род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, асабліва ва Усх. Азіі. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: усюды трапляецца Д. лясны (A. sylvestris), зрэдку — лекавы, або дзягіль (A. archangelica), і вельмі рэдка — балотны (A. palustris). Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах і інш.Цэнтр.бат. садам Нац.АН Беларусі як дэкар. расліна інтрадукаваны Д. сахалінскі (A. sachalinensis).
Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны з кароткім карэнішчам і галінастым, унутры пустым — дудкаватым (адсюль назва) сцяблом выш. да 2 м. Лісце буйное, складанае, перыстарассечанае, з вял. похвамі. Кветкі дробныя, белыя ці ружаватыя, у буйных складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з 10 крылатымі рэбрамі. Лек., кармавыя, эфіраалейныя, меданосныя, вострапрыпраўныя і дэкар.расліны. Плады і карані багатыя кумарынам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЦІК (Lolium),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі як занесеныя, натуралізаваныя і пустазелле трапляюцца Ж. п’янючы (L. temulentum), расстаўлены, або льняны (L. remotum), жорсткі (L. rigidum), шматкветкавы (L. multiflorum) і шматгадовы (L. perenne). Ж. шматкветкавы і шматгадовы пад назвай райграс уведзены ў культуру як кармавыя і газонныя расліны. Некат. віды — пустазелле; ёсць ядавітыя. Растуць каля дарог, на пустках, газонах і інш.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі выш. да 1 м і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкалінейнае. Агульнае суквецце — рэдкі лінейны двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, сціснуты з бакоў, з 3—15 кветкамі. Плод — зярняўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААФА́ГІ [ад заа... + ...фаг(і)],
жывёлы і расліны, кормам для якіх з’яўляюцца інш. жывёлы. Да З. належаць таксама жывёлы, што кормяцца прадстаўнікамі свайго віду (гл.Канібалізм), і паразіты жывёл. Спосаб жыцця З. залежыць ад віду ежы, спосабаў яе здабычы, морфафізіял. і эталагічнай адаптацыі. У актыўных драпежнікаў ёсць органы захопу, умярцвення здабычы, вельмі развіты органы руху і пачуццяў. Стрававальны тракт З. звычайна адносна карацейшы, чым у фітафагаў (арганізмы, якія кормяцца раслінамі). Іх наз.драпежнікамі, хоць у некат. выпадках гэты тэрмін не зусім падыходзіць (напр., лешч з’яўляецца З., аднак драпежнікам яго не называюць). З раслін да З. належаць насякомаедныя расліны (напр., расянка круглалістая, тлушчанка звычайная), з жывёл — ваўкі, лісы, ястрабы, краты і інш.Гл. таксама Некрафагі, Капрафагія, Эўрыфагія, Драпежнікі, Драпежныя звяры, Сокалападобныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РКАЎКА (Stellaria),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 120 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі 10 відаў: З. багнавая (S. alsine), балотная (S. palustris), доўгалістая (S. longifolia), дуброўная (S. nemorum), злакавая (S. graminea), ланцэтападобная (S. holostea), незаўважаная (S. neglecta), сярэдняя, або макрыца (S. media), таўсталістая (S. crassifolia), тупачашачкавая (S. hebecalyx). Растуць у лясах, на лугах, балотах, у хмызняках, на палях, агародах і інш.
Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з простым ці галінастым сцяблом выш. да 60 см. Лісце супраціўнае, ад лінейна-ланцэнтнага да яйцападобнага. Кветкі двухполыя, 5-, рэдка 4-членныя, звычайна белыя ў паўпарасонікавых суквеццях. Плод — каробачка. Лек., кармавыя, харч., меданосныя і дэкар.расліны. Многія віды пустазелле, ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБНІ́ЦА (Dentaria),
род кветкавых раслін сям. капуставых. 20 відаў. Пашырана ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 2 віды: З. клубняносная (D. bulbifera) расце ў шыракалістых і мяшаных лясах у паўд. і зах. раёнах, занесена ў Чырв. кнігу, і З. пяцілістая (D. quinquefolia) трапляецца ў Гарадоцкім і Стаўбцоўскім р-нах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім, паўзучым карэнішчам, укрытым зубцападобнымі лускавінкамі (адсюль назва роду) і прамастойным сцяблом выш. да 60 см. Лісце перыстае, трайчастае ці пальчатае, іншы раз сабранае ў кальчак. У суквецці і пазухах верхняга лісця З. клубняноснай утвараюцца клубеньчыкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі двухполыя, буйныя, фіялетавыя, лілова-ружовыя, палевыя або белыя, па 6—12 у кароткіх гронках. Плод — стручок. Лек. (вяжучы сродак), харч. і дэкар.расліны. Веснавыя эфемероіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯ́БЕР (Galeopsis),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўразіі (пераважна ў Зах. Еўропе). На Беларусі 5 дзікарослых відаў: З. двухнадрэзаны, або жабрэй (G. bifida), звычайны (G. tetrahit), ладаннікавы (G. ladanum), прыгожы, або зябра (G. speciosa), пушысты (G. pubescens). Растуць як пустазелле на палях, агародах, каля дарог і жылля, у сырых лясах і хмызняках.
Аднагадовыя травяністыя расліны з апушаным прамастойным 4-гранным галінастым сцяблом выш. да 70 см. Лісце цэласнае, супраціўнае, чаранковае, яйцападобна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі пурпурна-фіялетавыя, чырванаватыя, жаўтаватыя або белыя, двухполыя, у густых несапраўдных кальчаках. Плод — шматарэшак. Лек., алейныя (у насенні да 40—50% алею), вітамінаносныя, меданосныя і перганосныя расліны; многія віды — пустазелле, ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЯЛЕ́Ц (Ranunculus),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Больш за 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі каля 20 відаў, найб. вядомыя К.: едкі (R. acris), нар. назва курыная слепата, паўзучы (R. repens), пякучы (R. Dammula), залацісты (R. auricomus), шарсцісты (R. lanuginosus), шматкветны (R. polyanthemos), кашубскі (R. cassubicus), даўгалісты (R. lingua), ядавіты (R. sceleratus). Растуць на вільготных лугах, у лясах і інш.
Шмат- і аднагадовыя травяністыя раслінывыш. да 100 см з пучком тонкіх каранёвых валаснікоў ці развітым карэнішчам. Лісце пальчата-раздзельнае або суцэльнае. Кветкі пераважна жоўтыя, адзіночныя ці ў суквеццях. Плод — шарападобны шматарэшак. Многія віды К. атрутныя для буйн. раг. жывёлы і авечак. Лек. і дэкар.расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НГРАВЫЯ ЛЯСЫ́, мангры (ад англ. mangrove),
зараснікі вечназялёных дрэў і хмызнякоў на прыліўна-адліўнай паласе глеістых узбярэжжаў вільготных тропікаў, якія ахаваны ад прыбою. Фларыстычны састаў бедны: рызафоравыя, вербенавыя і інш.расліны-галафіты. Многія расліны жывародзячыя. Трапляюцца эпіфіты. Хадульныя карані забяспечваюць умацаванне ў субстраце. Маюць надземныя дыхальныя карані (пнеўматафоры), якія забяспечваюць дрэвы кіслародам. Лісты часта мясістыя, з вадзянымі вусцейкамі. Плады маюць паветраносную тканку і могуць плаваць у вадзе. З боку мора М.л. маюць выгляд высокіх густых хмызнякоў, па меры аддалення ад зоны прыліву — невысокіх лясоў (5—10 м). Сканцэнтраваны па плоскіх берагах усх. і зах. ўзбярэжжаў Афрыкі, на в-ве Мадагаскар, Сейшэльскіх і Маскарэнскіх а-вах, па берагах Паўд. Азіі і Паўн. Аўстраліі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЁН, ліснік (Solanum),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 1700 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах, большасць у Паўд. Амерыцы. На Беларусі 5 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя П.: жоўты (S. luteum), салодка-горкі, нар. назвы воўчыя ягады, гліснік (S. dulcamara), чорны (S. nigrum). Трапляюцца ў вільготных ярах, хмызняках, па берагах вадаёмаў. Культывуюць баклажан і бульбу.
Адна- і шматгадовыя травы, кусты і паўкусты, часам невял. дрэвы (у тропіках). Сцёблы прамастойныя, лазячыя ці павойныя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, чаранковае, лопасцевае ці перыстае. Кветкі адзіночныя або ў завітках. Плод — ягада. Многія віды маюць алкалоіды (саланіны і інш.) і выкарыстоўваюцца як лек.расліны (напр., П. салодка-горкі). Харч., лек., дэкар., меданосныя і фарбавальныя расліны. Есць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАЦВЕ́Т, прымула (Primula),
род кветкавых раслін сям. першакветных. Больш за 500 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды П.: веснавы, або баранчыкі, ці ключыкі (P. veris), і высокі (P. elatior), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў мяшаных лясах, на палянах, сухіх лугах, у далінах рэк. Інтрадукавана 5 відаў П.: Воранава (P. woronovii), вушкавы (P. auriculata), дробназубчасты (P. denticulata), звычайны (P. vulgaris), японскі (P. japonica).
Шматгадовыя ранаквітучыя (адсюль назва) травяністыя карэнішчавыя расліны. Лісце суцэльнае, чаранковае ці сядзячае, у прыкаранёвай разетцы. Кветкі правільныя ў парасонавых, галоўчатых або кальчаковых суквеццях жоўтага, бэзавага, белага, ружовага, пурпуровага, фіялетавага колеру. Плод — каробачка. Маладое лісце спажываюць як салату, кветкі і лісце выкарыстоўваюць у лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Харч., лек., дэкар., меданосныя расліны.