МАР’Я́Н мастак 17 ст. Паходзіў з Італіі. Жыў і працаваў у Магілёве. У 1660 намаляваў батальную карціну з выявай бітвы рус. і польскіх войск пад Ляхавічамі.

т. 10, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ТЭРГОРН (Matterhorn),

вяршыня ў Пенінскіх Альпах, на мяжы Швейцарыі і Італіі. Выш. 4477 м. Мае выгляд чатырохграннай піраміды, якая ўзвышаецца на 1000 м над навакольнымі хрыбтамі.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКТ ТРОХ ДЗЯРЖА́Ў, Траісты пакт,

дагавор аб ваен. саюзе Германіі, Італіі і Японіі і падзеле імі свету ў 2-ю сусв. вайну. Гл. Берлінскі пакт 1940.

т. 11, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНІ́НА (Bernina),

самы высокі горны масіў ва Усх. Альпах, на мяжы Швейцарыі і Італіі. Выш. да 4049 м (пік Берніна). Складзены з крышт. парод. Вечныя снягі, ледавікі.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАЛІ́ЦІ ((Giolitti) Джавані) (27.10.1842, г. Мандаві, Італія — 17.7.1928),

італьянскі дзярж. дзеяч. У 1889—90 міністр казначэйства, у 1901—03 міністр унутр. спраў. Прэм’ер-міністр у 1892—95, 1903—05, 1906—09, 1911—14, 1920—21. Найб. паслядоўны прадстаўнік італьян. лібералізму 20 ст., імкнуўся пашырыць сац. базу рэжыму. Урад Дж. жорстка задушыў сял. рух на Пд Італіі, развязаў захопніцкую вайну з Турцыяй (1911—12). У час 1-й сусв. вайны выступаў супраць удзелу ў ёй Італіі на баку Антанты. Падтрымаў прыход да ўлады фашыстаў (1922), з 1924 у апазіцыі У 1928 выступаў супраць скасавання фашыстамі парламенцкага рэжыму.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБІНЕ́Р (франц. carabinier),

1) адборныя стралкі ў пяхоце і кавалерыі ў Зах. Еўропе і Расіі да сярэдзіны 19 ст. 2) У Італіі, а таксама ў некат. лацінаамер. краінах назва жандараў.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСАЛІ́НІ ((Mussolini) Беніта Амількар Андрэа) (29.7.1883, г. Прэдапіо, Італія — 28.4.1945),

заснавальнік і кіраўнік (дучэ) фаш. партыі і дзяржавы ў Італіі, журналіст. З 1900 чл. Італьян. сацыяліст. партыі (ІСП). У 1902—04 у Швейцарыі. З 1909 выдаваў штотыднёвую газ. «Lotta di Classe» («Класавая барацьба»), з 1912 гал. рэдактар цэнтр. органа ІСП газ. «Avanti!» («Наперад!»). У ліст. 1914 за заклікі да ўступлення Італіі ў 1-ю сусв. вайну выключаны з ІСП, заснаваў газ. «Popolo d’Italia» («Італьянскі народ»). У сак. 1919 заснаваў фаш. рух (з ліст. 1921 Нац. фаш. партыя). Пасля паходу на Рым 1922 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Італіі (1922—43). Падпісаў Латэранскія дагаворы 1929 з Ватыканам. Свае паліт. погляды выклаў у кн. «Дактрына фашызму» (1932). Праводзіў экспансіянісцкую знешнюю палітыку, у т. л. ініцыіраваў італа-эфіопскую вайну 1935—36, заключыў саюз з нацысцкай Германіяй, але ў 1934 спыніў спробу аншлюсу Аўстрыі. Пад націскам А.​Гітлера ўцягнуў Італію ў 2-ю сусв. вайну (чэрв. 1940) на баку Германіі. Ва ўмовах паражэнняў італьян. войск (у т. л. на сав.-герм. фронце) і ўзмацнення антыфаш. руху ў краіне 25.7.1943 адхілены ад улады саветам фаш. партыі і зняволены паводле загаду караля Віктара Эмануіла III. Пасля вызвалення 12.9.1943 герм. парашутыстамі прэзідэнт (да 1945) «Італьян. сацыяльнай рэспублікі» (Рэспублікі Сало) на акупіраванай ням.-фаш. войскамі Пн Італіі. Пры спробе ўцёкаў у Швейцарыю захоплены італьян. партызанамі і расстраляны.

Літ.:

Белоусов Л.С. Муссолини: диктатура и демагогия. М., 1993;

Смит Д.М. Муссолини: Пер. с англ. [Калининград], 1995;

Хибберт К. Бенито Муссолини: Пер. с англ. М., 1996.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРЫ́ЙЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва Аўстрыі (каля 7 млн. чал.). Жывуць таксама ў ЗША, Італіі і інш. краінах. Агульная колькасць 8,53 млн. чал. (1987). Гавораць на нямецкай мове. Сярод вернікаў пераважаюць католікі.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ТРАНТА (Otranto),

праліў паміж Апенінскім і Балканскім п-вамі, злучае Адрыятычнае і Іанічнае моры. Зах. бераг належыць Італіі, усх. — Албаніі. Шыр. ў самым вузкім месцы 75 км, глыб. да 850 м.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́НДЫЗІ—ПА́ТРЫ,

чыгуначная паромная пераправа цераз Іанічнае м., злучае Пд Італіі з п-вам Пелапанес у Грэцыі. Адлегласць 640 км. Дзейнічае з 1973. Курсіруе 6 спецыялізаваных двухпалубных суднаў умяшчальнасцю 110 вагонаў кожнае.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)