ТАЛІСМА́Н (франц. talisman ад познагрэч. telesma літар. — рэлігійны абрад, прысвечаны прадмет),
рэч, якая, паводле ўяўленняў прымхлівых людзей, прыносіць яе ўладальніку шчасце, поспех, аберагае ад няўдач. Т., які насілі на целе, наз. амулетам. Вера ў Т. узнікла ў першабытнага чалавека, які імкнуўся ўплываць на сілы прыроды, не ведаючы яе законаў.
т. 15, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРАКТАРЫСТЫ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ ў тэрмадынаміцы,
функцыя незалежных параметраў (гл. Параметры стану), якія вызначаюць стан тэрмадынамічнай сістэмы. Да Х.ф. адносяць патэнцыялы тэрмадынамічныя і энтрапію. Х.ф. сістэмы роўная суме Х.ф. яе складальных частак. З дапамогай Х.ф. і яе вытворных па незалежных пераменных (т-ры, аб’ёме і інш.) вызначаюць тэрмадынамічныя ўласцівасці сістэмы.
т. 16, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЦЫЯ,
1) вылучэнне адзінкавага і індывід. са ўсеагульнага. Ідэя І. сфармулявана ант. філосафамі. Прадстаўнікі «стаіцызму» (Зянон з Кітыёна, Хрысіп, Л.А.Сенека) лічылі, што навука імкнецца пазнаць агульнае, а пачуцці чалавека ўспрымаюць рэчаіснасць як нешта адзінкавае. Арыстоцель сфармуляваў прынцып І. як спалучэнне формы і матэрыі. У сярэдневяковай філасофіі прынцыпам яе называлі пастулат аб пачатках (асновах) І. Існавалі 3 канцэпцыі асноў І.: канцэптуалісцкая (яе прыхільнікі лічылі магчымым існаванне розных рэчаў адной формы), рэалісцкая (пачатак І. не ў колькасных, а ў якасных адрозненнях паміж рэчамі) і наміналісцкая (яе паслядоўнікі сцвярджалі, што пачаткі І. ў вонкавых характарыстыках рэчаў, іх назве, становішчы ў прасторы і часе). Ф.Шэлінг бачыў аснову І. ў адыходзе ад Бога. Дж.Лок, А.Шапенгаўэр яе формамі лічылі прастору і час. 2) У аналіт. псіхалогіі К.Г.Юнга І. — працэс станаўлення і развіцця індывіда ў выніку асіміляцыі свядомасцю зместу асабістага і калектыўнага неўсвядомленага; канчатковы вынік ажыццяўлення І. — самарэалізацыя чалавека, дасягнуць якой могуць найб. мэтанакіраваныя і здольныя людзі. Э.С.Дубянецкі.
т. 7, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́РЫ (Terry) Элен Аліс (27.2.1847, г. Ковентры, Вялікабрытанія — 21.7.1928),
англійская актрыса. Дэбютавала ў 1856. З 1867 у т-ры «Ліцэум» пад кіраўніцтвам Г.Ірвінга (яе пастаянны партнёр да 1898), у 1902—03 кіраўнік т-ра «Імперыял». Створаныя ёй вобразы вылучаліся эмацыянальнасцю і задушэўнасцю: Афелія, Порцыя, Віёла, Беатрычэ («Гамлет», «Венецыянскі купец», «Дванаццатая ноч», «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Маргарыта («Фауст» І.Гётэ), Алівія («Алівія» У.Уілса паводле О.Голдсміта). Паставіла (з сынам Э.Г.Крэгам) «Ваеўнікі ў Хельгеландзе» Г.Ібсена (выканала ролю Іордыс) і «Многа шуму з нічога» (1903). Сярод інш. роляў: лэдзі Сесілія («Вяртанне капітана Брэсбаўнда» Б.Шоу, роля напісана спецыяльна для яе), Эліс Грэй («Эліс-сядзі-каляагню» Дж.Бары) і інш. Здымалася ў кіно. Апублікавала аўтабіяграфію «Гісторыя майго жыцця» (1908), у 1931 выдадзены цыкл яе лекцый пра Шэкспіра і перапіска з Шоу. Акцёрамі былі і яе сёстры — Кейт Т. (1844—1924), Флорэнс Т. (1854—96), Марыён Т. (1856—1930), брат Фрэд Т. (1863—1933).
т. 16, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТЫКА́ЛЬ,
лінія, уздоўж якой размяшчаецца нітка адвеса пад уздзеяннем сілы цяжару. Напрамак вертыкалі ў дадзеным пункце зямной паверхні адносна плоскасцей экватара і нулявога мерыдыяна знаходзяць з астр. назіранняў. Вывучэнне напрамкаў вертыкалі і яе адхіленняў ад паверхні зямнога эліпсоіда дало магчымасць вызначыць фігуру і памеры Зямлі і атрымаць ускосныя даныя аб яе ўнутр. будове.
т. 4, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МАРАЧНАЯ МАЁМАСЦЬ,
у цывільным праве маёмасць памерлага, у якога няма спадчыннікаў ні па законе, ні па завяшчанні або яны пазбаўлены спадчынадаўцам спадчыны ці адмовіліся ад яе. Паводле бел. заканадаўства вымарачная маёмасць пераходзіць на карысць дзяржавы, якая пасля прыняцця спадчыны адказвае па даўгах спадчынадаўцы ў межах сапраўднага кошту маёмасці, што перайшла да яе.
т. 4, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКУРЭ́НТНАЯ ФО́РМУЛА,
суадносіны, па якіх можна вылічваць любы член паслядоўнасці па зададзеных значэннях яе папярэдніх членаў. Напр.: an+1 = an + d — арыфметычная прагрэсія, an+1 = anq — геаметрычная прагрэсія. Калі Р.ф. лінейная, то паслядоўнасць, якая задавальняе яе, наз. рэкурэнтнай паслядоўнасцю і задача адшукання такіх паслядоўнасцей аналагічная рашэнню звычайных аднародных лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў з пастаяннымі каэфіцыентамі.
т. 13, с. 573
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭМА́ЙТЭ [Žemaité; сапр. Бенюшавічутэ-Жымантэне
(Beniuseviciuté-Zymantiené)] Юлія (4.6.1845, маёнтак Букантэ, Плунгескі р-н, Літва — 7.12.1921),
літоўская пісьменніца. Друкавалася з 1894. Асн. тэматыка яе твораў — жыццё літ. вёскі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Цяжкі лёс літ. сялянства, бяспраўе жанчыны, самабытнасць вясковага побыту, рэліг. перажыткі па-мастацку асэнсаваны ў яе апавяданнях і аповесцях «Нявестка» (1896), «Пятрас Курмяліс» (1901), «Няшчасныя дзеці» (1903), «Ахвяра святому Юргісу» (1908) і інш. Яе творы адметныя каларытным апісаннем прыроды, побыту, звычаяў, знешняга аблічча герояў, аб’ектыўнай, з элементамі іроніі і камізму, апавядальніцкай манерай. Аўтар шматлікіх нарысаў, фельетонаў, публіцыст. артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Ж. пераклалі А.Клышка, Я.Скрыган.
Тв.:
Rastai. Sej. 1—6. Vilnius, 1956—57.
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІБЕ́ЛА, Ківева, Дындымена, Ідзейская маці, Вялікая маці багоў,
фрыгійская багіня, увасабленне прадукц. сіл прыроды, чый культ у старажытнасці быў пашыраны ў М. Азіі (тут знаходзілася вобласць Фрыгія, дзе ён нарадзіўся), Грэцыі, з 204 да н.э. ў Рыме. Першапачаткова лічылася суровай уладаркай гор, лясоў і звяроў, рэгулявала іх урадлівасць. У яе гонар жрацы наладжвалі містэрыі з абрадамі, у якіх важную ролю адыгрывалі самакатаванні, абмыванне ў крыві ахвяр і самалягчанне. У Рыме яе культ зліўся з мясц. культам багіні пасеваў і жніва Опс. К. шанавалі як апякунку дабрабыту дзяржавы, якая дорыць людзям усе плады зямлі. Яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з зубчастай вежападобнай каронай на галаве. Вобраз К. адлюстраваны і развіты ў творах Авідзія і Лукрэцыя.
т. 8, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́Ф’Я АЛЯКСЕ́ЕЎНА (27.9.1657, Масква — 14.7.1704),
правіцельніца Расіі ў 1682—89. Дачка цара Аляксея Міхайлавіча ад першага шлюбу. Вызначалася розумам і энергіяй, была адукаванай жанчынай (выхаванка Сімяона Полацкага). Абвешчана рэгенткай пры двух царах — яе малалетніх братах Іване V і Пятру I у час інспіраванага яе прыхільнікамі Маскоўскага паўстання 1682. Апіралася на кн. В.В.Галіцына і думнага дзяка Ф.Л.Шаклавітага. Пры ёй аблегчана становішча пасадскіх людзей, паслаблены вышук збеглых сялян, заключаны «Вечны мір» 1686 з Рэччу Паспалітай і Нерчынскі дагавор 1689, праведзены малаўдалыя паходы 1687 і 1689 супраць Крымскага ханства. Скінута Пятром I і зняволена ў Новадзявочым манастыры. Пасля паражэння ўзнятага яе прыхільнікамі стралецкага паўстання 1698 пастрыжана ў манашкі.
т. 15, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)