Існавала ў 1797—1917 у Мінску. Друкавала афіц. матэрыялы, газ.«Минские губернские ведомости», «Памятную кніжку Мінскай губерні» (1860—1916), «Агляд Мінскай губерні за ... год» (1882—1914), працы па пытаннях гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, асветы, маст. л-ры на рус. мове. Сярод выданняў «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні» (1848), «Паўночна-Заходні каляндар» на 1892—93 пад рэд. А.Слупскага, «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнае значэнне» Г.Х.Татура (1892), «Працы Таварыства мінскіх урачоў» (1895—1901), «Працы Мінскай раённай доследнай балотнай станцыі» (1914—15), аповесць у вершах «Пан Дольскі, ці Спатканне з дачкой» Дз.Сергіеўскага (1845) і інш. Надрукавала больш за 170 выданняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТАТУ́ЛІ [Multatuli; сапр.Дэкер (Dekker) Эдуард Даўэс; 2.3.1820, Амстэрдам — 19.2.1887],
нідэрландскі пісьменнік і публіцыст. У 1838—56 служыў у калан. адміністрацыі ў Інданезіі, актыўна абараняў правы карэннага насельніцтва. Гэтай тэме прысвяціў раман «Макс Хавелаар, альбо Кававыя аўкцыёны Нідэрландскага гандлёвага таварыства» (1860), у якім цэнтр. месца займаюць сац.-крытычныя матывы. У аўтабіягр. рамане «Лісты кахання» (1861), кн. «Ідэі» (т. 1—7, 1862—77) дыяпазон крытычнага аналізу М. пашырыўся да пытанняў эстэтыкі, філасофіі, рэлігіі і маралі. Аўтар асветніцкіх драм «Нябесная нявеста» (1843, выд. 1864), «Школа князёў» (1872), публіцыстычных прац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМІ́НСКІ Міхал (1769?, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 1.1.1797),
танцоўшчык, спявак і драм. акцёр. Прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетнай школе ў Паставах у Ле Ду (пазней выкладаў у ёй). У 1785—94 першы танцоўшчык трупы «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступаў на каралеўскіх сцэнах як драм. акцёр і спявак і ў Нац. т-ры. Магчыма, у 1795 працаваў у варшаўскіх антрэпрызах С.Галніцкага і К.Аўсінскага. У 1795—97 у балетнай трупе ў Львове. У часы Станіслава Аўгуста Панятоўскага быў найб. папулярным балетным ’артыстам. Сярод партый: Гілас («Гілас і Сільвія»), Капітан Сандор («Капітан Сандор на востраве Караліна»), Алонза («Кора і Алонза»), Адоніс («Венера і Адоніс»), Марк Антоній («Клеапатра і Марк Антоній»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖДАНО́ВІЧ Фларыян Паўлавіч (28.10.1884, Мінск — 22.10.1937),
тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў бел.прафес.т-ра. Скончыў драм. школу ў Варшаве (1902). У арганізаваных ім драм. калектывах ставіў спектаклі на бел. мове («Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, 1907, «Паўлінка» Я.Купалы, 1913). Адзін са стваральнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, у 1917—20 маст. кіраўнік і рэжысёр. У 1919 некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. Як рэжысёр абапіраўся на практыку папярэднікаў (І.Буйніцкага і інш.) і традыцыі бел.нар.т-ра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках нар. музыку, спевы. Быў арганізатарам і першым маст. кіраўніком (1920—21), у 1922—29 вядучым акцёрам БДТ-1 (цяпер Нац.т-р імя Я.Купалы). Перанёс на яго сцэну свае лепшыя пастаноўкі з таварыства: «Рысь» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Міхалка» Далецкіх, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Апошняе спатканне» У.Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло і інш.; паставіў новыя: «Прымакі», «Сон на кургане» і «Адвечная песня» Я.Купалы, «Ганка» У.Галубка і інш. У БДТ-3 паставіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1929), «Ярасць» Я.Яноўскага (1930). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драм. і камедыйных вобразаў. Яго акцёрскай індывідуальнасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць характару, асэнсаванне сац. прыроды персанажаў, выразны вонкавы малюнак ролі, жанравая разнастайнасць: Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо»), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б.Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Б.Томаса). З 1926 пачаліся ганенні на Ж. 18.7.1930 ён арыштаваны. засуджаны на 5 гадоў зняволення, працаваў на Беламорканале. 8.7.1937 зноў арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
Літ.:
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Сабалеўскі А. Асоба мастака. Літ. -крытыч. артыкулы. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКЕ́ВІЧ Янка (26.11.1891, в. Арляняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.7.1976),
бел. грамадска-паліт. і эміграцыйны дзеяч, мовазнавец, гісторык; у Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. захопнікамі. Д-рслав. філалогіі і гісторыі (1926). Скончыў Віленскую бел. гімназію (1921), Карлаў ун-т у Празе (1926). У 1-ю сусв. вайну ў рас. арміі. Са снеж. 1917 у Вільні, адзін з заснавальнікаў Беларускага навуковага таварыства, у студз. 1918 абраны ў склад Віленскай беларускай рады. У час польска-сав. вайны 1919—20 чл. прэзідыума Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Цэнтральнай беларускай школьнай рады. Пасол (дэпутат) польскага сейма (1928—30). З 1926 выкладчык Віленскага і Варшаўскага ун-таў. У перыяд акупацыі Беларусі ням. фашыстамі чл.Бел.нар. самапомачы, навук. аддзела Бел.цэнтр. рады, адзін з заснавальнікаў Бел.навук.т-ва ў Мінску. З 1944 у Германіі, аднавіў дзейнасць Крывіцкага (Беларускага) навуковага таварыства імя Скарыны. З 1949 у ЗША, удзельнічаў у працы Бел.-амер. задзіночання, Бел.-амер. звязу, выдаваў час.«Веда», «Незалежнік», супрацоўнічаў з Бел. ін-там навукі і мастацтва і яго выданнем «Запісы», час. «Сяўбіт», газ. «Бацькаўшчына» (Мюнхен), «Беларус» (Нью-Йорк) і інш. Адзін з заснавальнікаў Вялікалітоўскага (Беларускага) фонду імя Льва Сапегі. Аўтар прац па бел. гісторыі, гістарыяграфіі, мовазнаўстве: «Месца беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў і час яе ўзнікнення» (1930), «Час узнікнення беларускага і ўкраінскага народаў» (1931), «Крыўя-Беларусь у мінуласці» (1942), «Этнаграфічная і гістарычная тэрыторыі і граніцы Беларусі» (1953), «З гісторыі Беларусі» (1958). «Друкары Іван Хведаровіч Рагаза і Пётр Мсціславец» (1969), «З украінскіх дачыненняў да Вялікалітвы-Беларусі» (1970), «Нарысы з гісторыі Вялікалітвы-Беларусі» (выд. 1978) і інш. Беларусь называў Крывіяй (зыходзячы з «крывіцкай» канцэпцыі этнагенезу беларусаў) ці Вялікалітвой. Расшыфраваў і транслітарыраваў кітаб 17 ст. Падрыхтаваў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» (выд. 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТАЛЁТНЫ СПОРТ,
від авіяцыйнага спорту, уключае спаборніцтвы на дакладнае пілатаванне верталётам на малой вышыні ў абмежаваны час, слалам, верталётаваджэнне. У СССР пачаў развівацца з 1958, тады ж уключаны ў Адзіную спарт. класіфікацыю. На Беларусі развіваецца з пач. 1960-х г. З 1974 каманда Беларусі па верталётным спорце ўдзельнічала ў чэмпіянатах СССР (бел. верталётчыкі былі чэмпіёнамі і прызёрамі гэтых спаборніцтваў), з 1994 — у чэмпіянатах свету. Бел. майстры верталётнага спорту А.Грышчанка і А.Дзятлаў — чэмпіёны свету, І.Гарэлышава і Т.Стэльмах — бронзавыя прызёры (усе ў 1994). Падрыхтоўка спартсменаў да 1991 ажыццяўлялася праз структуры ДТСААФ БССР, з 1991 — Беларускага абароннага спартыўна-тэхнічнага таварыства. Асн. цэнтры падрыхтоўкі — Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі аэраклубы. У 1978 у Віцебску праходзіў чэмпіянат свету па верталётным спорце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ МЕ́ДЫКА-ХІРУРГІ́ЧНАЯ АКАДЭ́МІЯ,
вышэйшая навуч. ўстанова ў Вільні ў 1832—42. Створана на базе мед. ф-та Віленскага універсітэта, які быў закрыты ў 1831. Выкладанне вялося на лац., рус. і польск. мовах. Прафесары акадэміі: А.Абіхт, А.Адамовіч, С.Горскі, Ф.Джавінскі, Ю.Каранеўскі, І.Лабойка, К.Парцянка, І.Якавіцкі і інш. Студэнты акадэміі працягвалі традыцыі філаматаў і філарэтаў. У 1836—38 тут існавала тайная арг-цыя «Дэмакратычнае таварыства», разгром якой вызначыў лёс акадэміі (у 1842 яна закрыта распараджэннем Мікалая I). Б-ка акадэміі (больш за 20 тыс. тамоў), кабінеты, гербарыі перавезены ў Кіеўскі ун-т, дзе на іх базе створаны мед.ф-т. Дзейнасць акадэміі на 10 гадоў падоўжыла навук. і пед. традыцыі, закладзеныя Віленскім ун-там.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ Давыд Львовіч (1857, г. Гродна — пасля 1916),
ваенны ўрач, падарожнік. Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскую ваенна-мед. акадэмію (1882). Д-р медыцыны (1893). З 1889 урач Гродзенскага гусарскага палка. У 1892 разам з групай афіцэраў палка здзейсніў коннае падарожжа ў Індыю. З 1893 палкавы ўрач у Гродне. Чл.Гродзенскага таварыства ўрачоў. Сябраваў з А.Я.Багдановічам. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96 у складзе рус.сан. атрада ўдзельнічаў у аказанні дапамогі Эфіопіі (Абісініі). З 1898 гал. ўрач ваен. шпіталя ў Гродне. З 1905 у Пецярбургу. Аўтар прац па медыцыне і ўспамінаў аб італа-эфіопскай вайне.
Тв.:
Харрар и его обитатели. Гродно, 1897;
Жизнь русского санитарного отряда в Харраре: (Из воспоминаний об Абиссинии). Гродно, 1899.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САВЫ,
удзельнікі рэв. руху дзекабрыстаў у Рас. імперыі, браты. Нарадзіліся ў Сумскай вобл., Украіна.
Андрэй Іванавіч (1798—12.10.1854) — адстаўны падпаручнік (1823), Пётр Іванавіч (1800—12.10.1854) — падпаручнік (1825). Атрымалі хатнюю адукацыю. З 1816 служылі ў 26-й, з 1820 у 8-й артыл. брыгадах. У 1818 заснавалі асв.Т-ва першай згоды, якое неўзабаве пераўтварылі ў тайнае Т-ва сяброў прыроды. Заснавальнікі (разам з Ю.К.Люблінскім) і кіраўнікі Таварыства з’яднаных славян 1823—25. У час Чарнігаўскага палка паўстання прымалі захады па яго пашырэнні. У 1826 арыштаваны і асуджаны. Адбывалі катаргу ў Нерчынскіх рудніках, з 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Андрэй Іванавіч скончыў самагубствам пасля раптоўнай смерці брата.
Літ.:
Декабристы: Биогр. справ. М., 1988. С. 28—29, 229.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЖЧЫЦ (Друшчыц) Васіль Данілавіч
(8.2.1886, в. Першамайская Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 20.12.1937),
бел. гісторык. Скончыў Тартускі ун-т (1911). Выкладаў гісторыю ў Вільні, Шаўляі, Рэчыцы, Бабруйску. Удзельнічаў у працы Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску. З 1922 выкладчык, з 1927 праф.БДУ, адначасова з 1924 правадз. член Інбелкульта, з 1927 старшыня камісіі Інбелкульта па гісторыі гарадоў. З 1933 супрацоўнік Ін-та гісторыі Бел.АН, праф. кафедры гісторыі народаў СССРЛіт. ін-та імя А.І.Герцэна (Масква). 14.1.1937 арыштаваны, 19.12.1937 асуджаны ваен. калегіяй Вярх. суда СССР да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1958. Даследаваў гісторыю Беларусі эпохі феадалізму, у т. л. магдэбургскае права ў бел. гарадах 15—18 ст., гісторыю кнігадрукавання.