КАМА́РЫН,
гарадскі пасёлак у Брагінскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Дняпро. За 52 км на Пд ад Брагіна, 3 км ад чыг. ст. Ёлча на лініі Чарнігаў—Оўруч (Украіна), аўтадарогай злучаны з Брагінам. 2,4 тыс. ж. (1998).
У 19 ст. мястэчка Рэчыцкага пав., параходная прыстань, вятрак, 6 крам; 550 ж. (1897). З 1923 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1926—62 цэнтр Камарынскага раёна. З 28.8.1941 да 23.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. 98 чал. З 17.11.1959 гар. пасёлак, з 1962 у Брагінскім р-не. У 1971—1,6 тыс. ж.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў.
т. 7, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТАЧНАЯ СІСТЭ́МА забеспячэння насельніцтва, форма прамога рэгулявання забеспячэння насельніцтва шляхам устанаўлення нарміраванага водпуску тавараў па картках. Упершыню ўведзена ў Парыжы ў 1793 у час франц. рэвалюцыі. Пашыранай была ў гады 1-й сусв. вайны 1914—18 (у агульнадзярж. маштабе яе выкарыстала Германія, у Расіі была ўведзена мясц. гар. ўправамі ў пач. 1916). У Сав. Расіі існавала ў 1918—21, у СССР у 1928—36, у гады Вял. Айч. вайны і ў часы пасляваеннага аднаўлення нар. гаспадаркі. У снежні 1947 у СССР была праведзена грашовая рэформа і адменены карткі на харч. і прамысл. тавары. З канца 1980-х у СССР, у 1990-х гг. у некаторых рэгіёнах Беларусі ўжываліся элементы К.с.: водпуск харч. тавараў па картках (талонах) і інш.
т. 8, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ВЕНТРЫ (Coventry),
горад у цэнтр. ч. Вялікабрытаніі. Каля 320 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: аўта-, авія-, рухавіка- і станкабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная, каляровая металургія (вытв-сць алюмінію і бронзы), хім. (штучны шоўк). Ун-т. Тэхн. каледж. Руіны гатычнага сабора (14 ст.; разбураны ў час 2-й сусв. вайны, захоўваюцца як сведчанне фаш. варварства), побач новы сабор (20 ст.). Пасля разбурэнняў у 2-ю сусв. вайну К. адбудаваны нанава.
Сфарміраваўся вакол заснаванага ў 1043 кляштара бенедыкцінцаў. У 1153 атрымаў гар. правы. У 13—17 ст. цэнтр гандлю і вытв-сці воўны. З пач. 20 ст. развіваецца вытв-сць аўтамабіляў, электраапаратуры, авіяматораў, самалётаў, штучных тканін. У 2-ю сусв. вайну бамбардзіроўкамі герм. авіяцыі знішчаны гіст. цэнтр К. з арх. помнікамі 14—15 ст.
т. 8, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́РЦЫНГ, Лортцынг (Lortzing) Альберт (23.10.1801, Берлін —21.1.1851), нямецкі кампазітар. Музыцы вучыўся самастойна. З 1820 оперны спявак (тэнар). З 1833 спявак і капельмайстар у Лейпцыгскім гар. т-ры, у 1846—50 оперны дырыжор у Вене, тэатр. капельмайстар у Берліне. Аўтар каля 30 опер і зінгшпіляў. Большасць яго опер блізкія да ням. зінгшпілю і ўвасабляюць рысы італьян. і франц. камічнай оперы. Імкнуўся да стварэння нац. муз. дэмакратычнай мовы, заснаванай на фальклоры. Сярод твораў: оперы «Скарбніца інкаў» (паст. 1836), «Цар і цясляр, або Два Пятры» (1837), «Казанова» (1841), «Ундзіна» (1845), «Збраяносцы Роланда» (1849) і інш., зінгшпілі «Чацвёра вартавых на пасту» (1828), «Паляк і яго дзіця», «Куцця», «Сцэны з жыцця Моцарта» (усе 1832) і інш.; араторыя, кантата, хары, песні, музыка да драм. спектакляў.
т. 9, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮД ПО́ЛЬСКІ»
(Lud polski),
польская эмігранцкая рэв.-дэмакр. арг-цыя, якая дзейнічала ў 1835—46 у Вялікабрытаніі. Уключала пераважна б. удзельнікаў паўстання 1830—31, якія паходзілі з дробнай шляхты, сялян і гар. плебсу. Створана на аснове 2 секцый Польскага дэмакратычнага таварыства (ПДТ), якія ў 1835 выйшлі з ПДТ і прынялі назвы грамада «Грудзёндз» і грамада «Умань». Праграма арг-цыі, заснаваная на ідэях утапічнага камунізму, змяшчала патрабаванні ліквідацыі прыватнай уласнасці, ураўнавання саслоўяў, надзялення сялян зямлёй, перадачы ўлады народу. Прычыну паражэння паўстання 1830—31 чл. арг-цыі бачылі ў згодніцкіх паводзінах шляхты і адсутнасці праграмы радыкальных агр. рэформ. Ідэолагі «Л.п.»: С.Ворцаль, Т.Крэмпавецкі, З.Свентаслаўскі. Пасля 1840 дзейнасць арг-цыі паступова згасла ў выніку ўнутр. спрэчак і ізаляцыі.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯПЛЕ́ЎСКІ (Рыгор Майсеевіч) (1.5. 1889, г. Брэст — 1939),
савецкі дзярж. дзеяч. Скончыў Кіеўскі камерцыйны ін-т (1915). 3 мая 1917 чл. Палескага к-та РСДРП(б), потым выканкома Гомельскага Савета. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 узначальваў ВРК г. Гомель. Дэлегат Дэмакр. нарады 1917, II (1917) і III (1918) Усерас. з’ездаў Саветаў. 3 сак. 1918 нам. старшыні Самарскага губвыканкома і гар. Савета. 3 мая 1920 заг. аддзела НКУС. З 1921 чл., старшыня Малога Саўнаркома, адм.-фін. камісіі СНК СССР. З 1934 нам. пракурора СССР. Чл. ЦВК СССР. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Аўтар успамінаў «Аб рабоце У.І.Леніна ў Саўнаркоме ў 1921—1922 гг.» (1976).
Літ.:
Корнилович Э.А. Председатель Малого Совнаркома // Корнилович Э.А. Революцией призванные. Мн., 1980.
Э.А.Карніловіч.
т. 9, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖРАЁННЫЯ ПАДПО́ЛЬНЫЯ ПАРТЫ́ЙНЫЯ ЦЭ́НТРЫ, міжрайпартцэнтры,
кіруючыя парт. органы на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Баранавіцкай і ч. Мінскай абл. у 1942—43. Ствараліся і працавалі пад кіраўніцгвам ЦК КП(б)Б і абл. падп. к-таў КП(б)Б. У сувязі з недахопам парт. кадраў гар. і раённага звёнаў вялі работу адначасова ў замацаваных за імі раёнах. Выконвалі тыя ж задачы, што і міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б. У Баранавіцкай вобл. таксама ажыццяўлялі парт. кіраўніцтва антыфашысцкімі арганізацыямі. Дзейнічала 6 міжрайпартцэнтраў: Івянецкі (14.4—19.12.1943), Лідскі (25.4—19.12.1943), Слонімскі (14.8 — снеж. 1943), Стаўбцоўскі (2.10—19.12.1943), Шчучынскі (18.4 — снеж. 1943) Баранавіцкай і Барысаўскі (6.10.1942 — ліп. 1943) Мінскай абл. Са стварэннем раённых падпольных камітэтаў КП(б)Б М.п.п.ц. расфарміроўваліся.
А.А.Каваленя.
т. 10, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й УСХО́ДУ ў Маскве.
Засн. ў 1918 на аснове прыватных калекцый, у т. л. П.І.Шчукіна, К.Ф.Някрасава і інш. Да 1925 наз. «Ars Asiatica» («Мастацтва Азіі»), да 1962 — Музей усх. культур, да 1992 — Музей мастацтва народаў Усходу. Калекцыі ўключаюць стараж., сярэдневяковае і сучаснае мастацтва Сярэдняй Азіі, Каўказа і Закаўказзя, краін Д. Усходу і Паўд.-Усх. Азіі, Ірана, Індыі, Турцыі, араб. краін, народаў трапічнай Афрыкі; творы ўсх. дэкар.-прыкладнога мастацтва, кіт. жывапісу 11—20 ст., інд. і іранскай мініяцюры 16—17 ст., яп. гравюры 18—19 ст. і інш. Размешчаны часткова ў б. гар. сядзібе Луніных (1823, арх. Д.Жылярдзі). Як НДІ праводзіць вял. навук. работу, арганізуе археал. і этнагр. экспедыцыі, канферэнцыі, выдае каталогі, зборнікі дакладаў і навук. паведамленняў.
т. 11, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́НСКАЯ (сапр. Мурынава) Надзея Мацвееўна, спявачка (сапрана) і педагог 2-й пал. 19 ст. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (клас К.Эверардзі). Выступала ў Казані, Вільні, Пецярбургу, у Мінску з гастрольнымі трупамі на сцэне Мінскага гар. т-ра (1891—93 і 1902—03). Валодала мяккім прыемным голасам, артыстычнасцю, выключным пачуццём ансамбля. Сярод партый: Тамара («Дэман» А.Рубінштэйна), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Антаніда («Жыццё за цара» М.Глінкі), Маргарыта Валуа («Гугеноты» Дж.Меербера), Наташа («Русалка» А.Даргамыжскага), Донна Анна («Дон Жуан» В.А.Моцарта) і інш. У 1894—95 спявала ў Пецярбургу з Ф.Шаляпіным у операх «Трубадур» Дж.Вердзі (Леанора), «Кармэн» Ж.Бізэ (Мікаэла), «Фауст» (Маргарыта). Адзін з першых вак. педагогаў на Беларусі, арганізавала Мінскую вакальную студыю.
В.П.Пракапцова.
т. 11, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНІТА́РНА-ЭПІДЭМІЯЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,
спецыялізаваная сістэма дзярж. устаноў аховы здароўя. Ажыццяўляе санітарны нагляд, распрацоўку і правядзенне санітарна-прафілакт. і проціэпідэмічных мерапрыемстваў з мэтай забеспячэння аховы здароўя насельніцтва. На Беларусі дзейнасць С.-э.с. рэгламентуецца Законам «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» (2000). Асн. кірункі дзейнасці: гігіенічная ацэнка новых тэхналогій і інш. у нар. гаспадарцы, нарміраванне гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў і метадаў кантролю за імі, аздараўленне ўмоў працы, быту і адпачынку насельніцтва. Задачы службы: прадухіленне і ліквідацыя забруджвання навакольнага асяроддзя, зніжэнне і ліквідацыя інфекц. і паразітарных хвароб і інш. У сістэму ўстаноў С.-э.с. ўваходзяць: аддзел гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Мін-ва аховы здароўя, рэсп., абл., гар., раённыя цэнтры «Здароўе», рэсп. і абл. цэнтры па прафілактыцы СНІДу, цэнтры дэзінфекцыі і стэрылізацыі і інш.
Э.А.Вальчук.
т. 14, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)