ДАРГАМЫ́ЖСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (17.2.1813, с. Троіцкае Тульскай вобл., Расія — 17.1.1869),

рускі кампазітар; адзін з заснавальнікаў рус. класічнай муз. школы (разам з М.Глінкам). Атрымаў рознабаковую (у т. л. муз.) хатнюю адукацыю. Паслядоўнік Глінкі, самабытна развіваў яго традыцыі. Верны асн. прынцыпам народнасці, нац. характэрнасці музыкі, Д. праклаў новыя шляхі ў рус. муз. мастацтве, абнавіў прыёмы і сродкі муз. выразнасці. Яго найб. вядомы твор — опера «Русалка» (1856) знаменавала нараджэнне новага жанру — нар.-бытавой псіхал. муз. драмы. На аснове меладызаванага рэчытатыву, блізкага да жывых інтанацый гаворкі, стварыў тып рэчытатыўнай оперы («Каменны госць» на тэкст А.Пушкіна; скончана Ц.Кюі і М.Рымскім-Корсакавым, 1872). Д. ўпершыню ўвасобіў у музыцы тэму сац. няроўнасці, узбагаціў жанры вак. лірыкі: рамансы «Я вас любіў», «Вяселле», «Начны зефір», «I сумна, і нудна», песня «Млынар», драм. песня «Стары капрал», сатыр.-камічныя песні «Чарвяк», «Тытулярны саветнік». З інш. твораў: опера «Эсмеральда» (1847), опера-балет «Трыумф Вакха» (1848); для аркестра: жарт-фантазія «Баба-яга, або 3 Волгі nach Riga» (1862), «Маларасійскі казачок» (1864), «Чухонская фантазія» (1867). Д. акрэсліў новыя шляхі ў оперным і камерна-вак. жанрах, якія вядуць да творчасці М.Мусаргскага, П.Чайкоўскага і інш. рус. кампазітараў.

Літ. тв.: Избр. письма. Вып. 1. М., 1952.

Літ.:

Пекелис М. Даргомыжский и народная песня. М.; Л., 1951;

Яго ж. А.С.Даргомыжский и его окружение. Т. 1—3. М., 1966—83;

Скудина Г. Даргомыжский — восхождение к правде // Муз. жизнь. 1984. № 5.

Н.М.Юдзеніч.

А.С.Даргамыжскі.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦЭН (Аляксандр Іванавіч) (псеўд. Іскандэр; 6.4.1812, Масква — 21.1.1870),

рускі пісьменнік, публіцыст, філосаф. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1829—33). Духоўнае развіццё адбывалася пад уплывам дзекабрыстаў, рус. л-ры, франц. асветніцтва і утапічнага сацыялізму. У 1834 за ўдзел у студэнцкім паліт. гуртку, які заснаваў разам з М.П.Агаровым, Герцэн арыштаваны і высланы ў Перм, потым у Вятку. У 1842 вярнуўся ў Маскву. У філас. працах 1840-х г. (цыклы арт. «Дылетантызм у навуцы», 1842—43, і «Пісьмы пра вывучэнне прыроды», 1845—46) матэрыялістычна вытлумачыў асновы гегелеўскай дыялектыкі. У літ. творчасці Герцэн праходзіць эвалюцыю ад рамантызму ранніх аповесцей і драм да рэалізму ў рамане «Хто вінаваты?» (ч. 1—2, 1845—46), аповесцях «Доктар Крупаў» (1847) і «Сарока-зладзейка» (1848). З 1847 у эміграцыі; еўрап. нац.-вызв. рух і рэв. ўзрушэнні адлюстраваліся ў яго творах маст. публіцыстыкі — цыклах арт. «Пісьмы з Францыі і Італіі» (1847—52) і «З таго берага» (1847—50). Пасля паражэння еўрап. рэвалюцый 1848—49 распрацаваў тэорыю «рускага сацыялізму», стаў адным з пачынальнікаў народніцтва. У 1853 заснаваў у Лондане Вольную рус. друкарню, выдаваў альманах «Полярная звезда» (1855—68) і газ. «Колокол» (1857—67; разам з Агаровым). Літ. і грамадская дзейнасць Герцэна падрыхтавала з’яўленне «Былога і дум» (1852—68) — аднаго з лепшых твораў рус. мемуарнай л-ры, у якім раскрыта цэлая эпоха духоўнага развіцця рус. інтэлігенцыі, а асабісты лёс пісьменніка ўключаны ў шырокі гіст. кантэкст. У канцы жыцця Герцэн імкнуўся зразумець і прыняць навук. сацыялізм. Падтрымліваў нац.-вызв. рух у Польшчы, Беларусі і Літве, выступаў за нац. самавызначэнне беларусаў. Выданні Вольнай рус. друкарні распаўсюджваліся на Беларусі, а газ. «Колокол» пісала пра бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, арміі і ўрадавай бюракратыі, вітала «Мужыцкую праўду» К.Каліноўскага. Народніцкія і рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна паўплывалі на станаўленне светапогляду Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча і інш. бел. пісьменнікаў. У перакладзе на бел. мову выдадзены «Былое і думы» (т. 1, ч. 1—2, 1940), раман «Хто вінаваты?», аповесці «Сарока-зладзейка», «Доктар Крупаў» і інш.кн. «Мастацкія творы», 1941).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—30. М., 1954—66.

Літ.:

Белинский В.Г. Взгляд на русскую литературу 1847 г. // Полн. собр. соч. Т. 10. М., 1956;

Герцен в воспоминаниях современников. М., 1956;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. М., 1966;

Птушкина И.Г. Александр Иванович Герцен. М., 1987;

Летопись жизни и творчества А.И.Герцена, 1812—1870. [Т. 1—4]. М., 1974—87.

Н.В.Галаўко, У.М.Конан.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Аляксандр Іванавіч) (30.8.1873, С.-Пецярбург — 10.10.1948),

рус. і ўкр. дырыжор. Нар. арт. Расіі (1945). Праф. (1927). З 1912 сімф. і оперны дырыжор, у т. л. аркестра С.Кусявіцкага, Кіеўскай укр. оперы (1925—29). З 1930 дырыжор Вял. сімф. аркестра Усесаюзнага радыё. Муз. кіраўнік пастановак многіх опер, у т. л. «Турандот» Дж.Пучыні і «Каралі Мадонны» Э.Вольфа-Ферары.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАПО́НІКА (ад аэра... + грэч. ponos работа),

паветраная культура, спосаб вырошчвання раслін у вільготным паветры без глебы або яе заменнікаў. Прапанаваны ў 1910 рус. вучоным У.М.Арцыхоўскім. Пры аэрапоніцы карані раслін перыядычна апырскваюць растворам пажыўных рэчываў, што значна зніжае матэр.-тэхн. затраты на іх вырошчванне. Выкарыстоўваецца ў прамысл. кветкаводстве і агародніцтве, у аранжарэях, цяпліцах, касм. караблях і інш.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,

штомесячны навукова-тэарэтычны і грамадска-публіцыстычны часопіс. Выходзіць з кастр. 1991 у Мінску на бел. і рус. мовах. Знаёміць чытачоў з сучаснай навук., пед., грамадскай думкай па розных галінах ведаў. Мае пастаянныя раздзелы: «Навука», «Эканоміка», «Улада», «Паліталогія», «Суверэнітэт», «Духоўны свет», «Мараль», «Экалогія» і інш. На старонках часопіса выступаюць буйнейшыя бел. і замежныя вучоныя, дзеячы культуры, педагогі, палітыкі.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ЧАС»,

газета прафесійных саюзаў Беларусі. Выходзіць з 27.10.1989 у Мінску на бел. і рус. мовах. Асвятляе дзейнасць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Аналізуе эканам. становішча на прадпрыемствах і ўстановах краіны, перадавы вопыт (у т. л. замежны) арганізацыі вытворчасці, сац. абароны працоўных. Друкуе матэрыялы па пытаннях жыллёвага буд-ва, прыватызацыі, транспарту, зарплаты, беспрацоўя і інш. Дае юрыд. кансультацыі.

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССИЯ»,

штотыднёвая грамадска-палітычная газета. Выдаецца з лют. 1995 у Мінску на рус. мове. Асвятляе грамадска-паліт. падзеі на Беларусі і за яе межамі, аналізуе эканам. становішча краіны. Закранае пытанні культуры, асветы. Друкуе матэрыялы на гіст., маральна-этычныя, сямейна-быт. тэмы. Мае рубрыкі: «Лёсы людскія», «Так і жывём», «Жанчыны Беларусі», «Побач з цікавым суразмоўцам», «Крымінал» і інш.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ ПРА́ВДА»,

газета Палітаддзела РВС Зах. фронту. Выдавалася з 17.5 да 17.6.1920 у Смаленску на рус. мове як орган партызан-камуністаў. Выданне газеты было абумоўлена падрыхтоўкай летняга контрнаступлення Чырв. Арміі. Распаўсюджвалася сярод мясц. насельніцтва на тэрыторыі, акупіраванай польск. войскамі. Друкавала матэрыялы інфармацыйна-інструкцыйнага характару, нататкі пра ход партыз. барацьбы, вершы і сатыр. куплеты пра польск. захопнікаў і інш.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКИЙ УЧИ́ТЕЛЬ»,

культурна-асветны часопіс. Засн. на сродкі настаўніцкага гуртка Віцебскай губ. Выйшаў адзін выпуск у лютым 1909 у Пецярбургу на рус. мове. Змяшчаў артыкулы на пед. тэмы, інфармаваў пра дзейнасць бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, бел. культ.-асв. арг-цый і інш., выступаў за ўвядзенне бел. мовы ў школах Беларусі.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЮЛЛЕТЕ́НЬ ВОЕ́ННО-РЕВОЛЮЦИО́ННОГО КОМИТЕ́ТА ЗА́ПАДНОГО ФРО́НТА»,

штодзённая газета бальшавіцкага кірунку. Выдавалася з 27.10(9.11) да канца ліст. 1917 у Мінску на рус. мове. Друкавала загады і распараджэнні Ваенна-рэв. камітэта. Засяроджвала салдат на неабходнасці барацьбы з рэакц. генералітэтам у Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага. Пісала пра ход барацьбы за ўладу з к-тамі выратавання рэвалюцыі, антыбальшавіцкай прэсай і інш.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)