КАПА́ЛІН (Ілья Пятровіч) (2.8.1900, в. Паўлаўская Істрынскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.6.1976),
расійскі рэжысёр дакумент. кіно. Нар.арт.СССР (1968). З 1950 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (праф. з 1964). У дакумент. кіно з 1920-х г.Асн. стужкі прысвечаны падзеям сав. часу: «За ўраджай» (1929), «Ленін» (1938, з І.Сеткінай), «На Дунаі» (1940, з І.Пасельскім), «Разгром нямецкіх войск пад Масквой» (1942, з Л.Варламавым, прэмія «Оскар» 1943), «Вызваленая Чэхаславакія» (1946), «Дзень краіны, якая перамагла» (1947), «Абнаўленне зямлі» (1950), «Старонкі бессмяротнасці» (1965), «Краіна мая» (1967) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1946, 1948, 1949, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАМАНЛІ́С ((Karamanlis) Канстанцінас) (23.2.1907, Проці, каля г. Серэ, Грэцыя — 23.4.1998),
грэчаскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Афінскі ун-т. Дэп. парламента (з 1935, выбіраўся 12 разоў). У 1946—54 міністр працы, транспарту, сац. забеспячэння, нац. абароны, грамадскіх работ. Заснавальнік і старшыня партый Нац. радыкальны саюз (1955—67) і «Новая дэмакратыя» (з 1974). У 1963—74 у эміграцыі (Парыж). У 1955—63 і 1974—80 прэм’ер-міністр Грэцыі, садзейнічаў лібералізацыі эканомікі краіны і дэмакратызацыі яе грамадскага жыцця, правёў рэферэндум аб скасаванні манархіі (1974). У 1980—85, 1990—95 прэзідэнт Грэч. Рэспублікі, дамогся ўступлення Грэцыі ў Агульны рынак (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТ,
агульная назва ў ВКЛзаканад. актаў, кодэксаў права, распарадчых і суд. дакументаў, прыватнаправавых актаў, пасланняў і інш. Вядомы: Л. ваенны — прадпісанне шляхце на мабілізацыю; Л. вываланы — дакумент аб пазбаўленні пэўнай асобы грамадзянскіх правоў і выгнанні з краіны; Л. глейтоўны — дакумент пра адтэрміноўку выканання суд. прыгавору да разгляду справы ў велікакняжацкім судзе; Л. жалезны — дакумент пра адтэрміноўку выплаты даўгоў або прыцягнення да суд. адказнасці за даўгі; Л. заручны — пісьмовая гарантыя аховы жыцця, здароўя і маёмасці адной асобы ад замахаў другой; Л. сеймавы — распараджэнне пра скліканне сейма, сеймікаў, а таксама паведамленне аб прынятых на сейме рашэннях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НАЧНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аднамесны аўтамабіль, прызначаны для скорасных спаборніцтваў на кальцавых закрытых (для інш. транспарту) трасах. Адрозніваецца малой масай, магутным рухавіком, размяшчэннем колаў па-за межамі кузава, адсутнасцю крылаў у колаў і інш. Паводле Міжнар. класіфікацыі адносяць да груп 7 і 8. У групу 7 уваходзяць гоначныя аўтамабілі формул — 1 (аб’ём рухавіка да 3000 см³ без наддуву ці да 1500 см³ з наддувам), 2 (да 2000 см³), 3 (да 2000 см³ з абмежаваннем магутнасці); у групу 8 — гоначны аўтамабіль «свабоднай» формулы (параметры ўстанаўлівае спарт. федэрацыя краіны). Гл. таксама Карт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЕ АДЗІ́НСТВА»,
блок паліт. партый у Чылі ў 1960—70-я г. Створаны ў 1969 прадстаўнікамі камуніст., сацыяліст., радыкальнай і некалькіх дробных партый. Пасля перамогі на выбарах 1970 сфарміравала ўрад краіны, кіраўнік «Н.а.» С.Альендэ Госенс быў выбраны прэзідэнтам. Урад «Н.а.» нацыяналізаваў гарнарудныя прадпрыемствы, якія належалі замежнаму капіталу, усталяваў дзярж. кантроль над буйнымі банкамі, ажыццявіў агр. рэформу. Але шэраг папулісцкіх рэформ (неабгрунтаванае павышэнне заробкаў, пенсій і сац. ільгот) прывёў да росту інфляцыі і дэзарганізацыі эканомікі. У выніку ваен. перавароту 11.9.1973 урад «Н.а.» быў скінуты, Альендэ Госенс забіты, да ўлады прыйшоў ген. А.Піначэт Угартэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОРША́НСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з лют. 1915 па крас. 1918 у Оршы на рус. мове. Асвятляла ўнутр. і міжнар. становішча краіны, падзеі на франтах 1-й сусв. вайны. Прыхільна сустрэла Лютаўскую рэв. 1917, агітавала за падтрымку Часовага ўрада, скліканне Устаноўчага сходу і вайну да пераможнага канца. Выступіла супраць Кастр. рэвалюцыі. Інфармавала пра бел.нац. рух, выступленне ў Оршы Першага т-вабел. драмы і камедыі (паведамленні «Сярод беларусаў», «Беларускія спектаклі» і інш.). Друкавала лірычныя і прыродаапісальныя вершы, апавяданні і нарысы мясц. аўтараў. Выйшла 1040 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́ФЫ НАРО́ДАЎ СВЕ́ТУ», «Мифы народов мира», галіновае энцыклапедычнае выданне; адна з першых у сусв.навук. практыцы спроб зводнага сістэматызаванага выкладу міфатворчасці народаў свету. Выдадзена ў 1980—82 у 2 тамах у Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя» (2-е выд. 1987—88). Прынцып пабудовы — алфавітны. Уключае больш за 12,2 тыс. артыкулаў, прысвечаных міфалогіям розных народаў і рэгіёнаў, у т. л. абагульняльныя артыкулы пра міфалогію пэўнай краіны або рэгіёна, пра тыпы міфаў, міфалагічныя вобразы і сюжэты, асобныя навук. тэорыі, кірункі і школы ў вывучэнні міфалогіі. Выданне багата ілюстравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЭ́ЛАС, Марэлас-і-Павон (Morelos y Pavón) Хасэ Марыя (30.9.1765, г. Вальядалід, цяпер Марэлія, Мексіка — 22.12.1815), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, быў настаўнікам, вясковым святаром. У 1810 далучыўся да нар. паўстання пад кіраўніцтвам М.Ідальга, (гл.арт.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). Пасля гібелі Ідальга (1811) М. узначаліў паўстанцаў і ў 1812—13 нанёс паражэнні іспанцам. У вер. 1813 склікаў у Чыльпансінга Нац. кангрэс, які прыняў дэкларацыю аб незалежнасці Мексікі, абвясціў М. генералісімусам і кіраўніком выканаўчай улады краіны. Да канца 1815 ісп. войскі разграмілі паўстанцкую армію, М. узяты ў палон і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАВАРЫЯ́НІ (Мухран Іванавіч) (н. 12.4.1929, с. Аргвеці, Грузія),
грузінскі паэт. Вучыўся ў Тбіліскім ун-це (1952). Друкуецца з 1952. У паэт. зб-ках «Вершы» (1955), «Вымушаны вас узрадаваць» (1957), «Няхай крочаць» (1970), «Калі б не тыя, хто быў калісьці...» (1973), «Як Кура» (1987), «Шматпакутны...» (1989) і інш. складаны свет узаемаадносін чалавека і грамадства, гіст. лёс краіны, жыццё і праца суайчыннікаў. Лірыка М. адметная грамадзянскім пафасам, публіцыстычнасцю, жыццесцвярджальнасцю, багатай нюансіроўкай верша. Пераклаў на груз. мову шэраг твораў Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Грачанікаў, У.Някляеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙН (Main),
рака ў Германіі, правы прыток р. Рэйн. Даўж. 524 км, пл.бас. 27,2 тыс.км². Утвараецца ад сутокаў рэк Ротэр-М. і Вейсер-М., якія пачынаюцца адпаведна на схілах Франконскага Альба і ў гарах Фіхтэль. Цячэ па сярэднягор’ях і ўзгорыстых раўнінах паўд.ч.краіны. Найб. воднасць зімой і на пачатку вясны, летам — асобныя дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады ў вусці 170 м3/с. Суднаходная на 400 км ад вусця. Басейн М. злучаны Людвігс-каналам з сістэмай водных шляхоў Дуная. Даліна М. густа заселена. На М. — гарады Вюрцбург, Франкфуртна-Майне.