ІНШАЗЕ́МНЫЯ СЛАБО́ДЫ,

месцы пасялення іншаземцаў у рус. гарадах, пераважна ў Маскве, у 16—17 ст. Першая І.с. ўзнікла ў Маскве ў 1-й трэці 16 ст. ў Замаскварэччы. У 2-й пал. 16 ст. на р. Яўза ўзнікла І.с. з палонных, захопленых у час Лівонскай вайны 1558—83, якая пазней стала месцам пасялення іншаземцаў розных нацыянальнасцей і прафесій (Нямецкая слабада). У 17 ст. ў Маскве існавала яшчэ 6 І.с., у т. л. Мяшчанская слабада, населеная выхадцамі з Беларусі (пераважна палоннымі рамеснікамі). Яе жыхары зрабілі значны ўклад у развіццё рус. культуры. І.с. была таксама ў Архангельску. Жыхары І.с. падпарадкоўваліся агульнарас. законам, але карысталіся некат. самакіраваннем і свабодай веравызнання. Пры Пятру I І.с. падпарадкаваны Бурмістарскай палаце і страцілі сваю адасобленасць.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІ́РА (галанд. mortier ад лац. mortarium ступа),

артылерыйская гармата буйнога калібру з кароткім ствалом, прызначаная пераважна для разбурэння асабліва моцных збудаванняў. М. вядомы з 15 ст.; спачатку былі гладкаствольныя, пазней наразныя. У 17—19 ст. выкарыстоўваліся для навясной стральбы па абарончых збудаваннях (аблогавыя і цытадэльныя М.), па палубах караблёў (берагавыя М.), па войсках за ўкрыццямі (палявыя М.). У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваліся М. калібру 152—420 мм. Незадоўга да 2-й сусв. вайны ў СССР створана 280 мм М. ўзору 1939, якая страляла на адлегласць да 10,7 км. У час 2-й сусв. вайны М. прымяняліся рэдка: іх ролю выконвалі гаўбіцы і мінамёты. У сучасных арміях не выкарыстоўваюцца.

Літ.:

Гл. да арт. Артылерыя.

280-міліметровая марціра ўзору 1939 (СССР).

т. 10, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШЛАЕ́ЎСКІ Аляксандр Захар’евіч (24.3.1856—1920),

расійскі ваен. дзеяч і гісторык. Засл. праф. (1905). Ген. ад інфантэрыі (1912). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1877), Акадэмію Генштаба (1884), з 1898 выкладаў у ёй. Адначасова ў 1899—1902 нач. Ваен.-вучонага архіва Гал. штаба. З 1908 нач. Гал. штаба, у сак.—вер. 1909 нач. Генштаба, потым камандзір 2-га Каўк. корпуса. У пач. 1-й сусв. вайны пам. галоўнакаманд. Каўк. арміяй. З 1915 у адстаўцы, на гасп. і інш. пасадах. Са снеж. 1917 старшыня Каўк. ваен.-гіст. камісіі па абагульненні вопыту 1-й сусв. вайны. Аўтар прац па рас. ваен. гісторыі, у т. л. «Паўночная вайна 1708 г. ад р. Улы і Бярэзіны за р. Дняпро» (1901).

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ШСКІ ЗА́МАК Існаваў у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. каля в. Старая Мыш

(Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) на высокім правым беразе р. Мышанка. Квадратны ў плане (50 × 50 м) замак быў абнесены з У, Пд і З земляным валам (шыр. каля 15, выш. 3,5—4 м) і абарончым ровам (шыр. 30, глыб. да 15 м, адхоны берагоў 45°),

з Пн ахаваны дрыгвяністым берагам ракі. На земляным вале і паўн. краі замка былі драўляныя сцены з 4 вежамі па вуглах. У 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пасля працяглай аблогі замак узяты рус. войскамі і спалены.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 134—135.

М.​А.​Ткачоў.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОТАБАЛГА́РЫ, прабалгары,

цюркскамоўны народ, які ўдзельнічаў у этнагенезе балгар і шэрагу сучасных цюркскамоўных народаў (казанскія татары і інш.). Першыя звесткі пра П. адносяцца да 4 ст. У 1-й пал. 7 ст. ў Прыазоўі і Ніжнім Паволжы склаўся саюз протабал. плямён на чале з ханам Кубратам, які распаўся ў сярэдзіне 7 ст. У 2-й пал. 7 ст. пад націскам хазар ч. П. перасялілася на Пн у бас. р. Кама, дзе ў далейшым узнікла дзяржава Балгарыя Волжска-Камская. Другая група П. на чале з ханам Аспарухам пасялілася ў ніжнім цячэнні Дуная, дзе ў саюзе з мясц. славянамі стварыла ў канцы 7 ст. Балгарскае царства (гл. Балгарыя). Частка П. захавалася на Паўн. Каўказе і прыняла ўдзел у этнагенезе карачаеўцаў, балкарцаў і інш.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХАЎ Мікалай Паўлавіч (25.1.1895, в. Грышова Бабынінскага р-на Калужскай вобл., Расія — 28.3.1958),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-палк. (1944). Скончыў курсы «Выстрал» (1926), удасканалення Акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. 1918—20 войнаў. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Войскі 13-й арміі на чале з ген.-лейт. П. вызначыліся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра, вызвалілі г.п. Камарын Брагінскага р-на Гомельскай вобл., захапілі плацдарм на правым беразе Прыпяці. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—58. Аўтар успамінаў «Гады выпрабаванняў» (1959).

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ВЕРСКАЕ КНЯ́СТВА, Ноўгарад-Северскае княства,

адно з удзельных княстваў Чарнігаўскай (Чарнігава-Северскай) зямлі з цэнтрам у Ноўгарад-Северскім. Узнікла ў 1096 на тэр. севяран. Размяшчалася ў бас. р. Дзясны і яе прытокаў Снова, Сейма і інш.; у склад С.к. часова ўваходзілі вярхоўі Акі і Дзясны, т.зв. «краіна вяцічаў». Першым князем быў Алег Святаславіч, потым яго нашчадкі — Ольгавічы. У 2-й пал. 12 ст. северскія князі вялі барацьбу з полаўцамі і інш. плямёнамі качэўнікаў, адзін з эпізодаў якой (паход кн. Ігара Святаславіча 1185) адлюстраваны ў «Слове аб палку Ігаравым». У 1238 (пасля мангола-тат. нашэсця) тэр. С.к. ўвайшла ў склад Бранскага княства, у 2-й пал. 14 ст. далучана да ВКЛ. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 тэр. С.к. перайшла да Расіі.

т. 14, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРЖПУТО́ЎСКІ Іосіф Адамавіч (26.3.1826 — пасля 1891),

расійскі ваенны дзеяч. Ген. ад кавалерыі ў адстаўцы (1891). З дваран Гродзенскай губ. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1847). Удзельнік задушэння Рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі. У час Крымскай вайны 1853—56 вызначыўся пры аблозе крэпасці Сілістрыя (1854) і пры Севастопальскай абароне 1854—55 (узнагароджаны залатой шабляй «За храбрасць»). У жн. 1862 прызначаны ад’ютантам намесніка ў Царстве Польскім вял. кн. Канстанціна Мікалаевіча. Удзельнік задушэння паўстання 1863—64. У 1864—71 камандзір 6-га уланскага Валынскага палка. У 1872—74 назіраў за правядзеннем рэкруцкіх набораў у губернях (у Віленскай губ. ў кастр. 1874). З 1874 камандзір брыгады 5-й кав. дывізіі, у 1881—91 нач. 5-й кав. дывізіі.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 14, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІПА́І (на мове хіндзі, урду і перс. сіпахі — воін, салдат),

з сярэдзіны 18 ст. да 1947 наёмныя салдаты ў Індыі, якіх вербавалі з мясц. жыхароў у каланіяльныя (партуг., франц., англ.) арміі. Першыя фарміраванні С. створаны ў 1740-х г. ген.-губернатарам франц. уладанняў у Індыі для барацьбы з англічанамі і захопу інш. тэр. Найб. шырока С. выкарыстоўвалі англ. каланізатары, у т. л. для ваен.-паліцэйскай службы. Пасля задушэння Індыйскага народнага паўстання 1857—59, у якім С. актыўна ўдзельнічалі, англічане рэарганізавалі фарміраванні С. (паменшылі іх колькасць, не прызывалі мясц. жыхароў у інж. і артыл. часці). С. ўдзельнічалі ў 1-й і 2-й сусв. войнах. С. як калан. наёмныя войскі перасталі існаваць пасля ўтварэння ў 1947 дзяржаў Індыя і Пакістан.

т. 14, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭ́ШНІКАЎ Аляксей Фёдаравіч (14.4.1914, с. Паўлаўка Барышскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 18.11.1991),

расійскі географ, акіянолаг, палярны даследчык. Акад. АН СССР (1981), чл.-кар. (1976). Герой Сац. Працы (1949). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). З 1939 у Арктычным і Антарктычным НДІ (з 1960 дырэктар). З 1978 прэзідэнт Геагр. т-ва СССР. З 1982 дырэктар НДІ азёразнаўства. Навук. працы па гідралогіі, метэаралогіі і гісторыі вывучэння палярных краін. Кіраваў шматлікімі палярнымі экспедыцыямі, у т. л. дрэйфуючай станцыяй «Паўн. полюс-3», 2-й і 13-й антарктычнымі экспедыцыямі. Удзельнічаў у стварэнні «Атласа Антарктыкі» (т. 1—2, 1966—69). Дзярж. прэмія СССР 1971.

Тв.:

История открытия и исследования Антарктиды. М., 1963;

Структура циркуляции вод Арктического бассейна. Л., 1972 (разам з Г.​І.​Баранавым).

т. 16, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)