ГАЛІСІ́ЙЦЫ (саманазва гальегі),

народ у Іспаніі (асн. насельніцтва рэгіёна Галісія) і Амерыцы (эмігранты). Агульная колькасць 4,14 млн. чал. (1987), у т. л. (1985, ацэнка) 3,12 млн. чал. у Іспаніі, каля 1 млн. чал. у Амерыцы (520 тыс. у Аргенціне, 200 тыс. у Бразіліі, 120 тыс. у Венесуэле, 60 тыс. ва Уругваі, 30 тыс. на Кубе і 20 тыс. у ЗША). Гавораць на галісійскай мове, блізкай да партугальскай. Вызнаюць каталіцызм. Асн. традыц. занятак — сельская гаспадарка; часткова рыбалоўства (на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.).

т. 4, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ НА́РТЫЯ (El Partido Socialista Obrero Español; ІСРП),

палітычная партыя левага кірунку ў Іспаніі. Засн. ў 1879 П.​Іглесіясам. Прапанавала радыкальную праграму грамадскага пераўтварэння (пераход паліт. улады ў рукі працоўных, аграмаджванне сродкаў вытв-сці, стварэнне бяскласавага грамадства), якую прадугледжвалася ажыццявіць парламенцкімі сродкамі. Ініцыятар стварэння Усеагульнага саюза працоўных (1888). Мела вял. ўплыў у многіх рэгіёнах Іспаніі, у т. л. ў Мадрыдзе. Прыхільнікі рэв. метадаў барацьбы ў 1921—22 пакінулі ІСРП і стварылі Камуніст. партыю Іспаніі. У 1930-я г. ІСРП — адна з гал. паліт. сіл краіны (у 1931 атрымала 24% месцаў у картэсах). У 1931—33 падтрымала ўрад М.Асаньі. Адна з заснавальніц Нар. фронту (1936). У 1936—39 прадстаўнікі ІСРП Ф.Ларга Кабальера і Х.Легрын узначальвалі рэсп. ўрады. Пасля 1939 дзейнічала ў эміграцыі, з 1960-х г. актывізавала нелегальную дзейнасць у Іспаніі. З 1977 легалізавана, гал. апазіцыйная партыя. У 1978 прыняла с.-д. праграму (падтрымка парламенцкай дэмакратыі, шматукладнай эканомікі, актыўнай сац. палітыкі дзяржавы). З 1982 правячая партыя, у 1982—89 мела абс. большасць у картэсах, з 1993—45% месцаў. З 1974 ген. сакратар Ф.Гансалес Маркес (у 1982—96 быў прэм’ер-міністрам).

Літ.:

Данилевич И.В. Социалистические партии Испании и Португалии (1973—1979). М., 1984;

Яго ж. Испытание властью: Исп. соц. раб. партия в 80-е г М., 1991.

т. 7, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НА (Mina) Старэйшы, Эспас-і-Міна (Espoz y Mina) Франсіска (17.6.1781, Ідосін, Іспанія — 13.12.1836), іспанскі паліт. і ваен. дзеяч, удзельнік Іспанскіх рэвалюцый 19 стагоддзя. Генерал (1813). У рэвалюцыю 1808—14 адзін з кіраўнікоў партыз. руху (герыльі) супраць агрэсіі напалеонаўскай Францыі. У вер. 1814, пасля рэстаўрацыі ў Іспаніі абсалютызму, разам з пляменнікам ген. Ф.​Х.​Мінай Малодшым, узняў паўстанне ў г. Памплона з мэтай аднавіць дзеянне Кадыскай канстытуцыі 1812, але пацярпеў паражэнне і ўцёк у Францыю. У рэвалюцыю 1820—23 кіраваў барацьбой з контррэв. мяцяжом у Каталоніі і супраціўленнем франц. інтэрвенцыі (1823). Пасля паражэння рэвалюцыі зноў у эміграцыі. У 1830—32 спрабаваў узняць антыабсалютысцкія паўстанні на Пн Іспаніі. У рэвалюцыю 1834—43 на чале Паўн. ісп. арміі змагаўся з карлістамі, камандаваў войскамі ў Каталоніі (з 1835). У 1836, незадоўга да смерці, выступіў супраць рэгенткі Марыі Крысціны і абвясціў асн. законам Іспаніі канстытуцыю 1812.

т. 10, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕ́ТА (Aneto),

Піка-дэ-Анета, самая высокая вяршыня Пірэнеяў, у Іспаніі. Выш. 3404 м. Размешчана ў гранітным масіве Маладзета. Снежнікі і невял. ледавікі.

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБЕ́НЫ (ад араб. караб — зброя),

адборныя стралкі ў Іспаніі ў 15 ст., узброеныя аркебузай, палашом і пісталетам, выкарыстоўваліся ў лёгкай конніцы і пяхоце.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБА (Alba),

Альварэс дэ Таледа (Alvarez de Toledo) Фернанда (29.10.1507 — 11.12.1582), герцаг, ісп. палкаводзец і паліт. дзеяч. Вызначыўся ў Шмалькальдзенскай вайне (1546—48) супраць ням. пратэстантаў, у вайне 1556—57 Іспаніі з папам Паўлам IV. Каралём Філіпам II прызначаны правіцелем (1507—73) у Нідэрланды, дзе ўстанавіў тэрарыст. дыктатуру (прыгаварыў да пакарання смерцю каля 7 тыс. чал., у т. л. графаў Эгманта і Горна), праводзіў палітыку абрабавання краіны і падпарадкавання яе Іспаніі (гл. ў арт. Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя 16 ст.). У 1580 на чале ісп. арміі заваяваў Партугалію.

Герцаг Альба.

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСО́ЎЕЎСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў 1974 у в. Засоўе Лагойскага р-на. Схаваны не пазней 1608. Складаўся з 741 сярэбранай, 8 залатых і 5 фальшывых манет. Асн. частка З.с. — трохграшовікі часоў Стафана Баторыя (61 экз.), трохграшовікі (598) і шасціграшовікі (31) Жыгімонта III Вазы. У скарбе былі контрамаркіраваныя паўталеры Іспаніі Карла I і Філіпа II, манеты герцагства Браўншвейг-Вольфенбютэль, Венгрыі, Германскай імперыі, Іспаніі, Іспанскіх Нідэрландаў, эрцгерцагства Карынтыя, герцагства Курляндыя, курфюрства Саксонія, Злучаных правінцый, герцагства Цешын, княства Трансільванія, Чэхіі, Турцыі. Скарб зберагаецца ў Нумізматычным кабінеце БДУ.

І.​Н.​Колабава.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНЕ́РАС, Канфедэрацыя іспанскіх камунерас,

тайная паліт. арг-цыя левага кірунку ў час ісп. рэвалюцыі 1820—23. Створана б. масонамі. Мела на мэце абараняць правы і дэмакр. свабоды ісп. народа, устаноўленыя паводле канстытуцыі 1812. К. не лічылі сябе рэспубліканцамі, аднак іх асн. прынцыпы (суверэнітэт народа, тэорыя і грамадскага дагавора) садзейнічалі пашырэнню рэсп. ідэй у Іспаніі. Восенню 1822 найб. радыкальныя К. патрабавалі звяржэння караля Фердынанда VII. У канцы 1822 найменш радыкальныя яе члены выйшлі з арг-цыі, якая падверглася праследаванням улад. Дзейнасць К. спынілася пасля аднаўлення ў Іспаніі абсалютнай манархіі (1823).

т. 7, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛІ́СТЫ,

палітычная групоўка клерыкальнага і манархісцкага кірунку (каталіцкае духавенства, вышэйшая знаць, вярхі арміі і інш.) у Іспаніі з 1833. Назва ад прыхільнікаў прэтэндэнта на ісп. прастол дона Карласа Старэйшага, сына караля Карла IV (правіў у 1788—1808). Адстойвалі рэліг. і абсалютысцкія традыцыі ў Іспаніі (адсюль другая назва традыцыяналісты). Развязалі Карлісцкія войны 1833—40 і 1872—76. У 1936—39 удзельнічалі ў антырэсп. мяцяжы ген. Ф.​Франка, які ў 1937 аб’яднаў арг-цыі К. з іспанскай фалангай. Выступаюць за права на ісп. прастол прынца Бурбон-Пармскага Карласа Хуга.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТЭ́СЫ (ісп. cortes ад corte каралеўскі двор),

1) саслоўна-прадстаўнічыя сходы ў Іспаніі і Партугаліі ў сярэднія вякі. Назва «К.» ўпершыню сустракаецца ў Кастыліі ў 1137. Развіліся з прадстаўніцтва дваранства і духавенства пры каралю. Пазней права прадстаўніцтва атрымалі гарады (у Леоне з 1188, Каталоніі з 1218, Кастыліі з 1250, Партугаліі з 1254, Арагоне з 1274, Навары з 1300). Вял. ролю адыгрывалі ў 13—14 ст., садзейнічалі росту ўплыву гарадоў і абмежаванню самавольства феадалаў. З усталяваннем абсалютызму страцілі сваё значэнне.

2) У Партугаліі да 1911, у Іспаніі сучасная назва парламента.

т. 8, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)