АРГАНАГЕ́НЫ,
хім. элементы, неабходныя для жыццядзейнасці жывых арганізмаў. Вядома каля 20 элементаў. Сав. вучоны Б.Б.Палынаў (1968) вылучыў арганагены абсалютныя (кісларод, вадарод, вуглярод, азот, марганец, калій, сера), без якіх немагчыма існаванне арганізмаў і з якіх пераважна пабудаваны арган. рэчывы — бялкі, тлушчы, вугляводы, ферменты, гармоны, вітаміны і прадукты іх пераўтварэнняў, і арганагены спецыяльныя (крэмній, натрый, кальцый, жалеза, фтор, магній, стронцый, бор, цынк, медзь, бром, ёд), неабходныя многім, але не ўсім арганізмам.
т. 1, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́С НА ЧУЖЫ́НЕ»,
бел. грамадска-палітычны часопіс. Выдаваўся ў 1947—50 у Лондане на бел. мове кірыліцай і лацінкай на рататары. Выдавец — Бел. выд-ва ў Лондане, з 3-га нумара — Бел. нац. нар.-хрысц. рух. Гал. рэдактары А.Надсон, Я.Амор. Змяшчаў матэрыялы пра грамадска-паліт. жыццё бел. эміграцыі ў Англіі. Выйшлі 42 нумары. Спыніў існаванне з выхадам у Лондане друкаванага час. «На шляху».
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІМІ́ЗМ [ад лац. anima (animus) дух, душа],
вера ў існаванне духаў і душ, у іх уплыў на жыццё людзей і жывёл, на прадметы і з’явы навакольнага свету. Узнік у першабытным грамадстве і лёг у аснову пазнейшых рэліг. вераванняў; састаўны элемент кожнай сучаснай рэлігіі. Тэрмінам «анімізм» абазначаюць і тэорыю ўзнікнення рэлігіі, распрацаваную англ. антраполагам Э.Тайларам (1832—1917), якая зводзіць рэлігію да індывід. псіхалогіі чалавека, не ўлічвае сац. перадумоў яе паходжання.
т. 1, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛУА́ (Valois),
дынастыя французскіх каралёў у 1328—1589, пабочная лінія Капетынгаў. Складалася з трох галін: прамой — Філіп VI [1328—50], Іаан II Добры [1350—64], Карл V Мудры [1364—80], Карл VI [1380—1422], Карл VII [1422—61], Людовік XI [1461—83], Карл VIII [1483—98]; Арлеанскай — Людовік XII [1498—1515, завяршыў тэр. аб’яднанне Францыі]; Ангулемскай — Францыск I [1515—47, паклаў пачатак абсалютызму ў краіне], Генрых II [ 1547—59], Францыск II [1559—60], Карл IX [1560—74], Генрых III [1574—89]. Апошнія тры каралі былі бяздзетныя. Валуа спынілі існаванне ў час Рэлігійных войнаў пасля забойства Генрыха III.
т. 3, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКУРЭ́НЦЫЯ ў біялогіі,
антаганістычныя адносіны, звязаныя з барацьбой за існаванне, дамінаванне, корм, прастору і інш. паміж арганізмамі (асобінамі, відамі), якія маюць патрэбу ў адных і тых жа рэсурсах. Сітуацыя, пры якой для дзвюх асобін або відавых папуляцый недастаткова колькасці рэсурсаў асяроддзя. Забяспечваецца эвалюцыяй і прыстасавальнасцю арганізмаў, праз яе пасрэдніцтва ідзе папуляцыйны і біяцэналагічны, экалагічны адбор. Заканамернасці К. эксперыментальна выявіў сав. вучоны Г.Ф.Гаўзе (1934) у доследах з прасцейшымі аднаклетачнымі арганізмамі.
т. 7, с. 587
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЫ́ ЗАДАЧА,
адна з асн. задач тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Зводзіцца да адшукання рашэння (інтэграла) дыферэнцыяльнага ўраўнення, якое задавальняе пач. умовам. Напр., знайсці закон руху матэрыяльнага пункта, калі зададзены рухальная сіла, яго пач. месцазнаходжанне і скорасць. Ад краявых задач адрозніваецца тым, што папярэдне не абумоўліваецца вобласць вызначэння рашэння. Узнікае пры аналізе працэсаў, якія вызначаюцца дыферэнцыяльным законам і пач. станам. Адзінасць і існаванне рашэння гэтай задачы ў шэрагу выпадкаў даказаў А.Кашы.
т. 8, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ННІКАЎ Якаў (?—?). расійскі прамысловец, даследчык Новасібірскіх а-воў. У 1800 адкрыў і апісаў в-аў Сталбавы, у 1805 — Фадзееўскі. У 1808—10 удзельнічаў у экспедыцыі М.М.Гедэнштрома па даследаванні Новасібірскіх а-воў. У 1810 перасек в-аў Новая Сібір, у 1811 — в-аў Фадзееўскі. Выказаў меркаванне пра існаванне вял. зямлі на Пн ад в-ва Кацельны (гл. Саннікава Зямля). Яго імем названы праліў паміж а-вамі М.Ляхаўскі і Кацельны.
т. 14, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРВІНІ́ЗМ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
тэарэтычная плынь у грамадазнаўстве канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая імкнулася прычыны і кірункі грамадскага развіцця тлумачыць заканамернасцямі біял. эвалюцыі, прынцыпы прыроднага адбору, барацьбы за існаванне і выжыванне пераносіць на жыццё грамадства і чалавечых супольнасцей. Заснавальнік Д.с. англ. сацыёлаг Г.Спенсер. У межах Д.с. склаліся розныя кірункі. Прадстаўнікі антрапалагічнай школы ў сацыялогіі (Х.Чэмберлен, Ж.Лапуж, О.Аман) прынцыпы барацьбы за існаванне пераносілі непасрэдна на ўзаемаадносіны паміж сац. групамі, народамі, дзяржавамі. Польска-аўстр. сацыёлаг Л.Гумплавіч тлумачыў сац. з’явы з пазіцый натуралізму, а ўзаемаадносіны паміж сац. групамі трактаваў як бязлітасную барацьбу, якая вызначае не толькі сац. канфлікты, але і сац. жыццё ў цэлым. Г.Ратцэнгофер, У.Самнер, У.Беджгат лічылі, што барацьба паміж расавымі, этн. і культ. групамі абумоўлена сутыкненнем інтарэсаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем біял. імкненняў. Прадстаўнікі сацыябіялогіі (Э.Уілсан, Р.Александэр, Р.Трыверс і інш.) выступаюць за новы сінтэз біял. і сац. навук, сцвярджаюць, што сфармуляваныя імі прынцыпы паводзін жывёл неабходна пашырыць на жыццё грамадства, бо гэта дасць магчымасць зразумець біял. асновы зыходных формаў чалавечых паводзін (сямейныя адносіны, сац. зносіны, сац. няроўнасць, агрэсія, альтруізм і інш.).
Я.М.Бабосаў.
т. 6, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПЕР ((Popper) Карл Раймунд) (28.7.1902, Вена — 1994),
англійскі філосаф, логік, сацыёлаг. З 1945 у Вялікабрытаніі. У 1945—69 праф. Лонданскага ун-та, дэкан ф-та Лонданскай школы эканомікі паліт. навук. Філас. канцэпцыі (крытычны рацыяналізм, тэорыя росту навук. ведаў) будаваў як антытэзы неапазітывізму. Прапанаваў прынцып фальсіфікацыі (прынцыповай абвяргальнасці любога сцвярджэння), які служыць крытэрыем дэмаркацыі паміж навук. ведамі і ненавуковымі.
Навукай і метафізікай П. сцвярджаў існаванне свету фіз. з’яў, свету суб’ектыўных (ментальных і псіхічных) станаў свядомасці, а таксама свету аб’ектыўных ведаў. Выступаў за «адкрытае грамадства», уладу розуму, справядлівасць, свабоду, роўнасць і папярэджанне міжнар. злачынстваў. Паводле П., «закрытыя грамадствы» характарызуюцца верай у існаванне магічных табу ў адрозненне ад «адкрытага грамадства», дзе «людзі (у значнай ступені) навучыліся крытычна ставіцца да табу і грунтаваць свае рашэнні на сумесным абмеркаванні і магчымасцях уласнага інтэлекту». Асн. творы: «Беднасць гістарыцызму» (1957), «Логіка навуковага адкрыцця» (1959), «Прапановы і абвяржэнні. Рост навуковых ведаў» (1962), «Пастскрыптум да логікі даследавання» (т. 1—3, 1981—82), «Рэалізм і мэта навукі» (1983).
Тв.:
Рус. пер. — Логика и рост научного знания. М., 1983;
Открытое общество и его враги. Т. 1—2. М., 1992.
В.В.Краснова.
т. 12, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕМЕНІ́ДЫ,
дынастыя правадыроў стараж.-перс. плямёнаў (каля 700—550 да нашай эры) і цароў у Ахеменідаў дзяржаве (550—330 да нашай эры). Назва ад яе родапачынальніка Ахемена, які жыў у 8—7 ст. да н.э. Даследчыкі адрозніваюць 2 іх лініі: старэйшую [Ахемен, Тэісп, Кір I, Камбіс I (2-я пал. 6 ст.), Кір II (558—530), Камбіс II (530—522)] і малодшую [Дарый I (522—486), Ксеркс I (486—465), Артаксеркс I (465—424), Ксеркс II (424), Сагдыян (424—423), Дарый II (423—404), Артаксеркс II (404—358), Артаксеркс III (358—338), Арсес (338—336), Дарый III (336—330)]. Дынастыя Ахеменідаў спыніла сваё існаванне ў выніку заваявання перс. дзяржавы Аляксандрам Македонскім.
т. 2, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)