сістэма прыёмаў вырошчвання с.-г. раслін, тэхналогія раслінаводства. Уключае апрацоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку насення, сяўбу і пасадку, догляд пасеваў, барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі с.-г. раслін, уборку ўраджаю і інш. мерапрыемствы (усе працэсы ўзаемаабумоўлены і складаюць агратэхн. комплекс).
Прыёмы агратэхнікі, звязаныя з выкарыстаннем сістэмы с.-г. машын і заснаваныя на дасягненнях аграбіял. навук, пачалі складацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Задача сучаснай агратэхнікі — забеспячэнне высокіх ураджаяў пры мінім. затратах працы і сродкаў на адзінку высакаякаснай прадукцыі, захаванне ўрадлівасці глебы і ахова яе ад эрозіі (гл.Эрозія глебы). Выбар прыёмаў агратэхнікі абумоўліваецца спецыялізацыяй гаспадаркі, глебава-кліматычнымі ўмовамі, біял. асаблівасцямі культур і ажыццяўляецца ў сістэме севазваротаў.
На Беларусі, размешчанай у зоне дастатковага ўвільгатнення і бедных дзярнова-падзолістых глебаў, асн. мэта агратэхнікі — абагачэнне глебы пажыўнымі рэчывамі, паляпшэнне яе фіз.-хім. уласцівасцяў, рэгуляванне воднага рэжыму (гл.Акультурванне глебы, Вапнаванне глебы, Меліярацыя). З мэтай найлепшага выкарыстання ўгнаенняў створана аграхім. служба і на ўсе гаспадаркі складзены аграхім. картаграмы. Распрацоўку тэарэт. асноў і практычных метадаў агратэхнікі ўзначальваюць н.-д. ін-ты Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Панников В.Д., Минеев В.Г. Почва, климат, удобрение и урожай. 2 изд. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭРАСКЛЕРО́З (ад грэч. athēra кашка + склероз),
хранічная хвароба крывяносных сасудаў, пры якой на ўнутраных сценках артэрый утвараюцца атэрасклератычныя бляшкі — ачаговыя назапашванні ліпідаў (тлушчападобных рэчываў), складаных вугляводаў, фібрознай тканкі, кампанентаў крыві і кальцыю. У выніку артэрыі трацяць эластычнасць і дэфармуюцца, іх прасвет звужаецца, ламінарны цёк крыві ператвараецца ў турбулентны; пашкоджанне крывяных пласцінак, актывацыя згусальнай і прыгнечанне антызгусальнай сістэм крыві садзейнічаюць узнікненню ў сасудах трамбатычных мас; парушаюцца кровазабеспячэнне, функцыі розных органаў і тканак. Напрыклад, моцны атэрасклероз сасудаў сэрца праяўляецца каранарнай недастатковасцю або інфарктам міякарда, мозга — парушэннямі разумовай дзейнасці, інсультам і паралічам, нырак — стойкай гіпертаніяй, ног — эндартэрыітам аблітэральным і інш. Найчасцей хварэюць на атэрасклероз у сталым і старэчым узросце (мужчыны часцей за жанчын), развіццё атэрасклератычных змен магчыма і з дзяцінства, асабліва пры спадчыннай да яго схільнасці.
Да фактараў рызыкі, што ўплываюць на ўзнікненне атэрасклерозу, адносяць незбалансаванае харчаванне, захворванне на цукр. дыябет, жоўцекамянёвую хваробу, хранічную нырачную недастатковасць, атлусценне арганізма, малую фіз. актыўнасць (гіпакінезія), гіпертэнзію, ужыванне алкаголю, курэнне, змяненні гарманальнага фону ў выніку пастаяннага псіхаэмацыянальнага перанапружання, уплыў некаторых спецыфічных умоў працы і інш. Паводле халестэрынавай гіпотэзы патагенезу атэрасклерозу, якая існуе каля 80 гадоў, цэнтр. месца ў развіцці хваробы адводзіцца парушэнням абмену халестэрыну. У прафілактыцы атэрасклерозу гал. роля належыць здароваму спосабу жыцця, абмежаванню ў ежы прадуктаў з вял. колькасцю халестэрыну і спажыванню большай колькасці прадуктаў, у якіх шмат алею і клятчаткі, выключэнню фактараў рызыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРЫТА́РНАЙ АСО́БЫ КАНЦЭ́ПЦЫЯ,
сукупнасць тэарэтычных уяўленняў пра тып асобы, уласцівы таталітарным рэжымам. Яму характэрныя агрэсіўнасць і прага ўлады, нянавісць да інтэлігенцыі і прадстаўнікоў інш. этнічных груп, кансерватыўнасць і стэрэатыпнасць мыслення, канфармізм; сляпое падпарадкаванне аўтарытэту групы, дзяржавы, харызматычнага лідэра, асабліва заснаванаму на сіле і насіллі, спалучаецца ў ім з нянавісцю да ўсіх апанентаў і аўтсайдэраў. Паняцце ўведзена Э.Фромам, які даследаваў псіхал. падставы для распаўсюджвання нацысцкай ідэалогіі. Паглыбленне чалавека ў аўтарытарызм Фром разглядаў як адзін з асн. механізмаў «уцёкаў ад свабоды». Імкнучыся пераадолець пачуццё бяссілля, аўтарытарная асоба адмаўляецца ад незалежнасці, імкнецца зліцца з чым-небудзь больш моцным, здольным кампенсаваць недахоп упэўненасці ў сабе. Такі чалавек захапляецца ўладай і хоча падпарадкоўвацца, і ў той жа час сам імкнецца быць уладай, каб іншыя падпарадкоўваліся яму. Гэтая супярэчлівасць вядзе яго да супраціўлення ўладзе, нават той, якая дзейнічае ў яго інтарэсах, але ўяўляецца яму недастаткова моцнай. Барацьбу аўтарытарнай асобы супраць улады Фром лічыў бравадай бунтаўшчыка. У калект.працы Т.Адорна, Э.Фрэнкель-Бруксвік, Д.Левінсана і Р.Санфарда «Аўтарытарная асоба» (1950) зроблена спроба эмпірычнага абгрунтавання аўтарытарнай асобы канцэпцыі, распрацавана ф-шкала (шкала фашызму) для вымярэння аўтарытарнай асобы. Ідэі гэтай канцэпцыі далей развіты ў працах тэарэтыкаў франкфурцкай школы М.Хоркхаймера, Г.Маркузе, у аднамернага чалавека канцэпцыі.
Літ.:
Адорно Т. Типы и синдромы: Методол. подход: Пер. с англ. // Социол. исслед. 1993. № 3;
Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЙК ((Dyck) Антоніс ван) (22.3.1599, г. Антверпен, Бельгія — 9.12.1641),
фламандскі мастак. Вучыўся ў Амстэрдаме (1609—10). Сярод ранніх твораў (да 1618) партрэты і карціны на рэліг. і міфалагічныя сюжэты («Я.Вермёлен», «Распяцце св. Пятра», «Юпітэр і Антыёпа»). Працуючы памочнікам П.П.Рубенса, зазнаў яго ўплыў («Іаан Хрысціцель і Іаан Евангеліст», 1618). У канцы 1620 — пач. 1621 мастак англ. караля Якава I. Творы гэтага часу («Сямейны партрэт», «Ф.Снейдэрс з жонкай», «Св. Марцін») вызначаліся імкненнем да стварэння адухоўленага вобраза, цікавасцю да эмацыянальнага і інтэлектуальнага жыцця чалавека. З канца 1621 жыў у Італіі, дзе выпрацаваў і давёў да дасканаласці тып барочнага параднага партрэта («Кардынал Г.Бентывольё»), У партрэтах генуэзскай знаці («Маркіз А.Дж.Брыньё-ле-Сале і яго жонка Пааліна Адорна», «Дама з дзяўчынкай») адчуваецца ўплыў венецыянскай школы жывапісу. У 1627—32 жыў у Антверпене; з 1630 прыдворны мастак эрцгерцагіні Ізабелы. У гэты перыяд стварыў лепшыя працы: партрэты Марыі Луізы дэ Тасіс, жывапісца П.Снаерса, серыя афортаў «Іканаграфія». Рэліг. кампазіцыям 1620-х г. уласціва пэўная аднастайнасць («Адпачынак на шляху ў Егіпет», «Мадонна дэль Разарыо», «Аплакванне Хрыста»), З 1632 у Лондане, прыдворны мастак Карла I. У творах таго часу («Карл I на паляванні», «Конны партрэт Карла I», «Дзеці Карла I», «Дж.Сцюарт, герцаг Рычмандскі», «Ф.Уортан») акцэнтаваў увагу на вытанчаным арыстакратызме вобразаў. Апошнім працам характэрна сухасць каларыту, стандартнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Радзім Гаўрылавіч) (н. 7.12.1928, Мінск),
бел. геолаг, грамадскі дзеяч; заснавальнік бел. школы тэктаністаў. Акад.АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1972), д-р геолага-мінералагічных н. (1969), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Замежны чл. Расійскай АН (1994). Чл.Амер.геафіз. саюза (1993). Сын Г.І.Гарэцкага. Скончыў Маскоўскую акадэмію нафты і газу (1952). Працаваў у геал. ін-це АНСССР (Масква). З 1971 у Ін-це геал. навук АН Беларусі: заг. лабараторыі, у 1972—93 дырэктар, з 1995 ганаровы дырэктар. У 1992—97 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. З 1995 заг. кафедры БДУ. Навук.працы па тэктоніцы маладых і стараж. платформаў Еўразіі, геадынаміцы, стратыграфіі, палеагеаграфіі, геафізіцы, геалогіі нафтагазаносных басейнаў і інш.тэр. Казахстана, Сярэдняй Азіі, Беларусі, Прыбалтыкі, Зах. Еўропы. Адкрыў Базайскае радовішча газу ў Зах. Казахстане. Адзін са стваральнікаў тэктанічных картаў Еўразіі (1966), Беларусі (1976), міжнар.Паўд.-Зах. краю Усх.-Еўрап. платформы (1986). Прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Старшыня Бел.геал.т-ва. Гал. рэдактар часопіса «Літасфера». Дзярж. прэмія СССР 1969. Дзярж. прэмія Беларусі 1978. Яго імем названы некалькі відаў выкапнёвых арганізмаў.
Тв.:
Тектоника Туранской плиты. М., 1966 (у сааўт);
Тектоника Евразии. М., 1966 (у сааўт.);
Тектоника молодых платформ Евразии. М., 1972 (у сааўт.);
Тектоника Белоруссии. Мн., 1976 (у сааўт.);
Тектоника запада Восточно-Европейской платформы. Мн., 1990 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШКЕ́ВІЧ (Іосіф Антонавіч) (1815—15.5.1875),
дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Д. Усходу, натураліст. Дзяцінства правёў у Якімавай слабадзе Рэчыцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1839). У 1839—49 у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Вывучаў кіт., кар., яп., маньчжурскую, англ., ням., франц., лац., грэч., яўр. і інш. мовы, даследаваў культуру і філасофію Кітая і Японіі. У 1852—55 як перакладчык суправаджаў на фрэгаце «Палада» (з рус. пісьменнікам І.А.Ганчаровым) дыпламат. місію адмірала Я.В.Пуцяціна ў Японію. З удзелам Гашкевіча заключаны рус.-яп. дагавор 1855. У 1858—65 першы рас. консул у Японіі. Першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы яп. сталіцы і зрабіць падарожжа па краіне. У 1861 сустракаўся ў Хакадатэ з М.А.Бакуніным. З 1867 у адстаўцы, жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857; разам з Тацібана но Каасай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899). Калекцыі флоры і фауны Паўд. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў заал. музею АН у Пецярбургу. У г. Хакадатэ на в. Хакайда Гашкевічу пастаўлены помнік. У 1994 помнік бюст Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульпт. Ф.Янушкевіч); створаны японска-бел.-рус. фонд імя І.А.Гашкевіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (11.8.1856, с. Краснасвяцкае Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 7.5.1920),
бел. і рус. этнограф, фалькларыст, краязнавец, лексікограф. Скончыў Маскоўскі ун-т (1880). Настаўнічаў. З 1918 чытаў лекцыі ў Бел.нар. ун-це (Масква), у Віцебскім ін-це нар. асветы, Смаленскім аддз. Маскоўскага археал. ін-та. З 1880-х г. збіраў фальклор, даследаваў матэрыяльную культуру народа. Вывучаў абрады, святы, вераванні Смаленшчыны, нар. тэатр і інш.Асн.працы «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 1—4, 1891—1903), «Смаленскі абласны слоўнік» (1914). Аўтар арт. «Прыказка і загадка» (1898), «Смерць, пахаванне і галашэнні» (1900), «Кросны» (1902), «Адрозненні ў вераваннях і звычаях беларусаў і велікарусаў Смаленскай губерні» (1903), «Нячыстая сіла ў народных вераваннях» (1908), «Абрады і павер’і, якія датычацца хатніх і палявых работ сялян Смаленскай губерні» (1909), «Бабёр у Смаленскай зямлі па летапісных, археалагічных і сучасных дадзеных» (1916). З М.Дз.Бэрам запісаў больш за 500 мелодый нар. песень. Чэшскі этнамузыколаг Л.Куба ў час прыезду да Дабравольскага запісаў бел.нар. песні в. Данькава Смаленскага пав. (апубл. ў 1887).
Літ.:
Шлюбскі А. Этнаграфічная дзейнасць Дабравольскага. Мн., 1928;
Романов Ю.С. Жизнь и научная деятельность В.Н.Добровольского // Материалы по изучению Смоленской области. М., 1970. Вып. 7;
Акунькова А.М. Жыццё і навукова-педагагічная дзейнасць У.М.Дабравольскага // Этнаграфічны зборнік. Мн., 1975;
Яе ж. Беларуская казка ў запісах У.М.Дабравольскага // Беларуская фалькларыстыка. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬ (Уладзімір Іванавіч) (22.11.1801, г. Луганск, Украіна — 4.10.1872),
рускі лексікограф, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН. Скончыў мед.ф-т Дэрпцкага ун-та (Тарту, 1829), быў ваен. урачом. Даследаваў мову і побыт рус. народа. Аўтар прац «Пра гаворкі рускай мовы» (1852), «Прыказкі рускага народа» (1861—62, частку працы Д. бел. фалькларыст І.І.Насовіч змясціў у сваім «Зборніку беларускіх прыказак», 1867), «Тлумачальны слоўнік жывой велікарускай мовы» (т. 1—4, 1863—66; больш за 200 тыс. слоў і 30 тыс. прыказак і прымавак; за яго атрымаў званне ганаровага акадэміка Пецярб.АН). У слоўніку шмат бел.нар. лексікі. Складаў слоўнікі бел. і ўкр. моў. Апрацоўваў казкі («Рускія казкі», 1832, «Быліцы і небыліцы», кн. 1—4, 1833—39), пісаў этнагр. нарысы («Падалянка», «Цыганка», «Балгарка», «Уральскі казак» і інш.), апавяданні і аповесці ў духу рус.натуральнай школы (пад псеўд.Казак Луганскі).
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10;
СПб., М., 1897—98;
Толковый словарь живого великорусского языка. Т. 1—4. М., 1955;
Пословицы русского народа. М., 1957;
Повести. Рассказы. Очерки. Сказки. М.; Л., 1961.
Літ.:
Канкава М.В. Даль как лексикограф. Тбилиси, 1958;
Бессараб М.Я. Владимир Даль. 2 изд. М., 1972;
Булатов М.А., Порудоминский В.И. Собирал человек слова... М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОБС ((Hobbes) Томас) (5.4.1588, г. Малмсберы, Вялікабрытанія — 14.12.1579 14.12.1679),
англійскі філосаф-матэрыяліст. Скончыўшы Оксфардскі ун-т (1608), працаваў гувернёрам у арыстакратычнай сям’і У.Кавендыша (пазней герцага Дэваншырскага), з якой быў звязаны да канца жыцця. На фарміраванне светапогляду Гобса значна паўплывалі Ф.Бэкан, Г.Галілей, П.Гасендзі, Р.Дэкарт, з якімі ён быў асабіста знаёмы. Прырода ў вучэнні Гобса — сукупнасць аб’ектыўна існуючых фіз. цел, што розняцца велічынёй, фігурай, размяшчэннем у прасторы і рухам, які ўяўляецца як чыста мех. перамяшчэнне матэрыяльнага аб’екта і атаясамліваецца з усімі інш. формамі руху. Пачуццёвыя якасці ён разглядаў не як уласцівасці саміх рэчаў, а як формы іх успрымання. У сац. філасофіі зыходзіў з пастулата аб антыграмадскай, ці эгаістычнай, агрэсіўнай прыродзе чалавека. Таму ў грамадстве і дзяржаве Гобс бачыў перш за ўсё сродак пазнання прычын грамадз. войнаў і іх пераадолення, забеспячэння ўсеагульнага міру і бяспекі. Гобс абгрунтоўваў дагаворную тэорыю ўзнікнення дзяржавы з дадзярж. формаў існавання людзей, калі індывіды жылі раз’яднана ў стане пастаяннай «вайны ўсіх супраць усіх». У сваім этычным вучэнні развіваў ідэі пра супадзенне грамадз. абавязкаў і маральнага доўгу, прыродных законаў маралі і грамадз. дабрачыннасцей. Асн.працы: філас. трылогія «Асновы філасофіі» — «Пра грамадзяніна» (1642), «Пра цела» (1655), «Пра чалавека» (1658); «Левіяфан, або Матэрыя, форма і ўлада дзяржавы царкоўнай і грамадзянскай» (1651).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ (Аляксандр Карлавіч) (16.6.1834. в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 10.9.1916),
бел. гісторык, этнограф, краязнавец, пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Чл. Акадэміі навук у Кракаве (1892). Брат М.К.Ельскага Скончыў Мінскую гімназію (1852). З 1860-х г. жыў у Замосці (Пухавіцкі р-н). дзе ў 1864 стварыў літ.-краязнаўчы музей. Сябра і першы біёграф В.Дуніна Марцінкевіча. Аўтар дыдактычных вершаваных і празаічных гутарак на бел. мове ў духу асветніцтва і хрысціянскай маралі. Гісторыі, этнаграфіі, фальклору, мове і л-ры Беларусі прысвечаны яго працы: «Пра беларускую гаворку» (1885), «Слоўца пра матэрыялы для вывучэння беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры» (1886), «Адам Міцкевіч на Беларусі» (1890), «Беларуская літаратура і бібліяграфія» (1892), «Нарыс гісторыі мясцовай гаспадаркі ў супастаўленні з народнымі звычаямі ад першабытных да апошніх часоў» (т. 1—2, 1893—97), «Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1893), «Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак у радзівілаўскім Урэччы на Літве» (1899) і інш. Напісаў каля 10 тыс.гіст.-краязнаўчых артыкулаў для «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», у якіх апісаў мясцовасці многіх бел. паветаў. На бел. мову перакладаў творы А.Міцкевіча, Ю.Супінскага, А.Мальчэўскага. Рукапісныя і кніжныя зборы Е. знаходзяцца ў Кракаве, Варшаве, часткова ў Мінску і Вільнюсе.