МІЛЬ ((Mill) Джэймс) (6.4.1773, Нартуотэр-Брыдж, Вялікабрытанія — 23.6.1836),
англійскі філосаф, гісторык, эканаміст. Бацька Дж.С.Міля. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1798). Быў пастарам, займаўся журналісцкай дзейнасцю. Пасля апублікавання «Гісторыі Брытанскай Індыі» (т. 1—3, 1817—18) у Ост-Індскай кампаніі. У філасофіі зведаў уплыў утылітарызму, паслядоўнік вучэння Д.Юма («Аналіз феноменаў чалавечага духу», 1829). У сацыялогіі адмаўляў канцэпцыю натуральнага права, змест і структуру сац. ін-таў тлумачыў, зыходзячы з прынцыпу карыснасці. Паслядоўнік вучэння Д.Рыкарда, якое лічыў тэарэт. зброяй у барацьбе з рэшткамі феадалізму ў эканоміцы («Элементы палітычнай эканоміі», 1821); паклаў пачатак распаду рыкардыянскай школы. Адзін з аўтараў тэорыі «фонду заработнай платы».
т. 10, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНАЯ ЭКАНО́МІЯ,
навука, якая вывучае асновы грамадскай вытв-сці, законы яе функцыянавання і развіцця, праблемы вытв-сці, размеркавання, абмену, спажывання матэрыяльных затрат на розных ступенях развіцця грамадства. Тэрмін «П.э.» ўвёў франц. эканаміст А.Манрэцьен («Трактат палітычнай эканоміі», 1615). Як самастойная навука сфарміравалася ў перыяд станаўлення капіталізму і атрымала развіццё ў працах прадстаўнікоў класічнай школы (У.Пеці, Ф.Кенэ, А.Сміт, Д.Рыкарда і інш.). У сярэдзіне 19 ст. ўзнікла марксісцкая П.э. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. склаліся аўстр., кембрыджская, матэм. і інш. школы П.э. Асн. кірункі сучаснай эканам. думкі: кейнсіянства, інстытуцыяналізм, неакласічны кірунак.
т. 12, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ГУ ((Pigou) Артур Сесіл) (18.11.1877, г. Райд, Вялікабрытанія — 7.3.1959),
англійскі эканаміст, прадстаўнік кембрыджскай школы паліт. эканоміі. Скончыў Кембрыджскі ун-т. У 1908—43 кіраваў у ім кафедрай. З 1918 чл. валютнага К-та, у 1919 чл. каралеўскай камісіі па падаходных падатках, у 1924—25 чл. кабінета міністраў па пытаннях грашовага абарачэння. Даследаваў праблемы тарыфнай палітыкі, цыклічных ваганняў у прам-сці, занятасці, дзярж. фінансаў («Прамысловыя ваганні», 1929; «Даследаванне грамадскіх фінансаў», 3-е выд. 1947), распрацоўваў канцэпцыю «эканомікі дабрабыту». У кн. «Эканоміка дабрабыту» (1920) выклаў пачаткі тэорыі дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту, адно з палажэнняў якой — неабходнасць умяшання дзяржавы ў эканам. жыццё.
т. 12, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФСО́Н (Мірон Барысавіч) (сапр. Меер Шмера Бенцыянавіч; кастр. 1880, г. Гомель — 22.5.1932),
рэвалюцыянер, грамадскі дзеяч, вучоны-эканаміст. У 1899—1901 чл. Гомельскага к-та сацыял-дэмакратаў, у 1901 арыштаваны і засуджаны да 4 гадоў высылкі ў Якуцію. У 1906 адышоў ад бальшавікоў і далучыўся да меншавікоў. У 1917 меншавік-інтэрнацыяналіст, падтрымліваў Л.Мартава. У кастр. 1917 накіраваны ЦК РСДРП меншавікоў у Гомель для каардынацыі выбарчай кампаніі меншавікоў і бундаўцаў ва Устаноўчы сход. У 1918 выйшаў з радоў меншавікоў, з 1920 чл. РКП(б). У 1920—30-я г. займаўся навук. працай у галіне паліт. Эканоміі; нам. гал. рэдактара 1-га выдання Малой савецкай энцыклапедыі.
Э.А.Ліпецкі.
т. 3, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́ЛЬСК,
вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса «Пагранічны». За 24 км на Пд ад Гродна, 9 км ад шашы Гродна—Ваўкавыск. 837 ж., 283 двары (1994).
Вядома як мястэчка з 15 ст. З 1690 вёска ў Трокскім ваяв., належала Гродзенскай эканоміі. З 1808 заштатны горад Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ. Жыхары займаліся вырабам тканін, сельскай гаспадаркай, гандлем. У 1897 у Адэльску 1462 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска. З 1939 у БССР, з 1940 у Гродзенскім р-не.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Касцёл Ушэсця — помнік нар. дойлідства (1-я пал. 18 ст.).
т. 1, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЮ́ЦІН (Уладзімір Аляксеевіч) (16.12.1826, Пецярбург — 17.8.1855),
расійскі эканаміст, публіцыст. Брат Дз.А.Мілюціна і М.А.Мілюціна. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1847), з 1850 ад’юнкт-праф., з 1853 праф. гэтага ун-та. Удзельнік рэв. гуртка петрашэўцаў. Сац. погляды М. сфарміраваліся пад уплывам ідэй А.І.Герцэна і В.Р.Бялінскага. Друкаваў у часопісах «Современник» і «Отечественные записки» артыкулы па эканоміцы, якія прысвячаў крытыцы капіталізму і вульгарнай паліт. эканоміі. М. — аўтар першых у Расіі прац, дзе крытыкуецца тэорыя Т.Р.Мальтуса (гл. Мальтузіянства) і аналізуецца гісторыя эканам. думкі. Будучае бяскласавае, гарманічнае грамадства бачыў у аб’яднанні дзяржаўнай дробнай уласнай маёмасці вытворцаў; выступаў за сацыялізм з пункту гледжання інтарэсаў сялян.
Тв.:
Избр. произв. М., 1946.
т. 10, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ТА ((Pareto) Вільфрэда) (15.7.1848, Парыж — 20.8.1923),
італьянскі эканаміст і сацыёлаг; адзін з прадстаўнікоў матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Скончыў Турынскі ун-т. У 1893—1906 праф. Лазанскага ун-та. Асн. палажэнні яго вучэння выкладзены ў 4-томным «Трактаце ўсеагульнай сацыялогіі» (1915—19). Лічыў грамадства сістэмай, якая знаходзіцца ў «дынамічнай раўнавазе» ў выніку ўзаемадзеяння інтарэсаў асобных сац. груп і слаёў. Паводле яго тэорыі эліт, у паліт. працэсе вылучаюцца 2 тыпы: «эліта львоў», якой уласцівы агрэсіўнасць, аўтарытарнасць, схільнасць да насілля, і «эліта ліс», якой уласцівы лавіраванне, спекуляцыі, падман; грамадства развіваецца шляхам перыяд. змены, цыркуляцыі эліт. Не адмаўляў ролю ідэалогіі ў грамадстве, але лічыў яе лжывай формай грамадскай свядомасці.
т. 12, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАЎ (Эдуард Трафімавіч) (1811, Эстонія — 17.7.1884),
расійскі дзярж. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1869). Скончыў Царскасельскі ліцэй (1829). З 1838 флігель-ад’ютант імператара Мікалая I. З 1844 у дзеючай арміі на Каўказе, у 1849 у Венгрыі, у 1853—56 на Балтыйскім тэатры ваен. дзеянняў Крымскай вайны. З крас. 1866 ліфляндскі, эстляндскі і курляндскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Рыжскай ваен. акругі. У кастр. 1866 — сак. 1868 віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі ген.-губернатар, гал. начальнік Віцебскай і Магілёўскай губ., камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. З мэтай пашырэння ў краі сац. базы самадзяржаўя лічыў неабходным аслабіць рэпрэсіі і абмежаванні ў адносінах да ўдзельнікаў паўстання 1963—64. З 1868 член, з 1881 старшыня дэпартамента дзярж. эканоміі Дзярж. савета Расіі.
т. 2, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЯ́РАЎ-ПЛАТО́НАЎ (Мікіта Пятровіч) (4.6.1824, г. Каломна, Расія — 25.10.1887),
расійскі публіцыст, філосаф, гісторык рэлігіі. Скончыў Маскоўскую акадэмію (1848). У 1856—62 працаваў у Маскоўскім цэнзурным к-це, з 1863 кіраўнік Маскоўскай сінадальнай друкарні, з 1867 выдаваў «Современные известия» — першую маскоўскую штодзённую газету, у якой змяшчаў артыкулы па царк. і бягучых паліт. пытаннях. Навук. дзейнасць Гілярава-Платонава рознабаковая: распрацоўваў эканам. тэорыі («Асноўныя пачаткі эканоміі», 1889), вёў даследаванні ў галіне слав. мовазнаўства («Экскурсіі ў рускую граматыку», 1884). Асн. яго філас. праца прысвечана крытычнаму разгляду філасофіі Гегеля. Аўтар успамінаў «З перажытага» (1886).
Тв.:
Сборник соч. Т. 1—2. М., 1899;
Вопросы веры и церкви: Сб. статей 1868—1887 гг. Т. 1—2. М., 1905—06.
т. 5, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРКАНТЫЛІ́ЗМ (франц. mercantilisme ад італьян. mercante гандляр, купец),
першая школа паліт. эканоміі; эканам. палітыка т.зв. першапачатковага накаплення капіталу. Выяўлялася ў актыўным умешванні дзяржавы ў гасп. жыццё і праводзілася ў інтарэсах купецтва. Прадстаўнікі ранняга М. (апошняя трэць 15 — сярэдзіна 16 ст.) У.Стафард (Англія), Г.Скаруфі (Італія) прапанавалі тэорыю грашовага балансу, якая абгрунтоўвала палітыку, накіраваную на павелічэнне грашовага багацця заканад. шляхам. Гал. элементам пазней шага М., які дасягнуў росквіту ў 17 ст., была сістэма актыўнага гандл. балансу. Асн. прынцып яго прадстаўнікоў Т.Мена (Англія), А.Сера (Італія), А.Манкрэцьена (Францыя) — купляць танней, прадаваць даражэй. Палітыка М. заключалася ў актыўным пратэкцыянізме, у падтрымцы экспансіі гандл. капіталу, заахвочванні развіцця айч. прам-сці, асабліва мануфактурнай.
т. 10, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)