КАПУ́Р,

сям’я індыйскіх дзеячаў кіно. Прытхвірадж К. (3.11.1904—29.5.1972), акцёр, тэатр. рэжысёр. Скончыў юрыд. каледж у Лахоры. У 1944 заснаваў першы прафес. т-р на хіндзі «Прытхвітыэтрс» (у 1960 закрыты). Зняўся ў першым інд. гукавым фільме «Прыгажосць свету» (1931), а таксама «Бадзяга» (1951), «Мінулае, сучаснае і будучае» (1971), у сав.-інд. «Хаджэнне за тры моры» (1957). Радж К. (14.12.1924, г. Пешавар, Пакістан — 2.6.1988), акцёр, кінарэжысёр, прадзюсер, сцэнарыст. Сын Прытхвіраджа К. У 1947 заснаваў студыю «Радж Капур Філмс» у Бамбеі. Самабытны лірыка-камед. акцёр, танцор, валодаў вял. прывабнасцю, музыкальнасцю. Гал. ролі ў фільмах: «Бадзяга» (1951, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1953), «Пан 420» (1955). Рэжысёр фільмаў: «Сезон дажджоў» (1949), «Не спіце» (1956, у сав. пракаце «Пад покрывам ночы», прыз Міжнар. кінафестывалю за гал. ролю ў Карлавых Варах, 1957), «Маё імя клоун» (1970), «Любоўная немач» (1982) і інш. Сярод інш. прадстаўнікоў дынастыі К. — акцёры Шашы, Раджыў і інш.

А.​П.​Бабкова.

т. 8, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАСМІ́ЗМ (ад a... + грэч. kosmos Сусвет),

філасофскае і рэлігійнае вучэнне, якое прапаведуе погляды аб нікчэмнасці свету. У найб. чыстым выглядзе сустракаецца ў класічнай інд. філасофіі (гл. Веданта), пашырана і ў хрысціянстве. Гегель называў акасмізмам пантэізм Спінозы, паколькі бог у ім ёсць адзіная вечная і бясконцая субстанцыя, усё астатняе — часовае, неістотнае. Акасмізмам наз. таксама спірытуалізм, які адмаўляе рэальнасць навакольнага свету.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЕ́ША, Ганапаці,

у індуісцкай міфалогіі «ўладар ганы» (групы) ніжэйшых божастваў, якія складаюць світу Шывы. Паводле эпасу, малююць з тулавам чалавека чырв. ці жоўтага колеру, вял. шарападобным жыватом, чатырма рукамі і галавой слана, з пашчы якой тарчыць толькі адзін бівень. Ганеша належыць да найб. папулярных інд. багоў, яго выявы і храмы вельмі пашыраны ў Індыі.

Ганеша. Камень. 8—9 ст.

т. 5, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖА́НАТА ПА́РТЫ (Нар. партыя),

палітычная партыя ў Індыі ў 1977—80. Створана ў выніку аб’яднання партый Інд. нац. кангрэс (ІНК), Бхаратыя джан сангх, Бхаратыя лок дал, Сацыяліст. партыі і Кангрэса за дэмакратыю з мэтай забеспячэння перамогі ІНК на выбарах 1977. Імкнулася згуртаваць самыя розныя паліт. плыні. У 1977—79 правячая партыя. Лідэры: М.​Дэсаі, Ш.​Сінгх, Дж.​Рам.

т. 6, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЯ-УЛЬ-ХАК (Махамад) (12.8.1924, г. Джаландхар, Індыя — 17.8.1988),

пакістанскі ваен. і дзярж. дзеяч. Удзельнік інд.-пакістанскіх войнаў (1965, 1971). З 1973 генерал і нач. штаба сухапутнай арміі. У 1977 узначаліў дзярж. ваен. пераварот, у 1977—78 кіраўнік урада і ваен. адміністрацыі. З 1978 прэзідэнт Пакістана. Імкнуўся да ісламізацыі эканам. і грамадскага жыцця ў краіне. Загінуў у авіякатастрофе.

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗІРА́НГА,

нацыянальны парк у Індыі (штат Асам), у джунглях на левым беразе р. Брахмапутра. Засн. ў 1908, да 1968 рэзерват. Пл. каля 43 тыс. га. Балотная расліннасць, рэдкалессе, зараснікі т. зв. слановай травы. Больш за палавіну сусв. папуляцыі інд. панцырнага насарога (больш як 400 жывёлін). Жывуць сланы, дзікія буйвалы, бенгальскі тыгр, леапард, мядзведзі, алені і інш. Турызм.

т. 7, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙЛА́С,

хрыбет у гарах Гандысышань, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ паралельна Гімалаям на 300 км. Выш. да 6714 м (г. Кайлас). Складзены пераважна з гранітаў. Паўд. схіл стромкі, вельмі расчлянёны эрозіяй, паўн. — пакаты. Снегавая лінія на выш. 5700—5900 м. Ледавікі. Сухія стэпы, ландшафты халодных пустынь. На К. вытокі рэк Інд і Брахмапутра.

т. 7, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна на ПнЗ Індыйскага ак. паміж Аравійска-Індыйскім хрыбтом і паўн. часткай Цэнтр. Індыйскага хрыбта. Даўж. 2500 км, шыр. да 1500 км. Пераважная глыб. 4000 м, найб. — 5803 м (упадзіна на Пд). Значная частка Аравійскай катлавіны — конус вынасу р. Інд; у зах. частцы — падводная гара МДУ (глыб. над ёй — 2758 м). Грунт — фарамініферавы глей і чырв. гліна.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НГА,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі нябесная рака, якая спусцілася на зямлю, увасабленне інд. р. Ганг. Калі Ганга падала з неба, яе прыняў на сваю галаву Шыва (каб не разбурала цяжарам зямлю), а з яго галавы рака сцякала ўніз ужо сямю патокамі. Шануецца індусамі як свяшчэнная, яе воды быццам бы ачышчаюць ад грахоў, збаўляюць ад хвароб. Гал. цэнтры паломніцтва — Хардвар, Алахабад, Варанасі, Сагар і інш.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ЗІЯ ў геалогіі,

сутыкненне вялізных літасферных пліт або кантынентаў. У месцы К. ствараліся магутныя горныя сістэмы, пароды зямной кары зміналіся ў складкі, разломаўтварэнне дасягала глыбінь мантыі, актывізаваліся тэктанічныя і вулканічныя працэсы. Прыкладам К. служыць сутыкненне п-ва Індастан (Інд. платформа якога лічыцца ч. даюрскага кантынента Гандвана) з кантынентам Еўразія, што, магчыма, з’явілася адной з прычын утварэння Гімалаяў.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)