група бескурганных могільнікаў і селішчаў зарубінецкай культуры (2—1 ст. да н.э. — 2 ст.н.э.) каля в. Велямічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл. На могільніках выяўлена 275 пахаванняў, з іх 10 — зруйнаваныя стараж.-рус. курганы, 12 — кенатафы. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка; знойдзены грубаляпныя і глянцаваныя арнаментаваныя гаршкі, міскі, кубкі, бронзавыя і жал. фібулы, бронзавыя шпількі, арнаментаваныя трапецападобныя падвескі, кольцы і інш. На адным з селішчаў выяўлены рэшткі 3 пабудоў, адна з якіх зрубная з рэшткамі глінабітнага агнішча, і некалькі гасп. ям; сярод знаходак фрагменты грубаляпнога і глянцаванага посуду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́РА,
у старажытнарымскай міфалогіі першапачаткова багіня вясны і садоў, пазней яе атаясамлівалі з грэч. багіняй Афрадытай і шанавалі як багіню кахання і прыгажосці. Дачка Юпітэра і акіяніды Дыёны. Лічылася маці Энея — прамаці і апякункай рымлян. У 295 да н.э. ў Рыме ўстаноўлены дзярж.культ. Венеры. У 215 да н.э. рымляне прысвяцілі храм Венеры Эрыцынскай, Цэзар — храм Венеры-Маці, як прамаці роду Юліяў. Да міфа аб Венеры звярталіся скульптары і мастакі (А.Маёль, А.Рэнуар, С.Батычэлі, Л.Кранах Старэйшы, Джарджоне, Тыцыян), пісьменнікі (Г.Сакс, У.Шэкспір) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКАЛІ́ЧНАЯ ПАЭ́ЗІЯ, буколіка (ад грэч. bukolikos пастухоўскі),
жанр антычнай паэзіі эліністычнага і рымскага часу (3 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.) — невял. вершы, у якіх апяваліся ўцехі вясковага жыцця, праца і каханне пастуха на ўлонні прыроды (такія вершы наз.ідылія або эклога). Маст. вытокі жанру ў нар. песнях сіцылійскіх пастухоў пра каханне, якое прывяло напаўміфічнага пастуха Дафніса да гібелі. Пачынальнік грэч. Букалічная паэзія — Феакрыт, ідыліі якога цесна звязаны з нар. песнямі, міфамі; рымскай — Вергілій (цыкл вершаў «Буколікі»). Букалічная тэма атрымала развіццё ў стараж.-грэч. рамане («Дафніс і Хлоя» Лонга), у новаеўрап. л-ры 14—18 ст. (гл.Пастараль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НСКАЯ ВЕ́ЖА,
свяшчэнная вежа (зікурат) у гонар бога Мардука, пабудаваная ў г.Вавілон. Буд-ва адносіцца да 2-га тыс. да н.э., канчатковы выгляд Вавілонская вежа набыла ў 6 ст. да н.э. Паводле Герадота і археал. знаходак, уяўляла сабой масіўнае мураванае збудаванне з сямі ступеняў (даўж. 92 м, выш. 91 м); на верхнім ярусе знаходзілася свяцілішча, дзе быццам бы жыў Мардук. Знёс вежу Аляксандр Македонскі, які планаваў пабудаваць на яе месцы гал. свяцілішча імперыі. Паводле Бібліі, буд-ва і разбурэнне вежы цесна звязаны са змяшаннем моў розных народаў (гл.Вавілонскае стоўпатварэнне). Грэкі лічылі Вавілонскую вежу адным з дзівосаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НІЙ (Марк) (Marcus Antonius; каля 82—30 да н.э.),
рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРНО́Е,
паселішчы неаліту і бронзавага веку каля в. Азярное Любанскага р-на Мінскай вобл., на беразе воз. Вячэра. На паселішчы-1 знойдзены крамянёвыя прылады (нажы, скоблі, скрабкі, наканечнікі стрэл і інш.), кераміка днепра-данецкай культуры (канец 3 — пач. 2-га тыс. да н.э.), сярэднедняпроўскай культуры (2-я чвэрць 2-га тыс. да н.э.) і інш. На паселішчы-2 акрамя вырабаў з крэменю і керамікі са дна возера паднята больш за 70 прылад з косці і рогу (кінжалы, наканечнікі коп’яў, дроцікаў і стрэл, гарпуна, матыкі і інш.). На адной з іх выгравіраваны 2 выявы чалавека і ромбападобная фігура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗА́НЬ,
востраў на ПнЗ Чорнага мора пры ўваходзе ў Дняпроўскі ліман, за 12,8 км на З ад г. Ачакаў. Найб. даўжыня з Пн на Пд каля 850 м, шырыня 200—850 м. У ант. часы наз. Барысфен. Раскопкамі (вядуцца з 1880-х г.) адкрыта самае стараж.грэч. паселішча ў Паўн. Прычарнамор’і, якое ўзнікла ў канцы 7 ст. да н.э.; у 5 ст. да н.э. страціла значэнне грэч. фарпоста пасля ўзвышэння Ольвіі. У 10—12 ст. тут было слав. паселішча. Беразань выкарыстоўвалі як апорны пункт запарожскія казакі. У 1788 заняты рус. войскамі. 6.3.1906 на Беразані расстраляны ўдзельнікі Севастопальскага паўстання 1905.
археалагічная культура плямён эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.), якія жылі ў бас. Дуная. У 4500—4000 г. да н.э. распаўсюдзілася ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. Больш за 40 помнікаў Д.к. вядомы на З Валыні, яе ўплывы і знаходкі сустракаюцца ў паўд.-зах. Беларусі. Насельніцтва Д.к. займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыллё — паўзямлянка, у зах.ч. арэала — наземнае слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Для Д.к. характэрны шарападобныя гаршкі з цыліндрычным горлам, крамянёвыя нажы, скрабкі, пласціны для сярпоў, наканечнікі стрэл, каменныя зерняцёркі, сякеры і інш. Д.к. ўплывала на нёманскую культуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПА́РХ (Hipparchos; каля 180—190 да н.э., г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — 125 да н.э.),
старажытнагрэчаскі астраном, адзін з заснавальнікаў астраноміі. У выніку сістэматычных астр. назіранняў склаў каталог становішчаў 850 зорак і падзяліў іх паводле ступеней яркасці на 6 велічынь. Адкрыў з’яву прэцэсіі; даследаваў бачны рух Сонца і Месяца і склаў табліцы гэтага руху; вызначыў адлегласць ад Зямлі да Месяца; вылічыў працягласць трапічнага года; распрацаваў тэорыю зацьменняў; увёў геагр. каардынаты — шырату і даўгату. Звесткі аб працах Гіпарха прыведзены ў творы К.Пталамея «Альмагест».
Літ.:
Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Пер. с англ. [Т. 2]. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДРАБНЕ́ННЕ,
тонкае драбленне (на часцінкі драбней за 5 мм) якіх-н. цвёрдых парод, матэрыялаў, прадуктаў. Робіцца пераважна з дапамогай млыноў і бегуноў; З. грубых кармоў для жывёлы — здрабняльнікамі кармоў. Выкарыстоўваецца ў горнай, металургічнай, хім., буд., камбікормавай і інш. галінах прам-сці. З. з дапамогай каменнай ступкі вядома з 8-га тыс. да н.э., ручных жорнаў — за 3,5 тыс.г. да н.э., машыннае развіваецца з 2-й пал. 19 ст. Пашыраны спосабы З., заснаваныя на выкарыстанні эл. разрадаў у вадзе, токаў высокай частаты, сустрэчных патокаў паветра з цвёрдымі часцінкамі (т.зв. струменныя млыны) і інш.