МЭ́НДЛІК,

у беларусаў спосаб сушкі снапоў жыта і пшаніцы на полі. Звычайна М. ставілі з 10 снапоў: да вертыкальна пастаўленага снапа пад нахілам прыстаўлялі 4 снапы, потым — яшчэ 4 у прамежкі, апошнім — дзесятым — накрывалі М. Сцёблы з калоссем гэтага снапа заломвалі каля перавясла, каб атрымалася «веер-шапка». Яна засцерагала астатнія снапы ад дажджу і мацавала М. У добрае надвор’е «шапку» здымалі, каб зерне ў снапах хутчэй прасохла. У некат. рэгіёнах М. называлі бабкамі.

Л.​І.​Мінько.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОНТ ЭЎКСІ́НСКІ (Pontos Euxenos літаральна гасціннае мора),

старажытнагрэчаская назва Чорнага м. Да 6 ст. да н.э. яго называлі Понтам Аксінскім (негасціннае мора). Пераназвана пасля пашырэння рэгулярных эканам. і культ. сувязей грэкаў з мясц. насельніцтвам прыпантыйскіх абласцей. Плаванне па моры лічылася цяжкім і небяспечным, да 4 ст. да н.э. плавалі недалёка ад берагоў. Шмат ант. пісьменнікаў і географаў складалі перыплы (падрабязнае апісанне ўзбярэжжа П.Э.). Феакрыт, Сенека, Лукіян называлі П.Э. Скіфскім морам. У 9 ст. н.э. яго называлі яшчэ Рускім морам.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЖКА,

у беларусаў пасудзіна для кармлення жывёлы; бандарны выраб. Падобна да цэбра, але меншых памераў (ёмістасць 15—20 л). Рабілі Р. з кароткіх клёпак, па форме — цыліндрычную ці крыху расшыраную ўверсе. Нярэдка мела ножкі, утвораныя трыма падоўжанымі клёпкамі. Яшчэ 2 больш доўгія клёпкі выступалі зверху і мелі адтуліны, утвараючы вушкі для пяньковай ці лыкавай почапкі. Звычайна ў Р. таўклі параную бульбу і замешвалі паўвадкі корм для свіней. У наш час амаль выйшла з ужытку.

В.​С.​Цітоў.

Ражка.

т. 13, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЛІКО́ВЫ БАЛА́НС,

суадносіны грашовых патрабаванняў і абавязацельстваў краіны, што ўзнікаюць у выніку гандлёвых і інш. адносін з інш. краінамі за пэўны перыяд або на пэўную дату. Уключае гандлёвы баланс, вываз і ўвоз золата, прадастаўленне крэдытаў, баланс паслуг, турыстаў і даходы ад замежнага турызму, даходы ад замежных інвестыцый, звязаныя з імі расходы і інш. У адрозненне ад плацежнага балансу ўключае не толькі зробленыя плацяжы і паступленні, але і непагашаныя патрабаванні і абавязацельствы, тэрмін пагашэння якіх яшчэ не настаў.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1919—40. Утвораны 6.2.1919 у складзе Мінскай губ. Цэнтр — г. Баранавічы. Пл. 3497 км², нас. 124,2 тыс. чал. (1922). Уключаў 6 валасцей (Востраўская, Гарадзішчанская, Дараўская, Крывошынская, Навамышская, Сталовіцкая), у 1920 увайшлі яшчэ 4 воласці (Ляхавіцкая, Мядзведзіцкая, Чэрніхаўская, Ястрамбельская). З сак. 1921 у складзе Польшчы ў Навагрудскім ваяв., падзяляўся на гміны (б. воласці). З ліст. 1939 Баранавіцкі павет у складзе БССР, са снеж. ў Баранавіцкай вобласці, дзе ў студз. 1940 на тэр. паветаў утвораны раёны.

т. 2, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕ́ЛКУ ТРЭ́СЦІ»,

бел. нар. дзіцячая гульня. Гульцы становяцца ў рад адзін за адным нагнуўшыся, і кожны абнімае за паясніцу папярэдняга гульца. Апошні гулец садзіцца на папярэдняга, як на каня, і імкнецца хутка пры дапамозе рук пералезці далей на наступнага, з таго яшчэ далей, пакуль не перапаўзе ўсіх. Гульцы стараюцца «пералазчыка» трэсці, каб скінуць яго. Калі гулец перапаўзе ўсіх, ён становіцца наперадзе, а той, хто цяпер апошні, пачынае рабіць тое ж самае. Так працягваецца, пакуль кожны не паспрабуе прапаўзці па ланцужку.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЯЛЁНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,

тэрмін, які ўзнік у 1960-я г. і абазначаў працэс укаранення новых высокаэфектыўных аграпрыёмаў і метадаў, стварэнне высокаўраджайных сартоў збожжавых (пшаніца, рыс), асабліва ў краінах т. зв. трэцяга свету. У сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва намаганні былі скіраваны на атрыманне большага аб’ёму прадуктаў харчавання з дапамогай арашэння зямель, хімізацыі і механізацыі. З 1980-х г. у некат. краінах «З.р.» забаронена, таму што размеркаванне даходаў у с.-г. сектары ў выніку «З.р.» стала яшчэ больш нераўнамерным.

В.​В.​Краўчанка.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРАТА́КА (ад контр... + атака),

атака, якая праводзіцца абараняльнымі войскамі супраць наступальных з мэтай разгрому праціўніка, што ўклініўся ў абарону, і поўнага або частковага аднаўлення становішча. Заключаецца ў паражэнні праціўніка ўдарамі авіяцыі, ракет, агнём артылерыі з наступнай атакай сіламі 2-га эшалона (рэзерву), у пэўных умовах сумесна з сіламі 1-га эшалона. К., як правіла, праводзіцца ў момант, калі праціўнік, спынены і яшчэ не паспеў замацавацца на занятых рубяжах або яго прасоўванне запаволілася, а рэзервы выкарыстаны ці іх тэрміновы ўвод немагчымы.

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУМУЛІ́ТЫ (Nummulites),

род вымерлых аднаклетачных марскіх арганізмаў атр. фарамініфер кл. караняножак.

Рэшткі Н. вядомы з верхнемелавых і палеагенавых адкладаў (утварыліся каля 100 млн. г. назад). Нумулітавыя вапнякі пашыраны ў Еўропе (Парыжскі басейн), у горных масівах Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыцы, Цэнтр. Амерыцы (буд. матэрыял, які выкарыстоўваўся яшчэ пры ўзвядзенні пірамід). Мелі сачавіца- ці дыскападобную ракавіну дыям. 1—16 см са шматлікімі абаротамі. падзеленую перагародкамі на камеры. Вялі прыдонны спосаб жыцця. Выкапнёвыя рэшткі служаць стратыграфічным матэрыялам пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 11, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАЗО́РКА (ад прата... + зорка),

умоўная назва цела, з якога фарміруецца зорка. Уяўляе сабой адасобленую з газапылавога воблака ў выніку яго гравітацыйнай няўстойлівасці шчыльную кандэнсацыю рэчыва, дзе яшчэ не дасягнуты т-ры, неабходныя для пачатку тэрмаядзерных рэакцый — асн. крыніцы энергіі зорак. Пры далейшым сцісканні (на працягу каля 20 млн. гадоў) рэчыва П. разаграваецца і т-ра ў яго нетрах узрастае да 10 млн. К і больш. Гэта стварае ўмовы для працякання рэакцый тэрмаядз. сінтэзу, пасля чаго сцісканне П. спыняецца — утвараецца зорка.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)