КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1944 у Мінску, адкрыты 20.9.1945. Размяшчаўся ў будынку б. Дома прафсаюзаў (пл. Свабоды, 23), з 1950 — у б. доме Саюза пісьменнікаў Беларусі (вул. Энгельса, 21), з 1959 у спец. будынку, пабудаваным на месцы дома, дзе ў 1927—41 жыла сям’я Я.Купалы (вул. Я.Купалы, 4). Стваральнік і першы дырэктар музея — жонка Я.Купалы У.Ф.Луцэвіч. Пл. экспазіцыі 492 м². Захоўвае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры (каля 35,2 тыс. адзінак, у т. л. 27,3 тыс. асноўнага фонду), звязаныя з жыццём і грамадскай дзейнасцю Я.Купалы. Кніжны фонд налічвае 6500 экз., у т. л. ўсе прыжыццёвыя выданні кніг Я.Купалы, 1111 кніг з Віленскай бібліятэкі-чытальні Даніловіча «Веды», дзе Я.Купала працаваў бібліятэкарам; перыяд. выданні 1905—42: газеты «Наша ніва» (1906—15), «Северо-Западный край» з першай публікацыяй верша «Мужык», «Наша доля», «Звон», «Рунь», «Беларусь», «Беларускае жыццё», «Голас Беларуса», «Наша думка», «Беларуская думка», асобныя нумары час. «Лучынка», «Саха», «Вольны шлях», «Маладняк», «Зоркі», «Малады араты», «Чырвоны сейбіт», «Беларускі каляндар» (1909—17) і інш., газеты і лістоўкі перыяду Вял.Айч. вайны і перыёдыка пасляваен. часу з творамі Я.Купалы; публікацыі пра яго на бел., рус., укр., груз., арм., літ., лат., славенскай, эст., балг., польск., чэш., англ., ням., франц., ісп., кіт. і інш. мовах свету, у т. л. кніга аднаго верша «А хто там ідзе?» на 83 мовах. Фонд рукапісаў Я.Купалы (больш за 1240 адзінак) захоўвае рукапісы твораў, аўтарызаваныя машынапісныя лісты, кнігі паэта з дарчымі надпісамі. У фотаархіве музея (3594 адзінкі) фотаздымкі Я.Купалы 1888—1942, яго родных, групавыя здымкі з пісьменнікамі, дзярж. і грамадскімі дзеячамі, сябрамі, знаёмымі і інш., а таксама фотаздымкі святаў паэзіі ў Мінску, Вязынцы, Ляўках, Акопах, вечароў у гонар паэта, купалаўскага фотапленэру, рэсп. і міжнар. Купалаўскіх чытанняў і інш.У кінафонавідэаархіве музея (каля 230 адзінак) фоназапісы выступленняў Я.Купалы, успамінаў пра паэта яго родных і блізкіх, бел., рас. і інш. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш. Асобны раздзел фанатэкі складае муз.-літ. Купаліяна: песні і рамансы на словы паэта, драм. творы Я.Купалы ў выкананні артыстаў тэатраў, радыё і тэлебачання. Зберагаюцца дакумент. кадры кінахронікі пра жыццё і творчасць, пахаванне Я.Купалы ў 1942 у Маскве, перапахаванне ў 1962 у Мінску, кадры кіначасопісаў «Савецкая Беларусь», прысвечаных юбілеям Я.Купалы, кінафільмы «Янка Купала. Жыццё і творчасць», «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і інш., дыяфільмы «Янка Купала» (1955, 1982). З 1991 фарміруецца калекцыя відэастужак: фільм «Ніколі я не паміраў», запісы вечароў і тэлеперадач, прысвечаных Я.Купалу, спектакляў «Тутэйшыя», «Паўлінка» і інш. У фондзе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (больш за 2000 адзінак, у т. л. больш за 1000 адзінак маст. Купаліяны) прыжыццёвыя партрэты паэта работы Дз.Полазава (1921), Я.Кругера (1923), працы, прысвечаныя Я.Купалу або сюжэтам з яго твораў, жывапісцаў С.Андруховіча, Г.Бржазоўскага, М.Гусева, А.Кроля, Х.Ліўшыца, З.Паўлоўскага, М.Савіцкага, П.Сергіевіча, У.Стальмашонка, І.Стасевіча, В.Цвіркі, Я.Ціхановіча, А.Шаўчэнкі і інш.; графікаў Э.Агуновіча, М. і У. Басалыгаў, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча; скульптараў З.Азгура, А.Анікейчыка, А.Бембеля, А.Глебава, У.Летуна, М.Палякова і інш., работы самадз. майстроў. Зберагаюцца асабістыя рэчы, дакументы, узнагароды Я.Купалы, вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва (вазы, дэкар. талеркі, шкатулкі) з партрэтамі паэта і выявай помнікаў яму. У экспазіцыі макеты хаты ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Я.Купала, дачы ў Ляўках, эскізы і макеты да драмы «Раскіданае гняздо», трагікамедыі «Тутэйшыя», камедыі «Паўлінка», оперы Р.Пукста «Машэка», п’есы У.Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» (пра юнацтва паэта), значкі і медалі, паштоўкі з выявамі Я.Купалы, купалаўскіх мясцін. Асобны фонд музея складае архіў У. Ф.Луцэвіч (3078 адзінак): дакументы, рукапісы, эпісталярная спадчына, фотаздымкі, яе асабістыя рэчы. Фонд ушанавання памяці Я.Купалы (1100 адзінак) захоўвае ўспаміны, артыкулы і вершы, прысвечаныя Я.Купалу. Супрацоўнікі музея праводзяць святы паэзіі, выстаўкі, дні музея ў вёсках, навук.рэсп. (з 1995 міжнар.) канферэнцыі «Купалаўскія чытанні». Па ініцыятыве музея створаны Міжнар. фонд Я.Купалы, які аб’ядноўвае даследчыкаў спадчыны паэта з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Англіі, ЗША. Музей падрыхтаваў і выдаў зб-кі матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць паэта, матэрыялы міжнар. Купалаўскіх чытанняў, бібліяграфіі твораў Я.Купалы, успаміны, буклеты пра яго. Музей мае 4 філіялы: Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». На матэрыялах фондаў музея створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», музей-кватэра Я.Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літ. музей «Над ракой Арэсай» у калгасе «Чырвоная змена» Любанскага р-на (1980), музеі ў школах імя Я.Купалы ў в. Сеніца Мінскага р-на (1982) і в. Бяларучы Лагойскага р-на (1998).
Літ.:
Літаратурны музей Янкі Купалы. Мн., 1981;
Святло Купалава Дому. Мн., 1998.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурны музей.Купалы Янкі літаратурны музей. Рабочы кабінет паэта.Купалы Янкі літаратурны музей. Фрагмент экспазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі, 1) кірунак, што ўзнік у Германіі ў 1840—50-я г. Гістарычная школа адмаўляла наяўнасць аб’ектыўных законаў эканам. развіцця грамадства, поўнасцю ігнаравала першаступеннае значэнне вытв. адносін у сістэме капіталіст. ўзнаўлення, абмяжоўвалася вывучэннем пераважна сферы абарачальнасці, капіталіст. рынку. Для яе характэрна нагрувашчванне апісанняў гіст. фактаў без іх тэарэт. аналізу і раскрыцця прычын сувязей і залежнасцей. Прадстаўнікі гэтай школы выступалі з абаронай феад. зямельных правоў і дваранска-бюракратычных прывілеяў прускага дваранства, прыватнай уласнасці. Каля яе вытокаў стаяў Ф.Ліст, які крытычна ставіўся да класічнай англ. школы з-за спробы стварэння універсальнай эканам. тэорыі «для ўсіх часоў і народаў». Ён лічыў, што кожная краіна ідзе самаст.эканам. шляхам. Падобныя думкі выказвалі прадстаўнікі 1-й хвалі гістарычнай школы (В.Рошэр, Б.Гільдэбранд, К.Кніс). Паводле Рошэра, нават ландшафт і клімат надаюць каларыт нац. эканоміцы. Гільдэбранд адмаўляў абстрактны метад у навуцы наогул, аддаваў перавагу эмпірычным даследаванням, статыстыцы, папракаў А.Сміта за ігнараванне прававых, этнічных і рэліг. адрозненняў, уласцівых кожнай нац. эканоміцы. Такое перакананне сведчыць аб сінкрэтызме тагачаснай эканам. навукі, вымушанай карыстацца метафіз. метадалогіяй аналізу рэчаіснасці. У 1870-я г. ўзнікла 2-я хваля гістарычнай школы, прадстаўнікі якой (Г.Шмолер, К.Бюхер, Л.Брэнтана) яшчэ больш асцярожна ставіліся да праблемы эканам. законаў і тэорый, адмаўлялі магчымасць стварэння законаў на падставе дэдуктыўных разважанняў. На падставе вучэння гістарычнай школы ішло фарміраванне светапогляду навукоўцаў 20 ст. (М.Вебер, В.Зомбарт і інш.).
2) Гістарычная школа ў фалькларыстыцы, кірунак рус. фалькларыстыкі канца 19 — пач. 20 ст. Склалася ў выніку крызісу, міфалагічнай школы і кампаратывізму. Тэарэт. асновы гістарычнай школы сфармуляваў У.Ф.Мілер у «Нарысах рускай народнай славеснасці» (т. 1, 1897), развіты і дапоўнены ў працах М.Н.Спяранскага, К.Шамбінагі, Б.М.Сакалова. Прадстаўнікі гістарычнай школы імкнуліся пазнаць гіст. побыт народа, суаднесці факты, падзеі, імёны, узноўленыя ў нар.паэзіі, з рэальнымі, што мелі месца ў мінулым жыцці. У рэканструкцыі эпічных цыклаў яны ішлі ад твораў пазнейшага паходжання да больш ранніх, старажытных. Адхіленні ў былінным тэксце ад гіст. падзей лічылі за скажэнні, унесеныя вусным пераказам. Вял. значэнне надавалі індывідуальнаму пачатку ў фальклоры, у некат. выпадках абсалютызавалі яго. Недаацэньваючы ролю нар. мас у стварэнні духоўных каштоўнасцей, прыпісвалі паходжанне былін выключна княжацка-дружыннаму асяроддзю. Школа мела прыхільнікаў у Чэхаславакіі, Даніі, Германіі. У бел. фалькларыстыцы гіст. падыход да вусна-паэт. творчасці абазначыўся ў сярэдзіне 1840-х г. у працы І.Храпавіцкага «Беглы погляд на паэзію беларускага народа». Ідэі гістарычнай школы падзялялі М.Янчук і Я.Карскі. Як кірунак гістарычная школа распалася ў сярэдзіне 1920-х г.
Літ.:
Левита Р.Я. История экономических учений: Полный краткий курс. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЕ́НГА-ХАДАКО́ЎСКІ (Зарыян Якаўлевіч) (сапр. Чарноцкі Адам; 24.12.1784, каля в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 17.11.1825),
славяназнавец, пачынальнік бел., польск., рус. і ўкр. археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі. Чл.-кар. варшаўскага Т-ва сяброў навук (1819), чл. пецярбургскага Вольнага т-ва аматараў расійскай славеснасці (1819), маскоўскага Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1820). Працаваў у Мінску прыватным адвакатам, у 1814—18 у б-цы Крамянецкага ліцэя, б-цы апекуна Віленскай навуч. акругі А.Чартарыйскага ў Пулавах (Люблінскае ваяв.) і інш., у мінскіх архівах вывучаў стараж.бел. акты і граматы. Падарожнічаў па Польшчы, Галіцыі, Палессі. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім пав., каля Брэста, Гомеля, Магілёва, в. Старое Сяло Віцебскага пав., запісваў фальклор, дыялектную лексіку, абрады. У 1820—21 збіраў і вывучаў археал., дыялектны, этнагр. і фальклорны матэрыял на Поўначы Расіі. Найб. значная яго праца «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818), у якой упершыню зрабіў спробу апісаць стараж.-славянскі побыт, культуру і нар. творчасць у дахрысціянскі перыяд, намеціў праграму комплексных даследаванняў слав. і суседніх народаў. У «Даследаваннях адносна рускай гісторыі» (1819) крытыкаваў некат. палажэнні «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна, удакладніў факты, звязаныя з гісторыяй Беларусі (у наступных выданнях Карамзін улічыў іх). У «Праекце вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычнай сістэме Хадакоўскага» (апубл. 1838) абгрунтаваў археал. тэорыю гарадзішчаў, прынцыпы збору фальклору і дыялектнай лексікі, упершыню ў славістыцы паказаў ролю тапанімікі для гіст. даследаванняў, склаў рэестр агульнаслав. тапонімаў (у т. л. беларускіх), вызначыў тэр. пашырэння бел. мовы. Большасць яго прац не апублікавана: збор бел. (каля 500) і рус. песень, запісы замоў, загадак, слоўнікі, матэрыялы па слав. этнаграфіі, дыялекталогіі, тапаніміцы, археалогіі. Фальклорная спадчына Д.-Х. — самы багаты збор твораў слав.нар.паэзіі таго часу як па колькасці запісаў, так і па рэгіёну збірання. Гэта першая спроба сістэматычнага, свядомага запісвання (з элементамі навук. пашпартызацыі) слав. фальклору ў яго жанравай разнастайнасці. Яго навук. і збіральніцкая дзейнасць была ўзорам і праграмай для навук. аб’яднанняў Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Многія славяназнаўчыя праблемы (слав. этнагенез, прарадзіма славян), вылучаныя ім, актуальныя і сёння.
Тв.:
O Slawiańszczyźnie przed chrześcjaństwem oraz inne pisma i listy. Warszawa, 1967;
Spiewy slawiańskie pod strzechą wiejską zebrane. Warszawa, 1973;
Українські народні пісні в записах Зоріана Доленги-Ходаковського. Київ, 1974.
Літ.:
Аксамітаў АС., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991;
Аксамітаў А. Ля вытокаў беларускага мовазнаўства: Са спадчыны Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага // Роднае слова. 1992. № 5;
Maśłanka J. Zorian Dołęga Chodakowski. Wrocław etc., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́НА (Янка) (сапр. Неслухоўскі Іван Люцыянавіч; 6.7.1851, Мінск — 16.7.1897),
бел.паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це на матэм. ф-це (1870—71), скончыў Пецярбургскі тэхналаг. ін-т (1877). У 1877—79 працаваў у чыг. майстэрнях Тыфліса, потым — у тэхн. бюро Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. Упершыню выступіў у друку ў 1886. Пісаў на бел., польск., рус. мовах. Друкаваўся ў газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходнім календары на 1893 год» пад рэд. А.Слупскага, польскіх часопісах і штотыднёвіках «Głos Polski» («Польскі голас»), «Kłosy» («Калоссе»), «Kraj» («Край»), «Prawda» («Праўда»), «Życie» («Жыццё») і інш. Творчасць Л. выяўляла розныя ўзроўні маст. асэнсавання бел. рэчаіснасці 1880—90-х г., але была мэтанакіраванай у дэмакр. сцвярджэнні ідэалу свайго часу. Прадаўжаючы эстэт. традыцыі л-ры Беларусі сярэдзіны 19 ст., ён заставаўся традыцыйным у польска- і рускамоўных творах і адначасова быў наватарам у вершах, напісаных па-беларуску, дзе ўзаемадзейнічалі рэаліст. і рамант. пачаткі. Тэматычна яго паэзія звязана пераважна з жыццём бел. вёскі; гал. яе герой — селянін як найб. варты прадстаўнік радзімы і носьбіт сапраўднай маральнасці. Не прымаў бурж. стасункаў у грамадстве, разам з тым верыў у асветніцкі, тэхн. прагрэс, народжаны часам. Супярэчнасць у поглядах абумовіла яго ўвагу да ўнутр. перажыванняў асобы. ПаэзііЛ. ўласцівы мяккі лірызм, роздумнае паглыбленне ў псіхал. стан чалавека. Яна спрыяла развіццю бел.філас. лірыкі. Польскамоўная паэма «Паляўнічыя акварэлькі» і бел. аўтапераклад яе раздзела «Стары паляўнічы» адкрылі перад бел. паэтамі шляхі пошукаў у напісанні нац. эпічных твораў («Новая зямля» Я.Коласа і інш.). У нарысе «З крывавых дзён» (1889) Л. ўзнаўляе карціны паўстання 1863—64 на Міншчыне. Пяру Л. належыць драматургічны абразок без назвы. Збіраў бел. фальклор і дасылаў яго П.Шэйну. Перакладаў з польск. мовы на бел. (У.Сыракомлю) і рускую (У.Сыракомлю, А.Асныка), з рус. на польскую (І.Крылова, М.Някрасава, В.Чуміну-Міхайлаву і інш.), з ням. (Г.Гейнэ), стараж.-грэч. (Гамера). Польскія творы Л. на бел. мову пераклалі М.Арочка, Р.Барадулін, М.Клімковіч, У.Мархель, М.Машара, П.Пестрак, Г.Тумаш, К.Цітоў, І.Чыгрын і інш.
Тв.:
Poezye. Warszawa, 1898;
Выбр. творы. Мн., 1953;
Вязанка. Пб., 1903 (факс. выд.Мн., 1992);
Творы. Мн., 1988.
Літ.:
Майхровіч С. Янка Лучына. Мн., 1952;
Лазарук М. Паэтычны вопыт Янкі Лучыны // Полымя. 1968. № 2;
Лойка А. Жальбы народнай і веры пясняр // Там жа. 1976. № 8;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
сярэдневяковая культура, якая склалася ў Арабскім халіфаце ў 7—10 ст. у працэсе культ. ўзаемадзеяння арабаў і заваяваных імі народаў. У навук. л-ры гэты тэрмін ужываецца і для абазначэння культуры ўласна араб. народаў і ў дачыненні да сярэдневяковай арабамоўнай культуры іншых народаў, што ўваходзілі ў Халіфат.
Фарміраванне ўласна арабскай культуры адносіцца да перыяду ўзнікнення ісламу (7 ст.) і стварэння Халіфата, які ў выніку арабскіх заваяванняў ператварыўся ў велізарную дзяржаву. Заснаваная арабамі дзярж.-паліт. супольнасць, дапоўненая рэліг., а ў большасці раёнаў і моўнай супольнасцю, стварыла ўмовы для ўзнікнення агульных формаў культ. жыцця. У 8—9 ст. на араб. мову перакладзена шмат навук. і літ. помнікаў старажытнасці (сірыйскіх, сярэднеперс., індыйскіх), якія ў перакладах і апрацоўках увайшлі ў араб. пісьменства і спрыялі пераймальнай сувязі з культурай эліністычнага свету, а праз яе — з ант. і стараж.-ўсх. цывілізацыямі. Гал. цэнтрамі фарміравання арабскай культуры ў канцы 7 — сярэдзіне 8 ст. адначасова з Дамаскам, сталіцай Амеядаў, былі Мекка і Медына ў Аравіі, Куфа і Басра ў Іраку. Адсюль арабская культура распаўсюдзілася і далей развіта ў правінцыях Амеядскага халіфата, на велізарнай тэр. ад Пірэнеяў да р.Інд. З утварэннем Абасідаў халіфата (750) цэнтр арабскай культуры з Сірыі перамясціўся ў Ірак, у заснаваны ў 762 г. Багдад. У 9—10 ст. арабская культура дасягнула найвышэйшага росквіту. Яе здабыткі ўзбагацілі сусв. культуру; найб. значнымі яны былі ў філасофіі, медыцыне, матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, філалогіі, гісторыі, хіміі, мінералогіі, у сферы матэрыяльнай культуры і мастацтва (архітэктура, маст. рамёствы). Распад халіфата Абасідаў і ўтварэнне на яго тэр.самаст. дзяржаў прывялі да змяншэння ролі арабскай культуры ў свеце. Але ў мусульм. Іспаніі, якая аддзялілася ад Халіфата яшчэ ў 8 ст., пачала развівацца самастойная, т.зв. араба-ісп. культура. Ва ўсх. правінцыях Халіфата з канца 9 ст. фарміруецца асяроддзе іранскага культ. і нац., адраджэння. Перс. мова выцясняе арабскую, якая застаецца ў асн. мовай Карана, тэалогіі, філасофіі, некаторых прыродазнаўчых навук. Цэнтры арабскай культуры перамясціліся ў Егіпет, Іспанію. Да канца 10 ст. Багдад саступіў першынство Каіру. У Паўн. Афрыцы пры Фатымідах (10—2 ст.) і Айюбідах (12—13 ст.) працягвалася развіццё лепшых традыцый арабскай культуры. Значэнне арабскай культуры 8—10 ст. у гісторыі сусв. культуры абумоўлена адкрыццём яе стваральнікамі новых сродкаў навук., рэліг.-філас. і маст. пазнання свету і чалавека. Хоць навук. і эстэт. традыцыі арабскай культуры не перарываліся, у творчасці яе дзеячаў з 2-й пал. 13 ст. запанаваў эпігонскі кірунак, назіраецца яе адставанне ад тэмпаў культ. прагрэсу ў інш. краінах мусульм. Усходу і Еўропы. Бліскучы росквіт перажыла араба-ісп. цывілізацыя ў 10—15 ст. У яе цэнтрах (Кордава, Андалусія, Севілья, Малага, Гранада) найб. поспехі дасягнуты ў астраноміі, матэматыцы, хіміі, медыцыне, філасофіі. Літ. творы гэтага перыяду — лепшыя помнікі арабскай культуры. Сусв. вядомасць набылі ісп.-маўрытанскае дойлідства і прыкладное мастацтва (гл.Маўрытанскі стыль). У 16 ст., калі араб. краіны ператварыліся ў правінцыі Асманскай імперыі, арабская культура прыйшлі ў заняпад.
Дакладныя і прыродазнаўчыя навукі. Матэматычныя і астр. веды арабаў фарміраваліся пад уплывам стараж.-грэч. навукі і ў сувязі з развіццём яе ў народаў Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Індыі, Персіі і Егіпта. Навук. працы Эўкліда, Архімеда, Пталамея сталі вядомыя ў Зах. Еўропе дзякуючы арабскім перакладам. Уяўленне аб шарападобнасці Зямлі дало магчымасць арабскім вучоным правесці вымярэнні дугі зямнога мерыдыяна (827). Яны ўнеслі папраўкі і дапаўненні ў астр. табліцы, далі назвы многім зоркам (напр., Альдэбаран, Міцар, Працыён і інш.). Выкарыстоўваючы індыйскія лічбы (дзесяць матэм. знакаў), арабскія вучоныя пачалі праводзіць вылічэнні з вял. лікамі. У 10 ст. гэтыя лічбы сталі вядомыя ў Еўропе і атрымалі назву арабскіх. Арабскія матэматыкі ўвялі паняцце «алгебра» (М.Харэзмі), трыганаметрычныя функцыі, устанавілі залежнасці паміж імі, зрабілі шэраг адкрыццяў у геаметрыі і астраноміі. У Багдадзе, Самаркандзе і Дамаску існавалі астр. абсерваторыі. Значны ўклад арабаў і ў развіццё медыцыны. Ібн аль-Байтар апісаў больш за 2600 лекавых прэпаратаў, лекавых і інш. раслін. «Канон медыцыны» Ібн Сіны (Авіцэна) стаў настольнай кнігай зах.-еўрапейскіх медыкаў. Шэраг адкрыццяў у фармакалагічнай хіміі зрабіў алхімік Джабір Ібн Хайян (8 ст.).
Геаграфія. Араб.геагр.л-ра не мела сабе роўных па змястоўнасці і разнастайнасці жанраў. У ёй захавалася апісанне ўсяго мусульм. Усходу, краін Еўропы, Паўн. і Цэнтр. Афрыкі, узбярэжжа Усх. Афрыкі і Азіі (да Карэйскага п-ва), Малайскага архіпелага. Працы араб. географаў і падарожнікаў — найважнейшыя, часам унікальныя сведчанні аб народах сярэдніх вякоў. Геаграфічны светапогляд даісламскіх арабаў адлюстраваны ў стараж.паэзіі і Каране. Арабская навук. геаграфія ўзнікла на мяжы 8—9 ст., калі з’явіліся пераклады і апрацоўкі астранома-геагр. прац ант. аўтараў, асабліва Пталамея. Вучоныя (Батані, Харэзмі і асабліва Біруні) выкарыстоўвалі разліковыя правілы і табліцы сферычнай астраноміі. Іх карты паўтаралі карты Пталамея або нагадвалі стараж.-іранскія. У 9 ст. імі створана апісальная геаграфія (Ібн Хардадбех, Кудама ібн Джафара, аль-Якубі), якая развівалася і ў 10—14 ст. (запіскі Ібн Фадлана і Абу Дулафа, дыярыушы Абу Хаміда аль-Гарнаці, Ібн Джубайра і Ібн Батуты, апісанні падарожжа ў Расію Макарыя Антыяхійскага і інш.). Росквіт араб.геагр. л-ры прыпадае на 10 ст., калі ў працах вучоных класічнай школы (аль-Істахры, Ібн Хаукаля, аль-Мукадасі), прысвечаных апісанню гандл. шляхоў і мусульм. свету, змяшчаўся багаты геагр. і гіст.-культ. матэрыял. У 11—14 ст. узніклі жанры геагр. слоўнікаў (аль-Казвіні, Якута, аль-Бакры) і касмаграфіі (працы аль-Казвіні, аль-Дзімашкі, Абу-ль-Фіды). У Еўропе найб. вядомыя былі працы аль-Ідрысы (1100—65 ці 61), творы якога з 70 картамі (пазначана і р. Прыпяць) — лепшы геагр. трактат сярэднявечча. У далейшым развіццё геаграфіі ішло па шляху стварэння шматлікіх кампіляцый (творы аль-Макрызі). Геаграфічныя раздзелы ў творах ан-Нувайры, аль-Умары, аль-Калькашандзі, Ібн Маджыда (лоцман Васка-да-Гамы, 15 ст.) і аль-Мехры (16 ст.) абагульнілі тэорыю і практыку мараплавання.
Філасофія. Працяглы час араб. філасофія была звязана з тлумачэннем ісламу. На рубяжы 7—8 ст. у яе асяроддзі вяліся дыскусіі пра сутнасць і атрыбуты Бога, абсалютную прадвызначанасць свету, свабоду чалавека ў ім, паходжанне Карана і інш., што прывяло да ўзнікнення мусульм. рацыяналіст. тэалогіі — калама. У яе межах вылучылася школа мутазілітаў (засн. Васіль Ібн Ата, тэарэтыкі аль-Алаф, ан-Назан, аль-Джахіз), прадстаўнікі якой арыентаваліся на традыцыі Арыстоцеля і неаплатонікаў, сцвярджалі прыярытэт веры над розумам, спрадвечнасць Карана, праводзілі ідэі монатэізму. Рэакцыяй на мутазілізм стала ханбаліцкая школа (засн. Ахмад Ібн Ханбала) прыхільнікаў суніцкага традыцыяналізму, якія заклікалі арыентавацца на лад жыцця прарока Мухамеда і яго «праведных продкаў», выступалі супраць новаўвядзенняў у веравучэнні і праве. На пач. 10 ст. прадстаўнікі новага кірунку каламу — ашарызму (засн. Абу-Хасан, аль-Ашары) зрабілі спробу кампрамісу з вучэннем традыцыяналістаў-дагматыкаў. Жаданне навукова абгрунтаваць ісламскую тэалогію абумовіла зацікаўленасць да ант.філас. спадчыны. Асновай араб. філасофіі стаў «неаплатанізаваны» арыстоцелізм — усх. перыпатэтызм (гл.Перыпатэтычная школа). Ідэі ўсх. перыпатэтызму развіты ў творах Фарабі і Ібн Сіны. Тайнае рэліг.-філас.т-ва «Братоў чысціні і шчырасці» (2-я пал. 10 ст.) імкнулася спалучыць іслам з эліністычнай філасофіяй. Другой формай апазіцыі артадоксам і прыхільнікам рацыяналізму стаў містыка-аскетычны кірунак у ісламе — суфізм. Злучыць ісламскі традыцыяналізм з суфійскімі ідэаламі імкнуліся абу-Хамід аль-Газалі (1058—1111) і Ібн аль-Арабі (1163—1240). У гэты ж перыяд распрацоўвалася і рэліг.-філас. сістэма шыізму. У 12 ст. цэнтр араб. філасофіі перамясціўся ў мусульм. Іспанію і Паўн. Афрыку. Заснавальнік зах.-араб. філасофіі — сарагоскі філосаф Ібн Бадж (каля 1070—1138). Яго рацыяналістычную лінію прадаўжаў Ібн Туфайль (1110—85). Вяршыні зах.-араб. філасофія дасягнула ў вучэнні Ібн Рушда, які лічыў, што бессмяротны толькі агульны чалавечы розум у яго гіст. развіцці. Заснавальнікам філасофіі гісторыі і арыгінальнай сацыялагічнай тэорыі быў Ібн Хальдун. Араб. філасофія паўплывала на еўрап. філасофію і сусв. духоўную культуру.
Гістарычная навука. Арабская гістарыяграфія як самаст. дысцыпліна вылучылася на мяжы 8—9 ст. Першыя запісы гіст. зместу адносяцца да канца 7 ст. Матэрыялам для ранніх помнікаў гіст. л-ры на араб. мове служылі гіст.-генеалагічныя паданні араб. плямёнаў, напаўлегендарныя паведамленні пра даісламскія дзяржавы ў Паўд. Аравіі і пра арабскія княствы ў Сірыі і Іраку, а таксама рэліг.-гіст. паданні пра ўзнікненне і пашырэнне ісламу. Значную ролю адыгралі астр. веды (устанаўленне храналогіі сусв. гісторыі), іранскія гіст.-эпічныя і іудзейска-хрысц. паданні. Ідэю дыдактычнай каштоўнасці гісторыі, прынятую большасцю мусульм. гісторыкаў, найб. дакладна сфармуляваў Ібн Міскавайх. Спробу выкладаць гіст. падзеі ў іх прычыннай сувязі зрабіў Ібн Хальдун, распрацаваўшы арыгінальнае вучэнне пра агульныя законы развіцця грамадства. Найбуйнейшы прадстаўнік ранняга перыяду араб. гістарыяграфіі — Мухамед-аз-Зухры (п. у 741 ці 742). Першы вялікі гіст. твор на араб. мове (гісторыя стараж. прарокаў і жыццяпіс Мухамеда) стварыў Ібн Ісхак (каля 704—768 ці 767). Значныя працы пакінулі аль-Вакідзі (747—823), Ібн Сад (п. 845) і інш. Гісторыкі 8—9 ст. прысвячалі свае творы араб. заваёвам, грамадз. войнам у Халіфаце 7 — пач. 8 ст. Цэнтрам араб. гістарыяграфіі доўгі час быў Ірак. Найб. значныя працы па ўсеагульнай гісторыі пакінулі аль-Белазуры (каля 820 — каля 892), Абу Ханіфы ад-Дынаверы (п. каля 895), аль-Якубі ат-Табары (832 ці 839—923, аўтар шматтомнай «Гісторыі прарокаў і цароў»), аль-Масудзі (п. у 956 ці 957), Хамзы аль-Ісфахані (п. у 2-й пал. 10 ст.) і інш. Гісторыкі 9—10 ст. вылучаліся энцыклапедычнасцю ведаў (Якубі і Масудзі). З 2-й пал. 10 ст. ў гістарыяграфіі пераважалі дынастыйныя і мясц. хронікі. У гіст. энцыклапедыі йеменскага гісторыка аль-Хамдані (п. у 2-й пал. 10 ст.) сабраны звесткі па генеалогіі, гісторыі, археалогіі, геаграфіі і л-ры Паўд. Аравіі. У 12—13 ст. дынастыйная гісторыя найб. развіта ў Сірыі, дзе створана ўсеаг. гісторыя Абу-ль-Фіда (1273—1331). У 15—16 ст. вядучае месца занялі егіп. гісторыкі (працы па гісторыі мамлюкаў, гіст. энцыклапедыі і ўсеагульныя хронікі), асабліва плеяда гісторыкаў-палігістараў (аль-Макрыдзі, 1364—1442), якія пакінулі шматтомныя працы па паліт.сац.-эканам. і культ. гісторыі Егіпта. Значнае месца займала біягр.л-ра: біягр. слоўнікі Якута, Ібн Халікана, зборы біяграфій дзеячаў навукі і інш.Гіст. творы на араб. мове напісаны і ў інш. краінах мусульм. Усходу.
Літаратура. Вытокі араб. л-ры ў вуснай нар.паэзіі вандроўных араб. плямёнаў. У дакласавым грамадстве склаліся паэтычныя жанры: ганьбаванне ворага (хіджа), пахвальба (фахр), песня помсты (сар), жалобнае галашэнне ці элегія (рыса), элементы любоўнай і апісальнай лірыкі (насіб і васф). Росквіт даісламскай (бедуінскай) паэзіі — 5—7 ст. У запісах 8—10 ст. (анталогія «Кніга песень» Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані і інш.) дайшлі вершы каля 125 паэтаў, сярод якіх абаронцы інтарэсаў сваіх плямёнаў (Амр ібн Кульсум, аль-Харыс ібн Хіліза), выразнікі ідэалаў патрыярхальнай даўніны (Тарафа, Лабід ібн Рабія), песняры воінскай доблесці (Антара ібн Шадад) або ўцех (Імру-уль-Кайс — стваральнік класічнай касыды), богашукальнікі (Умейя ібн Абі-с-Сальт), прыдворныя панегірысты (Набіга, Зухайр, Аша). Першы помнік араб. пісьменства і прозы — Каран. Увядзенне ісламу прыпыніла развіццё паэзіі, але з канца 7 ст. яна адраджаецца ў Сірыі і Іраку. У арыстакратычным асяроддзі вял. гарадоў Халіфата ўзнікла любоўная лірыка (Амар ібн Абі Рабія). Сярод бедуінаў Аравіі вылучаліся песняры ідэальнай любові. Пазней складаюцца рамант. аповесці пра пары закаханых (Джаміл і Бусайна, Меджнун і Лейла і інш.). Пры Абасідах араб.л-ра зазнала моцны ўплыў культуры народаў Пярэдняй Азіі, асабліва персаў. Пачынальнік «новага стылю» — паэт Башар ібн Бурд, тэарэтык — Ібн аль-Мутаз. Вылучаюцца геданістычная і вальнадумная лірыка Абу Нуваса і аскетычныя вершы Абу-ль-Атахія. У 9 ст. ў творчасці іх пераемнікаў, багдадскіх паэтаў, на першы план выступіла паліт. сатыра; у 10 ст. — грамадз. і філас. лірыка панегірыста аль-Мутанабі і сірыйскага паэта аль-Маары. Касыдную традыцыю падтрымлівалі паэты 9 ст. Абу Тамам і аль-Бухтуры. У прозе 8—9 ст. вядучае месца займалі аль-Джахіз і Ібн Кутайба. Празаікі 10 ст. — ат-Таўхідзі і ат-Танухі, стваральнік жанру авантурнай навелы (макамы) — Бадзі аз-Заман аль-Хамадані. З 8 ст. развіваецца араб.л-ра Магрыба, якая дасягнула найвышэйшага росквіту ў 11—12 ст. у гарадах араба-мусульм. Іспаніі. У 11 ст. ў творчасці севільскіх паэтаў (Ібн Зайдун, аль-Мутамід ібн Абад, Ібн Хамдзіс і інш.) сцвердзіўся ідэал асвечанага рыцара; у андалузскай паэзіі пашырыліся новыя, страфічныя формы араб. верша — мувашах, заджал (Ібн Кузман). Пасля мангольскага нашэсця (13 ст.) цэнтр араб. л-ры перамяшчаецца ў Егіпет і Сірыю. У 13—15 ст. і пазней з’яўляюцца нар. творы ў жанры сіра — цыклы вусных апавяданняў на гераічныя і любоўныя тэмы, своеасаблівыя рыцарскія раманы. Кн. казак «Тысяча і адна ноч» канчаткова склалася ў Егіпце (14—15 ст.).
Мастацтва. Арабская архітэктура ўвабрала ў сябе традыцыі Рыма, Візантыі, сасанідскага Ірана. Араб. архітэктары стварылі новыя тыпы і комплексы будынкаў: мячэці з мінарэтамі, маўзалеі-«дзюрбэ», медрэсэ, караван-сараі, палацы правіцеляў і інш., пашырылі купальныя канструкцыі і арнаментыку. Сярод выдатных арх. помнікаў мячэці Амеядаў у Дамаску (гл.Амеядаў мячэць) і Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме (687—691), палацавыя комплексы ў Мшаце, Кусейр-Амра (абодва 8 ст., Іарданія). У перыяд праўлення Абасідаў у Самары пабудавана мячэць Мутавакіля (9 ст.) з конусным спіральным мінарэтам аль-Мальвія. Сярод выдатных помнікаў араб. дойлідства ў Каіры мячэці Ібн Тулуна (876—879), аль-Азхар (969—972), ансамблі султанаў Калауна (1284—85) і Хасана (1356—63). Своеасаблівая, т.зв. маўрытанская, архітэктура склалася ў Іспаніі (Вял. мячэць у Кордаве, 8—9 ст.; палацавы комплекс Альгамбра ў Гранадзе, 13—14 ст.).
Выяўленчае мастацтва развівалася пераважна ў насценных размалёўках, арх. пластыцы, разьбе, мініяцюры (Егіпет 10—11 ст., багдадская школа мініяцюры 13—14 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва вызначалася дэкаратыўнасцю. Складанымі арнаментальнымі кампазіцыямі ўпрыгожвалі кнігі («Макамем» аль-Харыры, 11 ст.). Арабы стварылі і распаўсюдзілі арабескі і эпіграфічны арнамент — каліграфічна выкананыя надпісы. Шырока вядомыя вырабы маст. рамёстваў: кераміка і шкло Сірыі, Ірака, Егіпта, дамаская зброя, маўрытанская кераміка, маст. бронза (ліццё і чаканка), разьба па дрэве і камені, дэкар. шаўковыя і парчовыя тканіны.
У музыцы развіваліся старадаўнія песенныя жанры хіда (караванныя песні), хіджа (сатыр. песня) і інш. Існавалі араб.прафес. спевакі-паэты (шаіры). Сярод традыц. інструментаў мізхар, кісара, барбат (тыпы лютні), джанк (арфа), касаба (тып флейты), кус (літаўра). З 7 ст. развівалася класічная араб. музыка (пераважна вакальная), муз. навука (трактаты аль-Кіндзі, аль-Фарабі, Ібн Сіны, Сафі ад-Дзіна, аль-Ісфахані).
Літ.:
История философии. Т. 1. М., 1957. С. 222—236;
История философии в кратком изложении: Пер. с чеш. М., 1991. С. 342—349;
Основы религиоведения. М., 1994. С. 222—232;
Веймарн Б., Каптерева Т., Подольский А. Искусство арабских народов. М., 1960;
Еолян И. Очерки арабской музыки. М., 1977.
С.Ф.Дубянецкі (філасофія).
Да арт. Арабская культура. Старажытныя вароты Багдада.Да арт. Арабская культура. Мінарэт аль-Мальвія мячэці Мутавакіля ў Самары (Ірак). 9 ст. (злева); мазаіка мячэці Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме. 7 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ВІЯ, Рэспубліка Мардовія,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 26,2 тыс.км². Нас. 950 тыс.чал. (1997), гарадскога 59%. Сярэдняя шчыльнасць 36,3 чал. на 1 км². Жывуць мардва (групы эрзя і мокша, 32,5%), рускія (60,8%), татары (4,9%), украінцы (0,7%), беларусы (0,2%) і інш. Сталіца — г.Саранск. Найб. гарады: Рузаеўка, Кавылкіна, Краснаслабодск, Ардатаў.
Прырода. Размешчана на У Усходне-Еўрап. раўніны. На З Окска-Данская раўніна з акумулятыўнымі формамі рэльефу, на ПдУ Прыволжскае ўзв. (выш. да 322 м), парэзанае сеткай яроў і лагчын. Карысныя выкапні: мергель, фасфарыты, даламіты, вапнякі, мел, гліны, кварцавы пясок і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -11 °C, ліп. 19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 420—525 мм. Гал. рэкі: Мокша (з прытокамі Вад, Саціс, Сівінь, Іса) і Сура з прытокам Алатыр. Глебы чарназёмныя (на З ападзоленыя, на У вышчалачаныя), шэрыя лясныя, дзярнова-падзолістыя, па далінах рэк алювіяльныя і тарфяна-балотныя. Лясы займаюць 24% тэрыторыі (дуб, хвоя, бяроза, ліпа, асіна). На Пд стэпавыя ўчасткі, поўнасцю разараныя. З жывёл пашыраны воўк, лось, барсук, бабёр, мядзведзь, дзік, ліс, зайцы русак і бяляк, з птушак — цецярук, шэрая курапатка, глушэц. Мардоўскі запаведнік.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.). У неаліце (5—3-е тыс. да н.э.) тут жылі плямёны волга-камскай і балахнінскай культур. У 1-м тыс.н.э. першабытна-абшчынны лад распадаўся, складвалася абшчына, узніклі этн. асаблівасці мардоўскіх плямён эрзя і мокша. Першая пісьмовая згадка пра плямёны з агульнай назвай мардва датуецца 6 ст. На мяжы 1—2-га тыс. пачалося фарміраванне феад. адносін. У 11—12 ст. мардва паступова ўключалася ў паліт. і эканам. жыццё Стараж. Русі, у пач. 13 ст. частка яе зямель уваходзіла ў склад Разанскага і Ніжагародскага княстваў. У выніку Мангольскіх заваяванняўб.ч. зямель М. ўвайшла ў склад Залатой Арды, а з 1348 — Казанскага ханства. Мардоўскія атрады ўдзельнічалі на баку рус. войск у Кулікоўскай бітве 1380. Пасля ліквідацыі Казанскага ханства (1552) мардоўскія плямёны прызналі ўладу рас. цара. Вялікадзярж. палітыка царызму выяўлялася ў прымусовым увядзенні праваслаўя. З 17 ст. буйным цэнтрам рамяства і гандлю становіцца г. Саранск (засн. ў 1641). Насельніцтва М. ўдзельнічала ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.Разіна (1670—71) і Е.Пугачова (1773—75). З 1796 тэр. М. ўваходзіла пераважна ў склад Пензенскай, Тамбоўскай і Сімбірскай губерняў. У вайну 1812 каля 50 тыс.чал. з ліку насельніцтва М. былі залічаны ў апалчэнне, Саранскі і Інсарскі палкі ўдзельнічалі ў замежных паходах рас. арміі 1813—14. У выніку рэформы 1861 сяляне страцілі лепшыя ворныя землі, беззямельныя сяляне масава перасяляліся ў Сібір і Казахстан. У 1890-я г. праз тэр. М. пракладзены чыгункі, але край заставаўся пераважна аграрным са слаба развітой прам-сцю. У рэвалюцыю 1905—07 на станцыі Рузаеўка ў снеж. 1905 адбылося паўстанне чыг. рабочых і існавала «Рузаеўская рэспубліка». Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у М. ўзніклі Саветы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада да вясны 1918 належала меншавікам і эсэрам, потым перайшла да бальшавікоў. З-за вял. рассейвання мардвы нац.-дзярж. будаўніцтва ў М. зацягнулася.
У 1928 у складзе Сярэдняволжскай вобл. РСФСР вылучана Мардоўская нац. акруга, якая 10.1.1930 пераўтворана ў Мардоўскую аўт.вобл., а 20.12.1934 — у Мардоўскую Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспубліку. На тэр. М. з 1930-х г. існавалі лагеры прымусовай працы. Шмат мардвы пражывала па-за межамі М. (агульная колькасць у 1979 у СССР 1154 тыс.). У снеж. 1990 Вярх. Савет М. прыняў дэкларацыю аб дзярж.-прававым суверэнітэце рэспублікі ў складзе Расіі. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. 31.3.1992 М. разам з інш. рэспублікамі падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй. З 1994 афіц. назва — Рэспубліка Мардовія.
Гаспадарка. Структура валавой прадукцыі прам-сці (%): машынабудаванне і металаапрацоўка — 39., электраэнергетыка — 14, харчовая — 18, хімічная — 8, буд. матэрыялаў — 8 і інш.Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць электралямпы (291 млн.шт., 50% ад аб’ёму вытв-сці Расіі, 1996), электравакуумныя прыборы, электрабранякабель, экскаватары, трактарныя прычэпы, грузавыя вагоны, веласіпеды, электрасокавыціскалкі, металаапр. інструмент, хім. і мед. абсталяванне. Металаапрацоўка прадстаўлена вытв-сцю вузлоў і дэталей для аўтамаб. прам-сці (Саранск, Рузаеўка, Кавылкіна, Ардатаў, Ацяшава).
Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Хім. (вытв-сцьсінт. смол, гумава-тэхн. вырабаў) і мед. (лек. прэпараты, мікрабіял. кармавыя бялкі) прам-сць у Саранску, Рузаеўцы. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент — 873 тыс.т, шыфер, цэгла, сілікатныя і азбестацэментавыя блокі) у Чамзінцы, Цемнікаве, Кавылкіне, Камсамольскім і інш. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці ў Рузаеўцы, Інсары, Краснаслабодску, Саранску і інш. Развіта харч.прам-сць (масларобная, мясная, цукр., мукамольная, кансервавая). Лесапілаванне і вытв-сць мэблі (Саранск, Кемля), дрэваапр. (Кавылкіна, Ардатаў, Зубава Паляна), папяровая (Цемнікаў) прам-сць. Пашыраны саматужныя промыслы (вышыўка, разьба па дрэве, метал. ўпрыгожанні). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа і малочна-мясной жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць 1670 тыс.га, у т. л. ворныя землі 1235 тыс.га. Доля раслінаводства ў валавой с.-г. прадукцыі 39%, жывёлагадоўлі 61%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, ячмень, грэчка), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік, махорка, каноплі) і кармавыя культуры. М. — буйны вытворца бульбы і пастаўшчык яе ў суседнія вобласці. Агародніцтва. Садоўніцтва. Збор (тыс.т, 1997) збожжа — 474,8, бульбы — 584,9, агародніны — 71,1. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 382,7, свіней 168,8, авечак і коз 102,4. Птушкагадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1997) малака — 461,7 тыс.т, мяса — 59,8 тыс.т, яец — 244,9 млн.шт. Развіты чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 543 км. Тэрыторыю М. з 3 на У перасякае электрыфікаваная чыгунка Масква—Самара, з Пн на Пд — Ніжні Ноўгарад—Пенза, на У Красны Вузел—Казань. Даўж. аўтадарог 6,6 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,6 тыс.км (1997). М. звязана аўтадарогамі з Масквой, Ноўгарадам, Ульянаўскам, Пензай. Аэрапорт у г. Саранск. Рэспубліка пастаўляе ў інш. раёны Расіі і за мяжу прадукцыю машынабудавання, цэмент, шыфер, мед. прэпараты, цукар, бульбу; завозіць паліва, металы, лес, тавары лёгкай і харч. прам-сці.
Літаратура. М. развіваецца на макшанскай і эрзянскай мовах. Першыя творы мардоўскіх пісьменнікаў (З.Дарафееў, Ф.Завалішын) апублікаваны ў 1912 на рус. мове. У 1920-я г. — перыяд станаўлення розных жанраў: верша, апавядання, нарыса, драмы і інш. (творы М.Безбародава, Ф.Бяздольнага, А.Дарагойчанкі, Дз.Марскога, Ф.Часнакова і інш.). Выйшлі калектыўныя зб-кі «Светлы шлях» (1928, на макшанскай мове) і «Першыя іскры» (1929, на эрзянскай мове). У 1930—40-я г. важную ролю ў развіцці нац.паэзіі адыгралі Безбародаў (паэмы «Казка-быль», 1930; «За волю», 1935), Я.Грыгошын (зб-кі «Песні новай вёскі», 1931; «Новая сіла», 1933; «Па калгасных палях», 1934), А.Мора (зб-кі «Гул грому», 1931; «Шырэй дарогу», 1932; «Мой шлях», 1934), Н.Эркай (зб. «Зямля абнавілася», 1932), П.Кірылаў (гіст. драма «Літова», 1940, лібрэта першай муз. драмы Л.Кірукова); у прозе вызначаліся Ц.Раптанаў (раман «Пад Чыхан-гарой», 1934), В.Каламасаў (аповесць «Яхім Лаўгінаў», 1936), А.Куторкін (раман «Чорны слуп», 1934), П.Ляўчаеў (зб-кі «Злосць», 1935; «Апавяданні», 1936); у драматургіі — К.Пятрова, Каламасаў і інш. Пачала развівацца дзіцячая л-ра. Вядучы жанр паэзііВял.Айч. вайны — верш. У пасляваен. перыяд пашырыліся абсягі прозы і паэзіі, развіваліся літ. крытыка і літ.-знаўства. Асэнсаванне гісторыі і сучаснасці — тэмы раманаў Ц.Кірдзяшкіна «Шырокая Мокша» (1953), І.Антонава «У сям’і адзінай» (1954), А.Лук’янава «Светлы шлях» (т. 1—2, 1955—58), К.Абрамава «Найман» (1957—64), М.Бябана «Вясеннія птушкі» (1959), Куторкіна «Яблыня каля гасцінца» (вершаваны, 1958), С.Ларыёнава, М.Кяшкіна, М.Сайгіна; у паэзіі — Эркая, С.Вячканава, І.Дзевіна і інш.Л-ра сучаснай М. адметная надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, шматжанравасцю і маштабнасцю: п’есы Антонава, Каламасава, Г.Мяркушкіна, раманы Абрамава, вершаваныя аповесці Ф.Ацяніна, А.Мартынава, Моры, паэмы Вячканава, Дзевіна, А.Малькіна, П.Таропкіна, А.Цяпаева і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў М. На бел. мову перакладзены асобныя творы Эркая, А.Косава (перакладчыкі М.Калачынскі, У.Скарынкін), на мардоўскую мову (эрзя мову) — верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» (перакладчык І.Калінкін).
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. М. знойдзены багата арнаментаваны посуд эпохі бронзы. У эпоху ранняга жалеза паявіліся ўмацаваныя паселішчы (Ош-Пандо ў даліне р. Сура). У могільніках 9—11 ст. выяўлены бронзавыя нагрудныя ажурныя бляхі, падвескі з «качынымі лапкамі», засцежкі-«сюльгамо» з геам. і расл. узорам. Забудова старых паселішчаў гнездавая, з 18 ст. — вулічная. Дэталі сял. хат аздаблялі глухой, барэльефнай ці ажурнай (прапілаванай) разьбой, у якой спалучаліся геам. і расл. матывы, стылізаваныя выявы чалавека, звяроў і птушак. У 17 ст. як умацаваныя пункты ўзніклі гарады Саранск, Інсар, Краснаслабодск і інш., у 18—19 ст. у іх будавалі дамы і цэрквы на ўзор рускіх. Сярод помнікаў драўлянага дойлідства 19 ст. — пяцікупальная царква ў в. Жураўкіна, якая вызначаецца складанасцю арх. форм і багатым разным дэкорам. З пач. 20 ст. гарады забудоўваліся паводле генпланаў. Старая ч. Саранска рэканструявана, узведзены жылыя і грамадскія будынкі (Дом Саветаў, 1940, арх. І.А.Меерзон; Музей выяўл. мастацтва, 1976, арх. В.І.Барысаў). У станаўленні выяўл. мастацтва М. важную ролю адыгралі рус. мастакі К.А.Макараў (у 2-й чвэрці 19 ст. стварыў жывапісную школу ў Саранску) і Ф.В.Сычкоў. У пач. 20 ст. атрымалі вядомасць работы скульпт. С.Дз.Эрзі (Няфёдава). З 1970-х г. у галіне тэматычнай карціны працуюць В.А.Панкоў, А.А.Радыёнаў, І.І.Сядзельнікаў, В.Дз.Хрымаў, партрэта — У.Дз.Ілюхін, Я.А.Наздрын, пейзажа — В.А.Бядноў, А.А.Мухін, В.А.Петрашоў, скульптуры — М.М.Абухаў, графікі — А.І.Каровін, М.С.Макушкін, Л.С.Трамбачэўская-Шаніна. Традыц.нар. рамёствы — ювелірнае мастацтва, вышыўка (найб. пашырана), узорыстае ткацтва, шыццё бісерам, маст. апрацоўка дрэва, ліццё і інш. У 1935 засн. Саюз мастакоў М.
Музыка. Муз. фальклор М. мае развітыя формы вак. і інстр. музыкі. Найб.стараж.нар. песні — земляробчыя (калядкі, вяснянкі) і сямейна-абрадавыя, якія характарызуюцца вузкааб’ёмнай мелодыкай, унісоннай і гетэрафоннай формамі сумесных спеваў. Музыка М. адметная распеўнасцю, варыяцыйным развіццём, ладавай пераменнасцю, рысамі поліфанічнага складу. У эпічных і лірычных песнях пашырана шматгалоссе, развіты калектыўнае і сольнае выкананне, часта з суправаджэннем. Сярод нар. інструментаў: духавыя нюдзі (падвойны кларнет), фам (дуда), вяшкома (свістковая флейта), кевень тутушка (пустацелая свістулька); струнныя — гарзе (скрыпка), балалайка; ударныя — шавома (драўляны барабан), кальдэрма (бразготка), кальцаемат (разнавіднасць ксілафона), пайганят (званочкі), куцюфт (лыжкі); гармонік. Пашыраны інстр. ансамблі. На станаўленне прафес. культуры М. паўплывалі рас. музыканты В.Сярова, Б.Трошын, М.Душскі. Сярод прадстаўнікоў муз. культуры М.: заснавальнік прафес. кампазітарскай школы Л.Кірукоў (муз. драма «Літова», 1943; оперы «Несмяян і Ламзур», 1944; «Нармальня», 1962; хары, песні, інстр. п’есы і інш.), аўтар і выканаўца ўласных твораў на балалайцы Л.Воінаў, Г.Сураеў-Каралёў, Г.Удовін, Н.Кошалева, М.Міцін; дырыжор М.Фралоўскі; спевакі Р.Бяспалава, М.Антонава, А.Кулікова, В.Кіушкін, Дз.Ерамееў, І.Яўшаў і інш. У М. працуюць (1999): Т-рмуз. камедыі (з 1969), ансамбль песні і танца «Умарына», філармонія (з 1979), фалькл. ансамбль «Келу» (з 1963). Муз. вучылішча, муз. школы. У 1955 створана аб’яднанне кампазітараў Мардоўскай АССР, з 1982 Саюз кампазітараў М.
Тэатр. Вытокі нар.тэатр. мастацтва ў нар. абрадах і гульнях. З пач. 20 ст. ствараліся самадзейныя тэатр. калектывы. У пач. 1930-х г. узніклі калг.-саўгасныя тэатры. У 1930 у Саранску арганізавана Мардоўская муз.-драм. студыя, рэарганізаваная ў 1932 у Мардоўскі драм., у 1959 — муз.-драм., у 1969 — драм. т-р. Пад маст. кіраўніцтвам Маскоўскага Малога т-ра (1935—38) у ім пастаўлены п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля і інш. З канца 1950 ставяцца творы мардоўскіх драматургаў, рус. і замежная класіка. З 1935 у Саранску працуе тэатр лялек. Сярод тэатр. дзеячаў А.Аржадзеева, В.Далгоў, Н.Іваноў, С.Калганаў, І.Кудзелькіна, Г.Мялехін і інш.
Літ.:
История мордовской советской литературы. Т. 1—2. Саранск, 1968—71;
Кирюшкин Б.Е. Мордовский советский роман. Саранск, 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,
адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл.Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл.«Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл.Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.
Да арт. Беларускія народныя гульні. Медалі з выявамі гульняў «Барацьба «да крыжа», «Апука», «Гула». Мастак А.Зіменка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК (Аляксандр Аляксандравіч) (28.11.1880, г. С.-Пецярбург — 7.8.1921),
рускі паэт. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906). Эстэт. погляды Блока фарміраваліся пад уплывам ідэалістычнай філасофіі (Платон), рамантычнай (В.Лаўкоўскі) і філас.-містычнай лірыкі (У.Салаўёў, А.Белы). У першым зб. «Вершы аб Прыгожай Даме» (1904) спалучаны складаная вобразнасць і містычна-сімвалісцкае ўспрыманне свету. Адыход ад ідэй сімвалізму абвешчаны ў драме «Балаганчык» (1906). Узмацненне сац. тэндэнцый звязана з рэв. 1905—07 (цыкл «Горад», 1904—08). Творчасць паэта гэтага перыяду складаная і супярэчлівая, прасякнута пачуццямі адзіноты і расчаравання, пошукамі ідэалу хараства, роздумам над гісторыяй і сучаснасцю (драма «Незнаёмка», 1906; зб. «Нечаканая радасць», 1907; цыклы «Снежная маска», 1907; «Фаіна», 1908; арт. «Пра рэалістаў», 1907). Пакутліва Блок шукаў шляхі збліжэння інтэлігенцыі і народа (драмы «Песня Лёсу», 1909), асуджаў бездухоўнасць мяшчанства, буржуазіі (цыклы «Скокі смерці», 1912—14; «Страшэнны свет», 1909—16), паэтызаваў гіст. мінулае Расіі. Ён адчуваў трагічны адрыў сучаснай культуры ад нар.-нац. вытокаў і непазбежнасць вялікіх гіст. перамен. Пастаяннымі ў яго творчасці становяцца тэма радзімы, прадчуванне рэв. буры (цыклы «Радзіма», 1907—16; «Ямбы», 1907—14, і інш.). Пафасам барацьбы, патрыятызму і грамадзянскасці прасякнуты цыклы «Вольныя думкі» (1907), «На полі Куліковым» (1909). Асэнсаванне «страшнага свету» бурж. адносін, усведамленне трагедыі сучаснага чалавека ў п’есе «Ружа і крыж» (1912—13). Тэма асобы і гісторыі — цэнтральная ў незакончанай аўтабіяграфічнай паэме «Адплата» (1910—21). Падзеі Кастр. рэвалюцыі асэнсоўваў у рамант. паэмах «Дванаццаць» і «Скіфы», публіцыст. артыкуле «Інтэлігенцыя і рэвалюцыя» (усе 1918). Са снеж. 1918 Блок перажываў своеасаблівы разлад з рэчаіснасцю і творчы крызіс.
Жыццёвыя і творчыя шляхі звязвалі Блока з Беларуссю. У 1-ю сусв. вайну (з пач.жн. 1916 да сярэдзіны сак. 1917) ён праходзіў вайсковую службу на Палессі на буд-ве дарог і ваен. умацаванняў. У сваіх палескіх малюнках адлюстраваў наваколлі бел. вёсак Піншчыны (захоўваюцца ў Рас.дзярж. архіве л-ры і мастацтва). Зберагліся таксама фотаздымкі і партрэты паэта палескага перыяду. Матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Блока на Беларусі, захоўваюцца ў музеі Блока. У 1908 у Віцебску і Мінску тэатр. трупай У.Меерхольда была пастаўлена п’еса «Балаганчык». На бел. мову творы Блока перакладалі А.Дудар (паэма «Дванаццаць», 1926), С.Грахоўскі («Выбраныя вершы і паэмы», 1980), а таксама С.Дзяргай, М.Дукса, С.Законнікаў, М.Калачынскі, Р.Лынькоў, Я.Сіпакоў, М.Федзюковіч і інш.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—8. М.; Л., 1960—63.
Літ.:
Долгополов Л.К. Александр Блок. 3 изд. Л., 1984;
Максимов Д.Е. Поэзия и проза Александра Блока. 2 изд. Л., 1981;
Бекетова М.А. Воспоминания об Александре Блоке. М., 1990;
Калінковіч М. Палескія дні Аляксандра Блока // Маладосць. 1980. № 11;
Гапава В. «Світання радасныя гукі»: Купала і Блок // Дзень паэзіі, 1981. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІЛЁЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (15.4.1886, г. Кранштат, Расія — 25.8.1921, рускі паэт, крытык, перакладчык. Муж Г.А.Ахматавай. Друкаваўся з 1902. Пачынаў як вучань сімвалістаў, у прыватнасці В.Я.Брусава. З 1906 слухаў лекцыі ў Сарбоне (Парыж),
вывучаў франц. л-ру, жывапіс, тэатр. Шмат падарожнічаў, быў у Афрыцы, захапляўся Усходам. У 1909 удзельнічаў у арганізацыі час. «Аполлон», у якім да 1917 друкаваў вершы, пераклады і вёў рубрыку «Пісьмы аб рускай паэзіі» (асобнае выд. 1923). У 1911 арганізаваў літ. групу «Цэх паэтаў». У 1912 з С.Гарадзецкім абвясціў новы літ. кірунак акмеізм. З 1914 добраахвотна на фронце (узнаг. 2 Георгіеўскімі крыжамі); у 1917 быў у рус. экспедыцыйным корпусе ў Францыі; у 1918 вярнуўся ў Петраград. Удзельнічаў у рабоце выд-ва «Сусветная літаратура», вёў заняткі ў паэт. студыях. У першых зб-ках («Шлях канквістадораў», 1905; «Рамантычныя кветкі», Парыж, 1908; «Пярліны», 1910) — сімвалісцка-рамант. склад пісьма, «барочны рамантызм», «экзатычныя» вершы, кніжная рамантыка, патэтычная рыторыка, імкненне да рэальнасці, эпічнасць (балады, міфы, паданні і інш.), недахоп рус.нац. элемента. У першым акмеістычным зб. «Чужое неба» (1912) — захапленне афр. і азіяцкімі краінамі; адчаканенасць формы, строгасць і вытанчанасць фразы, рэдкія ў паэта сац. ноты (цыкл «Абісінскія песні»). Ваенная лірыка Гумілёва (зб-кі «Калчан», 1916, «Касцёр», 1918) прасякнута рамант.-патрыят. і глыбока рэліг. ўспрыняццем вайны. Ён прадаўжаў сцвярджаць аўтаномнасць мастацтва, элітарную, духоўную незалежнасць мастака ад сучаснасці. У кн. «Шацёр» (1921) — страсная закаханасць у экзатычную Афрыку. Вершы 1918—21 увайшлі ў зб.філас. лірыкі «Вогненны стоўп» (1921), дзе аўтар, прасякнуты вострым перажываннем сучаснасці і пачуццём трагічнай трывогі, славіць зямлю, паветра, хлеб і каханне. Многім яго вершам характэрна апалогія «моцнага чалавека», дэкаратыўнасць, напружаны лірызм, вытанчанасць паэт. мовы. Перакладаў эпас пра Гільгамеша, франц. і англ.нар. паэзію, творы Т.Гацье, С.Т.Колрыджа, Р.Саўці, Вальтэра і інш. Пісаў апавяданні (зб. «Цень ад пальмы», 1922), п’есы (драм. казка «Дзіця Алаха», 1917, «візантыйская трагедыя» «Атручаная туніка», апубл. 1986, п’еса для дзяцей «Дрэва пераўтварэнняў», апубл. 1989). Абвінавачаны ў контррэв. змове, расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРАЛІ́ЗМ (франц. naturalisme ад лац. natura) у літаратуры і мастацтве, літаратурна-мастацкі кірунак, які характарызуецца свядомай устаноўкай на аб’ектывізм і біялагізм, адмовай ад сац. аналізу рэчаіснасці або схільнасцю да выяўлення вонкавых, эмпірычных фактаў жыцця без маст. абагульнення. маральна-эстэт. ацэнкі і без пранікнення ў іх духоўную сутнасць. На розных этапах развіцця маст. культуры Н. выявіўся як схільнасць да капіравання жыцця, рэпартажу без маст. адбору і тыпізацыі (натуралістычныя элементы ў познарымскім выяўл. мастацтве, у жывапісе, л-ры, т-ры 19—20 ст.). Як асобны кірунак са сваёй праграмай (адмова ад выразнай ацэнкі быцця і мастацтва ў дыяпазоне палярных эстэт. катэгорый) аформіўся ў франц. л-ры 2-й пал. 19 ст. пад уплывам філасофіі пазітывізму (А.Конт, І.Тэн і інш.), эвалюцыйнай тэорыі ў прыродазнаўстве. На думку яго тэарэтыка Э.Заля, задача мастацтва — даследаваць жыццё з той жа дакладнасцю і аб’ектыўнасцю, як гэта робіць навука. У творчасці прадстаўнікоў гэтай плыні (Заля, Г.Флабер, Гі дэ Мапасан, А.Дадэ, браты Ганкур і інш.) Н. аказаўся маст. прыёмам у рэаліст. аналізе жыцця. Руская натуральная школа ў л-ры (В.Бялінскі, М.Гогаль, І.Тургенеў, Дз.Пісараў, М.Салтыкоў-Шчадрын і інш.) была этапам станаўлення крытычнага рэалізму. Пазней натуралістычная плынь выявілася ў прозе П.Бабарыкіна, А.Пісемскага, Дз.Маміна-Сібірака, М.Арцыбашава, у сав. л-ры — Б.Пільняка, Ф.Панфёрава і інш. пісьменнікаў, у познім акад. жывапісе. Дасягненні натуралістычнай школы мастацтва — набліжэнне мастацтва да навукі, майстэрства бытапісання, аналіз сац. структуры грамадства, залежнасці чалавека ад матэрыяльных умоў жыцця, выяўленне кантрастаў багацця і беднасці, класавых супярэчнасцей, дэмакр. тэндэнцыі ў л-ры, інш. відах мастацтва. Сучасная масавая культура, тыражаваная сродкамі кінематографа і відэатэхнікай, страціла пазітыўныя набыткі традыц. Н., у ёй дамінуе арыентацыя на агіднае, нізкае і камічнае, адбываецца парадаксальнае спалучэнне натуралістычнага бытапісальніцтва з прыёмамі сюррэалізму, плыняў постмадэрнізму.
У бел. мастацкай культуры Н. не аформіўся ў асобную плынь, несумяшчальную з яе арыентацыяй на дэмакр. асветніцтва і рамантычныя ідэалы дзярж. і духоўнага адраджэння нацыі. Па аналогіі з негатыўнымі рысамі Н. могуць ацэньвацца недахопы ранняй бел.паэзіі, тэатр. і выяўл. мастацтва (блізкасць вобразнай сістэмы да эмпірычных форм быцця, этнаграфізм, павярхоўнае бытапісанне), якія абумоўлены супярэчнасцямі станаўлення маст. прафесіяналізму. Інш. прырода натуралістычных тэндэнцый у л-ры і інш. відах бел. мастацтва перыяду 1930—50-х г.: яны з’явіліся пад націскам вульгарна-сацыялагічнай крытыкі, дагматычнай ідэалогіі і рэпрэсіўнай палітыкі. У апошнія гады натуралістычныя тэндэнцыі выявіліся ў адыходзе некат. пісьменнікаў, мастакоў, рэжысёраў ад значных грамадскіх праблем, тэматычным абмежаванні творчасці вузка-прымітыўнымі сферамі мяшчанскага побыту.
Літ.:
Давид-Соважо А. Реализм и натурализм в литературе и искусстве: Пер. с фр.М., 1891;
Тагер Е.Б. Проблемы реализма и натурализма // Русская литература конца XIX — начала XX в. М., 1968.