закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр.энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.
Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр.энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр.энергііU, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРАДЖЭ́ННЕў квантавай механіцы,
уласцівасць некаторых фізічных велічынь, што апісваюць фіз. сістэму (атам, малекулу і інш.), мець аднолькавае значэнне для розных станаў сістэмы. Колькасць станаў сістэмы, якім адпавядае адно і тое ж значэнне пэўнай фіз. велічыні, наз.кратнасцю выраджэння дадзенай фіз. велічыні. Напр., калі не ўлічваць эл.-магн. і слабыя ўзаемадзеянні («выключыць» іх), то ўласцівасці пратона і нейтрона будуць аднолькавыя і іх можна разглядаць як 2 станы адной часціцы (нуклона), якія адрозніваюцца толькі эл. зарадам.
Найб. важнае выраджэнне ўзроўняў энергіі: сістэма мае пэўнае значэнне энергіі, але пры гэтым можа быць у розных станах. Напр., свабодная часціца мае бясконцакратнае выраджэнне энергіі: энергія вызначаецца модулем імпульсу, а напрамак імпульсу можа быць любым. Пры руху часціцы ў знешнім сілавым полі выраджэнне можа поўнасцю або часткова здымацца, напр., у магн. полі выяўляецца залежнасць энергіі ад напрамку магн. моманту часціцы: пры ўзаемадзеянні з полем часціцы атрымліваюць дадатковую энергію і ўзроўні энергіі «расшчапляюцца» (гл.Зеемана з’ява). Расшчапленне ўзроўняў энергіі часціц у знешнім эл. полі гл. ў арт.Штарка з’ява.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭФІЦЫЕ́НТ КАРЫ́СНАГА ДЗЕ́ЯННЯ (ккдз),
характарыстыка эфектыўнасці сістэмы (устройства, машыны) у адносінах да працэсу пераўтварэння або перадачы энергіі, які адбываецца ў гэтай сістэме. Ккдз — безразмерная велічыня η, якая вызначаецца адносінамі карысна выкарыстанай энергіі (Wк), пераўтворанай у работу пры цыклічным працэсе, да сумарнай колькасці энергіі (W), перададзенай сістэме: η = Wк/W.
Для эл. рухавіка Wк — работа на вале рухавіка, якая выконваецца за кошт спажываемай ім эл.энергіі; для рухавіка ўнутр. згарання Wк — работа на вале рухавіка, а W — энергія, якая вылучылася пры поўным згаранні паліва. У выніку розных страт энергіі (з-за вылучэння джоўлевай цеплыні, з-за гістэрэзіса, трэння, непаўнаты згарання паліва і інш.), а для цеплавых рухавікоў таксама з-за другога закону тэрмадынамікіккдз любой рэальнай устаноўкі заўсёды меншы за 1. Ккдз цеплавых электрастанцый дасягае 0,4, рухавікоў унутр. згарання 0,4—0,5, эл. генератараў 0,95, трансфарматараў 0,98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,
разнавіднасць рэактыўнага рухавіка, дзе ў якасці рабочага цела выкарыстоўваюцца толькі тыя рэчывы і крыніцы энергіі, што ёсць на рухомым апараце (лятальным, наземным, падводным). Калі ў рухавіку выкарыстоўваецца паветра, што забіраецца з навакольнага асяроддзя, ён наз.паветрана-рэактыўным рухавіком.
Паводле віду энергіі, якая пераўтвараецца ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя, адрозніваюць хімічны ракетны рухавік, электрычны ракетны рухавік, ядзерны ракетны рухавік, а таксама гібрыдны ракетны рухавік (разнавіднасць хім. Р.р.). Ва ўсіх Р.р. рэактыўная цяга ствараецца за кошт рабочага цела, у хімічных — крыніцы энергіі і рабочага цела сумешчаны ў ракетным паліве. Для ядз. і эл. Р.р. характэрны раздзельныя паасобныя крыніцы энергіі і рабочага цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Энергетычныя ўзроўні (у атаме) 4/594, гл. Узроўні энергіі
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦЫ ТО́КУ,
устройствы, якія пераўтвараюць розныя віды энергіі ў электрычную (у пераменны ток або пастаянны ток). Умоўна падзяляюцца на хім. К.т., у якіх электраэнергія вырабляецца ў выніку акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі (гл.Акісленне-аднаўленне), і фізічныя, якія пераўтвараюць мех., цеплавую, эл.-магн., светлавую, энергію радыяц. выпрамянення і ядз. распаду ў электрычную.
Хімічныя К.т. складаюцца з аднаго або некалькіх гальванічных элементаў. Падзяляюцца на першасныя (аднаразовага выкарыстання; пераважна марганцава-цынкавыя элементы, выкарыстоўваюцца як аўтаномныя крыніцы сілкавання нязначнай магутнасці), другасныя (абарачальныя; электрычныя акумулятары і акумулятарныя батарэі) і паліўныя элементы. Фізічныя К.т. — гідрагенератары, турбагенератары, тэрмаэлектрычныя генератары, магнітагідрадынамічныя генератары, тэрмаэмісійныя пераўтваральнікі энергіі, сонечныя батарэі, ядзерныя батарэі і інш. Ад хім. і фіз. К.т. адрозніваюць крыніцы другаснага электрасілкавання, якія пераўтвараюць адзін від эл.энергіі або яе параметры ў другія (трансфарматары электрычныя, выпрамнікі току, інвертары і інш.).
В.І.Вараб’ёў.
Крыніцы току і віды энергіі, якія пераўтвараюцца імі ў электрычную энергію: КТ — крыніцы току; МЭ, ЦЭ, ХЭ, СЭ, АЭ — механічная, цеплавая, хімічная, сонечная, атамная энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЕР ((Mayer) Юліус Роберт) (25.11. 1814, г. Гайльбран, Германія — 20.3. 1878),
нямецкі ўрач і фізік, адзін з першаадкрывальнікаў закону захавання энергіі. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1838). У 1840—41 у якасці карабельнага ўрача ўдзельнічаў у плаванні на в. Ява. Праводзячы фізіял. даследаванні ў час гэтага падарожжа, устанавіў сувязь паміж колькасцю акісленых прадуктаў у арганізме чалавека і выкананай ім работай. Сфармуляваў закон захавання энергіі (прынцып эквівалентнасці мех.энергіі і цеплаты) і тэарэтычна вызначыў мех. эквівалент цеплаты (1842). Ідэі і прыярытэт М. ў адкрыцці закону захавання энергіі прызнаныя толькі ў 1860-х г. Першы выказаў думку аб тым, што выпрамяненне Сонца вядзе да памяншэння яго масы.
Тв.:
Рус.пер. — Закон сохранения и превращения энергии: Четыре исслед., 1841—1851. М.; Л., 1933.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 232—234.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫЯ ХВА́ЛІ, уласныя хвалі,
бягучыя гарманічныя хвалі ў лінейнай дынамічнай сістэме з пастаяннымі параметрамі, калі можна не ўлічваць паглынанне энергіі; абагульненне паняцця нармальных ваганняў на адкрытыя вобласці прасторы і незамкнутыя хваляводныя сістэмы.
Сукупнасць Н.х. дадзенай сістэмы мае ўласцівасці: кожная Н.х. з’яўляецца свабодным (без знешняга ўздзеяння) рухам сістэмы і можа ўзбуджацца незалежна ад інш. Н.х.; адвольны хвалевы працэс у сістэме без крыніц можна адназначна выявіць у выглядзе суперпазіцыі Н.Х.: спектр частот Н.х. з’яўляецца суцэльным, а рэальныя працэсы можна вызначыць праз інтэгральныя сумы Н.х.; у выпадку монахраматычных працэсаў сярэдні за перыяд паток энергіі роўны суме патокаў энергіі асобных Н.х.