сукупнасць метадаў вызначэння абс. ўзросту горных парод, мінералаў, слядоў стараж. культур чалавека ці цалкам Зямлі па назапашванні ў іх прадуктаў распаду радыенуклідаў (гл.Радыеактыўнасць). Ідэя І.х. належыць П.Кюры і Э.Рэзерфарду. Распад кожнага радыенукліда адбываецца з пастаяннай скорасцю і прыводзіць да назапашвання канечных стабільных нуклідаў, па колькасці якіх і вызначаецца ўзрост даследаванага ўзору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКУ́НА (ад лац. lacuna паглыбленне, упадзіна; поласць),
у жывёл — поласць паміж органамі, якая не мае ўласнай сценкі, запоўненая гемалімфай ці лімфай; у чалавека — таксама разгалінаваныя паглыбленні на паверхні органа (напр., у міндалінах); у раслін (ліставая лакуна, ліставая шчыліна) — прарыў у цэнтр. цыліндры сцябла ў месцы, дзе да ліста адыходзіць праводзячы пучок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕТАРГІ́Я (грэч. lēthargia ад lētē забыццё + argia бяздзейнасць),
паталагічны стан чалавека, аслабленне ўсіх праяў жыцця (несапраўдная смерць), адсутнасць рэакцый на знешнія раздражняльнікі. Сустракаецца пры істэрыі, агульным знясіленні, пасля моцных хваляванняў. Прыступы раптоўныя, працягваюцца ад некалькіх гадзін да многіх дзён. Свядомасць пры Л. захоўваецца: хворыя ўспрымаюць і запамінаюць навакольнае, але не рэагуюць на яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХАМА́НКА,
ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма вышэйшых жывёл і чалавека на ўздзеянне інфекцый, прадуктаў жыццядзейнасці бактэрый, траўмаў і інш. Выяўляецца павышэннем т-ры цела. У большасці выпадкаў Л. ўзмацняе імунітэт. Пры т-ры цела вышэй за 41 °C можа выклікаць парушэнне абмену рэчываў (павялічваецца распад бялку), сардэчна-сасудзістай, дыхальнай дзейнасці і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАЦЫ́ТЫ [ад мана... + ...цыт(ы)],
адзін з тыпаў незярністых лейкацытаў. Утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу; дыям. 10—20 мкм, шарападобныя. Афарбоўка ядра чырвона-пурпуровая, цытаплазмы — бледная блакітна-шэрая. У крыві чалавека ў норме М. складаюць 3—11% агульнай колькасці лейкацытаў. Здольныя да фагацытозу, мігрыруюць з крыві ў тканкі і пераўтвараюцца ў макрафагаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕНЕ́ТЫКА (ад антрапа... + генетыка),
раздзел генетыкі і антрапалогіі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных прыкмет чалавека, а таксама пэўных груп людзей (ад папуляцый да рас у працэсе іх індывідуальнага эвалюц. і сац. развіцця). Паталагічныя прыкметы і спадчынныя ненармальнасці вывучае генетыка медыцынская. Антрапагенетыка мае 2 асн. кірункі: даследаванне зменлівасці і генетычнага складу папуляцый з аналізам прычын фарміравання генафонду чалавека і даследаванне спадчыннай зменлівасці пад уплывам змен навакольнага асяроддзя, а таксама ў працэсе біял. эвалюцыі з абгрунтаваннем яе тэндэнцыі. Сучасныя метады вывучэння прыкмет людзей з розным тыпам спадчыннасці (у першую чаргу храмасомнага апарату, фактараў крыві, асаблівасцяў скурнага рэльефу далоняў, колеру вачэй, формы носа і інш.) грунтуюцца на дасягненнях і метадах біяхіміі, імуналогіі, папуляцыйнага аналізу і інш. раздзелаў біял. навукі.
Літ.:
Алексеев В.П. Очерки экологии человека. М., 1993;
Фогель Ф., Мотульски А. Генетика человека: Пробл. и подходы: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1989—90.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАЦЭНТРЫ́ЗМ (ад антрапа... + цэнтр),
погляд, паводле якога чалавек ёсць цэнтр і вышэйшая мэта светабудовы. Цесна звязаны з тэлеалогіяй. У ант. філасофіі прынцып антрапацэнтрызму сфармуляваны Пратагорам («Мера ўсіх рэчаў — чалавек»), развіты ў этычным рацыяналізме Сакрата. Рысы антапацэнтрызму назіраюцца ў прадстаўнікоў сярэдневяковай філасофіі (патрыстыка, Аўгусцін, Бернар Клервоскі і інш.). Прынцыпова новы характар антрапацэнтрызму набыў у культуры Адраджэння, калі ўвага мысліцеля акцэнтавалася на прыгажосці і велічы чалавека, яго высокім прызначэнні. Элементы антрапацэнтрызму захоўваліся ў класічнай зах. філасофіі (К.Гельвецый, Л.Феербах), былі ўласцівы філосафам рэліг. і ірацыяналісцка-экзістэнцыяналісцкай арыентацыі (Г.Марсель, А.Камю і інш.). На Беларусі ідэі антрапацэнтрызму вядомы з 11 ст. — з пашырэннем твораў патрыстычнай л-ры. У грамадскай думцы і культуры Беларусі 15—17 ст. зацвярджаецца гуманістычны антрапацэнтрызм Адраджэння. Бел. мысліцелі-гуманісты (М.Гусоўскі, Ф.Скарына, Сімяон Полацкі) адстойвалі высокую годнасць чалавека, грамадскае прызначэнне яго дзейнасці, самакаштоўнасць зямнога жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДУ́НАС (Vidūnas; сапр.Староста) Вільгельмас
(22.3.1868, в. Іонайчай, Шылуцкі р-н, Літва — 20.2.1953),
літоўскі філосаф, драматург. З 1912 жыў і працаваў у Тыльзіце, дзе ўзначальваў культ. жыццё літоўцаў Усх. Прусіі. Яго філас. сістэма сфарміравалася пад уплывам ідэй стараж.-інд. веданты (вішышты-адвайты) і некат. канцэпцый зах.-еўрап.ідэаліст.філас. плыняў — платанізму, неаплатанізму, хрысц.містыцызму, пантэізму. Быццё трактаваў як дух, пэўным станам якога, яго несамаст. часткай з’яўляецца матэрыяльны свет. Чалавек, паводле Відунаса, — мікракосмас і найвышэйшая ступень эвалюцыі. Носьбіты абс. духа, праяўленне чалавечнасці — мараль, мастацтва і навука.
Развіццё грамадства, на думку Відунаса, супадае з ступенямі духоўнага ўдасканалення чалавека: індывід — нацыя — чалавецтва — абсалют. Аўтар філас. прац: «Пабудова сусвету», «Таямнічая вялікасць чалавека» (абедзве 1907), «Паходжанне лёсу» (1908), «Жыццёвая аснова народа» (1920), «Свядомасць» (1936) і інш. У маст. творчасці абуджаў пачуццё нац. годнасці літоўцаў і пратэст супраць ням. імперыялізму (драм. трылогія «Цені продкаў», 1908, трагедыя «Сусветны пажар», 1928, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНЫ СТЭРЭАТЫ́П,
адносна ўстойлівая адаптыўная сістэма рэакцыі арганізма на ўздзеянні знешняга асяроддзя; адзін з найб. складаных феноменаў вышэйшай нерв. дзейнасці. Мае важнае значэнне ў адаптацыі жывёл і чалавека. Асновай Д.с. з’яўляецца фарміраванне сукупнасці сувязей і ўзаемаадносін паміж ачагамі ўзбуджэння і тармажэння ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга ў адказ на шматразовае стэрэатыпнае ўздзеянне вызначаных камбінацый умоўных раздражняльнікаў, што змяняюць адзін аднаго і спадарожнічаюць індывіду ўсё жыццё. Як адзіны комплекс Д.с. складваецца ў выніку накладвання наступных стымулаў на сляды папярэдніх. На гэтай аснове ствараюцца звычкі, традыц. распарадак дня чалавека і інш. Д.с. выпрацоўваецца паступова, дасягае высокай устойлівасці, забяспечвае аўтам. эканомнае з пункту гледжання расходу нерв. энергіі прыстасаванне да змен наваколля, бо звыклая дзейнасць для арганізма значна лягчэйшая, чым новая. Са зменай абставін Д.с. зведвае перабудову, ступень цяжкасці якой залежыць ад характару раздражняльніка, асаблівасцей вышэйшай нерв. дзейнасці і можа прыводзіць да яе зрыву.