). Узнікла ў сувязі з абмежаванымі магчымасцямі выкарыстання дыстанцыйнага апрамянення глыбока размешчаных пухлін. У аперабельных выпадках пухліна выдаляецца, пасля чаго ў тканкі, якія складаюць ложа пухліны, а таксама па шляхах лімфаадтоку ўводзяць кобальт (​60Co), каліфорній (​252Cf, ірыдый (​192Ir), ёд (​125I) і інш. Пры немагчымасці правядзення аперацыі забяспечваецца доступ да пухліны (хірург. шляхам), увядзенне ў яе гэтых прэпаратаў; праз некалькі дзён прэпараты дастаюць. Пры Р. ў час аперацыі таксама ўводзяць радыеактыўныя прэпараты з дапамогай мікраселектрона. Выкарыстоўваецца аднаразовае дыстанцыйнае апрамяненне (з дапамогай апаратаў блізкафокуснай рэнтгенатэрапіі). Прапанавана выкарыстанне высокаэнергет. электронаў, якія генерыруюцца лінейнымі або цыклічнымі паскаральнікамі. Метады Р. маюць рэальную магчымасць мінім. апрамянення нармальных тканак і макс. апрамянення пухлін і зон рэгіянарных метастазаў шляхам рэгулявання энергіі электроннага пучка і выкарыстання тубусаў або спец. фарміруючых блокаў, што зніжае частату мясц. рэцыдываў і пасляаперацыйных ускладненняў у анкалагічных хворых.

Літ.:

Козлова А.В. Лучевая терапия злокачественных опухолей. М. 1976;

Голдобенко Г.Г., Чехонадский В.Н., Ожерельев А.С. Интраоперационное облучение злокачественных опухолей // Мед. радиология. 1989. Т. 34, № 9;

Coquard R. et al. Intraoperative radiotherapy in resected pancreatic cancer: feasibility and results // Radiotherapy and oncology. 1997. Vol. 44.

Н.​А.​Арцёмава.

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАЗНАВА́ННЕ ВО́БРАЗАЎ,

раздзелы кібернетыкі і інфарматыкі. Вывучае і распрацоўвае спосабы, метады і сістэмы (у т. л. на аснове ЭВМ) ідэнтыфікацыі аб’ектаў (з’яў, працэсаў, жывых істот, сітуацый і інш.) або іх класіфікацыі. Працэс Р.в. заснаваны на супастаўленні прыкмет (уласцівасцей) аб’ектаў, што даследуюцца, з прыкметамі (уласцівасцямі) вядомых аб’ектаў (эталонаў, шаблонаў).

Пры рашэнні задач Р.в. выбіраецца правіла (вырашальная функцыя) на аснове істотных сукупнасцей прыкмет (літар, фігур, контураў і інш.), што складаюць вобраз аб’екта, вырашаецца клас, да якога дадзены аб’ект адносіцца. Напр., пры распазнаванні відарысаў прыкметамі могуць быць яркасці элементарных участкаў, на якія раскладзены відарыс. Работы ў галіне Р.в. складаюць аснову для распрацоўкі інфарм. тэхналогій у эканоміцы, прам-сці, ваен. справе, фізіцы, геахіміі, метэаралогіі, біялогіі і медыцыне, тэхніцы і інш.

На Беларусі работы па Р.в. вядуцца з 1960-х г. у Ін-тах тэхн. кібернетыкі, фізікі, матэматыкі, прыкладной фізікі, прыкладной оптыкі, навук.-тэхн. цэнтры «Экамір» Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Ту Дж.Т., Гонсалес Р. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978;

Васильев В.И. Распознающие системы: Справ. 2 изд. Киев, 1983;

Тимохин В.И. Применение ЭВМ для решения задач распознавания образов. Л., 1983;

Абламейко С.В., Лагуновский Д.М. Обработка изображений: технология, методы, применение. Мн., 2000.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́НІЙ (лац. Rhenium),

Re, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат н. 75, ат. м. 186, 207. Прыродны Р. — сумесь 2 ізатопаў: стабільнага ​185Re (37,4%) і слабарадыеактыўнага ​187Re (перыяд паўраспаду 5∙10​10 гадоў). У зямной кары 7∙10​−8% па масе (рассеяны элемент); ізаморфна замяшчае малібдэн у малібдэніце. Адкрыты ў 1925 ням. фізікахімікамі В. і І. Ноддак (муж і жонка); назва ад лац. Rhenus — р. Рэйн.

Серабрыста-шэры пластычны метал, tпл 3180 °C (па тугаплаўкасці другі пасля вальфраму), шчыльн. 21 010 кг/м Хімічна ўстойлівы. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, пераксідзе вадароду (утвараецца рэніевая к-та HReO4). Пры награванні ў паветры (t >300 °C) акісляецца, узаемадзейнічае з фторам (адзіны метал, які ўтварае ўстойлівы гептафтарыд ReF7 — крышт. рэчыва з tпл 48,3 °C), хлорам, пры 700—800 °C з парай серы, фосфарам. Атрымліваюць з канцэнтратаў малібдэнавых руд (маюць 0,01—0,04% Р.). Выкарыстоўваюць пераважна на выраб плаціна-рэніевых каталізатараў для нафтаперапрацоўчай прам-сці (атрыманне бензіну з высокім актанавым лікам), а таксама дэталей электронных прылад, катодаў, тэрмапар, як матэрыял для эл. кантактаў і пакрыццяў, што ахоўваюць металы ад карозіі і зносу; сплавы Р. з інш. тугаплаўкімі металамі (вальфрам, малібдэн, тантал) як канстр. матэрыял у самалёта- і ракетабудаванні.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКРЭ́ТНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ,

часовыя вярхоўна-бюракратычныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1-й пал. 19 ст. Ствараліся імператарам Мікалаем I для абмеркавання праектаў рэформ. Сакрэтны характар дзейнасці быў абумоўлены бояззю грамадскага хвалявання. Гал. пытаннем было сялянскае. Першы С.к. «6 снежня 1826» (фармальна дзейнічаў да 1832) пад старшынствам В.​П.​Качубея і М.​М.​Спяранскага створаны для выпрацоўкі агульнага плана дзярж. пераўтварэнняў, разглядаў і праекты асабістага вызвалення сялян. С.к. 1835—36 (гал. ролю адыгралі Спяранскі, Я.​Ф.​Канкрын і П.​Дз.​Кісялёў) абмяркоўваў пытанне аб паступовай замене прыгонных адносін дагаворнымі пры захаванні зямлі ў памешчыкаў. С.к. 1839—42 абмяркоўваў праект Кісялёва аб увядзенні інвентароў. С.к. 1846 разглядаў запіску кіраўніка МУС Л.​А.​Пяроўскага пра абмежаванне прыгоннага права шляхам рэгламентацыі адносін унутры вотчыны; к-ты 1840 і 1844 займаліся пытаннем звальнення дваровых, 1847 і 1848 — выкупам сялян з маёнткаў, якія падлягалі публічным таргам. Некаторыя С.к. паўплывалі на змены ў заканадаўстве аб прававым становішчы асобных саслоўяў (1831, 1832, 1842, 1844). Вопыт С.к. улічаны пры выпрацоўцы сялянскай рэформы 1861; апошні С.к. 1857 пераўтвораны ў 1858 у Галоўны камітэт па сялянскай справе.

Літ.:

Архипова Т.А. Секретный комитет 6 дек. 1826 // Тр. Моск. гос. ист.-арх. ин-та. М., 1965. Т 20;

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в М., 1993.

т. 14, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ЗЕМЛЯРО́БСТВА,

комплекс узаемазвязаных агратэхн., меліярац. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў па эфектыўным выкарыстанні зямлі. Забяспечвае расшыранае ўзнаўленне ўрадлівасці глебы, атрыманне ўсё большых ураджаяў і выключае негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць С.з. прымітыўныя (лядна-агнявая, аблогавая, лесапольная і інш.), экстэнсіўныя (папарныя) і інтэнсіўныя. На Беларусі з канца 3-га — пач. 2-га тысячагоддзяў да н.э. была пашырана лядна-агнявая С.з. (лес высякалі, дрэвы спальвалі, а зямлю выкарыстоўвалі пад ворыва); урадлівасць глебы зніжалася і аднаўлялася толькі пад уплывам прыроднай расліннасці. Аблогавая С.з. ўзнікла пры скарачэнні плошчы вольных зямель, неабходнасці вяртання старых участкаў, якія зноў выкарыстоўвалі пад пасевы, а потым запускалі пад аблогу. Пазней, пры выкарыстанні лесапольнай С.з., плошча ўзараных зямель была павялічана, тэрмін аблогі і лесаполля скараціўся, урадлівасць не аднаўлялася. У час феадалізму панавалі экстэнсіўныя С.з. Папарная С.з. прадугледжвала чаргаванне культур — папар, азімыя, яравыя. У канцы 19 ст. ўзнікла і пашыралася травапольная С.з. (гал. недахоп — увядзенне ўсюды бабова-збожжавых сумесей і змяншэнне пасеваў збожжавых культур). Сучасныя інтэнсіўныя С.з. (палепшаная, пладазменная, з кармавымі севазваротамі і інш. спецыялізаваныя) уключаюць севазвароты з травасеяннем, культ. лугаводства з перыядычным перазалужэннем лугоў, апрацоўку глебы з чаргаваннем плужных і бясплужных апрацовак, рацыянальнае ўжыванне арган. і мінер. угнаенняў, вапнаванне глебы, барацьбу з хваробамі, шкоднікамі і пустазеллем, рэгуляванне воднага рэжыму глеб і інш.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫХ (Henry),

імя многіх каралёў Англіі ў 11—16 ст.

Генрых I (1068, г. Селбі, Вялікабрытанія — 1.12.1135), малодшы сын караля Вільгельма І Заваёўніка, кароль [у 1100—35].

Генрых II Плантагенет (5.3.1133, г. Ле-Ман, Францыя — 6.7.1189), кароль [у 1154—89], першы з дынастыі Плантагенетаў. Яму належалі і шматлікія ўладанні ў Францыі. Каралём стаў пасля доўгай феад. смуты (1135—53). У барацьбе за ўмацаванне цэнтралізаванай феад. дзяржавы апіраўся на рыцарства, гарады, вярхі вольнага сялянства, усталяваў мір у дзяржаве і дамогся роспуску баронскіх наёмных атрадаў. Пры ім закладзены асновы англ. суд.-адм. сістэмы, пачалося заваяванне Ірландыі.

Генрых III (1.10.1207, г. Уінчэстэр, Вялікабрытанія — 16.11.1272), кароль [у 1216—72]. Сын Іаана Беззямельнага з дынастыі Плантагенетаў. Спробы Генрыха III кіраваць краінай, апіраючыся на замежных феадалаў-авантурыстаў і рым. курыю, выклікалі незадаволенасць баронаў, якіх падтрымалі гараджане, дробнае рыцарства, заможнае сялянства. Гэта процістаянне прывяло да грамадз. вайны (1263—67), у ходзе якой Сімон дэ Манфор у 1264 разбіў каралеўскія войскі і ўзяў Генрыха III у палон. Пасля разгрому апазіцыі і гібелі Манфора Генрых III у 1266 адноўлены ў правах. Пры ім у Англіі ўпершыню скліканы парламент.

Генрых IV (крас. 1366?, замак Болінгброк, Вялікабрытанія — 20.3.1413), кароль [у 1399—1413], заснавальнік дынастыі Ланкастэраў. Стаў каралём у выніку мяцяжу магнатаў Паўн. Англіі супраць Рычарда II. Значна пашырыў правы парламента.

Генрых V (16.9.1387, г. Монмут, Вялікабрытанія — 31.8.1422), кароль [у 1413—22]. Сын Генрыха IV з дынастыі Ланкастэраў. Імкнуўся прымірыцца з феад. знаццю. Аднавіў Стогадовую вайну 1337—1453, разграміў французаў пры Азенкуры, захапіў Пн Францыі з Парыжам, прызнаны нашчадкам франц. караля Карла VI і рэгентам Францыі.

Генрых VI (6.12.1421, г. Віндзар, Вялікабрытанія — 21.5.1471), кароль [у 1422—61 і 1470—71]. Сын Генрыха V з дынастыі Ланкастэраў. У 1461, у ходзе Пунсовай і Белай руж вайны, скінуты каралём Эдуардам IV Йоркам. Пасля часовай рэстаўрацыі (3.10.1470—11.4.1471) другі раз скінуты з трона і забіты ў Таўэры.

Генрых VII (28.1.1457, г. Пембрук, Вялікабрытанія — 21. 4.1509), кароль [у 1485—1509]. Заснавальнік дынастыі Цюдараў. Уступіў на трон як кандыдат Ланкастэраў пасля перамогі над Рычардам III у бітве пры Босварце (22.8.1485), якой скончылася вайна Пунсовай і Белай руж. Правёў шэраг мерапрыемстваў па абмежаванні магутнасці феад. знаці. У інтарэсах буржуазіі, што нараджалася, спрыяў развіццю суднаходства і знешняга гандлю. У час яго праўлення закладзены асновы англ. абсалютызму.

Генрых VIII (28.6.1491, г. Грынвіч, Вялікабрытанія — 28.1.1547), кароль [у 1509—47]. З дынастыі Цюдараў, адзін з яркіх прадстаўнікоў англ. абсалютызму. У час праўлення Генрыха VIII у Англіі праведзена рэфармацыя, якую ён разглядаў як важны сродак умацавання абсалютызму і казны. Штуршком да яе правядзення паслужыла выступленне папы рымскага супраць скасавання шлюбу Генрыха VIII з Кацярынай Арагонскай і ўступлення ў шлюб з Ганнай Болейн. Пасля разрыву з папам узначаліў англіканскую царкву. У 1536 і 1539 выдаў акты пра секулярызацыю манастырскіх зямель, якія пераходзілі да новага дваранства і буржуазіі, а таксама жорсткія законы супраць сялян, сагнаных з зямель у выніку агароджванняў. У той жа час абмяжоўваў агароджванні, спрабуючы затармазіць развіццё капіталіст. адносін у вёсцы.

Да арт. Генрых (каралі Англіі). Генрых VIII.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТА́ЛІ (ад грэч. krystallos першапачаткова лёд, потым горны хрусталь, празрысты камень),

цвёрдыя целы, якія маюць натуральную форму правільнага мнагагранніка, часцінкі якога (атамы, іоны, малекулы) размешчаны паводле закону прасторавых рашотак (гл. Крышталічная рашотка). Упарадкаваная будова К. абумоўлівае іх спецыфічныя ўласцівасці — аднароднасць, здольнасць самааграньвацца, мінім. ўнутр. энергію і скрытую цеплыню плаўлення. Характэрныя ўласцівасці К. — анізатропнасць і сіметрыя (гл. Анізатрапія, Сіметрыя крышталёў). Спецыфічныя асаблівасці К. выяўляюцца ў іх механічных (спайнасць, цвёрдасць і інш.), аптычных (падвойнае праменепераламленне, плеяхраізм і інш.), электрычных (піра- і п’езаэлектрычнасць), цеплавых і інш. фіз. уласцівасцях. Пры вывучэнні К. выкарыстоўваецца комплекс метадаў даследаванняў, у т. л. рэнтгенаструктурны і крышталеаптычны аналіз.

К. ўтвараюцца адвольна ці на «зародках» з вадкіх (растворы і расплавы), газападобных (шляхам узгонкі) і цвёрдых (у час перакрышталізацыі) рэчываў пры пэўных т-рах, ціску і хім. саставе. Правільныя мнагаграннікі ўтвараюцца ў час росту К., калі яны не сутыкаюцца з інш. цвёрдымі целамі і растуць павольна. Грані К. супадаюць з плоскімі сеткамі, рэбры — з радамі прасторавых рашотак, уздоўж якіх вузлы рашоткі размешчаны найб. густа. К. аднаго і таго ж рэчыва і будовы могуць мець розную велічыню і форму, але вуглы паміж адпаведнымі гранямі і рэбрамі ў іх пастаянныя (закон пастаянства вуглоў). Пры хуткім росце ў вязкім асяроддзі ўтвараюцца недаразвітыя формы (дэндрыты, сфераліты, крышт. агрэгаты), з якіх складзена большасць цвёрдых цел. Вывучэнне скорасці росту К., які абумоўлівае іх вонкавы выгляд (габітус), дае звесткі пра іх паходжанне (генезіс). Сярод К. адрозніваюць простыя формы (складзены з аднолькавых граней, звязаных элементамі сіметрыі) і камбінацыі (сукупнасць дзвюх ці некалькіх простых форм). У прыродзе вядома 47 простых форм і каля 1500 камбінацый. Усе К. — сіметрычныя целы. Сукупнасць элементаў сіметрыі ўтварае від сіметрыі, а ў прасторавых рашотках — прасторавую групу сіметрыі. У К. адрозніваюць 32 віды сіметрыі, аб’яднаныя ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій), якія ўключаюць у сябе 230 прасторавых груп.

Крышт. рэчывы пашыраны ў прыродзе. Зямная кара на 95% складаецца з К. Крышталічныя ўсе металы і сплавы, большасць буд. матэрыялаў, многія харч. прадукты, лякарствы, некаторыя ч. арганізмаў, штучныя матэрыялы. Крышт. рэчывы ўжываюцца практычна ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі. Адзіночныя К. выкарыстоўваюцца для апрацоўкі цвёрдых матэрыялаў (алмаз), у лазернай тэхніцы (рубін), на выраб лінзаў і палярызатараў для аптычных прылад (ісландскі шпат, флюарыт, кварц), гадзіннікавых камянёў (рубін), п’езапласцінак (кварц), у радыёэлектроніцы, тэлеф. сувязі, гідралакацыі, ювелірнай справе і інш.

Літ.:

Попов Г.М., Шафрановский И.И. Кристаллография. 5 изд. М., 1972;

Шаскольская М.П. Кристаллография. 2 изд. М., 1984;

гл. таксама пры арт. Крышталяграфія.

А.​С.​Махнач.

Крышталі: а — простыя формы (1 — куб, 2 — актаэдр, 3 — ромбададэкаэдр, 4 — тэтраганальная дыпіраміда, 5 — трыганальны трапецоэдр, 6 — рамбічны тэтраэдр); б — камбінацыі простых форм (7 — пінакоіды і рамбічныя прызмы, 8 — гексаганальная прызма, рамбоэдр, дытрыганальны скаленоэдр, 9 — ромбададэкаэдр, тэтрагонтрыактаэдр, 10 — куб, тэатраэдр, ромбададэкаэдр, 11 — куб, актаэдр, трыгонтрыактаэдры).

т. 8, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНЫ КВА́НТАВЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК,

узмацняльнік электрамагнітных хваляў аптычнага дыяпазону спектра, дзеянне якога заснавана на вымушаным выпрамяненні ўзбуджаных атамаў, малекул або іонаў. Першасная эл.-магн. хваля пры распаўсюджванні ў актыўным асяроддзі стымулюе вымушанае выпрамяненне, тоеснае з ёй па частаце, фазе, напрамку распаўсюджвання і характары палярызацыі. Для павелічэння каэфіцыента ўзмацнення актыўнае асяроддзе змяшчаюць у аб’ёмны рэзанатар. Аптычны квантавы ўзмацняльнік мае малы ўзровень шумаў і высокую адчувальнасць. Выкарыстоўваецца ў выхадных каскадах магутных лазераў, сістэмах аптычнай і далёкай касм. сувязі, радыёастраноміі і інш.

В.​В.​Валяўка.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛАГІ́ЧНЫЯ РАСКО́ПКІ,

даследаванне археалагічных помнікаў пры дапамозе раскопвання культурнага пласта ў адпаведнасці з прынятай методыкай; раздзел палявой археалогіі. Праводзяцца толькі з дазволу адпаведных дзярж. устаноў спецыялістамі-археолагамі дзеля далейшага даследавання і гіст. вывадаў. Ажыццяўляюцца пасля археалагічнай разведкі. Культурны пласт помнікаў выбіраецца гарыз. пластамі таўшчынёй ад 5 да 20 см і перабіраецца рукамі (або прамываецца вадой), каб выявіць усе, нават дробныя рэчы. Пасля даследаванняў раскоп закопваецца, участак рэкультывуецца, некат. тыпы помнікаў (гарадзішчы, курганы) звычайна ўзнаўляюцца.

Археалагічныя раскопкі Віцебскага Верхняга замка. 1978.

т. 1, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІМЕ́ДАВА СПІРА́ЛЬ,

крывая, якую апісвае пункт пры руху з пастаяннай скорасцю па прамой, што раўнамерна паварочваецца ў плоскасці вакол аднаго са сваіх пунктаў. Названа ў гонар Архімеда. Калі пункт О лічыць полюсам, а прамую з выбраным на ёй напрамкам за палярную вось, то ўраўненне Архімедава спіраль ў палярных каардынатах: ρ=αφ, дзе α = V/ω (V — лінейная, ω — вуглавая скорасці). Архімедава спіраль мае 2 галіны: суцэльную (φ > 0) і штрыхавую (φ < 0).

Архімедава спіраль: 1 — φ > 0; 2 — φ < 0.

т. 1, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)