Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕНТЫ́Т (ад лац. argentum серабро),
сярэбраны бляск, мінерал класа сульфідаў, кубічная паліморфная мадыфікацыя Ag2S. Прымесі медзі, свінцу, жалеза і інш. Утварае масіўныя агрэгаты, плёнкі, пражылкі, украпанні. Колер свінцова-шэры да чорнага. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 7,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчах сярэбраных рудаў. У прыродзе рэдкі, назва «аргентыт» часта выкарыстоўваецца да псеўдамарфозаў акантыту па аргентыце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЕ́ЕЎ (Таламуш) (н. 11.9.1935),
кіргізскі кінарэжысёр. Нар.арт. Кыргызстана (1975), нар.арт.СССР (1985). Скончыў Ленінградскі ін-т кінаінжынераў (1958). З 1964 рэжысёр на кінастудыі «Кіргізфільм». Найб. значныя работы: «Неба нашага дзяцінства» (1968), «Люты» (паводле аповесці М.Аўэзава «Шэры люты»), «Чырвоны яблык» (паводле Ч.Айтматава), «Нашчадак Белага Барса». Усе фільмы Акеева аб’ядноўвае трывалая сувязь з нац. культурай, сучаснае мысленне. Дзярж. прэмія Кыргызстана 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕЙКІ́Т (ад прозвішча бел. геолага І.І.Дамейкі),
мінерал, прыродны арсенід медзі, Cu3As. Крышталізуецца ў кубічнай і гексаганальнай сінганіях з т-рай пераходу 225 °C. Агрэгаты шчыльныя, пупышка- і гронкападобныя. Колер серабрыста-белы, шэры, з жаўтавата-бурай пабегласцю. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 7,5 г/см³. Крохкі. Гідратэрмальнага паходжання, асацыіруе з самароднымі меддзю, серабром, сульфідамі медзі і арсенідамі нікелю, кобальту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМУ́ЧАЯ РТУЦЬ, фульмінат ртуці,
ртутная соль грымучай кіслаты, Hg(CNO)2; ініцыіруючае выбуховае рэчыва. Бясколерны ці шэрыкрышт. парашок. Нерастваральны ў вадзе. Шчыльн. монакрышталёў 4420 кг/м³. Лёгка ўзрываецца ад удару, трэння і інш.мех. і цеплавых уздзеянняў. Пры т-ры 179—180 °C самазагараецца з выбухам (цеплата выбуху 1,8 Мдж/кг). Захоўваюць пад слоем вады (вільготная менш небяспечная). Выкарыстоўваюць у капсулях-дэтанатарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДАРЫ́Т,
поўнакрышталічная магматычная горная парода, анартазіт-лейкакратавая разнавіднасць габра. Складзена ў асноўным з лабрадору, а таксама піраксену, аўгіту, тытанамагнетыту, ільменіту і інш. Структура буйназярністая, тэкстура масіўная. Колер шэры да чорнага. Ірызацыя ў блакітна-сініх, радзей залацістых тонах. Шчыльн. 2,7—2,9 г/см³. Магматычнага паходжання. Выкарыстоўваецца як дэкаратыўна-абліцовачны камень. Радовішчы ў Канадзе (п-аў Лабрадор), на Украіне, у Фінляндыі, ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЕРЫ ПАБЕ́ГЛАСЦІ,
радужная афарбоўка, якая ўзнікае на чыстай паверхні нагрэтай сталі ад паяўлення слоя аксідаў. Для вугляродзістай сталі характэрны колеры (з адпаведнай т-рай у °C): саломенны саламяны* (220), залацісты (230), карычневы (240), чырвона-карычневы (250), пурпуровы (260), фіялетавы (280), сіні (валошкавы, 300), светла-блакітны (320), светла-шэры (330—350). На легіраваных сталях гэтыя колеры з’яўляюцца пры больш высокіх т-рах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛЕЗІ́Т (ад назвы в-ва Англсі ў Англіі),
мінерал класа сульфатаў, сульфат свінцу, Pb[SO4]. Мае 68,3% свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тонка і тоўстатаблітчастыя, прызматычныя; зярністыя і шчыльныя агрэгаты, жаўлакі. Бясколерны, белы, злёгку афарбаваны (шэры, жоўты, буры і інш.). Бляск шкляны да алмазнага, цьмяны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Пераважна гіпергенавы, утвараецца ў зоне акіслення свінцовых рудаў. Свінцовая руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАКЛА́З (ад аліга... + грэч. klasis трэшчына),
мінерал групы палявых шпатаў падкласа каркасных сілікатаў (плагіяклазаў). Ізаморфная сумесь з 10—30% анартыту Ca[Al2Si2O8] і 70—90% альбіту Na[AlSi3O8]. Колер шэры ці з рознымі адценнямі. Бляск ад шклянога да перламутравага. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6. Шчыльн. 2,65 г/см³. Пародаўтваральны мінерал гранітаў, гнейсаў, гранітных пегматытаў. Некаторыя выкарыстоўваюць як вырабныя камяні (месяцавы камень) і як ювелірны матэрыял (сонечны камень).