МА́О ЦЗЭДУ́Н (26.12.1893, в. Шаашань, правінцыя Хунань, Кітай — 9.9.1976),
кітайскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў пед. вучылішча ў г. Чанша (1918). У 1920 далучыўся да камуніст. руху, заснаваў у г. Чанша т-ва па вывучэнні марксізму. Адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Кітая (КПК, 1921). З 1921 сакратар Хунаньскага к-таКПК. Чл.ЦККПК (1923—25, з 1928), Палітбюро ЦК (з 1933). У час Кітайскай рэвалюцыі 1924—27 узначальваў Камісію ЦККПК па сял. руху; выказаў тэзіс, што рухаючай сілай рэвалюцыі ў Кітаі з’яўляецца сялянства, а не пралетарыят. Пасля перавароту Чан Кайшы ўзначаліў у 1927 паўстанне «восеньскага ўраджаю» ў Хунані. У 1928 сумесна з Чжу Дэ стварыў у гарах Цзінганшань 4-ы корпус кіт. Рабоча-сял. чырвонай арміі, яго паліткамісар. Старшыня ЦВК і Савета нар. камісараў Кіт.Сав. Рэспублікі (1931). У 1934—35 кіраваў паходам Чырв. Арміі на Паўн. Захад Кітая. Сакратар ЦККПК (1935), старшыня ЦККПК (з 1943). На 7-м з’ездзе КПК (1945) «ідэі Мао Цзэдуна» былі абвешчаны асновай ідэалогіі КПК. Пасля абвяшчэння 1.10.1949 Кіт.Нар. Рэспублікі (КНР) старшыня Цэнтр.нар. ўрадавага савета КНР і Нар.-рэв.ваен. савета КНР. З 1954 старшыня КНР і Дзярж.к-та абароны КНР. З 2-й пал. 1950-х г. абвінаваціў кіраўніцтва СССР у «рэвізіянізме», і пагоршыў адносіны з СССР. У 1958 абвясціў курс «трох чырвоных сцягоў» і палітыку «вял. скачка». Пасля правалу «вял. скачка» пакінуў пасаду старшыні КНР (1959). У 1966 пачаў «культурную рэвалюцыю», у ходзе якой пазбавіўся ад сваіх паліт. апанентаў у КПК і ўрадзе. На 9-м з’ездзе КПК абвешчаны яе пажыццёвым старшынёй (1969).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—4. М., 1952—53.
Літ.:
Бурлацкий Ф.М. Мао Цзе-дун: «Наш коронный номер — это война, диктатура...». М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫНЕ́Ц (Флягонт Ігнатавіч) (8.1.1879, г. Вілейка Мінскай вобл. — 3.11.1937),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Працаваў настаўнікам, страхавым агентам. З 1916 у арміі. Пасля Кастр.рэвалюцыі 1917 гар. галава Вілейкі, старшыня гарсавета. У 1926—29 чл. Вілейскага пав.к-таБел. сялянска-работніцкай грамады, старшыня Вілейскай акр. управы, чл.Гал. управы Т-ваБел. школы. У 1928 і 1930 выбраны дэп. польскага сейма. Адзін з кіраўнікоў рэв. арг-цыі «Змаганне». Чл.КПЗБ з 1932. Няраз быў арыштаваны польск. ўладамі і зняволены. У выніку абмену палітвязнямі з 1932 у СССР. Працаваў у Наркамаце камунальнай гаспадаркі БССР. У 1933 арыштаваны органамі АДПУ Беларусі, у 1934 прыгавораны да расстрэлу, замененага 10 гадамі лагераў на Салаўках. У 1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЦЭ́ЦІС (Іаакім Іаакімавіч) (23.11.1873, Салдускі р-н, Латвія — 28.7.1938),
савецкі военачальнік, камандарм 2-га рангу (1935). Скончыў Акадэмію Генштаба (1909). У арміі з 1891. У 1-ю сусв. вайну палкоўнік. У дні Кастр.рэвалюцыі перайшоў на бок сав. улады, уступіў у Чырв. гвардыю, камандаваў 2-й латышскай брыгадай. Са снеж. 1917 нач. аддзела Рэв. палявога штаба пры Стаўцы вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. З 28.1.1918 камандаваў войскамі па ліквідацыі Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918. З крас. 1918 нач. латышскай стралк. дывізіі, адзін з ваен. кіраўнікоў ліквідацыі леваэсэраўскага мяцяжу ў Маскве (ліп. 1918). У ліп.—вер. 1918 камандуючы Усх. фронтам, у вер. 1918 — ліп. 1919 галоўнакамандуючы Узбр. Сіламі РСФСР. Са жн. 1919 у РВС Рэспублікі. З 1921 выкладаў у Ваен. акадэміі РСЧА. Аўтар ваен.навук.прац. Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫЯ КАМІТЭ́ТЫ (ВПК),
грамадскія арг-цыі ў Расійскай імперыі ў 1-ю сусв. вайну. Створаны ў 1915, мелі на мэце мабілізацыю прам-сці на патрэбы вайны, атрыманне ад царскага ўрада выгадных ваен. заказаў і паліт. уступак, раскол рэв. руху і падпарадкаванне рабочага класа ўплыву буржуазіі. На пач. 1916 створаны Цэнтр. ВПК і 220 мясцовых, аб’яднаных у 33 абласныя. У 1915 ВПК дзейнічалі ў Гродне, Вільні, Беластоку, Мінску, Слоніме, Пінску, Бабруйску, Магілёве, Гомелі, Полацку і Віцебску (з аддзелам у Дзвінску). 19.7.1915 на з’ездзе ў Вільні сфарміраваны Паўн.-Зах. ВПК, які пашыраў сваю дзейнасць на Зах. і часткова Паўн.-Зах. франты. Пасля Кастр.рэвалюцыі ВПК пастаўлены пад кантроль ВСНГ, у 1918 перайменаваны ў нар.-прамысл. к-ты, у ліп. 1918 за дзейнасць супраць сав. улады ліквідаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета. За 30 км на ПдЗ ад Лёзна, 52 км ад Віцебска. 754 ж., 317 двароў (1995).
Заснавана не пазней як у 16 ст. У канцы 16—17 ст. мястэчка, дзярж. маёмасць, цэнтр Бабінавіцкага староства ў Віцебскім ваяв. У 1777—96 і 1802—40 цэнтр Бабінавіцкага павета, Бабінавічы мелі статус павятовага горада. У 1781 горад атрымаў герб. У 1897 у Бабінавічах 1157 ж., царкоўнапрыходская школа, пошта, тэлеграф, прыходская царква, касцёл св. Тройцы. Пасля Кастр.рэвалюцыі 1917 страцілі статус горада і сталі вёскай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Высачанскім, з 1931 — у Лёзненскім р-нах.
Птушкафабрыка. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі археал. помнік Бабінавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ІРА́КСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ 1922, 1926, 1930, 1948, 1955.
Дагавор 1922, заключаны на 20 гадоў, фактычна аформіў мандатную залежнасць Ірака ад Вялікабрытаніі. Дагавор 1926 прадаўжаў тэрмін дзеяння папярэдняга да 1950 (калі Ірак да гэтага часу не стане чл. Лігі Нацый, што аўтаматычна пазбаўляла яго англ. мандата). Дагавор 1930 падпісаны на 25 гадоў, прадугледжваў адмену мандата і прызнаваў суверэнітэт Ірака (уступіў у сілу ў 1932 пасля прыняцця Ірака ў Лігу Нацый); фактычна захаваў залежнасць Ірака ад Вялікабрытаніі ў знешняй палітыцы і ваен. справах. Дагавор 1948 прадугледжваў стварэнне «камісіі сумеснай абароны», тэр. Ірака заставалася базай англ.узбр. сіл. Пагадненне 1955 захоўвала кантроль Англіі над іракскай арміяй і ваенна-паветр. базамі; англ. ваенна-паветр. сілы заставаліся ў Іраку. Дэнансавана 24.3.1959 урадам Іракскай рэспублікі пасля Іракскай рэвалюцыі 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНЕ́НКА-ДАВІДО́ВІЧ (Барыс Дзмітрыевіч) (5.8.1899, г. Рамны Сумскай вобл., Украіна — 9.5.1984),
украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ін-тнар. асветы (1923). Падзеі рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны, аднаўленчы перыяд адлюстраваў у зб-ках апавяданняў, нарысаў і аповесцяў «Зацярушаныя сілуэты» (1925), «Сіняя валошка» (1927), «Смерць» (1928), «Сапраўдны муж» (1929), «Людзі і вугаль» (1932). Маральна-этычная тэматыка ў рамане «За шырмай» (1957), зб. апавяданняў і аповесцяў «Слова маці» (1960). Аўтар публіцыст., літ.- і мовазнаўчых артыкулаў (зб-кі «Аб чым і як», 1962; «У літаратуры і каля літаратуры», 1964; «Як мы гаворым», 1970). Рэпрэсіраваны ў 1935, рэабілітаваны ў 1956. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1992 (за зб-кі прозы розных гадоў «Смерць», «Сібірскія навелы», «Завышаныя ацэнкі», публ. 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ I АРА́НСКІ (Willem van Oranje) Маўклівы
(24.4.1533, г. Дыленбург, Германія — 10.7.1584),
прынц аранскі (з 1544), граф насаўскі, дзеяч Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. У 1559 прызначаны статхаўдэрам (правіцелем) Галандыі, Зеландыі і Утрэхта. Разам з Л.Эгмантам і Ф.Горнам узначаліў апазіцыю супраць ісп. панавання ў краіне. Пасля ўвядзення ў краіну ісп. войска пад кіраўніцтвам Ф.Альбы і ўстанаўлення дыктатуры (1567) эмігрыраваў у Германію. Адтуль на чале войска ў 1572 уступіў у Нідэрланды; быў прызначаны статхаўдэрам правінцый Штаты Галандыі і Зеландыя. Садзейнічаў заключэнню Генцкага прымірэння паміж католікамі і пратэстантамі (1576). Пасля заключэння Утрэхцкай уніі 1579 страціў уплыў у паўд. Нідэрландах, што прывяло да стварэння Рэспублікі Аб’яднаных правінцый (1581). Вызначаўся верацярпімасцю. Забіты ў Дэлфце каталіцкім фанатыкам Б.Жэрарам. Пасля смерці абвешчаны нац. героем Нідэрландаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРТ ((Wirth) Карл Іозеф) (6.9.1879, г. Фрайбург, Германія — 3.1.1956),
палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Скончыў Фрайбургскі ун-т. Дэпутат рэйхстага ў 1914—18 і 1920—33. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 міністр фінансаў у Бадэне, чл.Нац. сходу. Адзін з лідэраў партыі Цэнтра (да 1933). Міністр фінансаў (1920—21). Рэйхсканцлер Веймарскай рэспублікі ў маі 1921 — ліст. 1922. Урад Вірта імкнуўся да выканання Версальскага мірнага дагавора 1919, падпісаў 16.4.1922 рас.-герм. Рапальскі дагавор. Міністр акупіраваных (паводле Версальскага дагавора) абласцей (1929—30). Міністр унутр. спраў (1930—31). У 1933—48 у эміграцыі. Заснавальнік партый «Саюз цэнтра» (1948) і Саюз немцаў (за адзінства, мір і свабоду). Выступаў за ўзаемаразуменне з СССР (пры нейтральнасці Германіі), супраць эканам. і ваен. інтэграцыі ФРГ у Зах. Еўропу. Чл.Сусв. Савета Міру з 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯЗКО́ВЫЯ ПАСТАНО́ВЫ,
у Расійскай імперыі ў 2-й пал. 19—пач. 20 ст. акты службовых асоб (ген.-губернатараў, граданачальнікаў), якія выдаваліся дыскрэцыйна (у залежнасці ад асабістага меркавання) і змяшчалі юрыд. санкцыі. Прымаліся для барацьбы з рэв. рухам. Паводле палажэння ад 13.7.1876 губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы аб забароне сходаў, органаў друку і інш. Палажэнне ад 14.8.1881 акрэслівала паўнамоцтвы службовых асоб на прыняцце абавязковых пастаноў у мясцовасцях, аб’яўленых на асобым становішчы, пазней губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы тэрмінам на 1 год і ў мясцовасцях, дзе выключнага становішча не было. У 1904—07 паўнамоцтвы на абавязковыя пастановы мелі мінскі і магілёўскі, у 1909—13 — віленскі, віцебскі, мінскі, магілёўскі губернатары. Абавязковыя пастановы існавалі да Лют.рэвалюцыі 1917.